Заходняя Беларусь ва ўмовах “санацыі” 1926-1939 гг.

Слабасць дэмакратычных інстытутаў, а таксама частыя эканамічныя крызісы абумовілі пераход Польскай рэспублікі ад парламенцкай дэмакратыі да аўтарытарнага рэжыму. Пачаткам гэтага пераходу стаў палітычны пераварот 12-15 мая 1926 г., здзейснены групай вайскоўцаў на чале з маршалам Юзэфам Пілсудскім. Ю. Пілсудскі і яго прыхільнікі абвясцілі палітыку “санацыі” (“аздараўлення”), афіцыйнымі задачамі якой выступалі дасягненне эканамічнай і палітычнай стабілізацыі ў краіне. У жніўні 1926 г. сойм прыняў папраўкі да Канстытуцыі, накіраваныя на ўзмацненне ролі выканаўчай улады ў дзяржаве. Фармальна дзяржаўна-палітычная сістэма ў цэлым не змянілася: працягвалі дзейнічаць канстытуцыя, парламенцкая сістэма, шматпартыйнасць, легальная апазіцыя. Аднак паступова ўся паўната ўлады пачынае канцэнтравацца ў руках Ю. Пілсудскага, які хаця фармальна на працягу 1926-1935 гг. займаў розныя пасады (прэм’ер-міністр, ваенны міністр і г.д.), фактычна пераўтвараецца ў аўтарытарнага дыктатара.

Супраць “санацыйнага” рэжыму выступілі польскія правацэнтрысцкія і левацэнтрысцкія партыі, а таксама арганізацыі нацыянальных меншасцяў, якія дасягнулі значнага поспеху на выбарах у сойм 1928 г. Аднак у 1930 г. Ю. Пілсудскі разагнаў сойм і распачаў палітыку рэпрэсій у адносінах да апазіцыі. У 1934 г. у Бярозе-Картузскай у Заходняй Беларусі быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных, праз які за 1934-1939 гг. прайшло каля 10 тыс. чалавек. На выбарах у сойм 1930 г. ва ўмовах жорсткага адміністрацыйнага націску перамаглі прыхільнікі Ю. Пілсудскага, што садзейнічала ўзмацненню яго ўлады.

У красавіку 1935 г. па ініцыятыве Ю. Пілсудскага была ўведзена новая Канстытуцыя Польскай рэспублікі. У адпаведнасці з ёй цэнтральнае месца ў сістэме ўлады займаў прэзідэнт, які выбіраўся тэрмінам на 7 гадоў на ўсеагульных выбарах. Ён атрымліваў правы прызначаць членаў урада без узгаднення з парламентам, склікаць і распускаць парламент, аднаасобна прымаць рашэнні і выдаваць дэкрэты, якія валодалі сілай закона; з’яўляўся кіраўніком узброеных сіл, заключаў і ратыфікаваў міжнародныя дамовы. Таксама прэзідэнт атрымліваў права прызначаць трэцюю частку дэпутатаў сената. Парламент паводле дадзенай канстытуцыі надзяляўся абмежаванымі паўнамоцтвамі. У дадатак да новай канстытуцыі ў ліпені 1935 г. быў прыняты выбарчы закон, згодна з якім кандыдаты ў дэпутаты маглі вылучацца толькі спецыяльна створанымі з ліку асоб, звязаных з дзяржаўнымі структурамі, акруговымі выбарчымі сходамі.

Пачатак “санацыйнага” рэжыму Ю. Пілсудскага супадае па часе з эканамічным уздымам 1926-1929 гг. Гэта абумовіла падтрымку яго ў гэты час значнай часткай насельніцтва. У 1926-1927 гг. рэжым пайшоў на некаторыя саступкі беларускаму нацыянальнаму руху, дазволіўшы стварэнне шэрагу беларускамоўных школ у Заходняй Беларусі. Аднак у далейшым ён працягвае праводзіць на заходнебеларускіх землях актыўную палітыку паланізацыі.

У другой палове 1920-х гг. назіраецца ўздым беларускага нацыянальнага руху. У 1926-1927 гг. яго цэнтральнай арганізацыяй становіцца Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ). У складзе БСРГ дамінуючую ролю адыгрывалі прыхільнікі прасавецкай арыентацыі беларускага нацыянальнага руху. У склад БСРГ уваходзілі члены КПЗБ, якая бачыла ў Грамадзе форму ўласнай легальнай дзейнасці. На чале БСРГ стала група беларускіх дэпутатаў сойма, якія з сярэдзіны 1920-х гг. схіляліся да супрацоўніцтва з КПЗБ. Яе лідэрам быў Браніслаў Тарашкевіч. У сваёй праграме БСРГ выступала за аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у “незалежнай рэспубліцы сялян і рабочых”, дэмакратызацыі грамадства, перадачы памешчыцкіх зямель сялянам, увядзення 8-гадзіннага працоўнага дня, змен у падатковай палітыцы на карысць немаёмных слаёў насельніцтва і г.д. Сацыяльныя лозунгі БСРГ садзейнічалі росту яе папулярнасці і пераўтварэнню ў масавую партыю. На пачатак 1927 г. дзейнічала каля 2 тыс. арганізацый партыі, у якія ўваходзілі каля 120 тыс. чалавек. Радыкальны характар дзейнасці партыі, а таксама сувязі з СССР прывялі да забароны БСРГ на пачатку 1927 г. Лідэры партыі, у тым ліку дэпутаты сойма, былі арыштаваны. У якасці пратэсту супраць ліквідацыі БСРГ у многіх гарадах Заходняй Беларусі адбыліся дэманстарцыі; дэманстрацыя ў Косаве Палескага ваяводства была расстраляна паліцыяй.

На выбарах 1928 г. былі праведзены ў сойм 10, а ў сенат 2 беларускіх дэпутатаў. 5 дэпутатаў сойма ўтварылі радыкальную фракцыю – “Змаганне”, якая прэтэндавала на стварэнне вакол сябе масавай арганізацыі па тыпу БСРГ. Пасля разгону сойма ў 1930 г. дэпутаты фракцыі былі арыштаваны. У канцы 1920-х – на пачатку 1930-х гг. было праведзена некалькі судовых працэсаў над дзеячамі прасавецкага беларускага нацыянальнага руху, многія з якіх былі асуджаны на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення.

У першай палове 1930-х гг. ва ўмовах жорсткага сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. узрастае сацыяльная напружанасць. Адбываецца рост рабочага руху. У 1931-1933 гг. у Заходняй Беларусі адбываецца 151 забастоўка, у якіх прымалі ўдзел каля 84 тыс. чалавек. У гэты ж час узмацняецца сялянскі рух: у 1931-1933 гг. адбылося больш як 460 выступленняў сялян, у якіх прымала ўдзел каля 150 тыс. чалавек. У некаторых месцах сяляне стыхійна пераходзілі да ўзброеных форм барацьбы. Для падаўлення сялянскіх выступленняў улады накіроўвалі карныя экспедыцыі з удзелам паліцыі і войска.

Пасля смерці ў маі 1935 г. Ю. Пілсудскага ўлада ў Польшчы пераходзіць да маршала Эдварда Рэдз-Сміглага. Падчас яго праўлення (1935-1939) адбываецца ўмацаванне аўтарытарнага рэжыму.

У 1935-1937 гг. у Польшчы, у тым ліку і ў Заходняй Беларусі, назіраецца актывізацыя рабочага, сялянскага, апазіцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху. Апазіцыя байкатавала выбары ў соймы 1935 і 1938 гг., якія праходзілі паводле выбарчага закона 1935 г. Адбываліся шматлікія палітычныя і эканамічныя забастоўкі рабочых, а таксама антыўрадавыя дэманстрацыі і мітынгі. Найбольш значным выступленнем працоўных гэтага перыяду стала забастоўка нарачанскіх сялян і рыбакоў 1935-1939 гг. Назіраецца працэс кансалідацыі розных апазіцыйных груповак. У шэрагу гарадоў Заходняй Беларусі ствараліся камітэты і камісіі адзінага фронту, у якія ўваходзілі прадстаўнікі КПЗБ, ППС, Бунда, Паалей-Цыёна і іншых арганізацый. У межах беларускага нацыянальнага руху адбылося пагадненне паміж дзвюма найбольш уплывовымі партыямі – КПЗБ і БХД (з 1936 г. – Беларускае народнае аб’яднанне), якая стала займаць левацэнтрысцкія пазіцыі, для барацьбы за стварэнне беларускамоўных школ. Актывізавалася дзейнасць беларускіх культурна-асветніцкіх арганізацый.

У адказ на ўздым грамадскага руху ўзмацняюцца рэпрэсіі з боку ўлад. У 1938-1939 гг. былі забаронены амаль усе апазіцыйна настроеныя палітычная партыі і грамадскія арганізацыі, зачынены апазіцыйныя газеты, ліквідаваны апошнія беларускія школы. Шматлікія дзеячы апазіцыйнага руху былі зняволены ў лагеры ў Бярозе Картузскай. Аслабленню антыўрадавага руху садзейнічалі таксама жорсткія рэпрэсіі сталінскага рэжыму ў адносінах да членаў КПЗБ, якія ўцяклі ў БССР. У 1938 г. паводле рашэння І. Сталіна міжнародная камуністычная арганізацыя Камінтэрн абвінаваціла кампартыю Польшчы, у тым ліку і КПЗБ, у супрацоўніцтве з польскімі спецслужбамі і распусціла яе. Многія лідэры КПЗБ былі расстраляны.

Такім чынам, на працягу 1926-1939 гг. на тэрыторыі Беларусі адбывалася фарміраванне аўтарытарнага палітычнага рэжыму, які суправаджаўся ўзмацненнем палітыкі паланізацыі. У той жа час усталяванне дадзенага рэжыму праходзіла ва ўмовах барацьбы супраць апазіцыйнага, рабочага і нацыянальнага руху.