Адукацыя і культура.

У 1930-я гг. назіраецца значнае развіццё адукацыйных устаноў. Гэта тлумачыцца наступнымі фактарамі:

- фарміраванне буйной прамысловасці, што патрабавала стварэння значнага слою кваліфікаваных рабочых і інжынерна-тэхнічных кадраў;

- разгортванне афіцыйнай сталінісцкай прапаганды, для засваення якой патрабаваўся пэўны ўзровень пісьменнасці.

У сферы агульнаадукацыйнай школы ў 1930-я гг. адбылася уніфікацыя адукацыі ў межах СССР. Уводзіўся адзіны рэжым і ўнутраны распарадак. З сярэдзіны 1930-х гг. у сярэдняй школе ўводзіцца дзесяцігадовае навучанне. Сямігадовая школа пераўтвараецца ў ступень базавай адукацыі; у гарадах у гэты час было ажыццёўлена ўсеагульнае сямігадовае навучанне. Да 1940 г. ва ўсходняй частцы БССР дзейнічала звыш 7 тыс. школ, у якіх працавала звыш 40 тыс. настаўнікаў. Разам з пашырэннем школьнай адукацыі актывізавалася праца па ліквідацыі непісьменнасці. Яе вынікам стала тое, што ўжо ў 1941 г. ва ўсходніх раёнах БССР каля 85% насельніцтва з’яўляліся пісьменнымі. Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтаваліся ў прафесійных школах, якія ў 1930 г. былі пераўтвораны ў школы фабрычна-заводскага навучання (ФЗН).

Хутка развіваліся сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя, якая прадугледжвала дзённую і завочную формы навучання. У 1939/40 навучальным годзе ва ўсходняй частцы БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя і 102 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, у якіх займалася 49 тыс. студэнтаў і навучэнцаў. На 1941 г. у БССР працавала звыш 27 тыс. спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Аднак нягледзячы на істотныя зрухі ў дадзеным накірунку, забяспечанасць кадрамі спецыялістаў гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай. Адмоўную ролю ў галіне адукацыі мелі рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі шматлікія настаўнікі і выкладчыкі ВНУ і тэхнікумаў.

3 другой паловы 1930-х гг. ва ўмовах згортвання палітыкі беларусізацыі пачала звужацца сфера выкарыстання беларускай мовы ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. З восені 1938 г. руская мова была ўведзена як абавязковы прадмет з першага класа. У пачатку 1940-х гг. у большасці гарадскіх школ беларуская мова ўжывалася толькі ў пачатковых класах.

У працэсе адукацыі істотная роля адводзілася выхаванню мас у духу ідэалогіі сталінізму. Акрамя адукацыйных устаноў важнае значэнне ў гэтай справе надавалася клубам, хатам-чытальням, бібліятэкам, разнастайным гурткам, друкаваным выданням, радыё, кіно, мастацкай самадзейнсці і г.д. У 1938 г. у БССР выдавалася 199 газет з агульным тыражом амаль 1 млн. экзэмпляраў. Значна павялічылася кнігавыдавецкая прадукцыя.

Праводзімая бальшавікамі індустрыялізацыя патрабавала адпаведнага навуковага забеспячэння. Адносіны дзяржаўных улад да навуковай сферы мелі дваісты характар:

з аднаго боку, улады выдзялялі значныя сродкі на стварэнне навукова-даследчых устаноў і падрыхтоўку навуковых кадраў;

з другога боку, узмацнялася адміністрацыйнае ўмяшанне дзяржаўных органаў у вырашэнне навуковых праблем.

У 1930-я гг. назіраецца пашырэнне Акадэміі навук БССР. З 1932 г. у яе складзе налічвалася 14 навукова-даследчых інстытутаў. На Акадэмію навук была ўскладзена задача каардынацыі навукова-даследчых прац, іх выканання і ўкаранення ў вытворчасць вынікаў. Шырокія навуковыя даследаванні праводзіліся таксама ў ВНУ. Значныя поспехі былі дасягнуты ў гэты час беларускімі навукоўцамі ў галіне біялогіі, хіміі, матэматыкі, фізікі металаў, сельскагаспадарчых навук, археалогіі, этнаграфіі. У 1940 г. у БССР налічвалася 67 навуковых устаноў, у якіх працавала звыш 2200 навуковых супрацоўнікаў. У той жа час на развіццё навукі, асабліва сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, адмоўна ўплываў жорсткі ідэалагічны кантроль, абмежаванне доступу да дасягненняў сусветнай навукі з боку партыйна-дзяржаўных органаў, што нярэдка падмяняла аб’ектыўнае навуковае вывучэнне праблем сцвярджэннем пастулатаў сталінісцкай ідэалогіі. Цяжкія страты беларускай навуцы прынеслі рэпрэсіі 1930-х гг. у адносінах шматлікіх навукоўцаў, у тым ліку кіраўнікоў Акадэміі навук. Напрыканцы 1930-х гг. даследаванні ў галiне сацыяльна-гуманітарных навук практычна былі спынены. Большасць акадэмічных інстытутаў і іншых навукова-даследчых устаноў працавалі выключна над вузкімі прыкладнымі праблемамі.

Фарміраванне таталітарнага рэжыму аказала істотны ўплыў на развіццё літаратуры і мастацтва ў БССР. Пэўны плюралізм ідэй, стыляў і накірункаў, які меў месца ў мастацкай культуры 1920-х гг. быў ліквідаваны. Гэта суправаджалася масавымі рэпрэсіямі ў адносінах пісьменнікаў, мастакоў, дзеячоў музыкі і тэатру. Тэматыка і змест твораў ва ўсіх галінах мастацкай культуры строга рэгламентаваўся. Афіцыйным мастацкім стылем становіцца “сацыялістычны рэалізм”. Сутнасць дадзенага стылю заключалася ш скіраванасці на ідэалізацыю існуючага ў СССР грамадскага ладу, гераізацыю дзейнасці бальшавіцкай партыі і яе кіраўнікоў.

У сферы літаратуры былі ліквідаваны ўсе пісьменніцкія арганізацыі, якія ўзніклі ў 1920-я гг. на іх месцы створаны ў 1934 г. адзіны Саюз пісьменнікаў БССР, цалкам падкантрольны ўладам, які стаў састаўной часткай Саюза пісьменнікаў СССР. У літаратурных творах усіх пісьменнікаў гэтага перыяду пераважала ідэалізаванае адлюстраванне працэсаў барацьбы бальшавікоў за ўладу, індустрыялізацыі, калектывізацыі, змагання з “ворагамі савецкай дзяржавы”. Найбольш значнымі прадстаўнікамі беларускай мастацкай літаратуры 1930-х гг. з’яўляюцца Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва і інш.

У 1930-я гг. пашыраецца сетка прафесійных драматычных тэатраў. У 1932 г. узнікае Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр у Гомелі (расфарміраваны ва ўмовах рэпрэсій у 1937-1938 гг.), які ўзначальваў вядомы беларускі тэатральны дзеяч Уладзіслаў Галубок. Адкрываюцца дзяржаўныя рускія тэатры, тэатры рабочай моладзі, юнага гледача, лялечныя тэатры, абласныя і калгасна-саўгасныя. Рэпертуар тэатральных пастановак у 1930-я гг. падлягаў жорсткай цэнзуры з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады.

Значнымі падзеямі ў развіцці музычнага мастацтва з’явілася адкрыццё ў 1932 г. Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а ў 1933 г. – Беларускага тэатра оперы і балета. У 1937 г. у Мінску пачала працаваць Беларуская дзяржаўная філармонія, у складзе якой былі сімфанічны аркестр, аркестр народных інструментаў, ансамбль народнай песні і танца, харавая капэла.

У разглядаемы перыяд у БССР з’яўляецца новы від мастацтва – кіно. У 1928 г. у Ленінградзе была створана кінастудыя мастацкіх фільмаў “Савецкая Беларусь”, якая напрыканцы 1930-х гг. была пераведзена ў Мінск. Кінематограф становіцца гукавым, з’яўляецца рэспубліканская кінахроніка і фільмы для дзяцей, экранізуюцца літаратурныя творы. Найбольшае значэнне для гэтага перыяду мелі фільмы Ю. Тарыча і У. Корш-Сабліна.

У жывапісе разглядаемага перыяду стыль “сацыялістычнага рэалізму” праявіўся перадусім у стварэнні карцін, прысвечаных падзеям, звязаным з устанаўленнем бальшавіцкай улады і індустрыяльнаму будаўніцтву савецкага часу. Да ліку найбольш значных мастакоў 1930-х гг. можна залічыць І. Ахрэмчыка, У. Волкава, І. Давідовіча, Я. Зайцава, У. Кудрэвіча і інш.

У архітэктуры таго часу ўкараняецца стыль “савецкага класіцызму”, для якога характэрныя пампезнасць і гігантаманія, што павінны былі падкрэсліць непарушнасць існуючага рэжыму. Найбольш вядомымі помнікамі дадзенага стылю з’яўляюцца Дамы ўрада, Чырвонай арміі, Акадэміі навук, Палац піянераў у Мінску.

Скульптурнае мастацтва 1930-х гг. адзначаецца стварэннем кампазіцый, груп і бюстаў, вытрыманых у духу “сацыялістычнага рэалізму”. Сярод найбольш вядомых скульптараў гэтага часу варта адзначыць З. Азгура, А. Бембеля. А. Грубэ, А. Глебава і інш.

Такім чынам, у 1930-я гг. ва ўмовах паскоранай мадэрнізацыі грамадства назіраўся працэс значнага развіцця адукацыі, навукі і розных галін культуры. Разам з тым усталяванне таталітарнага рэжыму істотным чынам тармазіла дадзены працэс у выніку правядзення масавых рэпрэсій супраць інтэлігенцыі, а таксама жорсткага дзяржаўнага кантролю ва ўсіх падсістэмах духоўнай сферы жыцця грамадства.

 

Асноўныя паняцці:

Індустрыялізацыя, калектывізацыя, “лагерная эканоміка”, ГУЛАГ, “стаханаўская сістэма”, пяцігадовыя планы, урбанізацыя, камандна-адміністрацыйная сістэма, дзяржаўная бюракратыя (наменклатура), інжынерна-тэхнічныя рабочыя, калгасы, саўгасы, дваццаціпяцітысячнікі, раскулачванне, машынна-трактарныя станцыі, “закон пяці каласкоў”, таталітарызм, сталінізм, Канстытуцыя СССР 1936 г., Канстытуцыя БССР 1937 г., “нацыянал-дэмакратызм”, культ асобы І. Сталіна, масавыя рэпрэсіі, ОГПУ-НКВД, “сацыялістычны рэалізм”, Саюз пісьменнікаў БССР, кіно, “савецкі класіцызм”.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

16. Што такое індустрыялізацыя? Чаму бальшавіцкія ўлады СССР былі зацікаўлены ў яе паскораным ажыццяўленні?

17. З якімі палітычнымі падзеямі ў СССР быў звязаны пачатак паскоранай індустрыялізацыі? Падумайце, ці існуе сувязь паміж паскоранай індустрыялізацыяй і ўстанаўленнем таталітарнага рэжыму ў СССР?

18. Якія аб’ектыўныя фактары садзейнічалі ліквідацыі нэпа ў савецкай эканоміцы?

19. Назавіце асноўныя крыніцы правядзення паскоранай індустрыялізацыі ў СССР і БССР.

20. Вызначце, якім чынам звязаны паміж сабой паскораная індустрыялізацыя і масавая калектывізацыя селькай гаспадаркі ў СССР?

21. Якую ролю ў працэсе індустрыялізацыі адыгрывала “лагерная эканоміка”?

22. Што такое “стаханаўская сістэма”? З якой мэтай яна ўводзілася на савецкіх прадпрыемствах?

23. Якія галіны прамысловасці вызначылі спецыялізацыю БССР у межах СССР? Якім чынам можна патлумачыць падобную спецыялізацыю?

24. Што такое урбанізацыя? Якім чынам яна ажыццяўлялася ў БССР у 1930-я гг.?

25. Што такое камандна-адміністрацыйная сістэма? Вызначце асноўныя рысы?

26. Якія змены адбыліся ў сацыяльнай структуры насельніцтва БССР ў 1930-я гг.?

27. Ахарактарызуйце матэрыяльнае становішча працоўных слаёў насельніцтва ва ўмовах паскоранай індустрыялізацыі?

28. Падумайце, якім чынам можна ахарактарызаваць у цэлым вынікі індустрыялізацыі 1930-х гг. для мадэрнізацыі беларускага грамадства?

29. Што такое калектывізацыя сельскай гаспадаркі? Калі яна пачалася ў БССР? Якія мэты перад ёй ставіліся?

30. Падумайце, чаму бальшавіцкія ўлады ва ўмовах паскоранай індустрыялізацыі вырашылі правесці хуткую ліквідацыю масы дробных сялянскіх гаспадарак і стварыць на іх месцы буйныя адзяржаўленыя гаспадаркі?

31. Якім чынам і пры дапамозе якіх метадаў ажыццяўлялася калектывізацыя?

32. Што такое раскулачванне? З якой мэтай яно праводзілася і якія мела вынікі?

33. Якімі былі адносіны сялянства да правядзення калектывізацыі?

34. Назавіце асноўныя вынікі масавай калектывізацыі ў БССР? Дайце іх кароткую характарыстыку.

35. Якім чынам была арганізавана ўнутраная структура калгасаў? Якім было матэрыяльнае і юрыдычнае становішча калгаснікаў у 1930-я гг.?

36. Падумайце, якім чынам калектывізацыя адбілася ў цэлым на развіцці сельскай гаспадаркі БССР?

37. Што такое таталітарызм? Калі пачынаецца фарміраванне таталітарнага рэжыму ў СССР і БССР?

38. Вызначце асноўныя палажэнні Канстытуцый СССР 1936 і БССР 1937 гг. Наколькі яны адпавядалі існуючай палітычнай рэчаіснасці?

39. Якія з’явы грамадска-палітычнага жыцця БССР 1930-х гг. сведчаць пра фарміраванне таталітарнага рэжыму?

40. Падумайце, чаму партыйна-дзяржаўныя ўлады ў 1930-я гг. адмовіліся ад палітыкі беларусізацыі? Якія гэта мела сацыяльна-палітычныя наступствы?

41. Дайце характарыстыку масавых рэпрэсій 1930-х гг. Якія сацыяльныя групы ў першую чаргу станавіліся ахвярамі рэпрэсій? Падумайце, чым можна растлумачыць факт, што партыйна-дзяржаўныя кіраўнікі ў вялікай колькасці былі рэпрэсіраваны ў гэты час?

42. Якія можна вылучыць асноўныя мэты правядзення масавых рэпрэсій з боку сталінскага рэжыму?

43. Якія фактары спрыялі павелічэнню колькасці адукацыйных устаноў у БССР у 1930-я гг.?

44. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё навукі ў БССР у 1930-я гг.? Ахарактарызуйце ў цэлым развіццё беларускага навукі дадзенага перыяду.

45. Што такое “сацыялістычны рэалізм”? Якую ролю ён выконваў у развіцці мастацкай культуры БССР 1930-х гг.?

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай у БССР.

2. Спецыфіка індустрыялізацыі ў БССР: прычыны, вынікі.

3. Матэрыяльнае становішча гарадскога насельніцтва ў БССР у 1930-я гг.

4. Раскулачванне ў БССР: перадумовы, ход, вынікі.

5. Механізмы фарміравання калгасаў у БССР у 1930-я гг.

6. Масавыя рэпрэсіі сталінскага рэжыму ў БССР.

7. Роля беларускага насельніцтва ў камплектаванні лагераў ГУЛАГ.

8. Беларуская навука ва ўмовах сталінскага рэжыму.