Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920-я гг.

У 1920-я гг. ва ўсходняй Беларусі, як і ў цэлым у Савецкай дзяржаве адбываецца станаўленне аўтарытарнага палітычнага рэжыму. Яго спецыфікай выступае ўстанаўленне пануючага статусу бальшавіцкай партыі (РКП(б), з 1925 г. – ВКП(б) (Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), якая ўзяла пад кантроль усё палітычнае жыццё і фактычна ліквідавала ўсялякую легальную палітычную апазіцыю. Разам з тым дапускалася магчымасць праяўлення адноснай свабоды дзейнасці ў іншых сферах грамадскага жыцця: навуцы, культуры і г.д. Устанаўленне манаполіі бальшавіцкай партыі на ўладу не выключала адкрытай палітычнай барацьбы ўнутры самой партыі за ўладу ў гэты перыяд. Асаблівай вастрыні барацьба за ўладу дасягнула пасля смерці У. Леніна ў студзені 1924 г.

У гэты перыяд канчаткова былі аформлены адносіны паміж савецкімі рэспублікамі ў межах Савецкай дзяржавы. 30 снежня 1922 г. на X Усерасійскім з’ездзе Саветаў (ён жа І Усесаюзны з’езд Саветаў) былі ўхвалены Дэкларацыя і Дагавор пра стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Новая дзяржава стваралася як федэрацыя чатырох савецкіх рэспублік: Расійскай Федэрацыі, Украіны, Закаўказскай Федэрацыі і БССР. Потым да іх на працягу 1920-1930 гг. далучыліся іншыя саюзныя рэспублікі (у 1940 г. іх налічвалася 16). Да кампетэнцыі саюзнага ўрада адносіліся пытанні знешняй палітыкі, фінансаў, узброеных сіл, шляхоў зносін, сувязі, а таксама выпрацоўка агульных правілаў палітычнага і эканамічнага жыцця (агульнае планаванне народнай гаспадаркі і кіраўніцтва ёю, зацвярджэнне агульнасаюзнага бюджэту, функцыянаванне агульнай крэдытнай і грашовай сістэмы і г.д.). Вырашэнне астатніх пытанняў заставалася за ўрадамі рэспублік. Асноўныя палажэнні Дагавора былі зацверджаны першай Канстытуцыяй СССР 1924 г. Фактычная аўтаномія асобных рэспублік ад самага пачатку была абмежаванай. Уся рэальная ўлада была сканцэнтравана ў руках партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ў Маскве.

Падзел Беларусі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй пасля 1921 г. абумовіў актыўнае выкарыстанне бальшавіцкімі ўладамі ў сваіх палітычных інтарэсах беларускага нацыянальнага пытання. Рабіліся намаганні, каб паказаць, што нацыянальныя патрэбы ў Савецкай дзяржаве задаволены ў большай ступені, чым у Польшчы. Вынікам гэтага стала ўзбуйненне БССР за кошт ўсходнебеларускіх зямель. У сакавіку 1924 года да БССР было далучана 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай (былой Магілёўскай) і Смаленскай губерняў. У снежні 1926 г. да БССР адышлі Гомельскі і Рэчыцкі паветы. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася больш чым у два разы. У 1924-1927 гг. была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, паводле якой тэрыторыя БССР была падзелена на 10 акруг, якія ў сваю чаргу падзяляліся на 10 раёнаў. У межах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцяў ствараліся нацыянальныя Саветы (яўрэйскія, польскія, рускія, латышскія, нямецкія, украінскія).

5-12 красавіка 1927 года на чарговым VIII з’ездзе Саветаў БССР была прынята новая Канстытуцыя БССР, якая была прыведзена ў адпаведнасць з Канстытуцыяй СССР 1924 г. Канстытуцыя юрыдычна замацавала факт уваходжання БССР у склад СССР і вызначыла правы БССР у складзе СССР: самастойна прымаць канстытуцыю, уносіць у яе змены, ствараць вышэйшыя органы ўлады і кіравання, вызначаць адміністрацыйны падзел. Былі дэклараваны грамадзянскія і палітычныя правы грамадзян, аднак указваліся іх абмежаванні у адносінах “эксплуататарскіх элементаў” (тых, хто выкарыстоўваў наёмную працу) (апошнія, пазбаўляліся права ўдзелу ў выбарах, займання дзяржаўных пасад, абмяжоўвалася іх права паступлення ў ВНУ і г.д.). Праца абвяшчалася абавязкам усіх грамадзян. Вышэйшым органам улады з’яўляўся Усебеларускі з’езд Саветаў. Паміж з’ездамі вышэйшую заканадаўчую ўладу ажыццяўляў ЦВК Саветаў, а выканаўчую – сфарміраваны ім СНК БССР. Дзяржаўнымі мовамі былі зацверджаны беларуская, руская, польская і яўрэйская. Мовай міжнацыянальных зносін вызначалася беларуская.

Рэальная палітычная ўлада ў БССР належыла кіраўніцтву Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, якая фактычна кантралявала дзейнасць усіх дзяржаўных органаў улады. Рэзка павялічвалася колькасць членаў КП(б)Б: за 1922-1929 гг. яна ўзрасла з 5 да 33 тыс. чалавек. Маскоўскае кіраўніцтва ўважліва сачыла за сітуацыяй у кампартыях рэспублік. Рэгулярна ў нацыянальныя рэгіёну СССР дасылаліся партыйныя работнікі з цэнтра.

Саветы ў гэты перыяд канчаткова пераўтварыліся ў чыста фармальныя органы ўлады; іх дзейнасць практычна цалкам кантралявалася партыйнымі органамі. Разам з тым у перыяд нэпа рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у вырашэнні пытанняў мясцовага гаспадарчага і культурнага жыцця, падатковай палітыкі. Прафсаюзы і іншыя грамадскія арганізацыі таксама пераўтвараліся ў дадатак дзяржаўна-адміністрацыйнага апарату.

У першай палове 1920-х гг. бальшавікам, дзякуючы поспехам нэпа, удалося задушыць антыўрадавыя ўзброеныя выступленні. У 1922 г. у Беларусі было адменена ваеннае становішча. Бальшавіцкія ўлады шляхам палітыкі лавіравання і рэпрэсій дамагліся ліквідацыі легальнай палітычнай апазіцыі. У 1921 г. пад націскам улад “самаліквідаваўся” Бунд, у 1923 г. – БСДП, у 1924 г. – БПСР.

Такім чынам, у 1920-я гг. адбывалася далейшае развіццё беларускай дзяржаўнасці ў форме БССР, якая ў дадзены перыяд істотна пашырыла сваю тэрыторыю і атрымала замацаваны првавым шляхам аўтаномны статус у складзе СССР. У гэты перыяд фарміруецца аўтарытарны аднапартыйны палітычны рэжым.