Перадумовы і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі.

Палітыка беларусізацыі і развіцё культуры ў 1920-я гг.

Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920-я гг.

Эканамічнае развіццё БССР у перыяд нэпа.

Перадумовы і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі.

І палітыка беларусізацыі ў БССР

Тэма 18: Новая эканамічная палітыка

У выніку войнаў і правядзення палітыкі “ваеннага камунізму” эканоміка Савецкай дзяржавы апынулася ў глыбокім крызісе:

1) Агульны аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці склаў каля 15-20% да ўзроўню 1913 г. К канцу 1920 г. у савецкай частцы Беларусі працавалі з перабоямі толькі 40% буйных прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 70% усіх рабочых даваеннага часу.

2) Пасяўныя плошчы скараціліся ў параўнанні з даваенным часам на 1/3, валавыя зборы зерня – напалову, рэзка знізіліся ўраджайнасць і пагалоўе жывёлы.

3) Амаль цалкам быў з-за недахопу паліва паралізаваны чыгуначны і водны транспарт.

4) Адбывалася хуткая інфляцыя, рост цэн.

Усё гэта прывяло да значнага пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва. Заработная плата рабочых у прамысловасці складала каля 10-20% даваеннага ўзроўню, насіла пераважна натуральны характар. Рэзка ўзрасло беспрацоўе, якое ў некаторых раёнах дасягала 75%. Многія рабочыя, каб знайсці сродкі да існавання ўцякалі ў навакольныя вёскі, дзе наймаліся на працу. У выніку правядзення харчразвёрсткі сялянская гаспадарка страчвала сувязі з рынкам і мела амаль выключна натуральны характар. Забарона свабоды гандлю разам з празмернай цэнтралізацыяй і дробязнай рэгламентацыяй гаспадарчай дзейнасці садзейнічала росту бюракратызму і хабарніцтва. Велізарных памераў дасягнула кантрабанда.

Палітыка “ваеннага камунізму” выклікала незадаволенасць шырокіх колаў насельніцтва. У 1920-1921 гг. пашыраліся забастоўкі рабочых, накіраваныя на абарону эканамічных інтарэсаў. У розных месцах адбываліся сялянскія выступленні супраць бальшавіцкай улады. У 1921 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі больш за 40 паўстанцкіх атрадаў, у якіх налічвалася звыш 5 тыс. чалавек. Сярод сялянства праводзілі дзейнасць прадстаўнікі палітычных сіл, якія арыентаваліся на Польшчу (прыхільнікі С. Булак-Балаховіча і партыя “Зялёны дуб”), з аднаго боку, а таксама прыхільнікі незалежнасці БНР (найперш БПСР), з другога. Барацьба сялян Беларусі супраць палітыкі “ваеннага камунізму” была часткай сялянскага руху, які ахапіў розныя рэгіёны Савецкай дзяржавы.

Сітуацыя ўскладнілася пасля правядзення дэмабілізацыі ў Чырвонай арміі ў сувязі з завяршэннем савецка-польскай вайны, а таксама грамадзянскай вайны ў Расіі. Былыя салдаты папаўнялі шэрагі беспрацоўных і маргіналізаваных элементаў. Усё гэта спрыяла ўзрастанню грамадскай незадаволенасці, якая набыла палітычны характар. Апазіцыйныя настроі пранікаюць нават у шэрагі бальшавіцкай партыі. У лютым 1921 г. прайшлі забастоўкі і палітычныя дэманстрацыі ў Петраградзе. У канцы лютага – сакавіку 1921 г. адбываецца паўстанне маракоў у Кранштаце. Усё гэта сведчыла пра палітычны крызіс і стварала істотную небяспеку для бальшавіцкай улады. Бальшавіцкаму кіраўніцтву на чале з У. Леніным удалося задушыць антыўрадавыя выступленні, але разам з тым палітычны крызіс вымусіў яго пайсці на правядзенне рэформ.

На Х з’ездзе РКП(б), які адбыўся ў сакавіку 1921 г. было абвешчана ўвядзенне новай эканамічнай палітыкі (нэп). Першым мерапрыемствам нэпа стала адмена харчразвёрсткі. У далейшым быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўвядзенне ў эканамічнае жыццё рыначных элементаў:

1) Замена харчразвёрсткі харчовым падаткам, які паступова зніжаўся з 20% прадукцыяй у 1921 г. да 5% грашыма ў 1925 г. (падатак меў прагрэсіўны характар, мелася сістэма ільгот для тых, хто пашыраў пасяўныя плошчы і павялічваў ураджайнасць).

2) Абвяшчэнне свабоды форм землекарыстання ў сельскай гаспадарцы (законнымі прызнаваліся абшчына, калектыўныя гаспадаркі, прыватнае ўладанне ў выглядзе вотрубаў ці хутароў).

3) Дазвол арэнды і наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы.

4) Дазвол прыватнага гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй.

5) Дазвол на стварэнне акцыянерных і камерцыйных банкаў.

6) Дазвол на прыватызацыю і перадачу ў арэнду прыватным асобам і таварыствам дробных і сярэдніх гандлёвых і прамысловых прадпрыемстваў.

7) Дазвол на канцэсіі – здачу ў арэнду прадпрыемстваў замежным фірмам (на Беларусі канцэсіі не былі пашыраны).

8) Дэцэнтралізацыя сістэмы кіравання прамысловасцю: ствараліся трэсты – аб’яднанні прадпрыемстваў пэўнай галіны, якія здымаліся з дзяржаўнага забеспячэння, атрымалі поўную гаспадарчую і фінансавую незалежнасць, а таксама сіндыкаты – аб’яднанні трэстаў на аснове кааперацыі.

9) Заахвочванне розных форм кааперацыі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і гандлі: развіццё атрымалі збытавыя, забеспячэнскія, крэдытныя аб’яднанні.

10) Уводзілася матэрыяльнае стымуляванне працы: была адноўлена грашовая аплата працы, зняты абмежаванні на павелічэнне заробкаў, адменены абавязковая працоўная павіннасць і абмежаванні на перамену месца работы.

У кантэксце мерапрыемстваў нэпа была праведзена грашовая рэформа 1922-1924 гг., якая прывяла да стабілізацыі валюты.

Такім чынам, новая эканамічная палітыка ўяўляла з сябе сукупнасць мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне эканамічнай сістэмы, якая спалучала пануючую ролю дзяржавы ў рэгуляванні эканамічных працэсаў з развіццём гаспадарчых суб’ектаў розных форм уласнасці, што валодалі адноснай эканамічнай свабодай. Дадзеная палітыка садзейнічала выхаду эканомікі з крызісу і стварэнню рэгулюемай рыначнай эканомікі.