Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.

У 1916 – пачатку 1917 гг. у Расійскай імперыі склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Прычынамі рэвалюцыі сталі сацыяльныя праблемы, якія не былі ў поўным аб’ёме вырашаны ў ходзе рэвалюцыі 1905-1907 гг.: дзяржаўна-палітычнага ўладкавання, аграрная, нацыянальная, рабочая. Ва ўмовах вайны, якая суправаджалася вялікімі людскімі стратамі і вострым эканамічным крызісам, яны асабліва абвастрыліся.

На пачатку 1917 г. у гарадах Расійскай імперыі значна ўзрастае рабочы рух, які вылучае палітычныя лозунгі, галоўным з якіх становіцца “Далоў самадзяржаўе!”. 23-28 лютага 1917 г. усеагульная палітычная забастоўка ў Петраградзе, да якой далучыліся сканцэнтраваныя там войскі, прывяла да звяржэння царскага ўрада. Гэтая падзея атрымала назву Лютаўская рэвалюцыя. 2 сакавіка 1917 г. цар Мікалай ІІ адрокся ад трона.

У выніку рэвалюцыі ў Петраградзе ўзніклі новыя органы ўлады: Часовы ўрад, які складаўся пераважна з прадстаўнікоў ліберальнай апазіцыі ў Дзяржаўнай думе, на чале з Г. Львовым і Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які складаўся з выбарных прадстаўнікоў ад рабочых калектываў і вайсковых частак, у яім пераважалі дзеячы левых палітычных партый. Часовы ўрад выступаў у якасці афіцыйнай улады. Аднак рэальнае ажыццяўленне ім улады было магчымае толькі дзякуючы падтрымцы Петрагарадскага Савета. Апошні прызнаў Часовы ўрад, аднак у той жа час кантраляваў яго дзейнасць, ставячы падтрымку ўрада ў залежнасць ад выканання шэрагу палітычных умоў. Такая сітуацыя атрымала назву двоеўладдзя.

У сакавіку 1917 г. царская адміністрацыя была ліквідавана ва ўсіх рэгіёнах Расійскай імперыі пры падтрымцы абсалютнай большасці насельніцтва. Ва ўсіх буйных гарадах прайшлі мітынгі і дэманстрацыі ў падтрымку рэвалюцыі, распускаліся органы царскай улады, раззбройваліся паліцыя і жандармерыя, вызваляліся палітычныя вязні.

У выніку рэвалюцыйных падзей у губернскіх і павятовых цэнтрах склаліся новыя органы ўлады па аналогіі з тымі, што ўзніклі ў Петраградзе – грамадскія камітэты парадку і Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Грамадскія камітэты парадку фарміраваліся з дзеячоў земстваў і гарадскіх дум, а таксама прадстаўнікоў ад Саветаў. На чале іх станавіліся губернскія і павятовыя камісары, якія прызначаліся Часовым урадам. Саветы ўтвараліся з ліку прадстаўнікоў прадпрыемстваў і вайсковых гарнізонаў. На працягу сакавіка-красавіка 1917 г. на тэрыторыі Беларусі ўтварылася 37 Саветаў. Саветы бачылі сваю галоўную задачу ў арганізацыі рабочых, салдат і сялян, абароне іх эканамічных і палітычных правоў. У розных рэгіёнах адбываліся з’езды Саветаў, якія ўтваралі каардынацыйныя органы. У чэрвені 1917 г. прайшоў І Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў, а ў маі – І Усерасійскі з’езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў, якія абралі адпаведныя цэнтральныя выканаўчыя камітэты. У складзе Саветаў пераважалі прадстаўнікі левых партый сацыялістычнага кірунку (РСДРП, Бунд, ПСР).

Вынікам Лютаўскай рэвалюцыі стала шырокая дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, якая выяўлялася ў наступных з’явах:

1) Увядзенне свабоды слова, друку, сходаў. У паслярэвалюцыйны перыяд узнікае вялікая колькасць перыядычных выданняў рознага накірунку, бесперашкодна адбываюцца шматлікія палітычныя дэманстрацыі, мітынгі.

2) Свабода дзейнасці палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Адбываецца аднаўленне дзейнасці ранейшых і фарміраванне новых палітычных партый. Масавымі становяцца партыі кадэтаў, ПСР, РСДРП, Бунд. У той жа час страчваюць уплыў крайне правыя манархічныя партыі; многія з іх распускаюцца.

3) Ліквідацыя ўсіх саслоўных, нацыянальных і рэлігійных абмежаванняў. На тэрыторыі Беларусі былі адменены дыскрымінацыйныя законы ў адносінах да каталіцкага насельніцтва, ліквідавана мяжа яўрэйскай аседласці.

4) Дэмакратызацыя войска. Вайскоўцы атрымалі ўсе палітычныя і грамадзянскія правы нароўні з цывільнымі жыхарамі; дазвалялася дзейнасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый у войску; адмяняліся ваенныя чыны і званні; ліквідавалася адзінаначалле; у вайсковых гарнізонах уводзіліся элементы салдацкага самакіравання, органамі якіх станавіліся выбарныя салдацкія камітэты (у канцы жніўня 1917 г. на Заходнім фронце налічвалася звыш 7 тыс. салдацкіх камітэтаў). У красавіку 1917 г. адбыўся у Мінску І з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту, які абраў каардынацыйны орган – Франтавы камітэт.

5) Арганізацыя прафесійных саюзаў рабочых і служачых, легалізацыя забастовак і стачак, стварэнне фабрычна-заводскіх камітэтаў на прамысловых прадпрыемствах. Рабочыя, аб’яднаныя ў прафсаюзы, пасля рэвалюцыі выстаўлялі патрабаванні аб паляпшэнні свайго эканамічнага становішча, скарачэнні працоўнага дня, павелічэнні зарплаты і г.д. Наймальнікі, як правіла, задавальнялі патрабаванні прафсаюзаў і Саветаў. Фабрычна-заводскія камітэты, якія складаліся з выбарных прадстаўнікоў працоўных на канкрэтных прадпрыемствах, змагаліся за ўдзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і ў некаторых выпадках уводзілі рабочы кантроль над вытворчасцю.

6) Увядзенне элементаў самакіравання ў вёсцы. Пасля рэвалюцыі быў ліквідаваны інстытут земскіх ураднікаў; адбываліся перавыбары валасных упраў; ствараліся сялянскія камітэты і Саветы сялянскіх дэпутатаў. У красавіку-маі 1917 г. прайшлі губернскія з’езды сялянскіх дэпутатаў, на дзейнасць якіх вялікі ўплыў мела ПСР.

7) Адмена смяротнага пакарання на фронце і ў тыле; амністыя ўсіх палітычных зняволеных.

Ва ўмовах усеагульнай дэмакратызацыі адбываецца абуджэнне беларускага нацыянальнага руху. Узнікае шмат нацыянальных арганізацый, гурткоў і суполак са сваімі перыядычнымі выданнямі як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Петраградзе, Маскве, іншых гарадах, дзе знаходзіліся бежанцы, рабочыя і салдаты з Беларусі. У сакавіку 1917 г. аднавіла сваю дзейнасць Беларуская Сацыялістычная Грамада. Разам з тым у нацыянальным руху ўзнікаюць партыі ліберальнай скіраванасці – Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС), Хрысціянска-дэмакратычная злучнасць (ХДЗ). 25-27 сакавіка 1917 г. у Мінску адбыўся з’езд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый, у якім удзельнічала каля 150 чалавек. На з’ездзе быў створаны спецыяльны орган – Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) на чале з лідэрам БПНС, былым аўтанамістам памешчыкам Раманам Скірмунтам. Камітэту даручалася дамагацца дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай федэрацыі і адкрыцця беларускамоўных школ. Аднак Часовы ўрад адмовіўся разглядаць патрабаванні БНК. Амаль усе расійскія палітычныя сілы адмаўляліся прызнаваць факт самастойнага існавання беларускай нацыі.

Памяркоўныя пазіцыі кіраўніцтва БНК выклікалі незадаволенасць з боку БСГ. На ІІІ з’ездзе БСГ (чэрвень 1917 г.) была прынята праграма, якая прадугледжвала ўвядзенне сацыялістычнага ладу шляхам рэвалюцыі, шырокія дэмакратычныя свабоды, дзяржаўную аўтаномію Беларусі, перадачу ўсёй памешчыцкай і дзяржаўнай зямлі сялянам, развіццё беларускай культуры і г.д. Пад яе уплывам прайшоў з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый у ліпені 1917 г., які на змену БНК утварыў Цэнтральную раду беларускіх нацыянальных партый і арганізацый (з кастрычніка 1917 г. – Вялікая Беларуская рада), у склад якой уваходзілі толькі прадстаўнікі левых беларускіх арганізацый на чале з адным з лідэраў БСГ Язэпам Лёсікам. Восенню 1917 г. ствараліся беларускія арганізацыі ў войску. Для каардынацыі іх дзейнасці ў кастрычніку 1917 г. ўтварылася Цэнтральная вайсковая беларуская рада (ЦВБР). Да восені 1917 г. у склад БСГ уваходзіла каля 10 тыс., а ў склад усіх беларускіх нацыянальных арганізацый каля 23 тыс. чалавек. Аднак уплыў беларускага нацыянальнага руху на шырокія народныя масы заставаўся ў цэлым на нізкім узроўні.

Нягледзячы на сур’ёзныя змены, якія адбыліся ў грамадскім жыцці ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі, галоўныя сацыяльныя праблемы заставаліся нявырашанымі. Такія пытанні як вызначэнне асноў дзяржаўна-палітычнага і прававога ладу, узаемаадносіны паміж цэнтрам і рэгіёнамі, аўтаноміі нацыянальных ускраін, адносіны ў аграрнай сферы, увядзенне рабочага заканадаўства і г.д., паводле пазіцыі Часовага ўрада, якую ў цэлым падзяляла кіраўніцтва Саветаў, павінен вырашыць Устаноўчы сход – усерасійскі парламенцкі орган, выбраны на дэмакратычных прынцыпах, для прыняцця дзяржаўнай канстытуцыі. Аднак выбары ў яго пастаянна адкладваліся. Працягвалася вядзенне вайны: новыя ўлады сцвярджалі, што пасля рэвалюцыі яе характар карэнным чынам змяніўся – яна пераўтварылася ў рэвалюцыйную вайну супраць германскай манархіі. Працягваў паглыбляцца эканамічны крызіс, які прыняў разбуральныя формы.

Усё гэта прывяло да хуткага росту незадаволенасці грамадства дзейнасцю Часовага ўрада, садзейнічала зніжэнню папулярнасці ліберальных партый. У войску імкліва нарасталі антываенныя настроі, масавым стала дэзерцірства, абвастрыліся адносіны паміж салдатамі і афіцэрамі. У дадзеных умовах дзейнасць Часовага ўрада была вельмі нестабільнай, суправаджалася шматлікімі крызісамі. У чэрвені 1917 г. у яго склад з мэтай павелічэння папулярнасці ўвайшлі шэраг прадстаўнікоў Петраградскага Савета, у выніку чаго Часовы ўрад стаў уяўляць з сябе кааліцыю ліберальных і левых партый. У ліпені 1917 г. на чале кааліцыйнага ўрада стаў прадстаўнік ПСР А.Ф. Керанскі. Аднак дадзеныя мерапрыемствы не здолелі спыніць эканамічны і палітычны крызіс у дзяржаве і абумовілі далейшае развіццё рэвалюцыйных падзей.

Такім чынам, Лютаўская рэвалюцыя ў хуткія тэрміны ліквідавала манархічную сістэму дзяржаўнай улады ў Расійскай імперыі. Яна садзейнічала імклівай дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця, развіццю беларускага нацыянальнага руху. Аднак працяг удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, адкладванне вырашэння асноўных сацыяльных праблем, паглыбленне эканамічнага крызісу абумовілі крызіс новых інстытутаў улады і абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцяў.