Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі.

Фарміраванне рабочага руху на землях Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

Грамадска-палітычны рух на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі.

Тэма 13: Сацыяльна-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове 19 ст.

З сярэдзіны 19 ст. у палітыцы царызму выявіліся некаторыя змены. Паражэнне Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг. абазначыла эканамічную і тэхнічную адсталасць Расіі ў параўнанні з развітымі заходнееўрапейскімі дзяржавамі. Кіруючыя колы імперыі ўсведамляюць неабходнасць правядзення рэформ у розных сферах грамадскага жыцця, накіраваных на мадэрнізацыю грамадства, у першую чаргу ў сферы вытворчых адносін у сельскай гаспадарцы, вынікам чаго стала адмена прыгоннага права ў 1861 г.

Правядзенне рэформ выклікала некаторую лібералізацыю грамадска-палітычнага жыцця ў Расійскай імперыі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Дадзеная лібералізацыя звязвалася з пачаткам царавання новага імператара Аляксандра ІІ (1855-1881). У першыя гады яго праўлення была праведзена амністыя палітычным зняволеным, якая распаўсюджвалася на былых дзекабрыстаў, удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг., удзельнікаў падпольных арганізацый і г.д., былі некалькі паслаблены цэнзура, абмежаванні ў адносінах да нацыянальных і канфесійных меншасцяў.

Падобныя мерапрыемствы выклікалі ўздым грамадскай актыўнасці ў былым Каралеўстве Польскім і на землях былога ВКЛ. Пачынаючы з 1860 г. у Варшаве і іншых польскіх гарадах перыядычна адбываюцца патрыятычныя маніфестацыі, прысвечаныя памяці знакамітых палякаў ці прымеркаваныя да нацыянальных памятных дат. У хуткім часе падобныя акцыі праводзяцца і ў гарадах на землях былога ВКЛ. Асноўнымі ўдзельнікамі маніфестацый былі інтэлігенцыя, студэнцкая і вучнёўская моладзь, каталіцкае духавенства, прадстаўнікі сярэдніх слаёў польскамоўнага гарадсткога насельніцтва. У грамадскай думцы ўзнікаюць спадзяванні на аднаўленне аўтаноміі Каралеўства Польскага.

На мяжы 1850-1860-х гг. аўтанамісцкія настроі актывізуюцца і сярод грамадскай эліты на землях былога ВКЛ. Цэнтрам руху за аўтаномію дадзеных зямель сталі Віленскі музей старажытнасцяў і створаная пры ім Археалагічная камісія (створаны ў 1855 г.). Найбольш актыўнымі дзеячамі названага руху з’яўляліся Адам Кіркор, Яўстахій і Канстанцін Тышкевічы, Міхал Балінскі, Тэадор Нарбут. Ідэйным выразнікам руху стаў часопіс “Віленскі партфель” (рэдактар – А. Кіркор), які выдаваўся з канца 1850-х гг. Палітычным адлюстраваннем дзейнасці дадзенага руху сталі праекты рэфармавання грамадства, адрасаваныя расійскаму імператару Аляксандру ІІ (“Віленскі альбом” 1858 г., складзены А. Кіркорам, І. Ходзькам і інш.; праект гродзенскага губернскага прадвадзіцеля дваранства, графа Віктара Старжынскага 1862 г.). Дадзеныя праекты базаваліся на ідэі партнёрства шляхты зямель былога ВКЛ і расійскага ўрада і змяшчалі наступныя асноўныя патрабаванні:

– стварэнне сістэмы мясцовага самакіравання для зямель былога ВКЛ;

– аднаўленне дзейнасці Статута ВКЛ 1588 г.;

– аднаўленне Віленскага універсітэта;

– вяртанне ў сістэму адукацыі польскай мовы.

Аднак царскі ўрад адмаўляў ідэю палітычнай аўтаноміі як зямель былога ВКЛ, так і Польшчы. На мяжы 1850-1860-х гг. палітыка частковых саступак мясцовым элітам спалучалася з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў польскага нацыянальнага руху. Так, у красавіку 1861 г. у Варшаве была растраляна дэманстрацыя, у выніку чаго загінула больш за 100 чалавек. Няздольнасць царскага ўрада вырашыць “польскае пытанне” садзейнічала радыкалізацыі грамадскага руху ў Польшчы і на землях былога ВКЛ, у выніку чаго ў 1861-1863 гг. адбываецца фарміраванне сеткі падпольных арганізацый польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якія ставілі сваёй мэтай аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай шляхам паўстання.

У межах польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў гэты перыяд вылучаліся дзве плыні: белыя і чырвоныя.

 

Назва плыні Асноўныя арганізацыі Лідэры плыні Сацыяльны склад Праграма нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Сацыяльна-палітычная праграма Метады рэалізацыі мэтаў
Белыя Гарадская дэлегацыя і Дырэкторыя ў Варшаве Анджэй Замойскі Леапольд Кроненберг Якуб Гейштар   буйныя зе-млеўласнікі, купцы, частка інтэліген-цыі, каталіцкае духавенства аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як нацыянальнай польскай дзяржавы дэмакратычная рэспубліка з захаваннем прывілеяў для шляхты; захаванне ў асноўным існуючай сацыяльна-эканамічнай сістэмы арыентацыя на кампраміс з царызмам або на дапамогу замежных дзяржаў – Англіі і Францыі
Чырвоныя   Цэнтральны нацыяналь-ны камітэт у Варшаве Яраслаў Дамброўскі Канстанцін Каліноўскі Валерый Урублеўскі дробная і сярэдняя шляхта, частка інтэліген-цыі, студэнцкая і вучнёўская моладзь, часткова каталіцкае духавенства аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як федэрацыі Польшчы з землямі Беларусі, Літвы, Украіны дэмакратычная рэспубліка з роўнымі правамі для прадстаўнікоў усіх сацыяльных слаёў насельніцтва; правядзенне радыкальнай аграрнай рэформы арыентацыя на арганізацыю ўсенароднага масавага паўстання з удзелам усіх слаёў насельніцтва

 

Летам 1862 г. у Вільні з мэтай падрыхтоўкі да паўстання ў краі быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК). Фармальна ён быў падначалены Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту ў Варшаве. У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як "чырвоных” так і "белых", аднак перавага належала “чырвоным” на чале з Канстанцінам Каліноўскім. ЛПК займаўся стварэннем мясцовых падпольных арганізацый, зборам грошай і зброі для арганізацыі паўстання, правядзеннем прапаганды сярод насельніцтва. Друкаванымі выданнямі ЛПК былі падпольныя газеты “Мужыцкая праўда” (на беларускай мове, выйшла 7 нумароў) і “Сцяг свабоды” (на польскай мове, выйшлі 3 нумары). Выданне беларускамоўнай “Мужыцкай праўды” было абумоўлена імкненнем “чырвоных” да шырокага прыцягнення беларускага сялянства да паўстання ва ўмовах уздыму сялянскага руху пасля аграрнай рэформы 1861 г. На старонках дадзенага выдання шырока асвятлялася сацыяльная праблематыка, асуджаліся метады правядзення аграрнай рэформы царскім урадам.

У студзені 1863 г. у Польшчы пачалося ўзброенае паўстанне. Цэнтральны нацыянальны камітэт 22 студзеня 1863 г. абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і выдаў Маніфест, у якім змяшчаўся заклік да паўстання, абвяшчалася аднаўленне Рэчы Паспалітай, свабода і роўнасць усіх грамадзян незалежна ад сацыяльнага і нацыянальнага паходжання. Да Маніфеста далучаліся два зямельныя дэкрэты, паводле якіх прадугледжваліся скасаванне ўсіх феадальных павіннасцей для сялян, пераход ва ўласнасць сялян надзелаў, якія знаходзіліся ў іх карыстанні, надзяленне беззямельных сялян невялікімі надзеламі за кошт дзяржаўных маёнткаў.

У хуткім часе паўстанне распаўсюдзілася на землі Беларусі і Літвы. 1 лютага 1863 г. ЛПК выдаў адозву да насельніцтва з заклікам падтрымаць паўстанне, абвясціў аб падпарадкаванні Часоваму нацыянальнаму ўраду ў Польшчы і аб падтрымцы яго праграмы. ЛПК быў пераўтвораны ў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім. Да вясны 1863 г. на тэрыторыі Літвы, а таксама заходняй і цэнтральнай часткі Беларусі былі створаны падпольныя органы ўлады і паўстанцкія атрады. Пачаліся сутычкі паўстанцкіх атрадаў з царскімі войскамі і паліцыяй.

Асноўную масу паўстанцаў складалі прадстаўнікі дробнай і сярэдняй шляхты, студэнцкая і вучнёўская моладзь. Каля 20% паўстанцаў складалі касінеры. Арганізатары паўстання спрабавалі пашырыць яго геаграфію на ўсход і поўнач: у красавіку 1863 г. паўстанцкі атрад на чале з Л. Звяждоўскім пры падтрымцы студэнтаў мясцовага земляробчага інстытута на адзін дзень заняў горад Горкі; напрыканцы красавіка атрад на чале з З. Серакоўскім спрабаваў ажыццявіць рэйд на тэрыторыю Латвіі, аднак быў разбіты расійскімі войскамі ў бітве каля Біржаў. Вясна 1863 г. стала часам найбольшага ўздыму паўстання. 8 мая 1863 г. каля в. Мілавіды адбыўся буйнейшы бой паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі.

Ход паўстання суправаджаўся суперніцтвам у лагеры паўстанцаў паміж “чырвонымі” і “белымі”. У студзені-сакавіку 1863 г. перавага ў кіраўніцтве паўстаннем належыла “чырвоным”. У сакавіку 1863 г. вядучая роля пераходзіць да белых. Адлюстраваннем гэтага стала замена Часовага правінцыйнага ўрада Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім Аддзелам кіравання правінцыямі Літвы на чале з прадстаўніком “белых” Якубам Гейштарам. З чэрвеня 1863 г. перавага ізноў пераходзіць да “чырвоных”; у ліпені Аддзел кіравання правінцыямі Літвы ўзначальвае К. Каліноўскі.

На падаўленне паўстання царскія ўлады накіравалі 200-тысячнае войска. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам быў прызначаны М.Мураўёў, які атрымаў за сваю жорсткасць мянушку “Вешальнік”. Адміністрацыя М. Мураўёва праводзіла, з аднаго боку, рэпрэсіі супраць паўстанцаў, з другога, шырока выкарыстоўвала сацыяльную дэмагогію з мэтай прыцягнення на свой бок сялянства. Афіцыйная прапаганда сцвярджала, што паўстанне арганізавалі польскія паны з мэтай аддзялення ад Расіі, каб аднавіць прыгоннае права. Таксама шырока выкарыстоўваўся рэлігійны фактар: абвяшчалася, што паўстанцы-католікі імкнуцца знішчыць праваслаўе ў краі. Па ініцыятыве адміністрацыі М. Мураўёва былі перагледжаны ўмовы аграрнай рэформы 1861 г. на карысць сялян.

Дадзеная палітыка прынесла свае вынікі. Да восені 1863 г. паўстанцкія атрады на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны; да канца года спынілася партызанская дзейнасць на тэрыторыі Літвы. Летам 1864 г. паўстанне было задушана на тэрыторыі Польшчы. На тэрыторыі Беларусі апошняя падпольная арганізацыя была ліквідавана летам 1864 г. у Навагрудку. Некаторыя ўдзельнікі паўстання эмігравалі.

Падаўленне паўстання суправаджалася жорсткімі рэпрэсіямі супраць яго ўдзельнікаў. У Літве і Беларусі 128 чалавек, у тым ліку К. Каліноўскі, былі пакараны смерцю, больш як 850 сасланы на катаргу, больш як 760 аддадзена ў арыштанцкія роты, 12,5 тыс. чалавек выселена. Сядзібы рэпрэсіраваных і эміграваўшых удзельнікаў паўстання разбураліся, а маёмасць канфіскоўвалася. На тэрыторыі Беларусі і Літвы на працяглы тэрмін быў усталяваны рэжым выключных законаў.

Да ліку асноўных прычын паражэння паўстання належаць:

1) Слабая матэрыяльна-тэхнічная і арганізацыйная падрыхтоўка паўстання; адсутнасць скаардынаванага кіраўніцтва паўстаннем і наяўнасць сур’ёзных рознагалоссяў у межах паўстанцкай улады.

2) Істотная перавага царызму ў матэрыяльных і людскіх рэсурсах ў параўнанні з польскай паўстанцкай уладай.

3) Вузкасць сацыяльнай базы паўстання. Асноўную масу паўстанцаў складала дробная і сярэдняя шляхта. Сялянства пераважна было настроена ў адносінах да паўстання індыферэнтна або варожа, што тлумачылася абмежаванасцю аграрнай праграмы паўстанцкіх улад.

4) Неўмяшанне заходніх дзяржаў у ход узброенай барацьбы, на што спадзяваліся паўстанцы.

Характар паўстання выклікае розныя ацэнкі гісторыкаў. Сярод іх можна вылучыць два асноўныя падыходы:

1) паўстанне 1863-1864 гг. па сваёй сутнасці было буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, паколькі было накіравана супраць самадзяржаўя, рэшткаў прыгонніцтва і саслоўнай няроўнасці, тым самым імкнулася для стварэння ўмоў для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у эканоміцы і дэмакратызацыі палітычнай сістэмы;

2) паўстанне 1863-1864 гг. па сваёй сутнасці было шляхецкім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем, галоўнай мэтай якога было аднаўленне Рэчы Паспалітай у форме або нацыянальнай польскай дзяржавы або федэрацыі Польшчы і Літвы-Беларусі; планы сацыяльных пераўтварэнняў, хаця і прысутнічалі ў праграмах паўстанцаў, аднак не мелі ў іх вызначальнай ролі.