Этнічныя працэсы ў ВКЛ у 17 – 18 стст.

Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы ў ВКЛ у 17 – 18 стст. запаволілі складванне беларускай народнасці.

Моцным ударам па беларускай народнасці і культуры сталі войны 16 – 18 стст. Так, падчас Інфлянцкай вайны 1558–1582 гг. насельніцтва Полацка скарацілася да 2 тыс. чалавек. Пасля “вялікага патопу” 1648–1667 гг. была страчана палова, а ў 1700–1709 гг. – трэць жыхароў ВКЛ. Асабліва моцны ўдар быў нанесены гарадам. Гарадское насельніцтва ў 17 – першай палове 18 стст. значна скарацілася. Паколькі менавіта гарады з’яўляюцца цэнтрамі фарміравання народнай (нацыянальнай) самасвядомасці, то іх заняпад садзейнічаў запавольванню працэсаў нацыяўтварэння і захаванню сярэднявечных форм самасвядомасці (Рэгіянальная, карпаратыўная, канфесійная).

У 17 – 18 стст. канчаткова завяршаецца працэс фарміравання карпаратыўнай саслоўнай супольнасці – палітычнага шляхецкага народа Рэчы Паспалітай. У аснове яе самасвядомасці знаходзіліся ідэалогія сарматызму і польская мова як сродак унутранай камунікацыі.

Пад сарматызмам разумеецца ідэалогія, якая пастуліруе асаблівы статус шляхты як пануючага саслоўя ў грамадскай сістэме краіны, а таксама вызначае спецыфічныя светапогляд і лад жыцця шляхты. У падмурку знаходзіўся міф пра паходжанне шляхты Рэчы Паспалітай ад старажытных сарматаў – плямёнаў, якія жылі ў 1 – 4 стст. на тэрыторыі сучаснай Украіны. Дадзены міф падкрэсліваў, з аднаго боку, адасобленасць шляхты ад іншага насельніцтва, з другога – роўнасць і аднароднасць шляхецкага стану Рэчы Паспалітай. У межах сарматызму сцвярджаліся наступныя прынцыпы:

– адданасць каталіцызму (падкрэсліваліся заслугі шляхты Рэчы Паспалітай у барацьбе з “нявернымі” (туркамі, татарамі), “схізматыкамі” (маскавітамі), “ератыкамі” (шведамі);

– кансерватызм у эканамічных і грамадска-палітычных адносінах; сцвярджэнне нязменнасці дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай і непарушнасці “шляхецкіх вольнасцяў”;

– патрыярхальнасць (сцвярджэнне ідэалу патрыярхальных адносін паміж шляхтай і сялянамі, а таксама ў шляхецкай сям’і).

Ідэалогія сарматызму праводзіла думку пра ідэальны лад Рэчы Паспалітай і ўзорнае палітычнае жыццё краіны; Рэч Паспалітая разглядалася як падмурак хрысціянства, апора каталіцызму ва Усходняй Еўропе.

Абвяшчэнне шляхтай сваёй адасобленасці ад астатняга насельніцтва і паступовае адмаўленне яе ад выкарыстання старабеларускай мовы на карысць польскай садзейнічалі дэзінтэграцыі беларускай народнасці.

Разрабаваныя падчас войнаў гарады і мястэчкі перастаюць засяляцца сялянамі, якія патрапілі ў прыгонную залежнасць, і засяляюцца яўрэйскім насельніцтвам. Такім чынам, беларускай культура кансервуецца толькі ў вёсцы, на ніжэйшай ступені сацыяльных структур.

За беларускай мовай і яе носьбітамі замацаваўся статус “простай” і “мужыцкай”. Паступова старабеларуская мова пачынае замяняца польскай у дзяржаўным справаводстве. Згодна з пастановай сойму 1696 г. старабеларуская мова страціла статус дзяржаўнай у ВКЛ. Хаця, нельга казаць аб поўнай паланізацыі вышэйшых слаёў грамадства. Аб веданні беларускай мовы ў шэрагах шляхты ВКЛ нават у канцы 18 ст. сведчыць, напрыклад, абвешчаны ў 1785 г. тост караля Рэчы Паспалітай С. Панятоўскага на піры у А. Радзівіла Пане-каханку: “Пане, кажы віна даці, каб гора не знаці!”

Такім чынам, этнічныя працэсы на землях ВКЛ у 17 – 18 стст. характарызаваліся паступовай дэзінтэграцыяй беларускай народнасці, кансервацыяй старых форм грамадскай самасвядомасці, канчатковым фарміраваннем палітычнага шляхецкага народу і яго культурнай паланізацыяй.