Жалезны век на тэрыторыі Беларусі.

Жалезны век на тэрыторыі Беларусі ахоплівае перыяд 8-7 стст. да н.э. – 8 ст. н.э. У гэты перыяд асноўным матэрыялам для вырабу прылад працы становіцца жалеза, якое выплаўлялася з мясцовай балотнай руды ў невялікіх гліняных печах. З дапамогай жалезных вырабаў удасканальваюцца прылады працы земляробства (наканечнікі для ралаў), ткацтва, ганчарства, пляцення і г.д., зброя. Узнікае кавальства як асобы від рамяства.

Вынікам становіцца рост прадукцыйнасці працы. Земляробства і жывёлагадоўля канчаткова замацоўваюцца ў якасці асноўных форм гаспадарання. У некаторых раёнах на змену лядна-агнявому прыходзіць ворыўнае земляробства. Распаўсюджваецца рэгіянальны абмен паміж рознымі плямёнамі. Гаспадарка і матэрыяльная культура на поўдні Беларусі ў жалезным веку адчувалі значны ўплыў з боку больш развітых суседніх рэгіёнаў старажытнаеўрапейскай цывілізацыі. Тут знойдзены скіфскія і кельцкія жалезныя вырабы, антычныя манеты і амфары. У цэнтры і на поўначы Беларусі матэрыяльная культура развівалася больш запаволена.

Да пачатку жалезнага веку ў грамадскім жыцці канчаткова ўсталяваўся патрыярхат. У сацыяльнай арганізацыі грамадства паступова адбываецца разлажэнне родавай абшчыны. Адбываецца паступовае разлажэнне родавай абшчыны, пра што сведчаць наступныя з’явы:

- разам з вялікімі патрыярхальнымі сем’ямі ўзнікаюць малыя патрыярхальныя сем’і (бацька, маці і дзеці), якія маюць асабістую гаспадарку пры агульнай уласнасці абшчыны на зямлю;

- у склад абшчыны пачынаюць паступова ўваходзяць прадстаўнікі розных родаў; сувязі паміж абшчыннікамі становяца не кроўна-роднаснымі, а суседскімі – у канцы жалезнага веку фарміруюцца элементы тэрытарыяльнай (суседскай) абшчыны;

- узмацняецца сацыяльная няроўнасць; значна павялічваецца роля ў кіраванні плямёнамі ваенных правадыроў і рода-племянных старэйшын.

- узнікае патрыярхальнае рабства.

Павелічэнне агульнай колькасці насельніцтва, рост вырабленай грамадствам прадукцыі і маёмаснае расслаенне абумовілі абвастрэнне ўзброеных сутычак паміж рознымі плямёнамі за зямлю і матэрыяльныя каштоўнасці. У гэтых умовах узнікае новы тып паселішчаў – гарадзішчы, у якіх знаходзілася сядзіба ваенных правадыроў і дзе насельніцтва хавалася падчас вайсковых сутычак. Крыху пазней з’явіліся селішчы – неўмацаваныя пасёлкі земляробаў, але яны, як правіла, знаходзіліся побач з гарадзішчамі. Жылыя пабудовы сталі больш разнастайныя, побач з імі месціліся гаспадарчыя збудаванні.

У жалезным веку завяршаецца працэс асіміляцыі індаеўрапейцамі даіндаеўрапейскіх груп насельніцтва. Адбываецца дыферэнцыяцыя індаеўрапейскіх этнічных груп: балты, славяне, германцы, кельты і г.д. На тэрыторыі Беларусі складваецца некалькі асноўных археалагічных культур:

мілаградская культура (7-3 стст. да н.э.); зарубінецкая культура (3 ст. да н.э. – 2 ст. да н.э.); кіеўская культура (2-6 стст.) – поўдзень Беларусі;

паморская культура – паўднёвы захад Беларусі;

культура штрыхаванай керамікі (7 ст. да н.э. – 5 ст. н.э.) – захад і цэнтр Беларусі;

днепра-дзвінская культура (7 ст. да н.э. – 5 ст. н.э.) – поўнач Беларусі.

Большасць навукоўцаў культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскую залічваюць да балтаў. Паморская культура разглядаецца пераважна як славянская. Адносна культур на поўдні Беларусі сярод даследчыкаў няма адзінства: адны лічаць іх славянамі, другія балтамі, трэція прамежкавымі этнічнымі групамі паміж балтамі і славянамі.

У 4–8 стст. у Еўропе адбываецца працэс, які атрымаў назву “Вялікае перасяленне народаў”, які суправаджаўся перамяшчэннем вялікіх мас насельніцтва на вялікіх геаграфічных прасторах Еўропы. У 2–4 стст. праз тэрыторыю паўднёва-заходняй часткі Беларусі праходзілі германскія плямёны готаў і гепідаў. У 5–6 стст. пачынаецца працэс пранікнення славянскіх плямёнаў. Прарадзімай славян лічыцца Вісла-Одэрскае міжрэчча (тэрыторыя сучаснай Польшчы), а таксама прылеглая частка лясной зоны (паўднёвы захад сучаснай Беларусі і паўночны захад сучаснай Украіны). З 5-6 стст. частка славянскіх плямёнаў перасяляецца на поўдзень (Балканы), частка – на ўсход і поўнач.

У 5-8 стст. на тэрыторыі Беларусі складваюцца новыя археалагічныя культуры:

пражская – на поўдні;

банцараўская – на захадзе і ў цэнтры;

калочынская – на ўсходзе.

Пражская культура лічыцца навукоўцамі славянскай. Банцараўская і калочынская культуры лічацца балцкімі, але ў іх прысутнічаюць моцныя славянскія элементы (тып жылля – паўзямлянка з вогнішчам у дальнім вугле; простая карычневая кераміка без арнаменту; пахаванні ў паўсферычных курганах).

У 8-9 стст. пачынаецца масавае засяленне тэрыторыі Беларусі славянамі і заваяванне імі мясцовага балцкага насельніцтва. Гэты працэс расцягнуўся на многія стагоддзі; яго вынікам стала тое, што славяне падначалілі балтаў палітычна, а таксама патупова асімілявалі ў культурным плане. У гэтым працэсе славянам спрыялі іх большая скансалідаванасць, вышэйшы ўзровень развіцця гаспадаркі, больш развітыя сацыяльна-эканамічныя структуры. У славян у большай ступені, чым у балтаў праяўлялася разлажэнне родавай абшчыны, узвышэнне правадыроў і знаці, што стварала перадумовы расслаення грамадства. Неабходнасць утрымання пад уладай падначаленага насельніцтва садзейнічала ўзмацненню ўлады знаці і ўтварэння дзяржаў.

Такім чынам, у жалезным веку на тэрыторыі Беларусі канчаткова замацоўваецца вытворчая гаспадарка, адбываецца разлажэнне сацыяльных інстытутаў рода-племяннога грамадства і ствараюцца перадумовы пераходу да сацыяльна разнароднага грамадства і дзяржаўнасці.