Гісторыя як навука. Прадмет і аб’ект гісторыі.

Перыядызацыя гісторыі Беларусі.

Асноўныя падходы да вывучэння гісторыі.

Метадалогія гістарычнай навукі.

Гісторыя як навука. Прадмет і аб’ект гісторыі.

Гісторыя –навука аб заканамернасцях функцыянавання грамадства на розных этапах яго развіцця. Яна ўяўляе з сябе інтэгральную дысцыпліну, якая абагульняе веды аб асноўных накірунках функцыянавання грамадскага жыцця ў часе.

Гісторыя як навука мае сваю спецыфіку ў параўнанні з іншымі як прыродазнаўчымі, так і сацыяльна-гуманітарнымі навукамі.

Адрозненне гісторыі ад прыродазнаўчых навук:

- у межах прыродазнаўчых навук галоўным з’яўляецца ўстанаўленне факту, які потым тлумачыцца з дапамогай пэўных заканамернасцяў; у межах гісторыі факт з’яўляецца вынікам дзейнасці людзей і выступае як унікальная з’ява, што не заўсёды можа быць патлумачана з дапамогай пэўных заканамернасцяў;

- у межах прыродазнаўчых навук пэўны факт устанаўліваецца, галоўным чынам, шляхам эмпірычных метадаў (назіранне, эксперымент і інш.); у межах гістарычнай навукі выкарыстанне дадзеных метадаў амаль немагчымае – вывучэнне гістарычных фактаў адбываецца на аснове розных гістарычных крыніц, якія не заўсёды дакладна адлюстроўваюць падзеі мінулага;

- у прыродазнаўчых навуках даследчык выступае як незалежны назіральнік, што канстатуе факты і ўстанаўлівае заканамернасці; у межах гістарычнай навукі вялікую ролю маюць суб’ектыўныя асаблівасці навукоўца-даследчыка, паколькі гістарычныя факты маюць магчымасці да розных інтэрпрэтацый.

Адрозненне гісторыі ад іншых сацыяльна-гуманітарных навук:

- гістарычная навука выступае як комплексная навука, якая сістэмна разглядае ўсе сферы грамадства ў розныя часавыя эпохі; гэта патрабуе сінтэзу ведаў з галіны філасофіі, эканамічнай тэорыі, сацыялогіі, паліталогіі, культуралогіі, рэлігіязнаўства і іншых сацыяльна-гуманітарных дысцыплін;

- калі прадстаўнікі іншых сацыяльна-гуманітарных навук вывучаюць асобныя сферы грамадства (эканамічная тэорыя вывучае эканамічную сферу жыцця грамадства, паліталогія – палітычную, сацыялогія – сацыяльную і г.д.), то гісторыя вывучае ўсе сферы жыцця грамадства ў іх развіцці ў часе і прасторы.

Асноўныя функцыі гісторыі як навукі:

1) Пазнавальная функцыя: у межах гісторыі адбываецца даследаванне, аналіз і тэарэтычная апрацоўка шматбаковай інфармацыі аб мінулым грамадства.

2) Практычная функцыя: гісторыя садзейнічае захаванню і практычнай перадачы сацыяльнага вопыту. Крытычнае ўспрыманне мінулага дапамагае зразумець і асэнсаваць, якія з’явы мінулага перайшлі ў сучаснае, дазваляе даследаваць розныя шляхі развіцця грамадства ў перспектыве.

3) Выхаваўчая функцыя: гісторыя садзейнчае фарміраванню светапогляду асобы, складванню самастойных адносін да з’яў сацйыяльнай рэчаіснасці.