РАМАНТЫЗМ

Характэрным для эпохі з’яўляецца вылучэнне прынцыпу “двухсусветнасці”. Для рамантызму характэрнай з’яўляецца ідэя перадачы ўнутранага свету чалавека, імкненняў яго душы, паколькі гэты свет больш значны, чым свет матэрыяльны.

У нямецкім і аўстрыйскім тэатры меладрама пераўтвараецца ў драму лёсу, дзе пакуты звязаны з радавымі праклёнамі. Чалавек з’яўляўся толькі цацкай у руках выпадку. Наогул, чалавек у мастацтве рамантызму заўсёды трагічны, у разладзе з самім сабой, не прызнае рэчаіснасці, ён бунтар і ахвяра.

У пачатку ХІХ ст. нараджаецца рамантычная драма, дзе герой моцны і валявы чалавек, які супрацьпастаўляе сябе свету і атрымоўвае за гэта адзіноту і пакуты. Узнікае канфлікт паміж словам і сцэнічным рэалізмам, паміж вобразамі свядомасці і іх матэрыяльным афармленнем на сцэнічнай пляцоўцы, паколькі сцэна рэальна, а рамантыкі кажуць пра нерэальнасць, пра прывіды, адмаўляюцца ад разумнага, рацыянальнага і г.д. Свет уяўлення, калізіі духа тэатра не былі засвоены, адсюль незайздросны лёс п’ес, якія не прыняла сцэна. Найбольш спрыяльны лёс рамантычнага тэатра ў Францыі, дзе ў 1830 годзе на сцэне Камеды Франсез (цытадэль класіцызму) адбылася прэм’ера “Эрнані” Віктора Гюго. На прэм’еры ўзнікла сапраўдная бойка паміж прыхільнікамі рамантызму і класіцызму.

Рамантычны тэатр прадугледжваў лірычнае самавыражэнне на сцэне, бурнае праяўленне пачуццяў. Сваіх герояў акцёры-рамантыкі знаходзілі ў сучаснай драматургіі, а класічныя ролі выконвалі з рамантычнай афарбоўкай. Рамантыкі бачылі, напрыклад, у п’есах Шылера і Шэкспіра сваё – са сцэны гучалі палымяныя заклікі да свабоды, абароны чалавечай годнасці і г. д.

Рамантызм у тэатры звязаны з імёнамі англійскага паэта Джорджа Гардана Байрана, нямецкіх пісьменнікаў Генрыха фон Клейста, Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана, французскіх драматургаў Віктора Гюго (бунтар супраць класіцызму, яго эстэтычных законаў, ён нараджае рамантычнага героя “нізкага” паходжання, які супрацьстаіць прыдворна-арыстакратычнаму грамадству. “Кромвель”, “Марыя Цюдор”, “Руі Блаз”), Аляксандра Дзюма-бацькі (стваральнік тыповых узораў рамантычнай драмы. “Генрых ІІІ і яго двор”, “Кін, або Геній і распуснасць”), Альфрэда дэ Віньі, акцёраў: англічаніна Эдмунда Кіна, французаў П’ера Бакажа, Фрэдэрыка Леметра, немцаў Іагана Флэка, Людвіга Дэўрыента, рускага Паўла Мачалава.

Рамантычны тэатр у многім падрыхтаваў сцэнічны рэалізм. Акцёры-рамантыкі прынеслі на сцэну свабоднае маўленне, выразны жэст. Яны ігралі не толькі каралёў і вельмож, але і рамеснікаў, чыноўнікаў, сялян, рабочых. Праўдзіва перадавалі моцныя пачуцці і непаўторную своеасаблівасць кожнага чалавека. Вялікае значэнне мела і імкненне рамантычнага тэатра да нацыянальнай самабытнасці, цікаўнасць да нацыянальных традыцый, да гісторыі. Публіка любіла яркія вобразы галоўных герояў, людзей непрымірымых і свабодалюбівых. Акцёры-рамантыкі вымаўлялі тэкст парывіста і палымяна, пачуцці выражалі вельмі эмацыянальна. Публіка спачувала такім персанажам, пранікалася імкненнем да барацьбы з існуючымі парадкамі. Рамантычныя традыцыі працягвалі сваё жыццё ў тэатрах розных краін і ў ХХ ст.