ЭПОХА АСВЕТНІЦТВА

Галоўная ідэя – ідэя прагрэсу, прыярытэту розуму над эмоцыямі, пачуццямі. Згодна тэорыі Асветніцтва на сцэне павінен быць чалавек разумны, які моцна адчувае.

У ХVІІІ ст. акцёры ўсведамляюць сябе як асветнікі і выхавацелі, адсюль вернасць натуральнаму, высокаму і прыгожаму. Ідэалам з’яўляецца Шэкспір, аднак трагічны фінал змяняецца на шчаслівы, паколькі “свет уладкаваны разумна, а таму жыццёвыя сітуацыі не могуць вырашацца трагічна”.

У перыяд Асветніцтва існуе 2 тэатральныя школы: перажывання і прадстаўлення. Драматург і празаік Дэні Дзідро (1713-1784), стварыў трактат “Парадокс аб акцёры” (1770 г.). Па яго меркаванню акцёру варта выступаць з халоднай, нават “з ледзяной” галавой, “пачуццёвасць” на сцэне супрацьпаказана. Моцныя пачуцці варта паказываць, а не адчуваць: “слёзы акцёра цякуць з яго мозгу”. Прыхільнікі ж школы перажывання казалі, што мастацтва акцёра вызначаецца глыбінёй унутранага пераўвасаблення – гэта поўная ўнутраная перабудова акцёра згодна з характарам ролі, агульнай задумай спектакля, яго ідэяй і стылем.

Узнікае драма, як жанр драматургіі.

У ХVІІІ ст. узнікае мяшчанская драма ці буржуазная камедыя, якая выкрывала заганы дваранства і ўсхваляла маральнасць простых людзей – купцоў, рамеснікаў, сялян. Яна вызначыла набліжэнне да рэалізму, узмацненне акцёрскай эмацыянальнасці, здольнасці да ўнутранага пераўвасаблення. Узнікненне мяшчанскай драмы звязана з крытыкай феадальных парадкаў і сцвярджэннем роўнасці паміж саслоўямі (трэцяе саслоўе называлася мяшчанскім). Тэатр паказваў сваіх герояў у сямейных абставінах, імкнуўся ўзнавіць характэрныя асаблівасці быту, нораваў. Гэта патрабавала адыходу ад класічных законаў ігры, пабудаваных на ўмоўнай патэтыцы, і набліжэння рэалізму. Узмацненне эмацыянальнасці, здольнасць да ўнутранага пераўвасаблення былі ўласцівы творчасці вялікіх акцёраў розных краін: Д.Гаррыку, Ф.Шрэдэру і іншым.

У мяшчанскай драме сустракаліся драматургічныя шэдэўры: гэта п’есы

англійскага драматурга Рычарда Брынслі Шэрыдана – лепшыя ўзоры асветніцкага рэалізму ў гісторыі сусветнай камедыяграфіі (“Сапернікі”, “Школа зласлоўя”);

французскіх Дэні Дзідро, П ‘ера Агюстэна Бамаршэ – абаронцы трэцяга саслоўя (“Севільскі цырульнік”, “Жаніцьба Фігаро”);

нямецкіх – Готхальда Эфраіма Лесінга, Іагана Вольфганга Гётэ, Іагана Крыстафа Фрыдрыха Шылера. “Гамбургская драматургія” Лесінга – разгорнуты дзённік 2-х сезонаў Нацыянальнага тэатра ў Гамбургу – галоўная тэарэтычная праца аб тэатры Асветніцтва. Драматургія Гётэ і Шылера завяршае развіццё еўрапейскай драмы XVIII ст., у іх тэатры ў Веймары. У 1801 г. Гётэ складае “Правілы аб акцёры”, дзе вызначае тое, што ігра акцёра павінна быць строга прадуманай. І.Гётэ – “Эгмант” (гістарычная драма); “Фаўст” (працаваў 42 гады) – увасабленне цэнтральнай тэмы яго творчасці, дасягненне асветніцкага рэалізму. Ф.Шылер – “Дон Карлас”, “Разбойнікі”, “Марыя Сцюарт”;

італьянскіх – Карла Гальдоні і Карла Гоцы. Карла Гальдоні – тэатральны педагог і драматург, аўтар “камедыі асяродзя” ці “калектыўных камедый; паслядоўна распрацаваў сцэнічныя характары (“К’ёджаўскія перабрэхі”, “Слуга двух паноў”). Карла Гоцы – стваральнік новага напрамку – казкі для тэатра (ф’ябы) (“Любоў да трох апельсінаў”, “Турандот”). Менавіта Гальдоні і Гоцы стварылі літаратурную драму, калі былі знішчаны маскі і імправізацыя акцёраў. Карла Гальдоні ствараў сцэнарыі камедыі масак (дзе імправізавалі), а пазней пераўтвараў сцэнар у п’есу, настойліва патрабуючы ад выканаўцаў і навучаючы публіку таму, што напісаны тэкст і больш змястоўны і больш разумны, чым экспромты (у Італіі гэта было складана). З гэтага моманту акцёры вывучвалі словы ролі і вызвалялі сваю фантазію выключна для пошуку новых эфектных прыёмаў ігры.

Плебейская інтанацыя п’ес Гальдоні вельмі раздняжняла знатнага Карла Гоцы. Палемізуючы з бытавымі камедыямі Гальдоні, ён распрацаваў незвычайны жанр – ф’ябу. І паступова ў гэтых казках для тэатра доля аўтарскага тэкста ўзрасла, а імправізацыя была зведзена да мінімума.