VІ ст. да н.э. – ІV ст. н.э.

АНТЫЧНАСЦЬ

ВЫТОКІ

Вытокі тэатра знаходзяцца ў старажытных паляўнічых і сельскагаспадарчых гуляннях, масавых народных абрадах, ігрышчах. Тэатральныя прадстаўленні старажытнасці ўяўлялі сабой магічныя рэпетыцыі перад будучым паляваннем, вайной і г.д., у далейшым людзі разыгрывалі змест старажытных міфаў, далучаючы песню і танец, якія таксама з’яўляюцца старажытнымі мастацтвамі, што суправаджалі святы і абрады нашых продкаў.

Старажытная Грэцыя

Дыяніс (Вакх) – грэчаскі бог вінаробства, яго спадарожнікі – вакханкі і сатыры. У гонар Дыяніса ў Грэцыі праводзіліся пышныя святы. Старажытнагрэчаскі тэатр узнік менавіта з абрадаў, прысвечаных Дыянісу.

У аснове старажытнагрэчаскай драматургіі знаходзяцца міфы. Менавіта міф – сюжэтная аснова драматычных твораў. Яны былі вядомымі для ўсіх, але ж гледачам была цікавай і важнай трактоўка падзей аўтарам п’есы і акцёрам, маральная ацэнка ўчынкаў герояў.

Асноўныя жанры старажытнагрэчаскй драматургіі: камедыя, трагедыя і сатыраўская драма.

У 534 годзе да н.э. чалавек па імені Феспід на свяце Вялікіх Дыянісій паказаў спектакль – дыялог акцёра, які выконваў ролю Дыяніса, і хора. І з гэтага часу тэатральныя прадстаўленні сталі абавязковай часткай святаў Дыяніса. Першыя пастаноўкі – трагедыі Феспіда, а таксама яго вучня Фрыніха (прыблізна 540 – каля 470 гг. да н.э.). Менавіта ў гэты час адбываецца ўдасканаленне масак і тэатральных касцюмаў, а таксама вылучэнне акцёра з хору (Феспід), пашырэнне сюжэтных рамак трагедыі (Фрыніх) – дадае гістарычныя моманты, напрыклад, у гістарычнай трагедыі “Узяцце Мілета” (каля 492 г. да н.э.).

Росквіт старажытнагрэчаскага тэатра – V ст. да н.э. Менавіта ў гэты час стваралі свае творы вялікія Эсхіл, Сафокл, Еўрыпід (трагікі), Арыстафан (пісаў палітычныя камедыі). Персанажы іх трагедый – Эдып, Антыгона, Праметэй – вечныя вобразы сусветнага мастацтва.

Эсхіл (525 – 456 гг. да н.э.) – першы вялікі драматург Старажытнай Грэцыі. Маральная адказнасць чалавека за свае ўчынкі – адна з асноўных тэм трагедый драматурга. Адбываецца ўзмацненне дзейснага боку тэатральнага прадстаўлення праз увядзенне 2-х акцёраў на сцэне замест 1-го. Трагедыі Эсхіла: “Персы”, “Праметэй прыкуты”, трылогія “Арэстэя”.

Сафокл (496 – 406 гг. да н.э.) – драматург, які “прымусіў трагедыю спусціцца з нябёсаў на зямлю” [Арыстоцель]. Галоўнае ў яго трагедыях – лёс чалавека, яго думкі і пачуцці, высакароднасць і стойкасць духу. Дасканаласць трагедый Сафокла – увядзенне 3-га акцёра, павелічэнне дыялагічных частак трагедыі (эпісодый) за кошт партыі хору, выкарыстанне дэкарацыйнага жывапісу. Трагедыі Сафокла “Антыгона”, “Цар Эдып”, “Эдып у Калоне” – мастацкае ўвасабленне грамадзянскіх і духоўных ідэалаў антычнай дэмакратыі.

Эўрыпід (485 – 406 гг. да н.э.) – вялікі трагічны паэт Старажытнай Грэцыі, які наблізіў сваіх герояў да рэчаіснасці, паказаў іх “такімі, якія яны ёсць” [Арыстоцель]. Новаўвядзенні ў яго трагедыях: характары персанажаў прадстаўлены ў развіцці; шырока выкарыстоўваюцца манодыі (арыі акцёраў); у сцэны ўключаны разнастайныя бытавыя элементы; мова трагедый становіцца больш даступнай і простай. Трагедыі: “Медэя”, “Іфігенія ў Аўлідзе”. Эўрыпід – завяршальнік этапу развіцця класічнай трагедыі.

Арыстафан (каля 446 – прыблізна 380 гг. да н.э.) – “апошні вялікі паэт Грэцыі” [Бялінскі], адзіны прадстаўнік старажытнай камедыі. Для яго камедый характэрным з’яўляецца багацце ідэйнага зместу, выразнасць тэатральнай формы. У камедыях Арыстафана з’явілася асаблівая партыя – парабаза, калі хор здымаў маскі і ад свайго імя звяртаўся да залы. Камедыі: “Коннікі”, “Мір”, “Жабы”.

Тэатр Старажытнай Грэцыі быў справай дзяржаўнай. Архонт – вышэйшая службовая асоба, якая адказвала за тэатр. Усе расходы браў багаты гараджанін – харэг, якога прызначаў архонт. Спектаклі былі платнымі, аднак бедным людзям выдаваліся спецыяльныя грошы. “Білетамі” былі свінцовыя ці бронзавыя круглыя жэтоны, на якіх вызначаўся толькі сектар, як зараз трыбуны стадыёна.

Маскі. Паколькі тэатр меў вялізныя памеры, то маскі ствараліся такімі, каб быць добра бачнымі з любой кропкі тэатра. Кожная маска адлюстроўвала вызначаны стан, і пад час спектакля акцёр змяняў вобразы. Маска – гэта крупны план персанажа і рэзанатар. Катурны – сандаліі з тоўстымі падэшвамі. Пад вопратку апраналі “таўшчынкі”, якія павялічвалі памеры цела ці яго асобных частак. Колер адзення яркі плюс меў сімвалічнае значэнне. Маскі ў камедыі – карыкатурныя – вялікі жывот, тоўсты зад і г.д.

Акцёрамі ў Старажытнай Грэцыі станавіліся людзі паважаныя і толькі вольнанароджаныя, толькі мужчыны, яны выконвалі і жаночыя ролі. Адзін выканаўца звычайна іграў некалькі роляў. Хор часцей за ўсё не прымаў удзелу ў дзеянні, ён абагульняў і каменціраваў падзеі. Старажытнагрэчаскі тэатр з’яўляецца асновай еўрапейскага тэатра.

 

Старажытны Рым

§ На святах у гонар жатвы выконваліся фесціны – грубаватыя сатырычныя песні. Але самы шчаслівы і доўгі лёс у атэланы (ад назвы горада Атэла) – звычайна камічнае прадстаўленне, у якім дзейнічалі маскі-характары (менавіта яны сталі вытокамі італьянскай камедыі дэль артэ). Кожная маска вызначала пэўны тып асобы.

Да І ст. да н. э. тэкст атэланы стваралі па ходу дзеяння ўдзельнікі спектакля.

Камедыя – паліата – з’яўляецца на рубяжы новай эры (палія – грэчаскі шырокі плашч, у такім адзенні хадзілі героі твораў). Дзеянне адбывалася ў Грэцыі, персанажамі былі грэкі, усё астатняе звязана з Рымам. Росквіт жанра звязаны з іменем Ціта Макцыя Плаўта (250 – 184 гг. да н. э.), сваёй творчасцю ён паклаў аснову еўрапейскай камедыі Новага часу. Ён імкнуўся да займальнасці ў сваіх камедыях. Плаўт шырока выкарыстоўваў прыём кантамінацыі – змяшэнне ў адной п’есе фрагментаў сюжэтных ліній розных п’ес розных грэчаскіх аўтараў. Прыём “Кві пра Кво” (хто пра што) – напрыклад, п’еса “Клад”: у героя п’есы Эўкліона (дарэчы, першы сквапны чалавек у еўрапейскай драме) прападае гаршчок. Да яго прыходзіць Ліканід і прызнаецца, што пазбавіў яго дачку цнатлівасці, аднак кажа не прама, а іншасказальна, а Эўкліон разумее, што Ліканід прызнаецца, што ўзяў яго гаршчок. Злучэнне рэплік, у якіх не названы прадмет абмеркавання, і прыводзіць да блытаніны, што застаўляе гледачоў ад душы весяліцца. Прыём контыкі – музычныя нумары, арыі і рэчытатывы, якія вымаўляюцца пад музыку.

На мяжы эпох у Старажытным Рыме быў распаўсюджаны пантамім– сольны мужчынскі тэатралізаваны танец. Акцёр выступаў у масцы і іграў адразу некалькі роляў, у тым ліку і жаночых. Змест пантаміма пад музыку расказваў хор.

Любоўю рымлян карысталася і пірыха – танцавальны спектакль у выкананні ансамбля танцоўшчыкаў, у якасці сюжэта звычайна выбіралі міфалагічную гісторыю.

Рымскі тэатр не быў звязаны з культам баства, таму не меў грамадскага значэння. Акцёрамі былі не паважаныя, а пагарджаемыя людзі з ліку рабоў і вольнаадпушчаных. Прадстаўленні праводзіліся на агульнадзяржаўных святах і ў любы час па ініцыятыве знатнага грамадзяніна.