Катэгорыя ліку назоўніка

Катэгорыя ліку назоўнікаў -- словазмяняльная марфалагічная катэгорыя, якая выражае адносіны прадметаў да іх колькасці і пададзена як супрацьпастаўленне формаў адзіночнага і множнага ліку (хата – хаты, чалавек – людзі, племя –плямёны). Дзве формы ліку маюць назоўнікі, якія назвываюць прадметы, што можна палічыць. Не маюць супрацьпастаўлення паводле ліку назвы прадметаў, якія немагчыма палічыць, адзіночналікавыя (singularia tantum) і множналікавыя (pluralia tantum) назоўнікі.

Да адзіночналікавых адносяцца ўласныя (Васіль, Панчанка, Нясвіж), абстрактныя (сівізна, гарэнне, адчай), рэчыўныя (нафта, нітрагліцэрын, мука) і зборныя (праменне, мэбля, моладзь) назоўнікі, а таксама назвы грамадска-палітычных вучэнняў, плыняў, працэсаў, навук (капіталізм, пурызм, біёніка), запазычаныя нескланяльныя словы (піке, папуры, рагу). Некаторыя адзіночналікавыя назоўнікі (абстрактныя і рэчыўныя) могуць утвараць формы множнага ліку, але пры гэтым адбываюцца нязначныя семантычныя змены (хрып – хрыпы ў лёгкіх, глыбіня -- марскія глыбіні, аксаміт – дарагія аксаміты, віно -- крымскія віны). Зборныя назоўнікі не могуць мецьформы множнага ліку.

Множналікавыя назоўнікі – гэта ўласныя назвы (Пухавічы, Афіны, Курылы), назвы абстрактных паняццяў (дрыжыкі, хітрыкі, паводзіны), рэчываў (дровы, макароны, апілкі), зборных (кадры, нізы, грошы), састаўных і парных (абцугі, акуляры, вусны) прадметаў; народных звычаяў, гульняў (вячоркі, запоіны, памінкі), адрэзкаў часу і з’яў прыроды (суткі, канікулы, замаразкі), розных грамадскіх падзей і з’яў (выбары, перагаворы, манеўры), субстантываваныя прыметнікі(азімыя, цытрусавыя, сутачныя, асятровыя). Назоўнікі pluralia tantum не могуць ужывацца ў адзіночным ліку.

Лік назоўнікаў можна вызначыць марфалагічна – пры дапамозе канчаткаў і суфіксаў (дуб – дубы, зямля – землі, неба – нябёсы, парасё -- парасяты) і сінтаксічна – шляхам вызначэння ліку дапасаванага азначэння або выказніка (маладыя ягняты, выступілі студэнты). Лік нескланяльных назоўнікаў вызначаецца толькі сінтаксічна (вясновыя паліто, прыгожыя зебу, фламінга стаялі ў вадзе). Толькі сінтаксічна – пры дапамозе спалучэння з лічэбнікам адны і зборнымі лічэбнікамі, а для назоўнікаў, што абазначаюць парныя прадметы, шляхам спалучэння са словам пара (адны штаны, трое штаноў, дзве пары штаноў) выражаецца лік множналікавых назоўнікаў, што абазначаюць прадметы, якія можна палічыць.

У беларускай мове захаваліся былыя формы творнага склону парнага ліку (дзвярыма, плячыма, вачыма), якія ўжываюцца паралельна з формамі множнага ліку (плячамі, вачамі, дзвярамі).

Утварэнне форм ліку назоўнікаў не супадае ў рускай і беларускай мовах. Так, у беларускай мове такія назоўнікі, як клопат, змрок, чарніла, бяліла, макарона ўжываюцца толькі ў форме адзіночнага, а ў рускай мове – толькі ў форме множнага ліку (хлопоты, сумерки, чернила, белила, макароны). Беларускія назоўнікі грудзі, дзверы, карункі ўжываюцца толькі ў множным ліку, а адпаведныя ім рускія словы маюць форму абодвух лікаў – грудь -- груди, дверь -- двери, кружево – кружева. У беларускай мове некаторыя назоўнікі маюць формы абодвух лікаў(гадзіннік -- гадзіннікі), а ў рускай не ўтвараюць суадносных пар (часы – мн.л.).