Знешняя палітыка ВКЛ).
Найбольш трывалыя і канструктыўня адносіны склаліся ў ВКЛ з Польшчай. Вынікам іх стала падпісанне некалькіх уній – Крэўскай, Віленска-Радамскай, Гарадзельскай.
Найбольш напружаныя адносіны існавалі паміж ВКЛ і крыжакамі.
З моманту з’яўлення ва Усходняй Еўропе манаска-рыцарскіх ордэнаў нямецкая экспансія на землі прусаў, куршаў, ліваў, эстаў і іншых плямёнаў пад выглядам іх хрысціянізацыі несла ў сабе пагрозу заваявання зямель ВКЛ. Актыўную барацьбу супраць крыжакоў вялi Міндоўг, Трайдзень, Вiцень. Асабліва напружаныя адносіны ВКЛ з крыжакамі ўзніклі пасля смерці Гедыміна. Барацьба з імі адбывалася з пераменным поспехам. Так, у 1363 г. кры-жакі разграмілі вялікакняскае войска і захапілі Гародню. Са свайго боку Кей-стут з 1345 па 1382 г. здзейсніў каля 30 паходаў у Прусію і 10 – у Лівонію.
Віленска-Радамская унія, акрамя іншага, паспрыяла кансалідацыі Польшчы і ВКЛ у барацьбе з немцамі. 15 ліпеня 1410 г. каля Грунвальда супраць войска вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Ульрыха фон Юнгінгена Вітаўт выставіў каля 40 харугваў, у тым ліку 28 з беларускіх гарадоў, а таксама татарскую конніцу. Ягайла выставіў 51 харугву і чэшскі атрад. Бітва скончылася поўным разгромам крыжакоў. Паводле Тарунскага міру, усе захопленыя імі гарады вярталiся ўладальнiкам, Жамойць пераходзiла ў пажыццёвае ўладанне Вiтаўта. З таго часу дзяржава стала звацца «Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае».
У час, калі немцы каланізавалі Балтыйскае ўзбярэжжа, з мангольскіх стэ-паў на Еўропу рухалася арда Чынгісідаў. У 1236 г. манголы разграмілі вол-жскіх балгараў, а з 1237– пачалі заваяванне Русі. Вяртаючыся з перамож-нага еўрапейскага паходу, у канцы 1241 – пачатку 1242 г. яны прайшлі далё-ка на поўдзень ад тэрыторыі сучаснай Беларусі. ВКЛ не мела такiх разбу-рэнняў, як шматлiкiя рускiя княствы. Некаторыя з іх добраахвотна перахо-дзiлi ў яго склад, каб пазбегнуць мангола-татарскага прыгнёту. Узмацнiў-шыся, войскi ВКЛ маглi нават прыпынiць заваёўнiкаў, як гэта адбылося ў 1362г. на Сiнiх Водах. У далейшым князi ВКЛ iмкнулiся ўсталяваць з ман-гола-татарамi саюзныя адносiны, скiраваныя, у першую чаргу, супраць Маскоўскага княства як палiтычнага канкурэнта на мiжнароднай арэне.
1392 г. Вітаўт выдаў татарам прывілей на пасяленне ў межах дзяржавы. Плённыя адносiны ВКЛ з татарамi яскрава праявiлiся i ў час Грунвальдскай бiтвы 1410 г. Саюзнiцкую з татарамi палiтыку працягваў Казiмiр Ягелончык.
Другая палова ХV ст. характарызуецца пагаршэннем адносiн памiж ВКЛ i Крымскiм ханствам – колішняй часткай Залатой Арды. Саюзнiк Масквы хан Менглi-Гiрэй здзяйсняў частыя набегi на паўднёвыя землi ВКЛ. У перыяд з 1500 па 1569 г. беларускiя землi падверглiся 45 набегам. У 1505 г. заваёўнікі захапілі Менск i Наваградак і паланілі каля 100 тыс. жыхароў. У наступным, 1506 г. гетман ВКЛ М. Глiнскi ў баi пад Клецкам разбiў татарскае войска i вызвалiў палонных. У далейшым асноўнай сiлай, якая стрымлiвала паходы татараў на ВКЛ, стала казацкае войска Запарожскай Сечы.
У ХІV ст. другім пасля Вільні цэнтрам па «збіранні» рускіх зямель стала Масква. Карыстаючыся падтрымкай золатаардынскіх ханаў, князь І. Каліта (1325–1340) далучыў некалькі суседніх княстваў. Каб не даць Маскве ўзмац-ніцца, ВКЛ аказвала дапамогу яе праціўнікам, і асабліва Цвярскому княству, вядома ж, спадзеючыся на ўласнае дамінаванне ва ўсходнеславянскіх землях. Гедымін і яго нашчадкі шукалі саюзу з Ноўгарадам, Псковам, Смаленскам, а Альгерд ажаніўся з цвярской князёўнай і на пэўны час узяў пад абарону ўсё княства, здзейсніўшы тры паходы на Маскву.
Пад канец княжання Альгерда Маскве ўдалося падпарадкаваць Цвер і прыпыніць актыўнасць ВКЛ. Узмацненне Масквы не выйшла з поля зроку новага князя ВКЛ Ягайлы, які абяцаў дапамогу хану Мамаю ў яго барацьбе супраць Дзмітрыя Іванавіча пад час Кулікоўскай бітвы ў верасні 1380 г. Вы-карыстоўваючы замацаваны дынастычным шлюбам саюз з Масквой, Вітаўт працягваў пашыраць свой уплыў на ўсходнія славянскія землі. Неўзабаве яму ўдалося падпарадкаваць Вязьму (1403) і Смаленск (1404), а з 1427 г. ён нават усталяваў пратэктарат над Вялікім княствам Маскоўскім, дзе княжыў яго малалетні ўнук пад рэгенцтвам дачкі – Соф’і Вітаўтаўны.
Разам з тым у краіне існавала істотная баярская плынь, незадаволеная прапольскай арыентацыяй двара, распаўсюджаннем каталіцызму і нераўна-праўным становішчам праваслаўнай знаці. З другога боку, узрастанне ма-гутнасці Масквы, якой у 1480 г. удалося канчаткова вызваліцца з-пад улады Залатой Арды, рабілася ўсё больш прывабным для гэтай часткі вышэйшага саслоўя ВКЛ. Невыпадкова, што ў 1481 г. тут адбылася спроба дзяржаўнага перавароту. Яго ўдзельнікі – князі Гальшанскi i Алелькавiч былi пакараны смерцю, Бельскi з Глiнскiм уцяклi ў Маскву і паступілі на службу да Iвана III.
Князь ВКЛ Аляксандр Казiмiравiч не здолеў аказаць дзейснага ваеннага адпору Маскве i iмкнуўся ўладзiць вайну мiрнымi сродкамi. У прыватнасцi, ён адмовiўся ад падтрымкi варагаваўшых з Масквой Ноўгарада, Пскова, Цвяры, Разанi. Мiрнае пагадненне мусiла замацавацца дынастычным шлю-бам: Аляксандр Казiмiравiч ажанiўся з дачкой Iвана III Аленай. Але ў 1500 г. баявыя дзеяннi аднавiлiся iзноў i амаль бесперапынна працягвалiся да 1537 г. Толькі за час баявых дзеянняў з 1501 па 1503 г. ВКЛ страцiла чвэрць сваiх тэрыторый, у тым лiку населеных беларусамi.
Новы цар Маскоўскі і ўсёй Русі Васіль ІІІ пасля смерці Аляксандра Казі-міравіча (1506) спрабаваў праз сваю сястру Алену (удаву князя ВКЛ) пад-парадкаваць усю дзяржаву Маскве. Абранне паны-радаю новага князя – бра-та Аляксандра, Жыгiмонта Казiмiравiча падштурхнула Маскву да новых ваенных паходаў супраць ВКЛ. Нягледзячы на здабытую гетманам К. Аст-рожскім перамогу пад Оршай у верасні 1514 г., дзяржава страціла Смаленск і многія ўсходнія землі. Перамiр’е, заключанае ў 1537 г., працягвалася крыху больш за 20 гадоў. Асноўным рэгiёнам узброеных сутыкненняў абедзвюх дзяржаў з’яўлялiся тэрыторыi, якiя знаходзiлiся памiж iмi, у першую чаргу Cмаленшчына, Браншчына i iнш. Палітычнае процістаянне паміж дзяржавамі ўзмацнялася рэлігійным.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ. Перыяд знаходжання беларускіх тэрыторый у складзе ВКЛ – гэта час далейшага прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, рамястве і гандлі і развіцця феадальных адносін. Зямля па-ранейшаму з’яўлялася асноўным багаццем. У межах ВКЛ вярхоўным яе ўладальнікам з’яўляўся вялікі князь – «гаспадар». Усе дзяржаўныя землі падзяляліся на «воласці» і «гаспадарскія двары». Першыя групаваліся па некалькі сёл, а даходы ад іх ішлі на казённыя патрэбы. Другія належалі вялікаму князю і забяспечвалі патрэбы яго двара. З дзяржаўнага фонду адбываліся вялікакняскія падараванні зямель служыламу баярству. У сярэдзіне ХVІ ст. дзяржаўны зямельны фонд разам з асабістым уладаннем князя складаў амаль 50%, 45% – належала свецкім, 5% – царкоўным феадалам.
Большая частка насельніцтва (каля 95%) пражывала ў вёсках і сёлах. Аснову гаспадаркі сялян і феадалаў складалі раслінаводства і жывёлагадоўля. Развітае ворнае земляробства, заснаванае на выкарыстанні драўляных сох з жалезнымі нарогамі, цяглай сілы коней або валоў, выкарыстанні трохполля, давала ўстойлівыя ўраджаі жыта, ячменю, проса, пшаніцы, аўса і інш. збожжавых культур. Для вырабу тканіны і іншай прадукцыі шырокае распаўсюджанне мелі пасевы ільну, пянькі, каноплі. Пэўную долю харчовых прадуктаў давала агародніцтва і садаводства.
У мэтах апрацоўкі зямлі, для ваенных або транспартных патрэб разводзіліся коні. Буйнарагатая жывёла, козы, свінні, авечкі, а таксама хатняя птушка забяспечвалі патрэбы людзей у харчовых прадуктах і сыравіне для вырабу адзення, абутку і інш. Важную ролю ў гаспадарцы сельскага жыхарства адыгрывалі паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, а таксама хатнія промыслы – ткацтва, рамёствы.
Сяляне ў ХІV – першай палове ХVІ ст. звычайна называліся «людзьмі», «смердамі», «мужыкамі». Паводле прыналежнасці зямлі, якой яны карысталіся, існавалі вяліка-княжацкія (гаспадарскія), шляхецкія, царкоўныя (духоўныя) сяляне. Тыя, асноўнай формай рэнты якіх з’яўлялася даніна, называліся даннікамі. Большая частка насель-ніцтва складалася з цяглых сялян, якія выконвалі галоўным чынам адпрацовачную павіннасць на палетках уладальніка. Тая ж частка сялянства, якая выконвала павіннасці ў выглядзе грашовага (чынш) падатку, звалася чыншавай.
Сялянства выконвала дзяржаўныя павіннасці па будаўніцтве і рамонце абарончых збудаванняў, дарог, мастоў, па перавозцы грузаў і службовых асоб, выплаце падаткаў на ваенныя мэты. Адзінкай падатковага абкладання вясковага насельніцтва з’яўлялася сялянская сям’я – «служба» або «дым», якая карысталася надзелам ворнай зямлі. Усе астатнія ўгоддзі – паша, сенажаць, вадаёмы і іншыя, а таксама (на пэўных умовах з феадалам) лес – знаходзіліся ў карыстанні ўсёй сялянскай абшчыны, якая ўяўляла сабой спецыфічную сацыяльную адзінку, адказную за выкананне павіннасцей. Менавіта на яе ўскладаліся такія павіннасці, як талака – сяўба, збор ура-джаю, нарыхтоўка сена і іншыя, а таксама гвалты(згоны) – работы, выклі-каныя тэрміновасцю іх выканання – тушэнне пажараў, будаўніцтва дарог, мастоў і іншых аб’ектаў.
З часу ўтварэння ВКЛ асноўная маса сялянства была асабіста свабоднай. Частка яго, названая чэляддзю нявольнай, фактычна з’яўлялася поўнай улас-насцю феадала. Акрамя асабіста залежных людзей, адрознівалі так званых сялян-слуг (служкі, старцы, войты, цівуны), якія абслугоўвалі маёнтак, а таксама прыслугу (кухары, півавары і інш.), прамыславікоў (асочнікі, бортнікі, конюхі, рыбаловы, стральцы), вяс-ковых рамеснікаў (кавалі, цесляры, ганчары, калёснікі, кушняры).
Доўгі час свабодныя сяляне ў пошуках лепшых умоў жыцця мелі магчымасць пераязджаць ад аднаго феадала да другога. З ХV ст. яны сталі па-дзяляцца на «людзей пахожых», якія мелі такое права, і «людзей непа-хожых», якія яго страцілі. Так, у 1447 г. прывілей вялікага князя Казіміра (1440–1492) абавязваў феадалаў не прымаць у свае маёнткі тых сялян, якія пакінулі гаспадароў без іх дазволу. Тым самым прывілей паслужыў пачаткам юрыдычнага афармлення прыгоннага права. У ХV–ХVІ стст. адбываўся працэс пераўтварэння «пахожых» сялян у «непахожых» за кошт тых, хто доўгі час пражываў на зямлі аднаго ўладальніка. Паводле Статута 1529 г., «непахожымі» прызнаваліся сяляне, якія пражылі ў аднаго гаспадара больш за 10 гадоў.
Змяншэнне фонду дзяржаўных зямель, а таксама драбленне феадальных уладанняў з-за іх пераразмеркаванняў паміж нашчадкамі адмоўна адбівалася на паступленні падаткаў у дзяржаўны бюджэт, запатрабавала правядзення аграрнай рэформы. Яе неабходнасць падмацоўвалася неда-сканаласцю сістэмы падаткаў і павіннасцей, патрэбай у павышэнні даход-насці дзяржаўных зямель, а таксама ростам попыту на збожжа на заходне-еўрапейскіх рынках.