Лекцыя 3. БУРЖУАЗНЫЯ РЭФОРМЫ 60–70-х гг.

 

Неабходнасць рэфармавання дзяржаўна-палітычнага ладу Расіі. Рэформа 1861 г. ліквідавала галоўную перашкоду, што стрымлівала развіццё капіталізму ў Расіі – прыгоннае права. Аднак гэтага было недастаткова. Каб рухацца наперад да сапраўды буржуазнага грамадства, Расіі былі патрэбны іншыя рэформы дзяржаўна-палітычнага ладу. У 60–70-я гады ўрад Аляксандра ІІ прыняў шэраг пастаноў аб правядзенні такіх рэформ: земскай, судовай, гарадской, ваеннай, школьнай і друку.

Аднак у Беларусі гэтыя рэформы ажыццяўляліся са значнымі абмежаваннямі, якія былі выкліканы тымі мерамі, якія прымаліся ўрадам у сувязі з паўстаннем 1863–1864 гг., у першую чаргу, абвяшчэннем тут ваеннага становішча, якое было адменена толькі ў 1870 г.

Судовая рэформа. З усіх рэформ самай радыкальнай з’яўлялася судовая. Новыя судовыя статуты, якія былі прыняты 20 лістапада 1864 г., рашуча парывалі з існаваўшым раней у Расіі судовым ладам. Новы суд будаваўся на бессаслоўных прынцыпах. Абвяшчаліся нязменнасць суддзяў, незалежнасць суда ад адміністрацыі, вусны характар, спаборнасць і галоснасць судовага працэсу. Пры разглядзе крымінальных спраў прадугледжваўся ўдзел у судовым працэсе прысяжных засядацеляў, якія незалежна ад суддзяў выносілі рашэнне, вінаваты падсудны ці не. Для юрыдычнай дапамогі падсудным быў створаны інстытут прысяжных павераных (адвакатаў), якія не знаходзіліся на дзяржаўнай службе і не залежалі ад урада. Працэс папярэдняга следства перадаваўся ад паліцыі судовым следчым. Значна скарачалася сістэма судаводства. Першай інстанцыяй стаў міравы суд з адзіным суддзёй, другой – павятовы з’езд міравых суддзяў, потым ішлі акруговыя суды (у губернях) і судовыя палаты (аб’ядноўвалі некалькі губерняў). Для ўсіх судоў імперыі існавала адзіная апеляцыйная інстанцыя – Сенат. Міравыя суддзі павінны былі выбірацца на павятовых земскіх сходах і ў гарадскіх думах. Члены судовых палат і акруговых судоў зацвярджаліся імператарам, а міравыя суддзі – сенатам. Нагляд за дзейнасцю судовых устаноў ажыццяўлялі пракуроры, якія падначальваліся непасрэдна міністру юстыцыі. Разам з тым судовая рэформа пакідала валасны суд для сялян (па грамадзянскіх і дробных крымінальных справах), духоўны суд (кансісторыю) па справах духавенства і ваенныя суды для вайскоўцаў. Вышэйшыя дзяржаўныя чыны падлягалі Вышэйшаму крымінальнаму суду.

У Беларусі судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых судоў. Паколькі ў Беларусі адсутнічалі земствы, то міравыя суддзі, у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі, тут не выбіраліся, а назначаліся міністрам юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі. Акруговыя суды, судовыя палаты, прысяжныя засядацелі і прысяжныя павераныя з’явіліся ў заходніх губернях толькі ў 1882 г. Спіс прысяжных засядацеляў таксама зацвярджаўся ўладамі. Усё гэта было вынікам паўстання 1863–1864 гг. – самадзяржаўе не давярала мясцовым памешчыкам, сярод якіх былі моцныя прапольскія настроі.

Земская рэформа.Земская рэформа, аб’яўленая 1 студзеня 1864 г., прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі справамі непалітычнага характару. У Беларусі ў сувязі з падзеямі 1863–1864 гг. уводзіць выбарныя ўстановы ўрад не адважыўся. Палітыка недаверу мясцовым памешчыкам працягвалася ажно да 1911 г., калі ва ўсходніх губернях Беларусі былі створаны земствы, і то згодна са спецыяльным выбарчым законам.

Гарадская рэформа. Са спазненнем на 5 гадоў у Беларусі была праведзена гарадская рэформа (у Расіі прынята ў 1870 г.). Яна абвяшчала прынцып усесаслоўнасці пры выбарах органаў гарадскога самакіравання – гарадской думы і гарадской управы на чале з гарадскім галавой. Пры выбарах членаў (гласных) думы права голасу атрымлівалі гараджане з 25-гадовага ўзросту. Аднак гэтым правам маглі карыстацца не ўсе жыхары горада, а толькі тыя, хто плаціў гарадскія падаткі. У сваю чаргу, яны падзяляліся на тры выбарчыя курыі (у залежнасці ад памеру выплачваемага ў гарадскую казну падатку). У першую ўваходзілі найбольш буйныя плацельшчыкі, якія плацілі трэць агульнай сумы гарадскіх падаткаў (такіх людзей у горадзе звычайна налічвалася некалькі дзесяткаў); у другую – сярэднія падаткаплацельшчыкі, яны таксама плацілі трэць гарадскіх падаткаў (такіх было некалькі соцень); у трэцюю – дробныя падаткаплацельшчыкі, што выплачвалі астатнюю трэць агульнай сумы (іх было ў некалькі разоў больш, чым выбаршчыкаў 1-й і 2-й курый). Пры гэтым кожная курыя выбірала аднолькавую колькасць членаў гарадской думы. Такім чынам, уведзеная сістэма гарадскога самакіравання забяспечвала ўладу купцам, прадпрымальнікам, уладальнікам нерухомасці. Напрыклад, у выбраных гарадскіх думах першага 4-годдзя дваране і духавенства складалі 15% усіх гласных, у другім 4-годдзі – звыш 18%, у трэцім – больш за 20%. Домаўладальнікі мелі да 90% гарадскіх гласных. У сваю чаргу, рабочыя, служачыя, інтэлігенцыя, якія складалі асноўную масу насельніцтва гарадоў, не мелі магчымасці ўдзельнічаць у гарадскім самакіраванні, таму што не плацілі падаткі ў гарадскую казну.

Гарадская дума не падначальвалася непасрэдна мясцовай адміністрацыі, аднак нагляд за дзейнасцю думы ажыццяўляў губернатар праз спецыяльна створаныя губернскія ўстановы па гарадскіх справах. Гарадскі галава ў буйных гарадах зацвярджаўся на сваёй пасадзе міністрам унутраных спраў, а ў дробных – губернатарам. Кампетэнцыя органаў гарадскога самакіравання была абмежавана вузкімі рамкамі гаспадарчых пытанняў: добраўпарадкавання тэрыторыі горада, арганізацыі гарадскога гандлю і транспарту, народнай адукацыі і аховы здароўя, прыняцця санітарных і супрацьпажарных мер. Дума мела права абкладваць падаткамі маёмасць і прыбыткі прыватных асоб, але ў вельмі абмежаваных памерах – не больш за 1% кошту нерухомасці альбо гандлёвага ці прамысловага прыбытку. Пры гэтым больш паловы сабраных сродкаў выкарыстоўвалася не на гарадскія, а на казённыя патрэбы – утрыманне паліцыі і органаў улады. Разам з тым, нягледзячы на значную абмежаванасць, рэформа гарадскога самакіравання ўсё ж такі здолела замяніць былыя феадальныя саслоўна-бюракратычныя органы гарадскога кіравання на новыя, заснаваныя на буржуазным прынцыпе маёмаснага цэнзу. Рэформа спрыяла ўмацаванню пазіцый буржуазіі ў дзяржаве, садзейнічала паляпшэнню гарадской гаспадаркі. Аднак феадальныя перажыткі не давалі магчымасці выкарыстаць гарадскую рэформу ў поўнай меры.

Ваенная рэформа. Рэфармаванне арміі ў Расіі пачалося ў 1862 г., калі былі ўтвораны 15 ваенных акруг (у тым ліку і Віленская, у якую ўвайшлі ўсе беларускія губерні) і ўведзены скарочаны тэрмін службы ў сухапутным войску да 7 і на флоце да 8 гадоў. У 1867 г. быў прыняты новы ваенна-судовы статут, які выходзіў з прынцыпаў судовай рэформы 1864 г. Згодна з ім уводзіліся тры судовыя інстанцыі – палкавы, ваенна-акруговы і галоўны ваенны суд. На час вайны ствараўся Галоўны палявы ваенны суд. Рашэнні ваенных судоў падлягалі зацвярджэнню палкавога і акруговага военачальнікаў.

Разам з тым у расійскай арміі яшчэ працягваў дзейнічаць саслоўны прынцып камплектавання войска. І толькі закон 1874 г. увёў замест рэкруцкіх набораў усеагульную воінскую павіннасць. Усе мужчыны з 20-гадовага ўзросту павінны былі служыць у войску (выключэнне рабілася толькі для карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Казахстана, Сібіры і Поўначы). У сухапутных войсках тэрмін службы паніжаўся да 6 гадоў абавязковай і 9 гадоў у запасе, на флоце – адпаведна да 7 і 3 гадоў. Таксама ўводзіліся льготы для людзей, якія мелі адукацыю. Тыя, хто скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы, служылі 6 месяцаў, гімназіі – 1,5 года, гарадскія вучылішчы – 3, пачатковыя школы – 4 гады. З увядзеннем усеагульнай воінскай павіннасці ў Расіі былі фармальна рэалізаваны буржуазныя прынцыпы камплектавання арміі. Але на практыцы саслоўнасць не была ліквідавана. Сярод расійскага афіцэрства пераважалі дваране, а ўвесь цяжар салдацкай службы неслі ніжэйшыя саслоўі, пераважна сяляне, таму што прывілеяваныя саслоўі дзякуючы высокай адукацыі і іншым ільготам фактычна вызваляліся ад службы ў войску.

Школьная рэформа. Рэфармаванне школьнай сістэмы (1864 г.) насіла таксама буржуазны характар. Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай, павялічвалася колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць розных ступеняў навучання. У адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было земскіх школ і грамадскасць не дапускалася да кіраўніцтва народнай адукацыяй. Для Беларусі і Літвы былі выпрацаваны спецыяльныя “Часовыя правілы для народных школ”. У адпаведнасці з імі ў кожнай губерні ствараліся дырэкцыі народных вучылішч з ліку чыноўнікаў, якія ажыццяўлялі нагляд за работай школ, прымалі на работу і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на адкрыццё новых школ.

Агульную сярэднюю адукацыю давалі сямігадовыя гімназіі, якія падзяляліся на класічныя і рэальныя. У класічных гімназіях у аснову навучання было пакладзена выкладанне т.зв. класічных моў – грэчаскай і лацінскай, а таксама гуманітарных дысцыплін. Рэальныя гімназіі павялічвалі аб’ём выкладання матэматыкі і прыродазнаўства за кошт старажытных моў. Скончыўшыя класічныя гімназіі атрымлівалі права паступаць без экзаменаў ва універсітэты. Доступ ва універсітэты тым, хто скончыў рэальныя гімназіі, быў абмежаваны. Яны маглі паступаць пераважна ў вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы.

У 1871 г. рэальныя гімназіі былі пераўтвораны ў шасцікласныя рэальныя вучылішчы, у якіх рэзка скарачалася выкладанне агульнаадукацыйных дысцыплін і пашыралася вывучэнне прыкладных, тэхнічных навук. Выпускнікі гэтых вучылішч ужо не маглі паступаць у тэхнічныя інстытуты без экзаменаў, а прыём іх ва універсітэты быў забаронены наогул. З гэтага ж года ў класічных гімназіях спынялася выкладанне прыродазнаўства, скарачалася на палову колькасць гадзін па літаратуры і гісторыі і адпаведна павялічваўся час на вывучэнне старажытных моў. Увогуле, з-за даволі высокай платы за навучанне магчымасць атрымаць добрую адукацыю мелі пераважна прадстаўнікі прывілеяваных і заможных саслоўяў. Для жыхароў Беларусі становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў краі не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы.

Цэнзурная рэформа. Новы цэнзурны статут, прыняты ў 1865 г., значна пашыраў магчымасці друку. Адмянялася папярэдняя цэнзура для твораў памерам не менш як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў – 20. Выданні меншых памераў абавязкова падлягалі папярэдняй цэнзуры. Буйным перыядычным выданням дазвалялася выходзіць без папярэдняй цэнзуры, але толькі пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў. Пры гэтым органы ўлады мелі права кантролю і прымянення розных санкцый да парушальнікаў закону аб друку – ад грашовага спагнання да закрыцця “нядобранадзейных” газет і часопісаў. Аднак гэта тычылася перш за ўсё цэнтральных выданняў і выдавецтваў. У Беларусі да сярэдзіны 80-х гадоў усе перыядычныя выданні залежалі ад урадавых устаноў і праваслаўнай царквы.

Значэнне рэформ. Буржуазныя рэформы 60–70-х гадоў ХІХ ст., пачынаючы з адмены прыгоннага права, прывялі да значных змен у палітычным жыцці Расіі. Быў зроблены крок наперад па шляху пераўтварэння феадальнай манархіі ў буржуазную. Разам з тым яны неслі ў сабе перажыткі феадалізму, былі непаслядоўныя і абмежаваныя. Вялікія адрозненні і адтэрміноўкі ў правядзенні рэформ у Беларусі надавалі ім яшчэ больш абмежаваны і непаслядоўны характар у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі, рабілі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў беларускіх губернях складанай і супярэчлівай.