Паўночная вайна і яе вынікі

У канцы XVII ст. на поўначы Еўропы склаліся эканамічныя і палітычныя перадумовы для перадзелу сфер уплыву паміж вядучымі дзяржавамі рэгіёну. Расія, Саксонія і Данія утварылі кааліцыю пад назвай "Паўночны саюз" (адсюль і назва вайны 1700 – 1721 гг.), паспрабавалі захапіць частку ўладанняў Швецыі.

У жаданні вярнуць Лівонію, страчаную Рэччу Паспалітай паводле Аліўскага міру 1660 г. на карысць Швецыі, кароль польскі вялікі князь літоўскі Аўгуст II, які быў адначасова і курфюрстам Саксоніі, у 1700 г. у саюзе з Даніяй і Расіяй выступіў супраць Швецыі.Расія ў Паўночнай вайне імкнулася заваяваць землі, якія былі захоплены Швецыяй у пачатку XVII ст. і зачынялі ёй выхад у Балтыйскае мора.

Вайна пачалася няўдала для саюзнікаў. Шведская армія з Карлам XII на чале у 1700 – 1701 гг. прымусіла капітуляваць Данію, пад Нарвай атрымала перамогу над расійскай арміяй, пад Рыгай разбіла саксонскае войска Аўгуста II і ў пачатку 1702 г. уступіла на тэрыторыю ВКЛ. Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. Падчас Паўночнай вайны ВКЛ, бадай, у апошні раз выступіла у якасці самастойнага фактару еўрапейскай палітыкі. У 1702 –1703 гг. паміж княствам і Расіяй былі падпісаны тры міждзяржаўныя пагадненні аб сумесных дзеяннях супраць Швецыі.Расія імкнулася выкарыстаць антышведскія настроі шляхты, каб уцягнуць Рэч Паспалітую ў вайну, надоўга затрымаць шведскія войскі на яе тэрыторыі, што дало б магчымасць самой лепш падрыхтавацца да вайны. Расійскі ўрад абяцаў ваенную і фінансавую дапамогу і нават распрацоўваў праект пераходу ВКЛ пад вярхоўную ўладу цара.

Грамадства ВКЛ раскалолася на праціўнікаў і прыхільнікаў шведаў. У гэты ж час у дзяржаве разгарэлася "магнацкая" вайна за ўладу паміж Сапегамі, Агінскімі, Вішнявецкімі, Радзівіламі. Сапегі шукалі падтрымку ў Карла XII, а прадстаўнікі антысапегаўскай шляхецкай партыі (Агінскія і Вішнявецкія) дамаўляліся з Пятром I. Прыклад палітычнай беспрынцыповасці паказаў кароль Аўгуст II. Ён кідаўся то да Пятра I, то да Карла XII. У імкненні заключыць сепаратны мір са Швецыяй ён не спыняўся нават перад магчымасцю частковага падзелу Рэчы Паспалітай. Шведскі кароль лічыў Аўгуста II несумленным палітыкам і задумаў пазбавіць яго каралеўскай пасады. Кандыдата ў каралі шукалі нядоўга. У 1704 г. шляхта на чале з апальнымі Сапегамі, якая непрыязна ставілася да Аўгуста II, пры падтрымцы шведскіх штыкоў абрала новым манархам ваяводу Станіслава Ляшчынскага.

У Рэчы Паспалітай утварылася двоеўладдзе: адны падтрымлівалі Фрыдрыха-Аўгуста II, другія – Станіслава Ляшчынскага. Чарговая канфрантацыя вяла да трагедыі –прыцягнення знешніх сіл для вырашэння ўнутраных супярэчнасцяў.

Восенню 1704 г. у Беларусь уступіла амаль 60-тысячнае расійскае войска пад камандаваннем Рапніна, усе выдаткі па утрыманні яго неслі мясцовыя жыхары. Расійская армія ачысціла тэрыторыю ВКЛ ад шведскіх войскаў і атрадаў Сапегі. Шведы перайшлі Нёман, разбурылі ваколіцы Гародні. Па беларускай зямлі пачаў гуляць смерч спусташэння. Рэч Паспалітая ператварылася "ў заезджы двор і карчму" для чужаземных войскаў, якія зводзілі рахункі паміж сабою і нішчылі край. Так, вядомы загад Пятра I, паводле якога патрабавалася "... везде провиант и фураж, тако ж хлеб стоячий в поле и в гумнах или в житницах по деревням ... жечь, не жалея истроения ... уничтожать мосты, мельницы, а жителей со скотом переселять в леса".

Не лепшае было стаўленне і з боку шведаў. Загад Карла XII прадугледжваў: "Кантрыбуцыю спаганяць агнём і мячом. Хутчэй хай пацерпіць невінаваты, чым выслізне вінаваты... Было б найлепей, каб усе гэтыя мясціны былі панішчаны рабункамі і пажарамі і каб усе, хто там жыве, вінаватыя ці невінаватыя, былі знішчаны".

На працягу амаль усяго папярэдняга Палтаўскай бітве перыяду тэрыторыя Беларусі была асноўным тэатрам ваенных падзей і базай забеспячэння як рускага, так і шведскага войскаў, а таксама войска Рэчы Паспалітай. За кошт мясцовага насельніцтва яны забяспечвалі свае патрэбы у правіянце, фуражы, транспарце. Збору кантрыбуцый спадарожнічалі самавольствы і рэпрэсіі. У выпадку нявыплаты яе ў тэрмін накіроўваліся ўзброеныя атрады для "экзекуцыі" – прымусовага спагнання.

Па меры прасоўвання шведскай арміі на ўсход, Пётр адводзіў войска да сваёй мяжы, вымотваў праціўніка, падрываў яго баяздольнасць. Ён хацеў даць рашучы бой на беларускай зямлі. 28 верасня 1708 г. пад вёскай Лясная ля Прапойска (сучасны Слаўгарад) руская армія разграміла шведскі корпус генерала Левенгаўпта, які ішоў з Рыгі на дапамогу Карлу XII.

Разгром шведаў пад Палтавай (27 чэрвеня 1709 г.) рэзка памяняў палітычную сітуацыю ў краіне. Расійскае і польскае войскі ачысцілі ад шведаў і іх прыхільнікаў Беларусь, Жамойцію і Польшчу, ваенныя дзеянні перакінуліся на тэрыторыю Швецыі і ішлі далей пры поўнай перавазе Расіі. Трон Рэчы Паспалітай пры падтрымцы саксонскага войска зноў заняў Аўгуст II, прыхільнік цара Пятра, які разам з прускім каралём устанавіў над Рэччу Паспалітай палітычны кантроль. Шляхта, знявераная ў былым манарху, усё ж пагадзілася аднавіць яго на пасадзе. Хоць межы Рэчы Паспалітай пасля Паўночнай вайны засталіся некранутымі, але яна згубіла свой суверэнітэт і усё больш пападала ў залежнасць ад палітыкі расійскага манарха.У шэрагу гарадоў, у тым ліку ў Полацку і Быхаве, былі размешчаны расійскія гарнізоны. У Расію вывозіліся рамеснікі і моладзь. Царскі вяльможа А. Меншыкаў ад свайго імя раздаваў пасады і маёнткі прыхільнікам Пятра I. У 1717 г. Пётр навязаў сойму Рэчы Паспалітай рашэнне аб скарачэнні яе войска і захаванні славутага "ліберум вета". Зацікаўленыя ў захаванні безуладдзя і анархіі пад прыкрыццём аховы і гарантавання "шляхецкіх вольнасцяў" Расія, Прусія і Аўстрыя вырашылі ўтрымліваць Рэч Паспалітую ў залежнасці ад сябе. Паўночная вайна эканамічна зруйнавала Рэч Паспалітую, асабліва яе ўсходнія рэгіёны. Яна была адной з найбольш драматычных старонак беларускай гісторыі. Вялікае княства Літоўскае зноў было адкінута на дзесяткі гадоў назад у сваім гаспадарчым развіцці.Ваенныя дзеянні, грабяжы, пастоі войскаў, непасільныя кантрыбуцыі давялі Беларусь да страшнага спусташэння, нанеслі вялікі ўрон яе эканоміцы. Сотні населеных пунктаў ляжалі ў руінах. Былі спалены Нясвіж, Ляхавічы, Магілёў, Віцебск, Мсціслаў і шмат іншых гарадоў.

Ваенныя спусташэнні ўзмацніліся засухай, што спасцігла сельскую гаспадарку. Вялікім цяжарам для разрабаванага і збяднелага народа была эпідэмія, якая лютавала з 1708 па 1711 гг. і выклікала вялікую смяротнасць. У Наваградку пасля яе засталася толькі палова жыхароў. Эпідэмія ў Гародні ў 1710 г. прыняла такія памеры, што "ўвесь горад застаўся пустым". Сельская гаспадарка, гарады, рамяство, гандаль прыйшлі ўглыбокі заняпад. Вялікай цаной заплаціў беларускі народ у гэтай вайне. Агульныя страты насельніцтва склалі каля 30%, а гэта больш за 700 тыс. чалавек (за гады вайны яго колькасць знізілася з 2,2 млн. да 1,5 млн. чалавек).