ПОЛЬСКА-ЛІЦВІНСКІЯ КАНФЛІКТЫ І ПРАКТЫЧНАЕ СКАСАВАННЕ КРЭЎСКАЙ УНІІ. ВОСТРАЎСКАЕ ПАГАДНЕННЕ.

АГУЛЬНАЗЕМСКІ ПРЫВІЛЕЙ 1387 Г. УЗМАЦНЕННЕ ПАЛІТЫЧНЫХ СУПЯРЭЧНАСЦЕЙ ПАМІЖ ФЕАДАЛАМІ КАТАЛІЦКАГА І ПРАВАСЛАЎНАГА ВЕРАВЫЗНАННЯЎ.

Пасля 1386 г. барацьба супраць Ягайлы і яго унітарнай палітыкі распачалася ў ВКЛ з новай сілай, асабліва на беларускіх землях. Правадырамі незадаволеных спачатку сталі полацкі князь Андрэй Альгердавіч і смаленскі князь Святаслаў Іванавіч. Андрэй заключыў саюз з лівонскімі рыцарамі і ў 1386 г. разам з крыжацкай арміяй пачаў ваенныя дзеянні, заняў Полацк, Дрысу, Друю, Лукомль, а Святаслаў аблажыў Мсціслаўль, Віцебск, Оршу. Аднак Ягайлу ўдалося падавіць выступленне гэтых князёў. Войска Скіргайлы ўзяло ў аблогу і захапіла Полацк, Лукомль і іншыя гарады. Князь Андрэй быў узяты ў палон і адпраўлены ў Польшчу. Сем гадоў трымаў яго Ягайла за кратамі ў замку Хенцін. Бліжэйшыя прыхільнікі Андрэя былі пазбаўлены маёмасці і пакараны смерцю.

Каб паскорыць ажыццяўленне уніі і ўмацаваць сваё становішча, Ягайла пад ўплывам польскай шляхты і каталіцкага духавенства ў 1387 г. выдаў прывілей, паводле якога атрымлівалі неабмежаваныя правы ўласнасці на свае зямельныя ўладанні і вызваляліся ад выканання шэрагу дзяржаўных павіннасцей феадалы ВКЛ каталіцкага веравызнання. Гэта была ў большасці сваёй знаць літоўскага паходжання. На праваслаўных феадалаў, ураджэнцаў беларускіх, украінскіх і рускіх зямель прывілей не распаўсюджваўся.Гэты дакумент сведчыў аб рэзкай пераарыентацыі ўнутранай палітыкі вялікіх літоўскіх князёў да пракаталіцкай накіраванасці. Ён выклікаў незадавальненне і сепаратысцкія "антылітоўскія" настроі ў праваслаўным асяроддзі пануючага класа. З 1387 г. фактычна мяняецца сацыяльна-прававое становішча беларускіх зямель у ВКЛ. З гэтага часу так званае "рускае" пытанне ў поліэтнічным княстве не аднойчы падымалася і выкарыстоўвалася рознымі палітычнымі дзеячамі і групоўкамі у сваіх інтарэсах.

 

 

Такія настроі выкарыстаў і гарадзенскі князь Вітаўт. Убачыўшы варожасць шырокіх колаў грамадства да уніі, якая фактычна закрэслівала самастойнасць ВКЛ, а таксама асабіста незадаволены тым, што Ягайла, будучы польскім каралём, паставіў сваім намеснікам у ВКЛ не яго, а Скіргайлу, ён зноў пачаў барацьбу з Ягайлам. У 1390 г. Вітаўт, спадзеючыся на дапамогу Масквы, дзе яго лічылі сур’ёзнай палітычнай фігурай, выдаў сваю дачку за князя Васіля Дзмітрыевіча. Заключыўшы саюз з крыжакамі, у 1390–1393 гг. Вітаўт неаднаразова з імі рабіў паходы на сваю радзіму.Хаця спробы захапіць Вільню скончыліся няўдачай, Вітаўту ўдалося заняць шэраг гарадоў (у тым ліку Гарадзен). За дапамогу ён абяцаў Ордэну Жамойцію. Пагроза ўладзе Ягайлы ў княстве была вялікай. Існавала рэальная небяспека разрыву польска-літоўскай уніі. І тады Ягайла вырашыў ахвяраваць уладай над Вялікім княствам Літоўскім, каб захаваць саюз абедзвюх дзяржаў і каралеўскі трон у Кракаве.

Трохгадовая упартая барацьба Вітаўта і Ягайлы завяршылася падпісаннем пагаднення паміж імі ў маёнтку Вострава каля Ліды 5 жніўня 1392 г., якое фактычна перакрэсліла Крэўскую дамову. Польскія феадалы і Ягайла вымушаны былі адмовіцца ад першапачатковай задумы уніі. Пагадненне гарантавала княству самастойнасць у саюзе з Польшчай. Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту. Саюз Літвы і Польшчы быў фактычна саюзам дзвюх раўнапраўных дзяржаў, і ВКЛ у непарушнасці захавала сваю дзяржаўнасць, суверэнітет, толькі паступова засвойваючы некаторыя польскія дзяржаўныя інстытуты і юрыдычныя нормы, прымальныя для мясцовага насельніцтва. Польскі кароль захаваў намінальную ўладу над ВКЛ (у якасці "вярхоўнага князя"), але з гэтага моманту на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў на чале руска-літоўскай дзяржавы стаяў ваяўнічы сын Кейстута. Паводле слоў храніста Яна Длугаша, Ягайла прыняў гэта рашэнне, перакананы, што Вітаўт "здольнасцямі пераўзыходзіць яго родных братоў і лепш за ўсіх падыходзіць для цяжкай задачы кіравання Літвой".

 

 

Тэма 4. КНЯЖАННЕ ВІТАЎТА,