ПАДРЫХТОЎКА, ЗАКЛЮЧЭННЕ, ЗМЕСТ І ВЫНІКІ КРЭЎСКАЙ УНІІ.

Ягайлу, які бачыў сваю непапулярнасць, неадкладна трэба было шукаць апоры па-за межамі сваёй дзяржавы. І тут падзеі ў Польшчы надалі гісторыі ВКЛ зусім іншы напрамак. У 1382 г. там памёр кароль Людовік, які не пакінуў пасля сябе мужчынскага патомства. Пасля двухгадовых спрэчак польская знаць абвясціла каралевай яго 10-гадовую дачку Ядзвігу, якая, зразумела, сама не магла кіраваць дзяржавай. Трэба было знайсці такога чалавека для Ядвігі, які б быў не столькі прыемным для яе, колькі карысным для Польшчы.Пад націскам Ватыкана, які баяўся стварэння на ўсходзе Еўропы магутнага праваслаўнага бастыёна, Польшча згадзілася аддаць каралеўскі трон Ягайлу з далейшым прыцэлам на акаталічванне ўсходнеславянскіх зямель Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

І вось у той заблытанай сітуацыі Ягайла ўключаецца ў гульню. Вельмі зручнай для яго з’явілася тая акалічнасць, што ў трыццаціпяцігадовым узросце ён не быў яшчэ жанаты – гэта дазваляла выступіць прэтэндэнтам на польскую карону. Даволі значнай частцы польскай знаці, асабліва антыгерманскай партыі, гэта кандыдатура здалася ці не найлепшай. У Польшчы і ВКЛ меўся агульны вораг – Тэўтонскі ордэн, які закрываў абедзвюм дзяржавам выхад у Балтыйскае мора і пастаянна пагражаў іх інтэрэсам. Аб’яднаўшы сілы, можна было б ставіць пытанне ўжо не толькі пра стрыманне ордэнскай агрэсіі, але і пра пераход у контрнаступленне. Дынастычная унія Польшчы і Літвы абяцала і зняцце пытанняў аб спрэчных тэрыторыях. Княству гэты саюз дапамог бы выйсці з палітычнага крызісу, звязанага з дынастычнай барацьбой за спадчыну Альгерда.

Як сцвярджае маскоўскі даследчык С. В. Думін, у 80-я гады XIV ст. існавалі і былі рэальнымі два шляхі развіцця дзяржавы Гедымінавічаў: у саюзе з Маскоўскай Руссю і ў саюзе з Польскім каралеўствам. Стаўшы зяцем Дзмітрыя Данскога, вялікі князь літоўскі і рускі Якаў Альгердавіч (так, згодна з пагадненнем павінен быў называцца Ягайла) хутка зацвердзіў бы ў Літве праваслаўе, як некалькі гадамі пазней ён правёў хрышчэнне Літвы па каталіцкаму абраду. Жаніцьба на юнай польскай каралеве Ядвізе, абяцанне ахрысціць Літву ў каталіцтва і далучыць яе да ўладанняў польскай кароны рэзка змянілі сітуацыю ў ВКЛ. Вынік выбару, зробленага Ягайлам у 1385 г., у поўнай меры адчулі яго пераемнікі ў XV ст., калі канфлікт паміж Літоўскай Руссю і Руссю Маскоўскай паступова пачаў набіраць не толькі палітычнае, але часткова і рэлігійнае адценне.

Мы бачым хістанні Ягайлы паміж Усходам і Захадам, паміж праваслаўем і каталіцтвам. Пасля няўдалай спробы разыграць усходнюю карту ён кідае свой позірк на Захад.

Тады ж, у першай палове 80-х гадоў XIV ст., склаліся ўмовы, якія падрыхтавалі глебу для палітычнага аб’яднання (уніі) Польшчы і ВКЛ. Перш за ўсё абедзвюм дзяржавам пагражаў адзін і той жа вораг – Тэўтонскі ордэн. У канцы XIV ст. яго агрэсія супраць ВКЛ і Польшчы рэзка ўзмацнілася. За перыяд 1345–1392 гг. нямецкія рыцары 96 разоў нападалі на Літву. Агульная небяспека схіляла абедзве краіны да збліжэння. Разам з тым польскія феадалы разлічвалі пашырыць свае ўладанні за кошт зямель ВКЛ. Яны былі перакананы, што Ягайла ў падзяку за сваё абранне пашырыць правы і прывілеі. Каталіцкае духавенства спадзявалася, што шлюб Ядвігі з Ягайлам пашырыць іх рэлігійна-палітычны ўплыў на ВКЛ і павялічыць іх даходы новаю дзесяцінаю, якую яны атрымаюць ад ахрышчанай Літвы. І тыя, і другія не памыліліся.

Складанае міжнароднае становішча, абвастрэнне палітычнай і дынастычнай барацьбы ў самім княстве пасля смерці Альгерда схілялі арыстакратыю дзяржавы на саюз з Польшчай.

У 1385 г. Ягайла атрымаў з Польшчы прапанову наконт шлюбу з Ядвігаю і злучэння з Польшчай. Ён з ахвотаю згадзіўся на гэту прапанову і на ўсе ўмовы, выстаўленыя яму польскім бокам. Хісткае становішча ва ўласнай дзяржаве рабіла Ягайлу згаворлівым. Умовы ж, на якіх Ягайлу пагаджаліся пусціць на трон, ставіліся даволі жорсткія: гаворка ішла ўжо не пра дынастычны саюз двух раўнапраўных дзяржаў, а фактычна пра далучэнне ВКЛ да Польскага каралеўства на вечныя часы. Ягайла, які з дапамогай уніі спадзяваўся зламаць сваіх палітычных праціўнікаў, напэўна, меркаваў, што галоўнае – атрымаць карону, а з астатнім можна разабрацца пазней.

У 1385 г. у Крэўскім замку, пабудаваным у першай палове XIV ст. Гедымінам і Альгердам, у выніку тайных перамоваў былі выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога аб’яднання ВКЛ і Польшчы. У акце Крэўскай уніі, які разам з Ягайлам падпісалі яго браты Скіргайла, Карыбут, Лугвен, а таксама Вітаўт, літоўскія князі далі абяцанне "на вечныя часы далучыць свае землі, літоўскія і рускія, да кароны Польскай". Акрамя таго, Ягайла абавязаўся прыняць каталіцкую веру і хрысціць Літву. Ён згадзіўся дапамагчы Польшчы адваяваць захопленыя суседнімі дзяржавамі польскія тэрыторыі, заплаціць 200 тыс. фларынаў былому жаніху Ядвігі – аўстрыйскаму прынцу Вільгельму. Польшча за ўсё гэта абяцала княству дапамогу ў барацьбе з крыжакамі. У даследчыкаў да гэтага часу выклікаюць здзіўленне і недавер прынятыя ўмовы Крэўскай уніі. Выказвалася нават думка, што яны падроблены пазней. Польшча настолькі ж была зацікаўлена ў уніі, як і ВКЛ. Некаторыя гісторыкі лічаць, што Ягайла здрадзіў інтарэсам княства гэтай уніяй. Але падабаецца нам сёння гэта ці не, 14 жніўня 1385 г. у Крэве быў заключаны саюз, які даў новую дзяржаўную супольнасць,на 400 гадоў звёў польскую гісторыю з гісторыяй ВКЛ у адзінае рэчышча.

У наступныя гады асноўныя ўмовы уніі былі выкананы. Ягайла ахрысціўся з юнай каралевай і быў ганарова абвешчаны польскім каралём Уладзіславам (1386–1434 гг.). Сойм 1386 г. ухваліў такія ўмовы уніі: кароль і вялікі князь у злучаных дзяржавах адзін; спачатку гэтая асоба ёсць Ягайла, потым прамы нашчадак ад яго шлюбу з Ядвігай; справы, што датычацца абедзвюх дзяржаў, вырашаюцца супольна. Дзяржавы захоўваюць асобныя органы ўлады, войскі і скарб. Апроч таго, як ужо было сказана, Ягайла меў абавязак шырыць каталіцтва сярод літвінаў. Беларускаму насельніцтву была пакінута свабода належаць да ўсходнехрысціянскай веры. Каталіцкае веравызнанне часткі дынастыі і літоўскага насельніцтва (Жамойція была ахрышчана пазней, пасля вызвалення ад крыжакоў у 1411 г.) не з’яўлялася неадольнай перашкодай для супрацоўніцтва жыхароў шматнацыянальнага Вялікага княства Літоўскага.

Так адбылася першая унія ВКЛ з Польшчай. Гэта была дынастычна-персанальная унія: дзве краіны злучаліся адна з адной толькі праз асобу агульнага для абедзвюх дзяржаў манарха і яго наступнікаў-нашчадкаў.

Умовы Крэўскай уніі былі на карысць толькі польскім феадалам, таму не задаволілі ні літоўскіх, ні рускіх. Яны не хацелі мірыцца са стратай дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ і палітыкай акаталічвання насельніцтва. Яе ажыццяўленне зацягнулася на доўгі час, ды і наогул адбылося далёка не ў такой форме, як таго жадалі польскія феадалы.Жыццё Вялікага княства пасля 1386 г. у аснове сваёй не змянілася. Сапраўднае зліццё дзяржаў, зразумела, адразу не магло адбыцца. Яно было абвешчана і стала на шмат гадоў своеасаблівай праграмай-максімум, надаючы польска-літоўскім адносінам пэўную афарбоўку. У наступныя часы (XV ст. 60-я гады XVI ст.) унія рэанімавалася больш за 10 разоў.Акты уніі падпісваюцца ў далейшыя гады, але ўсе яны былі нетрывалыя. Перш чым на польскім дзяржаўным гербе побач з белым арлом дынастыі Пястаў з’явіцца выява "Пагоні", адбудзецца яшчэ нямала бурных падзей.