СІСТЭМА МЯСЦОВАГА КІРАЎНІЦТВА ДЗЯРЖАВАЙ

ВЫШЭЙШЫЯ СЛУЖБОВЫЯ АСОБЫ

 

У ВКЛ кіраванне ў цэнтры і на месцы ажыццяўлялі службовыя асобы (ураднікі), якія кіравалі асобнымі адгалінаваннямі цэнтральнай адміністрацыі ў княстве.

Вышэйшымі службовымі асобамі ў дзяржаве былі маршалак земскі, гетман, канцлер і падскарбій. Маршалак земскі старшынстваваў на пасяджэннях сойма і Рады, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады, наглядаў за парадкам і этыкетам пры двары і падчас афіцыйных цырымоній, кіраваў прыёмам замежных паслоў, дапускаў да гаспадара просьбітаў са скаргамі і чалабітнымі, судзіў за злачынствы, зробленыя на сойме.

Гетман найвышэйшы камандаваў узброенымі сіламі дзяржавы. У час ваенных дзеянняў ён меў самыя шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку права караць вінаватых. Яго намеснікам быў гетман дворны, або польны. Земскі харунжы з земскай харугвай (сцягам) узначальваў прыватныя і павятовыя харугвы, што далучаліся да гетманскага войска. Існавала пасада дворнага харунжага, які захоўваў сцяг пры вялікім князі і камандаваў атрадам шляхты.

Канцлеркіраваў дзяржаўнай канцылярыяй, пад яго наглядам ажыццяўлялася падрыхтоўка законапраектаў, прывілеяў, грамат і іншых дакументаў з дзяржаўнай канцылярыі. У яго знаходзілася вялікая дзяржаўная пячатка, без якой ніводзін закон не мог уступіць у сілу, ён падпісваў і найважнейшыя дзяржаўныя акты. Яго намеснікам быў падканцлер. Канцлеру падпарадкоўваліся шматлікія сакратары (пісары), дзякі, талмачы. У канцылярыі на беларускай мове (з 1696 г. – на польскай) афармляліся ўсе пастановы і распараджэнні князя і Рады. Дакументы, што выходзілі з канцылярыі і прыходзілі туды, запісваліся ў асобныя кнігі, якія называліся Літоўскай Метрыкай.

Падскарбій земскі быў даглядчыкам дзяржаўнай казны і выконваў абавязкі міністра фінансаў, вёў улік дзяржаўных прыбыткаў і выдаткаў, наглядаў за спагнаннем натуральных і грашовых падаткаў і збораў. Яго намеснік – падскарбій дворны – адказваў за грашовыя і матэрыяльныя сродкі, што ішлі на патрэбы гаспадарскага двара.

На ўсе вышэйшыя пасады ў дзяржаве прызначаліся толькі буйныя феадалы найбольш знатных фамілій, толькі ўраджэнцы ВКЛ, якія мелі пэўную адукацыю ці практычны вопыт дзяржаўнай службы. Усе пасады даваліся пажыццёва, і ні гаспадар, ні Рада не мелі права без віны адабраць іх.

 

 

Мясцовае кіраванне на беларускіх землях было складаным. Яно залежала ад гістарычнага мінулага мясцовасці, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і ад уладальніка тэрыторыі. Найбольш буйныя старажытныя княствы (Полацкае, Віцебскае, Берасцейскае, Наваградскае) у першай палове XVI ст. былі пераўтвораны ў ваяводствы, іншыя – у паветы, а такія, як Слуцкае, Кобрынскае і некаторыя іншыя, заставаліся княствамі. Асаблівае кіраванне было ў гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права.

Галоўнай асобай у ваяводстве быў ваявода, які ўзначальваў тут адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы. Прызначаўся ваявода вялікім князем і Радаю пажыццёва з ліку багатых і знатных феадалаў, ураджэнцаў ВКЛ. Прызназначаючы ваяводу ў Полацкае і Віцебскае ваяводствы вялікаму князю і Радзе неабходна было заручыцца згодаю мясцовых феадалаў. Аднак і пасля прызначэння ваяводы феадалы гэтых зямель мелі права патрабаваць яго зняцця. Ваявода абавязаны быў падтрымліваць правапарадак на сваёй тэрыторыі, кіраваць выкарыстаннем дзяржаўных і вялікакняжацкіх даходаў, арганізоўваць належным чынам узброеныя сілы ваяводства, выконваць правасуддзе. Ваявода ўваходзіў у склад Рады і прысутнічаў на пасяджэннях сойма.

Памочнікамі ваяводы былі кашталян – па ваенных справах, падваявода – па адміністрацыйна-судовых, ключнік – наглядаў за зборам даніны і чыншаў, гараднічы – камендант замка, які клапаціўся пра яго рамонт і захаванне ў незалежным стане, а ў адсутнасць ваяводы ўзначальваў гарнізон.

Кіраўніком адміністрацыі ў павеце быў стараста. Прызначаўся ён, як і ваявода, гаспадаром і Радай з ліку буйных феадалаў. Гэтая пасада вельмі часта разглядалася як дадатковая крыніца даходаў радных паноў, а абавязкі, звязаныя з пасадай, выконваў намеснік – падстароста. Прававое становішча старосты залежала ад павета, які ён узначальваў, і ад таго, хто гэту пасаду займаў, ад яго сувязяў і паходжання.

Староста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за парадкам на падведамаснай тэрыторыі, наглядаў за гаспадаркай маёнткаў і за паступленнем дзяржаўных даходаў, клапаціўся пра баявую гатоўнасць замкаў, збіраў апалчэнне ў выпадку ваеннай небяспекі, разглядаў крымінальныя і ваенныя справы, сачыў за выкананнем судовых рашэнняў.

У павеце захоўваліся таксама старыя пасады ключніка, стайніка, гараднічага, ляснічага, цівуна, харунжага – павятовага сцяганосца, які збіраў усіх ваеннаабавязаных у выпадку ваеннай небяспекі.

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў ваяводстве і павеце былі ваяводскі і павятовы соймікі. На іх маглі прысутнічаць усе шляхцічы павета або ваяводства. Тут абмяркоўваліся як мясцовыя, так і агульнадзяржаўныя справы. Павятовыя соймікі збіраліся штогод або нават некалькі разоў на год у павятовым цэнтры. Старшынстваваў на сойміку або найбольш высокі па пасадзе пан, або павятовы маршалак.

На павятовых сойміках выбіраліся дэпутаты на Вальны сойм, выпрацоўваліся інструкцыі і наказы, а таксама хадайніцтвы і просьбы да ўрада, слухаліся справаздачы і інфармацыі аб соймах, абіраліся кандыдаты на судовыя і іншыя пасады, вызначаліся памеры падаткаў на розныя патрэбы. Пры дапамозе сойміку павятовая шляхта абараняла свае мясцовыя інтарэсы перад цэнтральнымі органамі.

Ніжэйшым звяном у сістэме мясцовага кіравання былі дзяржаўцы (спачатку яны называліся цівунамі), якім даваліся ў часовае кіраванне і ўладанне двары, замкі і фальваркі (дзяржаўныя маёнткі). Яны наглядалі за маёнткам, атрымлівалі частку або ўсе даходы, адначасова кіравалі гаспадаркай. Яны мелі права судзіць падуладных ім простых людзей. Для нагляду над сялянамі старосты і дзяржаўцы прызначалі соцкіх, дзесяцкіх, сельскіх войтаў, сарочнікаў, якія сачылі за парадкам у вёсках і выкананнем феадальных павіннасцей сялянамі.

Увесь апарат улады і кіравання ад вялікага князя да цівуна і дзесяцкага дзейнічаў выключна ў інтарэсах пануючага класа феадалаў, які складаў прыкладна 10 % насельніцтва краіны, забяспечваў яго эканамічныя, палітычныя і асабістыя правы і ўладу над астатнім насельніцтвам.