ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ. АДПОР ВОРАГУ Ў ПАЧАТКОВЫ ПЕРЫЯД ВАЙНЫ

На досвітку 22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая Германія вераломна, без абяўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Беларусь у ліку першых савецкіх рэспублік была падвергнута ўдарам ворага. Пачалася Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў за свабоду сваёй Радзімы.

Міжнародны імперыялізм разам з прыхільнікамі капіталістычнай рэстаўрацыі ўнутры СССР зрабіў другую спробу (першая была зроблена пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1917–1920 гг.) знішчыць савецкі дзяржаўны і грамадскі лад і аднавіць буржуазнае грамадства ў краіне.

Германія марыла авалодаць нацыянальнымі багаццямі народаў СССР і выкарыстаць іх у сваіх інтарэсах. Яна ставіла сваёй задачай фізічна знішчыць частку славянства – насельніцтва “ніжэйшай” расы, астатніх славян анямечыць і ператварыць у сваіх рабоў. У адпаведнасці з планам “Ост” 75 % насельніцтва Беларусі меркавалася знішчыць ці выселіць за Урал, 25 % анямечыць і заставіць працаваць на немцаў-каланістаў. У Мінску, напрыклад, планавалася аставіць 100 тыс. чалавек мясцовага насельніцтва і пасяліць 50 тыс. нямецкіх каланістаў, у Гомелі – адпаведна 50 і 30 тыс., Магілёве і Бабруйску – па 50 і 20 тыс., у Барысаве, Лідзе і Навагрудку – па 15 тыс. мясцовага насельніцтва і 5 тыс. нямецкіх каланістаў і г.д.

Гітлер і яго кліка паабяцалі немцам “тысячагадовае квітненне рэйха”, “райскае жыццё” пасля перамогі над СССР: кожнаму – аўтамабіль (“фольксваген”), вызваленне ад падаткаў, магчымасць атрымаць на Усходзе зямлю, маёмасць і рабоў-славян.

Вялікая Айчынная вайна была састаўной і рашаючай часткай другой сусветнай вайны. Захапіўшы амаль усю Еўропу, Германія планавала, як потым абгрунтавана будзе запісана ў дакументах Нюрнбергскага працэсу, “знішчыць СССР як палітычную і ваенную дзяржаву для таго, каб расчысціць шлях для экспансіі Германіі на Усход…”.

На тэрыторыі Беларусі наступала самая моцная з трох фашысцкіх груповак вермахта – група армій “Цэнтр”, меўшая сваёй канчатковай мэтай захоп Масквы. Падтрымліваў яе 2-і паветраны флот, які налічваў 1680 самалётаў (50 % сіл усёй авіяцыі рэйха).

У першыя ж гадзіны вайны варожая авіяцыя нанесла ўдары па ваенных аб’ектах у заходняй прыгранічнай паласе на глыбіню да 400 км. Дыверсійныя групы палка “Брандэнбург”, скінутыя на парашутах у момант нападзення, павінны былі вывесці са строю сувязь і ўпраўленне войскамі. Адразу ж была знішчана большая частка савецкіх бамбардыроўшчыкаў і знішчальнікаў, якія базіраваліся на аэрадромах прыгранічных ваенных акругоў. Масавым бамбардыроўкам былі падвергнуты чыгуначныя вузлы, гарады Беласток, Брэст, Гродна, Баранавічы і інш.

У крайне неспрыяльных умовах, несучы цяжкія страты, савецкія пагранічнікі, чырвонаармейцы аказвалі рашучае, самаахвярнае супраціўленне. Гераічна трымаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці, у які ўваходзілі прадстаўнікі больш за 30 нацый і народнасцей. Узначальвалі яго маёр П.М. Гаўрылаў і палкавы камісар Я.М. Фамін. Не маючы сувязі, вады, харчу, медыкаментаў, абаронцы крэпасці не здаваліся, пастаянна контратакавалі праціўніка, наносілі яму страты. Апошнія групы змагаліся да канца ліпеня 1941 г.

Усімі сіламі войскі Чырвонай Арміі спрабавалі стрымаць наступленне агрэсара. У першы дзень вайны ў небе Беларусі было збіта больш за 100 нямецкіх самалётаў. Пры гэтым лётчыкі Д.В. Кокараў (у раёне Замораў Беластоцкай вобл.), С.М. Гудзімаў (у раёне Пружан), П.С. Рабцаў (над Брэстам), А.С. Данілаў (каля Ліды) і іншыя таранілі варожыя самалёты ў паветры, а некалькі пазней камандзір эскадрыллі М.Ф. Гастэла і члены яго экіпажа А.А. Бурдзянюк, Р.М. Скарабагаты, А.А. Калінін здзейснілі (пад Мінскам, каля Радашковіч) наземны таран, накіраваўшы свой самалёт на скапленне варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрн.

Нягледзячы на катастрафічнае становішча, савецкія воіны ўпарта супраціўляліся, хаця былі выпадкі, і аб гэтым нельга замоўчваць, панікі, разгубленасці, бязладнага адыходу.

Цяжкія баі вялі палявыя войскі Чырвонай Арміі – пехацінцы і артылерысты ў раёне Беластока, Гродна, Жабінкі, Маларыты, іншых населеных пунктаў рэспублікі, на подступах да яе сталіцы, якую абаранялі воіны двух стралковых карпусоў. Мужна трымалі абарону часці 64, 100 і 108-й стралковых дывізій пад камандаваннем адпаведна С.І. Іаўлева, І.М. Русіянава і А.І. Маўрычава. Але гераізм воінаў не мог кампенсаваць адсутнасць рэзерваў і прадуманай сістэмы абароны. Сілы былі няроўныя, і 28 чэрвеня нямецкія танкі прарвалі абарону, уварваліся ў Мінск.

На захад ад Мінска апынуліся ў акружэнні каля 350 тыс. савецкіх салдат і афіцэраў (гэта так званая “катастрофа заходней Мінска”). Такія буйнейшыя злучэнні Заходняй асобай ваеннай акругі, як 3, 4 і 10-я арміі, былі знішчаны і фактычна перасталі існаваць, што пазбавіла магчымасці стрымліваць праціўніка ў Цэнтральнай Беларусі. Частка салдат і афіцэраў, якія засталіся жывымі, трапілі ў палон. Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны ў палон трапіла каля 4 млн савецкіх воінаў. Паводле сучасных удакладненых даных расійскіх даследчыкаў, усяго прапала без звестак і трапіла ў палон 4 млн 559 тыс. чалавек, прычым 3,4 млн з іх – у 1941 г. Большасць чырвонаармейцаў апынулася ў палоне, будучы цяжкапараненымі альбо па віне камандзіраў. На службу да гітлераўцаў перайшло каля 100 тыс. чалавек (3–4 % ад трапіўшых у палон). 450 тыс. савецкіх воінаў змаглі вырвацца з нямецкага палону і ўліцца ў партызанскія атрады, што дзейнічалі на савецкай акупіраванай тэрыторыі альбо ў іншых заняволеных фашызмам краінах Еўропы. Да канца чэрвеня 1941 г. стала відавочна, што Чырвоная Армія ў прыгранічных бітвах на тэрыторыі Беларусі аказалася не ў стане стрымаць, а тым больш разграміць атакуючыя групоўкі праціўніка. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання як вышэйшы орган кіраўніцтва ваеннымі дзеяннямі Савецкіх Узброеных Сіл вымушана была перайсці да стратэгічнай абароны.

У гэты час хаця і са спазненнем, але быў прыняты шэраг надзвычайных мер па мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў краіны на адпор ворагу. Толькі 29 чэрвеня 1941 г. была абвешчана дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) з заклікам да партыйных і савецкіх арганізацый, усяго народа перабудаваць жыццё на ваенны лад, падпарадкаваўшы яго інтарэсам фронту. 30 чэрвеня быў утвораны Дзяржаўны Камітэт Абароны (ДКА) на чале з І.В. Сталіным. Важную ролю адыграла выступленне І.В. Сталіна па радыё 3 ліпеня 1941 г.

У адпаведнасці з дырэктывай пачалася дадатковая мабілізацыя ваеннаабавязаных у Чырвоную Армію і перадача ёй матэрыяльных каштоўнасцей. На тэрыторыі Беларусі ў чэрвені – жніўні ў Чырвоную Армію было мабілізавана звыш 500 тыс. чалавек. Акрамя таго, часцям дзеючай арміі на працягу гэтага часу было перададзена 2,5 тыс. аўтамабіляў, 35 тыс. коней, 23 тыс. павозак, 36 тыс. галоў жывёлы, 20 тыс. т харчавання. Для барацьбы з дыверсантамі праціўніка да сярэдзіны ліпеня 1941 г. было створана 78 знішчальных батальёнаў, якія налічвалі больш за 13 тыс. чалавек. У дапамогу Чырвонай Арміі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, іншых гарадах і населеных пунктах былі сфарміраваны атрады і палкі народнага апалчэння ў складзе больш за 33 тыс. байцоў. Каля 2 млн чалавек было мабілізавана на будаўніцтва абарончых збудаванняў: процітанкавых равоў, дзотаў, аэрадромаў і г.д.

Важнае значэнне надавалася эвакуацыі ў глыбокі савецкі тыл мірнага насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей. У першую чаргу эвакуацыі падлягалі дзеці. У чэрвені – жніўні было вывезена 16 435 дзяцей са 191 дзіцячай установы. У тыл адпраўляліся прамысловае абсталяванне, энергетычныя ўстаноўкі, рухомы чыгуначны састаў, сыравінныя рэсурсы, маёмасць многіх устаноў, грашовы фонд. Былі эвакуіраваны 60 навукова-даследчых інстытутаў, 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Усяго на ўсход краіны было вывезена абсталяванне 224 буйных прадпрыемстваў. Да вясны 1942 г. усе перабазіраваныя на ўсход прадпрыемствы Беларусі ўвайшлі ў строй і пачалі выпускаць прадукцыю для фронту.

У краіне разгарнуўся ўсенародны рух “двухсотнікаў”, дэвізам якога было “працаваць за сябе і за таварыша, які пайшоў на фронт”. Так рабочы клас, калгаснае сялянства, інтэлігенцыя рэспублікі разам з усімі працаўнікамі савецкага тылу кавалі зброю будучай перамогі, шлях да якой заставаўся яшчэ вельмі цяжкім і доўгім.

У ліпені – жніўні 1941 г. часці Чырвонай Арміі, ведучы цяжкія абарончыя баі, працягвалі адступаць. На пачатку ліпеня савецкае камандаванне паставіла задачу стварыць лінію абароны ўздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра з мэтай не дапусціць прарыву гітлераўцаў на Маскоўскім напрамку і перш за ўсё як мага больш утрымаць праціўніка на р. Бярэзіне.

Тры дні ішлі цяжкія абарончыя баі на Бярэзіне, паблізу Барысава і ў самім горадзе на шашы Мінск–Масква, дзе войскі вермахта адчулі ўсю моц нашых танкаў Т-34. Значны ўдар быў нанесены гітлераўцам пад Оршай, дзе 14 ліпеня супраць іх былі прыменены “кацюшы” (рэактыўныя мінамёты батарэі капітана І.А. Флёрава). Сур’ёзны контрудар нанеслі нашы войскі ў адной з буйнейшых танкавых бітваў пад Сянно і Лепелем. Каля тыдня цягнуліся баі за Віцебск.

23 дні (з 4 па 27 ліпеня) савецкія войскі стрымлівалі націск танкавай групы Гудэрыяна на дняпроўскіх рубяжах, у раёне Магілёва. Больш месяца ішлі баі за Гомель.

Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі, нягледзячы на гераічнае супраціўленне часцей Чырвонай Арміі, была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У чым жа прычыны паражэння савецкіх войск у пачатку вайны, у тым ліку ў Беларусі? Яны абумоўлены агульным станам Чырвонай Арміі, і ў тым ліку Заходняй асобай ваеннай акругі (у чэрвені 1941 г. ператворана ў Заходні фронт), да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Па-першае, выявілася перавага эканамічнага патэнцыялу Германіі. У 1940 г. Савецкая краіна мела 18,3 млн т сталі, Германія разам з саюзнікамі і захопленымі краінамі – 46,3 млн т, па чыгуну гэтыя суадносіны складалі адпаведна 15 і 25 млн т, па вугалю 165 і 348 млн т, па электраэнергіі – 49 і 110 млрд кВт× гадз.

Па-другое, гітлераўцы выкарысталі такія часовыя перавагі, як мілітарызацыя эканомікі, працяглая падрыхтоўка да захопніцкай вайны, якасць узброенасці войск, загадзя сканцэнтраваных у пагранічнай паласе. Мы мелі большую колькасць танкаў і самалётаў, але яны былі ў сваёй масе ўстарэлыя. Новыя тыпы ваеннай тэхнікі толькі пачалі паступаць на ўзбраенне Чырвонай Арміі, асабовы склад недастаткова іх асвоіў.

Па-трэцяе, цяжка адбіліся на баяздольнасці Чырвонай Арміі масавыя парушэнні законнасці ў канцы 30-х гадоў. Толькі з мая 1937 г. па верасень 1938 г. былі рэпрэсіраваны 39761 камандзір і палітработнік. Арыштавана і пакарана амаль палова персаналу Генштаба, усе камандуючыя ваенных акругоў, 80 % кіруючага складу карпусоў і дывізій, 91 % камандзіраў палкоў, іх намеснікаў і начальнікаў штабоў. Гэту акалічнасць ведалі гітлераўскія вярхі, калі прымалі рашэнне аб паскарэнні пачатку вайны супраць СССР. “Без трыццаць сёмага года, – сцвярджаў маршал А.М. Васілеўскі, – магчыма, і не было б увогуле вайны”.

Па-чацвёртае, крайне негатыўную ролю адыгралі пралікі Сталіна і яго бліжэйшага акружэння ў ацэнцы ваенна-стратэгічнай абстаноўкі і вызначэнні магчымага тэрміну нападзення Германіі на СССР. Сталін ведаў, што да вялікай вайны мы не гатовы, і ўсяляк імкнуўся не даць Гітлеру падставы для нападзення, разлічваў, што Германія не адважыцца на вайну без разгрому Англіі і без захопу запасаў паліва на Блізкім і Далёкім Усходзе. Ён недаацэньваў шматлікія папярэджанні савецкай разведкі аб фашысцкай пагрозе, не даў дазволу на прывядзенне войск прыгранічных акругоў у баявую гатоўнасць.

Нягледзячы на паражэнні Чырвонай Арміі летам 1941 г., фашысцкі стратэгічны план “маланкавай вайны” быў сарваны. Цяжкія, кровапралітныя абарончыя баі савецкіх войск на Беларусі далі магчымасць сканцэнтраваць рэзервы для абароны Масквы і разгрому там гітлераўскіх войск.