НАБЕГІ КРЫМСКІХ ТАТАР І БАРАЦЬБА З ПАЎДНЁВЫМ АГРЭСАРАМ.

У другой палове XV ст. ВКЛ на ўсходзе і поўдні апынулася ў акружэнні варожых дзяржаў. На паўднёвых межах з'явіўся моцны і небяспечны вораг – Крымскае ханства, што ўтварылася ў выніку распаду калісьці магутнай Залатой Арды. З 1475 г. ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турэцкай Порты і ажыццяўляла палітыку султанаў. Крымская знаць жыла за кошт рабаўніцтва суседніх земляў. У апошняй чвэрці XV ст. ханства становіцца саюзнікам Маскоўскай дзяржавы. У 1480 г. паміж Менглі-Гірэем і Іванам III было заключана пагадненне аб сумеснай барацьбе з ВКЛ. Крымскі валадар абяцаў Маскве ваяваць землі вялікага князя літоўскага Казіміра.

Галоўным аб'ектам спусташальных набегаў хан абраў багатыя, урадлівыя землі паўночнага суседа. Апроч прагі нажывы, яго падштурхоўвала на тое і палітычная прычына – абавязацельства перад маскоўскім саюзнікам.

Смерчам праносілася татарская конніца па ўкраінскіх і беларускіх землях, а абраная тактыка – пазбягаць сечы, рабаваць і хутка бегчы прэч – была беспамылковай. Асабліва пакутавала ад гэтага Украіна. З канца XV ст. крымскія татары пачынаюць пустошыць землі Беларусі. З 1500 да 1569 |г. яны зрабілі 45 наездаў. Дзесяткі тысяч чалавек выводзілі яны ў палон для продажу ў азіяцкія краіны. Асаблівую каштоўнасць уяўлялі для татараў маладыя і дужыя людзі, а таксама дзяўчынкі, якіх яны потым прадавалі за вялікія грошы на нявольніцкіх рынках Крыма і Турцыі.

Падчас вайны 1500–1503 гг. Іван III патрабаваў ад Менглі-Гірэя зрабіць напад на ВКЛ, у напрамку Турава – Пінска – Менска, каб паставіць яго пад двайны ўдар. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы княства ваявалі з Масквою, крымчакі пастаянна пустошылі беларускія землі. У 1500 г. яны спалілі ваколіцы Бярэсця, пасад Камянца. Восенню 1502 г., у самы разгар баёў пад Смаленскам, пераправіўшыся цераз Прыпяць, яны ваявалі землі каля Турава, Пінска, Слуцка. Слуцкі князь Сямён Міхайлавіч Алелькавіч перахапіў крымчакаў у шасці мілях ад Бабруйска і ўшчэнт разбіў на рацэ Уша, вызваліўшы ўсіх палонных.

У наступным, 1503 г., 6-тысячны татарскі атрад, узначалены сынам хана Біці-Гірэем, прыйшоў пад Слуцк і стаў там кошам (лагерам). Загоны спустошылі ваколіцы Капыля і Нясвіжа, спалілі Клецкі замак. Даведаўшыся пра падыход вялікага войска, яны павярнулі назад і са значным палонам вярнуліся ў Крым. 3-тысячны татарскі атрад дайшоў амаль да Навагародка, але вярнуцца ў Крым яму на гэты раз не ўдалося. Літвінскае войска на чале з Сямёнам Алелькавічам, Станіславам Кішкам, Юрыем Неміровічам і Альбрэхтам Гаштольдам дагнала крымчакаў і разбіла іх каля Давыд-Гарадка.

I ў час перамір'я Руская дзяржава ўмела выкарыстоўвала агрэсіўныя памкненні Крымскага ханства, накіроўваючы яго супраць ВКЛ. У 1505 г. сыны Менглі-Гірэя Біці і Бурнаш з ардою ў 12 тысяч коннікаў накіраваліся ў цэнтр Беларусі, са Слуцка і Клецка пускалі загоны на Навагародак, Ліду і гаспадарылі на нашай зямлі. Гэта быў адзін з самых спусташальных набегаў. Рабаўнікі падпалілі ваколіцы шмат якіх гарадоў, знішчылі вёскі і вывелі ў Крым каля 100 тысяч палонных.

Спадзеючыся на беспакаранасць, летам 1506 г. 30-тысячная татарская раць зноў уварвалася на Беларусь. Гэта быў апераджальны ўдар маскоўска-крымскай кааліцыі напярэдадні чарговай вайны з ВКЛ. Але на гэты раз пазбегнуць расплаты не ўдалося. 5 жніўня 1506 г. каля Клецка асноўныя іх сілы былі ўшчэнт разгромлены літвінскім войскам пад кіраўніцтвам князя Міхаіла Глінскага. Тысячы варожых трупаў засталіся ляжаць на месцы бітвы, а недабіткі былі перахоплены пад Капылём і Петрыкавым. Вызвалены 40 тысяч чалавек, якіх вялі ў няволю. Гэта была, бадай, першая перамога такога маштабу над татарамі за колькі трывожных дзесяцігоддзяў.

Пасля клецкай катастрофы палітыка Крыма ў дачыненні паўночнага суседа стала мяняцца. Татарекія напады на Беларусь сталі насіць эпізадычны характар (у 1508, 1510, 1521, 1526, 1527, 1530 гг.). Урэшце яны ўвогуле былі спынены наладжанай абаронай паўднёвых рубяжоў дзяржавы, у тым ліку стварэннем казацкіх атрадаў ва Украіне. З другой паловы 1520-х гадоў крымская небяспека зменшылася. Змена адносін у трохкутніку Вільня – Масква – Крым выклікана і тым, што далейшае ўзмацненне Маскоўскай дзяржавы супярэчыла стратэгічным інтарэсам Асманскай імперыі і яе васала – Крымскага ханства, якія імкнуліся да падтрымання штучнай раўнавагі