ПЫТАННЕ АБ ПАХОДЖАННІ НАЗВЫ «БЕЛАЯ РУСЬ».

 

Заўважана, што ў добра вядомых i вартых даверу гiстарычных крынiцах XII – XV стст., пачынаючы ад “Аповесцi мiнулых гадоў”, Радзiвiлаўскага, Лаўрэнцьеўскага (акрамя Iпацьеўскага) i iншых аўтэнтычных летапiсаў i дакументаў таго часу, што складзены на ўсходнеславянскiх землях, нiдзе не згадваецца Белая Русь. Няма гэтай назвы i ў агульнадзяржаўных летапiсах i хронiках ВКЛ XV–XVI стст. Дзiўна, але Белая Русь нi разу не згадваецца нават у такiм паказальным помнiку, як Баркулабаўскi летапiс, якi складзены ва Усходняй Беларусi ў першай палове XVII ст.

Першая згадка пра Белую Русь змешчана ў геаграфiчным трактаце “Апiсанне зямель”, складзеным у другой палове XIII ст. ката­лiцкiм манахам-мiсiянерам, якi ў часы князя Мiндоўга прапаведаваў сярод язычнiкаў Лiтвы, Жамойцi i Яцвягi i добра ведаў гэтыя краi. Як выцякае з кантэксту апавядання, аўтар, хутчэй за ўсё, разумеў памежную, прылеглую да Прыбалтыкi, паўночна-заходнюю частку Русi, г. зн. тэрыторыю сучаснай Усходняй Беларусi i Пскоўшчыны.

Адна з рэдакцый “Аповесцi мiнулых гадоў” – Iпацьеўскi спiс згадвае пад 1305 г.: “В лето 6813 (1305) ... много бо зла Ляхом Литва, Жмоит, прежде сотвори, Ляхов и Мазуров полками в полон бра, сице Лях един по гривне, се есть по десяти грошей литовских, в Литве и Руси Белой продаван был...”

Самая ж даўняя, дакладная гiстарычная звестка пра Белую Русь у аўтэнтычным помнiку ўсходнеславянскага паходжання сустракаецца ўпершыню ў грамаце Iвана III да Папы Рымскага Сiкста 1472 г., дзе маскоўскi князь называе сябе Ioannes dux Albae Russiae. Гэта назва ўжываецца тут у сэнсе “вольная, прававерная, вялiкая”, а не ў сэнсе “заходняя”, як гэта падаецца ў заходне­еўра­пейскiх крынiцах эпохi сярэднявечча.

Дакументальна зафiксаваны факты выкарыстання назвы “Белая Русь” маскоўскiмi князямi другой паловы XV – пачатку XVI стст. у палiтычных мэтах. Спробы замацаваць гэту назву за Маскоўскай дзяржавай маглi быць абумоўлены як яе вызваленнем ад ардынскай залежнасцi, так i палiтычнай дактрынай “Масква – трэцi Рым”. У абодвух выпадках выкарыстанне наймення “Белая Русь” мела чыста мiфалагiчны сэнс. Як этнанiмiчнае цi этнаграфiчна-тэрытарыяльнае вызначэнне Маскоўскай дзяржавы яно нiколi не ўжывалася.

Цiкавы аналiз тэрмiна “Белая Русь” расiйскiм гiсто­рыкам XVIII ст. Тацiшчавым: “О причине же имели сего разные мнения находятся. Герберштейн (аўстрыйскi дыпламат XVI ст., аўтар запiсак) и другие от множества снегов написали, токмо сие неправо, ибо Великой Руси, где стужии снегов более бывает, паче бы согласовало. Польские и некоторые наши кладут от белого платья, которое при дворе царском в почтении было. Но и сие несогласно, ибо в Белой Руси более овец серых, следственно, и платья серого, нежали в Малой Руси... Древние наши писатели разумели под оным именем Польский и Мережской или Суздальский и Ростовский пределы с принадлежностьми, после Смоленское или Кревич, которое было особное владение, к тому присовокупили. Литовские, хотя похитить титул великих князей белорусских, обладав Смоленском, оное токмо за Белую Русь почли”.

Але, як прасочваецца па крынiцах XVII–XVIII стст., гэты этна­тапонiм “прышчэплiвалi” за нашымi землямi расiйскiя манархi Аляксей Мiхайлавiч, Кацярына II. Цар Аляксей, уступiўшы ў Вiльню ў 1655 г., да свайго тытула “великий князь всея Великия и Малыя...” дадаў “и Белыя России”. Тады ж была ўтворана Беларуская (цi Магiлёўская або Беларуска-Магiлёўская) епархiя. Ненавiсныя ёй словы “лiтвiны”, “Лiтва” iмкнулася выкінуць з ужытку Кацярына II. Насельнiцтва Беларусi ў XIX ст. было пастаўлена перад выбарам: называцца цi рускiмi, цi палякамi. Назвы “Беларусь”, “бе­ларускiя губернi”, “беларусы” выконвалi ў тых умовах ролю камп­рамiсу.

Такiм чынам, назвы “Беларусь”, “беларусы”, хоць i даўнiя, але не мясцовага, не тутэйшага паходжання. Яны не мелi спачатку выразна этнiчнага характару, можа таму так марудна тут пры­жывалiся i так позна – у другой палове XIX–XX ст. – замацаваліся ў народнай свядомасцi. Аднак гэта не падвяргае сумненню старажытнасцi i самабытнасцi беларускага народа, яго мо­вы, гiсторыi i культуры.

У XIV – першай палове XIX ст. тапонiм “Белая Русь” i этнонiм “беларусы” не ахоплiвалi ўсёй нашай зямлi i этнасу, а з’яўлялiся толькi лакальна-тэрытарыяльным вызначэннем.Гэтыя найменнi спачатку замацавалiся за ўсходнебеларускiмi землямi Вiцебшчыны, Смаленшчыны, Магiлёўшчыны i iх насельнiцтвам i толькi ў другой палове XIX ст. распаўсюдзiлiся на ўсю нашу Бацькаўшчыну i народ. Тлумачэнняў паходжання i сэнсу назвы “Белая Русь” безлiч, але ўсе яны з’яўляюцца толькi здагадкамi. Паходжанне назвы звязваюць то з клiматычна-геаграфiчнымi або этнаграфiчнымi асаблiвасцямi гэтых зямель, то са знешне­па­лiтыч­нымi цi канфесiйнымi фактарамi, то са своеасаблiвым статусам iх у складзе княства.

Названыя этнонiмы ў залежнасцi ад абставiн маглi ўжывацца паасобку цi сумесна (“лiцвiн рускага роду”, “лiцвiн-беларусец”), але ўсе яны з’яўлялiся элементамi этнiчнай самасвядомасцi беларускага народа.

Аддзялiўшы ад сябе словы Лiтва i Русь, мы атрымалi поўную блытанiну ў нашай мiнуўшчыне – не можам знайсцi ў сваёй гiсторыi сябе, заблыталiся, што ў нашай культуры нашае, а што чужое, адкуль мы i адкуль iншыя. Часам даходзiць да недарэчнасцей: згадваючы Старажытнабеларускую дзяржаву – Вялiкае княства Лiтоўскае, сучасны беларускi гiсторык мусiць тлумачыць, што i мы, беларусы, маем да гэтага княства нейкае дачыненне.

Пiсаць сёння: лiтоўска-беларуская дзяржава, лiтоўска-беларускiя князi, лiтоўска-беларускае войска i г. д. – калi гаворка iдзе пра сярэднявечча – недарэчнасць. Паводле сярэднявечнай тэрмiналогii больш дакладна трэба пiсаць: лiтоўска-руская або проста лiтоўская. Нельга лiчыць назву “Лiтва”, якая нарадзiлася, пашыралася i ўмацоўвалася на беларускiх землях, як нешта асобнае ад нас i чужое, гэтак жа нельга ўспрымаць як чужую Вiльню – калыску беларускай нацыi, дзяржаўнасцi i культуры, нашу старажытную сталiцу.

Назвай “Лiтва” яшчэ ў зусiм недалёкiм мiнулым звалася заходняя i цэнтральнаяБеларусь. Нават прадстаўнiкi афiцыйных колаў Ра­сiйскай iмперыi разглядалi Вiленскую, Гродзенскую, Менскую гу­бернi i Беласточчыну як Лiтоўскi край. На iх тэрыторыi пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай былi ўтвораны Лiтоўская губерня, потым Лiтоўскае генерал-губернатарства, Лiтоўская епархiя. Зразумела, царскiя ўладары пакiдалi этнiчна беларускiм адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным утварэнням назву Лiтва не выпадкова, апаводле глыбокай гiстарычнай традыцыi.

Лiтоўцамi нас называлi i мы самi сябе лiчылi яшчэ ў мiнулым стагоддзi. “О, Лiтва, мая Айчына”, – пiсаў пра Наваградчыну Адам Мiцкевiч. “Продкi мае выйшлi з лiтоўскiх балотаў”, – пiсаў пра Пiншчыну Фёдар Дастаеўскi.

Беларускi пiсьменнiк Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч “Лiтвою” лi­чыў Менск, у якiм тады жыў, – сучасную сталiцу Беларусi. Беларускага паэта Уладзiслава Сыракомлю сучаснiкi называлi “лiрнiкам лiтоўскiм”, а другi вядомы беларускi пiсьменнiк Арцём Вярыга-Дарэўскi, якi нарадзiўся на Лепельшчыне i жыў у Вiцебску, пiсаў у сваiм творы: “Лiтва – родная зямелька”. Дарэчы, i верш ягоны з красамоўнаю назваю “Лiтвiнам, што запiсалiся ў мой “Альбом”, на развiтанне” (1858) быў адрасаваны маладым беларускiм лi­таратарам. У iм аўтар, мiж iншым, усклiкаў: “Чый гэта голас? Гэты словы нашы, браценькi-лiтоўцы”.

Такiх прыкладаў безлiч. З iх вiдаць, што ў XIX ст. словы “Лiтва” i “лiтвiн” выкарыстоўвалiся як саманазва беларусаў заходняй i цэнтральнай частак нашагакраю.Гэтак жа называлi нас i суседзi. З вуснаў украiнца пра беларуса можна было пачуць: “Хiба лихо озме литвина, щоб вiн не дзекнув”. Жыхары Курскай i Арлоўскай абласцей Расii называлi беларусаў “лiтвiнамi” ажно да Другой сусветнай вайны. А на Беласточчыне ўжо ў наш час запiсана пра беларуса: “Як сыр не закуска, так лiцьвiн – не чалавек!”, або “Лiцьвiн – то чортаў сын!”

Дзесяткi вёсак на Беларусi маюць назву “Лiтва”. Пэўна, кожны з нас мае знаёмых беларусаў з прозвiшчамi Лiтвiн, Лiтвiновiч, Лiтвiнка...

Самае цiкавае, што i дзяржаўную “рускую” мову ВКЛ часам называлi лiтоўскай. Яшчэ чэшскi тэолаг Геранiм Пражскi, пабыўшы пры Вiтаўце мiсiянерам у Княстве, пiсаў, што ў гэтай дзяржаве “мова народа ёсць славянская”, а паводле назвы дзяржавы яе называюць “лiтоўскаю”. Беларускi асветнiк Л. Зiзанiй ў 1626 г. па заказе патрыярха напiсаў праваслаўны “Катэхізіс” і растлумачыў у ім назву самога твора так: “по-литовску это оглашение, русским же языком нарицается беседословие”. Праз год сам маскоўскі цар пытаўся ў яго: “ По литовскому языку как вы говорите “собра”?, на што асветнік адказваў: “Тожде и по литовскому языку “собра”.

Як дзяржаўная мова магутнай некалі Літвы – Вялікага княства Літоўскага, беларуская мова яшчэ і ў ХVIII стагоддзі нягледзячы на інтэнсіўную паланізацыю краю, і на захадзе – для Польшчы, і на ўсходзе – для Расійскай імперыі, заставалася “літоўскаю”. І шчыра новай царыцы Кацярыне ІІ праваслаўны уладыка В. Садкоўскі пагражаў беларускім святарам на слуцкім епархіяльным саборы: “Я вас скорэню, знішчу, штоб і языка не было вашого проклятого літовского і вас саміх; я вас у зсылкі парассылаю альбо ў салдаты паадаю, а сваіх з-за кардону панаважу!”

 

 

5.ЭТНIЧНЫЯ МЕНШАСЦI

 

Аснову новай этнічнай супольнасці склала ўсходнеславянскае насельніцтва. Але ў яе фарміраванні прымалі ўдзел таксама іншаэтнічныя групы: заходнеславянскія (палякі), балцкія (прусы, борці, яцвягі, літва, дайнова, жамойты, латгалы), цюркскія (татары). Яны зрабілі ўплыў на мову, культуру, рэлігію беларускага этнасу і паслужылі дадатковым кампанентам гэтай супольнасці. Акрамя таго, у той час на землях Беларусі пражывалі таксама невялікія групы яўрэяў, цыган, караімаў, шатландцаў, французаў, немцаў, рускіх, украінцаў і інш. Літвіны, у сваю чаргу, жылі ў Польшчы, Масковіі, Галандыі і іншых дзяржавах.

Групы палякаў на этнічных беларускіх землях у другой палове ХІV ст. з’яўляюцца ў якасці палонных пасля паходаў вялікіх лі­тоўскіх князёў у Польшчу. Асабліва вялікай міграцыі палякаў на Беларусь у наступныя стагоддзі не было, бо законы княства забаранялі ім займаць тут пасады і набываць зямлю.Пад уздзеяннем польскага этнакультурнага ўплыву, што ўзмацніўся пасля Люблінскай уніі, прадстаўнікі вышэйшага саслоўя змянілі сваё этнічнае самавызначэнне. Паланізацыі літвінаў-католікаў спрыяў касцёл, які насаджаў польскую этнічную свядомасць. Пераважная большасць тых, хто лічаць сябе сёння палякамі, маюць беларускія карані.

Ад палякаў княства ўспрыняла адміністрацыйны падзел на ваяводствы, запазычыла магдэбурскае права пераняла новы каляндар, з Польшчы пранікаў каталіцызм. Польская мова ўзбагаціла беларускую тапанімію і антрапамію, паўплывала на фарміраванне некаторых характэрных асаблівасцей беларускай мовы. Палякі далі назвы шэрагу населеных пунктаў (тыпу “Ляхаўцы”, “Ляхі”, “Ляхаўшчына”), новыя прозвішчы (Хадакоўскія, Недашкоўскія, Радзялоўскія і інш.), словы, якіх раней не было ва ўсходнеславянскай мове: “мовіці”, “мо­ва”, “змова”, “вымова”, “моц”, “менавіта”, “згода”, “абавязак”, “абяцаць”, “будаваць”, “быдла” і інш. Запазычанне польскіх слоў асабліва інтэнсіўна адбывалася ў ХV–ХVІ стст. Праз польскую мову ў беларускую пранікла група нямецкіх слоў: “рада”, бур­містр”, “біскуп”, “кляштар” і інш. Хаця палякі былі на Беларусі толькі этнічнай меншасцю, польскі нацыянальна-культурны ўплыў на Беларусь узмацняўся па меры ўзрастання палітычнага і рэлігійнага ўплыву Польшчы.

Даволі хуткі працэс засвойвання польскай мовы і культуры, які пачынаецца ў 1570-я гады, меў спачатку пазітыўны характар, бо дапамагаў знаёмству нашых продкаў з культурнымі і навуковымі дасягненнямі Заходняй Еўропы. Але менавіта з яго бярэ вытокі заняпад беларускай мовы і культуры, што адбыўся ў канцы ХVІІ ст. У ХVІ ст., не бачылася ніякай небяспекі ў знаёмстве перадавых, па-еўрапейку адукаванных беларусаў з лацінскай і польскай мовамі, на якіх яны пісалі свае творы. У гэты пачатковы перыяд паланізацыі польская мова пранікала ў княства нібы сама па сабе, без дапамогі з боку палякаў, “уводзілася” ў княства яго ўраджэнцамі. У гэтым галоўная асаблівасць і карэннае адрозненне паланізацыі пачатковага перыяду, які цягнуўся да пачатку ХVІІ ст., ад навязанай каралеўствам паланізацыі ХVІІ–ХVІІІ стст.

Найбольшыя “поспехі” ў такім самастойным “спальшчэнні” зрабілі шляхта і магнаты. Штучная ліквідацыя з іх ужытку беларускай мовы істотна замарудзіла развіццё нацыянальнай самасвядомасці.

Захавальнікам беларускай мовы і культуры стаў просты народ. Акаталічаны і апалячаны пануючы клас супрацьпаставіў сябе асноўнай масе насельніцтва не толькі ў сацыяльных, але і ў рэлігійных, і ў культурна-этнічных дачыненнях.

У ХІІІ–ХІV стст. на Беларусь перамясцілася частка балтаў (прусаў, борцяў, жамойтаў), якіх цяснілі крыжакі. У заходніх раёнах беларускай этнічнай тэрыторыі пражывалі яцвягі (да канца ХІІІ ст.) і літоўцы. Іх мова і культура цесна ўзаемадзейнічалі з беларускай. Так з’явіліся ў беларускай тапаніміцы новыя назвы населеных пунктаў: “Прусінава”, “Прусы” і інш. (ад этноніма “прусы”), “Ятвезь”, “Ятвеск” і г. д. (ад тэрміна “яцвягі”), “Латыголь”, “Латыголава”, “Латыголічы” (ад “латгалы”). Усяго звыш 200 балц­кіх назваў населеных пунктаў налічваюць даследчыкі ў заходніх раёнах Беларусі. У беларускую антрапанімію увайшло звыш 100 балцкіх прозвішчаў (Зыль, Лавейка, Макута, Рэкуць, Сурвіла і інш.). У нашу мову ўвайшлі балцкія словы “дойлід”, “клуня”, “пуня”, “свіран”, “кумпяк”, “дзякло” ( падатак зернем) і г. д. У Вялікім княстве Літоўскім канчаткова завяршалася славянізацыя літоўскіх феадалаў, усяго балцкага насельніцтва заходніх беларускіх земляў.

З канца ХІV ст. на Беларусі пачалі сяліцца татары. Спачатку гэта былі палонныя, захопленыя Гедымінам і Альгердам. Пазней тут знаходзілі прытулак эмігранты з Залатой Арды, якія пацярпелі там паражэнне ў міжусобнай барацьбе. Першым быў хан Тахтамыш са сваімі прыхільнікамі. Іх надзялялі зямлёй і сялілі на Віленшчыне, Гродзеншчыне і Міншчыне. Агульная колькасць татарскага насельніцтва ў княстве ў ХVІ ст. складала ад 40 тыс. да 100–200 тыс. чалавек. Татары неслі вайсковую службу, займаліся рамёствамі і перадалі беларусам свае навыкі ў конегадоўлі, гародніцтве, гарбарстве, узбагацілі беларускую лексіку. Татарскія пасяленцы на Беларусі доўгі час захоўвалі сваю сацыяльна-племянную арганізацыю, звычаі, абрады, вераванні і адрозніваюцца ад мясцовага насельніцтва асаблівасцямі культуры. Большую іх частку прыраўнялі да шляхты, якая займала прывілеяванае становішча. Пад татарскім уплывам у беларускай мове з’явіліся словы “атаман”, “улан”, “казак”, “ямшчык”, “армяк”, “баклага”, “тамга”, у беларускую антрапанімію праніклі татарскія прозвішчы: Татарчук, Татарэнка, Татаронак і г. д., у тапаніміку – назвы населеных пунктаў “Татаршчына”, “Татарка” і інш. Самі татары ўжо ў пачатку ХVІ ст. асіміляваліся беларусамі, перанялі іх мову, забыўшы ўласную. Татарскія рэлігійныя кнігі Аль-Кітабы, пісаныя арабскімі літарамі на беларускай мове, з’яўляюцца унікальнымі помнікамі старадаўняй беларускай мовы.

У канцы ХІV–ХVІ стст. ідзе масавая міграцыя на Беларусь яўрэяў з краін Заходняй Еўропы, дзе яны цярпелі цяжкі ўціск. Першыя іх суполкі ўзніклі ў канцы XIV ст. у Бярэсці і Гародні. З другой паловы ХVІ ст. яўрэі займаюць прыкметнае месца ў этнічнай структуры насельніцтва Беларусі. Большая частка іх сялілася ў гарадах і мястэчках і займалася рамёствамі, гандлем, дробным прадпрымальніцтвам, ліхвярствам. Яны жылі замкнёнымі тэрытарыяльнымі абшчынамі – кагаламі і складалі ў гэты час да 20 % гарадскога насельніцтва.

Першыя групы рускіх мігрантаў на Беларусі з’явіліся ў ХV–ХVІ стст. Сюды ўцякаюць ад праследаванняў апальныя князі і вальнадумцы (А. Курбскі, Арцемій і інш.), з другой паловы ХVІІ ст. – ад здзеку і ўціскаў дзесяткі тысяч стараабрадцаў, сялян і гараджан. Рускія, а таксама ўкраінскія перасяленцы і ўцекачы адносна лёгка “ўпісваліся” ў этнічнае асяроддзе і ўжо ў другім – трэцім пакаленні амаль нічым не адрозніваліся ад мясцовых жыхароў.

На зямлі Беларусі цыганы з’явіліся ў сярэдзіне ХV ст. Наплыў смуглявых вандроўнікаў ішоў спачатку праз Польшчу і Германію, у канцы ХVІ – пачатку ХVІІ ст. – з Венгрыі. У тыя часы амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах дзейнічалі жорсткія законы супраць іх. Больш спакойным было становішча гэтага народа ў Венгрыі, Вялікім княстве Літоўскім і Расіі. Тут, нягледзячы на некаторыя ганенні, цыганы атрымалі прызнанне як добрыя кавалі, ювеліры, каняводы, музыкі, спевакі, танцоры і дрэсіроўшчыкі звяроў, а жанчыны здабылі славу варажбою і знахарствам. Большасць цыган вяла вандроўны лад жыцця. Галоўным месцам збору вандроўных груп была Зэльва. Урад Рэчы Паспалітай беспаспяхова спрабаваў прывучыць іх да аселага жыцця, прымацаваць да зямлі. Цыганы не прыжыліся ў вёсцы, а цягнуліся да гарадоў і мястэчак, дзе звычайна сяліліся на ўскраінах. Аселыя цыганы пражывалі ў мястэчку Мір і займаліся рамёствамі. Цыганы жылі плямёнамі на чале з выбарнымі войтамі ці ваяводамі, захавалі бытавую спецыфіку і выконвалі абрады як беларускага народа, сярод якога жылі, так і свае традыцыйныя.

Масавыя перасяленні ў Вялікае княства Літоўскае ў ХІV–ХVІІ стст. іншаэтнічных груп сведчаць пра нацыянальную і рэлігійную талерантнасць гэтай дзяржавы. Нашчадкі гэтых мігрантаў жывуць на Беларусі да нашага часу. Сёння тут налічваецца 112 тыс. яўрэяў, 12 тыс. татараў, 8 тыс. цыганоў.

Такім чынам, перыяд канца ХІІІ – сярэдзіны ХVІІ ст. стаў для беларускай народнасці часам станаўлення, развіцця і ўздыму. Паспяховае развіццё этнасу абарвала вайна 1654–1667 гг., якая стала першай нашай нацыянальнай катастрофай. У наступныя часы ідзе працэс размывання і заняпаду беларускага этнасу, які выявіўся спачатку ў яго масавай паланізацыі, а потым русіфікацыі. У гісторыі этнасу звычайна ёсць свае “залатыя” і “змрочныя” часы. Першыя спрыялікансалідацыі этнасу, другія – разбурэнню, наглынанню суседнімі этнасамі. Калі ядро этнасу пераважыла “змрочныя” часы, гэтым самым этнас здаваў экзамен на права існаваць.