ЗНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА КАЗІМІРА

Актыўную палітыку праводзіў Казімір на міжнароднай арэне. Галоўнай мэтай яго дыпламатыі было забеспячэнне пакою і міру на межах Польшчы і ВКЛ. Гэтую задачу яму ўдалося ажыццявіць. У 1449 г. Казімір заключыў спрыяльны для ВКЛ мір з Маскоўскай дзяржавай, згодна з якім княства захавала ўсе свае тэрытарыяльныя набыткі на ўсходзе. Не меней актыўную дзейнасць развіў Казімір і ў заходнім напрамку. Тут асноўным аб’ектам яго пільнай увагі заставаўся Тэўтонскі ордэн – істотна аслаблены ў выніку Грунвальдскай перамогі, але ўсё яшчэ небяспечны сусед. Пачатая ў 1454 г. вайна Польшчы з Ордэнам (ВКЛ з-за супярэчнасці з каронай удзелу ў вайне не брала) завяршылася падпісаннем у 1466 г. Таруньскага пагаднення, згодна з якім Польшча набыла паморскія гарады і тэўтоны прызналі сваю васальную залежнасць ад Ягелонаў. Жамойць тады канчаткова была ўключана ў склад ВКЛ.

Аднак час праўлення Казіміра стаў часам аслаблення ўплыву Вялікага княства ва Усходняй Еўропе. З сярэдзіны XV ст. яно канчаткова губляе свой ранейшы наступальны парыў. Пасля смерці Вітаўта яго пераемнікі адмаўляюцца ад агульнарускай праграмы, сканцэнтраваўшы свае намаганні на захаванні цэласнасці сваёй дзяржавы. Пераход Гедымінавічаў ад наступу да абароны супадае па часе з поспехамі аб’яднаўчай палітыкі Масквы. Праграму стварэння ва Усходняй Еўропе магутнай дзяржавы, ядром якой з’яўляліся б усходнеславянскія землі, унаследаваў праўнук Вітаўта – вялікі князь маскоўскі Іван III. Узмацненне актыўнасці Івана III, асабліва пасля “вяліка стаяння” на Угры ў 1480 г., пагражала ўладанням Вялікага княства Літоўскага, і яго ўрад быў не ў стане папярэдзіць страту шэрагу прыгранічных тэрыторый. У канцы XV–XVI стст. маскоўскія князі "ашчыпваюць" усходні край дзяржавы Гедымінавічаў.

У 1470 г. Казімір зрабіў недапушчальную памылку, пайшоўшы на саюз са слабеючай з кожным годам Залатой Ардой супраць набіраючай моцы Маскоўскай дзяржавы. Гэта пагадненне прывяло да разрыву адносін ВКЛ з крымскім ханам Менглі-Гірэем, які веў барацьбу з залатаардынцамі. З другога боку, Іван III выкарыстаў зручны момант, каб аформіць двухбаковую кааліцыю Масквы і Крыма супраць ВКЛ.

З канца XIV ст. унутранае адзінства ВКЛ раздзірала нявырашанае “рускае” пытанне. Пачынаючы з прывілея 1387 г., паглыбляўся антаганізм паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам дзяржавы. Апазіцыя ў адносінах да пракаталіцкага ўраду Вялікага княства беларускія і ўкраінскія феадалы на мяжы XV–XVI стст. неаднаразова дэманстравалі прамаскоўскія настроі. У 1481 г. была выкрыта змова супраць Казіміра ў Кіеве, на чале якой стаялі князі Міхаіл Алелькавіч Слуцкі, Фёдар Бельскі і Іван Гальшанскі. Яны выношвалі план захопу ўлады ў ВКЛ і далучэння ўсходнебеларускіх земляў ажно па Бярэзіну да Маскоўскай дзяржавы. Некаторыя змоўшчыкі былі пакараны смерцю. У 80–90-я гады праваслаўныя феадалы "рускіх" земляў княства часта пераходзілі на бок Масквы разам са сваімі ўдзеламі, якія з дапамогай рускага войска далучаліся да гэтай дзяржавы.

Перад смерцю кароль і вялікі князь Казімір завяшчаў карону вялікіх князёў літоўскіх свайму сыну Аляксандру, а палякам раіў абраць каралём другога свайго сына – Яна-Альбрэхта. Памёр ён у 1492 г. у Гародні. Са смерцю Казіміра закончылася цэлая эпоха ў жыцці ВКЛ.