ПРЫВІЛЕІ ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЗНАЦІ 1432 І 1434 Г.

Для таго, каб выбіць у Свідрыгайлы апору на праваслаўных феадалаў "рускіх" зямель, 15 кастрычніка 1432 г. у Гародні каралём Польшчы Уладзіславам-Ягайлам быў выдадзены са згоды Жыгімонта прывілей, па якому прадстаўнікі знакамітых родаў беларускага, украінскага, рускага паходжання праваслаўнага веравызнання ўраўноўваліся ў некаторых правах з феадаламі-католікамі. Прывілей дэклараваў, што зроблена гэта дзеля таго, каб у будучым паміж жыхарамі ВКЛ не ўзнікалі разлады і варожасць, каб яны больш энергічна і настойліва стараліся захаваць цэласнасці гэтых земляў і падтрымаць іх веліч і сумесна дзейнічалі. Іх заклікалі больш старанна і верна выконваць распараджэнні Ягайлы і Жыгімонта.

У 1434 г. быў абнародаваны аналагічны прывілей, які паходзіў ужо толькі ад аднаго вялікага князя літоўскага Жыгімонта. Неабходнасць яго прыняцця тлумачылася ў прэамбуле тым, што "гаспадар" жадае "нашыя землі Літоўскія і Рускія прывесці ў парадак і справы іх давесці да найлепшага стану…, каб паміж народамі гэтых зямель не было ніякага непатрэбнага ўрону…, каб яны карысталіся роўнымі міласцямі і тым больш горача і настойліва імкнуліся заўсёды да адзінства душ і дапамагалі захаванню найшчаслівейшага стану гэтых зямель". Восем пунктаў, што ішлі ўслед за гэтай прэамбулай, даравалі рускім князям і баярам права свабоднага распараджэння маёнткамі і перадачы іх у спадчыну, права атрымання зямельных валоданняў жонкамі і дзецьмі, вызвалялі княжацкіх і баярскіх падданых ад асобных дзяржаўных падаткаў, а таксама дазвалялі праваслаўнай шляхце нароўні з феадаламі-католікамі ўжываць гербы і знакі шляхецтва.

Прывілей 1434 г.,па якому руская знаць дабілася саслоўнай роўнасці з літоўскай арыстакратыяй – безумоўная перамога ўсходнеславянскіх феадалаў "рускіх" зямель у барацьбе за раўнапраўе ў ВКЛ. Аднак перамога не была канчатковай. Адно з галоўных пытанняў – іх удзел у кіраванні дзяржавай – граматай Жыгімонта не вырашалася. Параграф дзевяты гарадзельскай пастановы, паводле якого праваслаўныя феадалы не мелі права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, захоўваў сваю сілу.

Менавіта ў сувязі з гэтым і працягвалася далейшая палітычная барацьба феадалаў рускіх, усходнеславянскіх зямель Вялікага княства за палітычнае раўнапраўе ў дзяржаве, якога яны ўрэшце рэшт дабіліся ў XVI ст. пасля афіцыйнай адмены ў 1563 г. пастановы Гарадзельскага сойма.

Прывілеямі 1432 і 1434 гг. Жыгімонт перацягнуў на свой бок значную частку беларуска-ўкраінскай шляхты. Гэта аслабіла пазіцыі Свідрыгайлы. У 1435 г. яго войска было разбіта, а сам ён ратаваўся ўцёкамі на Валынь.

Вайна 30-х гадоў XV ст. з’явілася важным рубяжом у развіцці дзяржавы Гедымінавічаў. У гэтыя гады быў дасягнуты кампраміс паміж каталіцкімі і праваслаўнымі феадаламі, г. зн. у асноўным быў пераадолены антаганізм, які з’яўляўся вынікам акта 1387 г. Пашырэнне правоў праваслаўных феадалаў яшчэ не поўнасцю задаволіла іх, але ў цэлым істотна ўмацавала адзінства пануючага класа дзяржавы.

Пазбавіўшыся свайго палітычнага канкурэнта, Жыгімонт праводзіў прапольскую палітыку, аддаў Польшчы Падолле, жорстка ставіўся да сваіх падначаленых. Незадаволеныя яго дэспатызмам і свавольствам, уплывовыя дзяржаўныя мужы вынеслі прысуд Жыгімонту. 20 сакавіка 1440 г. ён быў забіты ў Трокскім замку. Адной з галоўных мэт змовы было імкненне вярнуць на вялікакняжацкі пасад Свідрыгайлу. Яе ініцыятарам быў гарачы прыхільнік апошняга князь Чартарыйскі.