ВЯЛІКАЯ ВАЙНА». РАЗГРОМ КРЫЖАКОЎ ПАД ГРУНВАЛЬДАМ.

 

Крэўская унія аб’яднала беларусаў, літоўцаў і палякаў у сілу, здольную супрацьстаяць бесперапыннай агрэсіі крыжакоў. Нездарма каралеву Ядвігу, шлюб якой з Ягайлам далучыў ВКЛ да Польшчы, аб’явілі ў Польшчы святою.

Адносіны Тэўтонскага ордэна з ВКЛ і Польшчай пастаянна былі напружанымі. Небяспека з боку Ордэна – вось аснова тагачаснага саюза княства і Польшчы. У імя дзяржаўных інтарэсаў вялікі князь і кароль адкінулі ўсе даўнія крыўды, што было няпростай справай, асабліва для Вітаўта. Паміж ім і Ягайлам ляжала смерць бацькі – вялікага князя Кейстута.

Доўгачасовая барацьба славянскіх і балцкіх народаў супраць крыжакоў дасягнула найвышэйшага ўздыму ў пачатку XV ст. Эканамічнае развіццё ВКЛ і Польскага каралеўства не магло праходзіць у нармальных умовах пры пастаянных набегах рыцараў Тэўтонскага ордэна. Скрушэнне агрэсіўнага суседа стала жыццёвай неабходнасцю літвінаў і палякаў.

Прычын і падстаў для развязвання вайны з Ордэнам хапала. Ён даволі бесцырымонна накладваў руку на землі, якія ВКЛ і Польшча лічылі сваімі. Асноўнай зонай канфлікту была Жамойць. Крыжакі яшчэ з XII ст. імкнуліся захапіць яе, каб напрамую злучыцца з Лівоніяй. Ва ўсіх перамовах з літоўскімі князямі ўзамен за дапамогу ці пры заключэнні міру яны патрабавалі сабе Жамойць. І яны атрымлівалі яе паводле дагавораў з Ордэнам у 1384, 1390, 1398, 1402 гг., па літоўска-польска-ордэнскаму трактату 1404 г. Усе гэтыя акты былі праявай дыпламатыі – жмудзіны не збіраліся скарацца крыжакам, і тыя раз за разам хадзілі паходамі на край, які фармальна быў ужо іх уласнасцю. Жмудзь заўжды была гатовай паўстаць, а Літва – ў зручны момант падтрымаць яе.

Паступова станавілася зразумелым, што справа дойдзе да вайны, і ўсе рыхтаваліся да яе. Ягайла і Вітаўт стараліся трымаць свой саюз у тайне, крыжакі ж да апошняга не пакідалі надзеі іх пасварыць. Вялася актыўная дыпламатычная праца. Ордэн меў падтрымку ўсяго каталіцкага захаду, рознымі сродкамі здолеў зрабіць сваімі саюзнікамі паморскіх князёў, падкупіў чэшскага караля Вацлава, які меў саюз з Ягайлам. Атрымаўшы фантастычную па тых часах суму ў 300 тыс. дукатаў, згадзіўся напасці на Польшчу венгерскі кароль, хоць у яго быў мір з Ягайлам.

У сваю чаргу Вітаўт у 1408 г. заключыў саюз з Маскоўскім княствам. Удзельнічаць у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна маскоўскі князь Васіль адмовіўся. Буйным поспехам дыпламатыі Вітаўта з’явілася адсутнасць войскаў лівонскай філіі Ордэна ў важнейшых аперацыях вайны.

Паўсюдна ў Еўропе, у свецкіх і духоўных колах, вялася актыўная дыпламатычная барацьба. Падзеі апошняга года перад вайной паказваюць немагчымасць мірна ўрэгуляваць канфлікты. Абодва бакі гэта разумелі. 6 студзеня 1408 г. для вырашэння спрэчных пытанняў з’ехаліся Вітаўт, Ягайла, магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген. Прысутнічаў і лівонскі ландмайстар. Але дамовіцца не здолелі і раз’ехаліся.

У снежні 1408 г. адбылася тайная нарада Вітаўта з Ягайлам у Наваградку. Кароль і вялікі князь прыйшлі да высновы: цярпець крыжакоў далей не выпадае. Тут сфарміравалася ідэя расправы з Ордэнам. Аднак Вітаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна. У лістах да магістра Ордэна ён запэўніваў таго ў сваіх намерах трымаць мір і ў нейкай ступені здолеў аслабіць пільнасць крыжакоў. Вялікі князь імкнуўся выгадаць час для лепшай падрыхтоўкі да вайны.

У маі 1409 г. у Жамойці выбухнула паўстанне супраць Ордэна. Даведаўшыся аб дапамозе Вітаўта жамойтам і аб намерах Ягайлы перашкодзіць крыжакам пакараць паўстанцаў, Ульрых фон Юнгінген 6 жніўня 1409 г. паслаў Ягайле пісьмовае аб’яўленне вайны, якое той атрымаў 14 жніўня, а ўжо 16 жніўня крыжацкія войскі перайшлі граніцу і пачалі пустошыць польскія землі. Пачалася вайна.

У снежні 1409 г. у час нарады ў Бярэсці Ягайла і Вітаўт распрацавалі падрабязны план летняга паходу на крыжакоў, вызначыўшы месца збору і колькасць войск, напрамак удару саюзнікаў у Вялікай вайне з Ордэнам. На нарадзе прысутнічаў і хан Джэлаладзін, сын Тахтамыша, які абавязаўся дапамагчы конніцай. Адразу ж пачалася падрыхтоўка да паходу, якая вялася ў вялікай тайне. Яна завяршылася вясной 1410 г. У адпаведнасці з планам, у канцы мая ў Вільбаржы і Познані пачалі збірацца польскія атрады, у Вільні і Гародні – літвінскія. Гародня стала цэнтрам збору войск з тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны. Сюды прыйшлі атрады з Валыні, Кіеўскай зямлі, Чарнігава, Ноўгарад-Северскага.

У ліпені 1410 г. аб’яднаныя сілы Польшчы і ВКЛ перайшлі мяжу Тэўтонскага ордэна і ўступілі на тэрыторыю Прусіі. Саюзная армія складалася з 90 харугваў, з якіх 50 былі выстаўлены Польшчай, 40 – ВКЛ.

Апошнія 200 гадоў роля беларусаў у бітве пад Грунвальдам усяляк скажалася гісторыкамі суседніх дзяржаў. Усе яны забываліся ўспомніць пра вояў-беларусаў, якія складалі значную частку ў аб’яднаным войску, а некаторыя "свядома" памыляліся, атаясамляючы беларускае войска з расійскім. Між тым, з 90 палкоў Польшчы і ВКЛ, што біліся ў 1410 г. супраць войска Тэўтонскага ордэна, 40 былі выстаўлены ВКЛ, з іх 22 былі ўласна беларускімі. Сярод іх гарадзенскі, лідскі, полацкі, віцебскі, навагародскі, ваўкавыскі, берасцейскі, пінскі, драгічынскі, мсціслаўскі і іншыя палкі. 30 з 40 харугваў ВКЛ выступалі пад чырвоным сцягам з выявай Пагоні на ім. Такім чынам, у Грунвальдскай бітве ўдзельнічалі разам з продкамі палякаў і летувісаў продкі беларусаў, украінцаў і рускіх. На дапамогу ім прыйшоў атрад чэхаў на чале з Янам Жыжкам. Татарскі хан Джэлаладзін прыслаў конніцу. Усёй саюзнай арміяй камандаваў Ягайла, войскам ВКЛ – Вітаўт.

Тэўтонскі ордэн выставіў у Грунвальдскай бітве 51 атрад, большасць якіх складалася з навербаваных ва ўсёй Еўропе наёмнікаў. Ордэн заручыўся таксама падтрымкай чэшскага і венгерскага каралёў. Крыжацкая армія была меншай, чым армія ВКЛ і Польшчы, але мела лепшае ўзбраенне.

Дакладных звестак аб колькасці войск абедзвюх армій крыніцы не даюць. Даследчыкі лічаць, што саюзная армія мела каля 40 тыс. чалавек, армія крыжакоў – крыху менш. Ёю камандаваў вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген. Войскі сустрэліся каля вёсак Грунвальд, Таненберг і Людвіксдорф (тэрыторыя сучаснай Польшчы). Раніцай 15 ліпеня 1410 г. тут сутыкнуліся дзве магутныя сілы.

Бітву пачала лёгкая конніца ВКЛ. Яна рынулася на тэўтонцаў. Ад аглушальнага тупату шматтысячнай лавы задрыжала зямля. Але што гэта? Сярод лініі коннікаў то тут, то там узнікалі прагалы. Людзі разам з коньмі знікалі, іх нібы праглынала зямля. Гэта былі воўчыя ямы, напярэдадні падрыхтаваныя крыжакамі і добра замаскіраваныя. "Многім людзям ад тых ям шкода вялікая сталася", – з горыччу напісаў летапісец. Аднак атака не захлынулася. Выратаваў разгорнуты строй, якім ішлі харугвы, большасць коннікаў абмінала здрадлівыя пасткі і, змяўшы ахоўныя заслоны крыжацкай артылерыі, дашчэнту высеклі тэўтонскую пяхоту. Наблізіўшыся да крыжакоў пад пакрыццём хмары адначасова выпушчаных стрэл, татары пусцілі ў ход арканы. Імгненне – і амаль увесь першы рад рыцараў бездапаможна трапятаўся па зямлі.

Жалезнай лавінай насоўвалася на Вітаўтава крыло крыжацкая конная армада. Пачалася сеча мячамі. Скрыгат і ляск металу, храп перапужаных коней, стогн і лямант параненых, галасы сігнальных труб зліліся ў адзін суцэльны і жудасны гул, чутны за некалькі міляў навокал. Выратавацца, затаіцца на зямлі, выпаўзці з гэтага кашмару не было ніякага шанцу, бо, як занатаваў летапісец, "конь аб каня бокам аціраўся." Побач з аршанскай, мсціслаўскай, смаленскай, віцебскай, полацкай, ваўкавыскай, наваградскай, пінскай, гарадзенскай, слуцкай, віленскай і іншымі беларускімі дружынамі мужна змагаліся ўкраінскія харугвы – ратненская, луцкая, крамянецкая, уладзімірская, кіеўская. Побач білася дружына Наўгародскай рэспублікі. Мінала адна, настала другая гадзіна бітвы. Харугвы знясільвалі. Абодва бакі падкідвалі падмацаванні, але зрушыць адзін аднаго з месца не маглі.

Ульрых фон Юнгінген загадаў свайму маршалу Валенроду націснуць на татар, а затым усёй сілай абрынуцца на ліцвінскія харугвы. Каб пазбегнуць празмерных страт, татарскі хан Багардзін пачаў тактычны адыход. Пасля жорсткай схваткі пад напорам цяжкай конніцы крыжакоў вымушана была адступіць асноўная частка атрадаў ВКЛ. Іншыя атрады працягвалі барацьбу, асабліва напружаную на левым фланзе арміі ВКЛ. Рашаючым фактарам, які вызначыў ход бітвы, была стойкасць і мужнасць трох палкоў Смаленскага княства: аршанскага, мсціслаўскага і смаленскага, якімі камандаваў мсціслаўскі князь Сямён. Яны, нягледзячы на вялікія страты – адзін полк быў цалкам "жорстка высечаны", – "выйшлі пераможцамі, ваюючы з вялікай храбрасцю"."Яны адны ў войску Аляксандра-Вітаўта, – як сведчыць Длугаш у сваёй “Гісторыі Польшчы”, – сцяжалі ў той дзень славу за храбрасць і геройства ў бітве…".Два засталыя палкі Смаленскага княства злучыліся з польскімі атрадамі.

Уступіўшы на дзве гадзіны пазней у бітву, польскія воіны біліся з вялікай мужнасцю. На працягу больш за гадзіну яны са здзіўляючай упартасцю стрымлівалі і нястомна шаткавалі крыжакоў, не адышлі ні на крок назад, адбілі пры гэтым некалькі асабліва небяспечных флангавых атак. Мужна змагаліся чэшска-мараўскія атрады, сярод якіх то тут, то там мільгала рослая фігура гусіцкага военачальніка Яна Жыжкі.

Бітва з пераменлівым поспехам працягвалася на абодвух крылах яшчэ некалькі гадзін. Сонца ўжо пачало хіліцца да залітай крывёй зямлі. І вось нарэшце не вытрымалі націску крыжацкія харугвы, пахіснуліся і пачалі збівацца ў разрозненыя купы. Іх тут жа бралі ў акружэнне і білі. Вырашыўшы, што Ягайла і Вітаўт вычарпалі свае рэзервы, Ульрых фон Юнгінген кінуў у бой шаснаццаць свежых харугваў, якія чакалі свайго часу ў лагчыне. Адзін з рыцараў, шукальнік прыгод і славы, раптам атакаваў Ягайлу, які пад аховай 60-ці адборных рыцароў назіраў з пагорка за бітвай. Спрактыкаваны ў валоданні зброяй, Ягайла парыраваў удар і выбіў з рук рыцара дзіду. Каралеўскі пісар імгненна падхапіў дзіду і забіў крыжака.

Тым часам Вітаўт падкінуў з рэзерваў яшчэ некалькі харугваў, якія атакавалі ўступіўшыя ў бой на чале з самім магістрам крыжацкія атрады. Немцы змагаліся ўпарта, кідаліся з боку на бок, марна спрабуючы вырвацца з катла. Бітва набліжалася да канца. На полі дабівалі ўпартых крыжакоў. Жывымі пакідалі толькі тых, якія кідалі зброю і прасілі літасці. Частка войска кінулася ў пагоню за ўцекачамі. Сярод багатых трафеяў – зброя, шмат вайсковага рыштунку, кавальскага і слясарнага начыння, адзення, правіянту, у абозе знайшлі тысячы ланцугоў і вяровак, сотні бочак віна. З вялікім імпэтам збіраліся крыжакі адсвяткаваць перамогу.

У сем гадзін вечара вялікая бітва скончылася поўным разгромам крыжакоў. Усё поле было ўсцелена трупамі людзей і коней. Загінула ўсё кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна: вялікі магістр, маршал Валенрод, вялікі камтур Ліхтэнштэйн, амаль усе камтуры, многія знатныя рыцары. На працягу многіх міляў усе дарогі вакол поля бітвы былі завалены пасечанымі тэўтонцамі, а найбольш – дарога на Мальбарк, сталіцу рыцараў. Армія Ордэна фактычна перастала існаваць. " І разбілі нагалаву немцаў, і самога магістра, і ўсіх яго комтураў забілі, і безліч немцаў пабілі і ўзялі ў палон,-расказвае "Хроніка Быхаўца". – …і затым, усіх іх разграміўшы і шмат гарадоў і зямель іх пабраўшы, а астатнія паланіўшы і дашчэнту выпаліўшы і спустошыўшы, з вялікаю пашанаю і незвычайнаю перамогаю, заслужыўшы на ўвесь свет выдатную славу, вярнуліся ў свае землі".

Вялікія страты панесла і войска Вялікага княства Літоўскага: 20 тысяч ратнікаў (амаль кожны другі). У пераважнай большасці гэта былі сыны беларускай зямлі, якія прынялі на сябе асноўны цяжар бітвы. Страты польскага войска невядомы. Назаўтра, 16 ліпеня, каля Таненбергскага касцёла хавалі забітых. Пасля пахавання адправілі доўгі абоз з параненымі. Па дарозе многа цяжка пакалечаных ратнікаў памерла, іх хавалі абапал дарогі.

Па рашэнню вайсковай рады рэшткі саюзнай арміі рушылі на крыжацкую сталіцу Мальбарк, беручы па дарозе замкі і гарады. Многія з іх здаваліся без супраціўлення. Насельніцтва крыжацкай дзяржавы прызнала над сабой уладу Ягайлы. Па словах храніста, на пруска-паморскім абшары "у крыжакоў засталося толькі восем замкаў, а 70 дашчэнту разбурылі". Усё гэта затрымлівала рух войска, да таго ж яно было стомлена. Мальбарк аблажылі толькі 25 ліпеня. За гэты час крыжакі паспелі падрыхтаваць замак да працяглай аблогі: гарнізон быў папоўнены людзьмі, каморы – правіянтам, цэйхгауз – зброяй. Таму трыумфальны рух саюзнікаў па крыжацкай дзяржаве на Мальбарк абярнуўся істотнымі пралікамі і стратамі, якіх можна было пазбегчы. Узяць гэты магутны замак, вышыня сцен якога дасягала 23 м, а таўшчыня унізе 16 м, з ходу не ўдалося. Нават дзесяціпудовыя ядры пакідалі на іх толькі шчарбіны і трэшчыны. У верасні аблога была знята, саюзная армія пакінула Прусію.

Тэўтонскі ордэн, які ўжо ніколі болей не дасягаў сваёй былой магутнасці, усё-такі адрадзіўся і зрабіў некалькі спроб аднавіць свае страчаныя пазіцыі, але восенню таго ж года Ягайла разбіў значныя сілы крыжакоў. Генрых фон Плаўэн, які стаў вялікім магістрам, вымушаны быў заключыць спачатку перамір’е, а потым мір з Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім. Паводле пагаднення, падпісанага ў 1411 г. у Торуні, Ордэн абавязаўся вярнуць Польшчы частку захопленых імі зямель, а ВКЛ – Жамойцію і Судовію, выплаціць саюзнікам 300 тысяч залатых дукатаў, выкупіць палонных.

Такім чынам, бітва пад Грунвальдам мае вялікае, сапраўды міжнароднае значэнне. 15 ліпеня 1410 г. у бітве сышліся прыкладна 80 тыс. чалавек. Гэта былі не проста два войскі. У жорсткай сечы сутыкнуліся, па сутнасці, Еўропа крыжацкая і Еўропа славянская.У гэты дзень назаўсёды закаціліся веліч і слава Тэўтонскага ордэна: знішчана яго армія, падарвана ваенна-палітычная магутнасць; пачаўся яго заняпад.У 1466 г. канчаецца незалежнае існаванне Тэўтонскага ордэна. Вялікі магістр вымушаны быў прызнаць сябе васалам польскага караля і вялікага князя літоўскага Казіміра IV.

Гэта перамога была забяспечана збліжэннем народаў і іх сумеснымі дзеяннямі. Грунвальд для беларусаў – тое ж, што Кулікоўская бітва для рускіх.