УДЗЕЛ ПАЛАЧАН У РАЗГРОМЕ ШВЕДСКІХ ЗАХОПНІКАЎ У БІТВЕ НА НЯВЕ (1240). ПАХОД НА ЮР’ЕЎ. ДАЎМОНТ НАЛЬШЧАНСКІ

Менавіта ў гэты час Ноўгарад і Пскоў зразумелі ў поўнай ступені небяспеку, якая насоўвалася на іх з боку крыжакоў. Полацкая зямля была значна аслаблена і, нягледзячы на тое, што не пускала крыжакоў далей на поўдзень усходнеславянскіх земляў, дзе з’явіліся мангола-татары, не магла больш супрацьстаяць захопнікам. У гэтыя гады наўгародскі князь Яраслаў робіць свае першыя паходы супраць крыжакоў. Але і ягоных сіл было недастаткова. Наспяваюць умовы для стварэння антыкрыжацкай кааліцыі, якая і была ў 1239 г. фактычна аформлена шлюбам наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча (будучага Неўскага) з полацкай князёўнай, дачкой князя Брачыслава. Гэты шлюб сведчыць аб палітычным збліжэнні Полацка і Ноўгарада, хутчэй за ўсё на аснове агульнай барацьбы з нямецкай і шведскай агрэсіяй.

Летам 1240 г. шведскі ўрад накіраваў войскі для захопу Нявы. Дзе было шукаць князю падмогі ў час міжусобіц?

Ён паслаў у Полацкую зямлю свайго ганца – лоўчага Якава, які трапіў у Ноўгарад разам з дваром маладой княжны. Аляксандр прасіў дапамогі ў князя Брачыслава, бо захоп шведамі выхаду да Балтыйскага мора балюча адбіўся б на гандлёвых і эканамічных інтарэсах не толькі Ноўгарада, але і Полацка.

У бітве 15 ліпеня 1240 г. на Няве разам з наўгародцамі прымалі ўдзел і палачане. Лоўчы князя Аляксандра Якаў Палачанін праявіў асаблівую мужнасць: біўся з невялікім атрадам супраць цэлага палка шведаў. Ён, паводле "Жыція Аляксандра Неўскага", "наеха на полк с мечем і много мужества показа", за што заслужыў пахвалу ад наўгародскага князя. 5 красавіка 1242 г. полацкая дружына зноў дапамагае наўгародцам разбіць крыжакоў на Чудскім возеры. Перамогі на Няве і Чудскім возеры спынілі наступленне ворагаў з поўначы і з захаду.

Тым часам у выніку мангола-татарскіх паходаў 40–50-х гадоў практычна ўся Усходняя Еўропа была падначалена ім. Тумены хана Бурундая дайшлі да Віслы. Вольнымі засталіся толькі Полацкая зямля і Ноўгарад, ды і то апошні, на чале з князем Аляксандрам, быў вымушаны плаціць ім даніну.

Важную ролю ў барацьбе супраць нямецкай агрэсіі адыгралі Літва і Жамойць. Працяглы час яны адбівалі ваенны і дыпламатычны націск крыжакоў. Хронікі і летапісы паведамляюць аб сакрушальных ударах жамойцкіх і літоўскіх дружын па крыжаках. 13 ліпеня 1260 г. пры падтрымцы палачан яны нанеслі цяжкае паражэнне немцам каля возера Дурбе.У 1262 г. вялікі літоўскі князь Міндоўг заключыў дагавор з наўгародскім князем Аляксандрам Неўскім аб сумеснай барацьбе супраць Лівонскага ордэна.

Палітыку адпору крыжакам працягвалі князі, якія ў сярэдзіне XIII ст. ўсталяваліся ў Полацку. Яны таксама заключалі пагадненні з Ноўгарадам супраць Лівонскага ордэна. У 1262 г. разам з Аляксандрам Неўскім, Яраславам Цвярскім хадзіў на Юр’еў, на крыжакоў полацкі князь Таўцівіл, пляменнік Міндоўга. У летапісе сказана, што разам з імі было "полочан и литвы 500". Гэта кааліцыя "единым приступом 3 стены взяша, а Немцы избиша, а сами здоровы приидоша".

У 1267–1272 гг. пскоўскі князь Даўмонт – ураджэнец Нальшчанскай зямлі (паўночны захад Беларусі, раён Крэва, Гальшан, Ашмян) і адзін з самых уплывовых людзей Літвы – праславіў сваё імя перамогамі над крыжакамі. На многія гады адбіў ён у іх ахвоту хадзіць на Русь. Цэлае пакаленне пскавічоў вырасла, не чуючы звону мячоў (70–80-я г. XIII ст.).

У 1299 г. састарэлы князь зноў бярэ ў рукі меч і разбівае крыжакоў, якія з’явіліся пад Псковам. "Бысть сеча зла яко николи яще тока не бывала у Пскове", – запісаў летапісец. А праз месяц мор, які моцна спустошыў Пскоў, забраў у магілу мужнага Даўмонта. "Бысть же тогда жалость велика ў Псковскай зямли", – канстатуе летапіс. Пазней ён быў кананізаваны рускай праваслаўнай царквой як святы Цімафей (такое імя было дадзена Даўмонту пасля хрышчэння ў Пскове).

Летам 1299 г. літоўска – пскоўскую мяжу перасёк атрад коннікаў. Воіны суправаджалі сына Даўмонта і княжны Марыі, унучкі Аляксандра Неўскага, князя Давыда (каля 1283–1326 гг.). Ён выканаў перадсмяротную волю бацькі – вярнуўся на зямлю продкаў. Давыд Даўмонтавіч паступіў на службу да князя Гедыміна ў якасці кашталяна, ажаніўся з дачкой Бірутай і атрымаў права карыстацца асобным удзелам. Выпадак выключны, калі нагадаць, што Гедымін праз шлюб сваіх дачок парадніўся з уладарамі Усходняй Еўропы: Маскоўскім, Цвярскім, галіцка-валынскім, мазавецкімі князямі, а таксама з польскім каралём. Гэта сведчыць, наколькі высока цаніў Гедымін Давыда. Ён даверыў яму абарону Гародні. Больш за чвэрць стагоддзя Давыд узначальваў барацьбу жыхароў Гарадзеншчыны супраць крыжакоў, праявіўшы сябе таленавітым палкаводцам.

На наступны год пасля пакарэння тэўтонамі зямлі прусаў і знішчэння племя (1283 г.) Тэўтонскі ордэн распачаў вайну з Вялікім княствам Літоўскім, або, як яго называлі нямецкія крыніцы, з Літвой (разумелася дзяржава літоўскіх князёў, этнічная Літва фігуравала пад назвай "Жамойць"). Нягледзячы на тое, што агрэсія была скіравана, галоўным чынам, на Жамойць ды замкі сярэдняга Нёмана, тэўтоны не пакінулі ў спакоі і беларускае Панямонне. Але яны баяліся заходзіць далёка ў глыб гэтага краю, пакуль ім пагражаў удар з Гародні, названай крыжакамі Гартэнам. Гарадзенскі замак быў важным стратэгічным пунктам, і рыцары намагаліся любой цаной захапіць яго. Хадзіць на непрыступны Гартэн лічылася справай гонару сярод тэўтонаў. У 1284 г. войскі крыжацкага магістра Конрада Цырнберга ўпершыню асадзілі Гародню. Яны ўварваліся ў замак, пабілі ўсіх або забралі ў палон, спалілі ўмацаванні, спустошылі ваколіцы і з вялікай здабычай вярнуліся ў ордэнскія ўладанні. Наступнае нашэсце ў беларускае Панямонне адбылося праз 10 гадоў (1295 г.). У 1296 г. двойчы хадзілі на Гарадзенскі замак тэўтоны на чале з Райбергам, які загінуў у час гэтага паходу, і Зуцвертам. Крыжацкія набегі на Гарадзенскую зямлю рабіліся ўсё больш частымі і спусташальнымі.