ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У Х – ПАЧАТКУ XIII СТ.

І НАШЭСЦЕМ МАНГОЛА-ТАТАРАЎ

ТЭМА 4. БАРАЦЬБА З КРЫЖАЦКАЙ АГРЭСІЯЙ

Асноўная літаратура

  1. Лысенко П.Ф. Открытие Берестья. – Мн.: Наука и техника, 1989.
  2. Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX -ХІІІ в.). - Мн.: Наука и техника, 1978. – 160 с.

Знешнепалітычную дзейнасць княстваў, якія склаліся на тэрыторыі Беларусі, нельга звесці толькі да адносін з Кіевам, Ноўгарадам і іншымі тагачаснымі палітычнымі цэнтрамі Усходняй Еўропы. Сфера гэтай дзейнасці была значна шырэйшая. Ім даводзілася не толькі вырашаць пытанні ўзаемаадносін усходнеславянскіх земляў, але і наладжваць сувязі з сумежнымі і аддаленымі краінамі, весці барацьбу са знешняй пагрозай, забяспечваць свае міжнародныя інтарэсы.Стольнаму Кіеву даводзілася лічыцца з інтарэсамі беларускіх княстваў пры вырашэнні міжнародных спраў. З сярэдзіны ХІІ ст. самастойнасць княстваў у галіне знешняй палітыкі яшчэ больш узрасла, і Кіеў практычна цалкам страціў кантроль над знешнепалітычнымі дзеяннямі мясцовых князеў.

Полацкая зямля ў ІХ ст., а, магчыма, і раней, мела сувязі з дзяржавамі Скандынавіі. Ва ўсякім разе, пра гэта княства там ведалі, аб чым сведчаць ісландскія і скандынаўскія сагі. Пісьмовыя крыніцы сведчаць таксама, што полацкая, як і іншыя усходнеславянскія землі, зведалі нарманскія (варажскія) набегі, што Крывіцкая (Полацкая) зямля нейкі час вымушана была выплачваць варагам даніну. Выплата даніны, хутчэй за ўсё, з’яўлялася сродкам падтрымкі мірных адносін са Скандынавіяй і прадухілення нападу з поўначы. Такой жа платай за мірныя адносіны і саюзную дапамогу была, напрыклад, і даніна, якую Візантыя – адна з буйнейшых дзяржаў таго часу – давала славянскім плямёнам. Выплата даніны варагам была непрацяглай. Пад 867 г. Ніканаўскі летапіс паведамляе: "Въсташа Словене, рекше новгородцы и Меря и Кривичи на варяги и изгнаша их за море и не даша им дани".

Выхадцы са Скандынавіі ўдзельнічалі ў палітычным жыцці ўсходнеславянскіх княстваў, якія толькі складваліся, а, калі верыць летапісам, то і сталі на чале іх.Такім князем, магчыма, быў і Рагвалод Полацкі, які "пришел и заморья". Князем нарманскага паходжання некаторыя гісторыкі лічаць і Тура, які з’явіўся ў дрыгавічоў. У адным з летапісаў ён названы братам Рагвалода. Выхадцы са Скандынавіі выступалі ў якасці наймітаў – сага пра Эймунда расказвае, як ён з дружынай наймаўся да полацкага князя Брачыслава.

Аднак нельга і перабольшваць ролю варажскага фактару ў гістарычным развіцці беларускіх земляў. Не выхадцы са Скандынавіі вызначалі палітыку Полацкага княства, характар яго дзяржаўнасці. Яно пачало складвацца яшчэ да варагаў і было ўсходнеславянскім утварэннем, якое імкнулася забяспечыць сваё існаванне.

Нашым продкам быў добра знаёмы шлях у Візантыю, і яны не раз пад кіраўніцтвам кіеўскага князя рабілі набегі на ўладанні імперыі. Частка даніны, якую абязаўся выплаціць Царград пасля паходу на яго ў 907 г., ішла ў Полацк.

Наладжваючы сувязі з паўднёвымі і ўсходнімі краінамі, старажытная Русь у той жа час актыўна супрацьстаяла набегам качэўнікаў. Вядома, што радзімічы нейкі час знаходзіліся ў залежнасці ад хазар, плацілі ім даніну. Вялікі кіеўскі князь Алег ліквідаваў гэту залежнасць. Беларускія княствы ўдзельнічалі ў барацьбе з печанегамі і полаўцамі, якая насіла агульнаславянскі характар. Усяслаў Полацкі ў 1060 г. ваяваў супраць торкаў. Падчас свайго сямімесячнага праўлення ў Кіеве ён адыграў немалаважную ролю ў арганізацыі адпору полаўцам. Крыніцы паведамляюць таксама пра ўдзел палачан у паходах на полаўцаў у 1103 і 1183 гг. А вось у 1128 г. яны адмовіліся ад удзелу ў такім паходзе, які рыхтаваў кіеўскі князь Мсціславам, што стала прычынай расправы з полацкімі князямі – былі схоплены і высланы ў Візантыю.

Стэпавыя качэўнікі адыгралі пэўную ролю ў княжацкіх усобіцах на Русі, прыцягваліся мясцовымі князямі ў якасці наймітаў. Так, князь тураўскі Святаполк спрабаваў знайсці падтрымку ў печанегаў ў барацьбе за кіеўскі стол.

Усё больш рознабаковымі рабіліся адносіны беларускіх земляў з еўрапейскімі краінамі. Сродкам вырашэння знешнепалітычных праблем служылі і сямейна-шлюбныя сувязі. Святаполк тураўскі меў сваяцкія сувязі з польскім каралём Баляславам. Полацкая дынастыя Рагвалодавічаў-Ізяславічаў параднілася з візантыйскім імператарскім домам.