РАЗВІЦЦЁ ФЕАДАЛЬНЫХ АДНОСІН НА ЗЕМЛЯХ БЕЛАРУСІ. САЦЫЯЛЬНАЕ РАССЛАЕННЕ ГРАМАДСТВА.

Асноўны пласт старажытнабеларускага грамадства складалі сяляне. Яны жылі ў невялікіх сёлах – "весях". Адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам некалькіх весяў было вялікае сяло-пагост. Жыллём служылі невялікія наземныя зрубы, радзей – паўзямлянкі. У кутку ля ўваходу размяшчалася нізкая глінабітная печ безкоміна, якая палілася "па-чорнаму".

Сялянская гаспадарка ("дым") вялася сям'ёй. Спачатку гэта была вялікая патрыярхальная сям'я, ці "дворышча", калі бацькі і іх жанатыя сыны сумесна вялі гаспадарку на зямлі. Вялікія сем'і месцамі захоўваліся на Беларусі ў феадальную эпоху цягам некалькіх стагоддзяў. У другой палове тысячагоддзя назіраецца працэс распадзення вялікіх сем'яў. Жанатыя сыны аддзяляюцца ад бацькоўскай гаспадаркі і ўтвараюць малыя сем'і, якія вядуць самастойную гаспадарку.

Для гаспадарчага жыцця вясковай сям'і быў характэрны натуральны ўклад. Сельскі жыхар сам задавальняў свае асноўныя патрэбы. Сяляне не толькі выраблялі ўсе неабходныя прадукты харчавання, але пралі і ткалі, шылі адзенне і абутак, будавалі жыллё і гаспадарчыя пабудовы, рабілі няхітрую мэблю, посуд і г. д. Разам з тым,частку неабходных прылад працы, інструментаў, упрыгажэнні сяляне набывалі ў рамеснікаў і дробных гандляроў, абменьвалі іх на вырабленыя ў сваёй гаспадарцы прадукты харчавання.

Земляробчае насельніцтва было арганізавана ў абшчыны ("верв", "грамада"),якіяскладаліся з усіх сем'яў адной або некалькіх вёсак. Абшчына выконвала адміністрацыйныя і судовыя функцыі. Яна прыйшла на змену бацькоўскаму роду, які распадаўся. Абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукой (сумеснай адказнасцю) за злачынствы, учыненыя на яе тэрыторыі, калі злачынца невядомы, пакрывалі нанесеныя гаспадарцы ці рэчам ўладальніка страты, супольна адказвалі за выкананне дзяржаўных, а потым і панскіх павіннасцяў. Паступова абшчына трапіла пад "апеку" феадалаў, якія выкарыстоўвалі яе арганізацыю ва ўласных інтарэсах. Абшчына была ўладальніцай ворнай зямлі, на якую яшчэ не распаўсюдзілася ўлада феадала, лясоў і вадаёмаў. Агульнымі намаганнямі расчышчалі новыя плошчы пад раллю. На працягу многіх стагоддзяў эпохі феадалізму гаспадарка сялян вялася на землях, якія належалі сельскай абшчыне. У ёй спалучалася абшчыннае валоданне зямлёй з індывідуальным вядзеннем гаспадаркі. Ворныя землі былі ў карыстанні асобных двароў. Час ад часу абшчына рабіла іх перадзел. Сенажаці, лясы, вадаёмы былі ў сумесным карыстанні. Абшчына садзейнічала згуртаванню сялян у іх адносінах з феадаламі. Сяляне былі зацікаўлены ў яе захаванні. У пэўнай ступені ў гэтым былі зацікаўлены і феадалы, якія выкарыстоўвалі кругавую паруку для спагнання з сялян павіннасцяў.

Пануючы клас феадалаў меў сваю іерархію. На яе вяршыні знаходзіўся князь, ніжэй – князі больш дробных удзельных княстваў - "вотчын", затым ішлі феадалы – ўладальнікі вялікіх і малых памесцяў. Становішча феадала залежала ад яго радавітасці і колькасці зямлі, якой ён валодаў. Дробныя феадалы часта ішлі на службу да больш багатага, рабіліся яго васаламі і карысталіся яго заступніцтвам. Феадала абслугоўвала залежная ад яго чэлядзь, ен меў сваіх целаахоўнікаў і збраяносцаў. Багатыя феадалы мелі ўласнае войска. Акрамя таго, яны атрымлівалі права імунітэту – права збору падаткаў і правядзення суда ў сваіх уладаннях. Асновай панавання і багацця класа феадалаў была зямля. Вярхоўным уласнікам усёй зямлі лічыўся князь. Ён меў уладанні, раскінутыя па ўсяму княству. За карыстанне імі насельніцтва абавязана было плаціць князю грашыма або натурай (прадуктамі, футрай і інш.), даніну якой абкладвалася кожная сялянская гаспадарка ("дым").

Крыніцы X–XIII стст. называюць наступныя віды феадальнага землеўладання: княжацкае, баярскае і царкоўнае. Феадальнае землеўладанне было вотчынным ці памесным. Вотчыннае землеўладанне давала феадалу права дзяліць і перадаваць па спадчыне сваё ўладанне. Памеснае – дазваляла часовае карыстанне зямлёй за службу без права перадачы ў спадчыну. Феадалы жылі за кошт сваіх вотчын, што ўключалі замак і сёлы, на якія распаўсюджвалася іх улада. Буйнымі феадальнымі ўласнікамі сталі цэрквы і манастыры. Яны багацелі за кошт паступлення ў іх распараджэнне царкоўнага падатку, які складаў 1/10 частку ўсіх даходаў сялянскіх гаспадарак (царкоўная дзесяціна), а таксама за кошт княжацкіх і баярскіх ахвяраванняў як у форме матэрыяльных каштоўнасцяў, так і ў выглядзе ворных зямель з весямі, жыхары якіх вымушаны былі апрацоўваць манастырскія землі, плаціць феадальную рэнту. Землеўласнікамі былі таксама сялянская абшчына і асобныя сяляне. Уся эпоха феадалізму характарызуецца пастаянным імкненнем феадалаў да максімальнай канцэнтрацыі ў сваіх руках зямельнага фонду. Яны пастаянна пашыралі свае ўладанні і паступова забралі пад сваю ўладу лепшыя землі. Па меры развіцця феадальных адносін доля абшчыннага і сялянскага землеўладання пастаянна змяншалася.

Закабаленне свабоднага сялянства было абумоўлена ўсімі гістарычнымі абставінамі першых стагоддзяў феадальнай эпохі. Сялян даводзіла да галечы выплата даніны князю, частыя спусташальныя войны, галодныя і неўраджайныя гады, смерць кармільца, падзеж жывёлы. У перыяд войнаў сяляне абавязаны былі ісці ў апалчэнне, а гэта падрывала іх гаспадарку. Збяднелыя сяляне траплялі ў феадальную залежнасць. Абшчынныя землі пераходзілі да феадалаў ці станавіліся ўласнасцю дзяржавы. З развіццём феадальнага ладу ўсё болей скарачалася і колькасць сялян, што жылі на дзяржаўных землях, паколькі гэтыя землі разам з людзьмі пераходзілі да свецкіх і царкоўных феадалаў.

Асноўную масу земляробчага насельніцтва складалі эканамічна залежныя ад багатых землеўласнікаў сяляне. Ва ўмовах развіцця феадальных адносін яго склад па маёмаснаму і прававому становішчу быў далёка неаднолькавы. У першыя стагоддзі феадальнай эпохі ўсё вясковае насельніцтва часцей за ўсё называлася смердамі. Першапачаткова смерды залежалі ад дзяржавы. З развіццём феадальных адносін яны трапляюць у залежнасць ад феадалаў і царкоўных арганізацый. З'яўляюцца новыя катэгорыі феадальна залежных сялян: закупы, радовічы, ізгоі, халопы, чэлядзь. Па розных прычынах сяляне вымушаны былі звяртацца па эканамічную дапамогу да багатых, атрымлівалі ад іх пазыку-"купу" і былі абавязаны адпрацаваць на гаспадарцы пана да выплаты доўгу. Многія закупы не маглі вярнуць пазыку і рабіліся неаплатнымі даўжнікамі. Групу звязаных з феадалам абавязацельствамі паводле дагавора ("рада") сялян, складалі радовічы, што па розных прычынах вымушаны былі пакідаць абшчынныя землі і сяліліся на зямлі феадала, рабіліся "ізгоямі".

Халопы і рабы былі асабіста несвабоднымі людзьмі і знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадала. Частка халопаў працавала ў якасці хатніх і дваровых слуг. За рэдкім выключэннем яны не мелі асабістай гаспадаркі і знаходзіліся на ўтрыманні паноў. Да залежных ад феадалаў людзей адносілася чэлядзь. Рабоў называлі "чэляддзю нявольнай". З цягам часу ўсіх залежных ад феадала людзей пачалі падзяляць на "непахожых" і "пахожых". Першыя доўга жылі на адным месцы і страцілі магчымасць пакінуць пана. Другія яшчэ не былі поўнасцю заняволены. Залежнае насельніцтва займала самае прыніжанае становішча на сацыяльнай лесвіцы. Іх жыццё цанілася ў 16 разоў танней за жыццё кіраўнікоў княжацкіх маёнткаў – "агнішчан" і "цівуноў".

Сяляне, што жылі на княжацкіх і царкоўных землях, абавязаны былі выконваць розныя павіннасці і плаціць падаткі. Яны адпрацоўвалі паншчыну на раллі феадала, плацілі чынш натурай (мёдам, ільном, печаным хлебам, аўсом, жытам, авечкамі, курамі і г. д.) ці грашыма. Грашовая рэнта была рэдкай з'явай, што тлумачыцца натуральным характарам гаспадаркі. З часам доля паншчыны ўсё больш узрастае ў параўнанні з чыншам.

Насельніцтва павінна было несці і розныя павіннасці на карысць дзяржавы: плаціла даніну, выконвала "павоз" – працоўную павіннасць, звязаную з дастаўкай даніны ў пэўныя месцы, давала падводы. Сяляне абавязаны былі таксама выконваць вайсковую павіннасць – выстаўляць "вояў". Яны прыцягваліся да будаўніцтва гарадоў, абарончых ліній, мастоў, да пракладкі дарог.

 

3. СТАН СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ.

 

Аснову эканомікі Беларусі ў старажытнасці складала сельская гаспадарка. Пераважная большасць насельніцтва як балтаў, так і славян пражывала ў вёсцы і займалася земляробчай працай. Земляробства на беларускіх землях было вядома яшчэ з неаліту. Яго распачалі тут ў III–II тысячагоддзі да н. э. індаеўрапейскія плямёны. Для развіцця земляробства неабходны адпаведны клімат і глеба. Вучоныя лічаць, што ў цэнтральнай Еўропе клімат, пачынаючы з першых вякоў н. э., быў блізкім да сучаснага. За апошнія 800–900 гадоў рэзкіх змен не адбылася, назіраліся толькі асобныя хістанні. Умеранакантынентальны клімат Беларусі з адносна цёплай зімой і халоднаватым і даждлівым летам – у цэлым спрыяльны для развіцця расліннасці. Прыдатныя для заняткаў земляробствам тут і глебы, якія за апошнія 800–900 гадоў таксама карэнным чынам не змяніліся.

Спачатку асвойваліся ўрадлівыя землі з прыдатнымі для земляробства глебамі. А потым пачалі распрацоўваць лясныя дзялянкі. Павелічэнне апрацаваных плошчаў у X–XIII стст. ішло за кошт вырубкі лясоў і скарачэння плошчаў, занятых лесам. Пры гэтым незаменнай была жалезная сякера. Для апрацоўкі зямлі ў X–XIII стст. ужываліся драўлянае рала з жалезным наральнікам (папярэднік плуга), двухзубая драўляная саха з жалезным парогам, а таксама барана-сукаватка, жалезная матыка, суцэльна драўляная ці з жалезнымі акоўкамі рыдлёўка, граблі. Як цяглавую сілу выкарыстоўвалі коней і валоў.

Прылады для апрацоўкі зямлі, якія ўжываліся ў Беларусі ў X–XIII стст., адпавядалі агульнаму ўзроўню земляробчай тэхнікі ў лясной паласе Усходняй Еўропы. Яны выкарыстоўваліся і ў наступныя стагоддзі.

Узараную зямлю засейвалі ўручную, потым зерне засыпалі з дапамогай драўлянай бараны. Самым распаўсюджаным, а пачынаючы з сярэдневякоўя і адзінай прыладай для ўборкі ўраджаю, быў серп. Удасканальванне сярпа назіралася цягам стагоддзяў. У IX–XIII стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі з'явіліся сярпы, формы якіх амаль не змяніліся да XIX–XX стст. Старажытныя сярпы мелі насечку, што лягчэй рэзала сцябло раслін. Сенажаці касілі косамі-гарбушамі. Іх насаджвалі на кароткую драўляную ручку і рухам управа і ўлева зразалі траву. Такія косы маглі выкарыстоўвацца пры ўборцы ўраджаю вікі, гароха, грэчкі. Пазней гарбушы былі выцеснены больш дасканалымі косамі. Прасушаныя снапы малацілі на таку драўлянымі цапамі ці калатушкамі, веялі пры дапамозе драўляных рыдлёвак, а потым захоўвалі ў спецыяльных ямах ці свірнах.

У драўляных ступах размалочвалі зерне на крупу ці ў круглых каменных жорнах рабілі з яго муку. З канапель і лёну з дапамогай прэсаў выціскалі алей. Для таго часу гэта быў высокі ўзровень развіцця пераапрацоўчай тэхнікі.

Пра тое, якія культуры вырошчвалі нашы продкі, расказваюць знаходкі зярнят. Яны захоўваюцца не ўсюды, а толькі там, дзе шчыльны і вільготны культурны слой. Добра захоўваецца зерне таксама і ў абвугленым стане, на месцы пажарышчаў.

Асноўнай зерневай культурай было жыта. Сваім паходжаннем яно абавязана пшаніцы, якая па марозастойкасці не магла канкурыраваць з жытам. Спачатку жыта было пустазеллем і суправаджала пасевы пшаніцы. Па меры прасоўвання пшаніцы на поўнач яна не вытрымлівала холаду, а жыта, хаця і паходзіць з паўднёвых шырот, аказалася больш устойлівае да капрызаў надвор'я. Селянін практычна пераканаўся ў перавазе гэтай культуры.

Найбольш старажытныя знаходкі зярнят жыта ў Беларусі датуюцца IX ст. У слаях X ст. – іх няшмат. А з XI ст. яно пачынае пераважаць над іншымі культурамі. Жыта было асноўнай харчовай культурай і ў Панямонні. У слаях XII–XIII стст. у Гродне і Ваўкавыску з усіх знойдзеных зярнят зярняты жыта складаюць 96 – 98 %.

Вырошчваліся ў гэты час у Беларусі таксама пшаніца, ячмень, авёс, проса, каноплі, гарох, бабы. Авёс ужываўся, відаць, як харчовая культура, а для фуражных мэт тады яго яшчэ не выкарыстоўвалі.

Раней лічылі, што грэчку завезлі ў Еўропу арабы ў XV ст. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што з грэчкай насельніцтва Беларусі было знаёма яшчэ ў XI ст. У X–XIII стст. яна была ўжо добра вядома ў Панямонні.

У X–XIII стст. на тэрыторыі Беларусі вырошчваліся ўсе вядомыя ў наш час харчовыя культуры, за выключэннем тых, якія былі завезены ў Еўропу ў больш позні час з Амерыкі – бульбы і таматаў.

Асноўнай сістэмай земляробства на тэрыторыі Беларусі ў XI–XIII стст. была папарная з выкарыстаннем двух- і трохполля. Разам з ёй ужываліся пералог і падсека, якія існавалі ў асобных раёнах Беларусі да XIX – пачатку XX ст. Зямля ўгнойвалася. Ураджайнасць вагалася прыкладна ад сам-3 да сам-5. Ураджай сам-2,5-3 лічыўся сярэднім, а сам-3,5 – высокім. У XI–XIII стст. земляробства, з'яўляючыся асноўным заняткам насельніцтва Беларусі, дасягнула высокага ўзроўню развіцця.

Нашы продкі займаліся таксама агародніцтвам і садоўніцтвам.

Неаддзельнай ад земляробства была яшчэ адна вядучая галіна сельскай гаспадаркі – жывёлагадоўля. Асноўнай крыніцай, што дазваляе вызначыць ролю жывёлагадоўлі, як і палявання, з'яўляюцца астэалагічныя матэрыялы. Яны сведчаць, што на тэрыторыі Беларусі разводзілі буйную рагатую жывёлу: свінні, коні, авечкі і козы, з птушак – куры, гусі, качкі. Практычна ўсе вядомыя віды хатніх жывёл меліся ў гаспадарцы сялян і феадалаў.

Дадатковым заняткам было паляванне. Нашы далёкія продкі палявалі на зубра, лася, высакароднага аленя, дзіка, казулю, мядзведзя, баброў, ваўкоў, зайцоў, вавёрак, на дзікіх птушак (гуся, лебедзя, цецерука).

Паляўнічы промысел у значнай меры задавальняў патрэбы насельніцтва не столькі ў ежы, колькі ў адзенні, абутку, якія вырабляліся са скур і футра не толькі хатніх, але і дзікіх жывёл. Акрамя таго, пушнінай збіралася даніна, падаткі.

Важным падсобным промыслам разам з паляваннем з'яўлялася рыбная лоўля. У харчовым рацыёне таго часу рыба займала значнае месца. Прыняцце хрысціянства з яго сістэмай пастоў і посных дзён зацвердзіла рыбу як адзін з кампанентаў поснай ежы. Акрамя звычайных спосабаў лоўлі кручком, невадам, брэднем у перыяд масавай лоўлі, пры нарыхтоўцы рыбы пра запас на рэках рабіліся спецыяльныя збудаванні. У летне-асенні час рабіліся запасы рыбы, неабходнай на зіму і вясну.

Вялікае значэнне мела бортніцтва – збор мёду дзікіх лясных пчол. Паляўнічыя за мёдам выбіралі яго з дуплаў дрэў, а потым самі сталі рабіць штучныя дуплы-борці. Борць выдзёўбвалася з цэльнага кавалка і "манціравалася" на здаровым дрэве як мага вышэй. Ствараліся цэлыя бортныя ўгоддзі. Уладальніка борцяў і збіральніка мёду звалі бортнікам. Праца яго была нялёгкай: трэба было падняцца па зусім гладкаму ствалу на 20-метровую вышыню, раскрыць борць і, падрэзаўшы цяжкія соты, скласці іх у берасцяное вядро. І ўсе гэта пад атакай раз'юшаных пчол.

Нашы продкі займаліся таксама збіральніцтвам лясных арэхаў, жалудоў, дзікіх пладоў, лясных яблыкаў.

Жанчыны ў вёсцы таксама, як і ў горадзе, займаліся прадзівам і ткацтвам. Характар хатняга промыслу мелі апрацоўка скур і пашыў вопраткі.

У гаспадарчай дзейнасці вясковага насельніцтва Беларусі да IX–X стст. пэўную ролю адыгрывалі апрацоўка балотнай руды і атрыманне з яе железа, выраб глінянага посуду, ювелірная справа. Але ў сувязі з развіццём вытворчых сіл у X–XIV стст. на тэрыторыі Беларусі з сельскай гаспадаркі вылучаюцца самастойныя галіны рамёстваў. Адбываецца выдзяленне рамеснікаў-прафесіяналаў на вёсцы. Працэс аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі ўзмацняецца на пачатку XII ст., да якога адносіцца ўзнікненне большасці гарадоў у Беларусі. XI–XIII стcт. характарызуюцца развіццём гарадской рамеснай вытворчасці.

4. УЗНІКНЕННЕ ГАРАДОЎ, ІХ ЗНЕШНІ ВЫГЛЯД

 

Прычыны і шляхі ўзнікнення гарадоў у IX–XIII стст. Узнікненне гарадоў на Беларусі – вынік працяглых эканамічных працэсаў, звязаных з грамадскім падзелам працы. Горад – гэта населены пункт, што гістарычна склаўся ўпершыню пры пераходзе ад першабытнага да класавага грамадства ў выніку аддзялення рамяства ад земляробства і з'яўлення дзяржавы. Гарады ўзнікалі паўсюдна, дзе ў іх адчувалася эканамічная і ваенная патрэба, але менавіта там, дзе з асноўнай масы насельніцтва, занятага сельскай гаспадаркай, вылучаліся рамеснікі. Для з'яўлення горада неабходна наяўнасць гандлёва-транзітнага шляху, што забяспечваў рамесніку бесперабойны збыт тавараў і наяўнасць умацаванага пункта, які гарантаваў яму бяспеку. Апошнім мог быць і замак феадала, і манастыр, і крэпасць.

Аднак калі эканамічныя прычыны ўзнікнення старажытных беларускіх гарадоў былі аднолькавымі, то канкрэтныя шляхі іх фарміравання былі рознымі. Гарадамі зрабіліся племянныя цэнтры крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, новыя гарады вырасталі вакол сядзіб феадалаў і князёў, іх умацаванага жылля-замка. Абрастаючы пасяленнямі рамеснікаў, феадальная сядзіба станавілася ядром горада. Відавочна, на месцы феадальных замкаў узніклі Ізяслаў, Барысаў, Ваўкавыск, Клецк, Свіслач і іншыя.

Шэраг беларускіх гарадоў узніклі першапачаткова як пагранічныя крэпасці (Браслаў, Гарадзея) ці ўнутраныя крэпасці асобных княстваў (Менск). Магчыма, некаторыя гарады ўзнікалі і на базе сельскіх пасяленняў шляхам паступовага павелічэння ў іх ролі рамяства. Рамеснікі сяліліся ля вялікіх водных магістралей (Орша, Копысь), ля волакаў і перапраў (Усвяты, Друцк).

Для росту гарадоў важнае значэнне мела іх геаграфічнае размяшчэнне. Горад, заснаваны на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў, каля пераправы ці зручнага для прыстані вусця ракі, меў спрыяльныя ўмовы для свайго развіцця. Наяўнасць такіх умоў магло вызначыць узнікненне горада на тым ці іншым месцы.

Найбольш раннія сляды гарадскога жыцця, што датуюцца IX–X стст., выяўлены ў Полацку і Віцебску. Пра ўзнікненне беларускіх гарадоў мы даведваемся з летапісаў, якія змяшчаюць згадку пра іх у сувязі з рознымі палітычнымі ці релігійнымі падзеямі. З IX па XIII ст. пісьмовыя крыніцы называюць больш за 40 гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Звесткі крыніц, зведзеныя ў табліцу, выглядаюць наступным чынам:

Першыя летапісныя згадкі беларускіх гарадоў

Стагоддзе, год Назва горада Сучасны статус
Сучасная Летапісная
IX, 862 Полацк Полотеск Полотьск Райцэнтр
X, 974 Канец X Віцебск Тураў Заслаўе Видебск Видепеск Витьбеск Туров Изяславль Абласны центр Гарадскі пасёлак Жыткавіцкага раёна Гарадскі паселак Мінскага раёна
XI, 1019 Брэст Усвяты Копысь Браслаў Мінск Рша Лагойск Лукомль Друцк Одрск Пінск Берестье Всвят Восвяч Копыс Брячиславль Менск Менеск Орша Рыша Голотическ Логожск Логожеск Лукомль Дрютеск Одреск Пиньск Пинеск Абласны цэнтр Райцэнтр Пскоўскай вобласці, Расія Гарадскі пасёлак у Аршанскім раёне Райцэнтр Сталіца Райцэнтр Месца знаходжання невядома Райцэнтр Цэнтр сельсавета Чашніцкага раёна Сяло Талочынскага раёна Месца знаходжанне невядома Райцэнтр
XII, 1102 Барысаў Слуцк Гродна Клецк Стражаў Крычаў Слаўгарад Лучын Мсціслаў Гомель Рагачоў Брагін Мазыр Чачэрск Борисов Случеск Городно Городень Городен Городня Клеческ Клечьск Стрежев Стрешин Неколоч Кречют Пропойск Прупой Пропошеск Лучін Мстиславль Гомь Гомий Гомье Рогачев Брягин Мозыр Мозр Чичерск Городец Райцэнтр Райцэнтр Абласны цэнтр Райцэнтр Гарадскі пасёлак Жлобінскага раёна Месца знаходжанне невядома Райцэнтр Райцэнтр Сяло Рагачоўскага раёна Райцэнтр Абласны цэнтр Райцэнтр Райцэнтр Райцэнтр Райцэнтр Месца знаходжанне невядома
XIII, 1213 Рэчыца Нясвіж Навагрудак Слонім Ваўкавыск Здзітаў Турыйск Магілёў Камянец Кобрын Речица Несвиж Новогрудок Навагародак Услоним Вослоним Валкавыйск Волковысск Здитов Турийск Турьск Могилёв Каменец Кобрынь Райцэнтр Райцэнтр Райцэнтр Райцэнтр Райцэнтр Сяло Бярозаўскага раёна Сяло Шчучынскага раёна Абласны цэнтр Райцэнтр Райцэнтр

Як відаць з табліцы, XI–XIII стст. – час значнай колькасці з'яўлення гарадоў на тэрыторыі Беларусі.

Пытанне аб першым упамінанні горада ў пісьмовай крыніцы мае практычнае значэнне і нярэдка выклікае спрэчкі. Аднак летапісная дата першай згадкі пра той ці іншы горад, як правіла, не азначае час яго ўзнікнення. Толькі ў адзінкавых выпадках летапісцы паведамілі пра заснаванне беларускіх гарадоў: Барысава, Камянца, магчыма, Навагрудка. Археалагічныя даследаванні паказваюць, што большасць населеных пунктаў з'явілася задоўга да таго, як пра іх паведамілі летапісы.

Назвы шмат якіх старажытных беларускіх гарадоў утвораны з дапамогай суфікса "ск" ("цк") ад рэк, на якіх яны ўзніклі: Віцебск – ад Віцьбы, Друцк – ад Друці, Пінск – Піны, Слуцк – Случы, Чачэрск – Чачэры, Турыйск – Тур'і, Брагін – Брагінкі, Кобрын – ад Кобрынкі, Менск – ад Менкі (Мені) і г. д.Асобныя назвы паходзяць ад асабістых імёнаў князёў, якія заснавалі іх ці якім яны належалі: Браслаў, Барысаў, Ізяслаў, Тураў. З назвамі некаторых гарадоў звязаны тапанімічныя легенды.

 

Знешні выгляд старажытнага беларускага горада. Сярэдневяковаму гораду ўласцівы цэлы комплекс прыкмет. Ён быў цэнтрам рамяства і гандлю, адміністрацыйным, ваенным, культавым і культурным асяродкам. Абавязковай прыкметай была наяўнасць абарончага збудавання. Само слова "горад" паходзіць ад дзеяслова "гарадзіць", "агароджваць". Умацаваныя сядзібы ўсіх тыпаў нашы продкі называлі градамі, інакш кажучы – гарадамі. Горад IX–X стст. адрозніваўся ад вёскі сваімі ўмацаваннямі і тым, што ён быў адміністрацыйным центрам, рэзідэнцыяй князя і знаці. У XI–XII стст. у іх усё больш сяліліся рамеснікі і купцы. Пры далейшым развіцці раннефеадальнага грамадства гарады сталі ператварацца ў цэнтры рамяства і гандлю. Характэрнай рысай эканомікі старажытнага горада былі рамяство і гандаль. Аднак, нягледзячы на пераважную ролю гэтых заняткаў, сельскагаспадарчая вытворчасць яшчэ доўгі час мела вялікае значэнне для жыхароў найбуйнейшых гарадскіх цэнтраў: Полацка, Віцебска, Мінска, не гаворачы ўжо пра малыя гарады. Жыхары пасадаў займаліся ворным зямляробствам, агародніцтвам, жывёлагадоўляй, а таксама паляўніцтвам і рыбалоўствам.

Старажытныя беларускія гарады размяшчаліся ўздоўж рэк Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Нёмана, Прыпяці. Яны звычайна ўзнікалі на ўзвышаных месцах, на сутоках рэк і атрымлівалі часцей назву па меншай рэчцы (прытоку).

Як і ва ўсёй лясной паласе Усходняй Еўропы, гарады тут будавалі цалкам з дрэва. Таму раней гаварылі не "пабудаваць", а "срубить" горад. З бярвенняў рубілі жылыя памяшканні, хлявы, знешнія ўмацаванні, масты, вежы і гарадскія сцены, імі масцілі вуліцы. Вуліцы былі вузкімі – каля 4 м у шырыню. Іх драўляны брук рэгулярна паднаўляўся. Асноўным тыпам пабудовы была драўляная хата з адным памяшканнем плошчай 16–25 кв.м.

Старажытны беларускі горад складаўся з некалькіх частак. Яго ядром з'яўляўся дзядзінец – унутраная крэпасць ці замак, звычайна размешчаны на ўзвышаным месцы і абнесены абарончымі збудаваннямі. Яны перашкаджалі гораду расці ў шырыню, таму вуліцы тут былі вузкімі, забудова – вельмі шчыльнай. У цэнтры дзядзінца звычайна ўзвышаўся храм. Храмы сталі першымі цаглянымі пабудовамі на Беларусі.

Вакол умацаванага цэнтра ўзнікаў пасад – пасяленні рамеснікаў і купцоў. Часта ён абгароджваўся другой лініяй умацаванняў, утвараючы так званы кружны горад. Разрастаючыся, пасад выходзіў за межы кружнога горада. У такіх выпадках ён часта абгароджваўся драўляным частаколам з завостраных уверсе бярвенняў, які ўтвараў трэцюю лінію ўмацаванняў.

Старажытны горад нельга ўявіць без умацаванняў. Яны былі яго абавязковай знешняй адзнакай і ўключалі магутны земляны вал вышынёй 8–10 м, драўляную сцяну на грэбені вала і крэпасныя вежы.

Некаторыя крэпасці абгароджваліся шырокім ровам, запоўненым вадой. Рэшткі валаў, вежаў і рвоў да нашых дзён часткова захаваліся ў Полацку, Віцебску, Друцку, Гродна і іншых гарадах. У 80-ая гады археолагі А. А. Трусаў і М. А. Ткачоў, адкрыўшы рэшткі абарончай сцяны на Замкавай гары ў Гродна, прыйшлі да высновы, што Гародня ў XII ст. мела ўнікальны комплекс мураваных абарончых збудаванняў. Звычайна крэпасць мела адзін уезд з прываротнай вежай. Калі набліжаўся вораг, браму зачынялі і ўсе жыхары хаваліся за гарадскімі сценамі. Выраз "отворити ворота" азначаў здачу горада.

Абавязковай прыналежнасцю старажытнага беларускага горада быў торг, які служыў не толькі месцам куплі-продажу, але і месцам сходаў гараджан. За горадам знаходзіўся могільнік, дзе хавалі памершых.

Агульная тэрыторыя горада ў XI–XII стст. складала некалькі дзесяткаў гектараў. У самых вялікіх гарадах (напрыклад, у Полацку) пражывала 6–8 тысяч чалавек, у сярэдніх – 1–3 тысячы. У малых гарадах налічвалася некалькі сотняў жыхароў. Каля буйных гарадоў будаваліся манастыры.

У цэлым для свайго часу старажытныя беларускія гарады былі добраўпарадкаванымі, хаця і не пазбаўленымі тыповых недахопаў – шчыльнасці забудовы і забруджанасці, з прычыны чаго насельніцтва часта пакутавала ад пажараў і эпідэмій.

За шматвяковую гісторыю гарадоў на месцы іх дзядзінцаў і на пасадах утварыліся напластаванні з рэшткамі дзейнасці чалавека – культурны слой. Часам ён дасягае таўшчыні 7–9 м. Гарады былі носьбітамі найвышэйшых дасягненняў старажытнай Беларусі ў галіне эканомікі і культуры.

Гараджане. На старонках старажытных летапісаў часам гаворыцца аб гараджанах- палачанах, дручанах, менянах, пінянах і г. д. Яны мелі значна больш шырокі кругагляд, чым аратыя, “прывязаныя” да свайго вузкага "свету" ў некалькі вёсак. Гараджане былі пісьменнымі, умелі лічыць, мелі зносіны з іншаземнымі купцамі, ездзілі ў розныя краіны.

Асноўны слой насельніцтва сярэдневяковага горада складалі рамеснікі: ганчары, кавалі, гарбары, ювеліры, кастарэзы, сталяры і г. д. Яны падзяліліся на дзве групы: вольных і залежных (княжацкіх і баярскіх). Другой значнай катэгорыяй гарадскога насельніцтва з'яўлялася дружына: воі-прафесіяналы. На яе абапіраўся ў кіраванні дзяржавай князь. Дружыннікі дзяліліся на дзве групы. Знатныя баяры, што складалі найбліжэйшае атачэнне князя і займалі вышэйшыя пасады, утваралі "старэйшую" дружыну. З дробных служылых людзей, якіх звалі отракамі, ці грыднямі, ці дзіцячымі, фарміравалася "малодшая" дружына. Наступны слой – гандляры і купцы – у адпаведнасці са сваімі заняткамі былі бліжэй да пануючага класа. Пачынаючы з XII ст., іх удзельная вага сярод гараджан узрастае. Асабліва вялікую ролю адыгрывае купецтва ў канцы XII – пачатку XIII ст., калі на змену гандлю з Кіевам, аслабленым феадальнымі ўсобіцамі, прыйшлі інтэнсіўныя сувязі Полацка з Рыгай і Гоцкім берагам.

Пэўны працэнт насельніцтва складалі феадальныя вярхі: князь, члены яго сям'і, блізкія асобы (набліжаныя), баяры. Вялікую ролю ў жыцці гарадоў адыгрывалі царкоўныя феадалы.

Арыстакратычная частка насельніцтва і дружына жылі на дзядзінцы, гандлёва-рамеснае насельніцтва – на пасадзе. Апошняе папаўнялася за кошт прышлых сельскіх жыхароў.

Па развіццю гарадской гаспадаркі старажытная Беларусь не саступала гарадам Заходняй і Усходняй Еўропы. Аднак узровень развіцця гарадскога ладу не ўсюды быў аднолькавым. Полацк і Друцк, напрыклад, мелі веча.

Эканамічная магутнасць баярства, багатага купецтва і вышэйшага духавенства забяспечвала ім кіруючую ролю на вечавых сходах. Іх апірышчам у буйнейшых гарадах былі багатыя майстры-рамеснікі, купцы і дружыннікі, духавенства, а таксама прадстаўнікі гарадской адміністрацыі з сем'ямі і залежнымі ад іх людзьмі. Кіруючай вярхушцы ў большасці выпадкаў удавалася навязаць вечавому сходу сваю волю.

Немалую ролю ў жыцці гарадоў адыгрывалі рамеснікі. Яны былі параўнальна забяспечанымі людзьмі, прымалі актыўны ўдзел у вечы і складалі асноўную сілу гарадскога апалчэння. З гэтым іншы раз вымушаны былі лічыцца князі і баяры.