ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ

У 2-х частках

 

Частка 1

 

 

СА СТАРАЖЫТНЫХ ЧАСОЎ ДА СЯРЭДЗІНЫ XVI ст.

 

 

Курс лекцый

 

 

Мінск 2009


УДК 947.6 (075,8)

ББК 63.3 (4Беи)

Г 51

 

Аўтарскі калектыў:

І. П. Крэнь (кіраўнік), С. В. Марозава,

В. А. Белазаровіч, І. І. Коўкель

 

Рэдакцыйная калегія:

П. І. Брыгадзін, І. П. Крэнь,

І. І. Коўкель, Л. В. Лойка, У. А. Нядзелька

 

Рэцэнзенты:

Кафедра гісторыі Беларусі Белдзяржуніверсітэта;

М. С. Сташкевіч, доктар гістарычных навук;

Г. Я. Галенчанка, доктар гістарычных навук

 

Рэкамендавана да друку Саветам факультэта гісторыі і сацыялогіі

ГрДУ імя Янкі Купалы.

 

Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да сярэдзіны XVI ст.: Курс лекцый / І. П. Крэнь, С. В. Марозава, В. А. Белазаровіч, І. І. Коўкель. – Мн.:…, 2009. - … с.

ISBN 985-6299-34-9

 

Курс лекцый адлюстроўвае асноўны змест вучэбнай праграмы па гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ. Прадстаўляе цікавасць для аспірантаў, выкладчыкаў тэхнікумаў і вучылішчаў, настаўнікаў школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў, а таксама аматараў айчыннай гісторыі.

 

 

@Калектыў аўтараў, 2009


УСТУП

 

Гісторыя з'яўляецца не толькі памяццю народа, але і тым падмуркам, на якім ён ладзіць сваё жыццё. Таму кожны народ, і беларускі тут не выключэнне, хоча ведаць сваё мінулае, асабліва калі яно даўняе і багатае. Гісторыя беларусаў налічвае не адно тысячагоддзе і з’яўляецца важнай часткай агульнаславянскай, еўрапейскай і сусветнай цывілізацыі. Гістарычнае мінулае беларусаў – гэта іх неад'емнае багацце, важны фактар нацыянальнай адметнасці. Сваёй непаўторнай гісторыяй, гераічнай і трагічнай, беларускі народ можа ганарыцца. Вывучэнне яе па-праву займае вядучае месца ў сістэме гуманітарнай адукацыі вучнёўскай і студэнцкай моладзі. Менавіта на гістарычных ведах грунтуецца нацыянальная свядомасць.

Праўда, так ужо склалася, што гісторыя беларускага народа практычна ніколі не пісалася з аб'ектыўных пазіцый. На працягу многіх стагоддзяў спачатку польская, затым расійская і савецкая гістарыяграфіі, закранаючы гісторыю Беларусі, асвятлялі яе больш суб'ектыўна, з улікам сваіх інтарэсаў. Аб'ектыўна ж адлюстраваць гістарычнае мінулае і сучаснасць можна толькі пры сумленных падыходах і ацэнках, незалежнасці ад зададзенай ідэалогіі, уціску палітычных партый, рухаў ці арганізацый, кан'юнктурных меркаванняў, не абмяжоўваючыся толькі нацыянальнымі рамкамі, а зыходзячы з міжнароднага характару гістарычнай навукі і гістарычнага працэсу.

Вядома, што вывучэнне гісторыі Беларусі павінна зыходзіць з нацыянальных пазіцый беларускага народа, патрыятычных адносін да сваёй Бацькаўшчыны. Гісторыкам нелъга абысціся без пошуку новых дакументаў па ўсіх перыядах гістарычнага развіцця беларусаў, без крытычнага пераасэнсавання раней выкарыстанай дакументальнай базы, уключэння ў навуковае абарачэнне найноўшых публікацый беларускіх і замежных даследчыкаў. Вельмі важна зрабіць навуковую перыядызацыю гістарычнага працэсу, паказаць альтэрнатыўныя пункты гледжання па разглядаемых пытаннях.

Менавіта такія падыходы пакладзены ў аснову гэтай кнігі. Аўтарамі першай часткі кнігі з'яўляюцца выкладчыкі кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы; другая частка падрыхтавана калектывам кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны імкнуліся даць аб'ектыўнае і сістэматызаванае адлюстраванне гістарычнага працэсу на беларускіх землях, надалі належную ўвагу фарміраванню беларускага этнасу, вывучэнню традыцый беларусаў, іх псіхалогіі. У роўнай ступені разгледжаны пытанні сацыяльнага, эканамічнага, дзяржаўна-палітычнага і культурнага развіцця народа, яго барацьбы за сацыяльную і нацыянальную свабоду, незалежнасць. У прапануемым выданні нямала новых падыходаў да асвятлення гістарычных падзей, сюжэтаў і гістарычных асоб. Аўтарскі калектыў улічваў спецыфіку навучання студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ. Аднак аўтары ўсведамляюць, што дадзеныя лекцыі не могуць у поўнай меры вычарпаць увесь праграмны матэрыял. Яны з'яўляюцца толькі падмуркам для далейшай паглыбленай самастойнай працы студэнтаў над першакрыніцамі, манаграфічнай літаратурай, навуковай публіцыстыкай.

 

І.П. Крэнь, кандыдат гістарычных навук, прафесар