Сучаснае геапалітычнае становішча РБ. Гісторыя і стан беларуска-расійскіх адносін.

 

Пераход ад фармальна-дэкларатыўнага ўдзелу Беларусі ў ажыццяўленні знешнепалітычнага курсу СССР да нацыянальна арыентаванай знешняй палітыкі пачаўся з абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту ў ліпені 1990 г. і быў завершаны ў снежні 1991 г. дэнансацыяй саюзнага дагавора 1922 г. Станаўленне Беларусі як суб'екта міжнароднай супольнасці адбывалася ва ўмовах геапалітычных зменаў: былыя савецкія рэспублікі сталі самастойнымі дзяржавамі, ліквідаваліся аўтарытарныя рэжымы ў Еўропе, спынілі існаванне Арганізацыя Варшаўскага Дагавора і Савет Эканамічнай Узаемадапамогі, закончылася "халодная вайна". Контуры знешняй палітыкі незалежнай Беларусі былі акрэслены ў заяве Вярхоўнага Савета "Аб прынцыпах знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь". Асновай знешняй палітыкі абвяшчалася забеспячэнне жыццёвых інтарэсаў беларускага народа. Росту аўтарытэту Беларусі садзейнічала тое, што з самага пачатку самастойнага выхаду на міжнародную арэну ў якасці базавых прынцыпаў знешняй палітыкі яна абрала бяз'ядзернасць і нейтралітэт. Рэспубліка заявіла аб гатоўнасці прытрымлівацца прынцыпаў Статута ААН, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ўзятых міжнародных абавязацельстваў. У лютым 1992 г. Беларусь падпісала Хельсінскі Заключны акт нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе 1975 г., далучылася да шэрагу іншых міжнародных пагадненняў. Беларусь адмовілася ад ядзерных узбраенняў, тым самым пацвердзіла курс на бяз'ядзернасць і нейтралітэт. У 1992 г. тактычныя ядзерныя зарады былі вывезены на тэрыторыю Расіі. У адпаведнасці з міжнароднымі пагадненнямі з 1993 г. пачалося скарачэнне агульных узбраенняў. Міжнародная супольнасць адгукнулася на гэта хуткім прызнаннем Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. На ліпень 1994 г. яе прызналі 123 краіны. Дыпламатычныя і консульскія адносіны на ўзроўні пасольстваў, генконсульстваў былі ўстаноўлены з 97 краінамі свету. У сваю чаргу прадстаўніцтвы і пасольствы Беларусі былі адкрыты ў многіх еўрапейскіх краінах, ЗША, Канадзе, Ізраілі і інш. Сімвалічна, што Беларусь стала першай з краінаў СНД, якая атрымала ў Савеце Еўропы статус спецыяльна запрошанага. На пачатку 1994 г. з афіцыйным візітам Беларусь наведаў Прэзідэнт ЗША Б. Клінтан. У выніку перамоў кіраўнік ЗША і Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С.С. Шушкевіч падпісалі шэраг сумесных дакументаў аб супрацоўніцтве. Хутка пашыраліся кантакты з іншымі краінамі. У цэлым міжнародная супольнасць з разуменнем і павагаю сустрэла погляды і мэты незалежнай Беларусі, якія былі прадстаўлены з трыбуны ААН у 1991 г. і ў прамове першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі на юбілейнай, пяцідзесятай, сесіі Генеральнай Асамблеіі ААН у 1995 г. На развіццё палітычных і эканамічных адносін Беларусі з заходнімі краінамі ў другой палове 90-х гг. негатыўна паўплывалі разыходжанні ў поглядах урадаў некаторых краінаў і міжнародных арганізацый на канстытуцыйны крызіс у Беларусі. Заходнія дзяржавы, еўрапейскія арганізацыі: Савет Еўропы, Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ), Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), не прызналі вынікі лістападаўскага рэферэндуму 1996 г. у Беларусі, уведзеную пасля яго Канстытуцыю ў новай рэдакцыі і сфарміраваны на яе аснове Нацыянальны сход. На падставе гэтага ў студзені 1997 г. ПАСЕ пазбавіла Беларусь статуса спецыяльна запрошанага. Прэтэнзіі і рашэнні ПАСЕ былі расцэнены кіраўніцтвам краіны як спробы адкрытага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы. Адначасова кіраўніцтва Беларусі імкнулася давесці да міжнароднай супольнасці сваю пазіцыю па спрэчных пытаннях.

Асаблівае значэнне надавалася замацаванню партнёрства з Расіяй. Узаемныя палітыка-эканамічныя інтарэсы дзвюх дзяржаў прывялі да падпісання ў лютым 1995 г. Дагавора аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Ён стаў прававой асновай для заключэння шэрагу іншых пагадненняў. Паглыбленне эканамічнай інтэграцыі з Расіяй у траўні 1995 г. было падтрымана большасцю ўдзельнікаў Усебеларускага рэферэндуму. Паступова ў развіцці інтэграцыйнага працэсу ўсё большую вагу стала набываць ідэя палітычнага яднання дзвюх краін. Яна знайшла адлюстраванне ў дагаворы ад 2 красавіка 1996 г. аб стварэнні Супольнасці суверэнных дзяржаў. Дагавор прадугледжваў стварэнне Вышэйшага савета Супольнасці, прадастаўленне грамадзянам Беларусі і Расіі роўных правоў у адукацыі, працаўладкаванні, ахове здароўя, аплаце працы і г. д. Далейшае палітычнае збліжэнне дзяржаў было замацавана дагаворам аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1997 г. Палітычная накіраванасць інтэграцыі выклікала крытычную занепакоенасць часткі беларускага грамадства. Аднак у кантэксце заяў аб тым, што падпісаныя дакументы ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў, прадугледжваюць захаванне шырокай самастойнасці і не пагражаюць іх суверэнітэту, быў зроблены наступны крок: 8 снежня 1999 г. у Маскве прэзідэнты краін падпісалі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У адпаведнасці з дагаворам былі створаны Вышэйшы дзяржаўны Савет і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, ўведзены пасады старшынь Саветаў і ўстаноўлены агульны бюджэт. Далейшае паглыбленне інтэграцыйнага працэсу беларускае кіраўніцтва звязвала з распрацоўкай праекта канстытуцыйнага акта Саюзнай дзяржавы, правядзеннем рэферэндуму ў абедзвюх дзяржавах, абраннем саюзнага парламента і фарміраваннем наднацыянальных органаў улады. Разам з тым Беларусь праводзіла шматвектарную знешнюю палітыку. Дыпламатычныя адносіны Рэспубліка Беларусь падтрымлівала са 153 краінамі (на кастрычнік 2002 г.). У 45 краінах яна мела 51 дыпламатычнае прадстаўніцтва; у тым ліку 42 пасольствы, 7 генеральных консульстваў і 2 пастаянных прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях. За мяжою знаходзілася 11 аддзяленняў пасольстваў (10 у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і 1 - у г. Боне, Германія). Адначасова ў Беларусі дзейнічалі 33 пасольствы, 12 замежных консульскіх устаноў, 12 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый; па сумяшчальніцтву ў Беларусі было акрэдытавана 76 замежных паслоў. Шырокія міжнародныя сувязі Беларусі адкрываюць магчымасці вырашэння важных палітычных і эканамічных задач. На парадку дня стаяць пытанні далейшага ўмацавання пазіцый Беларусі ў Еўропе і сусветным супольніцтве, пераадолення пэўнай палітычнай і эканамічнай дыскрымінацыі ў краінах Еўрасаюза, прыцягненне замежных інвестыцый, каардынацыя дзеянняў з членамі СНД і краінамі-удзельніцамі Мытнага саюзу ў сферы мытнай палітыкі, узаемнага гандлю і гандлю з трэцімі краінамі, выкарыстанне вопыту замежных краін у вырашэнні праблем пераходу да рынкавай эканомікі, забеспячэнне эфектыўнага ўдзелу міжнародных структур у пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы і г. д. Эфектыўнасць знешнепалітычнай дзейнасці беларускага кіраўніцтва і надалей будзе вымярацца тым, наколькі яна садзейнічае вырашэнню ўнутраных праблем краіны і забяспечвае інтарэсы беларускага народа ў міжнародным супольніцтве.