Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці 5 страница


Апынуўшыся ў шчыльным акружэннi, генерал Доўбар-Муснiцкi выказаў гатоўнасць да перамiр’я пры умовах адводу савецкiх войск за лiнiю Рагачоў–Жлобiн – Мiнск і захавання зброі за корпусам. Прадпрынятая савецкім камандаваннем спроба канчатковай ліквідацыі рэшткаў корпуса скончылася поўным паражэннем савецкіх часцей пад Асіповічамі 19 лютага 1918 г. Развіццё падзей была абумоўлена парушэннем перамір’я і германскім наступленнем на Савецкую Расію. Далейшая дзейнасць корпуса ўзгаднялася з генералам Гофманам.

Такім чынам, насуперак Дэкрэту аб міры, бальшавіцкая ўлада на Беларусі не здолела вырашыць канфлікт мірнымі сродкамі і фактычна ператварыла яго ў ачаг грамадзянскай вайны з людскімі ахвярамі і велізарнымі матэрыяльнымі стратамі. Распачаўшы ваенныя дзеяннi супраць Польскага корпуса, кiраўнiкi Стаўкi i Заходняга фронту, у адрозненне ад царскага i Часовага ўрадаў, ужо не баялiся страцiць у асобе палякаў стратэгiчнага саюзнiка ў барацьбе супраць Германii, паколькi спадзявалiся на заканчэнне вайны, на сусветную рэвалюцыю і г.д. Са свайго боку камандаванне корпуса бачыла яго прызначэнне не ў барацьбе з Савецкай уладай, а ў служэнні будучай незалежнай Польшчы. Аб тым, у прыватнасцi, сведчаць яго дабрахвотнiцкi прынцып камплектавання i пераважна абарончая тактыка вядзення баявых дзеянняў супраць савецкiх войск.

Яшчэ больш катастрафічныя для Савецкай Расіі, у тым ліку Бела-русі, мела бальшавіцкая палітыка выхаду з вайны і дасягнення міру. Як вядома, адным з першых крокаў новай улады ў асобе II з’езда Саветаў стала прыняцце дэкрэта “Аб мiры”. У адпаведнасцi з дэкрэтам, ленінскі СНК прапаноўваў усiм ваяваўшым краiнам, i ў першую чаргу – Англii, Францыi i Германii, пачаць перагаворы аб заключэннi дэмакратычнага мiру. Дэкрэт аб мiры быў звернуты i да салдат расiйскай армii, якiя праглi рашучых урадавых захадаў па спыненнi вайны. 7 лістапада СНК запатрабаваў ад ваеннага камандавання расійскіх узброеных сіл прыступiцца да мiрных перагавораў з працiўнiкам. Але выконваўшы абавязкi вярхоўнага галоўнакамандуючага генерал М. Духонiн адмовiўся выканаць гэтае патрабаванне і таму быў адхілены ад пасады. Замест яго новым вярхоўным галоўнакамандуючым быў прызначаны член РСДРП(б) прапаршчык М. Крыленка. 12 лiстапада за Заходнафрантавы ВРК за нежаданне генерала П. Балуева ўступаць з немцамi ў перагаворы аб заключэннi перамiр’я таксама быў адхілены ад пасады. Новы галоўнакамандуючы Заходнім фронтам член РСДРП(б) падпалкоўнік Каменшчыкаў аддаў загад прыступiцца да перагавораў з немцамi.

Стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага па-ранейшаму выказвала непадпарадкаванне ленінскаму СНК. Невыпадкова таму 13 лістапада прапаршчык М. Крыленка ў сваiм загадзе па армii i флоту абвясціў М. Духонiна “ворагам народа” і 19 лістапада з атрадамі рэвалюцыйных салдат і матросаў заняў Магілёў. Характэрна, што ўжо ў дзень забойства Духонiна, 20 лістапада у Брэст-Лiтоўску пачалiся мiрныя перагаворы, якія завяршыліся 2 снежня падпісаннем перамiр’я памiж Расiяй i краiнамi аўстра-германскага блоку. Асноўная маса расійскай грамадскасці, у тым ліку “рэвалюцыйная дэмакратыя” стрымана аднесліся да вестак аб перамір’і, бо звязвала дасягненне мiру, i не сепаратнага, не “шкурнага” (па словах В. Чарнова), а трывалага, дэмакратычнага, без анексiй i кантрыбуцый, на аснове самавызначэння народаў, выключна з Устаноўчым сходам.

Нягледзячы на заклапочанасць расiйскага грамадства праблемай дасягнення рэальнага мiру, бальшавiцкая дзейнасць у гэтым напрамку з’яўлялася другаснай у параўнаннi з праблемай усталявання “Савецкай улады”. На фоне (а часцей – пад выглядам) “барацьбы за мiр” праз увядзеннe прынцыпу абрання каман-дзiраў была канчаткова разбурана старая сiстэма кiравання войскамi – ад Стаўкi вярхоўнага галоўнакамандавання да палкавых штабоў i нiжэй, а затым – i сама армiя. Яе наўмысны развал тлумачыўся не толькi адсутнасцю патрэбы ў шматмiльённых узброеных сiлах у сувязi з меўшым адбыцца заключэнем мiру, але i iх небяспекай для бальшавiцкага кiраўцтва ў выпадку, калi яно не выканала абяцання скончыць вайну. Уласна кажучы, поўная перамога Cавецкай улады cтала магчымай толькi пасля заключэння перамiр’я, калi частка бальшавiзаваных, а таксама абалваненых сацыялiстычнай фразеалогiяй вайскоўцаў, пакiнуўшых фронт, зрабiлася яе ўзброенай апорай у тыле. Гэтых сiл хапiла для таго, каб узначалiць вайсковыя злучэннi, запоўнiць кiраўнiцтва Саветаў i iншых уладных структур, cтварыць касцяк новых узброеных фармiраванняў (Чырво-най гвардыi, народна-сацыялiстычнай армii i г. д.), а таксама нейтралiзаваць дзейнасць апазiцыйных арганiзацый. “Зараз наша задача, – казаў М. Крыленка пасля падпісання перамір’я, – справiцца з ворагам мiру ўнутры сваёй краiны».

Такім чынам, пытанне абароназдольнасцi краiны ўжо не належала да лiку злабадзённых, а асноўнае прызначэнне новых узброеных фармiраваняў заключалася ў барацьбе cупраць мясцовай апазiцыi. З гэтай нагоды, адначасова з роспускам старой армii бальшавіцкае кіраўніцтва iмкнулася захаваць асобныя яе часцi або зводныя каманды, што было вельмі цяжка здзейсніць, бо нават са складу Аблвыкамзаха дэзерціравала амаль палова дэпутатаў, а колькасць войск на Заходнiм фронце зменшылася да 150 тыс. штыкоў.

На пачатку студзеня 1918 г. Мiнскi Савет пастанавiў сфармiраваць уласную Чырвоную гвардыю выключна з бальшавiкоў i левых эсэраў. Магчымасць стаць чырвонагвардзейцам набывалі тыя рабочыя, хто меў рэкамендацыю ад сацыялiстычных партый i прафсаюзаў, якiя прызнавалi ўладу Саветаў. У Віцебску фармiраваннем Чырвонай гвардыi займаўся ВРК. У яе шэрагi запрашалiся партыйныя рабочыя i сяляне. Беспартыйныя маглi запiсацца па рэкамендацыi 2 бальшавікоў. На такіх жа ўмовах адбывалася фарміраванне атрадаў у Полацку, Бабруйску і інш. гарадах. 15 студзеня СНК РСФСР абвясцiў аб стварэннi дабраахвотнай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Армiі. Крытэрыямi адбору з’яўлялiся сацыяльнае паходжанне (працоўныя класы), адданасць Савецкай уладзе і iдэалам сацыялiзму, а таксама гатоўнасць iх абараняць. Патрэба Савецкай улады ў новай армii зрабiлася асаблiва злабадзённай у сувязi з пашырэннем i павелiчэннем ачагоў узброенага супраціўлення на Украiне, на Урале i г. д. На Беларусi пэўную небяспеку ёй уяўляў І Польскi корпус. На гэтым фоне пагроза з боку германскіх войск здавалася неістотнай. Бальшавiкi Беларусi падзялялi пазiцыю Л. Троцкага – “вайны не весці, міру не падпісваць, армію распусціць”, занятую iм на перагаворах у Брэст-Літоўску. На думку магiлёўскiх бальшавiкоў, разрыў мiрных перагавораў з’яўляўся адзiна магчымым правiльным крокам.

Вынiкам недальнабачнай палiтыкi ленінскага ўрада стала аднаўленне аўстра-германскiмi войскамi маштабнага наступлення шырокiм фронтам ад Балтыйскага мора да вусця Дуная. Пры гэтым, яшчэ 16 лютага германскае камандаванне папярэдзiла Савецкi ўрад аб перапыненнi 18 лютага з 12 гадзiн дня перамiр’я. Але толькі 22 лютага быў распаўсюджаны зварот ленінскага СНК “Сацыялiстычная Айчына ў небяспецы”, якi меў на мэце ўзняць патрыятычны рух расiйскiх вайскоўцаў i ўсiх грамадзян супраць захопнiкаў. Гэты дакумент застаў Аблвыкамзах, СНК, iншыя дзяржаўныя i партыйныя ўстановы Беларусі ўжо ў Смаленску. Iх кiраўнiцтва нават не здзейснiла спробы арганiзаваць абарону Мiнска або эвакуiраваць матэрыяльныя каштоўнасцi. У iншых губернскiх i павятовых цэнтрах Беларусi для арганізацыі абароны спатрэбiлася ўтвараць надзвычайныя органы, накшталт Рэвалюцыйнага Штабу ў Віцебску. Пры гэтым бальшавiкi i левыя эсэры засталiся без падтрымкi iншых сацыялiстычных партый. 20 лютага ў Магiлёве быў створаны Вярхоўны ваенны Савет для барацьбы супраць нямецкага наступлення i ўнутранай контррэвалюцыi, праз 2 дні рэаргані-завны ў губернскі ВРК. З наблiжэннем працiўнiка бальшавiкi не здолелi аказаць яму дзейснага супрацiўлення, а іх эвакуацыя ператварылася ва ўцёкі. Спробы бальшавiкоў Полацка арганiзаваць абарону горада таксама не далі cтаноўчых вынiкаў. У Гомелi мясцовы Рэўком, атрымаўшы тэлеграму аб тым, што “немцы ўжо ў Рэчыцы, і па дарозе вешаюць бальшавiкоў”, эвакуiраваўся той жа ноччу. У вынiку сяляне навакольных вёсак, карыстаючыся безуладдзем, некалькi дзён запар рабавалі крамы i яўрэйскае насельніцтва. Разлiк бальшавiцкага кiраўнiцтва на масавае ўступленне працоўных у шэрагi Чырвонай гвардыi (затым – Чырвонай Армii) сябе не апраўдаў. Успрымаючы ўладу Саветаў як уладу бальшавiкоў, рабочы клас у сваёй большасцi не выказаў жадання ўдзельнiчаць нi ў грамадзянскай вайне, нi ў абароне “сацыялiстычнай Айчыны”. Па сутнасцi, нiдзе на Беларусi (акрамя, бадай, паўночнай Вiцебшчыны) працiўнiк не сустрэў сур’ёзнага супрацiўлення, паколькi ў бальшавiцкага кiраўніцтва не знайшлося для гэтага нi сiл, нi сродкаў.

Германскае наступленне завяршыла канчатковае разлажэнне рэгулярнай Расiйскай армii на Заходнiм фронце. Брэсцкi мiр, падпiсаны 3 сакавiка, выратаваў бальшавiцкую ўладу ад поўнага краху. Цаной таму былi страты Расiяй велiзарнай колькасцi матэрыяльных каштоўнасцяў, зброi, харчовых прадуктаў. “Пахабны мiр” зрабiўся вынiкам такой жа “пахабнай” палiтыкi бальшавiкоў, заснаванай на разбуральнай сацыяльнай утопii, класавай варожасцi, адмаўленнi дэмакратычных каштоўнасцяў. Такое iх стаўленне да ўласнага народа, а таксама манiякальнае iмкненне распалiць сусветную рэвалюцыю справакавалі кайзераўскую Германiю да аднаўлення ваенных дзеянняў cупраць Расii. Варта заўважыць, што i “белы рух”, i распачатая Антантай iнтэрвенцыя, таксама адбывалiся пад лозунгам барацьбы з бальшавiзмам.

6. Пачатак грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі яшчэ больш абвастрыў і актуалізаваў праблему беларускага нацыянальнага самавызначэння. Даведаўшыся аб германскім наступленні, кіраўніцтва Аблвыкамзаха, Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б), штаба Заходняга фронта замест таго, каб мабілізаваць Чырвоную армію і ўсё насельніцтва на абарону ад агрэсара, занялося падрыхтоўкай да эвакуацыі ў Смаленск сваіх работнікаў, рэдакцый газет “Советская правда” і “Звезда”, дакументаў, каштоўнасцяў і інш. Таму ва ўмовах фактычнага безуладдзя 19 лютага 1918 г. у 15 гадзін на пасяджэнні Беларускай Цэнтральнай Вайсковай Рады, якая легалізавала сваю дзейнасць, было прынята рашэнне “з прычыны выразна выяўленага iмкнення Народнага Камiсарыята Заходняй вобласцi збегчы на ўсход, i з прычыны наблiжэння немцаў i анархii ў горадзе ўзяць на сябе ахову парадку i бяспекi ў Мiнску, а калi спатрэбiцца – то i ва ўсёй Беларусi, а таксама прапанаваць Выканаўчаму камiтэту Рады I Усебеларускага з’езда выканаць волю з’езда i ўзяць уладу ў свае рукi”.

Да 22 гадзiн атрадам БЦВР ужо належала ўлада ў горадзе, а на занятым будынку губернатарскага дома былi вывешаны 2 нацыянальныя флагi з надпiсам “Няхай жыве Вольная Беларусь”. Пэўныя прэтэнзіі на ўладу ў Мінску выказвалі дзеячы “Польскай арганізацыі вайсковай”. Пасля ўступлення ў горад 21 лютага часцей І Польскага корпуса па дамоўленасцi з беларусамi палякi-вайскоўцы ўзялi пад свой кантроль толькі паўднёва-заходнюю яго частку. У гэты ж дзень Выканком Рады Усебеларускага з’езда абвясцiў Устаўную грамату да народаў Беларусi, у якой паведамлялася аб утварэнні Часовай народнай улады ў асобе Народнага Сакратарыяту ў мэтах абароны і ўмацавання заваёў рэвалюцыі.

Устаўная грамата і яе змест апынуліся ў цэнтры ўвагi мясцовай грамадскасцi. Як адзначаў бундаўскi “Дэр Векер”, “беларускае пытанне займае зараз усю iнтэрнацыянальную дэмакратыю краю”, i са свайго боку заклiкаў “актыўна дапамагаць i садзейнiчаць рэвалюцыйна-дэмакратычным iмкненням беларускага Народнага Сакратарыяту ў справе склiкання Беларускага Устаноўчага сходу, якi павiнен выказаць волю народаў краю”. 22 лютага быў апублiкаваны спiс урадавага кабiнета (старшыня Я. Варонка) у складзе пяцi грамадоўцаў, шасцi эсэраў, аднаго народнага сацыялiста i аднаго паалейцыянiста. Але пасля акупацыі горада таго ж 22 лютага германскiмi войскамi ўлада Народнага Сакратарыята скончылася. 25 лютага немцы забралі яго памяшканне, канфіскавалі грашовыя сродкі і сарвалі нацыянальныя сцягі. У выніку беларускім дзеячам давялося прасіць у камандуючага 10-й армiі генерала Э.Фалькенгайна дазволу на дзейнасць па абароне нацыянальных iнтарэсаў.

Акупацыйныя улады не далі афіцыйнага дазволу на дзейнасць Народнага Сакратарыята, але і забараняць яе не сталі, што на той час у цэлым станоўча адбілася на беларускім палітычным жыцці. 21 лютага ў Мiнску пад рэдагаваннем ксяндза В. Гадлеўскага выйшла пераведзеная з Петраграда, беларуская газета “Кrynica”. 1 сакавiка выйшла “пазапартыйна-народная” газета “Белорусская земля”, праз тыдзень – “Беларускi шлях” (з удзелам П. Аляксюка, З. Бядулi, Я. Варонкi, А. Гаруна, Я. Лёсiка і інш.).

Важнай падзеяй у далейшай актывiзацыi Народнага Сакратарыята стала падпiсанне ленінскім урадам 3 сакавiка 1918 г. Брэсцкага мiрнага дагавору, у адпаведнасцi з якiм 4/5 тэрыторыi Беларусi, у тым лiку Мiнск, адыходзiла пад кантроль акупантаў. Такiм чынам, было парушана дадзенае Л. Троцкім абяцанне аб тым, што лёс Беларусi на перагаворах з немцамi не будзе вырашацца без удзелу самiх беларусаў. Таму адрыў края ад Расii аб’ектыўна ставiў у парадак дня патрэбу ў афармленнi яго нацыянальна-тэрытарыяльнага статусу. Як гаварылася ў другой Устаўной грамаце, выдадзенай 9 сакавiка, “Беларусь у рубяжох разсялення i лiчбеннай перавагi беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублiкай”. У тым жа дакуменце прадугледжвалiся прынцыпы ўтварэння i iснавання дэмакратычнай дзяржавы, якiя набывалi сiлу неадкладна, да склiкання Устаноўчага Сойму Беларусi. Такім чынам, ІІ Устаўная грамата, па-сутнасці, з'явілася канстытуцыйным актам беларускай рэспублікі.

У сувязi з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі адбылося ўдасканаленне назвы органа заканадаўчай улады: Выканком Савета стаў звацца Радай Усебеларускага з’езда, а з 18 сакавiка – Радай БНР (старшыня I. Серада).

Мiж тым ратыфiкацыя савецкiм бокам 16 сакавiка Брэсцкага мiру, акрамя iншага, iстотна падарвала пераважаўшую ў асяроддзi Рады БНР iдэю федэрацыi з Расiяй i абумовiла неадкладнае афармленне дзяржаўнай незалежнасцi. Вынiкам пасяджэння Рады БНР 25 сакавiка 1918 г. стала прыняцце трэцяй Устаўной граматы. “Ад гэтага часу, – гаварылася ў ёй, – Беларуская Народная Рэспублiка абвяшчаецца незалежнай i вольнай дзяржавай”. Акрамя таго, у дакуменце вызначалася тэрыторыя рэспублiкi (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Смаленская губ.) пацвярджалiся ранейшыя правы i вольнасцi, абвешчаныя ў папярэдняй грамаце, i выказвалася спадзяванне на дапамогу iншых народаў у ажыццяўленнi беларускіх ідэалаў.

Аднак большая частка палітычных арганізацый іншых нацыянальнасцяў варожа сустрэла абвяшчэнне незалежнай БНР, не ўяўляючы сабе магчымасці далейшага існавання па-за межамі Расіі. Германскiя вайсковыя улады не выявілі зацікаўленасці ў палітычных заявах беларускіх дзеячаў. У адпаведнасці з Брэсцкім дагаворам, Германія брала на сябе абавязак не падтрымлiваць на акупiраванай тэрыторыi нiякiх варожых Савецкай Расii палiтычных утварэнняў. Спроба асобных лiдэраў Рады (I. Серада, I. Варонка, Р. Скiрмунт, Я. Лёсiк, А. Аўсянiк, П. Аляксюк, П. Крэчэўскі) тэлеграмай, дасланай на адрас Вiльгельма II, заручыцца “абаронай Германскай Iмперыi” станоўчай мэты не дасягнула, затое выклiкала незадавальненне многiх дзеячаў i, як вынiк – крызiс кiруючых органаў рэспублiкi. У выніку Рада ператварылася ў каалiцыйны орган – “Мiнскае прадстаўнiцтва” з удзелам Р. Скiрмунта i iншых правых элементаў. БСГ, якая стварала аснову Рады, распалася на партыi беларускiх эсэраў, беларускiх сацыялiстаў-федэралiстаў i беларускiх сацыял-дэмакратаў.

У маi 1918 г. з-за ўзмацнення мiжпартыйнай барацьбы крызiс урадавых структур часткова завяршыўся фармiраваннем новага складу Народнага Сакратарыяту (Я. Варонка) i абнаўленнем Рады (старшыня Я. Лёсiк). Аб’ектыўна гэта паспрыяла паляпшэнню стаўлення акупантаў да кiраўнiцтва БНР, але ў самiм яго складзе не сцiхала фракцыйная барацьба. У лiпенi ўрад узначалiў Р. Скiрмунт, але прабыў на пасадзе старшынi ўсяго некалькi дзён. Чарговы каалiцыйны ўрад узначалiў I. Серада, тым не менш фракцыйнае процiстаянне ва ўладных структурах не перапынялася.

Чарговы этап развiцця БНР быў звязаны з Дадатковым (да Брэсцкага) дагаворам ад 27 жнiўня, заключаным памiж Германiяй i Савецкай Расiяй, паводле якога першая за велiзарную кампенсацыю (золата на суму 6 млрд марак, хлеб, сыравіна) абавязалася ўжо восенню пачаць вызваленне занятых тэрыторый. Гэты акт, акрамя iншага, значна пагаршаў перспектывы ўмацавання БНР, паколькi, Германiя брала на сябе абавязак “...нi выклiкаць, нi падтрымлiваць утварэнне самастойных дзяржаўных арганiзмаў у гэтых абласцях”.

Такая пазiцыя акупантаў у беларускiм пытаннi ўзмацнiла антыгерманскiя настроi i стымулавала дзейнасць палiтычных колаў, з'арыентаваных на уласныя сiлы. На iх аснове пачалося ўтварэнне блока беларускiх эсэраў i сацыялiстаў-федэралiстаў. У канцы верасня ўдасканальвалiся асновы канстытуцыйнага ўладкавання рэспублiкi. 11 кастрычнiка Народны Сакратарыят быў перайменаваны ў Раду Народных Мiнiстраў (старшыня А. Луцкевiч). У гэты ж дзень Рада зацвердзiла Часовую Канстытуцыю БНР.

У верасні-кастрычніку 1918 г.з пачаткам эвакуацыi германскiх войск з Беларусi пры адначасовым уступленнi ў вызваленыя раёны часцей Чырвонай Армii кiраўнiкi БНР мусiлi актывiзаваць дыпламатычную дзейнасць з мэтай пошуку падтрымкі заходнiх краiн. Але яна, роўна як i перамовы беларускiх эмiсараў з савецкiм бокам аб магчымасцi захавання незалежнасцi рэспублiкi, плёну не прынесла. Разлiк на ўласныя сiлы быў невялiкiм, паколькi ўзброеных фармiраванняў, здольных абаранiць яе, створана не было. Штаб камандавання германскай Х-й армii перад сваiм ад’ездам з Мiнска адмовiўся перадаць уладныя паўнамоцтвы як Радзе БНР, так i прадстаўнiкам зноў створанага “Дэмакратычнага краявога цэнтру”.

Рэвалюцыя ў Германii i скасаванне савецкiм урадам 13 лiстапада 1918 г. Брэсцкага мiру яшчэ больш ускладнiла ўнутрыпалiтычнае i мiжнароднае становiшча БНР. На думку беларускiх эсэраў i сацыялiстаў федэралiстаў, Беларусь патрэбна было ратаваць ад двух акупантаў – Германii i Расii, абапiраючыся толькi на ўласныя магчымасцi. На практыцы iдэя “трэцяй сiлы” cтала ўвасабляцца ў стварэннi партызанскiх атрадаў.

У лістападзе 1918 г. кiраўнiцтва ўрада БНР на чале з А. Луцкевiчам чарговы раз здзейснiла спробу дамовiцца з ленiнскiм СНК адносна незалежнасцi сваёй рэспублiкi, але безвынiкова. Перад пагрозай заняцця Беларусi Заходняй Чырвонай Армiяй ў апублiкаваных чацвёртай (9 лiстапада) i пятай (3 снежня) Устаўных граматах Рада БНР заклiкала беларускi народ да стварэння ўласных Саветаў, падпарадкаваных ёй, i да абароны рэспублiкi. Але наступленне Чырвонай Армii было дастаткова iмклiвым, а само насельнiцтва даволi далёкiм ад палiтыкi, каб гэтыя заклiкi прынеслi плён. Можна меркаваць, што кiраўнiцтва БНР таксама добра ўсведамляла гэтыя акалiчнасмцi, бо не рызыкнула застацца тут у якасцi арганiзатара абароны, а палiчыла лепшым эвакуiравацца ў Вiльню. З прыходам жа часцей Чырвонай Армii ва ўсiх населеных пунктах фармiравалiся ВРК i iншыя органы Савецкай улады.

Такiм чынам, утварыць БНР i забяспечыць яе суверэнную жыццядзейнасць не ўдалося. Як дзяржаўнае ўтварэнне яна знаходзiлася толькi ў стадыi фармiравання i iснавала ў надзвычай цяжкiх умовах германскай акупацыi, якая без адпаведных уладных iнстытутаў выключала магчымасць практычнага ажыццяўлення Устаўных грамат. Створаныя на месцах улады, занятыя ў асноўным гаспадарча-сацыяльнай сферай, былi пад поўным кантролем аку-пантаў.

Значна большых поспехаў, нават у параўнаннi з савецкай часткай Беларусi, удалося дасягнуць у галiне нацыянальнай асветы i культуры: тут працавалi беларускiя школы (ад 150 да 300), 5 гiмназiй, Свiслацкая семiнарыя, Мiнскi педагагiчны iнстытут, курсы беларусазнаўства, кансерваторыя, культурна-асветнiцкiя таварыствы, кнiжныя выдавецтвы, драматычныя i музычныя таварыствы i многае iншае.

У дыпламатычнай дзейнасцi дзеячы БНР iмкнулiся дамагчыся мiжнароднага прызнання. Консульскiя мiсii былi заснаваны ў Кiеве, Адэсе, Коўне. У друкарні, заснаванай у Берліне, было падрыхтавана і затым выдадзена каля 2 000 дыпламатычных пашпартаў. Яе дыпламаты наведвалi Германiю, РСФСР, Варшаву, Берлiн, Берн, Капенгаген, маючы пашпарты з дзяржаўнай сiмволiкай у выглядзе бела-чырвона-белага сцяга i герба“Пагоня”. З лiквiдацыяй БНР iдэя незалежнай беларускай дзяржавы не знiкла, а працягвала iснаваць у дзейнасцi яе дзеячаў-эмiгрантаў.

Такім чынам, БНР — гэта адзін з этапаў працяглага і супярэч-лівага працэсу барацьбы беларускага народа за нацыянальную дзяржаўнасць. Гэта была спроба ўпершыню заявіць аб праве на незалежнасць. Абвяшчэнне БНР аказала ўздзеянне на ход далейшых працэсаў на Беларусі, у тым ліку на утварэнне беларускай рэспублікі на рэвалюцыйна-класавай аснове.

7. Пасля перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу, у тым ліку на Беларусі і Заходнім фронце, частка былых членаў БСГ (грамадоўцаў) пайшла на супрацоўніцтва з Савецкай уладай, спадзеючыся з яе дапамогай вырашыць злабадзённыя патрэбы беларускага народа. Такія ж настроі пераважалі сярод членаў нешматлікай Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Намаганнямі апошніх, а таксама былых грамадоўцаў, у адпаведнасці з ленінскім дэкрэтам ад 31 студзеня 1918 г. у Петраградзе пры Камісарыяце па справах нацыянальнасцяў (старшыня I. Сталін) СНК РСФСР быў утвораны Беларускі нацыяналь-ны камісарыят (Белнацком) пад старшынствам А. Чарвякова. З пераносам сталіцы ў Маскву аддзяленні Белнацкома існавалі ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве.

У выніку лютаўскага 1918 г. наступлення германскай арміі тэрыторыя са-вецкай Беларусі зменшылася да 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У сакавіку-красавіку адбылося іх аб'яднанне са Смаленскай губерняй у Заходнюю вобласць РСФСР. Яе сталіца – Смаленск стала прытулкам эвакуіраваных з Мінска Паўночна-Заходняга камітэту РКП(б) і Абласнога выканаўчага камітэту Заходняй вобласці і фронта (Аблвыкамзах) і іх кіраўнікоў – А. Мяснікова, Калмановіча В. Кнорына, К. Ландэра, I. Алібегава і інш.). Натуральна, што з самага пачатку і да канца сваёй дзейнасці ў Смаленску гэтыя дзеячы, так званыя "абласнікі", па прынцыповых меркаваннях так і не памянялі свайго негатыўнага стаўлення да беларусаў і іх нацыянальных патрэб

Вясной на аснове БСДРП у Петраградзе, Варонежы, Казані, Маскве, Саратаве і іншых гарадах, дзе знаходзіліся беларускія рабочыя і бежанцы, узніклі Беларускія секцыі Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) як часткі мясцовых бальшавіцкіх арганізацый.

Белнацком сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б) праводзіў разнастайную культурна-асветніцкую працу сярод сваіх землякоў: адкрываў школы і клубы, выдаваў літаратуру. Друкаваным органам Белнацкома з'яўлялася газета "Дзянніца" - першая беларускамоўная савецкая газета.

Факт абвяшчэння на акупіраванай тэрыторыі БНР выклікаў моцную агітацыйна-прапагандысцкую кампанію супраць яе арганізатараў з боку Белнацкома і беларускіх секцый РКП(б). Разам з тым факт заснавання БНР падштурхнуў лідэраў названых арганізацый патрабаваць ад СНК РСФСР утварэння Беларускай вобласці (замест Заходняй) у этнаграфічных межах "на правах самастойнасці ў сваім гаспадарчым і палітыка-адміністрацыйным жыцці”. З гэтай нагоды Белнацком звярнуўся ў Наркамнац РСФСР з «Праектам дэкрэту аб ўтварэнні Беларускай вобласці» як часовай “аўтаномнай палітычнай адзінкі” замест Заходняй вобласці і яе кіруючых органаў, якія ўзніклі “пры выпадковых акалічнасьцях з вайсковых арганізацый Заходняга фронту без удзелу свабоднага волевыяўленьня беларускага народу”. Адным з аргументаў на карысць ажыццяўлення праекта з’яўлялася неабходнасць стварэння “палітычнай процівагі Мінскай Радзе”.

Пасля таго, як 27 жніўня дэлегацыі РСФСР і Аўстра-Германскага блоку падпісалі адпаведны Дадатковы дагавор, дзеячы Белнацкома ізноў звярнуліся да кіраўніцтва Заходняй вобласці з прапановай аб яе пераіменаванні ў Беларуска-Літоўскую вобласць. Аднак кіраўніцтва Паўночна-Заходняга камітэта і Аблвыкамзаха выявіла да прапановы рэзка адмоўнае стаўленне, ўбачыўшы ў тым праявы шавінізму і пагрозу цэласнасці ўсёй Савецкай краіны. Такі ж лёс спасціг і прапанову беларускіх дзеячаў аб перайменаванні Заходняй вобласці ў Беларускую Камуну. У адказ "абласнікі" пагадзіліся назваць вобласць Камунай, толькі не Беларускай, а ізноў-такі Заходняй.

Беларускія секцыі РКП(б) уздымалі пытанне аб дзяржаўнасці Беларусі і па партыйнай лініі – перад Паўночна-Заходнім камітэтам, але безвынікова. Характэрна, што і бальшавіцкія губкамы Віцебска, Магілёва і Смаленска, паасобку і разам, не выказвалі зацікаўленасці не толькі ў самавызначэнні Беларусі, але і ў існаванні Заходняй вобласці. Такое стаўленне бальшавікоў было абумоўлена ўздзеяннем класава-інтэрнацыяналісцкіх лозунгаў, на фоне якіх ўсе астатнія, закранаўшыя нацыянальнае пытанне, асабліва, беларускае, здаваліся калі не сепаратысцкімі, то ва ўмовах меўшай адбыцца сусветнай пралетарскай рэвалюцыі яўна не своечасовымі. Не апошнюю ролю ў негатыўным стаўленні "абласнікоў" і іх прыхільнікаў да гэтай праблемы адыграла ідэалогія "заходнерусізму", у адпаведнасці з якой беларусы не лічыліся асобным этнасам, а толькі этнаграфічным адгалінаваннем народа рускага", і таму быццам не мелі правоў на ўтварэнне асобнай дзяржавы, нават на савецкім грунце.

У лістападзе адбыліся важнейшыя падзеі, якія паўплывалі на далейшы лёс Беларусі. Па-першае, у лістападзе 1918 г. нарэшце скончылася сусветная вайна. Траісты блок пацярпеў паражэнне і ленінскі ўрад з поўным правам дэнансаваў (абвясціў несапраўдным) ганебны Брэсцкі мір. У выніку паскорылася вызваленне акупіраваных тэрыторый, у тым ліку Беларусі, ад германскіх войск. Па-другое, 16 лістапада 1918 г. Польшча абвясціла аб аднаўленні сваёй дзяржаўнасці, і РСФСР афіцыйна прызнала яе суверэнітэт. Але ў ліку народаў, якіх ленінскі СНК заклікаў самім вызначыць свой лёс, беларусы не значыліся. Сваю незадаволенасць гэтым фактам З. Жылуновіч выказаў газетным артыкулам пад красамоўнай назвай: "Як жа з Беларуссю?".

13 снежня 1918 г. Мінскі губернскі ВРК накіраваў на адрас старшыні УЦВК Я. Свярдлова тэлеграму з прапановай уключыць у парадак дня меўшай адбыцца VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) пытанне аб утварэнні Беларускай Рэспублікі, але А. Мяснікоў растлумачыў яе "як прыватнае меркаванне мясцовых савецкіх работнікаў". Ён жа накіраваў ліст на адрас Мінскага раённага камітэта РКП (б) і ваенрэўкома з патрабаваннем да газеты "Бедняк" "не дапускаць асвятлення на яе старонках пытання накшталт мяркуемай так званай Беларускай камуны, пазбягаць беларуска-рэспубліканскай хімеры".

Пры такім стаўленні партыйнага і дзяржаўнага лідэра Заходняй Камуны да ідэі беларускай савецкай дзяржаўнасці, не магло нават ісці гаворкі пра магчымасць яе ажыццяўлення сіламі Белнацкома і Беларускіх секцый РКП(б) без умяшальніцтва "звыш", гэта значыць, з ЦК РКП(б) і СНК РСФСР. І час для такога ўмяшальніцтва настаў, калі праблема беларускай дзяржаўнасці перастала быць толькі праблемай беларусаў, а яе вырашэнне магло ўмацаваць міжнароднае становішча Савецкай Расіі. Невыпадкова, што пад час ваенна-палітычнай актывізацыі Польшчы, якая абапіралася на Антанту, беларускім бальшавікам нарэшце было дазволена ўшчыльную прыступіцца да ажыццяўлення нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Так, на пачатку дваццатых чыслаў снежня 1918 г., пад час працы канферэнцый Беларускіх секцый РКП(б), яе ўдзельнікі палічылі мэтазгодным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі і абралі Цэнтральнае бюро секцый у складзе З. Жылуновіча (старшыня), Ф. Балбекі, I. Няцецкага, М.Драка-Дракона, А. Чарвякова і Я. Дылы (кандыдат). Названаму бюро даручалася пасля VI Абласной канферэнцыі РКП(б) склікаць Усебеларускі з'езд камуністаў і стварыць адзіны для ўсіх партыйны цэнтр, у тым ліку з секцый і арганізацый, якія дзейнічалі ў падполлі на акупіраванай Беларусі.

Вынікі канферэнцыі мелі вызначальныя наступствы для лёсу ўсёй Беларусі і яго народа. Прынятыя на ёй дакументы ўважліва вывучаліся ў ЦК РКП (б), а 25 снежня з мэтай іх канкрэтызацыі і практычнага ажыццяўлення наркамнац I. Сталін сустрэўся з кіраўнікамі Белнацкома. Акрамя таго, апошнім было прапанавана скласці спіс кандыдатаў на зямяшчэнне пасад ва ўрадзе Беларусі. У той жа дзень І. Сталін ад імя ЦК паведаміў А. Мяснікову аб "ут-варэнні Беларускага савецкага ўрада", а таксама папрасіў яго адкласці пачатак канферэнцыі і прыбыць ў Маскву.

Вечарам, 25 снежня адбылося экстранае пасяджэнне членаў калегіі Белнацкома, прадстаўнікоў Цэнтральнага Бюро і Маскоўскага камітэта Беларускіх секцый. З. Жылуновіч паведаміў прысутным аб выніках перамоў з І. Сталіным і перадаў яго даручэнне аб фарміраванні Часовага рабоча-сялянскага ўрада. У спіс абраных кандыдатаў на пасады камісараў увайшло 15 чалавек. У выніку тайных выбараў старшынёй урада стаў З. Жылуновіч. Тэрытарыяльны склад будучай рэспублікі быў вызначаны 27 снежня на нарадзе І. Сталіна з А. Мясніковым і М. Калмановічам. У склад яе мусілі ўвайсці Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская і Смаленская губерні, а Віленская губерня – адыйсці да Літвы. Права абвяшчэння Беларускай рэспублікі перадавалася ў кампетэнцыю VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б).

Названы форум распачаў сваю працу 30 снежня 1918 г. Яго ўдзельнікі абвясцілі сябе I з’ездам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі. Пытання аб утварэнні Беларускай рэспублікі ў парадку дня не было. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК РКП(б), у даклад старшыні прэзідыума А. Мяснікова "Бягучы момант" быў уключаны пункт "Беларуская Савецкая Рэспубліка" з прапановай абвяшчэння Заходняй Камуны Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Матывацыя такога рашэння заключалася ў пошуку сродка для змякчэння ўдару міжнароднага імперыялізму па РСФСР. Дэлегаты амаль аднагалосна прагаласавалі за гэтую і наступную прапанову аб тэрыторыі Беларусі ў складзе Мінскай, Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў з прылеглымі да іх мясцовасцямі, населенымі ў сваёй большасці беларусамі.