Курсовая работа: Адносіны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай у канцы XV - 30-х гг. XVI ст.
Змест
Уводзіны
Глава 1. Узмацненне канфрантацыі паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай у 70-х гг. XV ст. і іх першыя ваенныя сутыкненні
Глава 2. Войны 1507 – 08 і 1512 – 22 гг.
Глава 3. Вайна 1534 – 1537 гг.
Заключэнне
Спіс выкарыстаных крыніц
Уводзіны
Абраны для даследвання перыяд стаў пераломным у адносінах ВКЛ і Масквы і закончыўся істотнай зменай агульнапалітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе (у выніку войнаў ВКЛ страціла 25% сваёй тэрыторыі і становішча гегемона ва усходнеславянскім рэгіёне).
Мэта работы – прааналізаваць узаемаадносіны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай ў канцы XV – 30-х гг. XVI ст.
Для дасягнення мэты трэба вырашыць наступныя задачы:
1)Высвятліць, якое знешнепалітычнае становішча склалася ва Ўсходняй Еўропе напярэдадні пачатку літоўска-маскоўскай канфрантацыі і якія фактары сталі найгалоўнейшымі ў развязванні канфлікту;
2)Разгледзіць, як разгортваліся падзеі ваенных кампаній 1492-94 і 1500-03 гг.;
3)Ахарактарызаваць далейшае абвастрэнне канфлікту ў першых дзесяцігоддзях XVI ст. і тыя з’явы, якія яго абумовілі; засяродзіць асаблівую ўвагу на Аршанскай бітве і вылучыць прычыны, якія не далі скарыстацца перамогай ВКЛ;
4)Разгледзіць вайну 1534 – 37 гг. і выявіць, што з’явілася прычынай паражэння ВКЛ у серыях войнаў з Масквой у вылучаны перыяд.
Гаворачы наконт актуальнасці, дадзеная праблема падаецца актуальнай, калі разглядаць яе з пазіцыі дзяржаўнага суверэнітэта краіны. Войны з Масквой у канцы 15 – першай трэці 16 стст. паклалі пачатак рэзкаму пагаршэнню перш за ўсё сацыяльна-эканамічнаму, часткова і дэмаграфічнаму. Пралікі урада Жыгімонта, у прыватнасці навязванне Маскве вайны (апошняя па ліку, 1534-37 гг.), улічваючы цяжкае унутрыпалітычнае становішча дзяржавы (у большасці матэрыяльнае) стала пачаткам паступовага заняпаду і як вынік – страты сваёй незалежнасці падчас Лівонскай вайны (калі разглядаць так Люблінскую унію). Зараз мы знаходзімся ў вельмі добрых адносінах з нашым усходнім суседам, але мы не павінны забываць пра сваю гісторыю і памятаваць, што зараз мы валодаем найвялікшай каштоўнасцю – уласнай незалежнасцю, якой не бачылі амаль на працягу 500 гадоў.
Можна вылучыць па тры этапы вывучэння дадзенай праблемы ў айчыннай і расійскай гістарыяграфіі: 1) 19 – першыя дзесяцігоддзі 20 стст.: а) актыўнае вывучэнне праблемы расійскімі гісторыкамі і б) пачаткі нацыянальнай гістарыяграфіі; 2) 20-я гг. 20 ст. – 1991 г. – савецкая гістарыяграфія; 3) з 1991 г. – сучасная беларуская і расійская гістарыяграфія. Ля вытокаў першага этапу стаялі з расійскага боку – а) С.Салаўёў, М. Карамзін, В. Ключэўскі; б) М. Доўнар-Запольскі, В. Ластоўскі, У. Ігнатоўскі, Ул.Пічэта;
А) Расійскія даследчыкі гэтага часу мелі большую аб’ектыўнасць у гэтым пытанні, яны наогул вельмі цікавіліся праблемамі знешняй палітыкі Масквы, але ў большасці (асабліва Карамзін) сімпатыі іх ляжалі на баку Масквы, спрабавалі апраўдаць несправядлівае развязванне канфлікта Масквой. Імі (асабліва гэта датычацца С.Салаўёва) былі перапрацаваны вялізныя летапісныя і архіўныя матэрыялы.
Б) М. Доўнар-Запольскі лічыў, што большасць унутры-і знешнепалітычных цяжкасцяў ВКЛ заключалася ў памылках нацыянальнай і рэлігійнай палітыкі; В. Ластоўскі: Іван III, на яго думку, “бытцам заганяў Літву і Беларусь у рукі палякаў”, бачыў у войнах з Масквой асноўную прычыну страты незалежнасці ВКЛ; Ус. Ігнатоўскі лічыў войны з боку Масквы безумоўнай экспансіяй з мэтай захопу земляў; Ул. Пічэта лічыў, што суперніцтва паміж княствамі абвастрылася і з прычыны розных прынцыпаў пабудовы гэтых дзяржаў: Маскоўская дзяржава будавалася на прынцыпе цэнтралізацыі, а “беларуска-літоўская” – аўтаноміі. У аснове тэрытарыяльных прэтэнзій Масквы да ВКЛ на яго думку ляжалі эканамічныя інтарэсы: “Масква ўвесь час шукала поваду, каб захапіць беларускія краіны, праз якія ішоў гандлёвы шлях да Балтыйскага мора, гэтак канечна патрэбнага для Масквы.” [Ул. Пічэта. “Гісторыя Беларусі” .-М.,1961.-134 с.].
Некаторыя даследчыкі савецкіх часоў праблему ўзаемаадносін ВКЛ і Масквы разглядалі давольна падрабязна. У выглядзе абагульняючых прац іх разглядаюць І.Б. Грэкаў (“Очерки международных отношений Восточной Еврпы 14 – 16 вв.”), А.Л. Харашкевіч. Непасрэдна дадзенай праблемай займаліся А.А. Зімін,А.Б. Кузняцоў (“О некоторых аспектах деятельности русской дипломатии в Европе в первой четверти 16 в.”, “К вопросу о борьбе Русского государства за воссоединение западнорусских земель в начале 16 в.”). Зімін: “Огромная территория, вошедшая в состав Русского государства, имела колоссальное экономическое и политическое значение. С Россией воссоединялись не только земли, населённые русским народом, но и часть украинских и белорусских земель” [2, с.195].
Сучасная гістарыяграфія прадстаўлена шырокім колам навукоўцаў і даследчыкаў узаемаадносін ВКЛ і Масквы.У беларускай гэта Г.М. Сагановіч, А.П. Грыцкевіч, Б.І. Сідарэнка, В.Я. Снапкоўскі, В. Чаропка (Віктар Кузьміч), Л. Міхайлоўская. Вялікую колькасць артыкулаў мае А.Грыцкевіч на тэму Аршанскай бітвы, Б. Сідарэнка (аўтар вотчынна-дынастычнай тэорыі маскоўскіх улад) разглядае акрамя ваеннай гісторыі і праблемы дыпламатычнай службы ВКЛ, таксама звярнуў увагу на тое, што на працягу 15 – 16 стст. эміграцыя існавала не толькі з боку ВКЛ у Маскву, але і ў супрацьлеглым накірунку, бо “В. Чаропка – аўтар шматлікіх навукова-папулярных выданняў, у тым ліку прысвечаных і разглядаемаму перыяду. Ю.М. Бохан звяртаўся да апісання родаў войск, зброі і даспехаў ваяроў у гэты час (“Зброя ВКЛ 1385 – 1576 гг.” і інш.).
Глава 1. Узмацненне канфрантацыі паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай у 70-х гг. XV ст. і іх першыя ваенныя сутыкненні
У канцы 15 ст. асноўным афіцыйным дакументам, які рэгуляваў адносіны дзвюх вялікіх княстваў – Літоўскага і Маскоўскага быў дагавор паміж вялікім князем літоўскім, каралём польскім Казімірам IV - з аднаго боку, вялікім князем Васілём II - з іншага, складзены ў 1449 гаду (31 жніўня). Князь Васіль абавязаўся жыць з Казімірам у «вечным міры», дзейнічаць заўсёды разам, «жадаць дабра яму і яго зямлі ўсюды, дзе бы ні было». Тыя ж абавязальніцтвы ўзяў на сябе Казімір. Казімір абавязваўся не прымаць да сабе Дзмітрыя Шамяку, асноўнага саперніка князя Васіля, які ў сваю чаргу абяцаў не мець зносін з Міхаілам, сынам Жыгімонта Кейстутавіча і праціўнікам караля Казіміра. У выпадку нападу татараў князі і ваяводы літоўскія і маскоўскія абавязаліся абараняцца заадно.
Пасля дамовы 1449 г. войнаў сапраўды доўга не было. Пасля таго, як 17 ліпеня 1453 г. ў Ноўгарадзе дзяк Бяда атруціў Дзмітрыя Шамяку, яго сыну Івану прыйшлося збегчы ў Літву. Казімір IV даў яму ва ўдзел гарады Рыльск і Ноўгарад-Северскі. Пазней яны па спадчыне дасталіся Васілю, сыну Івана Дзмітрыевіча, які стаў князем Ноўгарад-Северскім. Улетку 1454 г. Васіль II адправіўся ў паход на Івана Андрэевіча Мажайскага. Той некалі быў саюзнікам Шамякі, але даўным-даўно заключыў мір з Васілём II. Зараз маскоўскі гаспадар вырашыў, што наступіў зручны момант узгадаць яму старыя грахі. Войска Васіля II узяло Мажайск, а князь Іван Андрэевіч з жонкай, сынамі Андрэем і Сямёнам, з баярамі і чэляддзю збеглі ў Літву. Збегламу мажайскаму князю Казімір IV падараваў спачатку Бранск, потым памяняў яго на Старадуб і Гомель.[13, с.136-137].
Дагавор 1449 г. фактычна спыніў далейшую экспансію Літвы на Ўсход. У наступныя дзесяцігоддзі ўжо Маскоўская Русь пачала адкрыта прэтэндаваць на яе зямлі.
У пачатку 1470-х гг. позірк Казіміра быў скіраваны на захад; ён збіраўся ўладкаваць на пасадзе караля Венгрыі свайго сына (яшчэ адзін з сыноў яго быў абраны на чэшскі трон), але гэтага не атрымалася. Сітуацыя ўскладнялася і станам вайны з гаспадарамі суседніх краін (малдаўскім ваяводай Стэфанам, венгерскім каралём Мацвеем, крымскім ханам Менглі-Гірэем).
Ва ўмовах пастаяннай барацьбы з Ардой Масква дабіваецца значных знешнепалітычных перамог, перш за ўсё захопу свайго галоўнага саперніка сярод рускіх дзяржаўных аб’яднанняў – Ноўгарада (1478 г.), таксама Цверы (1485 г.) і ліквідавання мангола- татарскага іга (1480 г.) [12, с.40]. Усё гэта значна ўмацоўвае княства і робіць усходні накірунак яе знешняй дзейнасці найгалоўнейшым.Адносіны паміж дзяржавамі пачалі абвастрацца. Па словах С.М. Салаўёва, “ Казимир возбуждал против Москвы Ахмата, Иоанн возбуждал против Польши Менгли-Гирея; но открытой войны не было;
Казимир не имел для этого средств и времени, Иоанн не любил предприятий, войн, не обещавших верного успеха “[Цыт. па 10, Т.5,с.91].
Увесну 1482 г. у Маскву накіраваўся вялікакняжацкі пасол, полацкі намеснік Багдан Андрэевіч Саковіч, які патрабаваў вяртання Вялікіх Лук і Ржэва. У адказ Іван запатрабаваў ад Казіміра тыя землі, якія ён быццам бы несправядліва трымае і якія па праву належаць(не выключана, што гаворка ішла пра Полацк, Віцебск, Смаленск).[3, с.2]
Таксама немагчыма прайсці і міма такога факта, як змена вялікім князем Маскоўскім свайго афіцыйнага тытула.Справа гэта на першы погляд фармальная, але менавіта спрэчкі аб тытуле служылі ў далейшым адным з прычын да войнаў.
У 1467 году ў Івана III сканала жонка, вялікая княгіня Марыя Цвярская. Іван быў заручаны з ёй у 1447 г., а вяселле адбылося ў 1452 г. Адразу жа пасля смерці жонкі Іван стаў шукаць ёй замену. Пры гэтым яго, з аднаго боку, распірала славалюбства. З іншага боку, ён заўсёды памятаў вайну бацькі з Дзмітрыям Шамякай і Васілём Касым, да канца жыцця баяўся удзельных князёў, і асабліва - сваякоў. Таму князю не падыходзіла нявеста з яго асяроддзя. І вось яму прапанавалі грэчаскую прынцэсу Сафію (Зою) Палеолаг (1455-1503). Яе Іван злічыў годнай сваёй цяперашняй велічы.[13, с.150]
У 1453 году пры ўзяцці туркамі Канстанцінопаля загінуў апошні імператар Візантыі Канстанцін XI Палеолаг. Яго брат Фама валодаў часткай паўвострава Пелапанэс. Ў 1450 году туркі захапілі і яе. Фама з усёй сям’ёй збег ў Рым. Яго дачка Сафія, (нарадзілася прыкладна ў 1447 годзе), не мела шанцаў на прыстойнае замужжа(за ёй у пасаг не было ні грошай, ні земляў). І вось менавіта яе Папа Рымскі Павел II праз грэчаскага ўніяцкага кардынала Вісарыёна прапанаваў у жонкі маскоўскаму вялікаму князю. Ён відавочна імкнуўся скарыстацца выпадкам, каб завязаць адносіны з Масквой і зацвердзіць тут свой уплыў праз уніятку Сафію. Папа даў Сафіі багаты пасаг, з якім 24 чэрвеня 1472 года яна выехала з Рыма ў суправаджэнні прыдворных грэкаў і спецыяльнага папскага пасла, кардынала Антонія Бонумбрэ. 12 лістапада 1472 года прынцэса заехала ў Маскву і ў той жа дзень абвянчалася з Іванам.
Кардынал Антоній павінен быў адразу паставіць пытанне аб злучэнні двух цэркваў у выніку ўніі, але пераканаць мітрапаліта Філіпа яму не ўдалося. Затое шлюб гэты меў іншыя важныя наступствы. Вельмі ганарлівы ім, Іван загадаў зваць сябе гасударом. А ў 1483-1484 гады ў шэрагу дакументаў упершыню з'явіўся тытул «цар». Менавіта жаніцьба на Соф'і дала падставу Маскве ўпершыню загаварыць аб прэтэнзіях на Канстанцінопаль.
Стары маскоўскі герб з Георгіем Пераможцам, уведзены князем Юрыем Дзмітрыевічам, быў заменены візантыйским двухгаловым арлом. Што ж дакранаецца адносін Маскоўскай Русі з Літвой і Польшчай, то найважнейшай падзеяй у гэтым плане стала прыняцце Іванам тытула “Государя Всея Руси”,бо ён валодаў толькі часткай таго, што ў тагачаснай Маскве адносілі да земляў нібы адзінай старажытнай Русі часоў Уладзіміра Святога. Узяўшы гэты тытул, вялікі князь Іван тым самым заявіў аб сваіх прэтэнзіях на шматлікія землі, якія ўваходзілі ў складзе ВКЛ. Зразумела, гэта выклікала рэзкі пратэст у Вільні і ў Кракаве. Падчас частых абменаў пасольствамі паміж Іванам III і Казімірам IV у 80-я гады пытанне аб «памежных справах» станавілася асноўным. Спрэчных спраў сапраўды было шмат. У сярэдзіне XV ст. пад двайным кіраваннем знаходзіліся Ржэў, Тарапец і Вялікія Лукі. «Ржевская дань» здаўна ішла «королю его милости и к Новгороду и Москве». Становішча змянілася пасля далучэння Ноўгарада. Маскоўскія намеснікі адмовіліся прапускаць на Лукі цівуноў Казіміра.[2, с.95] Бадай што найгалоўнейшай прычынай вайны сталі масавыя пераходы вярхоўскіх князёў на бок Масквы. Пачаткам таго стаў 1482 г., калі ў асяроддзі рускай арыстакратыі ўзнікла змова супраць Казіміра і мела на мэце пасадзіць на прастол Міхаіла Алелькавіча Слуцкага. Змова была раскрыта, Алелькавіч і Альшанскі былі пакараны смерцю, князь Фёдар Бельскі паспеў збегчы ў Маскву. Сам яе факт цікавы як адна з прычын рэакцыі на нацыянальнай аснове.[1, с.64] Пасля гэтага, спасылаючыся на прыгнёт праваслаўных з боку каталіцкай знаці на службу маскоўскага князя перайшлі князі Іван Міхайлавіч Варатынскі, потым Іван Бялеўскі і Дзмітрый Фёдаравіч Варатынскі. Кароль Казімір пісаў Івану, што не выпускае з падданства гэтых князёў, якія перайшлі да Масквы з вотчынамі і падараваннямі, што князь Дзмітрый перайшоў з удзелам свайго брата, князя Сямёна, захапіўшы ў апошняга казну, усіх баяр і слуг і сілай прывёў да прысягі служыць сабе, захапіў чатыры літоўскія воласці. . Увосень 1492 года да Івана III «ад'ехаў» разам са сваёй вотчынай князь Аляксандр Юр'евіч Вяземскі.
Усведамляючы сваю сілу, вялікі князь Іван 18 траўня 1492 года адправіў з Масквы пасла да Казіміра IV, вялікага князя Літвы і караля Польшчы, з цэлым спісам тэрытарыяльных прэтэнзій. Ён, ні шмат, ні мала, жадаў забраць пад сваю «высокаю руку» усю «отчину», разумеючы пад гэтым тэрмінам тыя землі Вялікага княства Літоўскага, дзе калісьці сядзелі князямі нашчадкі Рурыкавічаў. Пакуль пасол ехаў, Казімір IV раптам памёр у Гародні 7 чэрвеня. Каралеўскі пасад у Кракаве заняў яго старэйшы сын Ян-Альбрэхт (1459-1501). Паводле ўмоў Крэўскай уніі, ён павінен быў стаць і вялікім князем Літвы. Але літоўскія магнаты і перш за ўсё М. Глінскі абвясцілі сваім вялікім князем Аляксандра (1461 - 1506) - малодшага сына Казіміра.
Іван вырашыў скарыстацца сітуацыяй (г.зн. тым, што асабістая ўнія Літвы і Польшчы апынулася парушанай) і пачаць вайну з Літвой, у надзеі адхапіць калі не ўсе землі, на якія прэтэндаваў, то хоць бы значную іх частку.
Знешняе палітычнае становішча спрыяла яго планам. Ён заключыў саюз з малдаўскім гаспадаром Стэфанам, усталяваў добрыя адносіны з каралём Венгрыі, умацаваў саюз з Менглі-Гірэем, які існаваў з 1472 года. Іван тэрмінова адправіў у Крым свайго пасла Канстанціна Забалоцкага. Пасол павінен быў сказаць хану Менглі-Гірэю, што хоць Казімір памёр, засталіся яго дзеці - такія ж ворагі Маскве і Крыму, як іх бацька. Ян раіў хану ісці вайной на Літву. Маўляў, вялікі князь таксама хутка «сядзе на каня».
Хан добра прыняў Забалоцкага, але паслаў у паход не арду, а толькі невялікі «загон», не больш двух тысяч чалавек.[10, Т.5,с.96] Гэты атрад дзейнічаў у раёне паміж Чарнігавам і Кіевам. Нягледзячы на малалікасць, ён усё ж адцягнуў даволі значныя сілы літоўцаў.
Сам жа вялікі князь, нягледзячы на абяцанне крымчакам, у паход не пайшоў, а паслаў два вялікіх атрада і два атрада колькасцю паменш. Раць разанскага князя авалодала Мяшчэўскам, штурмам узяла Сярпейск і Адоеў; раць князёў Патрыкеева і Данілы Шчэні захапіла Вязьму. Атрад князя Фёдара Целяпнёва-Абаленскага напаў у жніўні 1492 года на Мцэнск і Любутск, спаліў іх, жыхароў адвёў у палон. Другі атрад захапіў гарады Хлепень і Рагачоў, пазней – Мезень, Апочку і Новасіль.
Рыхтуючыся да пашырэння вайсковых дзеянняў, Іван III загадаў сабраць да лета 1493 года буйныя сілы ў Вялікіх Луках, Пскове, Ноўгарадзе і Цверы. Ён таксама адправіў паслоў да князя Конрада Мазавецкага і да магістра Тэўтонскага ордэна, прапаноўваючы ім разам ваяваць супраць Літвы і Польшчы.
У Вільні моцна занепакоіліся, разумеючы, што вельмі складана адначасова ваяваць з Іванам, Менглі-Гірэем і немцамі. Церпячы няўдачы на фронце, літоўскія ўлады накіравалі ў Маскву двух таемных агентаў, якім даручылі забіць альбо атруціць Івана III. Але дыверсантаў схапілі і пакаралі. Па сведчанню летапіса “Хроника Литовская и Жмойтская”, “Александер и панове Великого князства Литовского, же было трудно з так можным неприятелем войну зачати, выправили послы до него великие, которые приехавши до Москвы учинили з ним вечное примирье…» [Цыт. па 5, с.95] . Але тут справа была больш складаная, чым аб гэтым паведамляецца ў летапісу. Каб схіліць Івана да саступак, яму праз пасрэдніка прапанавалі выдаць адну з яго дочак за вялікага князя Літвы Александра Казіміравіча, які нядаўна стаў ўдаўцом.
У лістападзе 1492 года ў Маскву прыбыў літоўскі пасол Станіслаў Глябовіч. Аднак ён і маскоўскія баяры заспрачаліся аб чарговасці мерапрыемстваў. Глябовіч прапанаваў спачатку ўстроіць вяселле, а потым весці перамовы аб перамір’і, баяры ж прапаноўвалі заключыць мір па волі Івана III, гэта значыць, каб да Масквы адыйшлі памежныя гарады Мцэнск, Любутск, Вязьма, Серпейск і іншыя. У выніку, Глебавіч безвынікова вярнуўся ў Літву.
Усё ж перамовы працягнулася. Зараз ужо маскоўскі пасол, дваранін Загражскі, паехаў у Літву. Задачу яму паставілі цалкам пэўную - адстаяць у Літвы гарады, раней захопленыя маскавітамі. У яго даверчай грамаце прыдворных Аляксандра здзівіў новы тытул Івана III. Раней Іван пісаў так:”От великого князя Ивана Васильевича…» Цяпер яго грамата пачыналася наступнымі словамі: « Иоанн, божьей милостию государь всея Руси и великий князь владимирский, и московский, и новгородский, и псковский, и тверской, и югорский, и болгарский, и иных…» [Цыт. па 10, Т.5,с.101] Менава гэты момант быў найзручнейшы для ўсведамлення пра новы тытул, таму што ваенны моц ВКЛ значна аслаб, а ніякіх іншых аргументаў у Івана не было. Ён нават не стаў разважаць аб пераемнасці маскоўскіх князёў старажытным кіеўскім князям.
17 студзеня 1494 года ў Маскву прыехалі вялікія літоўскія паслы, пра якіх ішла размова ў летапісу: трокскі ваявода П. Яновіч, жмудскі стараста З. Кезгайла і пісар вялікага князя Грыгор’еў. Пасля доўгіх спрэчак яны саступілі Івану III частку спрэчных земляў. Літва згубіла Адоеўскае і Вяземскае княствы.
Але дакладная мяжа ў басейне Акі не была вызначана, што давала фармальную падставу для новых канфліктаў. Адначасова ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань. Таксама абодва гасудары абавязаліся не прымаць службовых князёў з вотчынамі.
У маскоўскім экземпляры дагаварной граматы Іван III быў тытулаваны як «государь всея Руси, великий князь владимирский, московский, новгородский, псковский, тверской, югорский, пермский, болгарский и протчая». У літоўскім -- «вся Русь» не згадвалася. Па канчатку перамоў Іван III абвясціў, што згаджаецца выдаць дачку за Аляксандра, калі толькі, як гаварылі паслы і ручаліся галавой, няволі ёй у веры не будзе.
У студзені 1495 года новыя паслы (намеснікі гарадзенскі і полацкі, браты Аляксандр і Ян Забярэзінскія) прыехалі за 18-гадовай нявестай. У Віленскім кафедральным саборы вянчалі Аляксандра і Алену біскуп Войцэх Радзівіл і маскоўскі поп Фама.
Але і зараз і ў наступныя перамір’я не існавала трывалага міра паміж дзяржавамі. Нарэшце адбылася тое, што даўно павінна было адбыцца. Летапіс “Хроника Литовская и Жмойтская” зазначае: “ Року 1499. Иван Васильевичь, великий князь московский, болшого розширеня панства своего прагнучи, не стерегучи примиряя, нашол причину таковую на Литву, иж Александер, великий князь литовский, дочце его Елене, которая была за ним, не збудовал церкви руской на Виленском замку» [Цыт. па 5, с.99].
Трэба зазначыць, што яшчэ да развязвання маскоўскім князем актыўных баявых дзеянняў, нездаволенасць паміж ужо зяцем і цесцем узрастала ўсё болей. У Салаўёва знаходзім, што Іван пастаянна патрабаваў, каб Аляксандр узвёў жонцы царкву грэчаскага закону, не даваў ёй слуг лацінскай веры, не прымушаў насіць польскае адзенне, пісаў тытул маскоўскага гасудара, як ён напісаны ў апошнім дагаворы; але Аляксандр адказваў, што законы забараняюць павялічваць колькасць праваслаўных цэркваў у Літве, патрабаваў, каб адданы былі землі, захопленыя іванавымі падданымі ў Літвы па заключэнню ўжо міру, каб цесць, па дагавору, памірыў яго з Менглі-Гірэем і Стэфанам, якія пустошаць яго воласці .[10, Т.5,с.105]
Маскоўскі князь разглядаў мір 1494 г. як кароткі перапынак перад далейшым наступам на Літву. Аляксандр спадзяваўся на працяглы трывалы спакой, які гарантаваў шлюб. Свае тэрытарыяльныя страты лічыў нязначнымі; гэта былі пераважна землі, слаба звязаныя палітычна з цэнтрам краіны, і з нізкім сацыяльна-эканамічным узроўнем развіцця. Пазбаўляўся князь і найбольш ненадзейных элементаў з ліку памежных князёў.[3, с.4]
Галоўнай жа падставай для новага сутыкнення паслужыў пераход увесну 1500 года яшчэ некалькіх літоўскіх князёў у падначаленне да Івана III, зразумела разам са сваімі ўладаннямі. Першым у сакавіку 1500 года ў Маскву падаўся князь Сямён Іванавіч Бельскі. Ён быў праўнукам вялікага літаўскага князя Альгерда. Сын Альгерда Ўладзімір у канцы XIV стагоддзя стаў князем кіеўскім, а яго другі сын Іван атрымаў ва ўдзел былы татарскі горад Белеў. Гэты Іван і стаў родапачынальнікам князёў Бельскіх.Сямён Бельскі, прыбыўшы ў Маскву, “бил челом великому князю, чтоб пожаловал, принял в службу и с отчиной”. Прычынай свайго ўчынку Бельскі назваў прыгнёт праваслаўных у Літве - маўляў, “терпят они в Литве большую нужду за греческий закон”. Іван III прыняў Бельского і паслаў Аляксандру крывадушную адгаворку: «Князь Бельский бил челом в службу; и хотя в мирном договоре написано, что князей с вотчинами не принимать, но так как от тебя такого притеснения в вере и прежде от твоих предков такой нужды не бывало, то мы теперь князя Семена приняли в службу с отчиною».
Аляксандр адказваў, што ў Вялікім княстве Літоўскім шмат людзей праваслаўнае веры, ды лепшых, чым здрайца Бельскі, і сілаю іх аніколі ні ён, ні продкі ягоныя Ягайлавічы да каталіцтва не вялі. I вялікую княгіню Алену, вядома ж, зусім не прымушаюць мяняць веру.
Але ўслед за Сямёнам Бельскім і яго братам перайшлі князі Масальскія, Хацятоўскія і Трубяцкія. Нарэшце, з'явіліся ў Маскву северскія князі, якія раней былі заклятымі ворагамі Івана III: князь Васіль Іванавіч Шамяціч (унук Дзмітрыя Шамякі) і Сямён Іванавіч Мажайскі, сын Івана Андрэевіча Мажайскага, паплечніка Шамякі. Князь Сямён перайшоў з Чарнігавам, Старадубам, Гомелем; Рыльскі - з Рыльскам і Ноўгарадам-Северскім.
Літоўскі вялікі князь Аляксандр не мог забараніць сваім удзельным князям (магнатам) пераходзіць на службу да ўсходняга суседа. Але і спакойна
пазіраць на іх пераход да Масквы ён таксама не хацеў, ды і не мог. Таму ў красавіку 1500 года ў Маскву прыехаў пасол ад Аляксандра на чале са смаленскім намеснікам Станіславам Кішкай. Пасол перадаў Івану III патрабаванне свайго вялікага князя, каб той, згодна з умовамі шлюбнага дагавора, не прымаў надалей князёў з Літвы разам з іх воласцямі, і вярнуў «здраднікаў» (князёў-перабежчыкаў). Пры гэтым, жадаючы залагодзіць цесця, ён нават назваў яго ў сваім лісце «государем всея Руси».
Але Івану III было мала тых земляў, што ён далучыў па дагаворы 1494 года. Цар паслаў зяцю адказны ліст, дзе заявіў, што пачынае вайну ў адплату “за прымус княгіні Алены і ўсіх нашых літоўскіх аднаверцаў да лацінства”. Так,у самым пачатку 16 ст. пачаўся другі ваенны канфлікт.
Асноўная частка маскоўскіх войскаў пад камандваннем служылага татарскага хана Махмет-Аміна і ваяводы Якава Захар'іна-Кошкіна, ужо 3 траўня пайшла на паўднёва-захад, да Бранска. Далей гэтая раць заняла гарады Гомель, Любеч, Мцэнск, Масальск, Ноўгарад-Северскі, Воршу, Рыльск, Сярпейск, Старадуб і Пуціўль. Іншую частку маскоўскага войска (Вартавы полк) узначаліў родны брат Якава, баярын Юрый Захар'ін-Кошкін. Неўзабаве Юрый уступіў у Смаленскую зямлю і ўзяў Дарагабуж. Да таго часу ў Вялікіх Луках засяродзілася трэцяя группоўка войскаў, а чацвёртая стаяла ў Цверы ў якасці рэзерву. Ёю камандваў цвярскі ваявода, князь Данііл Раманавіч Шчэня. Спасылаючыся на Сагановіча, які ў сваю чаргу – на “Хроніку Быхаўца”, трэба дадаць, што ўсе гарады былі захоплены “воровскім обычаем” (г.зн. патаемна).[7, с.167]
Тым жа часам войскі Менглі-Гірэя, які застаўся верны саюзу з Масквой, пустошылі Валынь. Аляксандр праз свайго кіеўскага ваяводу Дзмітрыя Пуцячыча загадаў схіліць на свой бок хана, перадаць, каб той успомніў пра даўнюю прыхільнасць яго бацькі Азі-Гірэя з Казімірам.
Галоўную ролю ў арганізацыі абароны краіны браў на сябе гетман найвышэйшы - праваслаўны князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Паспешліва мабілізаваўшы ўсіх, каго было можна, ён сабраў 3500 вершнікаў і ўжо ў маі 1500 года вырушыў з Вільні на ўсход. Маскоўскія ваяводы даведаліся пра рух корпуса Астрожскага, калі той ужо пакідаў Менск і кіраваўся на Смаленск, каб злучыцца з ваяводам Кішкай і ісці на Дарагабуж.
Іван III кінуў пад Дарагабуж войскі ад Старадуба і Цверы, а галоўнакамандуючым усяго злучэння прызначыў Данілу Васіллевіча Шчэню. Пераадолеўшы каля 500 км, Астрожскі ўвайшоў у Смаленск у апошнія дні чэрвеня. Большыя сілы на чале з самім Аляксандрам, якія рухаліся следам, тады толькі падыходзілі да Менска.
Астрожскі накіраваўся на групоўку ваяводы Кошкіна, якая стаяла каля Ведрашы - левага прытоку Дняпра, у 5 км на захад ад Дарагабужа. Ахоўваць Смаленск засталася зусім невялікая залога,- гэтак верылася, што большай сілы не спатрэбіцца, бо вораг будзе разбіты. Атрымаўшы звесткі аб набліжэнні праціўніка, Шчэня падрыхтаваўся да бою. На заходні бераг Ведрашы адправіў перадавы полк, на ўсходнім беразе пакінуў вялікі полк пад камандваннем яго самога. Вартавы полк Кошкіна, які складаўся з конных дваран, а таксама конніца татарскага хана Махмет-Аміна былі прызначаныя ў засаду. Правы фланг маскавітаў затуляў Днепр, левы фланг упіраўся ў густы лес. Задума Шчэні складалася ў тым, каб разбіць праціўніка раптоўным ударам засаднага палка з тылу і адначасовай атакай з фронту сіламі вялікага палка.[13, с.160]
14 ліпеня прыкладна чатыры з паловай вершнікаў наблізіліся да Ведрашы. Каб з'явіцца перад ворагам нечакана і навязаць яму сваю тактыку бітвы, харугвы гетмана збочылі з тракту ды пайшлі праз густы лес і балота.
Угледзеўшы блізка ад сябе непрыяцеля, маскоўскія палкі пачалі шукаць зручнага месца для пераправы. Перадавы полк паспеў перайсці на левы бераг і распачаць там бой да падыходу асноўных сілаў. Конніца гетмана з паходных калонаў размяркоўвалася ў баявым парадку ды ўключалася ў бітву. Без цяжкасцяў разбіўшы перадавы полк, яна сама пераправілася на правы бераг Ведрашы ды заатакавала галоўныя сілы ваяводы Шчэні. Пачалася бітва, якая доўжылася каля 6 гадзін. Маскоўскія ваяводы сціскалі стомленае доўгім маршам войска Астрожскага ды накідалі яму сваю тактыку бою. Нарэшце ўдар засаднага палка, які абышоў лесам поле змагання і наляцеў збоку, канчаткова вырашыў зыход няроўнай бітвы. Рэшткі людзей гетмана найвышэйшага кінуліся ўцякаць, аднак мала хто ўратаваўся. Пераможцы разбурылі мост праз раку Трасну ў тыле зможаных ды пасеклі іх.[2, с.186] Загінуў лепшы склад войска Вялікага княства Літоўскага! Уцячы здолела адно колькі сотняў з чатырма ротмістрамі ды Станіславам Кішкам. Наваградскі намеснік Іван Храптовіч, маршалак Рыгор Осцікавіч, Мікалай Глябовіч і трапілі ў палон. Сярод захопленых быў і паранены Астрожскі.
Аляксандр Казіміравіч стаў шукаць выхад з тупіковай сітуацыі сродкамі дыпламатыі. Паслы яго пабывалі ў Малдавіі, Заволжскай Ардзе і Лівонскім ордэне, наведалі братоў Аляксандра - польскага караля Яна-Альбрэхта і Ўладзіслава, караля чэхаў і венграў. 21 лютага 1501 года паслы з Вільні і Кракава разам прыехалі ў Маскву, каб упэўніць Івана III спыніць ваенныя дзеянні і сесці за стол перамоў, але дарэмна. Ужо ў траўні маскоўскія войскі зноў пайшлі на Літву. Наўгародскія, пскоўскія і вялікалуцкія палкі на чале з вялікакняжацкімі пляменнікамі Іванам Барысавічам і Фёдорам Барысавічам, баярынам Андрэем Чэлядніным ўзялі Тарапец.
Новыя падданыя, князі северскія Мажайскі і Шамяціч, разам з князем Сямёнам Варанцовым, атрымалі перамогу над ліцвінамі пад Мсціслаўлем. Іх войска на чале з князем С. Мажайскім падыйшло да Мсціслаўля 4 лістапада 1501 года. Яму насустрач выйшла войска князя Міхаіла Ізяслаўскага і ваяводы Астафія Дашковіча.
Як зазначае С.Салаўёў, у гэтай бітве літоўскі бок страціў прыкладна 7 тысяч чалавек.[10, Т.5,с.112] Але замак не быў узяты. Гэта была другая па значнасці бітва вайны 1500-03 гг., якая таксама скончылася трагічна для літоўцаў.
Пасля Мсціслаўля маскавіты не прадпрыймалі значных дзеянняў супраць літоўскіх войск. Сын Івана III, царэвіч Дзмітрый, улетку 1502 года абсадзіў Смаленск, але ўзяць не змог, абмежаваўся спусташэннем земляў у ваколіцах Смаленска, Оршы (горад быў узяты і спалены), Мсціслаўля і Віцебска. Увосень таго жа года «воевати Литовскую землю» хадзілі ваяводы з Ноўгарада, Ржэва і Северскай зямлі. Па сведках летапісу, у лютым 1503 года вялікі князь маскоўскі зноў адправіў у Літву «князей и воевод многих со многими людьми».
Нягледзячы на вялікія намаганні ВКЛ пры дапамозе дыпламатыі, на боку Літвы выступіў толькі Лівонскі ордэн. Яго магістр Вальтар фон Плеценберг у траўні 1501 года пачаў вайсковыя дзеянні ўварваннем у землі Пскова, але яны былі вельмі няўдалыя.
У пачатку лета 1501 года памёр кароль Польшчы Ян-Альбрэхт, пасля чаго яму атрымліваў у спадчыну малодшы брат Аляксандр - вялікі князь Літвы. Быў падпісаны Мельніцкі акт, які замацоўваў дынастычную ўнію паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам. Гэта, а таксама саюз Літвы з Лівонскім ордэнам і Заволжскай Ардой, змяніла расстаноўку сіл не на карысць Масквы. Прасіла аб міры і дачка Алена. Івану прыйшлося пайсці на перамовы.
Пасрэднікам паміж дзвюма варожамі бакамі выступіў пасол венгерскага караля Уладзіслава, які меў пасланне і ад імя Папы Рымскага (той прасіў дапамагчы ў барацьбе з турэцкай навалай). У адказ на скаргі пасла вялікі князь гаварыў: “Короли Владислав и Александр объявляют, что хотят против пас, за свою отчину стоять; но короли что называют своею отчиною? Не те ли города и волости, с которыми князья русские и бояре приехали к нам служить и которые наши люди взяли у Литвы? Папе, надеемся, хорошо известно, что короли Владислав и Александр - отчичи Польского королевства да Литовской земли от своих предков; а Русская земля - от наших предков, из старины, наша отчина. Когда мы заключили договор с великим князем Александром, то для свойства уступили ему эти свои вотчины, но когда зять наш не стал соблюдать договора, то нам зачем свою отчину покидать и за нее не стоять? Папа положил бы то на своем разуме, гораздо ли то короли делают, что не за свою отчину хотят с нами воевать?» [Цыт. па 4, с.117] Як зазначаў Ключэўскі, не толькі вялікаруская палова была аб’яўлена вотчынай вялікага маскоўскага князя, але і ўся Руская зямля.
Пасля вострых спрэчак 25 сакавіка быў падпісаны ад імя “государя всея Руси” Івана, сына яго, велікага князя Васіля і астатніх дзяцей «перемирный» дагавор, гэта значыць перамір'е тэрмінам на 6 гадоў. Вялікі князь літоўскі Аляксандр абавязаўся надалей «не трогать» земляў маскоўскіх, наўгародскіх, пскоўскіх, разанскіх і пронскіх. Ён саступіў Маскве вялізную тэрыторыю.
Гэта былі землі князёў Сямёна Мажайскага (Старадубскага), Васіля Шамяціча, Сямёна Бельскага, Трубяцкіх і Масальскіх, а таксама 28 гарадоў і замкаў (малых крэпасцей): Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Дрокаў, Карачаў, Любеч, Любуцк, Мглін, Мезецк, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Асцея, Папова Гара, Пачэп, Пуціўль, Радогошч, Рыльск, Сярэнек, Серпейск, Старадуб, Тарапец, Трубчэўск, Хоцім, Чарнігаў, а таксама 70 воласцяў.
У канцы 15 ст. адбылося тое, што павінна было адбыцца рана ці пазней: уся Русь аб’яўлялася вотчынай маскоўсквй галіны Рурыкавічаў, у той час як за Ягелонамі прызнаваліся толькі правы на Літву і Польшчу (Б. Сідарэнка назваў гэты акт вотчынна-дынастычнай тэорыяй Масквы, якая з’явілася асновай ідэі аб’яднання ўсіх усходнеславянскіх зямель вакол маскоўскага княства. Яе сутнасць у тым, што маскоўскія ўладары – пераемцы Рурыкавічаў і маюць правы на ўсе землі некалі адзінай Кіеўскай Русі. Адсюль – экспансійнае вырашэнне задачы).[11, с.40] Гэта дала ідэалагічную падставу да навязвання вайны Літве. Безумоўна, гэты крок стаў магчымым у выніку вялікіх знешнепалітычных перамог Масквы ў гэты час (падначаленне асноўных праціўнікаў яе ў выглядзе іншых рускіх дзяржаўных аб’яднанняў і скідванне мангольскага іга).
Трэба сказаць, што ў сваю чаргу літоўскія князі вотчынай маскоўскіх уладароў лічылі толькі самое Маскоўскае княства. Гэтыя погляды падзялялі з імі і ўладары іншых еўрапейскіх дзяржаў.
Звышамбіцыйны маскоўскі князь Іван здолеў дабіцца свайго. З дапамогай князёў-перабежчыкаў ён адбіў ў ВКЛ за некалькі гадоў значную частку ўсходніх зямель – тых, якія збіралі Альгерд і Вітаўт на працягу дзесяцігоддзяў.
Глава 2. Войны 1507 – 08 і 1512 – 22 гг.
27 кастрычніка 1505 года на 67-м гаду жыцця і на 44-м гаду княжэння памёр гасудар Іван III. Пасад перайшоў да яго сына ад Соф'і Палеолаг, 26-гадовага Васіля III (1479-1533). Аляксандр вырашыў, што настаў зручны момант для развязвання вайны, вельмі спадзяваючыся на ўсобіцу, якая ўспыхне паміж Дзмітрыем-унукам і Васілём. Атрымаўшы звесткі, што гэта не адбылося, Аляксандр пасылае у Маскву паслоў, якія патрабуюць вяртання захопленых пры Іване земляў у Літвы, але пачуўшы ў адказ, што вялікі князь трымае толькі сваю вотчыну, Аляксандр зразумеў – змяніўся гасудар, але дамаганні засталіся ранейшыя.
Вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч перажыў свайго цесця менш чым на год і памёр у жніўні 1506 года, на 45 гаду жыцця. Цяпер ужо князь Васіль вырашыў скарыстацца выпадкам смерці бяздзетнага Аляксандра, каб далучыць да Масквы ВКЛ. Ён пасылае сястры Алене, каб тая аб’явіла панам Радным пра жаданне яго заняць пасаду князя і ў Літве, але тая адказала, што Аляксандр выбраў сабе пераемніка. Яго месца на літоўскім пасадзе заняў малодшы брат Жыгімонт I, які з 24 студзеня 1507 года стаў таксама каралём Польшчы. Змена ўлады ў абодвух дзяржавах не прывяла да паляпшэння адносін паміж імі. Агульны знешні накірунак застаўся ранейшым. Адразу ж пасля ўступлення на пасад Жыгімонт, чалавек смелы і прадпрымальны, загадаў рыхтавацца да паходу на Маскву. У Крым і Казань ён адправіў паслоў паднімаць татараў на Васіля III. У лютым 1507 года Віленскі сойм прыняў рашэнне аб вяртанні земляў, згубленых падчас двух папярэдніх войнаў з Масквой (у 1492-94 і 1500-03 гг.).[13, с.168]
Ужо ў сакавіку 1507 года ў Маскву прыбылі літоўскія паслы. Яны афіцыйна паведамілі Васілю III аб тым, што на трон узыйшоў Жыгімонт I. Паслы таксама нагадалі, што вялікі князь Васіль II і вялікі князь Казімір 1У у 1449 году склалі «вечны мір», па якім абавязаліся не адбіраць адзін у другога зямлі, і што Казімір і Аляксандр не парушылі ні ў чым гэтай дамовы, а Масква парушыла. Трэба прызнаць, што іх словы адпавядалі ісціне. Далей яны патрабавалі вярнуць Літве яе гарады і землі, захопленыя Іванам III.” Правда Казимира и Александра, королей, известна всему свету, то Сигизмунд вызывает великого князя Василия к уступке всех литовских городов, волостей, земель и вод, доставшихся его отцу во время прежних войн, также к освобождению всех пленников литовских, дабы кровь христианская не лилась, ибо король в своей правде уповает на бога: это была явная угроза, что в случае неисполнения требования будет объявлена война”[Цыт. па 10, Т.5,с.216]. Яшчэ паслы скардзіліся, што маскавіты нядаўна захапілі чатыры смаленскія воласці, а дарагабужскія памешчыкі прыгнятаюць літоўскіх памежнікаў. Але Васіль так адказаў ім: «Мы городов, волостей, земель и вод
Сигизмундовых, его отчин никаких за собою не держим, а держим с божиею волею города и волости, земли и воды, свою отчину, чем нас пожаловали и благословил отец наш, князь великий, и что нам дал бог, а то прародителей наших и вся Русская земля наша отчина... Как отец наш, и мы брату нашему и зятю Александру дали присягу на перемирных грамотах, так и правили ему во всем до самой его смерти. А с Сигизмундом королем нам перемирья не было. Если же Сигизмунд, как вы говорили, хочет с нами мира и доброго согласия, то и мы хотим с ним мира, как нам будет пригоже» [Цыт. па 10, Т.5,с.216].
Але гэта была, як сказалі б зараз, “палітычная хлусня”. Васіль III Іванавіч хацеў працягваць заваявальную палітыку свайго бацькі. Галоўнай мэтай яго дамаганняў у заходнім кірунку з'яўляўся горад Смаленск, які належаў Літве. Перамовы ў Маскве скончыліся безвынікова ў пачатку красавіка.
Пачалася падрыхтоўка да вайны. Разам з Вялікім княствам Літоўскім антымаскоўскі саюз складалі Інфлянты і Крым. Для паходу на Севершчыну, якую перш за ўсё хацеў адваяваць Жыгімонт, сабралася 14 тысяч паспалітага рушэння на чале з С.Кішкай. Але Васіль III апярэдзіў саюзнікаў ды сам ударыў па Княству. Два вялікія злучэнні - адно з Вялікіх Лукаў, другое - з Дарагабужа - уварваліся на Беларусь і пачалі пустошыць землі па Бярэзіну. Так пачалася чарговая, трэцяя вайна.
Кароль і вялікі князь даведаўся пра гэта ў Кракаве. Ен загадаў Станіславу Глябовічу цвёрда абараняць Полацк, Ольбрахту Гаштольду - Смаленск, а гетману Станіславу Кішку весці рушэнне пад Менск. Калі ж сам манарх 18 мая 1507 года з'явіўся ў Вільні для пачатку рашучых дзеянняў, маскоўскія войскі ўжо пакінулі межы Вялікага княства Літоўскага. Напрыканцы лета Кішка перайшоў з конніцай да Друцка. Яго паасобныя харугвы пачалі ваяваць маскоўскае памежжа, захапілі 4 невялікія гарады, але хутка вярнуліся. Гэтаксама татары, пасланыя ханам на Севершчыну, неўзабаве павярнулі ды паспяшаліся дамоў, бо Крыму сталі пагражаць нагайцы.
Пад восень 1507 года на Мсціслаў, Магілёў і Воршу напалі ваяводы Я. Захар'ін і В. Холмскі, але сустрэлі там рашучы адпор залогаў. Калі ж да Падняпроўя пайшлі і харугвы паспалітага рушэння, непрыяцель хутка адступіў у межы сваёй дзяржавы. I ўсё ж становішча на ўсходніх межах было занадта трывожнае, каб распачынаць запланаваны паход на Севершчыну.[7, с.173]
У гэты час выспяваў новы канфлікт, які паўплываў не на карысць ВКЛ. Ён звязаны з мецяжом, які падняў у студзені 1508 года князь Міхаіл Львовіч Глінскі (каля 1470-1534). Глінскі выхоўваўся ў Нямеччыне. Ён быў шырока адукаваны, славіўся адвагай, добра ведаў ваенную справу, якую вывучыў на службе ў войсках Максіміліяна I Габсбурга, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Вярнуўшыся ў Літву, Міхаіл даволі хутка стаў адным з блізкіх сяброў вялікага князя Аляксандра і, акрамя таго, адным з найбагатых тутэйшых магнатаў (яму прыналежылі шырокія валоданні ў Падляшша, у Лідскім павеце, а таксама горад Тураў). Калі Аляксандра абралі каралём Польшчы (з вялікай дапамогай самаго Глінскага), фактычна ператварыўся ў яго намесніка ў ВКЛ, хоць афіцыйна такая пасада адсутнічала.
Ён дамогся выключнага становішча ў Літве толькі сваімі талентамі, але яго імклівае ўзвышэнне, а таксама ўсебаковая падтрымка ім сваіх братоў Івана, Васіля і Фёдара ўзбудзілі востры канфлікт паміж Міхаілам і старымі літоўскімі арыстакратамі. Групоўку праціўнікаў роду Глінскіх узначаліў гарадзенскі ваявода Ян Юр'ін Забярэзенскі (або Забярэсскі). У 1506 году князь Міхаіл разграміў татараў у бітве пад Клецкам. Перамога пад Клецкам паклала канец рэгулярным рэйдам крымскіх татараў у землі ВКЛ (яны ўварваліся яшчэ толькі адзін раз - у 1508 году).
Аляксандр памёр праз тры дня, паспеўшы пазнаць пра перамогу. А сярод літоўскай шляхты паўстала асцярога, што, вярнуўшыся на чале пераможнай арміі, Глінскі паспрабуе захапіць уладу. Аднак Міхаіл Львовіч прысягнуўся на вернасць Жыгімонту. Тады ваявода Забярэзенскі абгаварыў князя Міхаіла і яго брата Івана, заявіўшы, быццам бы яны ў прыватных размовах “зневажаюць яго вялікасць”. Паверыўшы паклёпу, Жыгімонт выдаліў Міхаіла са складу сваёй світы. У летапісы “Хроника Литовская и Жмойтская” далейшыя падзеі падаюцца так: “Глинский просил кроля, абы з Забержанским и з ним вырок учинил” [Цыт. па 5, с.102], але Жыгімонт адцягваў суд. Тады у канцы снежня 1507 года ён з сямю сотнямі вершнікаў свайго прыватнага войска ўначы ўварваўся ў загарадны маёнтак Забярэзенскага поруч Гародні. Ваявода быў забіты ў сваёй спальні.
Ён не жадаў мірыцца са стратай таго выключнага становішча, і неўзабаве адкрыта выступіў супраць Жыгімонта. У студзені 1508 года ён сабраў каля 2 тыс. чалавек, з якімі спустошыў Слуцкую і Копыльскую воласці, захапіў гарады Мазыр і Бабруйск, двойчы абложваў Слуцк, чаргуючы штурмы з спробамі падпаліць горад. Аднак гарнізон, адбіў усе прыступы мяцежніка.
Увесну да Глінскага з'явіўся пасол Васіля III, нейкі Губа Маклакаў. Ён дамовіўся аб сумесных вайсковых дзеяннях і ад імя вялікага князя абяцаў яму ў валоданне ўсё заваяваныя літаўскія гарады. “… московский царь урадовавши, чуючи и знаючи о великом рицерстве Глинского, зараз ему присягал и чого бы колвек от него потребовал, тое скутелне выполните обецал, и на тое листы прислал потаемные.” [Цыт. па 5, с.102]
Неўзабаве Васіль Іванавіч разгарнуў наступ па трох накірунках. Палкі Данілы Шчэні з Ноўгарада і Якава Захарь’іна-Кошкіна з Масквы пайшлі на Смаленск. Войска Рыгора Фёдаравіча з Вялікіх Лук зрушылася да Полацка. Трэцяя раць, на чале з князем Васілём Іванавічам Шамяцічам, ішла на дапамогу Глінскаму. Маскоўскі гаспадар напісаў яму, каб разам з Шамяцічам ён «здабываў найблізкія да сабе гарады, а далёка з ёю не хадзіў, справу рабіў бы не спяшаючыся», пакуль падыдзе з Масквы другое, больш шматлікае войска. Шамяціч трымаўся бліжэй да поўначы, адкуль павінны былі прыйсці маскоўскія палкі, таму вырашылі ісці на Менск, адправіўшы перад сабою «загоны» (атрады лёгкай кавалерыі) у глыб Літвы для таго, каб устроіць паніку і перашкодзіць збору войскаў. Гэтыя «загоны» падыходзілі на 14 вёрст да Вільні, на 7 вёрст да Наваградка, захадзілі нават пад Слонім.
Толькі тады дайшло да мабілізацыі сілаў на абарону. Гетман Астрожскі, які яшчэ раней здолеў збегчы з маскоўскага палону, першым сабраў вершнікаў. Ў траўні ён заняў Тураў - гняздо бунтаўнікоў. У Лідзе збіралася шляхецкае рушэнне. Сюды праз Берасце ўжо спяшаўся з Кароны і Жыгімонт з 3-4-тысячным войскам палякаў. Калі сілы аб'ядналіся, кароль прызначыў іх галоўнакамандуючым Астрожскага. 20-га чэрвеня ён ўжо ўвайшоў у Менск: Глінскі адступаў на ўсход, да Барысава. Але Васіль III, апавясціўшы аб руху сваіх ваявод (Шчэню, Кошкіна і Фёдаравіча), загадаў Шамяцічу і Глінскаму ісці на злучэнне з імі ў стратэгічна размешчаную Воршу.
Шамяціч і Глінскі зрушыліся да Воршы, па дарозе занялі Друцк. Адначасова з імі да Воршы падышоў князь Шчэня з ноўгарадскімі палкамі, і разам яны пачалі аблогу крэпасці. Аднак ўзяць Воршу не атрымалася. Трэці ваявода, Якаў Кошкін, у гэты час час стаяў без справы пад Дуброўнай. 12 ліпеня 1508 года маскоўскія ваяводы пазналі, што войскі ВКЛ ідуць да Воршы. Хоць Глінскі гарэў жаданнем вялікай бітвы і ўгаворваў не ўхіляцца ад яе маскоўскіх ваяводаў, тыя не падзялялі аптымістычных планаў князя. Шырокай падтрымкі Глінскі не атрымаў. Яўна пераацаніў ён свае сілы і сваю значнасць. У вялікай гульні манархаў ён быў не роўны з роўнымі, а толькі адной з фігур, якой можна было і ахвяраваць.[14, с.24] Для тактыкі Масквы было натуральным не рызыкаваць войскам у адкрытай палявой бітве, а здабываць замкі і пустошыць воласці. I калі 13 ліпеня да Воршы стаў набліжацца Жыгімонт з 16-тысячным злучэннем Вялікага Княства і Кароны, яны паспешліва пераправіліся на левы бераг Дняпра і размясціліся ў лесе. На правым беразе ў баявым парадку паасобна спыніліся войскі К. Астрожскага, які кіраваў сіламі Княства, і М. Фірлея, які вёў палякаў. Аднак уначы ваяводы зняліся ды хутка павялі свае палкі ў бок Дуброўны і далей на паўднёвы ўсход, да Мсціслаўля, дзе разрабавалі і спалілі пасад. Потым іх войска пайшло да Крычава. Такім чынам, маскоўскія ваяводы разыйшліся з Астрожскім у розныя бакі.
У жніўні Астрожскі і М. Фірлей здзейснілі рэйд у Северскую зямлю, а смаленскі ваявода Кішка спаліў крэпасць Белую, авалодаў Тарапцом і заняў Дарагабуж, які спалілі самі гараджане, каб не пакідаць ворагу.
Тады ў контрнаступленне перайшлі маскавіты. Ваявода Кішка, які засеў у Дарагабужы, збег пры набліжэнні маскоўскай раці. Дарагабуж быў узяты. Такім жа спосабам ваявода князь Шчэня ўзяў Тарапец. Па нейкім няясным прычынам далей маскоўскія ваяводы не пайшлі.[8, с.32]
Жыгімонт I не меў сіл далей весці вайну, а Васіль 111 не меў больш жаданні ваяваць. 19 верасня 1508 года ў Маскву прыбылі каралеўскія паслы: полацкі ваявода Станіслаў Глебавіч, маршалак Ян Сапега і іншыя. Ужо 8 кастрычніка быў складзены «вечны мір» (гэта значыць бестэрміновы) паміж Маскоўскай дзяржавай і Літвой.
Паводле дагавора, Жыгімонт аддаў Маскве ў «вечнае карыстанне» усе заваёвы Івана III. Інакш гаворачы, цяжкія для Літвы ўмовы перамір'я літоўскага князя Аляксандра з Янам III сталі зараз умовамі «вечнага міра» паміж Жыгімонтам і Васілём III. Аднак шэсць воласцяў, занятых маскоўскімі войскамі падчас баявых дзеянняў 1507-1508 гадоў, прыйшлося вярнуць Літве. Сярод гэтых воласцяў былі і валодання Глінскіх.
Сваякам і прыхільнікам Глінскага было дазволена з'ехаць у Маскву. Паколькі ўсё ўладанні Міхаіла Глінскага засталіся ў Літве, Васіль III падараваў яму два горада - Малы Яраславец і Мядынь (па іншым звесткам - Бароўск), некалькі паселішчаў пад Масквой.
«Вечны мір» паміж Масквой і Літвой пратрымаўся ўсяго чатыры гады. Захоп маскавітамі Пскова (1510 г.) прывёў да вырашэння імі яшчэ адной даўняй знешнепалітычнай задачы. Салаўёў, спасылаючыся на летапіс, паведамляе: “двое сыновей Мангли-Гиреевых с многими толпами напали на украйну (маецца на ўвазе не тэрыторыя сучаснай Украіны, а ўскраіны маскоўскіх зямель), на Белев, Одоев, Воротынск, Алексин, повоевали, взяли пленных».[10, Т.5,с.234] Увосень 1512 года ў Маскву прыйшло паведамленне ад крымскіх «доброхотов», што, маўляў, паход крымскіх царэвічаў стаў вынікам дагавора, які заключылі паміж сабой Менглі-Гірэй і Жыгімонт.
Гэта прычына стала дастатковай для парвання мірнага дагавору. Васіль неадкладна паслаў Жыгімонту грамату, папракаючы яго ў падбухторванні Менглі-Гірэя супраць Масквы і ў зняважанні сваёй сястры Алены (удавы Аляксандра).
Алена неўзабаве памерла. Хітры інтрыган Глінскі тут жа падаў князю Васілю занатоўку, у якой упэўніваў, быццам бы яго сястру змарылі па загадзе віленскага каштэляна Юрыя Радзівіла. Нібы ён падкупіў прыслужніц, каб тыя яе атруцілі.[13, с.183] Таксама Міхаіл Глінскі, які добра разбіраўся ў еўрапейскай палітыцы, упэўніў Васіля III уступіць у саюз яшчэ ў 1508 г., да заключэння міра з Літвой, з германскім імператарам Максіміліянам. У лютым 1514 года ў Маскву прыбыў імператарскі пасол Сінцен Памер і заключыў дагавор, які прадугледжваў пераход земляў Тэўтонскага ордэна з васальнага падначалення Польшчы ў падначаленне Свяшэннай Рымскай імперыі, а Кіева і Смаленска - у склад вялікага княства Маскоўскага.
Але яшчэ да таго, як была складзены дагавор, у кастрычніку 1512 года на Смаленск рушылі з усходу палкі I. Рэпніна-Абаленскага, I. Чэлядніна, а з Вялікіх Лукаў - В. Адоеўскага ды С. Курбскага. Ім загадвалася спаліць смаленскія пасады і разам ісці на Воршу, Друцк, у глыб Беларусі. А 19 лістапада з Масквы на захад выйшлі галоўныя сілы на чале з Васілём III ды ваяводамі Д. Шчэнем, А. Растоўскім, I. Варатынскім ды іншымі. Шэсць тыдняў яны аблягалі горад, абстрэльвалі яго з гармат, штурмавалі, а раць I. Рэпніна тым часам пустошыла землі ажно да Менска і Віцебска. Так і не ўварваўшыся ў Смаленск, але страціўшы нямала жывой сілы (толькі за адзін штурм у студзені 1513 года загінула каля 2 тысяч маскоўскіх ратнікаў), Васіль III адвёў свае войскі назад. Але налета пачалася новая кампанія. Саюзнік Масквы Максімільян I прыслаў для паходу «аддзел пяхоты, гарматы і некалькі італьянцаў, дасведчаных у аблозе замкаў», а М. Глінскі наняў у Сілезіі і Чэхіі рэйтараў. Ужо ў чэрвені на Смаленск рушылі войскі з Вялікіх Лукаў і Дарагабужа.
Нягледзячы на тое, што смаленскі намеснік разбіў раць I. Рэпніна, ваяводы ізноў моцна заціснулі горад аблогай. А ў верасні сюды падышоў з дадатковымі сіламі і сам Васіль III ды полк В. Шуйскага, які вярнуўся са спусташальнага рэйду на Полаччыну.
Разам пад Смаленскам зграмадзілася каля 8 0 тысяч войска, якое мела да 2-х тысяч пішчаляў. Абстрэл і штурмы шкодзілі фартэцыі, аднак абаронцы ў начной цемры аднаўлялі разбураныя ўмацаванні ды мужна адбіваліся. Пад Воршай жа Канстанцін Астрожскі з не-вялікай сілай разбіў дапаможны корпус маскоўскіх ратнікаў, які рухаўся на Смаленск. I ў лістападзе Васіль III мусіў чарговы раз зняць бясплённую аблогу, адклікаўшы таксама палкі М. Глінскага з-пад Віцебска і Полацка, якія пустошылі землі ў гэтых раёнах. А ўжо ў лютым 1514 года ў Маскве было прынята рашэнне аб трэцім смаленскім паходзе.[13, с.184]
У гэты ж час да вялікага князя маскоўскага прыехаў спецыяльны пасол ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Стараннямі імператара Максімільяна ды Васіля III была ўтворана ваенная кааліцыя еўрапейскіх дзяржаў супраць Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай. Апроч Маскоўскай дзяржавы ды імперыі яе мелі скласці Данія, Брандэнбург, Саксонія, Валахія і Тэўтонскі ордэн. Тады ж у Маскве саюзнікі абмеркавалі праект падзелу Польшчы і Вялікага княства Літоўскага.
Новы паход да Смаленска пачаўся 30 траўня (8 чэрвеня) 1514 года. 3 Васілём ішлі браты Юрый і Сямён, а трэці брат (Дзмітрый) устаў у Серпухаве для абароны паўднёвых межаў ад крымцаў. Чацвёрты брат (Андрэй) застаўся ў Маскве з той жа мэтай абараняць горад ад татараў, калі яны здзейсняць набег. Аблога Смаленска пачалася 26 ліпеня.
Маскавіты перакрылі ўсе дарогі да горада, пабудавалі батарэі для 300 аблогавых прылад і пачалі бесперапынны абстрэл горада. Трэці дзень абстрэлу стаў для смалянаў фатальным. Пушкар Стэфан (найміт-замежнік) першым жа стрэлам з вялізнай пішчалі патрапіў у гармату ў крэпасной вежы.Зараджаная гармата падарвалася, усё, хто знаходзіўся побач з ёй, загінулі.[10, Т.5,с.236] Праз некалькі гадзін Стэфан даў магутны залп з дзесяткаў гармат меншых калібраў з кожнага ствала некалькімі камянямі сярэдняй велічыні, пакрытымі свінцовай абалонкай. На гарадскіх сценах знаходзілася шмат ваяроў і апалчэнцаў.
Тады праваслаўны ўладар Варсанофій выйшаў на мост і стаў прасіць у вялікага князя перамір'я да наступнага дня. Але Васіль не пагадзіўся і загадаў страляць па горадзе з усіх гармат са ўсіх бакоў. На наступны дзень, 30 ліпеня, Васіль III паслаў у Смаленск сваіх ваявод, дзякаў з мэтай перапісаць усіх жыхароў і прывесці да прысягі «быць за вялікім князем і дабра яму жадаць, за караля не думаць і дабра яму не жадаць». Да вечара наступнага дня ўсе смаляне былі перапісаныя і прыведзены да прысягі. Намеснік Юрый Салагуб загадаў адчыніць галоўную браму і 1 жніўня Васіль III разам з уладаром Варсанофіем урачыста ўступіў у Смаленск.[10, Т.5,с.236]
Смаленскім князям, баярам і мяшчанам Васіль абвясціў сваю статутную грамату і прызначыў намеснікам баярына князя Васіля Шуйскага, а затым паклікаў усіх абедаць. Сологуб выказаў жаданне вярнуцца да Жыгімонта, пасля чаго быў адпушчаны. Але ў Вільні яго абвясцілі здраднікам і адсеклі галаву. Усім астатнім служылым людзям Васіль III таксама прапанаваў на выбар застацца ў яго на службе або вярнуцца да польскага караля. Пакінутыя атрымалі па двух рубля, тыя жа, хто вырашыў з'ехаць да караля, атрымалі па рублі (у той час новая хата каштавала не даражэй 50 капеек, так што грошы былі нядрэнныя). Тым смалянам, хто выказаў жаданне пераехаць у Маскву, атрымалі пад'ёмныя, хто застаўся, тыя захавалі за сабою ўсю сваю маёмасць. Пасля капітуляцыі Смаленска маскоўскія ваяводы імкліва рухаліся ўглыбкі Беларусі. Васіль III спяшаўся скарыстаць грандыёзны поспех і захапіць што паболей тэрыторыі да таго часу, як супрацоўнік апамятаецца ды арганізуе абарону. Сапраўды, за Смаленскам здаліся Мсціслаў, Крычаў, Дуброўна...
Толькі поруч рэкі Бярэзіны маскоўскае войска зышлося з перадавымі атрадамі арміі Жыгімонта I, пасля чаго звярнула назад, да Воршы.
У аблозе Смаленска актыўны ўдзел прымаў Міхаіл Глінскі. Ён быў упэўнены, што атрымае горад у якасці ўдзела, як яму раней абяцаў вялікі князь (паводле звестак імперскага пасланніка Герберштэйна). Па звестках з Лівоніі, Васіль абяцаў князю ва ўдзел які-небудзь з іншых літоўскіх гарадоў, якія будуць захоплены ў вайне з Літвой. Так ці інакш, падманіўшыся ў сваіх надзеях на Смаленск (Васіль III зусім не збіраўся аддаваць гэты ключавы пункт гэтак ненадзейнаму чалавеку). Глінскі моцна пакрыўдзіўся і ўступіў у перамовы з каралём Жыгімонтам. Той узрадаваўся, даслаў князю ахоўную грамату. Глінскі вырашыў таемна пакінуць свой атрад і збегчы ў Оршу, але адзін з блізкіх яго слугаў у тую ж ноч з'явіўся да князя Міхаіла Голіцы, даклаў аб уцёках свайго спадара і нават паказаў дарогу. Голіца, папярэдзіўшы ваяводу Чэлядніна, панёсся наўздагон за ўцякачом і схапіў яго той жа ноччу. Досвіткам Голіца злучыўся з атрадам Чэлядніна і яны разам павезлі Глінскага ў Дарагабуж, дзе знаходзіўся Васіль III. Адабраная ў Глінскага каралеўская ахоўная грамата стала пераканаўчым доказам супраць яго. Каралі бы князя, ды ён «віну» сваю прызнаў, у грахах павініўся, а галоўнае, не сходзячы з месца прыняў праваслаўе. У выніку жыццё яму захавалі, але адправілі ў маскоўскую вязніцу, дзе ён правёў 12 гадоў! Пасля гэтага мяцежны князь ужо ніколі не змог зноў увязацца ў палітычныя гульні.
Захоп Смаленска стаў вялікай стратэгічнай перамогай Масквы, але скарыстацца надоўга гэтым поспехам Васілю не атрымалася. Жыгімонт ужо здолеў сабраць значнае войска.
«Того ж року князь московский, осадивши до вязеня Глинского, а учувши о малом войску при кролю Жигмонте в Борисове, зараз послал до оного войска своего, которого был выправил 80000 на пустошене Литвы, абы просто до Борисова на Жигимонта…» [Цыт. па 5, с.105] . Так летапіс “Хроника Литовская и Жмойтская” пачынае паведамленне пра адну з самых бліскучых бітваў у гісторыі беларускага народа.
Але перш чым непасрэдна перайсці да падзей Аршанскай бітвы, трэба крыху сказаць пра чалавека, дзякуючы якому мы гаворым зараз аб бліскучай перамогі конніцы ВКЛ – гетмане найвышэйшым Канстанціне Астрожскам - палкаводцы, які выйграў 63 бітвы і быў разбіты толькі ў 3-х.
Ён уваходзіў у лік пяці найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Дастаткова сказаць, што да канца жыцця ў яго было больш 40 тысяч душ сялян мужчынскага полу, і ён мог выставіць за свой рахунак 426 вершнікаў - конных ваяроў у цяжкім узбраенні. Большы лік ваяроў выставіў у 1528 году толькі князь Альбрэхт Гаштоўт - 466 вершнікаў (па звестках перапісу войска ВКЛ у 1528 г.). Воінская служба Астрожскага пачалася ў канцы кіравання вялікага князя Казіміра IV, з удзелу ў паходах супраць татараў. Упершыню аб ім загаварылі ў 1491 году, калі ён вылучыўся ў бітве пад Ізяслаўлем, дзе конніца князя Сымона Гальшанскага дагнала і разграміла зыходзіўшую са здабычай і палоннымі арду крымскіх татараў. У 1497 году князь Астрожскі разбіў татараў тройчы: пад Мазыром, на рацэ Уша і поруч Ачакава, дзе ўзяў у палон аднаго з крымскіх ханаў. Стаўшы ў гэтам жа годзе гетманам найвышэйшым, ён, дзякуючы толькі асабістым талентам, здолеў захаваць за сабой гэту пасаду 37 гадоў (адзіны выпадак у гісторыі).[13, с.188-189]
Цяпер можна перайсці да падзей 1514 года. Войскі Вялікага княства былі ўжо на маршы. Жыгімонт сабраў ці не ўсіх, каго мог: каля 15 тысяч конніцы паспалітага рушэння, 14 тысяч наёмных коннікаў з Польшчы ды 3 тысячы наёмнай пяхоты. Да гэтага корпуса далучыліся таксама паасобныя ахвочыя паны з Вяліка- і Малапольшчы. У Менску быў праведзены генеральны агляд сілаў, і войска хутчэй рушыла на Барысаў. Далей можна было сутыкнуцца з ворагам, таму сенатары ўгаварылі караля і вялікага князя застацца ў Барысаве. Жыгімонт пакінуў пры сабе толькі 4 тысячы вершнікаў, астатніх павёў наперад Астрожскі. Ужо 28 жніўня яго перадавыя роты некалькі разоў сутыкаліся з маскоўскімі часткамі. На Бярэзіне і Бабры яны лёгка пабілі супраціўніка і набралі языкоў. Ваявода Іван Чэляднін вырашыў не распыляцца і знішчыць усе войскі Княства ў генеральнай бітве. Ён адышоў на ўсход у пошуках зручнага месца і сабраў свае палкі за Дняпром на беразе Крапіўны, што паміж Оршаю і Дуброўнаю. Тут зграмадзілася ўся сіла маскоўскага войска - каля 80 тысяч феадальнай конніцы на чале з галоўнымі ваяводамі I. Чэлядніным і М. Булгакавым-Голіцай. Пастаўленыя ў традыцыйным баявым парадку, яны ўтваралі фронт шырынёю ў некалькі кіламетраў.
Апісанне бітвы пад Воршай можна знайсці ў многіх сучасных беларускіх даследчыкаў: А. Грыцкевіча, У. Снапкоўскага, Г. Сагановіча. Адно з лепшых – паводле А.П. Грыцкевіча і Г.М. Сагановіча: “Гетман Астрожскі падышоў да Дняпра ўначы з 7 на 8 верасня і з ходу пачаў перапраўляць войскі праз раку. Для гэтага былі змайстраваны пантонныя масты са звязаных, добра заканапачаных бочак. У іншых месцах скарысталі змацаваныя ланцугамі і вяроўкамі бёрны, накідалі гаці. Частка конніцы магла перайсці Дняпро па бродзе ў вузкім месцы, недалёка ад Воршы.
Калі на левы бераг Дняпра пераправілася каля паловы войскаў Астрожскага, ваяводу I. Чэлядніну паведамілі аб гэтым і прапанавалі скарыстаць момант: ударыць па гэтай частцы і знішчыць яе. Галоўнакамандуючы маскоўскай арміяй самаўпэўнена адказаў: «Калі мы разаб'ём гэтую частку войска, дык застанецца яшчэ другая частка, з якой, відаць, змогуць злучыцца іншыя войскі, так што нам будзе пагражаць яшчэ вялікая небяспека. Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, несумненна, мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці атачыць яго ды гнаць, як быдла, да самай Масквы. У рэшце рэшт нам не застанецца анічога другога, як заняць усю Літву».
На досвітку 8 верасня ўся конніца, пяхота і артылерыя Астрожскага былі ўжо перад маскоўскімі палкамі. Гетман паспеў расставіць іх у баявым парадку: на правым фланзе - харугвы конніцы з беларускіх і летувіскіх земляў пад камандаю Ю. Радзівіла, на левым - польская конніца на чале з В. Сампалінскім і Я. Свярчоўскім, а паміж імі - роты пяхотнікаў з ручніцамі. Пад прыкрыццё пяхоты была пастаўлена частка гарматаў, астатнія - пакінуты ў засадзе.
Грымнулі бубны, затрубілі баявыя сурмы, і маскоўская конніца першай рынулася ў атаку. Войскі Астрожскага без цяжкасцяў адбілі яе. У бехцеры, без шышака, гетман гарцаваў наперадзе сваіх вершнікаў на даўганогім дрыкганту, насіўся, аддаючы кароткія загады, паміж харугвамі. Быццам выпрабоўваючы ворага, ён кінуў на маскоўскія палкі польскую кавалерыю з левага крыла. Чэляднін стрымаў іх націск ды ізноў ударыў сваёй конніцай. Гэтак да самага поўдня супраціўнікі асцярожна абменьваліся франтальнымі атакамі, не ўводзячы ў бой галоўныя сілы.
Затым маскоўскія ваяводы паспрабавалі паслаць полк у тыл Астрожскаму і адначасова ўдарыць па флангу, аднак Канстанцін Іванавіч разгадаў гэты небяспечны ход і абедзве атакі ворага сышлі намарна. Тады бітва дасягнула апагею. Гетман рашуча павёў у атаку ўсю конніцу Вялікага княства Літоўскага. Хвіліны - і яна з лёту цяжка ўрэзалася ў густыя шыхты маскоўскіх ратнікаў. Пачалася лютая сеча. Астрожскі ізноў быў наперадзе, заклікаючы да мужнасці сваіх вершнікаў. Раптам - замяшанне ў яго харугвах… Націск адразу аслабнуў, а яшчэ праз які момант сам гетман павяртаў іх назад. Рэхам панесла радасны крык тысячаў маскоўскіх коннікаў: «Літва ўцякае!»[Цыт. па 8, с.40]
Далейшае апісанне прыводзіцца паводле А.П. Грыцкевіча: “ Тады Чаляднін кінуў у бой усе свае сілы. Але ў гэты момант у тыле войска ВКЛ, конніца падзялілася на 2 часткі, якія хутка зманеўрыравалі ўбок. Уся маса маскоўцаў апынулася перад гарматамі і пяхотай, якія падрыхтаваліся да моцнага залпу. Маскоўская кавалерыя была расстраляна гэтым залпам і далейшымі стрэламі з гармат і пішчаляў па задніх радах. Пачалася паніка. Цяпер ужо ўцякалі рэшткі абодвух флангаў маскоўскага войска.” [ Грыцкевіч,А.П. Ішла ў бой беларуская конніца. // Народная газета.-1994.-7 верасня.-С.8].
Працяг зноў у Г. Сагановіча: “Летапісцы лічылі, што пад Воршаю загінула ад 30 да 40 тысяч маскоўскіх ратнікаў. Шмат іх трапіла ў палон, у тым ліку ўсе вышэйшыя камандзіры: Булгакаў-Голіца, Чэляднін, якога дагнаяі, 8 іншых ваяводаў,- разам 48 военачальнікаў, а таксама 1500 дваранаў. Васіль III уцёк са Смаленска, калі пачуў пра такі зыход генеральнай бітвы, істотна ўмацаваўшы перад тым смаленскі гарнізон ды павесіўшы на валах тых, хто сімпатызаваў Літве. А Дарагабуж па дарозе на Маскву наогул загадаў спаліць - каб не скарыстаў непрыяцель. Раніцай 9 верасня гетман Астрожскі правёў агляд палонных. 380 самых знатных накіраваў да Жыгімонта ў Барысаў, менш заможных разаслаў па замках.” [Цыт. па 8, с.41].
Але да замірэння з Масквой было далёка. Жыгімонт і паны-рада спадзяваліся вярнуць Літве Смаленск і другія захопленыя маскавітамі гарады. Васіль прагнуў узяць рэванш за аршанскую катастрофу. Паводле заявы архібіскупа Яна Ласкага на Латэранскім саборы ў 1514 годзе, маскоўскі ўладар меў болей за 200 000 ваяроў. Аднак абвастрэнне мас-коўска-казанскіх адносін і пагрозы набегу крымскіх татараў стрымлівалі Васіля ад рашучых дзеянняў супраць Літвы. У самой Літве таксама ставала праблем. Шляхта стамілася ад вайны і не рвалася ў бой. Найміты, якія не атрымлівалі жалавання, пакінулі службу і на Берасцейскім сойме вясной 1515 года выпрошвалі ў Жыгімонта «заслужанае». Плаціць ім не было чым. У такім становішчы асабліва не паваюеш. Таму ўвесь 1515 год абодва бакі абмяжоўваліся дробнымі набегамі. [14, с.64]
Але як бы там ні было, Аршанская бітва стала вялікім поспехам войскаў ВКЛ. Значная частка Ўсходняй Літвы была вызвалена ад маскавітаў. Максімільян I адмовіўся ад саюза з Масквой, з прычыны чаго кааліцыя распалася. На Венскім кангрэсе ўвесну 1515 года Габсбургі і Ягелоны дашлі да поўнай згоды. Як зазначаў Салаўёў, пасля Воршы маскавітам патрэбна была перадышка, каб сабраць новае войска, а Жыгімонт не мог сабраць неабходнае войска, таму што літвінскім князям і шляхце вайна ўжо надакучыла. Так, кіеўскі ваявода Андрэй Няміровіч у лісце літоўскай Раде скардзіўся: «Писал я к старостам и ко всем боярам киевским, чтоб ехали со мною на службу господарскую; но никто из них не хочет ехать; пожалуйста, напишите им, чтоб они поспешили за мною на службу»[ Цыт.па 10, Т.5,с.240].
Увесну 1515 года маскоўскае войска хадзіла з Пскова на Раслаўль, спаліла Друю. Харугвы ВКЛ на чале з Дашкевічам і Няміровічам, пры падтрымцы крымскіх татараў, напалі на Северскую зямлю. У тым жа году маскоўскія ваяводы хадзілі на Полацак, Віцебск і Мсціслаў, а літоўскія - на Вялікія Лукі. У 1516 гаду бакі абмежаваліся дробнымі парубежнымі рэйдами атрадаў лёгкай кавалерыі.
Між тым, у Маскву 18 красавіка 1517 года прыехаў пасрэднік ад імператара Максіміліяна I, нямецкі барон Зігмунд фон Герберштейн (1486-1566), які вольна валодаў рускай мовай (аўтар каштоўных “Запісак аб Масковіі. Улетку 1517 года буйны набег на Маскоўскую дзяржаву распачаў хан Мехмет-Гірэй (правіў у 1513-1523 гг.). Дваццаць тысяч крымцаў з'явіліся ў наваколлі Тулы. Але ваяводы, князі Васіль Сямёнавіч Адоеўскі і Іван Міхайлавіч Варатынскі, паспелі падрыхтавацца да абароны, татараў «шмат узялі ў палон, так што з дваццаці тысяч вельмі мала іх вярнулася ў Крым, і тыя дашлі пешшу, басыя і нагія».
Адначасова Жыгімонт 1 паслаў гетмана Канстанціна Астрожскага з вялікім войскам з Полацка да пскоўскага горада Апочка. Мэтай гэтага падвойнага дэмаршу было аказанне ціску на Васіля, каб зрабіць яго больш падатлівым.
Два тыдня гетман абстрэльваў з гармат крэпасць Апочку, дзе сядзеў намеснікам доблесны князь Васіль Міхайлавіч Салтыкоў. Абложаныя адбілі прыступ крэпасці, нягледзячы на гэта, Астрожскі не зняў аблогу з крэпасці, а распусціў атрады для нападаў на іншыя малыя пскоўскія крэпасці - Чырвоная, Воранач і Вілле.[13, с.197]
Але маскоўскія войскі, якія прыбылі з розных бакоў, у трох месцах атрымалі перамогу над ворагам, а ваявода Іван Ляцкі ушчэнт разбіў які ішоў на дапамогу да Астрожскаму ліцвінскі атрад, захапіўшы абоз і ўсе гарматы. Пасля гэтага гетман зняў аблогу і вярнуўся ў Полацак, а Васіль дазволіў паслам Жыгімонта заехаць у Маскву, дзе справіў ім пышны прыём.
Ён прыняў іх 29 кастрычніка 1517 года ў прысутнасці і Герберштэйна.
Маскоўскія баяры патрабавалі ад Літвы аддаць назаўсёды Маскве «рускія гарады» Кіеў, Полацак, Віцебск і шэраг іншых. Бо нездарма Іван III абвясціў сябе “государем Всея Руси”. Як пісаў С.М. Салаўёў: «Чем бы не кончились переговоры (с Литвой), на каких бы условиях на этот раз ни заключен был мир или перемирие, в Москве считали необходимым всякий раз наперед предъявлять права великого князя или царя, потомка св. Владимира, на все русс кие земли, принадлежавшие последнему, опасаясь умолчанием об этих правах дать повод думать, что московский государь позабыл о них, отказывается от них». [10, Т.5,с.256] Паслы Жыгімонта ў адказ запатрабавалі вярнуць палову Ноўгарадскай зямлі, Цвер, Вязьму, Дарагабуж, Пуціўль, Смаленск і ўсю Северскую зямлю. Нарэшце, пасля доўгіх спрэчак дзела спынілася з-за Смаленска.
Улетку 1518 года Васіль III аднавіў актыўныя баявыя дзеянні. Групы войскаў накіраваліся ад Вялікіх Лукаў - да Полацка, ад Белай - да Віцебска, ад Смаленска і Старадуба - у Падняпроўе. Гарнізон Полацка адбіў усе прыступы, а ў лагеры маскавітаў неўзабаве ўзнік голад. Васіль III разгарнуў наступ па трох кірунках: ад Пскова (Міхаіл Гарбаты), ад Смаленска (Васіль Шуйскі), ад Старадуба (Сямён Курбскі). Спальваючы на сваім шляху гарады і вёскі, захопліваючы мірных жыхароў у палон, яны за месяц прайшлі да Полацка, Віцебска, Воршы, Магілёва і Менска, узялі Крэва. Ніжні замак у Віцебску маскавіты ўзялі, пры гэтым загінула шмат жыхароў. Астатнія схаваліся ў Верхнім замку. Апошняй акцыяй Васіля III у гэтай вайне стаў рэйд ваяводы Ў. Гадунова ў лютым 1520 года да Полацка і Віцебску. Глыбокае ўварванне праціўка на тэрыторыю Літвы з поўначы, усходу і поўдні прымусіла Жыгімонта I пагадзіцца на перамовы. 2 верасня 1520 года ў Маскве бакі падпісалі перамір'е на год.
Увесь 1521 год прайшоў у новых перамовах, і ў канцы 1522 года атрымалася скласці новае перамір'е на пяць гадоў.
Паводле яго, Смаленск з навакольнымі землямі ўсё жа застаўся за Масквой, аднак і шматлікі палон, узяты пад Воршай, застаўся ў Літве. Аж да смерці Васіля III у 1533 году «вечны мір» так і не быў падпісаны, яго замянялі перамір'і ад 25 снежня 1526 і ад 24 сакавіка 1532 гадоў.[13, с.200]
Падчас вайны 1500-1503 гг. і асабліва 1512-1522 гг., паводле ацэнак розных даследчыкаў, ВКЛ страціла ад 25 да 30% сваёй дзяржаўнай тэрыторыі. Ў іх ліку такія найважнейшыя апорныя стратэгічныя пункты на усходзе, як Гомель і Смаленск. Усходні накірунак знешней палітыкі становіцца галоўным для Літвы, засланяючы сабой усі астатнія. Войны патрабуюць ад дзяржавы вельмі значных матэрыяльных і ў значнай ступені людскіх рэсурсаў. Менавіта недахоп у людскім патэнцыяле не дае ВКЛ выкарыстаць бліскучую перамогу пад Воршай. З іншага боку Масква вельмі хутка адыйшла ад такога нечаканага ўдара і зноў перайшла ў контрнаступленне.
Глава 3. Вайна 1534-37 гг.
Аднак гады перамір'я не былі ціхія. Гэта адзначалі як магілёўскі намеснік-дзяржаўца вялікага князя Літоўскага Жыгімонта I Васіль Саламярэцкі, так і маскоўскія ваяводы памежных тэрыторый. У 1527 г. становішча на мяжы, асабліва ў раёне Ворша-Дуброўна, значна ускладнілася ў сувязі з намерамі служылых марыйцаў перайсці на тэрыторыю ВКЛ.
У канцы 1533 г. кароль і паны-рада ВКЛ зноў паспрабавалі ўзнавіць перамовы. Каралеўскі пасланец Юшко Клінскі накіраваўся ў Маскву з прапановай "вечнага міру" або перамір'я і з даручэннем высветліць магчымасці прыезду вялікіх паслоў . Аднак у ноч з 3 на 4 снежня 1533 г. памёр Васіль III. Удава вялікага князя Алена Глінская засталася з двума малымі сынамі - Іванам і Георгіем, старэйшаму з якіх, Івану, было ўсяго 3 гады. Пад уплывам свайго дзяцькі Міхаіла Глінскага, якога Васіль прызначыў галоўным апекуном пры Іване, яна хацела захаваць з Вялікім княствам Літоўскім мірныя адносіны. Хоць фармальна мірныя перамовы і пачаліся ў пачатку студзеня 1534 г., Жыгімонт I і паны-рада вырашылі, што настаў зручны момант для паспяховай вайны, каб вярнуць страчаныя землі.
Маскоўская дзяржава на чале з малалетнім вялікім князем Іванам IV і яго маці-рэгенткай Аленай Глінскай апынулася ў складаным становішчы. Вайна з ВКЛ стала рэальнасцю. Пагрозлівым было становішча і на паўднёвых межах. 22 чэрвеня 1534 г. з Крыма прыехаў Іван Чэлішчаў і паведаміў, што крымскі хан Саіп-Гірэй заключыў саюзны дагавор з каралём Жыгімонтам. Неспакойна было і ўнутры Маскоўскай дэяржавы, і ў самым блізкім велікакняжацкім асяроддзі. Іван Аўчына-Целяпнёў-Абаленскі здолеў не толькі стаць каханкам вялікай княгіні Алены Глінскай, але і пераканаў яе ў тым, што Міхаіл Глінскі пры падтрымцы часткі баяр хоча захапіць трон. Дакладна невядома, ці была змова, але ў жніўні 1534 г. М.Глінскі і шэраг блізкіх да яго людэей былі пасаджаны ў турму. Ім удалося збегчы ў ВКЛ, дзе яны папоўнілі шэрагі праціўнікаў маскоўскага двара. Пагроза трону Івана адыходзіла і ад брата Васіля Юрыя. Юрый быў кінуты ў турму. Другі брат, Андрэй, знаходзіўся ў Маскве пад пастаянным наглядам.[11, с.39]
На сейме, які працягваўся да сярэдзіны сакавіка, большасцю галасоў было прынята рашэнне распачаць вайну з Маскоўскай дзяржавай, для гэтага склікаць "посполитое рушенье", вербаваць наёмнікаў. Каралеўскія універсалы, датаваныя 12 і 14 сакавіком, абавязвалі шляхту сабрацца пад Менскам не пазней 23 траўня. Вялікім гетманам прызначаўся Юрый Радзівіл, замест памерлага Астрожскага. 22 ліпеня Жыгімонт I у высакамернай і ультыматыўнай форме выказаў Цімафею Бражнікаву, пасланцу вялікага князя Маскоўскага, патрабаванне, якое ў Крамлі прыняць не маглі - вярнуць усе землі ВКЛ, якія былі захоплены пры Іване III і Васілю III .
Раней у Літве ў 1528 г. быў праведзены агульны перапіс войскаў, паводле якога шляхецкае войска налічвала 12 054 чалавекі, войскі князёў-2 734 чалавекі (агульная колькасць узброеных сіл ВКЛ - даследчыкі давалі лічбы 24,4 тыс. і 35 тыс. чалавек).[Перапіс войска ВКЛ 1528 г. Метрыка ВКЛ / Адк. Рэд. Г.Я. Галечанка.-Мінск.:Бел. навука,2003]
Вядома і сума ваенных затрат, якія пакрываліся часткова сярэбшчынай (ваенным падаткам), часткова сродкамі з дзяржаўнага скарбу ВКЛ. На 1534 г. сума ваенных затрат склала 42 890 коп грошаў, на 1535 г. - 46 545 коп і на 1536 г. - 36 545 коп грошаў без уліку выплат крымскаму хану. Гэтых сродкаў не хапіла, і ў час вайны Жыгімонт I вымушаны звярнуцца да пазык.
У маі 1534 г. войскі пад камандаваннем Юрыя Радзівіла сканцэнтраваліся каля Мінска і пачалі рухацца на Магілёў. У гэтым жа месяцы яго атрады ўварваліся ў Северскую зямлю і дайшлі да Чарнігава, Ноўгарад-Северскага, пад Радагошч, Старадуб і Бранск. “ Королю доносили, что в Москве господствует сильное несогласие между боярами…”[Цыт.па 10, Т.6,с.393].Напад быў скаардынаваны э набегам крымскіх татар на паўднёвыя землі Маскоўскай дзяржавы. Аднак набег татар не быў паспяховы. Калі пра гэта стала вядома Юрыю Радзівілу, яго атрады вярнуліся ў межы Вялікага княства Літоўскага і спыніліся паміж Мінскам і Магілёвам, у міжрэччы Дняпра і Друці.
Маскоўскія ваяводы зразумелі, што агульны план праціўніка быў заснаваны на адначасовых дзеяннях літоўскіх войск і саюзнай з імі татарскай конніцы. Яны размясцілі значную частку сваіх ваенных сіл на паўднёвых межах у раёне Тулы, Бароўска, Серпухава, Каломны, Разані і чакалі паўторнага набегу крымскіх татар. Але на-бег не адбыўся. У Крыме пачаліся міжусобіцы паміж Саіп-Гірэем і царэвічам Ісламам. Да восені 1534 г. асноўная частка рускіх войск заставалася на поўдні краіны, каб прадухіліць магчымы ўдар з боку татар.
Аднак Жыгімонт I і Юрый Радзівіл яшчэ спадзяваліся на пераможнае эаканчэнне вайны. Немалаважным было тое, што ў жніўні 1534 г. на бок Жыгімонта I перайшлі маскоўскія баяры Сямён Бельскі і Іван Ляцкі са многімі дваранамі і слугамі. Кароль хацеў дакладна ведаць пра становішча ў суседняй дзяржаве і планы рускіх. У Вільні вяльможы атрымалі ад Жыгімонта I у падарунак зямлю.
У пачатку жніўня 1534 г. ваенныя дзеянні аднавіліся. Мсціслаўскі намеснік Юрый Зяноўевіч выслаў пад Смаленск разведвальны атрад, які сутыкнуўся з рускім атрадам прыкладна ў 1 100 чалавек і разбіў яго. 18 жніўня 1534 г. Юрый Радзівіл з часткай войск зноў накіраваўся ў Северскую зямлю, а галоўныя сілы вялікага гетмана засталіся ў Магілеве. Атрад пад камандай князёў Андрэя Каверскага і Івана Вішнявецкага накіраваўся да Смаленска, не змог Вішнявецкі ўзяць Смаленск. У той жа час да Старадуба быў накіраваны кіеўскі каявода Няміровіч, які ўзяў горад ўаблогу, але пад Чарнігавам пацярпеў паражэнне. Сустракая супраціўленне пад гарадамі, літоўскія ваяводы не сустракалі маскоўскіх палкоў на полі.
Збору і руху войскаў мяшалі ўнутраныя смуты, уцёкі Бельскага Сямёна, апала Івана Бельскага, Глінскага, Варатынскага.[10, Т.6,с.393] Восенню стала вядома, што вялікага нападу крымскіх татар не будзе. У Маскве вырашылі перагрупаваць сілы і нанесці ўдар па тэрыторыі ВКЛ.
Полацкі і віцебскі намеснікі паведамілі Жыгімонту I пра канцэнтрацыю рускіх войск пад кіраўніцтвам Івана Аўчыны-Целяпнёва ў раёнах Смаленска і Апочкі і пра яго планы. Позняй восенню 1534 г.-зімой 1535 г. ваяводы Івана IV Міхаіл Гарбаты, Мікіта Абаленскі, Іван Аўчына-Целяпнёў перайшлі ў наступленне ў раёне Дуброўны, Воршы. Другая групоўка войск з Пскова і Ноўгарада на чале з Барысам Гарбатым і Васілём Шарамецевым выйшла з Апочкі і накіравалась у межы Полацка, Віцебска.Смаленскія і апоцкія войскі сустрэліся каля Маладзечна. Старадубскія войскі на чале з Фёдарам Аўчынай-Целяпнёвым-Абаленскім і Іванам Трасценскім пачалі “ваяваць” Мазыр, Слуцк, Бабруйск, Рагачоў, Тураў, Любеч і іншыя гарады.
1534 год не прынёс значных поспехаў ні літоўскаму, ні маскоўскаму боку. Войскі гетмана Юрыя Радэівіла сваімі дзеяннямі сур'ёзна знізілі ваенны патэнцыял Северскай зямлі, але, у сваю чаргу, таксама пацярпелі ад націску яе палкоў. Маскоўскія войскі разрабавалі вялікую тэрыторыю, узялі многа мірных жыхароў у палон. Яны засталіся ў межах ВКЛ да канца зімы 1535 г. і не захапілі ніводнага горада.
Жыгімонт I вельмі разлічваў на дапамогу шляхты Польскага каралеўства. На каронны сейм, які пачаў сваю работу 10 лістапада 1534 г., прыбыла дэлегацыя з просьбай аказаць ВКЛ ваенную дапамогу. Сейм прыняў рашэнне выдзеліць 1 000 коннікаў і 500 пехацінцаў. Усяго ж, паводле розных крыніц, у ваенных дзеяннях супраць Маскоўскай дзяржавы ў 1535 г. удзельнічала ад 5 да 7 тыс. польскіх войск. Гетман Ян Тарноўскі ў студзені 1535 г. быў прызначаны камандуючым польскім атрадам.[11, с.41-42]
Саюзныя войскі ВКЛ і Польскага каралеўства былі падзелены на тры часткі. Галоўныя сілы на чале з Юрыем Радзівілам накіраваліся ў Рэчыцу, дзе павінны былі сустрэцца з польскім атрадам пад камандаваннем гетмана Яна Тарноўскага і калішскага кашталяна Андрэя Горкі. Другая частка войск, якую ўзначальвалі князі Юрый Слуцкі, Ян Радзівіл і полацкі ваявода Ян Глябовіч, сканцэнтравалася ў раёнах Полацка і Віцебска і супрацьстаяла тарапецкай групоўцы маскоўскіх войск. Пад Мінскам размясціўся рэзерв на выпадак прарыву войск праціўніка ў цэнтральныя раёны дзяржавы. Паслы Жыгімонта I Анікей Гарнастай і Васіль Цішкевіч накіраваліся ў Крым. Там яны пераканалі хана ў мэтазгоднасці нападу на паўднёвыя раёны Маскоўскай дзяржавы.
Інтэнсіўна працавалі і маскоўскія дыпламаты. Яны вялі перагаворы ў Кафе з крымскім ханам. Пасланнік прыехаў з Крыма і прывёз звесткі пра рознагалоссі ў Бахчысараі і перавагу прыхільнікаў царэвіча Іслама, які ў сваю чаргу запэўніваў маскоўскіх паслоў пра жаданне міру і сяброўства ў адносінах да іх дзяржавы. Аднак значная частка ўзброеных сіл Маскоўскай дзяржавы па-ранейшаму размяшчалася на поўдні, у Каломне і Серпухаве, бо пагрозы з Крыма баяліся больш, чым з боку ВКЛ.
У маі 1535 г. частка войск была знята з паўднёвых рубяжоў, і ў чэрвені 1535 г. на літоўскай мяжы, паблізу ад Смаленска, размясціліся дзве групоўкі маскоўскіх войск. Адна, на чале з Васілём Шуйскім, Данілам Пронскім і Іванам Аўчынай-Целяпнёвым-Абаленскім, была нацэлена на Мсціслаўль. Другая, у склад якой уваходзілі наўгародскія і пскоўскія войскі на чале з Барысам Гарбатым і Васілём Варанцовым, знаходзілася пад Апочкай.
У пачатку лета войскі Васіля Шуйскага перайшлі мяжу і накіраваліся ў бок Мсціслаўля і Радомля. Яны аблажылі Мсціслаўскі замак, штурмавалі, аднак узяць яго не змаглі. Маскоўскія войскі нанеслі значныя матэрыяльныя страты мсціслаўскаму староству, а потым адышлі на сваю тэрыторыю.
Затым атрады Васіля Шуйскага дзейнічалі ў напрамку Оршы, Дуброўны і Крычава. Пасады гэтых гарадоў былі спалены, разрабаваны воласці, але замкі не былі ўзяты. Звесткі пра паход рускіх ваявод прымусілі паноў-раду тэрмінова абвясціць "паспалітае рушэнне", якое павінна было сабрацца да 25 жніўня пад Крэвам і накіравацца ў бок Мінска.
У пачатку ліпеня 1535 г. войскі Юрыя Радзівіла сустрэліся з польскімі войскамі Яна Тарноўскага і Андрэя Горкі ў Рэчыцы. Саюзныя войскі накіраваліся ў бок Гомеля. У сярэдзіне ліпеня войскі ВКЛ і Польскага каралеўства ўвайшлі ў межы Гомельскай воласці і асадзілі Гомельскі замак. Ваявода князь Дзмітрый Шчэпін-Абаленскі быў уражаны колькасцю і магутнасцю саюзнага войска. Нягледэячы на тое, што было шмат пораху і ваенных прыпасаў, 16 ліпеня 1535 г. Гомель здаўся. Ваяводу Д.Шчэпіна-Абаленскага і ўсіх, хто пажадаў, адпусцілі з мірам.
Пасля таго як Гомель быў заняты, саюзныя войскі ВКЛ і Польскага каралеўства на чале з Юрыем Радзівілам, Андрэем Неміровічам, Янам Тарноўскім накіраваліся да Старадуба і ў канцы ліпеня-пачатку жніўня 1535 г. асадзілі горад. У гэтым паходзе ўдзельнічалі Сямён Бельскі і Іван Ляцкі. Старадуб акружыла войска ў 40 тыс. чалавек. Гараджане былі добра знаёмы з метадамі дзеянняў войск ВКЛ. Аднак яны ўпершыню сутыкнуліся з еўрапейскай тактыкай асады крэпасцей, якую выкарыстаў польскі атрад. Калі пачаўся абстрэл старадубскага замка, асаджаныя ў адказ стралялі з гармат і пішчалей, рабілі вылазкі і пры гэтым не ведалі, што спецыяльны атрад зрабіў падкоп пад сцены горада і падлажыў парахавы зарад. Пры другім штурме старадубскі ваявода зноў адкінуў ворага ад сцен горада, але старадубцы панеслі вялікія страты, а самога ваяводу захапілі ў палон. 29 жніўня Старадуб здаўся. Горад быў спалены, было забіта 13 тыс. чалавек, а паводле некаторых дадзеных - 24 тыс. і нават 60 тыс. чалавек. [11, с.43] Вялікія страты былі і ў саюзнага войска. Страта дзвюх памежных крэпасцей Северскай зямлі - Гомеля і Старадуба - для Маскоўскай дзяржавы была вельмі эначнай. Вялікае княства Літоўскае было надзвычай блізка да вяртання часткі сваіх тэрыторый, якія былі страчаны ў час вайны 1500-1503 гг.
Пасля захопу Старадуба Юрый Радзівіл накіраваў атрад кіеўскага ваяводы Івана Вішнявецкага на Пачэп. Паблізу горада кіеўскі ваявода даведаўся ад мясцовых жыхароў, што насельніцтва Пачэпа, якое не жадала падзяляць лёс старадубцаў, само спаліла горад і пайшло ў Бранск. Жыгімонт I не планаваў аднаўлення замкаў Старадуба, Пачэпа і Радагошчы і размяшчэння там гарнізонаў, бо для гэтага не было ні сіл, ні сродкаў. Гарнізон пакінулі толькі ў Гомелі. Юрый Радзівіл вярнуўся ў Бабруйск і на зіму распусціў войска, якое брала ўдзел у паходзе на Северскую зямлю.
Невялікая частка войск ВКЛ засталася ў наваколлі Полацка і Віцебска. Абодва бакі стаміліся ад вайны, і да канца 1535 г. буйных ваенных дзеянняў не было.
Шмат клопатаў для паўночна-заходніх зямель Вялікага княства Літоўскага было ад Себежа. Наўгародскі ваявода Іван Мікітавіч Бутурлін умацаваў яго гарматамі і пішчалямі. Сюды ў канцы лютага 1536 г. накіравалася 20-тысячнае войска з артылерыяй пад камандай Андрэя Неміровіча і полацкага намесніка Яна Глябовіча. Узяцце Себежа адкрывала шлях на Апочку, Вялікія Лукі і далей на Востраў і Пскоў. Вырашальныя падзеі адбыліся пад Себежам 27 лютага 1536 г. Няправільна размешчаныя гарматы ў час абстрэлу крэпасці прывялі да страт у войсках Андрэя Неміровіча ад сваіх жа ядраў. 19 красавіка 1536 г. князь Іван Барбашын пачаў будаваць новую крэпасць Веліж на старым гарадзішчы, а ў ліпені ажыццявіў паход на Віцебск і спаліў віцебскі пасад.
Апошняй значнай ваеннай падзеяй 1536 г. была сутычка ў канцы ліпеня пад Крычавам, дзе было забіта і ўзята ў палон больш за 1 000 чалавек з войск ваяводаў Абаленскага і Колычава. Яшчэ пры жыцці Жыгімонта I на сейме ў Вільні ў 1529 г. вялікім князем Літоўскім быў абраны яго 9-гадовы сын -Жыгімонт II Аўгуст. Праз 2 месяцы польскі сейм выбраў яго польскім каралём, хоць рэальная ўлада заставалася ў руках бацькі. На сейме 25 красавіка 1536 г. малады Жыгімонт II Аўгуст, які пачынае ўсё больш актыўна ўдэельнічаць у дзяржаўных справах, прысягнуў захоўваць усе правы і вольнасці шляхты Вялікага княства Літоўскага.
Аднак для шырокамаштабных ваенных дзеянняў не хапала сілы і сродкаў ні ў Масквы, ні ў Вільні. Такім чынам, планы Жыгімонта I на вяртанне земляў ВКЛ, захопленых Іванам III і Васілём III, увянчаліся толькі частковым поспехам.[13, с.212]
Першыя спробы мірных перамоў паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай пачаліся яшчэ ў верасні 1535 г. У ліпені 1536 г. у Маскву прыбыў крэўскі намеснік Нікадэім Цеханоўскі і прапанаваў прыслаць вялікіх паслоў у Вільню і прывёз ахоўную грамату для іх. Баярская дума вырашыла накіраваць у Вільню сына баярскага Хлуднева, каб падрыхтаваць будучыя перамовы.
У лістападзе Хлуднеў вярнуўся і паведаміў, што яшчэ да Каляд 1537 г. у Маскву прыедуць паслы ВКЛ. Галоўнай умовай для заключэння мірнага дагавора з боку пасольства, якое ўзначальваў Ян Глябовіч, было вяртанне Маскоўскай дзяржавай усіх зямель, захопленых у войнах 1500-1503, 1512-1522 гг. Супраць гэтых умоў Баярская дума выказала свае патрабаванні - усе ўсходнеславянскія землі Рурыкавічаў павінны перайсці да Маскоўскай дзяржавы.
Узаемныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі завялі перагаворы ў тупік, "вечны мір" не быў падпісаны. Вырашана было заключыць перамір'е на 5 гадоў -ад Благавешчання 1537 г. да Благавешчання 1542 г. Паводле ўмоў перамір'я, Себеж і Завалочча адыходзілі да Маскоўскай дзяржавы, у склад Вялікага княства Літоўскага вярталіся Далійская воласць, вёскі Чачэрскай і Крычаўскай валасцей - Залессе, Бабічы, Свяцілавічы, Галадно, Скорбавічы і Ліпечы , а таксама Гомель з прылягаючымі землямі і сёламі Уваравічы і Целяшовічы. Пасольства Жыгімонта II Аўгуста, якое знаходзілася ў Маскве з 14 студзеня па 18 лютага 1537 г., і Баярская дума зафіксавалі гэтыя тэрытарыяльныя змены ў перамірных граматах.
У паласе ваенных сутыкненняў ВКЛ з Масквой у канцы XV-першай палове XVI стст. вайне 1534-1537 гг. належыць асаблівае месца. У адрозненне ад іншых войн (1492-1494, 1500-1503, 1512-1522 гг.) ініцыятыва на гэты раз належала Вялікаму княству Літоўскаму. Але не такой вайны чакаў Жыгімонт, развязваючы канфлікт з Масквой у 1534 г. Спадяваючыся на ўнутраныя смуты паміж баярамі і слабасць вярхоўнай ўлады ў гады пасля смерці Васіля і маленства яго наследніка Івана, літоўскі князь і польскі кароль памыліўся ў сваіх падліках. Г.Сагановіч выказваў думку, што войны з Масквой сталі галоўным знешнім фактарам дэструктыўнага ўздзеяння на дзяржаву, унутраны механізм якой быў зусім, здаецца не прыстасаваны да такіх экстрэмаў. У 1530-х гг. спроба ад’ваяваць страчаныя раней землі, нягледзячы на ўсе намаганні, скончылася безвынікова. Пасля гэтага ўрока, які паказаў, што уласных сіл у ВКЛ замала для паспяховай барацьбы з усходнім суседам, у Вільні больш не спадзяваліся на рэванш. [9, с.61]
Хоць ніякіх вялікіх няўдач і тэрытарыяльных страт падчас апошняй вайны не адбылося, усё ж яна паказала, што тыя супярэчнасці, якія ўзніклі з канца XV ст. паміж дзяржавамі, ужо не загладзяцца і ў будучым будуць толькі нарастаць. Доказ таму – Лівонская вайна.
Заключэнне
Станаўленне Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы прыходзілася прыкладна на адзін час: сярэдзіна 14 – пачатак 15 стст. Але шляхі далучэння ўсходнеславянскіх земляў да сваіх тэрыторый ў гэтых дзяржавах былі рознымі. Калі Масква часцей за ўсё абапіралася на сілу, то ў ВКЛ яе ўсходнія землі былі далучаны ў асноўным мірным шляхам, праз заключэнні дынастычных саюзаў і саюзаў з мясцовай удзельнай знаццю (так у склад ВКЛ увайшлі тэрыторыі Віцебскага, Полацкага, Ноўгарад-Северскага, Бельскага і шэрагу іншых княстваў). ВКЛ канчаткова фарміруе сваю дзяржаўную ўсходнюю мяжу ў часы княжання Вітаўта. Менавіта ён уключыў адзін з самых значных, але і самы спрэчны удзел – Смаленскае княства (на наш погляд страта яго Літвой ў 1514 г. стала першай сапраўднай трагедыяй, якая ў будучым паклала пачатак і страце самой незалежнасці краіны).
ВКЛ даволі хутка змагло аб’яднаць пад сваёй уладай шматлікія усходнія рускія княствы дзякуючы таму, што не парушаліся іх аўтаномія, мясцовыя законы, уласнасць феадалаў. Таксама з цягам часу ўсё больш рознымі станавіліся палітычны і рэлігійны ўклады Масквы і Літвы (у дачыненні да Масквы мы можам гаварыць аб даволі жорсткай цэнтралізацыі ўлады ў руках вялікага князя, існаванні інстытута “кармлення”, якое разарала мяшчан і сялян, акрамя таго Масква – вялікі цэнтр праваслаўя). Гэтаму ўкладу супрацьстаяла мадэль літоўскай аўтаноміі земляў, лепшае ў юрыдычным сэнсе становішча службовага саслоўя (але паступова яго пачалі набываць толькі шляхцічы-католікі).
Менавіта рэлігійныя супярэчнасці выходзяць на галоўны план і становяцца повадам ва ўзнікненні канфлікту паміж ВКЛ і Масквой. Мірны дагавор 1449 г. паказаў тое, што літоўскае княства, якое вельмі разраслось да сярэдзіны 15 ст. ужо не можа больш наступаць на ўсход, бо межы яго пастаянна патрабавалі абароны і перш за ўсё ад татараў. З гэтага часу Масква пачынае набіраць вялізную моц. Няўмеласць бараніць свае паўднёвыя межы ад татараў стала адной з прычын масавага пераходу ў канцы 15 ст. падданых Літвы да маскоўскага князя (маюцца на ўвазе магнаты, шляхта). Тады ў бок Масквы глядзелі многія праваслаўныя князі, усё больш адчуваючы сваё няроўнае становішча з католікамі. Калі маскоўскі князь Іван аб’явіў сябе “государем всея Руси”, то недвухсэнсава даў паказаць князям ВКЛ, што мае ўсе правы на ўладу ў “рускіх” тэрыторыях. У другой палове 15 ст. яны складалі 9/10 тэрыторыі ВКЛ.
Гаворачы пра самі пераходы князёў на маскоўскі бок, цяжка згадзіцца з тым, што прычына гэтага – толькі рэлігійны прыгнёт. Галоўны рухаючы фактар тут – матэрыяльны, а галоўнае, падобная практыка з'яўлялася ў тыя часы звычайнай па ўсёй Еўропе. Феадалы сістэматычна пераходзілі ад ранейшых сюзерэнаў да новых, у надзеі атрымаць дадатковыя ўладанні і іншыя літасці.
Гаворачы пра апошнюю з войнаў, якую Б. Сідарэнка назваў “Старадубскай”, можна вылучыць некалькі прычын таго, што ВКЛ не скарыстала сваю стратэгічную ініцыятыву. Найперш, гэта адчувальны недахоп у дзяржаве ваенных і фінансавых сродкаў, асабліва напрыканцы вайны; у маскве не ўзнікла баярскай міжусобіцы пасля смерці Васіля; крымскі хан, саюзнік Літвы, не аказаў дапамогі, бо ў гэты час у Крыму ішла барацьба за ўладу; гарады і крэпасці, якія захопліваліся войскамі ВКЛ, добра не ўмацоўваліся і ўяўлялі сабой лёгкую здабычу.
Таксама не трэба забываць, што актыўная барацьба вялася не толькі пры дапамозе вайсковай сілы. Выдатныя дыпламатычныя перамогі на працягу ўсёй канфрантацыі ёсць на рахунку і ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы. У барацьбу дзвюх дзяржаў былі фактычна ўцянуты Крымскае ханства, а таксама Лівонскі ордэн (на ўсім працягу канфлікту іх сімпатыі хісталіся то ў бок ВКЛ, то ў бок Масквы).
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі /Бел.Эн.,Нац.арх.РБ; Пер з рус. Т.М. Бутэвіч, Т.М. Кароткая. – Мінск: Бел.Эн, 1994.-С.64-65.
2. Зимин А.А. Россия на рубеже XV – XVI ст. (очерки социально-политической истории). М.: Мысль,1982.-С.93-105,178-195.
3. Канановіч У. Змаганне за спадчыну Рурыкавічаў //Беларуская мінуўшчына. - 1997.-№5.-С.2-7.
4. Ключевский В.О. Курс русской истории: Лекции // Соч.: В 9т. М.,1987.-Т.2.-С.105-118.
5. Литовския и Жмойтская, и Быховца хроники // Полное собрание русских летописей/АН СССР, Ин-т истории СССР.- Т.32.-М.:Наука, 1975.- Хроника Литовская и Жмойтская.-С.95-108.
6. Летописи белорусско-литовские// Полное собрание русских летописей/АН СССР, Ин-т истории СССР.-Т.35: - М.: Наука, 1962.- Летопись Рачинского.-С.166-170, Румянцевская летопись.-С.212-213.
7. Сагановіч Г.М. Ад Ведрашы да Крапіўны //З гісторыяй на “Вы”: Публіцыстычныя артыкулы. Вып. 2/Уклад.У.Арлоў.-Мінск: Маст.літ.,1994.-С.166-185.
8. Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі.-Мінск:Навука і тэхніка,1992.-62с.
9. Сагановіч Г.М. Войска ВКЛ у 16-17 стст./ Рэд. Г.В. Штыхаў.-Мінск:Навука і тэхніка, 1994.-С.60-63.
10. Соловьёв С.М. История России с древнейших времён: Сочинения в 18 кн. // Кн.3. - М.: Мысль, 1989.-Т.5.-С.89-133,213-220,С.232-262.-Т.6.-С.386-394.
11. Сідарэнка Б.І. Старадубская вайна (вайна паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай (1534-1537 гг.)//Беларускі гістарычны часопіс.-1998.-№1.-С.37-45.
12. Сідарэнка Б.І. Усходняя палітыка ВКЛ у першай трэці 16 ст.//Беларускі гістарычны часопіс.-2000.-№3.-С.40-45.
13. Тарас А.Е. Войны Московской Руси с ВКЛ и Речью Посполитой 14-17 вв./А.Е.Тарас. - М.АСТ; Мн. Харвест,2006.-С.150-212.
14. Чаропка В. Уладары Вялікага княства.-Мінск.:Полымя, 1996.-С.7-34, 45-70.