Реферат: Праваслаўе на тэрыторыі Беларусі і Расі

Праваслаўе на тэрыторыі Беларусі і Расі

 


Змест

1. Агульная характарыстыка праваслаўя

2. Хрысціянізацыя Русі

3. Гісторыя праваслаўя на тэрыторыі Беларусі і Расіі

4. Стараверства

5. Асаблівасці праваслаўнага веравучэння і культу

6. Структура праваслаўнай царквы на Беларусі

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Агульная характарыстыка праваслаўя

Праваслаўе – самы малаколькасны з трох асноуных кірункаў у хрысціянстве. Зараз яно налічвае 218 мільёнаў прыхільнікаў. Распаўсюджана праваслаўе ў асноўным у Расіі, ва Усходняй Еўропе, на Балканах і на Бліжнім Усходзе. Невялікая колькасць ягоных прыхільнікаў жыве ў краінах Амерыкі, Афрыкі і Азіі.

Праваслаўе сфарміравалася ва ўмовах Візантыйскай імперыі, для якой былі характэрны запаволенасць тэмпаў развіцця і моцная імператарская ўлада. Гэта абумовіла наступныя асноўныя рысы праваслаўя:

1.Традыцыяналізм і кансерватызм рэлігійна-царкоўнага жыцця. Сам тэрмін "праваслаўе" з'яўляецца не зусім дакладным перакладам грэчаскага слова "артадоксія" ( orthodoxia – меркаванне, вучэнне, адданне хвалы) і хутчэй павінен быў бы гучаць як "прававер'е".Самі прыхільнікі гэтага накірунку прадкрэсліваюць у ягонай назве момант аддавання хвалы, што яны правільна менавіта славяць Бога. Прыхільнікаў другіх хысціянскіх накірункаў яны называюць "іншаслаўнымі" – тымі, хто славіць Бога па-іншаму.

Калі мы кажам аб традыцыяналізме і кансерватызме праваслаўя, дык не ўкладваем у гэта нейкі негатыўны сэнс. Проста адной з асноўных рыс гэтага накірунку, якую падкрэсліваюць як ягоныя прыхільнікі, так і праціўнікі, з'яўляецца імкненне захаваць у некранутым выглядзе веравучэнне і культ першапачатковага хрысціянства. Наогул артадоксія ў шырокім сэнсе азначае няўхільнае следаванне асновам і традыцыям якога-небудзь вучэння пазбягаючы нават самых нязначных разыходжанняў з зыходнымі ўстаноўкамі. Часцей за ўсё яно ўжываецца ў дачыненні да такіх рэлігійных накірункаў, якія ў якасці асаблівага абавязку веруючых прадпісваюць падтрымку чысціні і нязменнасці веравучэння і культу. У гэтым сэнсе можна казаць аб артадаксальным іудаізме, ісламе і г.д.

Трэба адзначыць, што паняцці "праваслауе" і "каталіцтва" ў іх сучасным разуменні маюць умоўны характар. Яны з'явіліся задоўга да раздзялення царквы ў 1054 г. Пасля Першага Усяленскага Сабору ў Нікеі (325 г.), на якім хрысціянская царква ў барацьбе з ерассю зацвердзіла першую частку Сімвала веры, праваслаўнымі сталі называць тых, хто прытрымліваўся рашэнняў Нікейскага сабору, г.зн., не-ерэтыкаў, а католікамі – тых, хто належаў да ўсеагульнай "не-ерэтычнай" царквы. І ў тым, і ў другім выпадку сэнс быў аднолькавы. Зараз католікі таксама настойваюць на правільнасці, "праваслаўнасці" свайго веравучэння і культу, а праваслаўная царква называе сябе яшчэ "грэка-каталічнай", гэта значыць, сусветнай.

Праваслаўная царква, ў адрозненне ад каталіцкай, адмаўляе магчымасць развіцця Свяшчэннага Падання. Яно лічыць, што Святыя Айцы і першыя сем Усяленскіх Сабораў (апошні з іх адбыўся ў 787 г.) цалкам сфармулявалі хрысціянскае веравучэнне і зараз яго трэба толькі захоўваць. Растлумачыць такі падыход можна тым, што менавіта Візантыйская імперыя, а не Заходняя Еўропа з'яўлялася ў першым тысячагоддзі непасрэдным нашчадкам багатай антычнай культуры. Доугі час (прыкладна да ХШ ст.) культура Візантыі знаходзілася на больш высокім узроўні, візантыйцы ганарліва называлі сябе "ромеямі" ("рымлянамі"), а на заходнееўрапейцаў глядзелі, як на варвараў. Аднак культура Еўропы развівалася, візантыйская ж, дзе быў зроблены націск на захаванне антычнай спадчыны, паступова прыйшла ў заняпад. Гэта мы можам назіраць і ў галіне хрысціянскага багаслоўя. Яно было ў асноўным выпрацавава на ўсходзе Рымскай імперыі. Менавіта там вяліся гарачыя багаслоўскія спрэчкі, узнікалі ерасі, прайшлі ўсе сем Усяленскіх сабораў. Захад не разумеў тонкасцяў той палемікі, якая вялася на Ўсходзе, а проста прытрымліваўся ісцін веры. У далейшым жа ,па меры развіцця еўрапейскай культуры наогул, развівалася і каталіцкае багаслоўе.

2.Адсутнасць адзінства праваслаўнай царквы і яе падпарадкаванасць дзяржаўным ўладам. Гэтыя дзве рысы ўзаемазвязаны і шмат у чым абумоўліваюць адна адну. У Візантыйскай імперыі была моцная імператарская ўлада, і там існаваў прынцып, запазычаны яшчэ з язычніцкіх часоў Рымскай імперыі, калі імператар таксама лічыўся і вярхоўным жрацом, кіраўніком у рэлігійных справах. Тут трэба ўзгадаць спецыфіку дзяржаўнай улады на Усходзе, якая звычайна мела абсалютны і ўсеагульны характар. У Візантыі патрыярх не проста падпарадкоўваўся імператару, ён ім фактычна прызначаўся, і мог быць зняты. Царква з'яўлялася дзяржаўным інстытутам, кіраваў ёй імператар і яна служыла інтарэсам дзяржавы. Калі праваслаўе пачало распаўсюджвацца ў іншых краінах, кіраўнікі апошніх не маглі пагадзіцца з тым, што на іх тэрыторыі існуе іншаземная структура, і таму імкнуліся падпарадкавацца праваслаўную царкву сабе, стварыць свой уласны дзяржаўны інстытут, які б адпавядаў іх інтарэсам. Гэты працэс адбываецца і зараз: як толькі ўзнікае новая дзяржава, дзе распаўсюджана праваслаўе, праз некаторы час ствараецца нацыянальная праваслаўная царква. Зараз у свеце налічваецца 15 аўтакефальных праваслаўных цэркваў: Канстанцінопальская (Турцыя), Александрыйская (Егіпет), Анціахійская (Сірыя, Ліван), Іерусалімская (Ізраіль), Руская (большасць краін былога СССР), Грузінская, Сербская (краіны былой Югаславіі), Балгарская, Кіпрская, Эладская (Грэцыя), Румынская, Албанская, Польская, Чэ-хаславацкая (Чэхія і Славакія), і Амерыканская (ЗША). Кіраўнік аўтакефальнай праваслаўнай царквы называецца па-рознаму. Напрыклад, у Рускай, Сербскай, Грузінскай, Румынскай і Балгарскай цэрквах гэта патрыярх, у Грэчаскай і Кіпрскай – архіепіскап, Албанскай, Польскай, Чэхаславацкай – мітрапаліт.

Некаторыя аўтакефальныя цэрквы дзейнічаюць таксама на тэрыторыі іншых дзяржаў. Так, напрыклад, Руская праваслаўная царква мае свае структуры ў ЗША, Канадзе, Аргенціне, Германіі, Францыі, Аўстрыі, Бельгіі, Японіі і некаторых іншых краінах.

Кожная аўтакефальная царква, як аб гатым сведчыць сама яе назва, з'яўляецца цалкам самастойнай. Канстанцінопальскі патрыярх называецца Усяленскім патрыярхам, але гэта чыста ганаровы тытул, які не дае права умешвацца ў справы іншых цэркваў.

 

2. Хрысціянізацыя Русі

Афіцыйнай датай прыняцця хрысціянства на Русі з'яўляецца 988 г., калі па загаду князя Уладзіміра Святаслававіча хрысціліся кіяўляне, але хрысціянства тут з'явілася прынамсі на сто год раней. Яшчэ пры дзеду Уладзіміра князю Ігару ў Кіеве была царква св.Іллі, якую наведвала частка княскай дружыны. Пры заключэнні Ігарам.дамовы з Візантыяй у 944 г. адны дружыннікі кляліся імем Пяруна, а другія – хрысціянскага Бога. Хрысціянкай была і бабка Уладзіміра княгіня Вольга. У 957 г. яна наведала па дзяржаўных справах Канстанцінопаль і прыняла там хрышчэнне. Цікава, што хаця Вольга хрысцілася па ўсходняму абраду, але народ свой гатова была хрысціць па заходняму. 3 гэтай мэтай яна звязалася з нямецкім царом Атонам, які паслаў у Кіеў місіянера Адальберта з Магдэбурга, у далейшым епіскапа. Аднак сын Вольгі князь Святаслаў быў перакананым язычнікам і вельмі адмоўна ставіўся да хрысціянства, таму місія Адальберта не ўдалася.

Ёсць некалькі легендаў аб прыняцці хрысціянства на Русі. Адна з іх паведамляе, што хрысціянства сюды было прынесена ў І ст. адным з дванаццаці вучняў Ісуса Хрыста апосталам Андрэем, які ехаў з Іерусаліма ў Рым праз Ноўгарад і заначаваў на месцы будучага Кіева. Раніцай устаўшы, ён указвае вучням на ляжачыя вакол халмы, дабраслаўляе гэтае месца і савіць на ім крыж. Але ніякіх гістарычных крыніц, якія б пацвярджалі гэта, няма.

Другая легенда кажа аб тым, што князь Уладзімір выбіраў веру сярод тых, якія яму прапаноўваліся. Па адной з версій, ён адмовіў, іудзеям з той прычыны, што ў іх не было сваей дзяржавы і значыць "Бог іх не любіць'', мусульманам – бо іх богаслужэнне падалося яму непрыгожым і нават смешным, але, галоўнае, таму што ў іх забаронена піць віно. А прыехаўшы з Візантыі, багаслоў сказаў прыгожую прамову, якая вельмі спадабалася Уладзіміру, і ён вырашыў прыняць хрысціянства. Безумоўна, гэтыя тлумачэнні прынацця хрысціянства на Русі эстэтычнымі альбо гастранамічнымі густамі Уладзіміра з'яўляюцца досыць наіўнымі. Існавалі значна больш сур'ёзныя прычыны.

Перыяд княжання Уладзіміра (980-ІОІ5 гг.) – гэта час узмацнення Старажытнарускай дзяржавы. Уладзімір, як энергічны і дальнабачны палітык адчуваў неабходнасць стварэння адзінай рэлігіі. У 980 г. ён правёў першую рэлігійную рэформу. Быў створаны агульнадзяржаўны пантэон, куды ўключылі багоў, культ якіх з'яўляўся найбольш распаўсюджаным. Гэта Пярун – бог грому і маланкі, апякун княжаскай улады, дружыны, жрэчаскай і ваеннай моцы, Сварог (Стрыбог) – бог неба, Дажджбог – бог святла, сын Сварога, Мокаш – маці Сварога, багіня ўрадлівасці і дабрабыту, Хорс – Сонца, (у яго гонар Уладзімір узяў сабе прозвішча Чырвонае Сонейка), Семаргл – крылаты сабака, ахоўнік пасеваў, жыццёвага патэнцыялу, пачынанняў княжацкай улады. На ўзгорку ў Кіеве былі пастаўлены ідалы гэтых шасці багоў. Такім чынам Уладзімір імкнуўся зрабіць са сваёй сталіцы рэлігійны цэнтр усходніх славян. Шанаванне ўсіх астатніх багоў, духаў і дэманаў было забаронена. Новы пантэон насаджаўся зверху княжаскай уладай.

Аднак даволі хутка Уладзімір робіць рэзкі паварот у сваёй палітыцы , прымае зусім новую і невядомую для большасці насельніцтва Кіеўскай Русі рэлігію – хрысціянства і пачынае ўкараняць яго таксама паслядоўна і жорстка. Прычыны такога павароту маюць, пераважна палітычны характар. Старая язычніцкая рэлігія адпавядала сялянскім ўмовам жыцця і не падыходзіла для гарадоў, якія ў гэты час інтэнсіўна развіваюцца як цэнтры рамяства, гандлю і ўлады. Апроч таго, Кіеўская Русь мела інтэнсіўныя зносіны з іншымі краінамі, пераважна тымі, у якіх ужо было распаўсюджана хрысціянства. Прыняцце апошняга значна аблегчыла б гэтыя зносіны.

Трэба адзначыць, што на рашучасць павароту да хрысціянства пэўны ўплыў аказалі і рысы характару самога князя Уладзіміра. Гісторыкі характарызуюць яго як таленавітага і жорсткага дзяржаўнага дзеяча. Да ўлады ён прыйшоў у выніку забойства свайго брата кіеўскага князя Яраполка. Перад тым, як прыняць хрысціянства, ён быў паслядоўным язычнікам. Пры ім у 983 годзе ў Кіеве ў ахвяру Перуну былі прынесены хрысціяне – варажскі купец Фёдар і ягоны сын Ян. Сам Уладзімір меў 9 жонак, сярод іх полацкую князёўну Рагнеду, якая была ўзята сілай пасля забойства яе бацькі і братоў. Сучасны Уладзіміру польскі летапісец Цітмар Межыборскі называе яго "блуднікам бязмерным і жорсткім".

Падставай для прыняцця хрысціянства на Русі паслужылі наступныя падзеі. У 987 г. супраць візантыйскага імператара Васіля паўстаў ягоны ваеначальнік Фока. Васіль папрасіў Уладзіміра аб дапамозе. Той паставіў умовай жаніцьбу з сястрой імператара Ганнай і абяцаў прыняць хрышчэнне. Уладзімір дапамог імператару, але той не спяшаўся выканаць сваю частку дамовы. Тады Уладзімір ідзе паходам на грэчаскую калонію Корсунь (зараз г.Херсон), прымушае аддаць яму ў жонкі Ганну і прымае там хрышчэнне, а вярнуушыся ў Кіеў, выдае загад, каб кіяўляне ў вызначаны дзень пайшлі да Дняпра і хрысціліся. "А хто не прыдзе да ракі, – так было напісана ў загадзе, згодна "Аповесці мінулых часоў'', – багаты ці ўбогі, жабрак ці раб, той будзе мне вораг". Некалькі тысяч кіяўлян зайшлі ў раку і прыехаўшыя з Візантыі свяшчэннікі ахрысцілі іх.

Ідалы язычніцкіх багоў, якія стаялі на ўзгорку ў Кіеве, былі па загаду Уладзіміра пасечаны і спалены, а ідал Перуна крукамі сцягнулі ў Днепр і піхалі шастамі да парогаў, каб ён не вярнуўся.

Пасля Кіева хрысціянства пачалі ўводзіць у іншых гарадах. Не заўсёды гэта адбывалася мірна. Людзі прызвычаіліся да сваіх старых багоў і не хацелі адмаўляцца ад іх. У некаторых месцах даходзіла да крывавых сутыкненняў. Напрыклад, у Ноўгарадзе дзеянні епіскапа Якіма, які знішчаў язычніцкія капішчы, выклікалі ў народзе бунт. 3 Кіева з войскам прыбыў ваёвода Пуцята, які ўступіў у бойку з наўгародцамі, а дзядзька Уладзіміра пасадскі Дабрыня ў гэты час падпаліў горад. Наўгародцы вымушаны былі здацца і прыняць хрышчэнне. Адсюль пайшла прымаўка: "Пуцята хрысціў Ноўгарад мячом, а Дабрыня агнём".

Аднак супраціўленне насіла спарадычны характар і выклікалася, як правіла, жорсткасцю дзеянняў па увядзенню новай рэлігіі. Там жа, дзе гэтай жорсткасці не было, народ прымаў хрысціянства даволі спакойна. Тлумачыцца гэта асаблівасцю язычніцкага светаўспрымання, якое дапускае існаванне многіх звышнатуральных істот. Хрыстос успрымаўся як княжацкі бог, якога трэба шанаваць, бо гэтага патрабуюць улады, але не адмаўляліся таксама і ад шанавання старых багоў. Рэлігійны феномен, які узнік на Русі з увядзеннем хрысціянства, даследчыкі называюць дваяверствам. Сутнасць яго не у тым, што паралельна існавалі дзве рэлігіі – язычніцкая і хрысціянская, а ў тым, што стварыўся іх сінтэз. Дваяверства існуе ў нас і зараз. ІІІмат людзей прытрымліваюцца адначасова і хрысціянскіх, і язычніцкіх звычаяў.

Наогул увядзенне хрысціянства на Русі расцягнулася на стагоддзі. Датай хрышчэння Беларусі лічыцца992 г., калі была заснавана Полацкая епархія пры сыне Уладзііміра і Рагнеды князю Ізяславе, але канчаткова хрысціянства на нашых землях усталявалася толькі ў сярэдзіне XIII ст., хаця і пасля ў рэлігійным светаўспрыманні беларусаў, асабліва сялян, засталіся многія язычніцкія элементы.

Хрысціянства на тэрыторыю Беларусі прыходзіла як з усходу, так і з захаду. У 1013 г. сын Уладзіміра тураўскі князь Светаполк узяў шлюб з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага. Разам з ёй у Тураў прыехаў епіскап Рэйнберн і была заснавана заходная епархія. Гэта не спадабалася Уладзіміру. Ён выклікаў Светаполка з жонкай і Рэйнбернам у Кіеў і пасадзіў іх у земляную турму, дзе епіскап памёр. І хаця Кіеўская -+Русъ падтрымлівала зносіны з Захадам, (вядома, што Уладзімір перапісваўся з папам), але развіццё хрысціянсгва тут пайшло па ўсходняму, праваслаўнаму шляху. Даследчыкі тлумачаць гэта тым, што царква ў Візантыі падпарадкоўвалася імператару і служыла інтарэсам дзяржавы, на Захадзе ж папа ўзвышаўся над свецкімі ўладамі. Гэта было вядома Уладзіміру, і ён зрабіў выбар на карысць праваслаўя.

Прыняцце хрысціянства аказала станоўчы ўплыў на развіццё старажытнарускай культуры. Новая рэлігія садзейнічала аб'яднанню ўсходнеславянскіх земляў і ўзмацненню дзяржаўнага адзінства. Само слова "рускі" спачатку на нашых землях абазначала не нацыянальную, а рэлігійную прыналежнасць: рускімі называлі тых, хто прытрымліваўся рэлігіі, якая насаджалася з Кіева, гэта значыць веры варагаў – "русаў". Сярод усходніх славян паступова распаўсюджвалася новая мараль. Былі забаронены чалавечыя ахвяры, мнагажонства, блуд, крадзеж нявест, супрацьнатуральныя распусты. На новых прынцыпах будаваліся ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Распаўсюджвалася адукацыя. Сам Уладзімір пасля прыняцця хрысціянства загадаў збіраць дзяцей са знатных сем'яў і вучыць іх, нягледзячы на супраціўленне бацькоў. Сын Уладзіміра Яраслаў Мудры адкрыў у 1025 г. у Ноўгарадзе вучылішча для 300 дзяцей. Пачынаецца дзейнасць хрысціянскіх асветнікаў, найбольш вядомымі з якіх з'яўляюцца Кірыла Тураўскі (1130 – каля 1182), Ефрасіння Полацкая (1110 (?) – 1173), Аўрамій Смаленскі (сяр. ХПст. - да 1224г.) Будуюцца хрысціянскія храмы, малююцца іконы, спачатку па візантыйскім узорам, але паступова складваюцца арыгінальныя мясцовыя школы ў архітэктуры іконапісу. Менавіта з прыняццем хрысціянства ўсходнеславянскія народы уваходзяць у прастору еўрапейскай культуры.

3. Гісторыя праваслаўя на тэрыторыі Беларусі і Расіі

Праваслаўная царква ў Кіеўскай Русі не была самастойнай і залежала ад Канстанцінопальскага патрыярха. Кіраваў ёй Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Русі, які прызначаўся патрыярхам. Візантыя разглядала праваслаўную царкву на Русі як сваю частку і імкнулася яе цалкам кантраляваць. Гэтым тлумачыцца тое, што з 23 кіеўскіх мітрапалітаў дамангольскага перыяда большасць складалі прыезджыя візантыйцы, толькі двое былі з рускіх: Іларыён (1051 – 1054) і Клімент Смаляціч (1147 – 1153). Але абодва яны не былі прызнаны патрыярхам законнымі, бо іх абралі без ягонай згоды.

У 1240 г. татара-манголы разбурылі Кіеў. Мітрапаліт пераехаў спачатку ва Уладзімір-на-Клязьме, а потым у Маскву, але ён па-ранейшаму называў сябе "Кіеўскі і ўсёй Русі". 3 гэтага часу пачынаецца новы перыяд у гісторыі праваслаўнай царквы на Русі. Па меры ўзвышэння Маскоўскага княства і ў далейшым стварэння адзінай цэнтралізаванай дзяржавы ўзвышаецца і царква. Паступова па багаццю і шматлікасці яна пераўзыходзіць царкву ў Візантыі, але ўзмацняецца яе залежнасць ад свецкіх улад, і яна ператвараецца ў інструмент дзяржаўнай палітыкі. Дзяржава падтрымлівае царкву, але выкарыстоўвае яе ў сваіх мэтах.

Тэрыторыя Беларусі ў другой палове ХШ ст. уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага. Асноўную колькасць насельніцтва гэтай дзяржавы складалі праваслаўныя, Вялікія князі, хаця самі яны належалі да язычніцтва, а з канца ХІV ст. – да каталіцтва, былі зацікаўлены ў стварэнні ўласнай мітраполіі, незалежнай ад Масквы. Тлумачыцца гэта тым, што ўзаемаадносіны з апошняй паступова пагаршаюцца, Маскоўская дзяржава робіцца адным з галоўных ворагаў ВКЛ і з ёй вядуцца амаль безупынныя войны.

Літоўская мітраполія была зацверджана Канстанцінопальскім патрыярхам у 316 г., першага мітрапаліта звалі Феафіл. Ён таксама ўзяў сабе тытул "Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Русі". Такім чынам, абодва мітрапаліты – маскоўскі і літоўскі прэтэндавалі на ўладу над праваслаўнымі ''ўсёй Русі'', таму паміж імі існавалі напружаныя ўзаемаадносіны. Масква ў гэты час імкнецца быць "збіральніцай земляў рускіх'' і яе князі дабіваюцца ад Канстанцінопальскага патрыярха, каб мітрапаліт быў толькі ў Маскве.

У спрэчцы паміж літоўскім і маскоўскім мітрапалітамі Канстанцінопальскі патрыярх, як правіла, падтрымліваў апошняга. Аднак 1448 г. з-за прыняцця Канстанцінопальскім патрыярхам уніі (саюзу) з каталіцкай царквой Масква разрывае з ім сувязь і мітрапаліты тут прызначаюцца ўжо без ягонай згоды. Руская праваслаўная царква абвяшчае сябе аўтакефальнай. У 1458 г. раздзяляюцца мітраполіі ў ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве. Мітрапаліт у Літве працягвае называцца "Кіеўскім і ўсёй Русі", а ў Маскве атрымлівае тытул "Мітрапаліт Маскоўскі і ўсёй Русі".

У 1453 г. Канстанцінопаль быў захоплены туркамі і Візантыйская імперыя перастала існаваць. Маскоўская ж дзяржава ўзмацнілася і яе інтарэсы патрабавалі, каб царкву ўзначальваў патрыярх. Першы рускі патрыярх быў абраны на Маскоўскім памесным саборы ў 1589 г. Гэта значна ўзмацніла аўтарытэт Рускай праваслаўнай царквы, але яшчэ больш узрасла яе залежнасць ад свецкіх улад. Фактычна патрыярх стаў прызначацца царом, і апошні зрабіўся кіраўніком царквы.

Адмоўныя вынікі падпарадкавання праваслаўя ў Расіі дзяржаўнай уладзе сталі відавочнымі пры Пятры I, які лічыў царкву праціўніцай сваіх рэформ і імкнуўся яе аслабіць. У 1721 г. ён ліквідаваў патрыяршаства і для кіраўніцтва царквой стварыў па ўзору калегій калектыўны орган – Свяцейшы сінод, члены якога прызначаліся царом. Галавой царквы зрабіўся сам цар, а кіраваць Сінодам ад ягонага імя павінен быў чыноўнік – обер-пракурор. Пры Кацярыне ІІ обер-пракурорамі ў асноўным прызначаліся ваенныя, некаторыя з якіх не толькі не вялі хрысціянскае жыццё, але і выказвалі адкрыта атэістычныя погляды. Царква была абавязана выконваць шэраг функцый дзяржаўнай улады: запіс актаў грамадзянскага стану, кіраўніцтва пачатковай адукацыяй, назіранне за палітычнай надзейнасцю грамадзян.

Такім чынам, у Расійскай імперыі праваслаўная царква канчаткова ператвараецца ў дзяржаўны інстытут і робіцца часткай бюракратычнага апарату. Гэта адмоўна ўплывае на яе духоўны аўтарытэт сярод веруючых і ўспрымаецца як ненармальнае становішча самім духавенствам. У пачатку XX ст. у Рускай праваслаўнай царкве рэзка ўзмацняецца рух за скліканне Памеснага сабора і абранне на ім патрыярха. Урад Мікалая ІІ супраціўляецца гэтаму і таму сабор удалося склікаць толькі ў кастрычніку 1917 г. На ім пасля доўгага перапынку быў абраны патрыярх і намечаны рэформы па ўзмацненню царквы і павышэнню яе аўтарытэта. Правесці іх не ўдалося, бо да ўлады прыйшлі бальшавікі і супраць царквы пачаліся рэпрэсіі.

Трэба адзначыць, што большасць духавенства Рускай праваслаўнай царавы звязвала сябе са старым рэжымам і даволі варожа сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю. У сваю чаргу, новыя ўлады разглядалі Рускую праваслаўную царкву як частку эксплуататарскай сістэмы і лічылі, што яна павінна быць знішчана.

Ужо ў першыя месяцы існавання Савецкай улады было выдадзена некалькі дэкрэтаў, накіраваных на канфіскацыю царкоўнай маёмасці, найбольш вядомым з якіх з'яўляецца прыняты 23 студзеня 1918 г. дэкрэт ''Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы". Згодна з ім, уся рухомая і нерухомая маёмасць царквы была нацыяналізавана. Культавыя будынкі і рэчы маглі здавацца веруючым па іх просьбе ў бясплатную арэнду, аднак яны абкладаліся вельмі вялікімі падаткамі па артыкулах, прадугледжаных для прыватнага прадпрымальніцва. Таксама дэкрэтам было забаронена выкладанне рэлігійнага веравучэння ва ўсіх грамадскіх і прыватных навучальных установах. Усе семінарыі і школы ў РПЦ былі атабраны раней, у канцы 1917 г. Рабаўніцтва царкоўнай маёмасці і забойствы свяшчэннаслужыцеляў адбываліся таксама стыхійна ў ходзе Грамадзянскай вайны.

Руская праваслаўная царква не была падрыхтавана да такога варожага стаўлення з боку ўлад. Яшчэ 19 студзеня 1918 г. патрыярх Ціхан звярнуўся да веруючых з пасланнем, у якім адлучыў "рабаўнікоў і гвалтаўнікоў" ад царквы. Гэта не мела ніякага станоўчага выніку і рэпрэсіі супраць праваслаўнай царквы працягваліся.

Асабліва абвастрыліся яны ў 1922 г. У 1921 – 1922 гг. у Паволжжы адбыўся валікі голад, які ахапіў каля двух мільёнаў чалавек. Ён дасягнуў такой ступені, што былі зафіксаваны выпадкі канібалізму.

У гэтых абставінах РПЦ выступіла з ініцыятывай дапамогі галадаючым. Патрыярх Ціхан звярнуўся да духавенства са спецыяльным пасланнем і дазволіў ахвераваць на закупку прадуктаў за мяжой тыя царкоўныя каштоўнасці, якія не маюць богаслужэбнага прызначэння і не лічацца свяшчэннымі. Улады ж выдалі пастанову аб прымусовай канфіскацыі ўсіх царкоўных каштоўнасцяў. Гэта выклікала шэраг канфліктаў з веруючымі. 13 сакавіка 1922 г. адбыўся знакаміты інцыдэнт у горадзе Шуя. Натоўп рабочых не дазволіў канфіскоўваць каштоўнасці з мясцовага сабора. Былі выкліканы войскі, якія прымянілі зброю. У выніку 4 чалавекі былі забіты і 10 паранены.

Ленін вырашыў выкарыстаць падзеі ў Шуі для разгортвання новага наступлення на царкву . Ён піша "Ліст да В.М.Молатава для членаў бюро ЦК РКП(б)", які не ўваходзіў ні ў адзін збор твораў В.І.Леніна і быў надрукаваны толькі ў 1990 г. У ім Ленін патрабуе "даць самую рашучую і бязлітасную бітву чарнасоценнаму духавенству і падавіць яго супраціўленне з такой жорсткасцю, каб яны не забылі гэтага на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў... Чым большую колькасць прадстаўнікоў рэакцыйнай буржуазіі і рэакцыйнага духавенства ўдасца па гэтай прычыне растраляць, тым лепш". Па прыгавору суда 5 удзельнікаў Шуйскага інцыдэнта былі растраляны, а 33 прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення

Па ўсёй краіне адбыліся судовыя працэсы над свяшчэннаслужыцелямі па абвінавачанню ў супраціўленні канфіскацыі царкоўных кашоўнасцяў. У 1925 г. да суда разам з некалькімі святарамі быў прыцягнуты беларускі мітрапаліт Мільхіседэк. Адбыліся хваляванні сярод веруючых і мітрапаліта апраўдалі. Аднак праз некаторы час ён быў выкліканы ў Маскву, там арыштаваны, пасаджаны ў турму, а потым адпраўлены ў ссылку ў Краснаярск.

Усяго ў ходзе кампаніі па канфііскацыі царкоўных каштоўнасцяў у 1922 – 1925 гг. у СССР адбылося больш двух тысяч судовых працэсаў, і было забіта некалькі тысяч свяшчэннікаў, манахаў і веруючых.

Каб палепшыць становішча Рускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Сергій, які замяшчаў патрыярха, выпусціў у ліпені 1927 г. "Пасланне да пастыраў і паствы", у якім абвесціў аб поўнай лаяльнасці і падтрымцы царквой Савецкай улады. Аднак гэта не дала вынікаў, і рэпрэсіі супраць царквы працягваліся.

У сярэдзіне 30-х гг. адбыўся шэраг судовых працэсаў над духавенствам і веруючымі па абвінавачванню ў шкодніцтве і шпіёнскай дзейнасці. За 1937 і пяць першых месяцаў 1938 г. на Беларусі было асуджана 3247 служыцеляў культу, у тым ліку адзін мітрапаліт, 5 архіепіскапаў, 420 святароў і манахаў. Да пачатку 40-х гг. ва ўсходняй частцы Беларусі былі гвалтоўна зачынены ўсе праваслаўныя цэрквы. Засталіся дзейнічаць толькі два храмы, дзе час ад часу праводзіліся набажэнствы.Каля 2000 праваслаўных свяшчэнна- служыцеляў загінулі ў лагерах ці былі растраляны.

У Вялікую Айчынную вайну Руская правасяаўная царква заняла патрыятычную пазіцыю. Ужо 22 чэрвеня 1941 г. мітрапаліт Сергій звярнуўся да духавенства і веруючых з пасланнем, дзе заклікаў устаць на абарону Айчыны. Царква арганізоўвала збор сродкаў на дапамогу фронту. На сабраныя грошы была, напрыклад, пабудавана танкавая калона "Дзмітрый Данскі".

У верасні 1943 г. у Крамлі адбылася сустрэча Сталіна з кіраўніцтвам РПЦ, на якой было дамоўлена аб узнаўленні патрыяршаства, адкрацці раней зачыненых цэркваў, духоўных навучальных устаноў і г.д.

З 1948 г. пачалося новае наступленне на царкву. Зноў зачыняюцца цэрквы, манастыры і семінарыі. Асабліва інтэнсіўна барацьба з рэлігіяй у СССР вялася ў першай палове 60-х гг. у сувязі з узятым партыяй курсам на пабудову камунізму.

Рэзкія змены ў сттановішчы праваслаўнай царквы ў СССР адбыліся ў канцы 80-х гг. Яна атрымлівае магчымасць для свабоднай дзейнасці. Пачынаецца рост колькасці веруючых, адчыняюцца цэрквы, манастыры, духоўныя навучальныя ўстановы. Гэты працэс працягваецца і зараз.


4. Стараверства

Стараверства ўзнікла ў Расіі ў сярэдзіне ХVII ст. у выніку царкоўнага расколу, повадам для якога паслужыла рэформа, праведзеная патрыярхам Ніканам з мэтай уніфікацыі абрадаў і выпраўлення богаслужэбных кніг.

Неабходнасць царкоўнай рэформы наспела даўно і была выклікана многімі прычынамі. Яшчэ ад часоў феадальнай раздробленасці ў розных мясцовасцях Расіі існавалі адрозненні ў абрадах. 3 утварэннем адзінай цэнтралізаванай дзяржавы неабходна было зрабіць абрады адзінымі. Апроч таго пры перапісванні богаслужэбных кніг у іх за доўгі час накапілася шмат памылак і розначытанняў. І калі з ХVII ст. ў Расіі пачынае распаўсюджвацца кнігадрукаванне, узнікае патрэба ў адзіным узоры, з якога б адбываўся друк.

Пасля заваявання Канстанцінопаля туркамі (1453 г.) Масква пачынае прэтэндаваць на ролю цэнтра праваслаўя і захавальніцы чысціні хрысціянскай веры. У канцы ХVІ ст. манахам Пскова-Елізар'еўскага манастыра Філафеем была сфармулявана знакамітая тэорыя "Трэцяга Рыма": было "два. Рымы", першы з іх (Рымская імперыя) быў разбураны варварамі, другі (Візантыя) – туркамі, і нарэшце, узвысіўся Трэці Рым (Расія), які будзе вечна, "а чацвёртаму не бываць". Таму Руская праваслаўная царква не магла дапусціць недарэчнасцяў у сваіх абрадах і богаслужэбных тэкстах, і у якасці узору, па якому яны выпраўляліся, былі узяты візантыйскія абрады і тэксты.

Былі скарочаны царкоўныя службы, адменены зямныя паклоны, слова "Ісус'' сталі пісаць з дзвюма “і” ў пачатку, "алілуйя" сталі казаць не два, а тры разы, замест двух пальцаў пачалі хрысціцца трыма, разам з васьміканцовым крыжом сталі шанаваць шасці- і чатырохканцовы і г.д.

Рэформа Нікана выклікала рашучае супраціўленне часткі духавенства і веруючых, якія сталі называцца стараверамі. Прычынай супраціўлення з'явілася сваеасаблівасць рэлігійнага светаўспрымання ў рускім праваслаўі. Тут засталіся моцныя язычніцкія элементы, і надзвычай вялікая ўвага надавалася культавай практыцы, якая ўспрымалася як сукупнасць метадаў дагаджэння Богу. І калі пачаліся рэформы ў абрадах, гэта было ўспрынята як змена веры. Апроч таго, значная частка праваслаўнага духавенства ў Расіі была малапісьменнай, вучылася служыць "з голасу" і проста не магла прачытаць новыя богаслужэбныя кнігі. Таму перад ей паўставала альтэрнатыва: альбо саступіць свае месца новым свяшчэннікам, альбо неяк супраціўляцца зменам.

Непрыняцце рэформы часткай рускага грамадства было абумоўлена таксама грубасцю яе правядзення, Нікан быў фанатычна веруючым і вельмі ўладалюбівым чалавекам, прыйшоўшы да высновы аб неабходнасці змен у царкве, ён праводзіу іх рашуча і жорстка. Усе старыя абрады былі абвешчаны скажонымі, а іх прыхільнікі – ерэтыкамі. Гэта пакрыўдзіла рускіх, якія ўжо прызвычаіліся да думкі, што яны Трэці Рым. Тым больш, што саміх грэкаў, кнігі і абрады якіх былі ўзяты за ўзор, на Русі даўно падазравалі ў ерасі, лічылася, што захоп туркамі Канстанцінопаля – кара Божая за унію з католікамі. Трэба сказаць, што ў стараверства адышла найбольш адданая сваім поглядам частка рускага грамадства, якая адчувала несправядлівасць рэформы. Большасць жа пакарылася пад ціскам улад.

Старыя абрады і іх прыхільнікі былі пракляты на Маскоўскім памесным саборы ў 1666 – І667 гг. Пачаліся праследаванні старавераў з боку царскіх улад. Руская праваслаўная царква была дзяржаўнай і непрыняцце рэформы разглядалася як дзяржаўнае злачынства. Старавераў білі батагамі, саджалі ў турмы, палілі. У 1682 годзе лідэр старавераў пратапоп Авакум быў спалены ў драўляным зрубе разам з двума сваімі паплечнікамі. Знакамітая баярыня Марозава, якая з'яўлялася родзічкай цара, і таму яе баяліся адкрыта прыгаварыць да смерці, была заморана голадам у адным з манастыроў. Выратоўваючыся ад праследаванняў, стараверы ўцякалі ў Сібір, Паволжа, на Поўнач. Сярод часткі іх распаўсюджваецца думка, што разам з рэформай Нікана ў царкву прыйшоў Антыхрыст, і лепш загінуць, чым трапіць пад ягоную ўладу. Пачынаюцца калектыўныя самаспальванні старавераў. У 1675 – 1695 гг. іх было зарэгістравана 37, загінула не менш 20 тысяч чалавек. Самаспальванні старавераў былі ў ХVIII і, як асобныя выпадкі, у ХIX ст.

Амаль адразу пасля свайго ўзнікнення стараверства падзялілася на два накірункі: папоўцаў і беспапоўцаў. Першыя мелі свяшчэннікаў і займалі адносна памяркоўныя пазіцыі: маліліся за цара і прызнавалі афіцыйную царкву. Беспапоўцы не мелі свяшчэннікаў называлі цара Антыхрыстам, а афіцыйную царкву – установай Сатаны. У далейшым папоўства і беспапоўства падзялілася на дробныя накірункі: толкі і згоды.

На тэрыторыі Беларусі стараверы з'явіліся ў другой палове ХVII ст. у 1685 г. імі быў заснаваны горад Ветка, які неўзабаве ператварыўся ў галоўны цэнтр папоўства. Была ўтворана свая веткаўская згода, якая стаяла на памяркоўных пазіцыях. Веткаўцы асуджалі самаспальванне, прызнавалі іконы, напісаныя іншавернымі майстрамі, не лічылі грахом разам есці з прадстаўнікамі афіцыйнай царквы.

Урад Рэчы Паспалітай стварыў спецыяльную камісію, якая разглядзела веравучэнне веткаўскіх старавераў і прыйшла да высновы, што яны "не належаць да ліку небяспечных для дзяржавы і царквы сектантаў''. Кароль Ян Сабескі выдаў грамату аб вольным жыхарстве раскольнікаў у польскіх межах, пры поўнай незалежнасці ад каталіцкага духавенства ў адпраўленні веры і абрадаў.

Ветка багацела і развівалася як гандлёвы і рамесны цэнтр. Сюды прыходзілі тысячы старавераў з Расіі, каб "узмацніцца ў веры". Паступова вакол Веткі ствараюцца стараверскія слабоды. У 1722 г. іх было 23: Мільча, Касцюковічы, Буда, Гродня, Тарасаўка і інш. Агульная колькасць старавераў дасягала тут 40 тыс.

Дзейнасць веткаўскіх старавераў прыцягнула ўвагу рускага ўрада. Карыстаючыся бязладдзем у Рэчы Паспалітай, у 1735 г. быў зроблены з Расіі ваенны паход на Ветку. Стараверскія манастыры і цэрквы былі спалены, а 14 тысяч жыхароў ваведзена ў Расію. Аднак гораду ўдалося адрадзіцца, і ў 1764г. робіцца другі паход на.Ветку, пасля якога, яна страчвае сваё значэнне як цэнтр стараверства.

У 1971 г. на Памесным саборы рускай праваслаўнай царквы ў Маскве са старавераў быў зняты праклён і тым самым створаны кананічныя ўмовы для пераадолення расколу. Аднак гэтага не адбылося. Стараверы і дагэтуль даволі адмоўна ставяцца да "ніканаўцаў".

Зараз на Беларусі большасць старавераў складааюць беспапоўцы, асноўная колькасць якіх жыве ў Віцебскай вобласці. Папоўцы ў нашай краіне належаць да двух арганізацыйных структур, цэнтры якіх знаходзяцца ў Расіі: Рускай праваслаўнай стараверскай царквы на чале з мітрапалітам Маскоўскім і ўсёй Русі (Масква) і Рускай Стараправаслаўнай царквы на чале з архіепіскапам Навазыбкаўскім, Маскоўскім і ўсёй Русі (г. Навазыбкаў, Бранскай вобл). На 1 студзеня 1999 г. на Беларусі зарэгістравана 36 суполак старавераў.

5. Асаблівасці праваслаўнага веравучэння і культу

Асновы праваслаўнага веравучэння і культу склаліся да раздзялення царквы ў 1054 г. і маюць дзве крыніцы: Свяшчэннае Пісанне і Свяшчэннае Паданне. Вельмі важнае значэнне ў фарміраванні веравучэння і культу ў праваслаўі надаецца прынцыпу саборнасці – каб нейкі дагмат альбо абрад былі афіцыйна зацверджаны, трэба, каб папярэдне іх прызнала большасць веруючых.

Для праваслаўя з яго падкрэсленай прыхільнасцю да традыцыі ўласціва звяртанне да Свяшчэннага Пісання ў строгіх межах царкоўнай інтэрпрэтацыі. Таму галоўная роля надаецца кананічным кнігам Бібліі, аўтарытэт якіх прызнаецца ўсімі хрысціянамі. Для Старога Запавету найлепшым праваслаўе лічыць грэчаскі пераклад са старажытнаяўрэйскай і арамейскай моў, зроблены ў Александрыі на мяжы Ш-П стст. да н.э. з якога да канону аднесена 39 кніг, бо яны ўваходзілі ў больш ранні спіс іудзейскіх свяшчэнных тэкстаў. Ва ўспрыманні структуры Новага Запавету праваслаўе не разыходзіцца з католікамі і пратэстантамі.

Пераклад Бібліі на старажытнаславянскую мову быў зроблены ў VШст. апосталамі славян святымі Кірылам і Мефодзіем. Ён з”явіўся асновай для далейшых выданняў Бібліі на Русі. З часам узнікла патрэба перакладу Бібліі на рускую мову, які быў зроблены ў 1876 г. па дабраславенню Сінода. Царкоўнаславянскі пераклад выкарыстоўваецца ў час набажэнстваў і ў багаслоўскіх працах, рускі прызначаны для асабістага і дамашняга чытання.

Той тып царкоўна-дзаржаўных узаемаадносін, які існаваў у Візантыйскай імперыі, знішчаў неабходнасць у асаблівым доказе хрысціянскага веравучэння, бо праваслаўе ператвараецца ў элемент дзяржаўнай структуры і падтрымліваецца ўладамі. Таму ў царквы не было патрэбы ў развіцці веравучэння і рацыянальнай аргументацыі па ягонай абароне. Асноўную ўвагу праваслаўныя багасловы надаюць разважанням аб містычным баку свядомасці і паводзін веруючых. Галоўнай тэмай робіцца пераўтварэнне чалавечай прыроды і яе далучэнне да Бога.

Вельмі вялікая ўвага ў праваслаўі надаецца абрадам як спосабам узаемадзеяння з Богам. Прызнаюцца ўсе сем таінстваў, якія выконваюцца вельмі ўрачыста і старанна. У гады Савецкай улады хрышчэнне ў Рускай праваслаўнай царкве адбывалася не праз акунанне, а праз абліванне. Тлумачылася гэта тым, што ва ўмовах праследаванняў цяжка было выканаць усе патрабаванні, і таінствы рабіліся ў скарочаным выглядзе. Зараз гэтая практыка паступова ліквідуецца, і хрышчэнне дзяцей ўсё часцей адбываецца праз акунанне. Мірапамазанне ў праваслаўнай царкве робіцца адразу пасля хрышчэння, фактычна зліваючыся ў адзін абрад. Алей для мірапамазання абавязкова асвячаецца епіскапам, але рабіць гэтае таінства могуць простыя свяшчэннікі. У гады Савецкай улады ў Рускай праваслаўнай царкве практыкавалася калектыўная споведзь, калі святар проста пералічваў магчымыя грахі, а веруючыя, калі які-небудзь грэх іх тычыўся, у сваім сэрцы каяліся ў ім. Зараз у праваслаўнай царкве існуе індывідуальная споведзь. Таінству шлюбу (вянчанню) у праваслаўі надаецца вельмі вялікае значэнне. Лічыцца, што яго сіла захоўваецца і пасля смерці аднаго з супругаў, аднак дапускаецца магчымасць разводаў. Згодна з праваслаўнымі канонамі, чалавек можа ўступаць у шлюб у царкве тры разы, але толькі першы раз гэта будзе разглядацца як таінства вянчання. Прычашчаюцца праваслаўныя веруючыя адначасова хлебам і віном, якія святар дае ім з лыжачкі.

Набажэнства ў праваслаўнай царкве адбываецца надзвычай урачыста. Для яго характэрна выкарыстанне залатых, альбо пафарбаваных ''пад золата", рэчаў, пышныя адзенні свяшчэунаслужыцеляў, асаблівая прыўзнятасць усіх дзеянняў. Тлумачыцца гэта тым, што ў Візантыі, адкуль набажэнства было запазычана на Русь, узорам для яго фарміравання з'явіліся набажэнсвы, у якіх прымаў удзел імператар і яго двор. Таму візантыйская літургія мела шмат агульных рысаў з прыдворным рытуалам.

Праваслаўны храм, як правіла, пабудаваны ў крыжова-купальным стылі. Колькасць купалоў мае сімвалічнае значэнне: адзін купал сімвалізуе Хрыста як адзінага галаву царквы, тры – Тройцу, пяць – Хрыста і чатырох евангелістаў, сем – сем таінстваў, дзевяць – дзевяць чыноў анёлаў, трынаццаць – Хрыста і дванаццаць апосталаў. Крыж на версе купала нагадвае аб перамозе Хрыста над Д'ябалам і смерцю. Абавязковым элементам праваслаўнага храма з'яўляецца званіца, якая можа стаяць асобна альбо складае з храмам адзінае цэлае. Унутры праваслаўны храм мае шмат упрыгожванняў: яго сцены, як правіла, распісаны біблейскімі сцэнамі, маецца шмат ікон. Праваслаўны храм падзяляецца на тры часткі: алтар, уласна храм, дзе знаходзяцца веруючыя і адбываецца набажэнства, і прытвор (уваходная частка). Храм павернуты алтаром на ўсход, ад асноўнай часткі алтар аддзяляецца асаблівай сцяной з ікон – іканастасам, у якім ёсць тры дзверы: цэнтральная (царская брама) і дзве бакавыя (дыяканскія). Уваходзіць у алтар могуць толькі святары ў час набажэнства і тыя, хто пры гэтым прыслужвае. Прычасце рыхтуецца святаром у алтары пры зачыненых дзвярах, потым яно выносіцца праз царскую браму і даецца веруючым.

Святы ў Рускай праваслаўнай царкве адзначаецца па старому юліянскму календару. Галоўным з іх з'яўляецца Пасха, якую называюць ''святам святаў''. Яна святкуецца ў першую нядзелю пасля вясенняга раўнадзенства і поўні і не можа супадаць па часе з іудзейскай Пасхай. Кожны год Пасха прыпадае на розныя даты. У царкве існуюць спецыяльныя табліцы – пасхаліі, якія вызначаюць час гэтага свята на многа гадоў наперад.

Следам за Пасхай па значнасці ідуць так званыя двунадзесятыя святы: Ражаство Хрыстова (25 снежня), Хрышчэнне Гасподне (6 студзеня), Стрэчанне (2 лютага), Дабравешчанне (25 сакавіка), Узнясенне (адзначаецца на 40-ы дзень пасля Пасхі). Тройца альбо Пяцідзесятніца (на 50-ты дзень пасля Пасхі), Ператварэнне Гасподне (6 жніўня), Успенне Багародзіцы (15 жніўня), Раство Багародзіцы (8 верасня), Узвіжанне крыжа (14 верасня), Увядзенне ў храм Багародзіцы (21 лістапада), Уваход Гасподзень у Іерусалім (за тыдзень да Пасхі).

За двунадзесятымі ідуць 5 святаў, якія называюцца вялікімі: Абразанне Гасподне (1 студзеня), Раство Яна Прадцечы (24 чэрвеня), Пакроў Прасвятой Багародзіцы (1 кастрычніка).

Існуюць таксама святы, якія называюцца прастольнымі. Яны маюць мясцовую значнасць. Да іх можа быць аднесена любое свята, прысвечанае падзеі, у гонар якой названы дадзены храм.

Вялікае значэнне ў праваслаўі надаецца пастам. Яны займаюць каля 200 дзён у годзе. Ёсць аднадзённыя (якія доўжацца адзін дзень) і шматдзённыя пасты. Да апошніх адносяцца: Вялікі пост перад Пасхай (7 тыдняў), пост перад Раством, (І5 лістапада – 24 снежня), Успенскі пост (I – І5 жніўня), Пятроў пост (з 25 мая па 28 чэрвеня). У час пастоў веруючыя не могуць есці мясную і малочную ежу, а таксама яйкі. Трэба адзначыць, што, згодна з агульнахрысціянскім веравучэннем, сэнс посту – не ва ўстрыманні ад ежы, але ў духоўным і цялесным ачышчэнні і звяртанні да Бога.


6. Структура праваслаўнай царквы на Беларусі

Праваслаўная царква на Беларусі не мае статусу аўтакефальнай, гэта частка Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), таму папярэдне скажам аб кіруючых структурах апошняй. Вышэйшым калектыўным органам РПЦ з'яўляецца Памесны сабор. Ён павінен збірацца не радзей аднаго разу ў 5 год. Членамі Памеснага сабора з'яўляюцца ў сілу свайго становішча архіерэі, а таксама прадстаўнікі ад духавенства, манаства і міран, якія выбіраюцца веруючымі. Памесны сабор тлумачыць веравучэнне праваслаўнай царквы, вырашае кананічныя, багаслужэбныя, пастырскія і іншыя пытанні ўнутранай і знешняй дзейнасці, кананізіруе святых, зацвярджае пастановы Архіерэйскіх сабораў, ацэньвае дзейнасць Свяшчэннага Сінода, выбірае патрыярха, з'яўляецца апошняй інстанцыяй, якая мае паўнамоцтвы разглядаць кананічныя і дагматычныя адступленні ў дзейнасці апошняга. Разам з Памесным саборам для вырашэння найбольш важных пытанняў рэлігійнага жыцця Рускай праваслаўнай царквы раз у 2 гады склікаюцца Архіерэйскія саборы. На іх заслухоўваецца справаздача аб дзейнасці патрыярха і самі яны падпарадкоўваюцца Памеснаму сабору, на якім зацвярджаецца іх рашэнні.

Персанальнай галавой Рускай праваслаўнай царквы з'яўляецца Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі. Ён мае першынство гонару перад іншымі епіскапамі кіруе царквой разам са Свяшчэнным Сінодам, дае справаздачу толькі Памеснаму і Архіерэйскаму саборам. У перыяды паміж саборамі яму належыць вышэйшая ўлада ў пытаннях веравучэння, царкоўнага кіраўніцтва і суда. Ён прызначае архіерэяў і кантралюе іх дзейнасць, узнагароджвае тытуламі і вышэйшымі царкоўнымі ўзнагародамі, ажыццяўляе сувязі з іншымі цэрквамі і арганізацыямі.

Пры патрыярху знаходзіцца дарадчы орган Свяшчэнны Сінод, які складаецца са старшыні (патрыярх), пяці пастаянных і пяці часовых членаў (архіерэі). Ён збіраецца два разы ў год для вырашэння пытанняў унутранай і знешняй дзейнасці царквы. У Свяшчэнным Сінодзе для арганізацыі розных накірункаў працы створана 8 аддзелаў: знешніх царкоўных зносін, вучэбны, кіравання справамі патрыярха, гаспадарчы, пенсійны, выдавецкі, дабрачыннасці і сацыяльнага служэння, катахізацыі.

Праваслаўная царква на Беларусі з 1989 г. мае статус экзархата (ад грэч.exarchos – галава, кіраўнік, намеснік) і валодае вызначанай самастойнасцю. Яна мае дзве афіцыйныя назвы: Беларускі экзархат Маскоўскай патрыярхіі і Беларуская праваслаўная царква. Узначальвае яе Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усей Беларусі. Пры ім у якасці дарадчага органа знаходзіцца Сінод Беларускай праваслаўнай царквы, які складаецца са старшыні (мітрапаліт) і 10 членаў (архіерэі).

На Беларусі 10 праваслаўных епархій: Мінская, Магілёўская, Брэсцкая, Гродзенская, Гомельская, Віцебская, Полацкая, Пінская, Тураўская, Навагрудская. Вышэйшым кіруючым органам епархіі з'ўляецца епархіальны сход, які збіраецца не радзей аднаго разу ў год. Складаецца ён з роўнай колькасці прадстаўнікоў духавенства і веруючых, яго старшынёй з'яўляецца правячы архіерэй. Да ліку асноўных функцый епархіальнага сходу належаць: абранне членаў епархіальнага савета і дэпутатаў ад епархіі на Памесны сабор, стварэнне неабходных епархіальных устаноў, заслухоўванне справаздач епархіальнага кірауніцтва аб стане епархіі і прыняцце па ім рашэнняў, назіранне за царкоўным жыццём у епархіі.

Выканаўчым органам епархіальнага сходу з'яўляецца епархіальны савет. Свараецца не менш чым з 4 чалавек у сане прэсвітэра, палова з якіх назначаецца правячым архіерэем, а палова выбіраецца епархіальным сходам на адзін год. Старшынёй епархіальнага савета з'яўляецца архіерэй. Да ліку асноўных абавязкаў епархіальнага савета адносяцца: назіранне за дзейнасцю прыходаў, рэвізія епархіальных устаноў, вырашэнне пытанняў будаўніцтва і рамонту, а таксама пытанні царкоўнага суда.

Для ажыццяўлення кіраўніцтва епархіяй пры архірэі знаходзіцца епархіальнае ўпраўленне. Назначае супрацоўнікаў епархіальнага ўпраўлення і кантралюе іх дзейнасць архірэй.

Ніжэйшай і пачатковай ячэйкай праваслаўнай царквы з'яўляецца прыход – суполка духавенства і веруючых, якая аб'ядноўваецца пры храме. Прыхадская суполка ствараецца па добраахвотнай згодзе не менш чым з 10 чалавек, якія дасягнулі 18 год, і рэгіструецца ва ўстаноўленым законам парадку. Кіруючым органам прыхода з'яўляецца прыхадскі сход, які склікаецца настаяцелем храма не радзей аднаго разу ў паўгода, для разгляду і прыняцця рашэнняў па арганізацыйным, фінансава-гаспадарчым і іншым пытанням. Членам прыходскага сходу можа быць любы прыхажанін, які дасягнуў 18 год і не знаходзіцца пад царкоўным альбо грамадзянскім судом.

Выканаўчым органам прыходскага сходу, які ім выбіраецца, з'яўляецца прыходскі савет. Як правіла, ён складаецца са старшыні, намесніка старшыні, скарбніка і не менш трох членаў рэвізійнай камісіі. На 1 студзеня 1999 г. на Беларусі зарэгістравана 1081 праваслаўных прыходау.

Для падрыхтоўкі святароў ёсць Мінская духоўная семінаря, якая знаходзіцца ў вёсцы Жыровічы Гродзенскай вобласці. Паступіць туды можа любы праваслаўны веруючы мужчынскага полу, які мае рэкамендацыю свайго правячага архіерэя і паспяхова здасць уступныя экзамены.

Таксама ў Мінску пры недзяржаўным Еўрапейскім гуманітарным універсітэце з 1998 года існуе тэалагічны факультэт, які рыхтуе студэнтаў па дзвюх спецыяльнасцях – '' багаслоў'' і ''выкладчык багаслоўя''.

На тэрыторыі Беларусі ёсць 11 праваслаўных манастыроў: 4 мыжчынскіх і 7 жаночых. Узначальваюцца яны настаяцелямі, якія падпарадкоўваюцца мясцовым правячым архіерэям.

Усё праваслаўнае духавенства падзяляецца на белае і чорнае. Белае духавенства складаецца з жанатых свяшчэннікаў, але ажаніцца яны могуць толькі адзін раз. Нават калі жонка памерла і ёсць малыя дзеці, якіх трэба выхоўваць, ажаніцца другі раз свяшчэннік не мае права. Чорнае духавенства – гэта свяшчэннікі, якія прынялі манаства. Толькі прадастаўнікі чорнага духавенства могуць стаць архіерэямі.

На заключэнне скажам, што праваслаўе – адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве. На нашых землях яно мае доўгую традыцыю і з'яўляецца неад'емнай часткай гістарычнай спадчыны. Зараз на Беларусі адбываецца паступовае адраджэнне праваслаўнай царквы. Яна шукае новыя метады і шляхі дзейнасці ва ўмовах сучаснага грамадства.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Религиоведение: Хрестоматия: Учеб. пособ. / Автор-сост. П.И. Костюкович. – Мн.: Новое знание, 2000. – 480с.

2. Круглов А.А. Основы религиоведения. – Мн.: ТетраСистемс, 2002. – 192с.

3. Костюкович П.И. Религиоведение: Уч. пособ. – Мн.: "Новое знание", 2001. – 192с.

4. Поликарпов В.С. История религий: лекции и хрестоматия. – М.: "Гардарика", "Экспертное бюро", 1997. – 312с.

5. Адзіночанка В.А., Рэлігіязнауства: вучэбны дапаможнік для ВНУ / В.А.Адзіночанка. - Минск : Універсітэцкае, 2001. - 240 с.