Реферат: Культура Беларусі ў ІХ – першай палове XVII стагоддзяў
Культура Беларусі ў ІХ – першай палове XVII стагоддзяў
ЗМЕСТ
1. Культура Беларусі X – XIII стст.
2. Культура Беларусі XIV – XVI стст. Царква і рэлігія
2.1 Культура Беларусі
2.2 Архітэктура і будаўніцтва
2.3 Царква і рэлігія
2.4 Берасцейская царкоўная ўнія
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Культура Беларусі X – XIII стст.
З прыняццем хрысціянства і развіццём феадальных адносін культура падзяляецца па саслоўным прынцыпе на два накірункі – традыцыйную (ці народную) культуру і культуру пануючага класа. Культура пануючага класа была амаль аднолькавай на ўсёй тэрыторыі Кіеўскай Русі, бо яе фундамент – візантыйскае праваслаўе, агульная пісьменнасць, заснаваная на старажытнарускай мове, агульныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы. Традыцыйная культура ў кожнай мясцовасці мела свае асаблівасці, значныя адрозненні, характэрныя для плямёнаў, ад якіх пайшло мясцовае насельніцтва.
Вусная народная творчасць – самая развітая галіна традыцыйнай культуры. Бытавалі каляндарна-абрадавыя песенныя цыклы (прысвечаныя язычніцкім святам і сельскагаспадарчым работам – Масленіцы, Русальнаму тыдню, Купаллю, Дажынкам), сямейна-абрадавыя песні (цыклы для вяселля, пахаванняў). Шырока распаўсюдзіліся казкі-быліны, паданні, легенды, прыказкі, загадкі, замовы. Сярод былін выдзелім “Вальга Святаславіч і Мікула Селянінавіч”, “Дабрыня-сват” (пра сватаўство да Рагнеды Ўладзіміра). Але быліна распавядала пра станаўленне феадальных адносін, а таму характэрна была і для культуры пануючага класа.
Пачынаючы з IX ст., на ўсходнеславянскіх землях шырока распаўсюджваецца пісьменнасць на базе кірылічнага алфавіта (выцесніла рунічную пісьменнасць). Кірыліца была складзена ў 863 г. братамі Кірылам і Мяфодзіем для старабалгарскай мовы, але распаўсюдзілася амаль сярод усіх славянскіх народаў. Спрыяла гэтаму прыняцце славянамі хрысціянства і пераклад святых тэкстаў на славянскія мовы. На Беларусі засталося няшмат помнікаў пісьменнасці, большасць з іх – унікальныя рэчы.
Першы датаваны надпіс ва Ўсходняй Еўропе – пячатка князя Ізяслава (княжыў да 1001 г.) з імем князя на грэчаскі лад – “Ізяславос”. Выдатным помнікам пісьменнасці з’яўляюцца “Барысавы камяні”, якія размяшчаліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны. Па загадзе сына Усяслава Чарадзея, князя Барыса (Рагвалода) на вялікіх камянях – язычніцкіх сімвалах былі нанесены надпісы “Господі помозі”, “Сулібор хрест” і выбіты шасціканцовыя крыжы (1120-я гг.). Берасцяныя граматы XI-XV стст. знойдзены на Беларусі ў Віцебску і Мсціслаўлі. Яны выкананы на берасцяной кары – бяросце. У Бярэсці археолагі знайшлі драўляны грэбень з паслядоўна размешчанымі літарамі кірыліцы – “букваром”, адносіцца ён да XIII ст.
Найбольш каштоўныя помнікі пісьменнасці – гэта рукапісныя кнігі. З XI-XIII стст. захавалася няшмат кніг. Яны былі вельмі рэдкія і ў тыя старажытныя часы. Вырабляліся з пергаменту – спецыяльна апрацаванай скуры маладых жывёл. На адну кнігу трэба было выгадаваць невялікі статак цялят. Да таго ж кнігі перапісвалі ўручную, гэта быў вельмі марудны працэс.
Самая ранняя рукапісная кніга на Беларусі – гэта Тураўскае евангелле XI ст. Яшчэ вядомы Полацкія евангеллі XII-XIV стст., Аршанскае евангелле XIII ст. Акрамя царкоўнай літаратуры распаўсюдзілася свецкая літаратура. Перш за ўсе – гэта летапісы. Ёсць звесткі аб існаванні Полацкага летапісу (ім карыстаўся В.М.Тацішчаў), які не захаваўся. Агульным летапісам Кіеўскай Русі з’яўляецца “Аповесць мінулых гадоў”, што была напісана манахам Нестарам у Кіеве ў пачатку XII ст. “Слова аб палку Ігаравым” змяшчае цікавую інфармацыю пра полацкіх князёў (Усяслаў Чарадзей). Аўтар спрыяльна ставіўся да полацкіх князёў, а ў тэксце сустракаюцца словы, характэрныя да заходніх зямель Кіеўскай Русі. Гэта дало падставу некаторым даследчыкам сцвярджаць, што аўтарам з’яўляецца жыхар ці выхадзец са старажытнабеларускіх зямель. Час стварэння “Слова…” – 1185-1187 гг.
З распаўсюджаннем хрысціянства і з’яўленнем сваіх славянскіх святых з канца XII ст. пашыраецца мясцовая агіяграфічная літаратура – “жыціі” і “хаджэнні” святых. Вядомы “Жыціе і хаджэнне Еўфрасінні Полацкай” (да 1187 г.), “Жыціе Кірылы Тураўскага”, “Жыціе Аўрамія Смаленскага” (напісана яго вучнем Яфрэмам каля 1240 г.), “Хаджэнне Ігнація Смаляніна”.
Вялікую спадчыну пакінуў Кірыла Тураўскі (жыў каля 1130-1182 гг.). Вядомы яго 8 “слоў”-пропаведзяў, 2 каноны, некалькі аповесцяў, каля 30 малітваў-споведзяў. Асноўная тэма, якая турбавала “Златавуста” – духоўная дасканаласць чалавека.
Клімент Смаляціч (?-1164 гг.) – адзін з першых славян, які займаў пасаду кіеўскага мітрапаліта. Знакаміты як вялікі кніжнік, але захаваўся толькі адзін яго твор – “Пасланне Фаме прасвітэру”, у якім ён адстойвае самастойнасць мясцовай хрысціянскай царквы перад канстантынопальскім патрыярхам Фамой.
Вялікае месца ў гісторыі культуры Беларусі займае Еўфрасіння Полацкая (1110-1173 гг.), дачка малодшага сына Ўсяслава Чарадзея. Яна перапісвала і перакладала кнігі, засноўвала манастыры (Спаскі жаночы і прсв. Багародзіцы мужчынскі) і школы для дзяцей пры іх, была фундатарам цэркваў і выдатных помнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па загадзе Еўфрасінні полацкі дойлід Іаан пабудаваў Спаскую царкву (каля 1132-1159 гг.), а распісаў царкву фрэскамі мастак Кузьма з памочнікамі (згодна з надпісам на сцяне храма). Па заказе Еўфрасінні полацкі майстар-залатар Лазар Богша ў 1161 г. выканаў шасціканцовы крыж – святыню Беларусі. На драўлянай аснове мацаваліся 11 залатых пласцін, аздобленых перагародчатымі каляровымі эмалямі з выявамі святых, каштоўнымі камянямі. Бакі крыжа абкладзены сярэбранымі пазалочанымі пласцінамі, на якіх нанесены надпіс – гісторыя стварэння крыжа, імя майстра, праклён магчымым злодзеям. Такім чынам, крыж – помнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, помнік пісьменнасці, хрысціянскі помнік старажытнай Беларусі.
Аб высокім узроўні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў старажытных беларускіх княствах гавораць знаходкі прадметаў рамесніцкай вытворчасці – разных з косці і дрэва гронкаў нажоў, грабянёў, лыжак, шахматных фігурак (знойдзены ў Ваўкавыску, Лукомлі, Гародні). Майстры-залатары авалодалі складанай тэхнікай філіграні, гравіроўкі, залачэння, чэрні, зярнення.
Важнае месца ў шматграннай культуры старажытнай Беларусі займае архітэктура. Беларускі даследчык культуры М.М.Шчакаціхін яшчэ ў 20-я гг. XX ст. выдзяліў дзве архітэктурныя школы культавага будаўніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што адрозніваліся па віду кладкі плінфы, дэкору, памерам і планіроўке пабудоў.
Полацкая будаўнічая школа атрымала вялікі ўплыў візантыйска-малаазіацкага будаўніцтва. Выкарыстоўвалася муроўка з пахаваным радам цэглы (адзін рад цэглы ўтапліваўся глыбей і затынкоўваўся, вонкавая тынкоўка адсутнічала), інтэр’ер (унутраная прастора) аздаблялася фрэскамі – рознакаляровымі роспісамі па сырой тынкоўцы. Выдатнымі помнікамі полацкай будаўнічай школы з’яўляецца Сафійскі сабор (1050-я гг.), Спаская (Спаса-Еўфрасіньеўская) царква (1132-1159 гг.), храмы ў Бельчыцах (XII ст.), Дабравешчанская царква ў Віцебску – ці Царква Звеставання (1-ая палова – сярэдзіна XII ст.) а так сама храмы ў Мінску, Ноўгарадзе, Смаленску.
Гарадзенская архітэктурная школа прадстаўлена помнікамі – Барысаглебскай царквой на Каложы (Каложская царква) ў Гродне, пабудаванай ў апошнюю чвэрць XII ст.; незавершанай царквой у Ваўкавыску XII ст.; гродзенскай Прачысценскай царквой XII ст.; гродзенскай Ніжняй царквой пабудовы XII ст. (загінула пад час пажару 1183 г.), а таксама храмамі ў Тураве, Новаградку, Мінску і інш. Асаблівасці тэхнікі гродзенскай школы – выкарыстанне ў муроўцы плінфы (тонкай цэглы) разам з абцёсаным камнем і дэкаратыўнай маёлікавай пліткі, а таксама галаснікоў – керамічных гаршкоў, умараваных у сцены для паляпшэння акустыкі. Для аздаблення выкарыстоўваліся фрэскі і мазаіка. Гэта гаворыць аб уплыве візантыйскай, балканскай і каўказкай традыцый будаўніцтва.
Выдатным прыкладам ваеннага дойлідства на Беларусі з’яўляецца Камянецкая ці Белая вежа, пабудаваная ў Камянцы сучаснай Брэсцкай вобласці дойлідам Алексай у XIII ст. Рэшткі падобных вежаў знойдзены ў Полацку, Гародні.
Музычная культура мела некалькі накірункаў. Адным з замоўцаў выступаў княжаскі двор, дзе патрабаваліся выканаўцы цэрыманіяльнай і ваеннай музыкі. У межах хрысціянскай праваслаўнай царквы музычныя інструменты не выкарыстоўваліся, але склаўся знакаміты знаменны распеў. Наогул, царква выступала супраць народнай музычнай культуры, прадстаўленай скамарохамі, спевакамі з гуслямі, жалейкамі, бубнамі. Апошніх вельмі шанаваў просты люд і часта прымалі пры дварах феадалаў.
2. Культура Беларусі XIV – XVI стст. Царква і рэлігія
2.1 Культура Беларусі
Беларускія землі мелі параўнальна высокі ўзровень эканамічнага развіцця, таму больш важную ролю ў княстве адыгрывала беларуская мова і культура. Беларуская мова выкарыстоўвалася як дзяржаўная, а так сама ў дамашнім абіходзе вялікіх князёў і феадальнай знаці. У выніку развіцця феадальнага грамадства ў межах этнічнай тэрыторыі Беларусі ў XIII-XVI стст. утварылася беларуская народнасць.
XV – першая палова XVII стст. – перыяд развіця культуры , які атрымаў у Еўропе назву Адраджэнне. Ён характарызаваўся ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальных моў, літаратур і нацыянальнай самасвядомасці, гуманістычным светапоглядам. Дзякуючы трывалым сувязям з Еўропай, беларуская культура так сама пазнала ўплыў ідэй Адраджэння, але тут меліся свае асаблівасці. Вялікае княства знаходзілася на перыферыі еўрапейскага культурнага жыцця, тут не паспелі сфарміравацца элементы раннебуржуазнага грамадства, толькі зараджалася свецкая літаратура, філасофская і грамадская думка працягвала арыентавацца на Біблію, не было выдатных дасягненняў у свецкіх відах мастацтва – жывапісу, скульптуры, музыкі. Тым не менш, рысы Рэнесанса назіраліся ў архітэктуры, графіке, асвеце і свецкіх відах мастацтва. Можна гаварыць аб шматграннасці і варыянтнасці рэнесанснай культуры на Беларусі.
Адукацыя, як і ў папярэдні перыяд, захоўвала рэлігійны характар. Пры праваслаўных цэрквах і манастырах існавалі школы, у іх праграму навучання ўваходзілі: царкоўна-славянская граматыка, матэматыка, філасофія, тэалогія. Разам з тым, пры праваслаўных брацтвах (гэта грамадскія аб’яднанні прыхажан) у Вільні, Магілёве, Слуцке, Бярэсце, Полацку і інш. дзейнічалі брацкія школы з больш шырокай праграмай, што ўключала вывучэнне замежных і класічных (лацінскай і грэчаскай) моў, гісторыю, рыторыку. Навучанне ў іх было галоўным чынам бясплатным.
Шырокая праграма адукацыі існавала ў пратэстанцкіх школах. Найбольш вядомыя – у Іўі, Вільне, Бярэсце, Слуцку. Пратэстанты выступілі з прапановай заснаваць у ВкЛ універсітэт, але ва ўмовах контррэфармацыі ідэю перахапілі езуіты, а пратэстанцкія школы наогул былі зачынены.
Асабліва хутка развівалася каталіцкая сістэма адукацыі ў XVI ст. згодна з пастановамі сінодаў, кожны прыход павіннен мець пачатковую школу. Акрамя таго, шматлікія каталіцкія манаскія ордэны адчынялі свае сярэднія навучальныя ўстановы – калегіўмы. Асабліва вядомымі былі езуіцкія і піярскія калегіўмы. Першы езуіцкі калегіўм быў заснаваны ў Вільне (1570 г.), на тэрыторыі Беларусі – у Полацку (1581 г.). Калегіўмы давалі класічную гуманітарную адукацыю. Навучанне было бясплатным, прымаліся юнакі любых саслоўяў і веравызнанняў, навучанне працягвалася 6-7 гадоў. Увесь навучальна-выхаваўчы працэс быў прасякнуты рэлігійнай накіраванасцю. У той жа час калегіўмы садзейнічалі ўсталяванню на Беларусі заходне-еўрапейскай сістэмы адукацыі. На базе Віленскага езуіцкага калегіўма ў 1579 г. была створана езуіцкая акадэмія – першая вышэйшая навучальная ўстанова ў ВкЛ. Першым яе рэктарам быў выдатны палеміст, дзеяч ордэна езуітаў – Петр Скарга.
Пашырэнне агульнага ўзроўня адукаванасці абумовіла ўзнікненне попыту на кнігі. У XIII-XVI стст. цэнтрамі перапіскі кніг з’яўляліся праваслаўныя манастыры (скрыпторыі ў Наваградку, Полацку, Смаленску, Вільне, Віцебску, Лаўрышаве, Супрасле), дзяржаўная канцылярыя ў Вільне, канцылярыі буйных феадалаў. Ствараліся значныя кнігазборы – бібліятэкі. Найбольш вядомымі былі: бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора; бібліятэкі манастыроў у Спраслі, Вільне, Слуцку, Пінску; а так сама кнігазборы навучальных устаноў (езуіцкіх калегіўмаў і акадэміі) і прыватныя зборы магнатаў (Раздзівілаў, Сапегаў).
Скрыпторыі не маглі задаволіць ўзрастаўшага попыту на кніжнае слова, таму не выпадкова, што ў ВкЛ узнікла кнігадрукаванне раней за ўсе ўсходнеславянскія землі. Заснавальнік усходнеславянскага кнігадрукавання – выдатны гуманіст і асветнік Францыск Скарына. У 1517-1519 гг. ён у Празе пераклаў і выдаў (з каментарыямі) Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі. У 1522 г. ён пераехаў у Вільню, дзе заснаваў першую на тэрыторыі ўсходніх славя друкарню, з якой вышлі “Малая падарожная кніжыца” (1522 г.) і “Апостал” (1525 г.).
У 1550-я гг. у Бярэсці пачала працаваць пратэстанцкая друкарня Мікалая Радзівіла Чорнага – першая на Беларусі. Наогул, пратэстанцкія друкарні ў 1560-1570-я гг. дзейнічалі ў Нясвіжы, Вільне, Слуцку, Уздзе, Лоску, Іўе, Ашмянах. Сярод найбольш вядомых выданняў пратэстантаў – “Брэсцкая біблія” (1563 г.), “Нясвіжская біблія” (1572 г.), “Новы запавет” (1574 г.), “Размова паляка з літвінам” (1564 г.).
Першую кірылічную кнігу (на старажытнабеларускай мове) – Катэхізіс выдалі Сымон Будны і Лаўрэнці Крышкоўскі ў Нясвіжскай друкарні ў 1562 г., у той жа год С.Будны надрукаваў “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам”, пазней – “Біблію” (1572 г.), “Новы Завет” (1574 г.), “Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры” (1576 г.).
У 1570-я гг. у маёнтку Цяпіна на Полаччыне заснаваў друкарню Васіль Цяпінскі. Ён выдаў “Евангелле” на царкоўна-славянскай мове з паралельным перакладам на беларускую мову. С.Будны і В.Цяпінскі выступалі ў абарону беларускай мовы, за развіццё на ёй пісьменнасці і кнігадрукавання.
Рускія першадрукары – Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец пасля выгнання з Масквы працавалі на Беларусі ў маёнтку Р.Хадкевіча Заблудава. Яны выдалі “Евангелле вучыцельнае” (1569 г.) і “Псалтыр з Часасловам” (1570 г.). У 1580-я гг. І.Фёдараў пераехаў у Астрогу, дзе выдаў “Астрожскую біблію” (1580-1581 гг.), а П.Мсціславец працаваў у друкарні братоў Мамонічаў у Вільні.
Напрыканцы XVI ст. у княстве дзейнічалі шматлікія друкарні – прыватныя, пры буйных праваслаўных брацтвах, пратэстанцкія, вельмі актыўную дзейнасць распачалі езуіцкія друкарні. Выдавалася самая розная літаратура на беларускай, польскай, лацінскай мовах – як багаслоўская, так і свецкая, у тым ліку, прававая. Так, ў 1588 г. у друкарне Мамонічаў у Вільне ўпершыню быў выдадзены свод законаў – Статут ВкЛ. Выдавецкая дзейнасць была цесна звязана з развіццём літаратуры.
Як і раней, працягвалі складацца рукапісныя Палеі, Пацерыкі, Пралогі, Мінеі – яны складаліся з твораў антычных і грэка-візантыйскіх аўтараў. У эпоху Адраджэння да іх дабавіліся пераклады заходнееўрапейскіх свецкіх раманаў – такіх як “Аповесць пра Баву”, “Гісторыя пра Атылу”, “Аповесць пра Трышчана”, “Александрыя”, “Троя”, дыдактычныя навелы, зборнікі фацэцый (анекдатычных гісторый).
З XIV ст. з’явілася летапісанне ВкЛ. У летапісах абгрунтоўвалася неабходнасць стварэння ВкЛ, абаранялася цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Помнікі – “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” (прыкладна 1396 г.), “Пахвала Вітаўту”(канец 1420-х гг.), “Беларуска-літоўскі летапіс” (1446 г.).
На змену летапісанню разам з Адраджэннем ў XVI ст. прыйшла гістарычная проза і мемуарыстыка: “Баркулабаўскі летапіс”, “Дзённік” Федара Еўлашоўскага, “Пхвала гетману Канстанціну Астрожскаму” (пасля 1514 г.), на беларускую мову перакладалі “Хроніку” М.Стрыйкоўскага, “Хроніку” М.Бельскага.
У 1516 г. была выдадзена паэма “Пруская вайна” Яна Вісліцкага (родам з Беларусі, “русін”) на лацінскай мове, у якой аўтар апісвае перамогу славянскіх народаў над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве. У 1523 г. у Рыме была выдадзена яшчэ адна паэма аўтара-беларуса Міколы Гусоўскага – “Песня пра зубра”, так сама на лацінскай мове. Гэта было пачаткам рэнесанснай лацінскамоўнай традыцыі ў беларускай паэзіі.
Заснавальнікам панегірычнай літаратуры (панегірык – хвалебная прамова) на Беларусі лічыцца Андрэй Рымша. Яго “Панегірык гербу Льва Сапегі” (1588 г.), а так сама панегірыкі гербам А.Валовіча, Ф.Скумны былі прыкладам для іншых аўтараў. У беларускай паэзіі з’явіліся жанры: дэкламацыя, вершаваныя прысвячэнні, сатырычная паэзія, паэтычныя “плачы”, “ляманты”, эпіграммы.
У сувязі с прыняццем Берасцейскай уніі 1596 г. шарокае распаўсюджанне атрымала палемічная літаратура. На старонках выданняў шлі інтэлектуальныя бітвы паміж прыхільнікамі ўніі (П.Скарга, І.Пацей) і прыхільнікамі праваслаўя і пратэстантызму (К.Філалет, М.Сматрыцкі, С.Будны, Клірык Астрожскі). К.Філалет у сваім творы “Апокрысіс” (1597 г.) абвінавачваў іерархаў-уніятаў у матэрыяльных выгадах уніі. Найбольшага росквіту палемічная літаратура атрымала ў першай палове XVII ст.
Развіцце музычнага мастацтва шло ў межах царкоўных устаноў. З канца XV ст. развіваецца кантавая культура спеваў, а ў другой палове XVI ст. – партэсныя спевы, спевакоў рыхтавалі ў брацкіх і манастырскіх школах.
У самым канцы XVI ст. пры каталіцкіх установах-кляштарах сталі ўтварацца капэлы – калектывы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. З будаўніцтвам новых каталіцкіх храмаў пачала пашыралася арганная музычная культура.
E XIV-XVI стст. шырокую папулярнасць у народзе атрымаў лялечны тэатр – батлейка. Прадстаўленні даваліся пад час ярмарак, на рынках, запрашалі лялечнікаў і да двароў феадалаў.
2.2 Архітэктура і будаўніцтва
Галоўныя матэрыялы, што выкарыстоўваліся ў будаўніцтве ў тыя часы – дрэва. Гэты матэрыял не спрыяў захаванню пабудоў. Таму мы больш ведаем пра мураваныя збудаванні, якіх будавалі нешмат, але якія лепей захаваліся. У XIV – пачатку XVI стст. асноўны тып манументальных мураваных пабудоў – гэта замак. Менавіта ў XIV ст. з’явіліся цалкам мураваныя замкі-кастэлі, квадратныя ў плане з башняй-данжонам (Крэва, Ліда, Трокі, Меднікі).
У першай палове XVI ст. сфарміраваўся самабытны 4-х вежавы тып праваслаўнага храма з абарончай функцыяй (Мураванкаўская, Сынкавіцкая, Супрасльская цэрквы-крэпасці, Мікалаеўскі сабор у Брэсце). Іх стыль вызначаецца як “беларуская готыка”. Актыўна будаваліся каталіцкія гатычныя храмы – з аднанефавымі, аднаапсіднымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі (касцёлы ў Ішкальдзі, Іўі). З рэфармацыяй з’явіліся новыя культавыя пабудовы – зборы, якія спалучалі гатычныя рысы ў форме пабудовы і рэнесансавы ордэрны дэкор (зборы ў Койданаве, Заслаўі, Замосці, Новым Свержані).
Езуіты прынеслі на Беларусь новы архітэктурны стыль – барока. Першы ўзор архітэктуры барокка на тэрыторыі Рэчы Паспалітай – гэта Нясвіжскі езуіцкі касцёл, які ў 1587-1593 гг. будаваў выдатны архітэктар Джаванні Бернардоні. Для барока характэрны пабудовы ў форме базілікі з плоскім фасадам. Пабудовы вызначаліся плаўнасцю ліній і багатым знешнім і ўнутраным дэкорам.
Са змяненнем стыляў у будаўніцтве і ўвядзеннем новых прынцыпаў фартыфікацыі прыватныя замкі пачалі трансфармавацца ў палацава-замкавыя комплексы (Нясвіж, Гродна, Гальшаны). Акрамя іх будаваліся палацы з кампактнай цэнтральна-восевай планіроўкай без унутранага двара (дом-крэпасць у Гайцюнішках, Ружанскі замак).
З пашырэннем магдэбурскага права ў гарадах узнікла грамадзянская архітэктура – ратушы, дзе месціліся органы самакіравання (Нясвіж, другая палова XVI ст.).
У межах ВкЛ развіваліся ўсе віды выяўленчага мастацтва. На жаль, прыкладаў манументальнага мастацтва (роспісы храмаў) не захавалася, аб высокай ступені яе развіцця гавараць пісьмовыя крыніцы.
Раннія творы іканапісу ў XIV-XV стст. мелі вялікі ўплыў візантыйскіх узораў. Асноўныя прыкметы – дыспрапорцыя, пласкастное выяўленне, адсутнасць перспектывы. У другой палове XVI ст. у іконапісу адчуваюцца рысы Адраджэння – з’яўляюцца элементы бытавога характару, архітэктурныя кулісы, прасторавасць пабудовы. У пачатку XVI ст. складваецца беларуская іканапісная школа. Найболь папулярны сюжэт у іконапісе – выявы Маці Боскай Адзігітрыі (Багародзіцы).
У свецкім жывапісе вылучаецца некалькі накірункаў. Партрэты-іконы характэрны для XIV ст., як прыклад – партрэт-ікона Ефрасінні Полацкай. Выкананы такія партрэты з улікам канонаў іконапісання.
На партрэтах-парсунах ужо больш аб’ёмнае прадстаўленне чалавека, з’яўляюцца элементы перспектывы і рэалізму. Невядомымі мастакамі створаны цікавыя партрэты княгіні Кацярыны Слуцкай (1580 г.), князя Юрыя Алелькавіча, Юрыя Тышкевіча (усе – канец XVI ст.). Перыяду Адраджэння на Беларусі характэрны сармацкі партрэт, з уласцівай яму ўрачыстасцю і параднасцю, увагай да атрыбутаў і гербаў, фактуры прадметаў і дэталяў адзення.
З развіццём кнігадрукавання далейшае развіццё атрымала кніжная графіка. Рукапісныя кнігі аздабляліся мініяцюрамі, друкаваныя – гравюрамі. Заснавальнікам кніжнай гравюры на Беларусі стаў Францыск Скарына. Яго выданні (Біблія, Псалтыр, Малая падарожная кніжыца) былі багата ілюстраваны сюжэтнымі кампазіцыямі і ілюстрацыямі прыкладнога характару, арнаментам.
З пашырэннем на Беларусі каталіцтва звязана паяўленне скульптуры. Самы ранні помнік драўлянай скульптуры, што захаваўся да нашага часу – “Распяцце” з в.Галубічы Глыбоцкага раёна (XIV ст.). У XV-XVI стст. у касцелах з’яўляюцца гатычныя алтары-рэтаблі, з якіх захаваліся толькі асобныя скульптуры. Вялікі ўплыў Рэнесансу наглядаецца ў скульптуры полацкіх майстроў “Святы Гжэгаж” – яе выразнасць набліжаецца да партрэтнай. Наогул, да скульптуры XVI ст. характэрна дасканалая апрацоўка форм чалавечай фігуры, увага да побытавых дэталяў. З’явіўся новы тып скульптуры – надмагіллі (Віленскі кафедральны сабор, надмагіллі канцлера А.Гаштольда і біскупа П.Гальшанскага, абодва – сярэдзіна XVI ст.).
У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве вядучымі галінамі заставалася мастацкая апрацоўка металаў і вытворчасць ювелірных вырабаў. У гатычнай традыцыі зроблены пацір з Ружан (канец XV ст.), абклад Лаўрышаўскага евангелля (пачатак XV ст.). Уплыў Рэнесансу бачны ў паціру з Наваградка (XVI ст.). Мясцовыя майстры арганічна спалучалі традыцыі ранейшых часоў і асаблівасці заходнееўрапейскага мастацтва.
2.3 Царква і рэлігія
Гістарычна склалася, што Беларусь знаходзіцца на памежжы дзвух хрысціянскіх канфесій – праваслаўя і каталіцтва, гэта адбілася на рэлігійнай гісторыі краіны, культуры і менталітэце народа.
На працягу XIXIII стст. тэрыторыя сучаснай Беларусі была выключна праваслаўнай, дзейнасць біскупа Рэйнберга ў Тураве ў 1015 г. і заснаванне манастыра ордэна дамініканцаў у Любчы (зараз Навагрудскі раён) – хутчэй выключэнне, як і прыняцце каталіцтва Міндоўгам у 1251 г. (у 1261 г. ён адрокся ад хрысціянства). Манаполію праваслаўя парушыў Ягайла, калі здзейсніў унію з Польскім каралеўствам. Пашырэнню каталіцтва спрыяла падзенне Канстантынопаля ў 1453 г. і рост канфрантацыі з Масквой. Вялікае княства ўсё болей арыентавалася на каталіцкі Захад. Тым не менш, на працягу XVI – сярэдзіны XVI стст. праваслаўе заставалася галоўнай рэлігіяй княства, яно задавала тон у жыцці, культуры, ідэалогіі. Адначасова каталіцтва абапіралася на падтрымку кіруючых колаў дзяржавы. Абедзве рэлігіі ўраўнаважвалі адна адну. У княстве працягвалася традыцыя рэлігійнага дуалізму (да хрышчэння ў каталіцтва літоўская і жмудская частка дзяржавы была язычніцкай).
Праваслаўная царква на беларускіх землях была прадстаўленна Полацкай і Тураўскай (з 1241 г. Пінскай) епархіямі, часткова Смаленскай і Ўладзіміра-Брэсцкай епархіямі. Яны ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі і падпарадкоўваліся Канстантынопальскаму патрыярху. Калі мітрапаліты з Кіева выехалі ў Маскву, вялікія князі пачалі дамагацца асобнага мітрапаліта для ВкЛ. У 1316 г. была створана Наваградска-Літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку. Яна складалася з Полацкай і Турава-Пінскай епархій. Патрыярхі не жадалі падзелу “рускай” царквы, таму рэдка прызначалі асобных для ВкЛ мітрапалітаў. У 1415 г. Вітаўт без згоды патрыярха загадаў выбраць мітрапаліта – ім быў абраны Грыгоры Цамблак. Галоўныя духоўныя пасады ў праваслаўных часта займалі выхадцы з мяшчанства і дробнай ці сярэдняй шляхты, шмат было выхадцаў з Балгарыі і Візантыі. Гэтыя абставіны мелі вынікам: невялікі ўплыў духавенства на дзяржаўныя справы і значную папулярнасць уніяцкіх настрояў, асабліва сярод святароў-іншаземцаў. Але рашэнні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. не падтрымалі праваслаўныя князі і феадалы ВкЛ, таму часова ідэя ўніі ў княстве была адкладзена.
У той час каталіцтва пасля Крэўскай уніі 1385 г. стала дзяржаўнай рэлігіяй ВкЛ, хаця свабода веравызнання была пакінута. У 1387 г. была створана Віленская епархія, што першапачаткова складалася з 7 парафій – ніжэйшых адзінак царквы, прыходаў. Спачатку віленскі біскуп падпарадкоўваўся непасрэдна Папе Рымскаму, але з 1415 г. яго перападпарадкавалі прымасу польскай каталіцкай царквы – архіепіскапу гнезненскаму. Як і з праваслаўем, гэта стварыла падставы для ўмяшання палякаў у дзяржаўныя справы княства. Да канца XV ст. было заснавана яшчэ тры біскупствы – Кіеўскае, Луцкае і Жмудскае. Першымі біскупамі былі палякі, але з XVI ст. гэтыя пасады займалі выключна прадстаўнікі знаці ВкЛ. Яшчэ ў 1387 г. каталіцкая царква атрымала поўны імунітэт у сваіх маёнтках, судовых пытаннях і фінансах. Па-сутнасці, царква была непадкантрольна дзяржаве.
Вялікую дзейнасць па распаўсюджванні каталіцтва праводзілі манастыры – францысканцаў, бернардзінцаў, аўгусцінцаў і інш. Яна прынеслі элементы западнай, пераважна польскай, культуры, спрыялі развіццю асветы.
У 1563 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст спецыяльнай пастановай аб’явіў аб роўнасці ў правах праваслаўнай і каталіцкай шляхты, чым прызнаў роўны статус дзвух рэлігій. Наогул, XVI ст. вызначаецца значнай ступенню верацярпімасці ва ўнутранай палітыке. Гэта стала добрай глебай для распаўсюджання ідэй Рэфармацыі ў княстве.
Рэфармацыя – гэта шырокі грамадска-палітычны і ідэалагічны рух, узнік у пачатку XVI ст. у Заходняй Еўропе з мэтай паслабіць уладу каталіцкай царквы і асабіста Папы Рымскага. Ініцыятарам яе была буржуазія – новы клас, што ў працэсе нараджэння пачаў барацьбу з найбольш адыёзнымі праявамі феадалізму. Асноўныя патрабаванні – дэцэнтралізаваць, дэмакратызаваць, зрабіць таннай царкву; ліквідаваць манастыры, культ, абраднасць, духавенства як замкнёную касту, секулярызаваць (канфіскаваць на карысць дзяржавы) царкоўную маёмасць – былі распрацаваныя ў працах Марціна Лютэра, Жана Кальвіна, У.Цвінглі.
У ВкЛ ідэі рэфармацыі праніклі да 1540 гг., але рэфармацыйны рух меў тут значныя асаблівасці ў развіцці. Развівалася рэфармацыя на феадальнай аснове, галоўнай двіжучай сілай былі буйныя феадалы і шляхта, галоўны рэлігійны накірунак – кальвінізм. Вучэнне Кальвіна адмаўляла іерархічную пабудову царквы і вярхоўную ўладу папы рымскага, патрабавала спрасціць рэлігійны культ; адзінай крыніцай і аўтарытэтам новай царквы прызнавалася свяшчэннае пісанне; уводзілася богаслужэнне на нацыянальнай мове. Некаторыя рысы рэфармацыі наглядаліся і ў праваслаўнай царкве. Шырокае распаўсюджанне атрымаў ерэтычны рух антытрынітарыяў (арыян). Яны адмаўлялі боскую сутнасць Хрыста, суадносна, Троіца так сама імі адмаўлялася, адзіны Бог часта атаясамліваўся з сусветным розумам і прыродай. Праваслаўныя брацтвы актыўна выступалі за ўстанаўленне кантролю над святарамі. Рэфармацыя на Беларусі мела тры этапы.
Першы этап ахопліваў час з 1553 па 1570 гг., да з’яўлення ў ВкЛ езуітаў. Гэта быў перыяд хуткага росту колькасці пратэстантаў, фарміравалася іх царкоўная арганізацыя. Асноўная маса пратэстантаў – гэта каталіцкая і, галоўным чынам, праваслаўная шляхта. Яны былі не супраць таго, каб падарваць эканамічную моц як праваслаўнай, так і каталіцкай цэркваў. Буйнейшыя феадалы – магнаты – імкнуліся перадухіліць умяшанне Масквы і Кракава ва ўнутраные справы княства праз стварэнне нацыянальнай пратэстанцкай царквы.
Галоўным дзеячам Рэфармацыі ў ВкЛ быў Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер, самы ўплывовы чалавек у дзяржаве. Ён заснаваў самы першы збор у Бярэсці (у пачатку 1550-х гг.) і першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню (кірылічных кніг не друкавала). Пад яго патранатам у 1557 г. адбыўся першы з’езд пратэстантаў у Вільні. Была заснавана Літоўская правінцыя кальвінскай царквы, кіраваў яе справамі правінцыяльны сінод. У 1560-я гг., пад час найвышэйшага ўздыму Рэфармацыі, на Беларусі дзейнічала каля 90 збораў (культавых устаноў), а так сама школы, друкарні, шпіталі. У кальвінізм перайшла большасць магнатаў і шляхты. Так, з 600 шляхецкіх фамілій Наваградскага ваяводства ў праваслаўі засталося толькі 16.
Значна актывізавалася духоўнае жыццё, вырасла роля асветы, кнігадрукавання, шырока сталі вядомы рэнесансныя ідэі, наладжваліся міжнародныя кантакты.
У другі перыяд – з 1570 па 1596 гг. (да Берасцейскай царкоўнай уніі) пачалі ўзмацняцца пазіцыі каталіцкай царквы, узмацнілася кантррэфармацыя. Пачала звужацца сацыяльная база Рэфармацыі – шляхта і магнаты, што дасягнулі сваіх мэт, пакідалі рады кальвіністаў. Пасля Люблінскай уніі выгадней было перайсці ў каталіцтва, бо каралі Стэфан Баторы і Жыгімонт ІІІ Ваза шмат клапаціліся пра каталіцтва, нават атрымалі за гэта прозвішчы “каталіцкіх каралёй”. У 1570 г. віленскі біскуп Валер’ян Пратасевіч запрасіў у Вільню езуітаў, якія пачалі праводзіць актыўную палітыку контррэфармацыі. Тым не менш, у 1573 г. на Варшаўскім сейме быў абвешчаны “рэлігійны мір”, палажэнні аб ім былі ўключаны ў Статут ВкЛ 1588 г.
На працягу трэцяга этапа Рэфармацыі – з 1596 г. па сярэдзіну XVII ст. яшчэ больш яскрава праявіліся тэндэнцыі, што пачаліся ў папярэднім перыяду. Магнаты і асноўная частка шляхты пакінулі кальвінскую царкву, але яе структура засталася, роля яе была мізернай. Шляхта і магнаты, што пакідалі Рэфармацыю, не варочаліся назад, у праваслаўе, а пераходзілі ў каталіцтва – гэта давала значныя палітычныя і эканамічныя перавагі. Пачалося праследванне радыкальных рэлігійных рухаў – арыянства ці антытрынітарыяў.
Арыяне, дзякуючы шырокай сацыяльнай праграме, мелі шырокую падтрымку сярод гараджан і сялян. У гэтым рухе выразна выдзялялася дзве плыні – левая (плябейска-сялянская) і правая (шляхецка-бюргерская).
Левыя (Пётр Ганезій, Марцін Чаховіц, Лаўрэнці Крышкоўскі і інш.) крытыкавалі асноўныя прынцыпы феадальнага грамадства, патрабавалі скасавання прыгонніцтва, выступалі супраць дзяржаўнай улады наогул, патрабавалі спыніць войны. Праграма будавалася на прынцыпах прымітыўнага камунізму.
Правыя (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі) прызнавалі сацыяльныя праблемы, але часткова, яны крытыкавалі свавольства магнатаў, але больш увагі надавалі рэлігійным справам.
Абедзве плыні спрабаваў аб’яднаць Фаўст Соцын, які ў 1580-х гг. распрацаваў новую канцэпцыю арыянства (сацыніянства). Новае вучэнне адкінула сацыяльныя праблемы, але феадалы, напалоханыя магчымасцю выбуха сялянскай вайны, перамятнуліся на бок контррэфармацыі. Радыкальныя прапаведнікі праследваліся на ўсёй тэрыторыі княства. Ерэтычны рух у сваіх актыўных праявах паступова згас.
Рэфармацыя адыграла важную ролю ў гісторыі Вялікага княства:
- яна садзейнічала фарміраванню грамадзянскай самасвядомасці;
- спрыяла пранікненню і распаўсюджванню гуманістычных, рэнесансных ідэй;
- актывізавала духоўнае жыцце ў княстве, садзейнічала развіццю асветы і кнігадрукавання;
- пашырыла міжнародныя сувязі княства, садзейнічала больш шырокаму ўключэнню ВкЛ у еўрапейскі гістарычны працэс;
- садзейнічала культурнай і палітычнай паланізацыі беларускіх магнатаў і шляхты, што неспрыяльна адбілася на развіцці беларускай мовы і культуры.
Каталіцкая царква не здавалася, яна ініцыявала пачатак контррэфармацыі – гэта рух у каталіцкай царкве з мэтай вярнуць страчаныя пазіцыі. Пасля Трыдэнцкага сабора (1545-1563 гг.) падтрымку папы рымскага атрымалі езуіты (каталіцкі ордэн, створаны Ігнацем Лайолай у 1534 г.), якія паспяхова вярталі страчаныя каталіцтвам пазіцыі. Кантррэфармацыі сапутнічалі такія з’явы, як інквізіцыя, спісы забароненых кніг, але так сама і выдатная сістэма адукацыі.
У ВкЛ езуіты з’явіліся ў 1570 г. у Вільне па запрашэнню Віленскага біскупа Валер’яна Пратасевіча. Гэта былі Петр Скарга, Франц Сун’ер, Станіслаў Влошак. Адразу быў заснаваны калегіўм – навучальная ўстанова, што давала сярэднюю адукацыю. Вельмі ўдалай дзейнасці езуітаў у княстве спрыяла талерантнасць і верацярпімасць, дзякуючы чаму езуіты заснавалі свае прадстаўніцтвы па ўсёй краіне. Была створана адна з 35-ці правінцый у Еўропе – Літоўская езуіцкая правінцыя з цэнтрам у Вільні. Там жа дзейнічала створаная ў 1579 г. на базе калегіўма езуіцкая акадэмія (з правамі ўніверсітэта). Другі горад княства, дзе зацьвердзіліся езуіты – Полацк, калегіўм адкрылі ў 1581г., а да пачатку XVII ст. калегіўмаў стала 10 – у Нясвіжы, Оршы, Бярэсце, Пінске, Наваградке, Гародне, Віцебске, Мінске, Слуцке, і гэта былі лепшыя навучальныя ўстановы ў княстве. Адукацыю там маглі атрымаць як католікі, так і праваслаўныя, уніяты, пратэстанты. Адначасова навучэнцаў паступова схілялі да пераходу ў каталіцтва.
Езуіты дасканала ведалі беларускую мову і карысталіся ею ў набажэнствах, іх пропаведзі ўзрушвалі. На беларускую мову былі перакладзены святыя кнігі і багаслоўская літаратура, але адначасова езуіты знішчалі забароненыя кнігі (першы раз кнігі гарэлі ў Вільне ў 1579 г. па загаду біскупа Георгія Радзівіла), яны дамагліся закрыцця пратэстанцкіх школ і друкарняў. Для простага народа адчыняліся дабрачынныя ўстановы, у 1687 г. езуіты адчынілі аптэку ў Гродне. Будаваліся велічныя культавыя храмы, мастацкае ўбранне і арганы ўражвалі – насельніцтва пацягнулася ў касцёлы.
Асноўныя напрамкі дзейнасці езуітаў:
- наладжванне лепшай адукацыі ў калегіўмах, дзе вярбаваліся прыхільнікі каталіцтва і ордэна езуітаў;
- адстойванне інтарэсаў ордэна і каталіцтва праз асабістых духоўнікаў і дарадчых пры найбольш уплывовых асобах;
- стварэнне красаты набажэнства, якая прываблівала просты народ;
- шырокая дабрачыннасць, якая таксама прываблівала просты народ;
- шырокая літаратурна-палемічная дзейнасць – жаданне ідэалагічна разграміць пратэстантаў і праваслаўных.
Акрамя езуітаў на Беларусі дзейнічалі ўстановы (кляштары, калегіўмы, шпіталі і інш.) 17 мужскіх каталіцкіх манаскіх ардзяноў і 7 жаночых. Да таго, каталіцкая царква атрымала моцную падтрымку правячых колаў Рэчы Паспалітай. Абноўленае каталіцтва хутка выцесніла пратэстантызм на тэрыторыі княства і стала планаваць ліквідацыю праваслаўя.
Асаблівасці контррэфармацыі ў ВкЛ:
- пачатак контррэфармацыі ў княстве супаў па часе з найвышэйшым уздымам Рэфармацыі, што парадзіла высокую ступень напружанасці ў грамадстве, але праявілася гэта ў ідэалагічнай барацьбе (палемічная літаратура). Жудасных форм супрацьстаяння (напрыклад – Варфаламееўская ноч у Францыі) у ВкЛ не было;
- пратэстанты не здолелі заснаваць сваю нацыянальную пратэстанцкую царкву (лютэранства ў Германіі, англіканства ў Англіі, кальвінізм у Швейцарыі і Францыі);
- асноўная частка феадалаў перайшла ў каталіцтва, а Берасцейская ўнія наблізіла да каталіцтва “просты люд”;
- асаблівая ўвага ВкЛ з боку Рыма, княства разглядалася як плацдарм да акаталічвання Масквы;
- не ўдалося дасягнуць галоўнай мэты – ліквідаваць шматканфесійнасць у ВкЛ;
- у перыяд контррэфармацыі зблізіліся пазіцыі пратэстантаў і праваслаўных – у 1599 г. у Вільне была дасягнута дамоўленасць аб сумесных дзеяннях супраць праяў ваяўнічага каталіцызма;
- была скасавана талерантнасць у княстве, у 1658 г. з ВкЛ выганяліся арыяне.
2.4 Берасцейская царкоўная ўнія
У 1054 г. адбыўся канчатковы раскол хрысціянскай царквы на заходнюю – каталіцтва і ўсходнюю – праваслаўе. Вялікае княства геапалітычна знаходзілася на мяжы двух рэлігій, таму абедзве канфесіі былі шырока прадстаўлены ў дзяржаве. Гэта давала падставы праваслаўнай Маскве і каталіцкаму Захаду для ўмяшання ва ўнутраныя справы княства. Каб абараніць незалежнасць ВкЛ, трэба было нешта іншае – не каталіцтва і не праваслаўе.
Да XVI ст. выразна праступілі рысы крызісу праваслаўя. Канстантынопаль быў захоплены туркамі, епархіі княства не здолелі стварыць незалежную сістэму адукацыі, падрыхтаваць кваліфікаваныя кадры нізавога духавенства, наглядаўся крызіс прапаведніцтва. Праваслаўе страчвала інтэлектуальную апору – тагачасную інтэлігенцыю. Езуіт Пётр Скарга адмячаў стан праваслаўя ў ВкЛ так – “папы схалопелі, навука ўпала”. Да таго, ва ўмовах Лівонскай вайны з Расіяй арыентацыя на Маскву (цэнтр праваслаўя, бо з 1589 г. у Маскве патрыярхія) выглядала здрадніцтвам. У той час на Захадзе наглядаўся духоўны ўздым, ствараліся нацыянальныя цэрквы. Неабходнасць рэфармавання царквы разумелі беларускія праваслаўныя іерархі. Супадзенне гэтых фактараў (культурная дэградацыя праваслаўя, узвышэнне праваслаўнай Масквы, імкненне дзяржаўных кіраўнікоў ВкЛ на ўмацаванне незалежнасці і памкненні Ватыкана на акаталічванне княства) паспрыяла хуткаму правядзенню царкоўнай рэформы – увядзенню ўніяцтва.
У першай палове 1590-х гг. на шматлікіх сустрэчах з прадстаўнікамі Ватыкана праваслаўныя іерархі выпрацоўвалі ўмовы аб’яднання цэркваў у ВкЛ. Ініцыятарамі ўніі выступілі епіскап берасцейскі і ўладзіміскі Іпаці Пацей і епіскап луцкі Кірыла Тарлецкі. Іх падтрымалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль і князь Жыгімонт ІІІ Ваза і канцлер ВкЛ Леў Сапега. На царкоўным саборы вясной 1595 г. з намерам заключыць унію згадзіліся ўсе праваслаўныя епіскапы, акрамя львоўскага. Былі выпрацаваны “33 артыкула” – умовы аб’яднання, згодна з якімі:
- захоўваліся ўсе царкоўныя святы згодна з праваслаўным каляндаром;
- на царкоўныя пасады прызначаюцца толькі “рускія” людзі;
- манастыры і цэрквы не пераўтвараюцца ў касцелы;
- забараняецца пераманьваць у каталіцтва ўніятаў;
- папа рымскі з’яўляецца главой царквы ў пытаннях веры;
- уніяты прымаюць некаторыя дагматы каталіцкай царквы (сімвал веры і інш.).
Пасля прыняцця ўніі не павінна было быць ломкі звычаяў і традыцый – знешне нічога не змянілася. На гэта вельмі спадзяваліся ініцыятары аб’яднання цэркваў. 23 снежня 1595 г. І.Пацей і К.Тарлецкі сустрэліся ў Рыме з Кліментам VIII, які згадзіўся з усімі ўмовамі і падпісаў папскую буллу аб уніі. 6-9 кастрычніка 1596 г. ў Бярэсце на царкоўным саборы, куды з’ехаліся прыхільнікі ўніі, уніяцтва было канчаткова аформлена як рэлігійны накірунак. Адначасова ў Бярэсці на свой сабор сабраліся прыхільнікі захавання чысціні праваслаўя, лідэрам іх быў епіскап львоўскі. Наклаўшы ўзаемныя праклёны, іерархі раз’ехаліся па епархіям, сеючы зерне варожасці і напружанасці ў грамадстве. 15 кастрычніка 1596 г. каралеўскім універсалам акт уніі быў зацверджаны на дзяржаўным узроўне. Афіцыйна праваслаўная царква ў ВкЛ перастала існаваць, была створана грэка-уніяцкая царква.
Грамадства ўспрыняла ўвядзенне ўніі па-рознаму. Частка насельніцтва рашуча яе падтрымала асабліва ў епархіях, што ўзначальвалі прыхільнікі ўніі, частка насельніцтва рашуча адмовіліся ад рэформы. Традыцыя праваслаўя не дапускала аніякіх змен – так не магла захавацца чысціня “першапачатковасці” хрысціянства. Увядзенне ўніі прымалася як асабістая трагедыя. Іншыя праваслаўныя дзеячы выступалі не супраць уніі, а супраць падпарадкавання папе, супраць рэгіянальнага характару ўніі. Такое моцнае супраціўленне было непрадбачаным, канфрантацыя нарастала. Адбываліся сутычкі, барацьба за храмы і епіскапскія катэдры, некаторыя падзеі прымалі жудасныя формы. Жорсткая дзейнасць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў Полацку і Віцебску выклікала выбух народнага гнева – Кунцэвіч быў забіты і выкінуты ў Дзвіну. Такія паўстанні жорстка падаўляліся ўладамі, якія спачатку падтрымалі новую царкву.
Уніяцтва праз падтрымку дзяржавы і культурна-асветніцкую дзейнасць паступова пашыралася сярод сельскага насельніцтва і гараджан, дробнай шляхты. Да пачатку XVIII ст. яно стала самай масавай рэлігіяй у княстве, дапамагло захаваць нацыянальныя адметнасці беларускага народа, стрымала апалячванне беларускіх зямель. Гэта азначае, што тыя надзеі, якія ўсклалі на ўніяцтва ў Ватыкане і Кракаве, не збыліся. Больш удала Ватыкан і Кракаў дзейнічалі ў асяроддзі сярэдніх і буйных феадалаў ВкЛ. Пад час контррэфармацыі яны амаль ўсе перайшлі ў каталіцтва, што паспрыяла іх апалячванню, зліццю з феадальным саслоўем Польшчы ў адзінае феадальнае саслоўе Рэчы Паспалітай. Беларускія феадалы страчвалі сувязь з гістарычнай традыцыяй дзяржавы ВкЛ, са сваім народам.
Прыхільнікі праваслаўя не зніклі з гістарычнай сцэны. У 1620 г. яны тайна пасвяцілі новую іерархію ў Кіева-Пячорскай Лаўры, якая кантралявалася праваслаўнымі. Так канчаткова адбыўся раскол былых праваслаўных княства на дзве царквы. У ўсходніх раёнах княства праваслаўныя карысталіся значнай падтрымкай, асабліва ў буйных гарадах. Таму кіраўнікі дзяржавы з цягам часу вымушаны былі афіцыйна прызнаць адраджэнне праваслаўя ў княстве. У 1632 і 1633 гг. Уладзіслаў IV Ваза прызнаў існаванне праваслаўных цэркваў і надаў ім некаторыя прывілеі, у 1650 г. гэтыя прывілеі падцвердзіў Ян Казімір.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн.: Экаперспектыва, 1996. 453 с.
2. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Доўнар-Запольскі М.В.- Мінск, 1994.
3. С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С. Ф. Шымуковіч – Мн, 2001.
4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1-5; Т. 6. Кн. 1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.
5. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн.: БелЭн, 1995. 672 с.