Курсовая работа: Палітычная і эканамічная гісторыя Беларускіх земляу у другой палове XVII–XVIII ст.
Палітычная і эканамічная гісторыя Беларускіх земляў ў другой палове XVII - XVIII ст.
Змест
1. Утварэнне Рэчы Паспалітай
2. Войны сярэдзіны XVII - пачатка XVIII ст.
3. Гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у другой палове XVI - першай палове XVII ст.
4. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII - XVIII ст.
5. Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове XVIII ст.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Утварэнне Рэчы Паспалітай
У 1522 г. сейм ВкЛ гарантаваў гаспадару княства - Жыгімонту Старому, што яго сын Жыгімонт Аўгуст будзе абавязкова абраны на прастол у княстве пасля смерці бацькі. Але фактычна Жыгімонт Аўгуст стаў кіраваць княствам значна раней - яшчэ з кастрычніка 1529 г., калі на сойме ВкЛ ён пры жыцці бацькі быў абраны вялікім князем. Вялікую ролю ў гэтым адыграла яго маці - каралева Бона Сфорца. Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі, але ён рэдка ўмешваўся ў справы княства, бо больш займаўся справамі Кароны Польскай. У 1547 г. Жыгімонт па каханню ажаніўся з Барбарай Радзівіл, але Барбара, як і першая жонка Жыгімонта, хутка памерла. Іншыя шлюбы не прынеслі Жыгімонту ні асабістага задавальнення ні сыноў.
Лівонская вайна. У 1558 г. маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Жахлівы, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфедэрацыю - саюз 5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара была здабыча выхаду да Балтыйскага мора, гэта давала магчымасць самастойна гандляваць з Еўропай без дапамогі шматлікіх пасрэднікаў. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Расія магла больш актыўна ўдзельнічаць і ў еўрапейскіх справах. Лівонія была аб’яўлена спадчынай маскоўскіх князёў на падставе таго, што ў старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Спадчынай Масквы таксама была названая і частка ВкЛ - беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі.
Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеянняў у Прыбалтыке захапіла Нарву, Дэрпт, падступіла да Рэвеля. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна стаў шукаць саюзнікаў у Еўропе, аднак Швецыя, Данія і Польша адмовіліся ваяваць супраць Расіі, толькі Вялікае княства Літоўскае, разумеючы небяспеку маскоўскага заваявання Лівоніі, вырашыла аказаць дапамогу Ордэну. У 1559 г. Лівонія перайшла пад пратэктарат ВкЛ, у выніку ваенныя дзеянні аднавіліся, і зноў паспяхова для Івана IV. У ліпені 1561 г. войска ВкЛ на чале з Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбіта каля горада Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць. Апошні магістр Кетлер перадаў у сакавіку 1562 г. Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Каб пашырыць кола ўдзельнікаў вайны, Кетлер перадаў эстонскія землі Швецыі, востраў Эзэль Даніі, Лівонію - ВкЛ, за сабой захаваў толькі Курляндыю на правах спадчыннага свецкага княства. Адначасова вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Кетлера сваім намеснікам у Лівоніі. Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава - Лівонскі ордэн.
У адказ на гэта, атрады Івана IV у пачатку 1562 г. спустошылі ваколіцы Мсціслава, Шклова, Оршы, Віцебска, Дуброўны, Копыля. Для генеральнага наспуплення на Полацк пад Мажайскам рыхтавалася армія ў 60 тыс. чалавек.31 студзеня 1563 г. гэтае войска асадзіла Полацк, а праз 2 тыдні гераічнай абароны (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаванні маскоўскага цара былі празмерныя - Полацк і Лівонія павінны быць далучаны да Расіі. У 1564 г. ваенныя дзеянні аднавіліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разбіць дзве рускія арміі - каля ракі Ула 25 студзеня і пад Оршай 2 лютага 1564. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтр дзяржавы былі сарваныя. Але рускі цар добра замацаваўся ў паўночнай Беларусі - у 1566-1569 гг. ён будуе каля Полацка крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усвяты, Туроўля. У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш верагодным саюзнікам была Польшча, з якой у 1569 г. была заключана Люблінская ўнія. У 1570 г. новая дзяржава - Рэч Паспалітая пайшла на перамір’е з Іванам IV, апошняму так сама патрабавалася часова замірыцца з Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Хутка памер апошні прадстаўнік дынастыі Ягеллонаў бяздзетны Жыгімонт II Аўгуст, таму ваенныя дзеянні аднавіліся толькі праз некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак.
Люблінская ўнія. У Польшчы, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., шырылася ідэя паглынання ВкЛ, што давала польскім магнатам і шляхце магчымасць займаць новыя пасады, набываць новыя багацці, у сваю чаргу, каталіцкая царква магла больш рашуча распаўсюджваць свой уплыў. Шавіністычныя настроі палякаў тым больш вырасталі, чым у больш складаныя абставіны трапляла Вялікае княства Літоўскае. Асабліва відавочна гэта было пад час Лівонскай вайны. Палякі патрабавалі поўнага ўключэння княства ў склад Польшчы. Тым часам дзяржаўныя дзеячы ВкЛ на чале з канцлерам Астафеем Валовічам і яго намеснікам Львом Сапегай згодны былі пайсці на аб’яднанне з Польшчай, але толькі на ўмовах ваенна-палітычнага саюза. Агульны сейм, на якім трэба было распрацаваць умовы аб’яднання, быў назначаны ў Любліне на 23 снежня 1568 г. Перамовы ішлі на працягу 6 месяцаў, але так і не скончыліся поспехам. Сітуацыя ўскладнялася тым, што шляхта ВкЛ горача падтрымлівала ўнію, бо ў выніку яе яна атрымлівала, як і ў Польшчы, роўныя з магнатамі правы, у тым ліку ў кіраванні дзяржавай. Калі перамовы нічога не далі і паслы ад ВкЛ пачалі раз’язджацца, палякі пайшлі на прамую інкарпарацыю княства. Жыгімонт Аўгуст падараваў Польшчы на вечныя часы ўкраінскія тэрыторыі княства - Валынь, Падляшша, Падолле і Кіеўшчыну. Ва ўмовах Лівонскай вайны гэта было цяжкай стратай для дзяржавы. Да того, вялікі князь (адначасова і кароль польскі) Жыгімонт Аўгуст загадаў дзяржаўным дзеячам і паслам ВкЛ падпісаць умовы ўніі пад пагрозай ліквідацыі дзяржаўнасці ВкЛ.
Сутнасцю новай уніі было стварэнне адзінай дзяржавы - Рэчы Паспалітай, але яна мела федэратыўны характар. Па ўмовах падпісаных дакументаў у Рэчы Паспалітай выбіраўся адзіны гаспадар, каранаваўся ён толькі ў Кракаве; сабіраўся агульны сейм, яго рашэнні павінны былі выконвацца на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай; касаваліся законы ВкЛ, што супярэчылі ўмовам уніі; феадалы аб’яднанай дзяржавы маглі набываць маёмасць у любым рэгіёне новай дзяржавы; павінна была праводзіцца агульная знешняя палітыка; уводзілася агульная грашовая адзінка, ліквідавалася мяжа паміж дзяржавамі і мытні на ёй; страчаныя ВкЛ украінскія тэрыторыі навекі адыходзілі да Польшчы, а Лівонія знаходзілася ў сумесным валоданні ВкЛ і Польшчы. Але ВкЛ не перастала існаваць пасля Люблінскай уніі. Княства было пастаўлена ў залежнае ад Польшчы становішча, але пэўная самастойнасць была захаваная. У княстве захавалася асобнае войска, дзейнічала сваё заканадаўства, свая судовая сістэма, свая адміністрацыя. Захавалася свая пячатка і беларуская мова дзяржаўнага справаводства. Фактычна, насуперак рашэнням Люблінскага сейма, засталася і свая грашовая сістэма, пры Стэфане Баторым была адноўлена і мяжа.
Шок ад умоў уніі атрымалі і магнаты і шляхта, што так дамагалася аб’яднання з Польшчай. У наступныя дзесяцігоддзі ў княстве праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на аслабленне наступстваў аб’яднання: працягвалі сабіраць асобныя ад палякаў сеймы, стварылі ў 1581 г. Галоўны Трыбунал - вышэйшую судовую ўстанову ў княстве замест вялікакняскага суда. У 1588 г. быў прыняты трэці Статут ВкЛ. У гэтым галоўным зводзе законаў княства Люблінская ўнія наогул не згадваецца. Насуперак рашэнням 1569 г., у княстве забаранялася прадаваць маёнткі іншаземцам (да іх адносіліся і палякі), дзяржаўныя пасады мелі права займаць толькі ўраджэнцы княства. У Статуце была замацавана норма, згодна з якой гаспадар нес адказнасць за захаванне тэрытарыяльнай адзінасці дзяржавы. Аднак унія засталася, яе вынікамі была паланізацыя і акаталічванне пануючага саслоўя княства - шляхты і магнатаў. Узмацнілася запрыгоньванне сялянства, княства ўцягвалася ў новыя знішчальныя войны. Узмацніўся польскі культурны націск, рэзка пагоршыліся ўмовы для развіцця беларускай культуры. Але ўнія была меньшым злом для ВкЛ у параўнанні з перспектывай быць заваяванымі Іванам IV.
Юрыдычна Люблінская ўнія была ліквідавана 3 мая 1791 г. з прыняццем Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, згодна з якой дзяржава страчвала свой федэратыўны лад.
Выбары караля. Са смерцю Жыгімонта Аўгуста скончылася дынастыя Ягеллонаў, якая правіла ў ВкЛ і Польшчы на працягу амаль 200 год. З’явілася новая традыцыя - выбранне караля з-за мяжы, з іншых каралеўскіх дынастый. Працэс выбрання зваўся элекцыя, складаўся з некалькіх этапаў. На першым сейме - канвакацыйным - вызначалася працэдура выбараў новага кіраўніка дзяржавы. Да выбараў караля кіраваць дзяржавай было даручана архіепіскапу гнезнескаму, прымасу Польшчы. На элекцыйным сейме праходзілі выбары караля з ліку некалькіх кандыдадаў. Асаблівасцю канвакацыйнага і элекцыйнага сеймаў было тое, што на іх не дзейнічала права “liberum veto”, што давала магчымасць адначасова праводзіць некаторыя рэформы.
На элекцыі 1573 г. на прастол Рэчы Паспалітай пратэндавалі Эрнэст, сын імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, Генрых Валуа - брат французскага караля, рускі цар Іван IV, семіградскі ваявода Стэфан Баторы. За кожным з іх стаяла групоўка з уплывовых асоб Польшчы ці ВкЛ. Пераможцам стаў Генрых Валуа (кароль і вялікі князь у 1574 г.). Але перад каранацыяй ён вымушаны быў зацвердзіць дзве паперы - “pacta conventa” і так званыя “Генрыкавы артыкулы”. “Pacta conventa” ўтрымлівала прывілеі і вольнасці дзяржавы, выдадзеныя каралямі і вялікімі князямі раней, а “артыкулы" былі распрацаваны непасрэдна для Валуа і будучых гаспадароў. Яны ўтрымлівалі наступныя палажэнні: кароль не меў права пратандаваць на перадачу ўлады па спадчыне; гарантавалася свабода хрысціянскага веравызнання; кароль не меў права прымаць рашэнні без абмеркавання з 16 сенатарамі; кожные 2 гады павінен сабірацца сейм, без згоды якога нельга ўводзіць новыя налогі і сазываць паспалітае рушэнне; без згоды сената нельга весці міжнародныя справы, прызначаць на вышэйшыя дзяржаўныя пасады і здымаць розных асоб. Калі кароль і вялікі князь не выконваў умоў “артыкулаў”, шляхта мела права на стварэнне канфедэрацыі і ўзброенае выступленне супраць каралеўскай улады.
Валуа пашчасціла - праз пяць месяцаў памёр яго брат, кароль Францыі, і Генрых збег у Парыж да французскай кароны. Пасля перамоў з Іванам Жахлівым і некаторымі іншымі прэтэндэнтамі, на новай элекцыі каралём быў абраны Стэфан Баторы, выдатны вайсковец і палітычны дзеяч. Ён так сама вымушаны быў зацвердзіць “pacta conventa” і “Генрыкавы артыкулы” - іх цяпер зацвярджалі ўсе каралі, абраныя на прастол Рэчы Паспалітай, уключна да Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Стэфан Баторы (кароль і вялікі князь у 1576-1586 гг.) адразу пачаў падрыхтоўку да ўзнаўлення ваенных дзеянняў з рускім царом. Апошні ў 1577 г. заняў усю Лівонію, што належыла Рэчы Паспалітай. Па рашэнню сейма 1578 г. была сабрана вялікая армія, пераважна з наёмнай пяхоты - немцаў і венграў, з моцнай артылерыяй. Да таго, у Рэчы Паспалітай Баторы правёў вайсковую рэформу - у склад арміі ўключылі частку дзяржаўных сялян, якія атрымалі па 1,5 валокі зямлі і абавязаны былі несці вайсковую павіннасць. У пачатку жніўня Баторы асадзіў Полацк, што было нечакана для рускага цара і праз тры тыдні штурмам узяў горад. Старажытная беларуская сталіца значна пацярпела як ад штурма рускіх, так і ад штурма венграў - галоўная страта - гэта знішчэнне бібліятэкі Сафійскага сабора і страта Полацкага летапісу.
Да канца 1579 г. былі разбураны ўсе крэпасці, што Іван Жахлівы пабудаваў на Полаччыне. У наступным 1580 г. войска Баторыя захапілі Вялікія Лукі і Веліж, а ў 1581 г. асадзілі Пскоў, але няўдала. У пачатку 1582 г. у Ям-Запольскім было заключана перамір’е, якім скончылася Лівонская вайна. Па ўмовах перамір’я за Рэчу Паспалітай заставаліся Полацк і ўсе былыя землі ВкЛ, а Расіі варочаліся рускія крэпасці. Вайна скончылася тым, з чаго пачалася, толькі беларускія землі былі разрабаваныя і вынішчаныя заваёўнікамі.
Акрамя ваенных поспехаў, С. Баторы вызначыўся ў духоўна-рэлігійнай сферы жыцця грамадства. Баторы садзейнічаў езуітам, у 1579 г. дазволіў пераўтварыць Віленскі калегіўм у акадэмію з правамі ўніверсітэта, а ў 1581 г. заснаваў езуіцкі калегіўм у Полацку.
Пад час падрыхтоўкі новай вайны з Масквой, Баторы нечакана памёр у 1586 г.
На прастол Рэчы Паспалітай зноў пратандавала некалькі кандыдатаў - цар маскоўскі Фёдар Іванавіч, германскі імператар Максіміліян і шведскі прынц Жыгімонт з каралеўскай дынастыі Ваза. Перамогу пры падтрымцы магнатаў ВкЛ атрымаў апошні прэтэндэнт, які быў каранаваны як Жыгімонт III Ваза (1587-1632 гг.). Па меркаваннях шматлікіх гісторыкаў, гэты гаспадар не вызначаўся ні розумам, ні здольнасцямі дзяржаўнага дзеяча. Але ён быў цалкам адданы каталіцтву, а езуіты атрымалі пры ім надзвычайныя перавагі і прывілегіі.
Пад час выбрання гаспадаром Рэчы Паспалітай, Жыгімонт вымушаны быў зацвердзіць трэці Статут ВкЛ, які быў выдадзены ў 1588 г. Бадай гэта была адзіная карысная справа, якую зрабіў гаспадар для княства. Па ініцыятыве езуітаў і са згоды праваслаўных іерархаў, якія баяліся страціць пасады, гвалтоўнымі метадамі была праведзена царкоўная ўнія ў 1596 г. Гэтая падзея раскалола грамадства на варожыя бакі і дала падставы для ўмяшальніцтва рускай дзяржавы ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у будучыне. Акрамя наступлення на праваслаўе, езуіты працягвалі барацьбу з пратэстантамі. Кнігі пратэстантаў паліліся, навучальныя ўстановы зачыняліся, а пратэстантаў-магнатаў пазбавілі магчымасці займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады.
Узмацненне рэлігійнага і сацыяльнага ўціску выклікала першае буйное казацка-сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі ў 1595-1596 гг., якое ахапіла частку Украіны і поўдзень Беларусі. Паўстанне было падаўлена, але яно паказала моц украінскіх казакаў і рост недавольства ў грамадстве.
У знешней палітыцы Жыгімонта за першымі поспехамі заўсёды адбываліся няўдачы. Жыгімонт пратандаваў на шведскі трон, за які ён ваяваў у 1601-1611 і 1614-1629 гг., абодва разы няўдала. Правалам скончыліся намаганні Жыгімонта і яго дарадцаў усталяваць кантроль над рускай дзяржавай.
Авантуры з Ілжэдзмітрыямі. Выбраны ў 1598 г. на маскоўскі прастол Барыс Гадуноў некаторымі баярскімі коламі абвінавачваўся ў забойстве царэвіча Дзмітрыя (адбылося ў 1591 г.), сына Івана Жахлівага - адзінага пасля Федара Іванавіча прадстаўніка правячай у Маскве дынастыі Рурыкавічаў. У цяжкі перыяд кіравання для Барыса (страшэнны голад 1601-1603 гг.) ў Рэчы Паспалітай з’явіўся чалавек, што выдаваў сябе за цудам жывога царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Гэтым авантурыстам быў беглы манах Грышка Атрэп’еў, які некаторы час працаваў пры патрыярхе Іоне і добра ведаў маскоўскі двор. Такі авантурыст быў падарункам для кіраўніцтва Рэчы Паспалітай, гэта дазваляла распаліць у маскоўскай дзяржаве грамадзянскую вайну і потым скарыстацца яе наступствамі. Жыгімонт ІІІ і канцлер ВкЛ Леў Сапега прыватным чынам падтрымалі намаганні Ілжэдзмітрыя і яго паплечнікаў, дазволілі сабраць прыватнае войска. За дапамогу яны патрабавалі ад будучага маскоўскага цара перадаць Рэчы Паспалітай Смаленшчыну, Северскае княства; жонцы - палячке Марыі Мнішак перадаць ў асабістае валоданне Пскоў і Ноўгарад; даць палякам перавагі ў гандлі; садзейнічаць распаўсюджванню каталіцтва ў Масковіі (асабіста “царэвіч” ужо быў католікам) і інш. На ўзроўні дзяржавы Рэч Паспалітая ў адносінах з Масквой захоўвала нейтралітэт.
У кастрычніку 1604 г. “войска" Ілжэдзмітрыя І уступіла ў Расію. Паўднёвыя гарады сустракалі “сапраўднага” цэвіча з хлебам-соллю. Пачаліся ваенныя сутычкі з царскім войскам, якія для самазванца скончыліся дрэнна. Дапамагла Ілжэдзмітрыю нечаканая смерць Барыса Гадунова ў красавіку 1605 г. Ён сабраў вялікае апалчэнне сярод рускіх гарадоў і ўжо летам быў у Маскве. Малалетні цар Фёдар Гадуноў разам з маткай быў задушаны, патрыярх Іоў - які асабіста ведаў Грышку Атрэп’ева - арыштаваны. Хутка народная радасць перарасла ў нянавісць. Новы “цар” не паважаў рускіх традыцый, рускай веры, а яго палякі наогул вызывалі непрыкрытую нянавісць масквічоў. Гэтым скарыстаўся ўплывовы баярын Васілій Іванавіч Шуйскі.17 мая 1606 г. адбылося паўстанне маскоўскага насельніцтва, “цар” быў забіты прыхільнікамі Шуйскага, палякі амаль усе перабіты (Марыну Мнішак з бацькам выратавалі баяры).
Народ не любіў Шуйскага, але прыхільнікі “пракрычалі" яго новым царом на Чырвонай плошчы і разгарачоная маскоўская чэрнь згадзілася. Новая ўлада ў Маскве была вельмі нестабільнай, чым зноў скарысталіся авантурысты. Летам 1607 г. з’явіўся новы “царэвіч Дзмітры" - настаўнік з Магілёўшчыны. Ён аб’яднаў атрады Ілжэдзмітрыя І, стаў рухацца на Маскву. Сталіцу захапіць ён не здолеў і абаснаваўся ў Тушыне, атрымаўшы прозвішча “тушынскі вор”. У гэты час прыватныя войскі Яна Сапегі і Аляксандра Лісоўскага пачалі беспаспяховую асаду Троіца-Сергіевага манастыра, якая цягнулася з верасня 1608 г. па студзень 1610 г.
Лагер “тушынскага вора” стаў другім адміністратыўным цэнтрам маскоўскай дзяржавы, якая раскалолася на некалькі частак. Сюды прыехалі Марына Мнішак з бацькам, якія “прызналі" ў Ілжэдзмітрыі ІІ “сапраўднага” Дзмітрыя. Становішча маскоўскага цара Васілія Шуйскага ўскладнілася, і ён запрасіў дапамогі ў шведаў. Ваенныя дзеянні пачаліся вясной 1609 г. паспяхова для Масквы і Швецыі. Ад “тушынцаў" была вызвалена значная тэрыторыя. Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане вайны са Швецыяй (Жыгімонт дабіваўся шведскай кароны), таму ў верасні 1609 г. Жыгімонт распачаў адкрытую вайну супраць рускай дзяржавы і асадзіў Смаленск. Ілжэдзмітры ІІ стаў непатрэбны ўладам Рэчы Паспалітай і праз год быў забіты ў Калуге. Асада Смаленска цягнулася да чэрвеня 1611 г. Годам раней, у чэрвені 1610 г. баяры зверглі Шуйскага - яго войска было разбіта арміяй Рэчы Паспалітай, а шведы захапілі поўнач дзяржавы разам з Ноўгарадам. Маскоўскай “сямібаяршчынай" браты Шуйскія былі выдадзены Жыгімонту ІІІ. У кастрычніку 1611 г. былы цар быў паказаны на сейме ў Варшаве як “захоплены пад час бітвы" кіраўнік варожай дзяржавы, што не адпавядала рэчаіснасці.
Пасля звяржэння Шуйскага, у стане гетмана Жалкеўскага ў чэрвені 1610 г. пад Масквой было падпісана пагадненне аб прызванні на рускі прастол польскага каралевіча Уладзіслава. У верасні баяры ўпусцілі польскае войска ў Маскву. Крыху пазней пад Смаленск паехала прадстаўнічая дэлегацыя да Жыгімонта прасіць Уладзіслава на маскойскае царства. Кароль сам жадаў стаць рускім царом, патрабаваў здачы Смаленска і не прызнаў дагавора, падпісанага Жалкеўскім, таму пасольства правалілася, а паслы былі ўзяты пад ахову. Кіраўніцтва ў Маскве цалкам перайшло да пана Гансеўскага і палякаў.
У пачатку 1611 г. рускія сабралі першае апалчэнне, але з-за супярэчнасцяў у кіраўнікоў Маскву вызваліць яно не здолела. Тым часам войска Жыгімонта ІІІ у чэрвені 1611 г. штурмам заняла Смаленск. У восень 1611 г. на Паволжы пачало збірацца другое рускае апалчэнне, арганізатарам якога быў Кузьма Мінін. На пасаду ваеннага кіраўніка быў вылучаны князь Дзмітры Пажарскі. У жніўні 1612 г. яны ў маскоўскім Крамлі асадзілі войска Рэчы Паспалітай. Войскі апалчэння разбілі армію гетмана Хадкевіча, якая везла шмат правізіі і прыпасаў асаджаным у Крамлі. У апошніх не засталося выбару, як здацца апалчэнцам.
У студзені 1613 г. Земскі сабор у Маскве выбраў новага цара - Міхаіла Раманава, каралевіч Уладзіслаў быў пазбаўлены права на маскоўскі трон. Летам 1617 г. ён з войскам і атрадамі ўкраінскага гетмана Сагайдачнага пайшоў на Маскву, але Масквы ўзяць не здолеў. Было падпісана Дэўлінскае перамір’е на 14,5 год. Згодна з ім, ВкЛ атрымлівала Смаленскія землі, Карона Польская - Ноўгарад-Северскія і Чарнігаўскія землі. Быў праведзены абмен палоннымі. Уладзіслаў працягваў лічыць сябе маскоўскім царом. На гэтым усходні напрамак перастаў цікавіць Жыгімонта ІІІ Вазу. З 1614 па 1629 г. кароль ваяваў з Густавам Адольфам за шведскую карону, але беспаспяхова. Таксама беспаспяхова скончыліся яго намаганні па замацаванню цэнтральнай улады - у 1620 г. была арганізавана змова супраць караля. Наступленне на казацкія вольнасці вызвала вялікае паўстанне на Украіне ў 1630 г., якое было жорстка падаўлена.
На Беларусі адбылося шэраг выступленняў у гарадах. У 1606-1610 гг. у Магілёве кіравала справамі горада рада, выбраная з простых мяшчан. Кіравалі радай Стахор Мітковіч, шабельнік Мікіта, ганчар Міхалка, шавец Фёдар і іншыя. Войска жорстка пакарала ўдзельнікаў выступлення і вярнула ўладу гарадской вярхушке. У 1615 г. адбылося паўстанне ў Мазыры, у якім частку гараджан стараста вывеў з-пад улады магістрата і падпарадкаваў сабе. Мяшчане на чале з бурмістрамі Іванам Крыцкім і Жданам Машай занялі замак, перадалі ў гарадскую казну незаконна спагнаныя грошы і пашырылі ўладу магістрата на ўвесь горад. Праз некалькі год, у 1622 г. каралеўскі суд прызнаў частку пераўтварэнняў паўстанцаў. У 1623 г. у Віцебску мяшчане не вытрымалі нахабных дзеянняў уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча і пад час паўстання забілі яго і выкінулі ў Заходнюю Дзвіну. Удзельнікі паўстання былі пакараныя смерцю, а горад пазбавілі права на самакіраванне. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ у 1632 г. яго пераемніку дасталося шмат невырашаных знешніх праблем і разлад унутры дзяржавы.
Новым каралём Рэчы Паспалітай быў абраны сын Жыгімонта ІІІ - Уладзіслаў IV Ваза (1632-1648 гг.). Пад час яго элекцыі маскоўскія ўлады спрабавалі скарыстацца магчымасцю заваяваць Смаленск. Было захоплена шмат невялікіх гарадоў, але Смаленск не здаваўся. Вясной 1633 г. кароль Уладзіслаў прыйшоў на помач асаджаным. У лютым 1634 г. рускі ваявода Міхаіл Шэін капітуляваў. Але Уладзіслаў не здолеў развіць поспех - абвастрыліся адносіны з Турцыяй і Швецыяй. У чэрвені быў падпісаны Палянаўскі мір, у аснову якога пакладзена Дэўлінскае перамір’е. Адзінае адрозненне - Уладзіслаў адмаўляўся ад прэтэнзій на маскоўскі трон за кантрыбуцыю ў 20 тыс рублёў. Пад час гэтай вайны, якая завецца “Смаленскай”, рускае войска спрабавала заняць Полацк. Летам 1633 г. яны наблізіліся да горада з поўначы, захапілі Запалоцце, але Верхні Замак заняць не здолелі і, спаліўшы горад, адышлі.
Уладзіслаў разумеў адмоўныя наступствы разладу ў грамадстве на рэлігійнай падставе, таму актамі 1632 і 1633 гг. легалізаваў існаванне праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. Але яго палітыка экспансіі на Украіне стала прычынай вялікай казацкай вайны, якая распачалася ў апошнія месяцы праўлення караля. Асноўны цяжар вырашэння казацкага пытання і звязаных з ім наступстваў прыпаў на час праўлення другога сына Жыгімонта ІІІ Вазы - кардынала Яна Казіміра Вазы (1648-1668 гг.).
2. Войны сярэдзіны XVII - пачатка XVIII ст.
Вызваленчая вайна ўкраінскага народа пачалася вясной 1648 г. У бітвах каля Жоўтых Водаў і Корсуня казацкае войска пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага (яго бацькі паходзілі з Беларусі) перамаглі польскія арміі. Адначасова Хмяльніцкі, якога абралі гетманам, стаў засылаць агентаў і казацкія атрады - “загоны" на тэрыторыю паўднёвай Беларусі (тэрыторыя ВкЛ, у адрозненні ад Украіны - якая з 1569 г. належыла Польшчы) з мэтай распачаць і тут вялікую “вызваленчую” вайну. У адрозненні ад Украіны, на Беларусі не было польскіх паноў (Статут 1588 г. забараняў палякам набываць маёмасць у ВкЛ), таму распачаўшаяся ўнутраная вайна стала грамадзянскай. Беларусы - мяшчане і сялянене ваявалі супраць беларусаў - шляхціцаў. Да таго ж і казацкая вярхушка, акрамя пашырэння паўстання, мела і другі намер - далучыць паўднёвую Беларусь да Украіны.
Летам 1648 г. на поўдзень Беларусі былі занесены першыя ачагі паўстання, якое адразу прыняло жорсткія формы, было накіравана на татальнае знішчэнне супраціўнікаў. Першыя казацкія “загоны" атрымалі падтрымку простага насельніцтва, сяляне далучаліся да казакаў і вынішчалі маёнткі шляхты, гараджане адчынялі брамы. Першы “загон” атамана Галавацкага разграбіў ваколіцы Брагіна, Лоева, Гомеля. Шляхта, каталіцкае духавенства і асабліва езуіты вынішчаліся. У чэрвені 1648 г. атрады Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Мікуліцкага, Няпаліча рассыпаліся па ўсяму Палессю і сталі захопліваць гарады - Рэчыцу, Мазыр, Кобрын, Бярэсце. Паплечнік Хмяльніцкага, беларус Сакалоўскі здолеў захапіць Бабруйск.
Кіраўніцтва ВкЛ вымушана было сазваць паспалітае рушэнне, але сабранае войска было разбіта ў верасні 1648 г. пад Кобрынам. Новую наёмную армію збіраў гетман Януш Радзівіл на асабістыя сродкі і грошы каталіцкай царквы. У гэты час выбухнула паўстанне ў Пінску. У кастрычніку 1648 г. мяшчане пад кіраўніцтвам рамесніка І. Шашэні вынішчылі езуітаў, шляхту ў горадзе і злучыліся з атрадам атамана Антона Нябабы. Першы ўрадавы атрад пад кіраўніцтвам пана Мірскага быў разбіты, але ў лістападзе 1648 г. падыйшлі галоўныя сілы на чале з Янушам Радзівілам. Горад быў узяты штурмам і ўвесь вынішчаны. Загінула каля 3 тыс. жыхароў. Радзівіл пачаў займаць паўднёвыя гарады і адразаць паўстанцаў і казакаў ад Украіны. Былі захоплены Тураў, Мазыр, Бабруйск. У Мазыры паўстанцы на чале з рамеснікам Іванам Сталяром і майстрам Седляром злучыліся з загонам атамана Міхненкі і запёрліся ў горадзе, адхіліўшы прапанову аб капітуляцыі. Штурм пачаўся 19 студзеня 1649 г., некалькі атак паўстанцы адбілі, але, схаваўшыся ў вазы з дравамі, атрады Радзівіла ўварваліся ў горад, разрабавалі яго, частку спалілі. У Бабруйску паўстанцы разам з казакамі атамана Паддубскага разбілі ўрадавы атрад пана Паца, тады горад у пачатку студзеня асадзіў атрад пана У. Валовіча. Чатыры тыдні асады не прынеслі поспеха Валовічу і на помач рушыў гетман Я. Радзівіл, тым не менш, сілаў на штурм не хапала. Радзівіл тайна пераманіў на свой бок заможных мяшчан і духавенства, і тыя ноччу 22 лютага адчынілі браму. Войска ўчыніла крывавую расправу, не пашчасціла і здраднікам. Кіраўнікі паўстання былі закатаваны страшнай смерцю. Так гетман Радзівіл выбіў казакаў з беларускіх гарадоў. Да вясны 1649 г. паўстанне пайшло на спад і Хмяльніцкі накіраваў новыя загоны на Беларусь. На тэрыторыю ВкЛ запарожцы перапраўляліся па бродах праз Днепр каля Лоева. Таму не выпадкова туды рушыў гетман ВкЛ Я. Радзівіл. Каля Лоева сканцэнтравалася вялікая казацкая сіла - атаманы і палкоўнікі Гаркуша, Падбайла, Міхаіл Крычэўскі (з беларусаў) з колькасцю казакаў каля 17 тыс. і сялян - 10 тыс. Паўстанцы 22 ліпеня атакавалі войскі Радзівіла, што збіраліся перайсці брод, але пацярпелі паражэнне. З гэтага часу дзеянні казакаў і паўстанцаў на Беларусі прынялі партызанскія формы. На Украіне дзеянні супраць палякаў так сама перапыніліся, бо ў жніўні 1649 г. быў падпісаны Збораўскі мір. Апошні не задаволіў казакаў, і Хмяльніцкі рыхтаваўся да новай вайны. Тым часам Ян Казімір паабяцаў амністыю ўдзельнікам паўстання, якія зложаць зброю, таму паўстанне на Беларусі стала сціхаць. Януш Радзівіл тым часам рыхтаваў пад Бабруйскам вялікае войска, якое павінна было з поўначы ўвайсці на Украіну. Калі ўлічваць антыпольскія настроі гетмана, то ён марыў аб вяртанні багатых украінскіх зямель у склад Вялікага княства, аднак мара не збылася.
У красавіку 1651 г. Хмяльніцкі аднавіў ваенныя дзеянні супраць палякаў, а на Беларусь паслаў заслон ад войск Радзівіла - загоны Нябабы і сына Юрыя. Казакі авалодалі Крычавам і зноў сустрэліся ў чэрвені на Дняпры з Радзівілам каля Лоеўскіх бродаў. Радзівіл зноў перамог казакаў і ўвайшоў на тэрыторыю Украіны, а 8 жніўня 1651 г. заняў Кіеў. Хмяльніцкі вымушаны быў падпісаць у верасні 1651 г. у г. Белая царква мірныя пагадненні, значна горшыя за папярэднія Збораўскія. Галоўнае для ВкЛ - ён выводзіў з беларускіх зямель усе атрады. Новы мір не пратрымаўся доўга - з 1653 г. ваенныя дзеянні казакаў аднавіліся, але зараз Хмяльніцкі прасіў дапамогі ў Масквы і атрымаў яе. Масква пайшла на чарговую вайну з Рэчу Паспалітай, а для Беларусі яна стала нацыянальнай катастрофай, “патопам”.
Вайна Масквы і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг., ці “патоп”. Хмяльніцкі прапанаваў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу Раманаву аб’яднаць з Расіяй Украіну і дапамагчы ў заваяванні Беларусі - так званай “спадчыны" рускіх цароў. На Земскім саборы ў Маскве 1 кастрычніка 1653 г. былі прыняты рашэнні аб прыняцці Украіны ў склад Расіі (з правам пэўнай аўтаноміі) і вайне “супраць Польшчы”. Адначасова маскоўскі ўрад яшчэ раз спрабаваў вырашыць “балтыйскае пытанне" - атрымаць выхад да Балтыйскага мора. У студзені 1654 г. Пераслаўская рада згадзілася на злучэнне Украіны з Расіяй.
У княстве ведалі пра набліжэнне вайны. Кіруючыя колы - гетман Януш Радзівіл рыхтаваў войска і крэпасці, наадварот, простае насельніцтва чакала прыходу “добрага цара”, да того ж аднаверца, праваслаўнага.
Да вясны 1654 г. рускія сканцэнтравалі тры арміі агульнай колькасцю каля 80 тыс. чалавек. З поўначы стаяў Шарамецеў з 20 тыс. (накірунак - Віцебск, Полацк, Падвінне); у цэнтры было 40 тыс. войска Чаркаскага, які павінен быў заняць Смаленск і ісці на Барысаў; на поўдні - 20 тыс. арміі Трубяцкога ў супрацоўніцтве з 20 тыс. казакаў Залатарэнкі павінны былі займаць беларускія гарады. Гэтай ардзе супрацьстаяла войска ВкЛ - 20 тыс наёмнікаў і 10 тыс. апалчэнцаў, так званае паспалітае рушэнне.
Ваенныя дзеянні пачаліся ў маі 1654 г. Рускія арміі хутка захапілі Падзвінне - частка гарадоў адчыняла брамы, частка супраціўлялася. Гарады, якія прыходзілася браць штурмам, вынішчаліся (Мсціслаў), і наадварот, мяккія адносіны спачатку былі да гарадоў і дваран, што не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях. У гэты час шляхта паказала сваю карыслівасць - яно прысягала рускаму цару і нават складала асобныя атрады ў складзе рускай арміі (так званая прысяжная шляхта). Але каталіцкае і ўніяцкае духавенства вынішчалася, не жалавалі яўрэяў. Пасля працяглых асад капітулявалі Магілёў (26 жніўня), Смаленск (23 верасня) і Віцебск (18 лістапада). Здача Смаленска па меркаванню шляхты адбылася ў выніку здрады ваяводы Абуховіча (аб гэтым распавядаецца ў “Лісце да Абуховіча”), але што мог зрабіць ваявода без войска і прыпасаў у дрэнна ўмацаванай крэпасці, на ўтрыманне якой агульны сейм Рэчы Паспалітай не выдзяляў грошы? Тым часам рускія арміі прадвігаліся ўглыб княства, войска канцлера ВкЛ Я. Радзівіла і гетмана В. Гансеўскага не магло стрымаць іх націск і даць генеральны бой, бо значныя страты былі б нават у выніку перамогі над адной з рускіх армій, а заставаліся яшчэ дзве і адкрыты прастор для іх дзеянняў. На поўдні Беларусі казакі Залатарэнкі занялі Гомель, Рэчыцу, Чачэрск і прасоўваліся ў напрамку Магілёва.
У гэты час з дазволу рускага цара магілёўскі шляхціц Канстанцін Паклонскі, які прысягнуў на вернасць Маскве, пачынае збіраць беларускі полк. Гэты полк (6 тыс. чалавек) удзельнічаў у штурме Магілёва, але дзякуючы Паклонскаму з горадам абышліся міласціва, нават захавалі самакіраванне. Абапіраючыся на Магілёў, Паклонскі ўмацоўвае свой полк, і тут ён сутыкаецца з інтарэсамі казакаў у Падняпроўі. Да таго ж і маскоўскія ўлады беспардоннымі паводзінамі і насіллем над жыхарамі адбіваюць у беларускага палкоўніка жаданне служыць акупантам. Паклонскі ўваходзіць у тайныя зносіны з Радзівілам, які восенню 1654 - зімой 1655 г. распачаў наступленне на пазіцыі рускіх. Радзівіл і Гансеўскі знялі аблогу са Старога Быхава, вызвалілі Оршу, Копысь, Дуброўна і падышлі да Магілёва. Ноччу 6 лютага 1655 г. Паклонскі адчыніў вароты горада, аднак далей знешнягя землянога вала войска ВкЛ пранікнуць не змагло. Радзівіл разам з Паклонскім адышлі да Бярэзіны, але канцлер Радзівіл падцвердзіў “палкоўніцтва" Паклонскага і ўзяў яго ў сваё войска.
Вясной 1655 г. пачалося новае наступленне рускай арміі. Былі заняты Мінск, Столін, Слонім, Клецк.26 ліпеня ў Ашмянскім павеце адбылася рашаючая бітва, ў якой войска Радзівіла было разбіта.31 ліпеня была захоплена і спалена Вільня, у жніўні Коўна і Гродна таксама былі акупіраваны. Уся Беларусь за выключэннем Старога Быхава, Бярэсця, Слуцка і Пінска кантралявалася маскоўскім царом. Гэта дало падставу Аляксею Міхайлавічу дадаць да свайго тытула, што ён самадзержац не толькі Вялікай, але яшчэ Малай і Белай Русі. Фактычна было абвешчана аб анэксіі тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.
Але становішча рускіх войск у ВкЛ было не такім трывалым. У адказ на рабаўніцтва і насільны вывад насельніцтва ў Расію пачаліся народныя паўстанні супраць рускіх. Восенню 1655 г. абвастрыліся адносіны паміж рускімі і казакамі І. Залатарэнкі, якія пратандавалі на далучэнне паўднёвай Беларусі да Украіны. У выніку сутычак, Залатарэнка быў забіты, і казакі адышлі да Хмяльніцкага. У тым жа 1655 г. шведы пачалі канцэнтраваць войскі ў Прыбалтыке - яны так сама распачалі вайну супраць Польшчы.
Кіраўніцтва ВкЛ у асобе канцлера Януша Радзівіла шукала выйсці з надзвычайна цяжкіх абставін. Выратаванне бачылася яму ў цесным саюзе са Швецыяй, нават у дзяржаўнай уніі з ёй.17 жніўня 1655 г. было заключана Кейданскае пагадненне аб пераходзе ВкЛ пад пратэктарат Швецыі, аб’яўляўся саюз супраць агульнага ворага, Швецыя абавязалася вярнуць ВкЛ страчаныя тэрыторыі. Люблінская ўнія касавалася. Кейданскую ўнію падпісала каля паўтысячы шляхціцаў і паноў, але астатнія захавалі вернасць каралю Яну Казіміру. Тым не менш, шведы выбілі рускіх з Браслава, Друі і Дрысы. Адначасова шведская армія захапіла ўсю Польшчу разам з Варшавай і Кракавам (кароль Ян Казімір схаваўся ў Сілезіі). Рэч Паспалітая аказалася падзеленай паміж Расіяй і Швецыяй, але згоды паміж імі не было - па Кейданскаму дагавору Швецыя павінна была адваяваць у Расіі тэрыторыю ВкЛ. Гэтым скарысталіся верныя каралю Яну Казіміру дзяржаўныя дзеячы, якія падпісалі ў кастрычніку 1656 г. перамір’е з Расіяй і саюз супраць Швецыі. Распачалася руска-шведская вайна 1657-1660 гг. і працягвалася польска-шведская вайна 1655-1660 гг. У Польшчы паднялося народнае паўстанне, і шведы былі выгнаны, рускія з пераменным поспехам дзейнічалі ў Лівоніі. Шведы ў красавіку 1656 г. вымушаны былі пакінуць тэрыторыю ВкЛ, што азначала канец Кейданскай уніі. Да таго, большая частка шляхты і паноў пад кіраўніцтвам Сапегаў выступіла супраць Януша Радзівіла і шведаў.
У 1657 г. памёр Б. Хмяльніцкі і сітуацыя на Украіне змянілася карэнным чынам. Новы гетман Іван Выгоўскі ў 1658 г. падпісаў з палякамі Гадзяцкі дагавор, па якому Украіна пераходзіла на бок Рэчы Паспалітай, і на Беларусі атрад казацкага палкоўніка Івана Нячая пачаў ваяваць супраць рускіх войск. Аднак у канцы 1659 г. атрад Нячая быў разбіты рускімі, а на Украіне гетмана Выгоўскага замянілі Юрыем Хмяльніцкім - сынам Багдана Хмяльніцкага. Ён аднавіў саюз з Масквой, але рэальнай помачы рускаму цару не аказваў. Тым часам з 1659 г. узнавіліся паходы рускіх войскаў на Беларусь, былі захоплены Гародня і Бярэсце. Зараз яны адкрыта рабавалі і вынішчалі гарады і вёскі, насельніцтва выводзілі ў палон, асабліва актыўна адшуквалі рамеснікаў і майстроў, якіх вывозілі ў Маскву. Аднак гэта былі апошнія поспехі акупантаў. Сярод іх - захоп 25 чэрвеня 1660 г. Пінска.
Вясной 1660 г. Рэч Паспалітая і Швецыя падпісалі Оліўскае пагадненне аб міры, па якому першая канчаткова адмаўлялася ад уладанняў у Прыбалтыке (Ліфляндыі). Тым жа годам (1660) Юры Хмяльніцкі так сама пайшоў на пагадненне з Польшчай, па якому ануляваліся рашэнні Пераслаўскай рады 1654 г. Рэч Паспалітая накіравала сілы супраць маскоўскіх войск. Руская армія на Украіне капітулявала амаль адразу, у 1660 г. У чэрвені 1660 г. войскі ВкЛ пад кіраўніцтвам П. Сапегі і полькае войска пад камандаваннем С. Чарнецкага ў некалькіх пераможных бітвах разбілі рускую армію.3 ліпеня 1660 г. быў вызвалены Мінск (на 1656 г. у ім лічылася толькі 156 жыхароў), рускія адступілі да Смаленска. У лютым 1661 г. супраць рускага гарнізона паўстаў Магілёў, па яго прыкладу адбыліся паўстанні ў Дзісне, Себежы, Гомелі і ншых гарадах. У пачатку лістапада пад Кушлікамі каля Дзісны была разбіта вялікая руская армія Хаванскага і Орды-Нашчокіна і другая армія каля Глыбокага, у выніку чаго была вызвалена 2 снежня сталіца ВкЛ Вільня. Далейшая барацьба прыняла зацяжны характар і доўжылася да 1667 г. У 1663 г. польская шляхта ў выніку мяцежа (“рокоша”) сарвала намер Яна Казіміра на генеральнае наступленне на Маскву, таму кароль пачаў перамовы, якія скончыліся 30 студзеня 1667 г. падпісаннем Андрусаўскага пагаднення аб перамір’і на 13,5 год. Згодна з яго ўмовамі, да Расіі адыходзіў Смаленск і Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам, так сама і левабярэжная Ўкраіна з Кіевам. Вялікі палон з беларусаў так сама заставаўся ў Маскве.
Для Беларусі вайна 1654-1667 гг. з’явілася нацыянальнай катастрофай. Калі ў 1650 г. у ёй было 2,9 млн. жыхароў, то ў 1673 засталося толькі 1,4 млн. Больш паловы насельніцтва было вынішчана казакамі, рускімі, шведскімі ці польскімі войскамі. Шмат гараджан, асабліва рамеснікаў было насільна вывезена ў Расію, дзе яны працавалі на цара і баяр. Частка палонных беларусаў прадавалася на рабскіх рынках прычарнаморскіх гарадоў. Гаспадарка ляжала ў руінах, поўнасцю было вынішчана адукаванае беларускага мяшчанства, таму менавіта з гэтага часу беларуская культура і мова канчаткова перайшлі ў разрад другараднай, “сялянскай”, не здолелі канкураваць з “панскай” польскай культурай. Разам з культурай і мовай была страчана нацыянальная ідэя беларусаў і ВкЛ - як пераважна беларускай дзяржавы.
У Рэчы Паспалітай магнацкая анархія дасягнула піку развіцця. Менавіта ў 1655 г. упершыню было выкарыстана права “liberum veta”, а у 1663 г. мяцеж шляхты сарваў падрыхтаваны паход на Маскву. Вайна спрыяла ўзвышэнню ролі магнатаў у вырашэнні дзяржаўных спраў. Мелкая і сярэдняя шляхта канчаткова збяднела і ў гаспадарчым плане поўнасцю залежыла ад магнатаў, якія захавалі большую частку багаццяў і памесці якіх былі разбураны толькі часткова. Кароль Ян Казімір, які бачыў гэты разлад у дзяржаве, у 1668 г. адмовіўся ад кароны і выехаў у Францыю.
На элекцыйным сейме ў 1669 г. нечакана для многіх каралём выбралі маладога Міхаіла Карыбута Вішнявецкага (1669-1673 гг.), багацейшага магната Рэчы Паспалітай, які валодаў вялікімі латыфундыямі на Украіне. Адразу пасля выбрання каралю прыйшлося ваяваць з Турцыяй, якая здолела захапіць Правябярэжную Украіну (Левабярэжная Украіна была ўжо ў складзе Расіі). Пад час вайны Вішнявецкі нечакана памёр у лістападзе 1673 г. На прастол Рэчы Паспалітай пратандавалі каля дзесяці кандыдатаў, але абраны быў каронны гетман Ян Сабескі (1674-1696 гг.), які вылучыўся перамогамі над туркамі. У знешняй палітыке галоўным напрамкам дзейнасці Сабескага быў паўднёвы. Кароль Рэчы Паспалітай скалочваў антытурэцкую кааліцыю з еўрапейскіх краін, у якую запрасілі і Расію.12 верасня 1686 г. з Масквой быў заключаны “вечны мір”, умовы якога паўтаралі ўмовы Андрусаўскага перамір’я.
Ва ўнутрананых справах вялікі ўплыў атрымалі магнацкія групоўкі і каталіцкая царква. Пасля вайны з Расіяй апошнія праваслаўныя шляхціцы перайшлі ў каталіцтва, а на праваслаўе пачалося наступленне. У 1668, 1674 і 1677 гг. прынятымі пастановамі значна абмяжоўваліся правы праваслаўных, ім забаранялася займаць дзяржаўныя пасады, пакідаць межы дзяржавы, праводзіць набажэнствы. У 1676 г. праваслаўныя брацтвы былі пазбаўлены права зносін з канстантынопальскім патрыярхам, у 1699 г. забаранялі праваслаўным займаць пасады ў магістратах. Адначасова прыніжалася роля ВкЛ у агульнай дзяржаве - Рэчы Паспалітай. Насуперак рашэнням Люблінскага сейму 1569 г. толькі кожны трэці сейм праходзіў у Гродна, але і гэта чаргаванне часта зрывалася. У 1696 г. беларуская мова была пазбаўлена статуса дзяржаўнай мовы ВкЛ на карысць польскай.
Свавольства магнатаў у ВкЛ асабліва выразным стала падчас новай элекцыі пасля смерці Яна Сабескага. Буйныя валоданні магнатаў - “дзяржавы" ўключалі сотні вёсак і гарадоў, у тым ліку былых дзяржаўных, перададзеных феадалам за ваенныя даўгі. У “дзяржавах” магнаты выдавалі асабістыя законы, трымалі прыватнае войска - “надворныя харугвы" з залежнай шляхты. Пакуль кіраваў Сабескі, пераважную ролю ў дзяржаўным жыцці ВкЛ мелі Сапегі. Радзівілы пасля Кейданскага дагавору са Швецыяй некаторы час вядучых роляў не займалі, але яны разам з Пацамі і Агінскімі былі вельмі незадаволены ўзвышэннем Сапегаў. Таму са смерцю Сабескага супраць іх выступілі астатнія магнаты княства. Пачатак грамадзянскай вайны супаў з выбраннем каралём Фрыдрыха Аўгуста ІІ Саксанскага (1697-1733 гг. з перарывам у 1706-1709 гг.), які атрымаў прозвішча Моцны. Аўгуст ІІ спрабаваў прымірыць бакі нават з дапамогай цара Пятра, але беспаспяхова. Надворныя харугвы магнатаў Агінскіх і Сапегаў палілі маёнткі адзін аднаго па ўсёй Беларусі. Толькі 18 лістапада 1700 г. варожыя бакі сышліся для бітвы пад Алькенікамі, у якой Сапегі былі разбіты і выгнаны з дзяржавы. Пры падтрымке Агінскіх Аўгуст ІІ стаў выношваць праект аб пераўтварэнні ВкЛ у самастойную спадчынную манархію, але гэта не спадабалася шляхце і іншым магнатам, якія звярнуліся за дапамогай да рускага цара, нават паабяцалі яму права пратэктарату над княствам. Тым часам выгнаныя Сапегі падаліся да шведскага караля Карла XII - як раз пачыналася Паўночная вайна 1700-1721 гг.
Паўночны саюз, складзены па прапанове рускага цара Пятра з Даніі, Саксоніі, Рэчы Паспалітай і Расіі павінен быў пакласці канец панаванню Швецыі на Балтыке - амаль усё ўзбярэжжа знаходзілася ва ўладанні Стакгольма. Рэч Паспалітая жадала вярнуць страчаную Лівонію (ці Ліфляндыю) і хутка ўвайшла ў саюз з Расіяй. Аднак пачатак вайны быў катастрафічны для саюзнікаў. Адным рэйдам Карл XII вывеў з вайны Данію, другім - разбіў рускіх пад Нарвай, трэцім - саксонцаў і палякаў пад Рыгай - усё ў 1700 г. У пачатку 1702 г. шведы разам з Сапегамі ўступілі на тэрыторыю ВкЛ, разрабавалі Гродна і яго наваколле, захапілі Вільна і Коўна. Войскі ВкЛ і Польшчы не рашаліся на бой са шведскім каралём. Пры падтрымцы Сапегаў і некаторых магнатаў, акупанты 13 ліпеня 1704 г. выбралі каралём Станіслава Ляшчынскага. Верная Аўгусту шляхта арганізавала ў тым жа 1704 г. Сандамірскую канфедэрацыю і запрасіла рускія войскі на дапамогу. Яшчэ раней, у 1703 г., гэта зрабіла Генеральная канфедэрацыя беларускай шляхты. Тэрыторыю краіны спусташалі не толькі шведскія інтэрвенты, але і свае феадалы рабавалі маёнткі сваіх жа суседзяў. Войскі Агінскага і Вішнявецкага цярпелі паразу за паразай ад шведскіх атрадаў. Хутка на Беларусі з’явілася яшчэ адна армія - руская. Восенню 1704 г. шасцідзесяцітысячная армія пад кіраўніцтвам Рапніна была ўжо на тэрыторыі ВкЛ. Разам з войскам некаторы час тут знаходзіўся і цар Пётр. Да канца лета 1705 г. уся тэрыторыя ВкЛ кантралявалася рускімі войскамі, але пасля некалькіх хуткіх удараў Карла XII рускія да 1706 г. былі выцяснены ў усходнюю Беларусь. Тым часам шведы ў 1706-1707 гг. спалілі Нясвіж, Клецк, Полацк, Наваградак і асадзілі Ляхавічы. У 1706 г. Карл XII прымусіў капітуляваць Аўгуста ІІ і падпісаць Альтранштацкі мір, па якому Аўгуст пазбаўляўся кароны Рэчы Паспалітай (захаваў толькі карону герцага саксонскага), разрываў саюз з Пятром, выплочваў значную кантрыбуцыю Швецыі. Але шляхта і магнаты Сандамірскай канфедэрацыі не прызналі гэты мір і працягвалі ваенныя дзеянні.
Пры адступленні руская армія спаліла Мсціслаў, Оршу, Віцебск, Магілёў. Таму галоўныя сілы шведаў накіраваліся на яшчэ неразрабаваную саюзную Украіну (гетман Мазепа быў саюзнікам Карла XII). На Украіну з Рыгі праз усю Беларусь накіраваўся вялізарны шведскі абоз з 7 тыс. павозак з ваеннай амуніцыяй пад аховай корпуса генерала Левенгаўпта.28 верасня 1708 г. каля вёскі Лясная рускія войскі захапілі абоз, а шведскі корпус быў разбіты. Хутка пад Палтавай Пётр перамог у генеральнай бітве Карла XII, які збег у Турцыю. Беларусь была ачышчана ад шведаў і прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага. Ян Сапега прасіў амністыі ў Пятра і 11 лістапада 1709 г. капітуляваў са сваёй арміяй у 15 тыс. штыкоў. “Вялікі" Варшаўскі сейм 1710 г. аднавіў на каралеўстве Аўгуста ІІ Моцнага. Межы Рэчы Паспалітай не змяніліся, але ў гарадах стаялі расійскія гарнізоны, а непаспеўшая аднавіцца пасля “патопу" гаспадарка зноў ляжала ў руінах. Колькасць насельніцтва зменьшылася з 2,2 млн. да 1,5 млн. - кожны трэці беларус загінуў пад час Паўночнай вайны і міжусобіц, што яе суправаджалі.
Пры падтрымке свайго сябра Пятра Аўгуст паспрабаваў узмацніць асабістую ўладу - у Еўропе ўсюды ўсталяваліся абсалютысцкія манархіі. Супраць гэтых намераў выступіў Людзвіг Пац і магнаты ВкЛ.23 сакавіка 1716 г. была ўтворана антыкаралеўская Канфедэрацыя ліцвінскай шляхты, якая выступала супраць моцнай каралеўскай улады і за захаванне “залатых шляхецкіх вольнасцяў”. Пры ўмяшальніцтве Пятра ў 1717 г. адбыўся так званы “нямы" сейм, які працягваўся толькі 7 гадзін і зацвердзіў умовы прымірэння караля і шляхты. Па яму захоўваліся ўсе шляхецкія вольнасці, значна абмяжоўвалася ўлада вышэйшых дзяржаўных асоб, асабліва гетмана, значна скарачалася воўска ВкЛ, яно налічвала не больш 6 тыс. чалавек. Відавочнай стала поўная залежнасць Рэчы Паспалітай ад расійскай дзяржавы, якая разам з іншымі суседкамі Польшчы і ВкЛ змовілася падтрымліваць бязладдзе ў дзяржаве. У 1720 г. такую дамову падпісалі Расія і Аўстрыя, а ў 1726 г. да іх далучылася Прусія. Далейшае караляванне Аўгуста ІІ было адзначана наступленнем на праваслаўе і ўніяцтва. Згодна з умовамі ўніяцкага сабора, які быў скліканы ў Замосці (Польшча), уніяцкая царква прымала ўсе дагматы каталіцкай царквы, уводзіўся цэлібат, уняцкія святары павінны былі апранацца як і каталіцкія, храмы перабудоўваліся на кшталт касцёлаў. У 1732 г. на варшаўскім сейме ўзяліся за праваслаўных. Было забаронена выбіраць іх на сеймы і ў склад трыбуналаў, прымаць на працу ў ваяводствах, гарадах і замках. Святары маглі праводзіць абрады толькі з дазволу ксяндзоў. Дзеці ў змешаных браках прымусова запісваліся каталікамі.
Пасля смерці Аўгуста ІІ у барацьбе з былым каралём Станіславам Ляшчынскім за карону Рэчы Паспалітай перамог сын першага Аўгуст ІІІ (1733-1763 гг.). Адзінае, што вызначае гэта кіраванне - адсутнасць войнаў. Гэта зразумела. Моцныя суседзі - Расія, Аўстрыя і Прусія не жадалі разбурэння слабай дзяржавы, якая была бар’ерам паміж імі. Аднак ва ўнутраных справах кароль не меў ніякіх рычагоў уціску. Аўгуст ІІІ увесь час жыў у Дрэздэне, сталіцы свайго герцагства, дзе ён быў абсалютным уладаром, а Рэч Паспалітую наведваў пад час сеймаў і паляванняў. Пасля яго смерці карона Рэчы Паспалітай пад уціскам Кацярыны ІІ, рускай імператрыцы, дасталася яе фаварыту Станіславу Аўгусту Панятоўскаму (1764-1795 гг.), які стаў апошнім каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем Літоўскім. Панятоўскі быў стаўленнікам Чартарыйскіх, якія ваявалі супраць Патоцкіх і іх кандыдата - Караля Радзівіла. Так, без міжусобіц не абыходзілася ні водная элекцыя - выбранне караля. Але на канвакацыйным і элекцыйным сеймах не дзейнічала права “liberum veto”, таму Чартарыйскія паспрабавалі правесці шэраг рэформ па ўмацаванню дзяржавы, якія шляхта правальвала на вальных сеймах. Перад выбраннем новага караля былі прыняты рашэнні: аб усталяванні рэгламенту сеймавых паседжанняў; аб адмене права “liberum veto” у вырашэнні гаспадарчых спраў; праведзены змены ў фінансавай і судовай сістэмах. Былі адменены ўнутраныя гандлёвыя пошліны, праведзена рэвізія дзяржаўных маёнткаў. На сейме 1766 г. шляхта адкрыта выступіла супраць гэтых рэформ, якія падрывалі “залатыя шляхецкія вольнасці" і запрасілі дапамогі ў Расіі. Рускі пасол Рапнін выставіў ультыматум - вярнуць “liberum veto” і ўраўняць “дысідэнтаў" - праваслаўных у правах з католікамі. У падтрымку гэтых патрабаванняў у 1767 г. былі створаны Слуцкая канфедэрацыя праваслаўнай шляхты і Торуньская канфедэрацыя пратэстанцкай шляхты. Патрабаванні Расіі былі прынятыя ў 1768 г., а рэформы Чартарыйскіх праваліліся. Але шляхта, падбухторваемая каталіцкімі святарамі, рашуча выступіла супраць ураўноўвання праваслаўных у правах з каталікамі. У лютым 1768 г. Юрыем Пуласкім была сабраная Барская канфедэрацыя - супраць праваслаўя і Расіі. Канфедэраты былі разбітыя ўрадавымі польскімі і рускімі войскамі, але паспелі ўцягнуць Расію ў вайну з Турцыяй, якую першая бліскуча выйграла. Адначасова рускія войскі нанеслі шэраг паражэнняў войскам канфедэратаў, якімі кіравалі Міхаіл Пац, Іосіф Сапега, Міхаіл Казімір Агінскі. Апошні быў разбіты А. Суворавам у кастрычніку 1772 г. пад Сталовічамі каля сучасных Баранавіч. Па прапанове Фрыдрыха ІІ, караля Прусіі, Расія ўзнагароджвалася за перамогу над туркамі ўсходнімі землямі Рэчы Паспалітай, ды і Прусія, разам з далучыўшайся да яе Аўстрыяй, атрымлівалі пэўныя тэрыторыі. Згодна з Пецярбургскай дамовай ад 5 жніўня 1772 г., Расія атрымала ўсходнія і паўночныя беларускія землі з Полацкам, Віцебскам (Полацкая губерня), Оршай, Магілёвам, Гомелем (Магілёўская губерня) і захоўвала агульны пратэктарат над Рэччу Паспалітай. Гэта быў пачатак канца агульнай дзяржавы Польшчы і ВкЛ.
Раздзел дзяржавы астудзіў частку шляхты і магнатаў, і яны пайшлі на некаторыя рэформы. У 1773 г. маёмасць забароненага рымскім папай ордэна езуітаў была перададзена створанай па ініцыятыве Іаахіма Храптовіча Адукацыйнай камісіі - першаму ў Еўропе свецкаму міністэрству адукацыі. Камісія пачала праводзіць рэформу адукацыі. У тым жа годзе зноў абмежавалі “liberum veto” па гаспадарчых пытаннях; стварылі Скарбовую камісію, якая кіравала дзяржаўнымі фінансамі і выконвала судовыя функцыі па фінансавых справах і наглядала за гандлем. У 1775 г. была створана Пастаянная рада пры каралю з ліку 18 сенатараў. Яны вырашалі пытанні сазыву сеймаў, прызначалі на дзяржаўныя пасады, пякліся аб дзяржаўнай бяспецы. Акрамя таго, у 1775 г. была ўведзена адзіная Генеральная мытная пошліна, абавязковая для ўсіх, хто займаецца знешнім гандлем - у тым ліку і караля з феадаламі; была ўведзена адзіная працэнтная стаўка па пазыкам; шляхце дазвалялася адкрыта займацца гандлем, а мяшчанам набываць зямельную маёмасць. У чэрвені 1791 г. у Пінску была сабрана Генеральная кангрэгацыя іерархаў праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, якой дазволена было абраць трох епіскапаў, мітрапаліта. Царква была падначалена Канстантынопальскаму патрыярху. Гэтым праваслаўныя выводзіліся з падначалення рускаму Свяцейшаму Сіноду.
Найбольш паслядоўныя рэформы звязаны з дзейнасцю Чатырохгадовага сейма 1788-1792 гг. Гэта рэформа адміністрацыйнага падзелу; утварэнне цывільна-ваенных камісій; але галоўная падзея сейма - гэта прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Згодна з ёй: адмянялась выбарнасць караля - улада перадавалась па спадчыне; адмянялася права “liberum veto”; забараняліся шляхецкія канфедэрацыі; выканаўчая ўлада перадавалася каралю і Радзе, якая складалася з прымаса і пяці міністраў; захоўваліся ўсе прывілегіі шляхты, але на выбарах у сейм маглі ўдзельнічаць толькі землеўладальнікі; сейм стаў заканадаўчай уладай, у яго склад уключаліся прадстаўнікі мяшчанства, абвяшчалася свабода гарадоў; значна павялічвалася колькасць войска, ліквідаваліся прыватныя арміі; касавалася Вялікае княства Літоўскае - Рэч Паспалітая абвяшчалася ўнітарнай дзяржавай аднаго народа (вядома, польскага); забаранялася ўладальнікам забіваць сваіх сялян, яны браліся пад ахову дзяржавы. Так, разам з прагрэсійнымі рысамі канстытуцыя некаторых пытаннях была значна абмежаванай.
Магнаты і беззямельная шляхта рашуча выступілі супраць канстытуцыі, яны прызвалі на дапамогу Кацярыну ІІ. У маі 1792 г. у Таргавіцах абвешчаны акт канфедэрацыі супраць улады, канстытуцыі, за вяртанне шляхецкіх вольнасцяў. Адначасова з тымі ж мэтамі была ўтворана самастойная Генеральная канфедэрацыя ВкЛ. Пад абаронай рускіх вайскаў канфедэраты хутка забралі ўладу ў дзяржаве, да канфедэратаў далучыўся і кароль. Усе рэформы былі адменены, але расійскія войскі, заняўшы ўсю Беларусь, Падолле і Варшаву чакалі. Хутка паміж Расіяў і Прусіяй узнікла дамоўленасць аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Ён адбыўся ў 1793 г. Паводле Пецярбургскага пагаднення да Расіі адышла цэнтральная Беларусь з Мінскам, Барысавам, Пінскам, Слуцкам (Мінская губерня), а таксама Правабярэжная Украіна. Прусія забрала Торунь і Гданьск з прылеглымі тэрыторыямі. На “нямым” сейме ў Гродне ў 1793 г. акт падзелу пад рускімі штыкамі быў зацверджаны шляхтай. Сярод патрыятычнай шляхты дзеянні Расіі і Прусіі вызвала выбух недавольства.24 сакавіка 1794 г. пачалося паўстанне, кіраўніцтва якім узяў Тадэвуш Касцюшка, беларускі шляхціц і вядомы дзеяч вайны за незалежнасць Паўночнай Амерыкі. “Кракаўскі акт паўстання" абяцаў вярнуць Канстытуцыю 3 мая 1791 г., вызваліць тэрыторыю дзяржавы ад іншаземных войскаў і замацаваць суверэнітэт Рэчы Паспалітай. Пасля перамогі паўстання ў Варшаве, 23 красавіка паўстала Вільня. Кіраваў паўстаннем у ВкЛ Якуб Ясінскі, прыхільнік рашучых радыкальных пераўтварэнняў у рэчышчы Французскай рэвалюцыі. Вільня была ачышчана ад рускіх войск, была створана Найвышэйшая літоўская рада - орган кіраўніцтва паўстаннем у ВкЛ. Паўстанцам спрыяў поспех - рускія войскі былі выціснуты за мяжу першага падзела, да войскаў Ясінскага далучыўся гетман ВкЛ Міхаіл Казімір Агінскі. Каб прыцягнуць на свой бок сялян, Касцюшка выдаў “Паланецкі ўніверсал”, згодна якому сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, вызваляліся ад прыгонніцтва. Каб вырашаць спрэчкі паміж панамі і сялянамі ўводзілася пасада дазорцаў. Аднак магнаты і паны сабатавалі выкананне палажэнняў універсала, а рускія ўлады паабяцалі сялянам землі канфіскаваных панскіх маёнткаў, таму сялян сярод паўстанцаў было меньш, чым разлічваў Касцюшка. Да таго сялянам не давалі ружжаў, яны былі ўзброены пераважна косамі, ад чаго іх празвалі касінеры. Магнаты так сама абвінавацілі паляка Якуба Ясінскага ў “літоўскім сепаратызме" і змясцілі яго з кіравання паўстаннем на тэрыторыі ВкЛ. Замест Найвышэйшай літоўскай рады была выбрана Цэнтральная дэпутацыя ВкЛ, ваенным кіраўніком прызначылі Вельгорскага. Аднак ён разам з Сапегам, Хлявінскім, Агінскім і іншымі не змаглі супрацьстаяць рэгулярнай рускай арміі.4 верасня пад Любанью, 17 верасня ў Крупчыцкім баю (Сувораў-Серакоўскі), 10 кастрычніка ў Мацяевіцкай бітве (Сувораў-Касцюшка) паўстанцы былі разбітыя, 23 кастрычніка захоплена Варшава, а 16 лістапада апошнія паўстанцы рассеяны. Так барацьба “памяркоўнага" крыла з “радыкальным” паскорыла разгром паўстанцаў.
Па выніках ваенных дзеянняў, Прусія, Расія і Аўстрыя канчаткова ліквідавалі Рэч Паспалітую як дзяржаву. Расія забрала Заходнюю Беларусь з гарадамі Гродна і Брэст (Слонімская губерня) і частку сучаснай Літвы (Віленская губерня). Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адрокся ад кароны на карысць Кацярыны ІІ і праз некалькі год ціха скончыў жыццё ў Гродне.
Прычын падзелаў Рэчы Паспалітай было шмат. Найбольш значныя з іх: імкненне Прусіі атрымаць прамы выхад да Ўсходняй Прусіі; імкненне ўрадаў Расіі, Аўстрыі і Прусіі не дапусціць распаўсюджванне ідэй Французскай рэвалюцыі, якія найшлі адлюстраванне ў Канстытуцыі 3 мая 1791 г.; незадавальненне памкненнямі кіраючых колаў Рэчы Паспалітай узмацніць дзяржаву; прэтэндаванне Расіі на “спадчыну маскоўскіх князёў” - Беларусь і Ўкраіну; існаванне “дысідэнцкага пытання" - непасрэднай зачэпкі для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Польшчы і ВкЛ.
3. Гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у другой палове XVI - першай палове XVII ст.
Станаўленне фальваркава-паншчынай гаспадаркі. Аграрная рэформа 1557 г. З канца XV ст. у Заходняй Еўропе з ростам насельніцтва, асабліва гарадскога і хуткім развіццем гаспадаркі ўзрос попыт на зерне і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Вялікае княства Літоўскае, гаспадарка якога была звязана з еўрапейскай, адрэагавала адпаведна попыту суседзяў. З мэтай атрымаць больш прадукцыі была праведзена рэарганізацыя сельскай гаспадаркі. Прычынамі рэарганізацыі былі рост попыту на зерне на міжнародным рынку; архаічная, стракатая сістэма абкладання павіннасцямі, што толькі прыблізна ўлічвала рэсурсы адзінкі падаткаабкладання; цяжкі фінансавы стан скарбу ВкЛ.
Каб павялічыць даходы з дзяржаўных зямель, вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст ажыццяўляе ў дзяржаўных маентках рэформу, якая атрымала назву "валочная памера". Асноўны дакумент рэформы - інструкцыя "Ўставы на валокі", які датаваны 1 красавіком 1557 г. На яго падставе была праведзена суцэльная рэвізія дзяржаўных і вялікакняскіх уладанняў. У 1568 г. усе дзяржаўныя ўладанні заходняй часткі княства былі ахоплены рэформай.
Асноўныя прынцыпы рэформы:
дакладны ўліку зямель;
абкладанне сялян павіннасцямі прапарцыянальна занятай зямлі;
вылучэнне адзінай пазямельнай меры - валокі;
за карыстанне валокай вызначаліся пэўныя павіннасці.
Пад час рэформы ўся зямля ў маёнтку дзялілася на валокі, лепшыя з якіх адводзіліся пад вялікакняжацкія гаспадаркі - фальваркі. Астатнія раздаваліся сялянам у падворнае землекарыстанне. Суадносіны велічыні фальваркавага і сялянскага ворыва ў дзяржаўным маентку вызначаліся 1: 7. Гэта значыць, апрацоўку адной фальваркавай валокі рабілі сем сялянскіх валок. Сялянская сям'я ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, магчымасцяў апрацоўкі (колькасці рабочых рук, цяглавай жывёлы, прылад працы) атрымлівала валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна ўстаноўленыя павіннасці. Сялянскі надзел падзяляўся на тры часткі. Гэта забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, што спрыяла росту ўраджайнасці. Рэформа спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.
Валочныя надзелы падзяляліся на цяглыя (паншчынныя), асадныя (чыншавыя), вольныя (для сялян-слуг, што вызваляліся ад спецыфічных павіннасцей сялян іншых катэгорый). Цяглыя сяляне абавязваліся адпрацоўваць паншчыну два дні на тыдзень, выходзіць на гвалты і талокі. Асадныя сяляне павінны былі плаціць чынш па 30 грошаў з кожнай валокі, адбываць за год 12 талок, або плаціць за іх 12 грошаў, замест гвалтоў даваць 10 грошаў. Кошт сялянскіх павіннасцяў з валокі сярэдняй якасці глебы складаў значную суму.
Пры правядзенні рэформы не было рэгламентацыі або абмежаваіняў у надзяленні сялян зямлёй. Сялянская гаспадарка магла ўзяць валоку ці яе частку. Валока складала 30 моргаў, ці 21,36 га. Па якасці глебы валокі былі “добрыя”, “сярэднія”, “дрэнныя” і “вельмі дрэнныя”. Агульны памер павіннасцяў упершыню быў абумоўлены памерам надзелу і якасцю глебы.
Вынікі правядзення рэформы:
сяляне страцілі правы на зямельныя ўчасткі, якія традыцыйна лічыліся ў іх спадчынным валоданні;
іх палеткі ў большасці сталі меншымі - сем’і не маглі выканаць усе павіннасці, якія прызначаліся з ранейшых надзелаў;
асноўнымі формамі павіннасці стала паншчына на захадзе, на ўсходзе - грашовы чынш;
з'явіліся пустыя валокі, якія ўтварылі рэзервовы зямельны фонд;
павялічыліся даходы дзяржаўнага скарбу;
прынцыпы рэфармавання былі пераняты прыватнымі землеўладальнікамі, у першую чаргу буйнымі;
на захадзе і ў цэнтры Беларусі, дзе імкліва ствараліся фальваркі, сялянская абшчына была разбурана, на ўсходзе яна захавалася, але была падпарадкавана феадалам.
Правядзенне рэформы, яе тэмпы былі розныя ў тых ці іншых рэгіёнах Беларусі. У цэнтры і на захадзе памешчыцкія гаспадаркі былі цесна звязаны з рынкам, яны актыўна выкарыстоўвалі сваё права бяспошліннага гандлю. Рэформа тут была завершана да канца XVI ст. На паўночным усходзе Беларусі, дзе ішла Лівонская вайна (1558-1583 гг.) і землі спусташаліся войскамі Івана Жахлівага, а таксама на ўсходзе, дзе Вялікае княства межавала з Маскоўскай дзяржавай, вялікі князь і феадалы не маглі ажыццяўляць пераўтварэнні так паслядоўна і актыўна, як на захадзе. Фальваркавая сістэма не стала тут пераважнай. Насельніцтва ў асноўным пераводзілася з даніны на чынш. Валочны надзел на ўсходзе шырока зацвердзіўся толькі ў першай палове XVII ст., рэформа зацягнулася больш чым на сто гадоў.
Правядзенне аграрнай рэформы і ўпарадкаванне павіннасцяў суправаджалася замацаваннем сялян за зямлёй, ператварэннем розных іх катэгорый у адзін клас-саслоўе - прыгоннае сялянства.
Прыгонны стан сялянства замацоўваўся заканадаўча на працягу некаторага часу:
Прывілей 1447 г., пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла ў значную залежнасць ад яго рашэнняў сялян.
Першы Статут ВкЛ 1529 г. адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на зямлю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала. "Уставай на валокі" (1557 г.) дзяржаўныя сяляне фактычна замацоўваліся за зямельнымі надзеламі.
Другі Статут ВкЛ 1566 г. замацоўваў 10-гадовы тэрмін пошуку беглых ці крадзеных сялян і адміністрацыйныя пакаранні супраць тых, хто іх хаваў. Забаранялася хаваць сялян у гарадах.
Трэці Статут ВкЛ (1588 г.) падоўжыў тэрмін пошуку беглых да 20 гадоў, канчаткова пазбаўляў сялян права пераходу ад феадала і залічваў у стан непахожых людзей тых, хто пражываў на зямлі феадала 10 гадоў. Тэарэтычна селянін мог адкупіцца, заплаціўшы 10 коп грошай, а таксама ўсе пазыкі і дапамогі, якія ён атрымаў ад пана, аднак выплаціць такія грошы было вельмі цяжка.
У канцы XVI - першай палове XVII ст. у ВкЛ канчаткова фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Селянін быў пазбаўлены права свабодна распараджацца сваёй спрадвечнай маёмасцю. Селянін стаў аб’ектам залогу, куплі-продажу як з зямлёй, так і без яе. Феадал мог судзіць селяніна.
Сістэма пазямельных адносін, якая стыхійна складвалася на працягу стагоддзяў, у ходзе аграрнай рэформы другой паловы XVI - першай паловы XVII ст. была ўпарадкавана. Адзінкай падаткаабкладання стала валока зямлі. Сялянскія сем’і замацоўваліся за валокай ці яе часткай, станавіліся як бы дадаткам да яе, часткай уласнасці землеўладальніка. Замест натуральнай панскай гаспадаркі ўтварылася таварная гаспадарка, арыентаваная на вытворчасць зерня для продажу. На Беларусі такая гаспадарка звалася фальваркава-паншчыннай, ад назвы панскага ці дзяржаўнага маёнтка і галоўнай формы павіннасці сялян.
Гарадское жыцце. У цэлым да сярэдзіны XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім налічвалася 757 гарадоў і мястэчак, з іх 467 былі на тэрыторыі Беларусі. Большасць гарадоў і каля палавіны мястэчак належалі вялікаму князю літоўскаму. Астатнія былі прыватнаўласніцкімі. Прыватнаму ўласніку магла належыць частка вольнага ці вялікакняжацкага горада з насельніцтвам. Гэтая частка мела статус юрыдыкі, яе насельніцтва не падпарадкоўвалася гарадскім ці княжацкім уладам, з іх не спаганяліся гарадскія падаткі. Юрыдыкі наносілі цяжкія страты гарадской гаспадарке, гараджане выступалі за іх ліквідацыю, але беспаспяхова.
Новая прыкмета гарадскога жыцця - з’яўленне мястэчак - невялікіх пасяленняў, насельніцтва якіх займалася рамествамі, гандлем і сялянскай працай. Мястэчкі ўзнікалі на тэрыторыях ранейшых вёсак, на важных сухапутных ці рачных гандлёвых шляхах.
Значнае развіцце атрымаў гандаль. Хутка развіваліся гандлёвыя адносіны ўнутры дзяржавы. Гэтаму паспрыяла пачаўшаяся спецыялізацыя рэгіёнаў Беларусі. Слуцк спецыялізаваўся на металаапрацоўке, Магілеў - на скарняжным рамястве, Гродна - на мылаварэнні і г. д. Гандлёвыя адносіны паміж рэгіёнамі стымулявалі будаўніцтва дарог-гасцінцаў. Хутка раслі абароты купцоў-госцяў, што гандлявалі з замежнымі краінамі. Пасля правядзення аграрнай рэформы ў ВкЛ значна вырасла колькасць сельскагаспадарчай прадукцыі, якая ішла на продаж за мяжу. На экспарт ішло жыта, лён, льняное семя, пянька сала, воск, лес, скуры, смала, дзегаць, хмель, попел. З-за мяжы прывозілі жалеза, медзь, волава, свінец, вырабы з металу, зброю, сукно, перац, віна, соль. Значна пашырыўся пасрэдніцкі гандаль расійскімі таварамі - воскам і асабліва футрам каштоўных жывел. У знешнім гандле пераважалі купцы-госці з Полацка і Магілёва. У мясцовым гандле купцы спецыялізаваліся на продажы асобных відаў тавару. Мелкім гандлем займаліся карабейнікі-шоты.
Антыфеадальная барацьба. Рост эксплуатацыі сялянства на працягу першай паловы XVI ст. прывяло да росту антыфеадальных выступленняў і супраціўленню сялян правядзенню аграрнай рэформы. Формамі супраціўленняў сялян былі скаргі на феадалаў і княжацкіх чыноўнікаў, адмова выконваць павіннасці, уцёкі ад феадала ці з дзяржаўнага маёнтка, нярэдка і разбой. Выступленні жорстка караліся - ад штрафавання да пакарання смерцю.
Вялікія памеры набыло антыфеадальнае казацка-сялянскае выступленне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі. У 1595 г. Налівайка ўзняў паўстанне казакаў і сялян у Правабярэжнай Украіне. Хутка ён перайшоў на тэрыторыю Беларусі, дзе да яго далучыліся мясцовыя сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Паўстанцы ўзялі Петрыкаў, Слуцк (6 лістапада), Магілёў (13 снежня). Пасля Буйніцкай бітвы каля Магілёва супраць значна большых урадавых войскаў, якія вымушаны былі адыйсці, узялі Давыд-Гарадок, Тураў, Пінск. Вясной 1596 г. Налівайка быў разбіты на Ўкраіне войскам гетмана С. Жалкеўскага і пакараны смерцю ў Варшаве. Паўстанне паказала ступень незадаволенасці, што склалася ў грамадстве на той час. Акрамя сацыяльнай напружанасці існавала і рэлігійная - было забаронена праваслаўе, панавала контррэфармацыя. Частка насельніцтва была незадаволена стратай незалежнасці Вялікім княствам, ростам уплыву палякаў на справы краіны. Гэтыя прычыны разам з эканамічнымі выклікалі некалькі паўстанняў гараджан на пачатку XVII ст. Сярод іх вылучаліся выступленні гараджан Магілёва ў 1606 і 1610 гг. супраць гарадскіх вярхоў у асобе магістрата. Пад час выступленняў нават было зменена кіраўніцтва ў горадзе з багатых на бедных.
4. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII - XVIII ст.
Эканамічны заняпад Беларусі ў другой палове XVII - першай палове XVIII ст. Другая палова XVII - першая палова XVIII ст. - гэта перыяд глыбокага эканамічнага заняпада.
Прычынамі заняпаду былі вынішчальныя войны: антыфеадальная 1648-1654 гг.; вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг.; польска-шведская 1655-1660 гг.; Паўночная вайна 1700-1721 гг. Іх вынікам было поўнае разбурэнне гарадоў і сельскай гаспадаркі, асабліва ў усходніх і паўночных раёнах. Рэзка скарацілася колькасць насельніцтва. Калі ў 1654 г. на Беларусі было каля 2,9 млн. жыхароў, у 1667 г. - каля 1,400 млн. Абязлюдзелі ўсходнія і паўночныя паветы Беларусі. Да 1700 г. колькасць насельніцтва ўзрасла да 2,2 млн, але пасля Паўночнай вайны - зменшылася да 1,5 млн. чалавек. Не было працаўнікоў, таму значна зменшылася колькасць ворыўных зямель і колькасць цяглавай жывёлы. Плошчы палеткаў на Беларусі скараціліся больш чым на палову. Феадалы часова ішлі на ўступкі сялянам, асабліва ва ўсходніх раёнах, якія асабліва пацярпелі ад вайны. Але з аднаўленнем гаспадаркі ўзмацнялася феадальная эксплуатацыя сялянства. Павялічваліся памеры павіннасцей: адпрацовачнай, грашовай і натуральнай. У цяглых сялян на захадзе і ў цэнтры Беларусі пераважала адпрацовачная, у чыншавых (больш на ўсходзе) - грашовая. Асабліва цяжкае становішча было ў тых сялян, што працавалі на землях феадалаў-арандатараў. Арандатар, які імкнуўся за час свайго ўладання атрымаць ад маёнткаў найбольшы даход, нярэдка павялічваў павіннасці звыш усякіх нормаў.
Не спрыяла гаспадарчаму развіццю няўстойлівая палітычная абстаноўка. Немач цэнтральнай улады выклікала ўзброеную барацьбу магнацкіх груповак за ўплыў на дзяржаўныя справы. Так, у канцы XVII - пачатку XVIII ст. найбольш адыёзныя формы набыла барацьба Сапегаў і Радзівілаў, што праходзіла на фоне Паўночнай вайны. Войскі магнатаў вынішчалі маёнткі сапернікаў, жадая падарваць эканамічную моц ворага. Тым часам падрывалася моц усей дзяржавы.
Сельская гаспадарка. Аднаўленне гаспадаркі пачалося на Беларусі ў пачатку XVIII ст. з галоўнай галіны - сельскай гаспадаркі. Зацікаўлены ў гэтым былі феадальныя ўласнікі - шляхта, магнаты, кароль і царква, у руках якіх знаходзілася галоўнае багацце - зямля і прыгоннае сялянства.
Дробная шляхта гаспадарыла на невялікіх участках зямлі і валодала нязначнай колькасцю сялян. Маёнтак сярэдняга шляхціца складалі некалькі вёсак. Буйнымі землеўладальнікамі былі магнаты, уласнікі вялікіх зямельных латыфундый, у склад якіх уваходзілі некалькі дзесяткаў ці нават соцень вёсак. У канцы XVIII ст.16 магнацкім сем’ям (Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Чартарыйскім і інш.) належала на Беларусі 30% усіх сялян.
Буйнейшым феадальным уласнікам быў кароль Рэчы Паспалітай. Маёнткі, якімі ён распараджаўся, называліся каралеўскімі эканоміямі. Самымі вялікімі каралеўскімі ўладаннямі на ўсходзе Беларусі была Магілёўская эканомія, якая ў пачатку XVII ст. налічвала толькі ворнай зямлі 126 тыс. га. Вялікія землеўладанні належалі каталіцкай і ўніяцкай царквам. Пад час аднаўлення сельскай гаспадаркі феадальная знаць выкарыстоўвала ў асноўным два метады: перавод сялян на грашовы аброк - чынш і пашырэнне фальварка.
Грашовы аброк ужываўся часцей там, дзе разбурэнне было асабліва вялікім і востра не хапала рабочых рук. У гэтых маёнтках памешчыкі вымушаны былі адмаўляцца ад самастойнага вядзення гаспадаркі, перадавалі часова зямлю сваіх фальваркаў сялянам і пераводзілі іх з паншчыны на чынш. Чыншавыя стаўкі былі неаднолькавымі ў розных уладаннях, але досыць высокімі - 30-60 злотых з валокі. Але большасць землеўладальнікаў імкнуліся захаваць свае фальваркі.
Развіццё фальварачных запашак пераважала там, дзе насельніцтва, якое хоць і памяншалася, але ў масе сваёй заставалася на месцы. Другая ўмова - памешчык павінен быў мець сродкі для вядзення сваёй гаспадаркі ў фальварку. Па-ранейшаму сеялі азімае жыта (яно займала да 50% усёй плошчы пасеваў), авёс, ячмень, грэчку, а на поўдні Беларусі - проса. Лён і каноплі займалі нязначнае месца ў панскіх пасевах. З-за недахопу рабочых рук і невялікай колькасці жывёлы зямля дрэнна апрацоўвалася і ўгнойвалася, таму сярэдняя ўраджайнасць асноўных культур у фальварках знізілася і складала сам 2-3.
У 30-40-я гг. XVIII ст. фальварачныя гаспадаркі ўзмацніліся на захадзе і ў цэнтральнай частцы Беларусі. Для аднаўлення фальваркаў патрэбны былі грашовыя сродкі, якіх у памешчыкаў пастаянна не хапала. Таму з другой паловы XVII ст. стала шырока прадтыкавацца перадача маёнтка ў арэнду або залог. Арандатарамі былі шляхціцы, а часам і купцы, пераважала кароткатэрміновая арэнда на 1-3 гады.
Паступова ўзнаўлялася і сялянская гаспадарка. Сяляне пашыралі яе шляхам запашкі пазанадзельнай зямлі, з якой яны не плацілі падаткі (бо ўтойвалі), ці плацілі невялікія падаткі. У аднаўленчы перыяд дзяржаўная ўлада і феадалы, каб хутчэй узняць пустоты, уводзілі розныя льготы для сялян, якія бралі для апрацоўкі дадатковы надзел. Такая палітыка станоўча ўплывала на стан сялянскай гаспадаркі і садзейнічала эканамічнаму ўздыму краіны ў цэлым.
Сялянскія надзелы дзяліліся на цяглавыя, за якія ў асноўным выконвалася паншчына, і чыншавыя, за якія галоўным чынам сяляне плацілі грашовы аброк. Дапаўняла іх дзякла. У цэлым па Беларусі ў большасці былі цяглавыя сялянскія гаспадаркі. У сувязі з гаспадарчым разбурэннем павялічылася колькасць сялян, не меўшых амаль ніякіх сродкаў вытворчасці.
Паншчына. Яе адбывалі круглы год і мужчыны і жанчыны, са сваей рабочай жывёлай. Памеры яе вызначаліся з улікам магчымасці селяніну весці сваю гаспадарку. За разглядаемы перыяд памер паншчыны павялічыўся амаль у 3 разы, дасягаючы фантастычных лічбаў 24 дні на тыдні з валокі (маентак Блювенічы Лідскага павету на 1746 г.).
У разбураных маентках і дзеля наваселаў рабіліся палегкі - у некалькі разоў памеры павіннасцяў памяньшаліся, але на непрацяглы час.
Гвалты, талокі, згоны - работы ўсей сялянскай сям’ей на жніве, сенакосах, узворванні зямлі феадала. Колькасць гвалтоў часцей за ўсе вызначалося ў 12 на год дзеля сялянскай гаспадаркі. Адзін гвалт мог працягвацца тры дні (маентак Глыбокае Ашмянскага павета, 1702 г.).
Падводная павіннасць - на сваей жывёле дастаўляць панскія грузы да прыстані ці ў гандлевыя цэнтры - ажно да Круляўца (зараз Калінінград). Замест паездкі пан мог спаганяць грашовы эквівалент адпрацоўкі, і ен быў вельмі вялікі.
Шарваркі - павіннасць заключалася ў рамонце і будаўніцтве дарог-гасцінцаў, мастоў, маенткаў. Мелі нерэгулярны характар.
Акрамя таго, сяляне адбывалі старажоўшчыну (розныя гаспадарчыя работы ў двары феадала па чарзе сялянамі адной вескі), начную варту, яны сплаўлялі лес і іншыя грузы ў парты Прыбалтыкі, удзельнічалі ў аблавах пад час панскага палявання і інш., жанчыны прапалвалі агароды, ткалі, мылі для панскага двара. Пад час святаў сяляне павінны былі паднасіць абавязковае “каляднае" і “валачобнае" - пэўную колькасць птушкі і яек.
Грашовыя падаткі: Чынш - галоўны падатак для сялян чыншавых. Памер чыншу ў разглядаемы перыяд павялічыўся з улікам інфляцыі амаль у два разы (з 30 злотых у 1682 г. да 120 злотых у 1750-х гг., Крычаўскае стараства). Жорнавае - спаганялася панам за права карыстацца сваімі жорнамі. Угайнае, ялавічнае, вепраўшчызна - грашовыя падаткі за права карыстацца ляснымі ўгоддзямі. Чапавое - падата за права вырабляць алкаголь. Куніца - плата за дазвол выйсці замуж у іншую воласць. Усяго налічваецца каля 56 найменаванняў грашовых спагнанняў.
Дзяржаўны падатак - падымнае - штогод уносіўся с кожнага дыма. Гіберна, што змяніла серабшчызну, ішла на ўтрыманне войска (спаганялася з дзяржаўных сялян). Рэйтаршчызна - ішла на ўтрыманне магнацкага прыватнага войска. На карысць ваенных спаганяліся з сялян стацыі (натуральны падатак) пад час кватаравання ў той мясцовасці войскаў.
Агульны пералік падаткаў немагчымы, бо іх існавала каля 120-140. Максімальныя памеры падаткаў вызначаліся ў інвентарах. Але яны паўсюдна парушаліся арандатарамі і адміністрацыяй маенткаў. Улады, што абараніла бы селяніна - не было.
Сялянскія паўстанні. Паўстанне ў Крычаўскім старастве 1743-1744 гг. Доўгія гады сяляне Крычаўскага стараства вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства кіраўніцтва стараства (старастам быў г. Радзівіл) і арандатараў. Звычайныя формы барацьбы - скаргі, адмовы выконваць павіннасці, уцёкі, вынікаў не давалі. У канцы 1743 г. выбухнула ўзброенае паўстанне. Узначаліў выступленне сялян Васіль Вашчыла і яго паплечнікі: Іван Карпач, Стэсь Бачко, Васіль Вецер. Сяляне і мяшчане Крычава прагналі радзівілавых арандатараў, замест іх абралі са свайго кола. Паўстанцы разграмілі двары найбольш адыёзных шляхціцаў і ліхвяроў і падзялілі маёмасць. Былі знішчаны судовыя і даўгавыя кнігі. На разгром паўстання Радзівіл накіраваў у студзене 1744 г. значны вайсковы атрад на чале з паўкоўнікам Пястжэцкім. Калі галоўныя сілы паўстанцаў былі далёка ад Крычава, Пястжэцкі захапіў горад.18 студзеня адбыўся няўдалы штурм горада, добра ўзброены атрад Пястжэцкага (меліся нават гарматы) адбіў напад дрэнна ўзброенай беднаты. Паўстанцы разбілі лагер каля вёскі Царковішча і пачалі рыхтавацца да асады Крычаўскага замка. У ноч на 26 студзеня, напярэдадні асады, Пястжэцкі нечакана напаў на лагер і разбіў сялянскае войска, кіраўнікі паўстання былі захоплены і жорстка пакараны. У пачатку лютага паўстанне было канчаткова задушана. Неарганізаванасць, стыхійнасць і лакальнасць - прыкметы амаль усіх сялянскіх паўстанняў, з-за якіх яны не маглі скончыцца перамогай. Але Радзівіл пайшоў на ўступкі: ён замяніў прымусовыя работы грашовым чыншам, зняў абмежаванні для сялян у гандлі, на некаторы час не здаваў староства ў арэнду.
Не меньш моцным было паўстанне на Каменшчыне 1754-1756 гг. Хваляванні сялян ва ўладаннях Віленскага капітула на Мазыршчыне пачаліся яшчэ ў 1736 г., у 1754 яны перараслі ва ўзброенае паўстанне. Гэтаму паспрыяла пашырэнне на поўдзень Беларусі гайдамацкага руха, што ўзнік на Ўкраіне. Геранім Радзівіл паслаў войскі на задушэнне паўстання, але сяляне аказалі яму сур’ёзнае супраціўленне пад Славечнам. Толькі ў 1756 г. паўстанне было задушана.
Горад. Войны сярэдзіны XVII ст. і Паўночная вайна нанеслі гарадам і мястэчкам Беларусі яшчэ большую страту, чым сельскай мясцовасці. Была разбурана большасць гарадоў, а некаторыя цалкам разграблены і спалены. Пад час расійскай акупацыі 1654-1667 гг. рамеснікі прымусова вывозіліся ў Расію, дзе працавалі на карысць ужо расейскай гаспадаркі. Такім чынам беларускія землі страцілі тую аснову, на якой магла з’явіцца нацыянальная буржуазія і далей развівацца нацыянальная дзяржаўнасць.
Гарады знаходзіліся ў глыбокім заняпадзе, унутраны рынак звузіўся, было падарвана развіццё рамяства. Частка застаўшыхся гарадскіх рамеснікаў была вымушана перасяляцца ў вёску або заняцца сельскай гаспадаркай у горадзе, бо не было заказаў пакупнікоў. Колькасць рамеснікаў у гарадах Беларусі рэзка зменьшылася. У Гродне, напрыклад, у 1650 г. было 130 рамеснікаў, а ў 1680 г. засталося толькі 12. Ва ўмовах бязладдзя феадалы рабавалі купецкія абозы, рабілі “наезды" на рынкі і гарады, патрабавалі ад апошніх выкупы. Ствараліся прыватныя ўнутраныя мытні ва ўладаннях магнатаў. Значна выраслі падаткі з гарадоў, і адначасова раслі юрыдыкі, часткі гарадоў, якія належылі феадалам і не падпарадкоўваліся магістрату, з іх не спаганяліся дзяржаўныя падаткі.
З аднаўленнем прадукцыйных сілаў у вёсцы паступова пачынае адраджацца гаспадарка гарадскіх паселішчаў. Хутчэй, чым іншыя, адбудоўваюцца буйныя гарады на галоўных гандлевых шляхах - Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Наваградак - у іх лягчэй было абмежаваць феадальнае свавольства. У гэтых гарадах расце рамесная вытворчасць, адмячаецца адраджэнне спецыялізацыі раёнаў. У Віцебску ў першай палове XVIII ст. пашыралася гарбарная вытворчасць, апрацоўка мінеральнай сыравіны і дрэва. Вялікім попытам карысталіся магілёўскія пальчаткі і мыла, слуцкія пярсцёнкі, вырабы мінскіх рымароў.
Адраджэнне рамяства суправаджалася аднаўленнем арганізацый рамеснікаў - цэхаў. Адначасова ўзрастае роля скупшчыка-пасрэдніка паміж вытворцам і рынкам. Гэтай справай займаюцца не толькі гандлевыя людзі, але і майстры, цэхмістры. Цэхі ўжо не ахопліваюць большасць рамеснікаў горада, і адносіны паміж цэхамі і нецэхавымі вытворцамі абвастраюцца.
Новае ў эканамічным жыцці - гэта з’яўленне мануфактурнай вытворчасці, пераважна ў мястэчках і сельскай мясцовасці. Яны належылі ў асноўным магнатам, таму зваліся вотчыннымі мануфактурамі. Там іх працы не перашкаджалі цэхі. Першыя мануфактуры ўзніклі ў мястэчку Ўрэчча Бабруйскага павета (шкляныя вырабы і люстэркі) і ў мястэчку Свержань (фарфоравыя вырабы) у 30-я гг. XVIII ст. Належылі яны Радзівілам. Акрамя таго, гэтыя магнаты валодалі мануфактурамі ў Нясвіжы і Слуцку, якія выраблялі шаўковыя паясы, шкляной мануфактурай у Налібоках і іншымі. У сярэдзіне стагоддзя на 53 мануфактурах працавала 2400 рабочых, але большая частка з іх - гэта прыгонныя.
Гандаль. У сярэдзіне XVII ст. прыкметна звузіўся памер унутранага і знешняга гандлю. Прычынамі быў агульны заняпад гаспадаркі ў выніку шматлікіх войнаў; збядненне асноўнай масы насельніцтва; вузкасць унутранага рынку; абмежаванні на гандаль для сялянства; змяньшэнне ролі Беларусі як пасрэдніка ў расейскім знешнім гандлю.
З сярэдзіны XVIII ст. гандаль у гарадах некалькі ажывіўся за кошт вывазу вырабаў сельскай гаспадаркі і лясных промыслаў. Увозілі тканіны, палотны, жалеза і вырабы з яго, медзь, розныя галантарэйныя вырабы. Пашырыліся гандлевыя сувязі з Прыбалтыкай і Расіяй.
Сярэдзіна XVII - першая палова XVIII ст. - гэта перыяд развалу ўсяго гаспадарчага жыцця Беларусі і пачатак аднаўлення яе эканомікі. Але да сярэдзіны XVIII ст. гаспрадарка не дасягнула яшчэ ўзроўню сярэдзіны XVII ст.
5. Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове XVIII ст.
У другой палове XVIII ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі Беларусі. Прычынамі ажыўлення былі: дэмаграфічная, звязана з хуткім ростам насельніцтва, ў 1791 - налічвалася звыш 3,6 млн. жыхароў на беларускіх землях. Да канца XVIII ст. насельніцтва беларускай вёскі ўжо перавысіла ўзровень 1648 г., а гарадскія жыхары склалі каля 11% ад усяго насельніцтва. Як вынік, павялічылася вытворчасць сельскай гаспадаркі і прамысловасці.
Другая прычына - узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Спрос на прадукцыю сяла павялічваўся таму, што ўзрасло насельніцтва гарадоў. Знешні гандаль значна ажывіўся, таму што рэзка выраслі цэны на збожжа (на жыта павялічыліся ў 4,5-5, пшаніцу ў 3-4, а на авёс і ячмень у 2-2,5 разы) на замежным рынку ў другой палове XVIII ст. Таму феадалы пашыралі ўласные фальваркі, пасевы збожжавых культур.
Трэцяя прычына звязана з унутрыпалітычнымі змяненнямі ў Рэчы Паспалітай. Павялічвалася зацікаўленасць у бесперашкодным развіцці рынку, паляпшэнні агульных умоў развіцця эканомікі краіны. Магнаты і феадалы-прадпрымальнікі імкнуліся да пэўнага ўрэгулявання ўнутрыдзяржаўнага ладу. Пад іх уздзеяннем у 60-70-я гг. XVIII ст. былі праведзены гаспадарча-адміністрацыйныя рэформы, якія ўзмацнілі цэнтральны апарат дзяржаўнай улады: на сеймах абмяжоўвалася прымяненне вета па фінансавых справах, былі створаны адміністрацыйныя органы па галінах кіравання, заснавана Скарбавая камісія - спецыяльны дзяржаўны орган па кіраванні фінансамі, ажыццяўленні судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем.
У 1775 г. былі выдадзены законы, якія дазвалялі беларускім мяшчанам набываць феадальныя маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страт сваіх шляхецкіх правоў. Значнай колькасці багатых мяшчан прысвоена званне шляхты.
Чацвертая прычына - гэта меры з боку дзяржавы па развіцці гандлю і сродкаў зносін. У другой палове XVIII ст. пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты. Праводзяцца работы па ачыстцы і рэгуліроўцы рэк, збудаванню рачных партоў, будаўніцтву дарог і мастоў. У 1784 г. закончана будаўніцтва канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1781-1784 гг. быў пабудаваны другі канал, які адкрываў шлях з Прыпяці ў Заходні Буг.
У 1766 г. уводзяцца адзіныя для Вялікага княства Літоўскага меры вагі, аб’ёму і даўжыні. У 1764 г., а потым у 1775 г. урад Рэчы Паспалітай уводзіць "генеральную мытную пошліну", абавязковую для ўсіх, і адмяняе ўнутраныя пошліны. Тады ж сойм уводзіць даўгавы працэнт у памеры не больш як 6% на карысць духоўных і не больш 7% для свецкіх крэдытораў.
Меры вярхоўнай улады садзейнічалі эканамічнаму развіццю Беларусі, у тым ліку і сельскай гаспадаркі. Гэта праявілася ў:
пашырэнні фальварачнай запашкі на захадзе і ў цэнтры Беларусі;
у асваенні новых зямель;
узнікненні новых фальваркаў;
удасканаленні агратэхнікі;
у росце пагалоўя хатняй жывёлы;
у павышэнні ўраджайнасці, якая дасягнула сам-4;
павялічэнні таварнасці вотчыннай сельскай гаспадаркі, пашырэнні яе сувязяў з рынкам.
Сельская гаспадарка. На гэты час ва ўладаннях феадалаў на ўсходзе Беларусі, як і раней, фальварачна-паншчынная гаспадарка не атрымала шырокага развіцця. Прычынамі гэтага былі аддаленнасць рэгіёна ад цэнтра дзяржавы; частыя ваенныя канфлікты; нізкая шчыльнасць насельніцтва.
У другой палове XVIII ст. ліквідуюцца вынікі разарэння і ў сялянскіх гаспадарках. Ураджаі былі ніжэй, чым на панскім полі, але ўжо складалі сам 3-3,5. Сяляне асвойвалі пустуючыя землі, а таксама расчышчалі ад лесу новыя плошчы. Сярэдні зямельны надзел прыватнаўласных сялян у другой палове XVIII ст. у цэлым па Беларусі склаў 0,63 валокі (больш чым 13,4 га) на адну гаспадарку. Ён быў большым, чым у перыяд войнаў і разбурэнняў, але яшчэ не дасягнуў узроўню даваеннага часу. На ўсходзе Беларусі сярэдні зямельны надзел быў некалькі большым, чым у заходніх і цэнтральных рэгіёнах. Пры аброчнай сістэме гаспадарання, якая пераважала на ўсходзе, у сяляніна была магчымасць апрацоўваць большую дзялянку зямлі.
Значна павялічылася ў другой палове XVIII ст. і колькасць цяглавай жывёлы ў сялянскіх гаспадарках. Гаспадароў, што не мелі коней амаль не было.
Сялянскія павіннасці заставаліся тымі ж, але змяніліся іх памеры. Узрасла паншчына, на трэць і больш павялічыўся грашовы аброк у чыншавых сялян. У цэлым сялянскія павіннасці ў гэты час павялічыліся ў сярэднім ў 1,5 разы ў параўнанні з папярэднім перыядам.
Паглыбленне эканамічнай дыферэнцыяцыі, выкарыстанне ў некаторых памешчыцкіх маёнтках разам з паншчынай і наёмнай працай, зараджэнне вотчыннай прамысловасці, рост сельскай гаспадаркі сведчылі аб тым, што пачалося разлажэнне феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі. У другой палове XVIII ст. была адноўлена рашаючая ў той час галіна эканомікі Беларусі - сельская гаспадарка: на захадзе і ў цэнтры - да 60-х гг., на ўсходзе - да 70-х гг.
Гарады. Да канца XVIII ст. была адноўлена большасць гарадскіх паселішчаў. На Беларусі налічваўся 41 горад і каля 397 мястэчак з агульнай колькасцю жыхароў каля 370 тыс., што складала каля 11% усяго насельніцтва. Аднак агульная колькасць гарадоў да канца XVIII ст. не дасягнула ўзроўню першай паловы XVII ст.
Галоўную ролю адыгрывалі вялікія гарады на галоўных гандлевых шляхах - Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск. Рамеснае насельніцтва ў вялікіх гарадах складала 30-40%, у малых 10-25% ад агульнай колькасці жыхароў. Акрамя рамяства важным заняткам жыхароў гарадоў заставалася сельская гаспадарка, а таксама розныя промыслы - рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.
Самая вялікая рамесная група - апрацоўшчыкі металаў. У сярэднім яны складалі 20-30% ад агульнай колькасці рамеснага насельніцтва гарадоў. Гэта кавалі, слесары, залатых і сярэбраных спраў майстры, ювеліры, меднікі, бляхары і майстры зброевай справы. Другая група - рамеснікі па скураным вырабе. У Мінску іх было каля 22% ад усіх рамеснікаў. Трэцяя - майстры па вырабе адзення: краўцы, ткачы, прадзільшчыцы, суконшчыцы, шапачнікі, шубнікі і інш. Іх было значна менш. Чацвёртая - рамеснікі будаўнічых спецыяльнасцяў: цесляры, столяры, цагельнікі, муляры, печнікі, шкляры. Значная частка гарадскіх рамеснікаў займалася вырабам прадуктаў харчавання. Па буйных гарадах налічвалася да 45-60 рамесных прафесій.
Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым рамяством, але колькасць цэхаў змяньшалася да канца XVIII ст. Адначасова расла колькасць рамеснікаў, якія працавалі па-за межамі цэха. Яны пачалі выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Такое становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала разбурэнню сярэдневяковай арганізацыі вытворчасці.
У XVIII ст. на Беларусі з’явілася мануфактурная вытворчасць, заснаваная на раздзяленні працы і ручной тэхніцы. Для іх характэрна выкарыстоўванне прасцейшых машын і значныя рыначныя сувязі. Першыя прадпрыемствы адчынялі буйныя феадалы, якія мелі магчымасці для арганізацыі мануфактур у сваіх маёнтках і танную рабочую сілу - прыгонных сялян (такія прадпрыемствы зваліся вотчыннымі мануфактурамі). Акрамя магнатаў, актыўны ўдзел у развіцці мануфактурнай вытворчасці прымаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст. Па яго загаду галоўны ўпраўляючы эканоміямі, якія належалі каралю ў Беларусі і Літве Антонію Тызенгаузу, у 60-70-я гг. XVIII ст. заснаваў больш за 20 буйных прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку больш за 15 мануфактур у Гродне, а ў Брэсцкай эканоміі - металургічны завод у Рудні і суконную фабрыку ў Брэсце. У канцы XVIII ст. на Беларусі дзейнічалі звыш 50 прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу.
Гандаль. Ажывіліся гандлёвыя аперацыі як на ўнутранным рынку так і са знешнімі рынкамі толькі ў другой палове XVIII ст. Гэтаму садзейнічала ўзнаўленне сельскай гаспадаркі; уздым рамеснай вытворчасці і развіццё мануфактуры; пашырэнне таварна-грашовых адносін; паляпшэнне сродкаў зносін.
У развіцці ўнутранага гандлю асноўная роля належыла кірмашам. Найбольш буйнымі былі кірмашы ў Мінску, Шклове, Бешанковічах і Зэльве. Рэгулярны гандаль праз крамы ажыццяўляўся пры буйных мануфактурах у Гродне, Кобрыне, Паставах і іншых гарадах.
Знешні гандаль - гэта вываз традыцыйных тавараў: збожжа, воску, мёду, шчаціння, скары. Пашырыўся вываз льну, пянькі, канаплянага і льнянога семя, зерня, лясных матэрыялаў, паташу, смалы, дзёгця, рагожы. Асноўнымі пунктамі вывазу былі балтыйскія порты Гданьск, Крулявец, Рыга. Паралельна пашыраліся гандлёвыя сувязі з Расіяй і Ўкраінай.
Такім чынам, у другой палове XVIII ст. Беларусь зрабіла значны крок наперад у сваім эканамічным развіцці. Завяршылася аднаўленне рашаючай галіны эканомікі - сельскай гаспадаркі. Наглядаюцца далейшы рост рамяства і паступовае перарастанне яго ў дробную таварную вытворчасць. Больш шырокае развіццё набывае працэс стварэння прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу, якія ў большай ступені былі звязаны з рынкам. Актывізуецца гандаль, умацоўваюцца і пашыраюцца гаспадарчыя сувязі Беларусі з іншымі краінамі.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.1-5; Т.6. Кн.1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.
2. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф. - Мн., 2005. - 235 с.
3. Хрестоматия по истории Белоруссии с древнейших времен до 1917 г. / Сост.А.П. Игнатенко, В.Н. Сидорцов. Мн.: Университетское, 1977.472 с.
4. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Доўнар-Запольскі М.В. - Мінск, 1994.
5. Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. Мн.: Ліманарыўс, 2001. - 384 с.
6. Эканамічная гісторыя Беларусі / Пад рэд. В.І. Галубовіча. Мінск, 1996.
7. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.