Реферат: Творчасць Леапольда Іванавіча Родзевіча
Творчасць Леапольда Іванавіча Родзевіча
родзевіч драматургія гумар пісьменнік
Леапольд Іванавіч Родзевіч (1895–1938), адзін з вядомых пісьменнікаў-нашаніўцаў, нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 г. у фальварку Кур'янаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Лагойскі раён Мінскай вобласці) у сям'і збяднелага шляхціца, якая к гэтаму часу практычна асялянілася.
Сям'я была каталіцкая, мела шмат польскіх кніг, але разам з тым не цуралася і беларускай мовы, а таксама сваёй роднай культуры. Леапольд, як падай са слоў старэйшай сястры пісьменніка Яніны вядомая польская даследчыца беларускай і польскай палітычнай гісторыі А. Бергман, меў з дзяцінства скрытны характар, любіў адзіноту і па гэтай прычыне часта хаваўся ад сям'і, каб пабыць сам-насам. З задавальненнем чытаў, добра маляваў, любіў забаўляць малых дзетак і мог гадзінамі слухаць песні, казкі, розныя гісторыі, што спявалі і расказвалі маці з бабуляй. Леапольд вельмі любіў сваю маму і, заўважым, быў на яе вельмі падобны з выгляду. Надзвычай пяшчотныя адносіны да маці выліліся ў факт прысвячэння ёй першага паэтычнага зборніка пісьменніка «Беларусь».
Першай сур'ёзнай жыццёвай прыступкай стала для Л. Родзевіча паспяховае сканчэнне пачатковай школы ў мястэчку Крайск (адсюль, відаць, і адзін са шматлікіх псеўданімаў Леапольда Іванавіча – Крайскі). Затым будучы пісьменнік і актыўны дзеяч заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху падаўся ў Вілейку, дзе працягваў сваю вучобу ў гарадскім вучылішчы, а затым з-за матэрыяльных нястач вымушаны быў пайсці працаваць (спачатку рабочым на цукеркавай фабрыцы, затым чарцёжнікам пры зямельнай камісіі Сялянскага банка). Праз некаторы час здаў экзамены на атэстат сталасці. Віленскае грамадска-культурнае жыццё адразу ж захапіла маладога Л. Родзевіча. Яго самога (ці разам з братам Чэславам) часта можна было сустрэць у рэдакцыі «Нашай Нівы» (у гэтай газеце ён з 1911 г. пачаў рэгулярна змяшчаць свае допісы і творы), у таварыстве 6еларускіх культурнікаў і літаратараў, на вечарынах-прадстаўленнях і іншых мерапрыемствах, што ладзіліся нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыяй. Як піша П. Мядзёлка ў сваіх успамінах, Л. Родзевіча ў кампаніі М. Гарэцкага і З. Бядулі можна было часта бачыць у цукерні «Зялёны Штраль», якая была адным з месцаў сустрэчы і гутарак беларускай творчай інтэлігенцыі. Усе трое Родзевічаў – Чэслаў, Яніна і Леапольд – становяцца членамі калектыву I. Буйніцкага.
Несумненна, што ўражанні ад першых беларускіх вечарын-прадстаўленняў, у якіх Л. Родзевіч браў самы актыўны ўдзел, развілі ў ім цікавасць да тэатра, пэўным чынам падштурхнулі да напісання сцэнічных твораў. Першай ластаўкай стала п'еса «Блуднікі» (1912), якая засведчыла, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты пісьменнік-драматург, які, заўважым, толькі-толькі дасягнуў к гэтаму часу свайго паўналецця.
Наступная поўнаметражная драма Л. Родзевіча (у 1914 г. у «Нашай ніве» быў змешчаны аднаактовы абразок-замалёўка пісьменніка «Марцовы снег») «Пакрыўджаныя» (1916) – твор, цікавы паводле сваёй праблематыкі і своеасаблівы ў плане выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў, агульнай танальнасці (у гэтай п’есе шмат сімвалаў, манера пісьма аўтара наскрозь рамантычная) – пацвердзіла, што аўтар яе валодае самабытным драматургічным талентам.
Удзелу ў першай сусветнай вайне Л. Родзевіч не прымаў па прычыне хваробы. Яму аперыравалі стрававод і з мэтай далейшага лячэння Леапольд напярэдадні (ці адразу пасля) кастрычніцкіх падзей выехаў на Паўночны Каўказ, у Георгіеўск, дзе жыла сястра Яніна. Працаваў некаторы час у кандытарскім кааператыве. З прыходам белых быў мабілізаваны ў іх войска, адкуль неўзабаве ўцёк і накіраваўся ў Мінск. Там у гэты час гаспадарылі жаўнеры Пілсудскага. Месяцы з два Л. Родзевіч працаваў пісарам у Беларускай вайсковай камісіі (уваходзіла ў склад акупацыйнай арміі), рэшту часу – у гарадской бібліятэцы. Актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці не прымаў. Але многа пісаў. У газеце «Беларусь» і некаторых іншых перыядычных выданнях 1919–1920 гг., у альманахах і зборніках гэтага часу было змешчана каля паўтара дзесятка драматычных твораў Л. Родзевіча. Гэта класічныя беларускія жарты-вадэвілі «Збянтэжаны Саўка», «Пасланец», «Конскі партрэт», аднаактовыя п’есы і драматургічныя абразкі «У кавалёвай хаце», «Калыханка», «На шляху да сонца», «Сказ аб гуслях», «Стараста», драматызаваныя апавяданні «Разбітая ваза», «На рацэ зімой», «Змярканне», «Беларуская казка». Амаль усе з названых твораў з'явіліся непасрэдным водгукам аўтара на драматычныя падзеі 1919–1920 гг. на Беларусі, калі ў пэўнай ступені вырашалася яе будучыня. Вядома, пісаліся ў гэты складаны і неспакойны час і вершы, увайшоўшыя пазней у зборнік «Беларусь».
1921-шы год у жыцці Л. Родзевіча з'явіўся ў пэўным сэнсе пераломным. Пасля ўсталявання савецкай улады ў Мінску ён прыязджае ў родныя мясціны і некаторы час працуе там настаўнікам мясцовай сямігодкі. Як толькі быў заключаны Рыжскі мір, Л. Родзевіч з родных мясцін, якія засталіся пад Саветамі, накіроўваецца ў Вільню, дзе адразу ж актыўна ўключаецца ў беларускае грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Зроблены Л. Родзевічам выбар не на карысць савецкага Мінска, дзе, заўважым, застаўся старэйшы брат Чэслаў, быў абумоўлены хутчэй за ўсё тым, што Леапольд, балесна ўлюбёны ў Беларусь, не прымаў савецка-польскай дамовы, варожа адносіўся да абодвух «гістарычных» прэтэндэнтаў на беларускія землі. Менавіта такую пазіцыю адразу пасля свайго ўтварэння (крыху пазней дадзеная пазіцыя перацернпіць істотныя змены) заняла Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, адным з духоўных айцоў якой якраз і стаў Л. Родзевіч. Крыху забягаючы наперад, адзначым, што з цягам часу ў негатыўных ці, скажам так, не надта прыязных адносінах Л. Родзевіча да бальшавікоў (а што яны мелі месца, у гэтым не прыходзіцца сумнявацца; дадзены факт канстатуе не толькі грамадска-палітычная дзейнасць пісьменніка, але і яго мастацкая творчасць, хоць бы тая ж камедыя «П.С.Х.») адбылося істотнае «пацяпленне», і асабліва пасля тага, як у БССР была распачата беларусізацыя. А затым Л. Родзевіч і зусім пяройдзе на бальшавіцкія пазіцыя. Але, заўважым, артадаксальным бальшавіком ніколі не будзе.
У Вільні Л. Родзевіч далучаецца да рэдагавання і выдання газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Наш сцяг», удзельнічае ў закладанні БРА (Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі), працуе ў так званай «драматычнай майстэрні», прымае самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з выбарамі ў польскі сейм у 1922 г., наладзіўшы пры гэтым сувязь з віленскім камуністычным падполлем, якое крыху пазней, у канцы 1923 г., дапаможа яму з прычыны пастаянных паліцэйскіх праследаванняў пакінуць Вільню і перабрацца ў Мінск.
Другі віленскі перыяд, нягледзячы на шэраг не надта прыемных момантаў, звязаных з матэрыяльнымі нястачамі, пэўнымі неладамі са здароўем, агульнай жыццёвай неўладкаванасцю, пастаяннымі паліцэйскімі праследаваннямі (у пачатку 1922 г. пісьменнік за нейкі «крамольны» газетны матэрыял нават адседзеў некалькі тыдняў у Лукішках), быў для Л. Родзевіча ў цэлым даволі плённым. За гэты час ён вырас як палітычны дзеяч, а ранейшую літаратурную рэпутацыю яшчэ больш памножыў і стала замацаваў за сабой. Л. Родзевіч стаў вядомым і ўплывовым беларускім літаратарам, вакол якога пачалі гуртавацца лепшыя пісьменніцкія сілы. Ён, можна сказаць, замяніў сабою М. Гарэцкага, якога польскія ўлады выслалі з Вільні ў пачатку 1922 г. Драматычныя творы пісьменніка, яго вершы, апавяданні, публіцыстычныя артыкулы рэгулярна з'яўляюцца на старонках заходнебеларускай перыёдыкі. У 1922 г. у Вільні пабачыў свет першы паэтычны зборнік Л. Родзевіча пад назвай «Беларусь». Годам раней былі надрукаваны ў Мінску «Пакрыўджаныя». Асобным выданнем выйшла аднаактоўка «П.С.X.», за якую пісьменнік атрымаў прэмію Беларускага грамадзянскага сходу ў Вільні. З самага лепшага боку характарызуе Л. Родзевіча і той факт, што ён клапаціўся аб выданні твораў маладых, пачынаючых аўтараў. У прыватнасці, менавіта дзякуючы яго клопатам і старанням у 1923 г. у Вільні былі надрукаваны паэтычныя зборнікі «Строма» У. Дубоўкі, «Уяўленне» і «На ростані» У. Жылкі.
У Мінску Л. Родзевіч доўга не затрымаўся. У хуткім часе ён быў накіраваны ў Маскву на вучобу. Там, у Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду, Л. Родзевіч, не будучы яшчэ фармальна камуністам (пагадняльная канферэнцыя паміж БРА і КПЗБ адбылася толькі ў снежні 1923 г.), пачынае грунтоўна знаёміцца з самым папулярным вучэннем і ідэалогіяй XX стагоддзя. «Смакую і паважаю марксізм. Паглядай, браце, і ты ў гэты бок», – раіць ён У. Жылку. Не пакідае Л. Родзевіч і творчасці. Піша вершы, апавяданні (дарэчы, адно з іх пад назвай «Пакой №184» адлюстроўвае заняткі і быт тагачасных маскоўскіх студэнтаў, да якіх можна было залічваць і Л. Родзевіча), друкуецца ў альманахах і зборніках. Сустракаецца з беларускімі літаратарамі, і асабліва часта з У. Дубоўкам.
Летам 1924 г. Л. Родзевіч вяртаецца ў Мінск, адкуль яго адразу ж накіроўваюць на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Леапольда Іванавіча абіраюць першым сакратаром Гродзенскага акружкама КПЗБ, акрамя таго, кааптуюць у склад ЦК КПЗБ, тым самым ліквідоўваючы пэўную несправядлівасць у дачыненні да яго як да аднаго з арганізатараў і духоўных бацькоў БРА. Аднак сакратаром акружкама быць доўга Л. Родзевічу не давялося, бо яго як прафесійнага журналіста накіроўваюць на працу ў Цэнтральную рэдакцыю КПЗБ у Вільні. Дадзены горад даўно ўжо стаў для Л. Родзевіча родным, аднак на гэты раз яму па канспіратыўных прычынах прыйшлося знаходзіцца тут у пэўнай ізаляцыі ад тутэйшага беларускага інтэлігенцкага асяродку. Пайшла праца над артыкуламі, дакументамі, адозвамі, тлумачэннямі тэкстаў і г. д. Родзевіч-пісьменнік паступова ператвараецца ў палітычнага функцыянера. Займацца літаратурай, вядома, не перастаў, аднак сапраўдная творчасць пачала пакрысе адыходзіць на задні план.
3 1926 г. і да самага арышту Л. Родзевіч жыве і працуе ў Мінску. Асноўнай з'яўлялася праца ў замежнай рэдакцыі ЦК КПЗБ; акрамя таго, на грамадскіх пачатках ён узначальвае Камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Акадэміі навук БССР. Л. Родзевіч становіцца фактычным кіраўніком рэдакцыі, рэдагуе цэнтральныя друкаваныя органы КПЗБ «Бальшавік», «Чырвоны сцяг» і іншыя, рэгулярна змяшчаючы ў іх уласныя матэрыялы адпаведнага характару і зместу пад псеўданімамі Сталевіч, Ігнат, Антось, Васіль, Васіль Бедны, Васіль Касагар. Публіцыстычныя артыкулы, а часам і апавяданні, вершы Л. Родзевіча на заходнебеларускую тэматыку даволі часта друкуе перыёдыка Савецкай Беларусі. Пачынаючы з 1924 г., Л. Родзевіч удзельнічае ва ўсіх партыйных форумах КПЗБ, выступае на іх з дакладамі і паведамленнямі, бярэ ўдзел у дыскусіях. Зазначым, што ў апараце ЦК КПЗБ даволі высока цанілі Л. Родзевіча як спецыяліста па пытаннях заходнебеларускай культуры, друку, аграрнай палітыкі. Разам з тым і яму прыйшлося выпраўляць уласныя светапоглядныя «памылкі», каяцца ў неіснуючых грахах, нават у пэўным сэнсе закрэсліць сваё юнацтва: «У цягнік, які імчыць па сацыялістычнаму шляху, нельга ўлезці з нашаніўскім багажом. Кампартыя, якая кіруе гэтым цягніком, рашуча выкідвае нашаніўскі, буржуазны баласт пад колы цягніка».
Па прыездзе ў 1926 г. у Мінск Л. Родзевіч атрымаў у пэўным сэнсе тое, аб чым даўно марыў: наладжаны быт і спрыяльныя ўмовы для творчасці, у тым ліку і адзіноту, абумоўленую патрэбамі канспірацыі. Але гэтая адзінота перарасла з цягам часу ў ізаляцыю, бо сустракацца з ім маглі толькі, як правіла, людзі з апарату ЦК КПЗБ, і то не ўсе. Невялічкім акенцам у свет з'яўляліся брат Чэслаў, які працаваў у Народным камісарыяце земляробства, і яго сям'я. Але гэта было ўсяго толькі акенца, і не болей. Такім чынам, Л. Родзевіч, слынны літаратар, адзін з нашаніўцаў і пачынальнікаў заходнебеларускай літаратуры, у другой палове 1920-х гг., пазбаўлены жывых кантактаў з сябрамі па пяру, з людзьмі, з рэальным жыццём наогул, пакрысе пачынае знікаць з літаратуры. Менавіта з літаратуры вялікай, сапраўднай, бо пісаць ён не перастаў. Доказ гэтаму – выданне ў 1928 і 1930 гг. Белдзяржвыдавецтвам зборнікаў апавяданняў «Рэвалюцыйным шляхам» і «Вогнішча барацьбы» агульным памерам каля дзевяці друкаваных аркушаў. Акрамя таго, у 1923 г. выдавецтвам ЦК КПЗБ для распаўсюджвання ў Заходняй Беларусі быў выпушчаны паэтычны зборнік Л. Родзевіча «На паняволеных гонях». Напісана, як бачна, многа. Але амаль усё, што пісалася пасля таго, як Л. Родзевіч стаў прафесійным рэвалюцыянерам, пазначана пячаткай пэўнай спрошчанасці, схематызму, засацыялагізаванасці. Толькі з'яўленне раз-пораз той ці іншай мастацкай дэталі, пэўныя стылёвыя адметнасці сведчылі пра тое, што аўтар, нягледзячы на зададзенасць галоўнай думкі твора, яго ідэі, усё-такі валодае сакрэтамі пісьменніцкага майстэрства.
У пачатку 1933 г. быў арыштаваны старэйшы брат Л. Родзевіча Чэслаў і высланы з сям'ёй у Саратаў. Самому Леапольду засталося чакаць нядоўга: у хуткім часе ён быў адхілены ад кіраўніцтва Камісіяй па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР, а дзесьці ў сярэдзіне 1933 г. (дакладная дата невядома) арыштаваны і высланы за межы Беларусі. Знаходзіўся ў Саратаве, жыў у сям'і старэйшага брата. На жыццё зарабляў працай у лясніцтве. У 1938 г. Л. Родзевіч быў паўторна арыштаваны. У гэтым жа годзе яго жыццё абарвалася. Пасмяротна рэабілітаваны Л. Родзевіч у 1956 г.
Самае каштоўнае ў пісьменніцкай спадчыне Леапольда Родзевіча – яго драматургія. Менавіта дзякуючы ў першую чаргу сваім драматычным творам Л. Родзевіч пакінуў значны і глыбокі след у беларускай літаратуры.
Драматургічным дэбютам Л. Родзевіча стала напісаная ў 1913 г. трохактовая драма «Блуднікі» (Акрамя гэтай п’есы у Л. Родзевіча ёсць яшчэ і аднаактовы твор з такой жа самай назвай. Дарэчы, для пісьменніка дадзеная асаблівасць з’яўляецца ў пэўнай ступені заканамернай. Як прыклад – наяўнасць дзвюх празаічных «Беларускіх казак».). У якасці цэнтральных, дамінуючых выступаюць у ёй сацыяльна-класавыя матывы. Гэта падкрэсліваецца ўсімі, хто так ці інакш звяртаўся да аналізу дадзенага твора. Яго галоўных герояў падштурхоўваў да блуду, пэўным чынам прымушаў ступіць на гэтую слізкую сцежку тагачасны грамадска-палітычны лад з яго надзвычай моцным класавым і маёмасным расслаеннем. Разам з тым, думаецца, нельга так ужо і абсалютызаваць дадзены фактар, бо аўтар, разглядаючы Юзюка і Анэту як ахвяр несправядлівага грамадска-палітычнага ладу, зусім не ідэалізуе іх, асабліва Юзюка. «Блуднікі» як першы, у многім вучнёўскі твор Л. Родзевіча (напомнім, што аўтару пасля заканчэння работы над ім споўнілася ўсяго толькі васемнаццаць гадоў), вядома, не пазбаўлены недахопаў. Як слушна зазначае А. Семяновіч, «драматургічнае дзеянне ў п'есе, асабліва ў першым акце, развіваецца вельмі марудна… Не зусім пераканаўча раскрываюцца ў драме мастацкія характары. Так, змена поглядаў галоўнага героя Юзюка адбываецца неяк раптоўна, драматург не паказвае тых псіхалагічных перажыванняў, унутранай барацьбы, у выніку якіх ён прыходзіць да пэўных вынікаў». На вялікі жаль, «Блуднікі» не змаглі істотным чынам паўплываць на тагачасны літаратурны працэс. Забароненая царскай цэнзурай, п'еса каля 50 гадоў праляжала ў архіве і ўпершыню была надрукавана толькі ў 1960 г.
Не адразу пасля напісання была апублікавана і п'еса «Пакрыўджаныя». У гэтай драме аўтар паказаў прыгоннага мастака-разьбяра, які марна спадзяецца сваёй нялёгкай творчай працай здабыць волю сабе і ўласнай дачцы. «Пакрыўджаныя» – твор рамантычны, напоўнены адпаведнай сімволікай. Л. Родзевіч таксама надзвычай плённа выкарыстаў у гэтай п'есе элементы і традыцыі вуснапаэтычнай народнай творчасці, арганічна і ўмела ўплёўшы ўсё гэта ў мастацкую тканіну твора. Нейкай першароднасцю, паганскай сілай вее ад герояў драмы. Наогул, нельга не пагадзіцца з А. Лісам, які сцвярджае, што п’еса «Пакрыўджаныя» Л. Родзевіча «па сацыяльнай праблеме, пакладзенай у аснову твора, псіхалагічнай глыбіні і мастацкай пластыцы вобразаў не ўступае «Раскіданаму гнязду» Янкі Купалы».
Драматургічная спадчына Л. Родзевіча вызначаецца адной даволі цікавай асаблівасцю: толькі дзве з васемнаццаці вядомых нам п'ес з'яўляюцца шматактовымі, «поўнаметражнымі», астатнія – аднаактовыя. Такую прыхільнасць пісьменніка да малой драматычнай формы вытлумачыць увогуле няцяжка. Бадай, Л. Родзевіча прыцягвалі ў ёй сцісласць і скандэнсаванасць мастацкай структуры, што ў сваю чаргу патрабавала ад аўтара вельмі ашчаднага адбору выяўленчых сродкаў і прыносіла, такім чынам, пэўнае задавальненне, бо мабілізоўвала ўсе творчыя сілы. Многае тлумачыцца таксама жаданнем Л. Родзевіча даць для шматлікіх тэатральных калектываў, што ўзніклі на хвалі нацыянальнага Адраджэння, нескладаныя ў плане сцэнічнай рэалізацыі (невялікая колькасць акцёраў, мінімум дэкарацый) творы. І, урэшце, не апошнюю ролю адыграла арыентацыя драматурга на традыцыі беларускай народнай тэатральнай культуры, творы якой грунтуюцца пераважна на малых формах. Наогул выкарыстанне Л. Родзевічам малой драматычнай формы было надзвычай плённым. У ёй пісьменнік выступіў сапраўдным майстрам.
Упершыню да малой драматычнай формы Л. Родзевіч звярнуўся ў 1914 г., напісаўшы невялічкі абразок-замалёўку «Марцовы снег», які змясціла «Наша ніва». Колькі ў гэтым творы замілаванасці і захаплення жыццём, маладосцю, каханнем!
Як вядома, меладрама разам з сацыяльна-бытавой камедыяй займала пануючае месца ў беларускай драматургіі перадрэвалюцыйных і першых паслярэвалюцыйных гадоў. Родзевіч-драматург якраз і пачынаецца з меладрамы («Блуднікі»). Да гэтага жанру ён працягваў звяртацца і пазней. Так, у сакавіку – чэрвені 1920 г. у газеце «Беларусь» былі змешчаны абразкі Л. Родзевіча «Блуднікі», «Калыханка», «На шляху да сонца». Творы аб'яднаны не толькі часам напісання, але і шэрагам агульных ідэйна-мастацкіх асаблівасцей. Сюды неабходна аднесці і абмалёўку рэчаіснасці пераважна змрочнымі фарбамі, і вывядзенне ў якасці галоўных персанажаў людзей пакрыўджаных, абяздоленых, і трагічную развязку дзеяння.
Вельмі блізкая па сваёй танальнасці да згаданых абразкоў аднаактоўка «У кавалёвай хаце». Галоўная гераіня твора – маладая дзяўчына Анеля – кідаецца з адчаю ў студню, бо нават у думках не можа вынесці маючую адбыцца разлуку з любым, якога не прызнаюць мачыха з бацькам, а яе самую збіраюцца выдаць замуж за крыху дурнаватага, але ў той жа час заможнага маладога хутараніна.
Уласна драмы ў «малой» драматургіі Л. Родзевіча прадстаўлены, акрамя засацыялагізаванага абразка «Кавалі», такімі цікавымі і арыгінальнымі творамі, як «Сказ аб гуслях», «Досвіткі» і «Разбітая ваза». Адной з асаблівасцей дадзеных твораў, як, дарэчы, і некаторых іншых (абразкі «Блуднікі», «На шляху да сонца») з’яўляецца наяўнасць у дамінуючай над усім у творы і цэментуючай яго драматургічнай тканіне ўласна празаічных элементаў. Наогул цеснае спалучэнне і ўзаемаперапляценне, плённы сінтэз у творах эпічна-празаічных і ўласна драматургічных элементаў пры несумненнай перавазе апошніх над першымі – адна з характэрных прыкмет беларускай драматургіі пачатку ХХ ст. Самы яскравы прыклад дзеля пацвярджэння сказанаму – «Антон» М. Гарэцкага.
У часы іншаземнай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны, калі воіны-чужынцы тапталі беларускія палеткі, рабавалі насельніцтва, калі Беларусь каторы раз ужо за даволі кароткі тэрмін аказвалася ў коле чыіхсьці ваенна-палітычных інтарэсаў і амбіцый, Л. Родзевіча як сапраўднага патрыёта, адданага сына сваёй зямлі вельмі хвалявалі наступныя пытанні: чаму такі горкі лёс Бацькаўшчыны? Што будзе з ёю далей і што трэба рабіць для вызвалення і адраджэння роднай старонкі? Якія ўвогуле месца і роля інтэлігенцыі, асабліва творчай, у гэтай справе і барацьбе? Усе названыя пытанні і былі пастаўлены ў п'есе «Сказ аб гуслях». Вядома, Л. Родзевіч у сваіх хваляваннях і турботах не быў адзінокі. Узяць хоць бы таго ж Янку Купалу, трывожныя роздумы якога выліліся ў вершах «Жыды», «Годзе!», «На прызьбе», шэрагу іншых твораў. Дарэчы, многія з іх упершыню ўбачылі свет у газеце «Беларусь», дзе якраз і быў змешчаны «Сказ аб гуслях». Таму, відаць, невыпадкова, што абразок быў прысвечаны «чарадзею беларускай лірыкі – Янку Купалу». Дзеянне ў «Сказе аб гуслях» адбываецца на Полацкай зямлі ў часы глыбокай старажытнасці. Пачынаецца твор невялічкім, але надзвычай вобразным празаічным уступам, у якім аўтар малюе жудасную карціну, што ўтварылася пасля вялікага пабоішча. Сярод разбурэнняў, пажараў безлічы загінуўшых і іх неад'емных спадарожнікаў груганоў блукае поўны адчаю і скрухі гусляр. Гора яго невымернае: вораг усё разбурыў, патаптаў нівы, палеткі, сенажаці, пазабіваў родзічаў і супляменнікаў, а ацалелых пагнаў у палон. Акрамя таго, паламаў яшчэ і гуслі. А разам з гуслямі знікла песня, што «па сцежках, між красак і дубоў цяністых… хадзіла ў бляск сонца прыбрана, край адгукаўся рэхам галасістым, а рэха чуў Ільмень, Царград мураваны. І веча ў Полацку песняй гардзілася, і гэтай жа песняй старонка малілася…». А наогул, ці ёсць падставы бедаваць гусляру аб сваім інструменце, калі навокал такія разбурэнні і незлічоныя чалавечыя ахвяры?! Л. Родзевіч сцвярджае: так, ёсць, бо сапраўдны мастак сваёй творчасцю будзіць народ, заклікае да барацьбы за лепшую долю, да вызвалення краіны ад захопнікаў-чужынцаў. Сапраўдны мастак – неад'емная часцінка духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу народа, без якога нармальнае развіццё гэтага народа немагчыма. Творчасць мастака ўбірае ў сябе ўсе беды, турботы, думкі, мары, імкненні, спадзяванні, якімі жыве народ. «Я – гэта ўсё, што вы бачыце, увесь край, – ускліквае гусляр, – а ўвесь край – гэта я. Яго радасць – мая радасць, яго гора – маё гора». Палымянае слова мастака здольнае зрабіць амаль немагчымае. Так і песня гусляра, якую ён зайграў на адрамантаваных гуслях, «ажывіла, прабудзіла Ламізялеза, Вярнігору, Вырвідуба і іншых – яны падымаюцца, хапаюцца за зброю і пяюць:
Гэй, схамяніцеся ад сну –
Пара, пара нам уставаць!
Ад ворага ліхога след,
След помсты просіць нас.
Дык хто устаў, аружжа ладзь
І будзь гатоў на кліч, на збор!
Мы, як арлы тых груганоў,
Разгонім ворагаў сваіх.
Дакажам ім, навучым іх,
Што грозны і бяссмертны мы,
Што моц – магучы волат ёсць
З нас кожным целам і душой!»
Песня-покліч на гэтым не скончылася. Мы спецыяльна перапынілі яе, каб з'акцэнтаваць увагу на двух апошніх слупках, якія праясняюць сутнасць асноўнай праблематыкі твора і яго канфлікту:
А ты, гультай, забаўку кінь!
Знайшоў калі і дзе іграць.
Жыццё – змаганне, дык за край
І за жыццё у бітву йдзём!
Адняць трэ гуслі у яго
І даць атручаныя стрэлы,
Лук пругкі…
Якія актуальныя гэтыя радкі па свайму змястоўна-праблемнаму напаўненню для нас, беларусаў! Як пераклікаюцца яны з усёй сумна-трагічнай гісторыяй адносін нашага народа да сваіх мастакоў, творцаў, да сваёй нацыянальна свядомай інтэлігенцыі! Вядома, гэта не віна нашага народа, а яго бяда…
«Сказ аб гуслях», нягледзячы на сціплыя памеры, з'яўляецца творам шматпраблемным і шматаспектным. Наогул вартае здзіўлення і захаплення ўменне Л. Родзевіча вельмі ўдала, па-майстэрску звязваць, сплятаць у адзін непарыўны вузел у адносна невялікім творы цэлы шэраг надзвычай важных праблем, якія не трацяць з цягам часу сваю актуальнасць!
Некаторымі момантамі сваёй праблематыкі пераклікаюцца са «Сказам аб гуслях» драматычныя сцэны «Досвіткі». «Міру, міру», – просяць, заклікаюць, патрабуюць знясіленыя вайной і разбурэннямі беларускія сяляне. Тым болей, што да гэтай вайны яны не маюць ніякага дачынення. «Вось я думаю сабе, – кажа адзін з мужыкоў, – туляюся па ямах, як забойца, кінуў гаспадарку, сям'ю, і за што, і нашто?» Рознамасныя захопнікі, якія наваднілі Беларусь, вядуць, па словах тых жа сялян, вайну не столькі паміж сабою, колькі з іх курамі ды парасятамі. А яны, мясцовыя жыхары, хочуць проста і спакойна жыць на сваёй зямлі, абрабляць яе, гадаваць дзяцей, радавацца сонцу. Дзе ж і якія шляхі да гэтага мірнага і спакойнага жыцця? Вакол дадзенага пытання якраз і разгортваецца асноўны канфлікт п'есы «Досвіткі». Ён тут унутраны, глыбока псіхалагічны, пралягае праз душы і розумы герояў. Сялянская маса (Грамада) выступае ў творы неаднароднай. Некаторыя з сялян (а іх большасць) з прычыны ўласнай неадукаванасці, забітасці моўчкі пераносяць пакуты ці сцішана наракаюць на лёс. Іншыя спрабуюць задумацца над сваім становішчам і прычынамі, якія прывялі да гэтага: «Хто нам вораг? Каб жа мы зналі, мо гуртам, грамадой далі б яму рады, але кожны думае па-свойму, у кожнага іншы вораг, кожны сам сабе і ўсім вораг». На жаль, такіх адзінкі, але і яны таксама нейкія інертныя, нерашучыя. І толькі Маладзіца з суседняй, спаленай акупантамі вёскі заклікае сялян да змагання, да барацьбы з захопнікамі, усяляк сарамаціць землякоў за баязлівасць і нерашучасць. І, трэба сказаць, дабіваецца пэўных зрухаў у іх свядомасці. Даволі цікавым у плане закладзенай аўтарам ідэйна-сэнсавай нагрузкі з'яўляецца ў «Досвітках» вобраз Вучыцеля. Ён – нястомны і апантаны працаўнік на ніве нацыянальнага Адраджэння. Свае веды, а таксама веру ў тое, што Беларусь нарэшце ўваскрэсне, а яе народ даб'ецца росквіту матэрыяльнай і духоўнай культуры, настаўнік перадае дзецям і дарослым. Сяляне шануюць і паважаюць Вучыцеля, асабліва за тое, што не кінуў іх у гадзіну ліхалецця. Аўтар сімпатызуе гэтаму вобразу, але разам з тым развенчвае ілюзорнасць поглядаў Вучыцеля (ён адвяргае узброенную барацьбу) наконт шляхоў набыцця народам Беларусі сапраўднай волі і незалежнасці.
Камедыйныя жанры ў «малой» драматургіі Л. Родзевіча прадстаўлены такімі творамі, як «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт», «Пасланец», «Стараста», «Драбніца жыцця», «На Каляды», «П.С.X.», «Багаты і бедны», «Падласая красуня».
Сярод камедый Л. Родзевіча найбольшую вядомасць набыў вадэвіль «Збянтэжаны Саўка», які стаў сапраўды народным творам. Мабыць, няма такога кутка на Беларусі, дзе б ён не ставіўся мясцовымі прафесійнымі і аматарскімі калектывамі. Сакрэт папулярнасці «Збянтэжанага Саўкі» ў тым, што аўтар, узяўшы за аснову вядомы фальклорны сюжэт, вельмі ўдала апрацаваў яго. Зрабіўшы акцэнтацыю на выяўленні чыста сітуацыйнага, знешняга камізму, драматург паклапаціўся таксама і аб даволі глыбокіх індывідуальных характарыстыках персанажаў, і ў першую чаргу з дапамогай мовы. Саўка і Магрэта то перакідваюцца трапнымі рэплікамі, то высвятляюць паміж сабой адносіны з дапамогай крыху даўгаватых, але ні ў якім разе не нудных дыялогаў, насычаных сакавітымі бытавымі словамі і выразамі. Спецыфічны беларускі гумар, што пранізвае ўсю п'есу, у спалучэнні са шматлікімі, удала падабранымі камічнымі сітуацыямі робіць твор надзвычай цікавым і прыцягальным.
Вялікую прыхільнасць сярод аматараў тэатральнага мастацтва, і асабліва сярод заходнебеларускіх, мела п'еса Л. Родзевіча «Конскі партрэт». Камедыйная палітра гэтага твора надзвычай шырокая: гумар тут цесна суседнічае з іроніяй, сатырай і нават гратэскам, маюць месца таксама фарсавыя элементы.
Сапраўды майстэрскай апрацоўкай сюжэта вядомай казкі пра зламаны сцізорык вызначаецца вадэвіль Л. Родзевіча «Пасланец». Дасціпны і ўвішны Пасланец з бляскам спраўляецца з ускладзенай на яго місіяй (па загаду пані ён на 1 красавіка павінен «павесяліць» мужа гаспадыні, які жыве ў суседнім маёнтку) і шчасліва вяртаецца назад.
Аднаактоўка Л. Родзевіча «П.С.X.» з шэрагу яго камедыйных твораў (ды і, заўважым, не толькі камедыйных) вылучаецца сваёй тэматыкай і праблематыкай. Галоўныя героі гэтага твора – селянін (гаспадар) і яго жонка (гаспадыня). Гаспадар, «камуністы» і «арацер», як іранічна называе яго жонка, бегаючы па сходках, зусім запусціў уласную гаспадарку, адбіўся ад сям'і, а хату ператварыў у нейкі клуб. «Усе суседзі жывуць, як людзі, а мы, як на папасе, – проста рукі ападаюць, – гаворыць гаспадыня, наракаючы на мужа. – Ох, няма ў цябе нічога святога. Поўзаеш ты, як крот, точышся, куды не трэба, як жук. Ты толькі падумай: ці ж мы на тое будавалі гэтую хатачку, каб у ёй панаваў безлад і папасвалася розная нечысць. Верабей, і той будуе сабе гняздзечка, бароніцца і дзетак гадуе, а тут… сэрца толькі крывёй абліваецца». Аўтар іранізуе над сваім героем. Іншы раз гэтая іронія набывае адценні, блізкія да саркастычных. Побач з іроніяй і сарказмам выкарыстоўваецца часам і гратэскавае завастрэнне. Мае месца і буфанада. Гэта характэрна для мізансцэн з Чырвонаармейцам і Кітайцам у цэнтры. Бабнік і гуляка Чырвоаармеец, які размаўляе ў творы па-руску (гэта зроблена Л. Родзевічам спецыяльна, дзеля найбольшага прыбліжэння да рэальнасці), ніякага ўяўлення не мае аб тым, што ёсць такі народ – беларусы – са сваёй уласнай мовай, гісторыяй, культурай, звычаямі. Разам з Кітайцам, які ў яго на пабягушках, Чырвонаармеец ледзь не кожнага прымае за буржуя і тут жа чыніць над ім самасуд, прыгаворваючы да расстрэлу. Менавіта за вобразы Чырвонаармейца і Кітайца, а таксама за вобраз нягеглага і маладукаванага вясковага камуніста – «арацера» п’еса «П.С.Х.» была заключана на доўгія гады ў спецхран. Цікава, што пастаноўка дадзенага твора была забаронена і польскімі ўладамі.
Творчыя набыткі Л. Родзевіча ў паэзіі і прозе больш сціплыя ў параўнанні з драматургічнымі. Разам з тым і тут пісьменнік зарэкамендаваў сябе таленавітым і арыгінальным мастаком, аўтарам са сваёй індывідуальнай, непаўторнай манерай пісьма. Л. Родзевічам былі ўнесены пэўныя навацыі ў жанрава-стылёвую палітру беларускай паэзіі і прозы, у сістэму вобразаў-персанажаў і лірычных герояў. Ім таксама істотна пашыраны ідэйна-тэматычны дыяпазон нацыянальнага прыгожага пісьменства. Вядома, на гэтым шляху мелі месца і пэўныя выдаткі, творчыя пралікі, недапрацоўкі. Асабліва яскрава гэта наглядаецца ў другой палове 20-х – пачатку 30-х гг., калі з-пад пяра аўтара пачалі выходзіць схематычныя, засацыялагізаваныя апавяданні і вершы з гіпертрафаваным рэвалюцыйным пафасам. Але ці адзін толькі Л. Родзевіч грашыў гэтым у той надзвычай складаны і своеасаблівы час?!
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Яцухна В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ – першай паловы ХХ стст. – Гомель, 2004.
2. Ліс А. Малазнаёмы твор добра знаёмага драматурга // Тэатральная Беларусь. 1993. №4. С. 15.
3. Родзевіч Л. Беларускі нацыянал-фашызм. Яго вытокі, тэорыя і практыка. – Мн., 1930. С. 41.
4. Семяновіч А.А. Гісторыя беларускай драматургіі: XIX – пач. XX ст. Мн., 1985. С. 155.
5. Родзевіч Л. Збянтэжаны Саўка. Жарт. Мн., 1964 (У рэпертуар мастацкай самадзейнасці).
6. Родзевіч Л. Блуднікі; Пакрыўджаныя; Марцовы снег // Беларуская дакастрычніцкая драматургія / Укладанне, падрыхтоўка тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі С.С. Лаўшука. Мн., 1978.
7. Родзевіч Л. У кавалёвай хаце // Тэатральная Беларусь. 1993. №4.
8. Родзевіч Л.П.С.Х. // Тэатральная Беларусь. 1995. №3.
9. Родзевіч Л.П.С.Х. // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. / Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А.В. Сабалеўскага. – 2-е выд., пашыран. і ўдаклад. Мн., 1998. Т. 2.
10. Яцухна В.І. Талент і жыццё, аддадзеныя людзям: Да 100-годдзя з дня нараджэння Леапольда Родзевіча // Тэатральная Беларусь. 1995. №3.