Реферат: Журналістыка Беларусі ў 1918-1928 гг. i ў гады першых пяцігодак
ЗМЕСТ
1. Журналістыка Беларусі ў 1918-1928 гг.
1.1 Журналістыка Беларусі ў гады інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны (1918-1920 гг.)
1.2 Журналістыка Беларусі ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1921-1928 гг.)
2. Журналістыка Беларусі ў гады першых пяцігодак
2.1 Журналістыка Беларусі напярэдадні і ў гады першай пяцігодкі (1926-1932)
2.2 Журналістыка Беларусі ў перыяд другой пяцігодкі (1933-1937)
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Журналістыка Беларусі ў 1918-1928 гг.
1.1 Журналістыка Беларусі ў гады інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны (1918-1920 гг.)
У працэсе станаўлення і развіцця прэсы ў першыя гады савецкай улады пачала складвацца новая тыпалогія газет і часопісаў, дыферэнцыяцыя выданняў па катэгорыях чытачоў. Асноўнымі выдаўцамі сталі Саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў, партыйныя камітэты, ваенныя органы, прафсаюзныя, камсамольскія і іншыя арганізацыі. Друкаваліся таксама нацыяналістычныя, буржуазныя, акупацыйныя газеты і часопісы.
Першай бальшавіцкай газетай у Беларусі стала “Звезда”, якая пачала выходзіць 9 жніўня 1917 г., спачатку як орган Мінскага камітэта, а затым – Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б). Каля вытокаў стварэння масавай газеты ў сістэме бальшавіцкай прэсы стаялі М. Фрунзе, А. Мяснікоў, В.Кнорын. “Звезда” была закрыта Часовым урадам 25 жніўня, 15 верасня пачала выходзіць пад назвай “Молот”; зноў забаронена 6 кастрычніка; 8 кастрычніка газета выйшла пад назвай “Буревестник”. Пасля перамогі рэвалюцыі з 1 лістапада 1917 г. газета зноў выходзіць пад назвай “Звезда”. Да 1925 г. яна друкавалася на рускай мове, 1927 г. – на рускай і беларускай, з 9 жніўня 1927 г. поўнасцю перайшла на беларускую мову.
Акрамя “Звезды” выходзілі: “Бюллетень Минского Совета рабочих и солдатских депутатов” (1917), “Известия военно-революционного комитета города Витебска” (1917) і інш. выданні.
У 1918 г 25 студзеня камандаванне 1-га польскага корпуса, які дыслацыраваўся ў Магілёўскай губерні, аб’явіла вайну Савецкаму ўраду. Асаблівую ролю ў выкрыцці намераў генерала Доўбар-Мусніцкага адыграла газета “Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов”, першы нумар якой выйшаў 10 студзеня 1918 года. Калі польскія легіянеры акупавалі Рагачоў, газета выступіла з заклікам аб узбраенні народа. Гэта быў першы крок у стварэнні новай губернскай прэсы.
У час барацьбы супраць контррэвалюцыі і інтэрвенцыі ўзніклі ваенныя бальшавіцкія выданні. Адным з першых была газета “Революционная ставка” – орган Цэнтральнага камітэта дзеючых армій і флатоў, якая пачала выдавацца 23 лістапада 1917 г. і выходзіла да сакавіка 1918 г. у Магілёве, дзе знаходзілася камандаванне рускай арміяй на Заходнім фронце. Рэдакцыя расказвала салдатам аб рэвалюцыі, згубных мэтах вайны, актыўна прапагандавала лозунг – “Усе ў Чырвоную Армію!”.
Шырокую вядомасць набылі газеты 10 арміі, якая базіравалася ў раёне Маладзечна. З 12 лістапада 1917 г. пачалося выданне газеты “Бюллетень Военно-революционного комитета 10 армии”, з 1 студзеня 1918 г. – “Известия армейского комитета 10 армии”, у канцы студзеня пачалі друкавацца “Известия Советов депутатов 10 армии”. “Усе, хто шануе заваёвы Кастрычніцкай рэвалюцыі,.. – уступайце ў Чырвоную армію. У ёй наша сіла, наша магутнасць, – аплот дабрабыту ў цяжкую хвіліну барацьбы з капіталам, за роўнасць і братэрства...”
Друкаваліся і іншыя ваенныя газеты – “Трудовое крестьянство” – орган выканкама салдат-сялян Заходняга фронта, “Известия врк 3-й армии” (1917-1918, Полацк), “Красноармеец” – орган палітаддзела Рэўваенсавета Заходняй Арміі (1919-1921). беларусь журналістыка нацыянальны
У час белапольскай акупацыі актывізавалі дзейнасць меншавіцкія, эсэраўскія, бундаўскія нацыяналістычныя выданні. «Минская газета», «Витебский рабочий», «Наш путь» і іншыя выступалі супраць бальшавікоў і прапанавалі захоп улады. “У нашым горадзе складваецца іменна такая шчаслівая сітуацыя, – пісала віцебсая газета “Наш путь”. – У радзе прафсаюзаў выбраны ў Саветы бундаўцы, меншавікі і эсэры”.
У лютым 1918 г. большая частка Беларусі аказалася акупіраванай немцамі. Даволі значнае месца ў прапагандысцкай рабоце ў гэты час займала газета “Известия Исполнительного Комитета Советов Западной области и Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов”, якая пачала выхолзіць з 24 лютага 1917 г., часта мяняла назвы, з лістапада 1918 г. – “Западная Камуна”, і выходзіла да 3 студзеня 1919 г. Гэта была самая вялікая па плошчы (больш за фармат “Правды”) газета часоў грамадзянскай вайны. Рэдакцыя выкарыстоўвала ўсе жанры публіцыстыкі – тэарэтычныя артыкулы, агляды, фельетоны, інфармацыі, справаздачы, нарысы, лозунгі і заклікі. Асноўная мэтанакіраванасць выдання – мабілізацыя народа на разгром інтэрвенцыі і контррэвалюцыі.
У гэты ж час пачалі стварацца мясцовыя органы друку. У Лепелі 12 снежня 1918 г. выйшаў першы нумар “Известий Лепельского уездного Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов”, у Бабруйску – 7 снежня «Известия Бобруйского революционного комитета» і інш.
На акупаванай тэрыторыі пачалі ўзнікаць газеты, якія пісалі, што кайзераўская Германія з’яўляецца выратавальніцай беларускага народа. «Листок Могилевского общества “Труд”, “Могилевский голос”, “Эхо” і іншыя выданні выступалі супраць бальшавікоў і Савецкай улады. “Нямецкая акупацыя адкрыла ў Магілёве свабоду праяўлення грамадзянскіх пачуццяў, – пісала 14 ліпеня 1918 г. газета “Листок Могил.общества “Труд”. – Цяпер кожны можа любіць сваю радзіму, не баючыся за гэта расстрэла і турмы. Наперадзе адчуваюцца радасныя дні вызвалення”. Падобную ж пазіцыю займалі «Бобруйский день», «Минский голос», «Минский еженедельник», «Полесье» і інш. буржуазныя газеты.
Пасля ўтварэння БССР урад рэспублікі прыняў шэраг мер па ўмацаванні перыядычнага друку. Ва ўмовах дэфіцыту матэрыяльных сродкаў, паперы, журналісцкіх кадраў была пастаўлена задача цэнтралізацыі друку ў губернскіх гарадах.
Наступленне Чырвонай Арміі і вызваленне Беларусі ад белапалякаў зноў пашырыла развіццё прапаганды і агітацыі, стварыла ўмовы для ўзнікнення новых газет і часопісаў. 8 жніўня 1920 г. у Мінску зноў пачала выходзіць “Звезда”. У перадавым артыкуле “Тры гады” гаварылася: “Звезда” аднаўляе працу ў Мінску якраз у дзень сваёй трэцяй гадавіны. 27 ліпеня (9 жніўня) 1917 г. мы прыступілі да выдання першай бальшавіцкай газеты ў Беларусі. Тады мы былі толькі прапагандыстамі. Цяпер мы будзем ставіць на першым месцы пытанні нашай унутранай арганізацыі і падняцце нашай гаспадаркі”.
Больш шырокую прапаг.і арганізат.працу пачынаюць губернскія газеты – гомельская “Полесская правда”, магілёўская “Соха и молот”, “Известия Витебского Губревкома и Губкома РКП”. На першы план выходзіць мірная інфармацыя.
Працэс палітызацыі мас умацоўваўся не толькі за кошт спецыфічнай інфармацыі. Ствараліся неабходныя выданні. Напрыклад, палітычны і літаратурны часопіс “Коммунистическая мысль”, орган Віцебскага губкома РКП(б). Першы нумар выйшаў 25 кастрычніка 1920 г. Часопіс ці не першым пачаў распрацоўваць гісторыю рэвалюцыйнага руху ў Беларусі.
Грамадска-палітычны часопіс “Вольны сцяг”, які выдаваў Камісарыят Народнай асветы Беларусі з 1 верасня 1920 г , адкрываў тэму нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Рэдакцыя аднаго з першых выданняў на бел.мове запрасіла да супрацоўніцтва Ц.Гартнага, Я.Карскага, М.Гарэцкага, М.Чарота.
У гэты час зачынаецца друк моладзі. У “Звезде” друкуецца старонка “Звезда молодежи”, а затым выдаецца газета “Молодежь Белоруссии” (1920) – орган ЦБ КСМ Літвы і Беларусі ў Мінску.
Важнай грамадска-палітычнай падзеяй стала стварэнне беларускамоўнай газеты “Савецкая Беларусь”. Яна пачала выходзіць 1 студзеня 1920 г. у Смаленску як орган Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі.
Асаблівае значэнне мела тое, што газета выдавалася на беларускай мове. Гэты факт азначаў пачатак нацыянальнага культурнага будаўніцтва. “Савецкая Беларусь” пачала распрацоўку праблем беларускай мовы і літаратуры, сістэмы народнай адукацыі. У першы год дзейнасці газеты шмат творчых сіл аддаў ёй Ц.Гартны. Амаль у кожным нумары ён друкаваў свае артыкулы, вершы і апавяданні.
Такім чынам, у перыяд замежнай ваеннай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны ў Беларусі была створана параўнаўча шырокая сетка перыядычных выданняў. У асноўным гэта былі савецкія і бальшавіцкія газеты і часопісы: рэспубліканскія, губернскія, павятовыя; рабочыя, сялянскія, ваенныя, маладзёжныя; падпольныя, партызанскія, інтэрнацыянальныя; на рускай, польскай, літоўскай, яўрэйскай і беларускай мовах.
Працэс стварэння друку асноўваўся на дэмакратычных прынцыпах барацьбы партый, груповак, фракцый. У Беларусі дзейнічалі таксама буржуазныя, нацыяналістычныя выданні, выданні бундаўцаў, эсэраў, меншавікоў.
1.2 Журналістыка Беларусі ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1921-1928 гг.).
Беларускі друк гэтых гадоў адлюстраваў на сваіх старонках усе складанасці і асаблівасці того гістарычнага перыяду, які надышоў пасля заканчэння грамадзянскай вайны. У гэты найцяжэйшы крызісны перыяд горад павінен быў дапамагчы вёсцы таварамі першай неабходнасці, а вёска – накарміць горад. Першачарговай задачай друку было тлумачэнне насельніцтву, што перамога рэвалюцыі і перамога над ворагам – толькі пачатак будаўніцтва сацыялістычнага ладу.
Рашэнне гэтай задачы ўскладнялася нездавальняючым станам самога друку. Перш за ўсё мясцовыя газеты не вызначаліся ідэйна-палітычнай выразнасцю, іх старонкі запаўняліся далёкімі ад жыцця матэрыяламі. Вельмі слабай была сувязь з чытачамі, падаісчыкаў было недастаткова. Усё гэта зніжала магчымасці прэсы як сродка мабілізацыі рабочых і сялян на аднаўленне народнай гаспадаркі. Становішча беларускага друку было вельмі цяжкім – у перыяд акупацыі друкарні былі разрабаваны і ледзь спраўляліся з выпускам газет невялікімі тыражамі. Да таго ж яны ўсе былі прыватнымі (у Мінску, напр., апрача Мінскай губернскай друкарні прыватных было 10). Патрэбы рэспублікі ў друкаваных выданнях мінімальна задавальняліся цэнтральнымі выдавецтвамі і выдавецтвам Народнага Камісарыята РСФСР па справах нацыянальнасцей. Рэспубліка перажывала сур’ёзныя цяжкасці ў забеспячэнні паперай. Мінскія і павятовыя друкарні часткова забяспечваліся паперай мясцовых фабрык. Згубна адбіваліся на якасці газет і часопісаў недахоп і нізкая кваліфікацыя друкарскіх работнікаў і журналісцкіх кадраў. За перыяд вайны колькасць іх значна скарацілася, а новыя кадры ў рэспубліцы не рыхтаваліся.
Першым дзяржаўным органам, які павінен быў рэгуляваць пытанні перыядычнага друку рэспублікі і кантраляваць забеспячэнне яго матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі, быў Паліграфічны аддзел, створаны ў сярэдзіне 1920 г. пры ВСНГ БССР. На яго ўскладалася кіраўніцтва дзейнасцю друкарняў у Мінску і ў 5 павятовых гарадах. У студзені 1921 г. Прэзідыум ЦКВ БССР прыняў пастанову “Аб стварэнні Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і цэнтралізацыі друкарскай справы”. Пры Дзяржвыдаце ствараўся аддзел перыядычнага друку, у які ўваходзілі прадстаўнікі ўсіх газет, што выходзілі на тэрыторыі рэспублікі. Ён кантраляваў выданне 12 перыядычных органаў (з іх на рускай мове 6, на беларускай – 3, яўрэйскай – 2, польскай – 1), забяспечваў рэдакцыі газет усім неабходным па выданні газет.
Была прынята таксама пастаноав аб нацыяналізацыі прыватных друкарняў.
У студзені 1921 г. было арганізавана Беларускае бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва (БелРАСТА). Функцыі яго заключаліся ў забеспячэнні перыядычных выданняў інфармацыйнымі матэрыяламі. Пастановай ЦБ КП(б) з сакавіка 1921 г. былі павялічаны перыядычнасць і разавы тыраж газет. “Звезда” пачала выходзіць штодзень, 6000 экз.; “Савецкая Беларусь” – 3 разы на тыдзень, 3000 экз.; “Белорусская деревня” – 1 раз на тыдзень, 15000 экз.
У пачатку 1921 г. сістэма друку Беларусі складвалася так: працягвалі выходзіць “Звезда”, “Савецкая Беларусь”; 15 студзеня выйшаў першы нумар масавай газеты “Белорусская деревня”, а з красавіка пачалі выдавацца штотыднёвая “Красная смена”, дзіцячы часопіс “Зоркі” . Выходзілі таксама “Млот”, орган Польскага Бюро пры ЦБ КП(б)Б, “Дэр Векер” (“Будзільнік”), орган Цэнтральнага Бюро КП(б)Б і Галоўнага Бюро яўрэйскіх секцый у Беларусі; у Бабруйску – “Коммунист”, у Барысаве – “Бедняк”. У Віцебску выдавалася газета “Известия Витебского губисполкома и губкома РКП(б), у Гомелі – “Полесская правда” і “Новая деревня”, у Магілёве – “Соха і молот”, у Полацку – “Октябрьское эхо”, у Мсціславе – “Думы бедняка”, у Оршы – “Известия Оршанского уисполкома”. Часопісы: у Мінску – “Вольны сцяг”, “Школа и культура Советской Белоруссии”, у Віцебску – “Голос труда”, у Гомелі – “Полесский коммунар” і інш.
З’яўляецца і прафсаюзны друк: часопіс «Голос производственных союзов» (1921-1922 гг.), орган Савета прафсаюзаў, з 20 лютага – газета “Прафесіянале бевегунг” (“Прафс.рух”) – орган Савета прафсаюзаў Беларусі на яўр.мове, у Барысаве – з красавіка – “Коммунистический труд” і г.д.
Найважнейшыя палітычныя і эканамічныя праблемы гэтага перыяду патрабавалі неадкладна развіваць у рэспубліцы сістэму радыёвяшчання. Да 1925 года ў многіх гарадах Беларусі з’яўляюцца дэтэктарныя радыёпрыёмнікі, расце радыёаматарства – голас маскоўскіх радыёстанцый даносіць актуальныя навіны. У 1924 годзе ў рэспубліцы створана таварыства сяброў радыё, якое дапамагала наладжваць і эксплуатаваць радыёпрыёмнікі, асабліва ў сельскай мясцовасці. Першая беларуская радыёстанцыя была пабудавана ў студзені 1925 года ў Гомелі. Яна транліравала Маскву. Праз два месяцы пачаліся работы па мантажы ў Мінску агульнабеларускай радыёстанцыі.
Калі Х з’езд РКП(б) прыняў рашэнне аб радыкальным змяненні эканамічнай палітыкі, беларуская прэса актыўна занялася яе прапагандай. У прапагандысцкіх і тэарэтычных артыкулах канкрэтна вызначаліся напрамкі ўсёй практычнай гаспадарчай работы ў сферы развіцця буйных галін прамысловасці рэспублікі, арганізацыі тавараабмену, пераводу фінансавай гаспадаркі з рэек ваеннага камунізму на рэйкі НЭПа, развіцця кааперацыі, ролі прыватнага капіталу ў аднаўленні прамысловасці. Друк змагаўся за ўздым сельскай гаспадаркі, павышэнне яе прадукцыйнасці на падставе новага курсу палітыкі партыі. Большасць рэспубліканскіх газет стварыла с/г раздзелы, у якіх, улічваючыц мясцовы вопыт, прапагандаваліся новыя метады вядзення земляробства і жывёлагадоўлі, даваліся парады па асобных відах земляробства і жывёлагадоўлі, аддавалася ўвага вытанням укаранення навукі і тэхнікі ў сельскагаспадарчую вытворчасць.
1920-я гады сталі гадамі масавага ўздыму рабселькораўскага руху. На прадпрыемствах, пры партыйных камітэтах, прафарганізацыях, губернскіх і павятовых газетах узнікалі літаратурныя калегіі і аб’яднанні. Так, пры Бабруйскім павятовым прафбюро была арганізавана літкалегія з 32 чалавек, якія “працавалі рэгулярна, дасылаючы карэспандэнцыі нават у цэнтральныя газеты”. Літкалегія пры Заходняй чыгунцы ў 1921 г. цалкам забяспечвала матэрыяламі старонку “Звязды” – “Чырвоныя рэйкі”.
У снежні 1922 г. выйшаў першы нумар часопіса “Полымя”. У праграмным артыкуле “Нашы задачы” была сфармулявана платформа, на падставе якой часопіс павенен быў згуртаваць дзеячаў беларускай культуры. Часопіс згуртаваў вакол сябе лепшыя літаратурныя сілы рэспублікі: Я.Купалу, Я.Коласа, З.Бядулю, М.Чарота, Ц.Гартнага, К.Чорнага і інш.
З’яўляюцца новыя маладзёжныя выданні. У кастрычніку 1922 г. выйшла газета “Красный пахарь”, рэдактарам якой стала В.Харужая. змест яе складалі невялікія актуальныя артыкулы і карэспандэнцыі з месцаў. Газета мела спец.аддзел “Жыццё сялянскай моладзі”. Амаль у кожным нумары змяшчаліся “Гутаркі аб палітыцы”, якія падаваліся ў форме пісьмаў да сялян і змяшчалі зводку падзей міжнародных і найважнейшых падзей у краіне. Перыядычна змяшчалася ў гаеце “Старонка сельскагаспадарчых ведаў” з падарамі земляробу. Раздзел “Пад шкляным каўпаком” выкрыавў непарадкі ў камсамольскіх ячэйках. Пазней у газеце з’яўляюцца новыя раздзелы – “Рэвалюцыйны каляндар” і “Куток бязбожніка”. З 1924 г . газета пачала выходзіць на беларускай мове пад назвай “Малады араты”. Быў павялічаны памер газеты.
Трыбунай моладзі стала таксама газета “Красная смена”. У рубрыках “Жыццё рабочай моладзі”, “Па камсамольскай Беларусі”, “Навуковы раздзел”, “Навіны навукі і тэхнікі”, “Школа”, “Тэатр і мастацтва”, “Камсамольская мяцёлка”, “Паштовая скрынка” і інш. яна давала чытачу інфармацыю пра насычанае падзеямі жыццё моладзі.
У жніўні 1923 г. выйшаў першы нумар часопіса “Маладняк”, які быў прызначаны аб’яднаць вакол сябе творчую моладзь. У часопісе акрамя масцітых, прызнаных пісьменнікаў друкаваліся, вядома, і маладыя – Ул.Дубоўка, А.Александровіч, П.Глебка, А.Куляшоў і інш.
Значную ролю ў журналістыцы рэспублікі ў 1921-1925 гг. набывае насценны друк на прадпрыемствах, ва ўстановах, у сельгаскамунах. 1 мая 1921 года выйшаў №1 адной з першых насценных газет – “Факел” у вёсцы Ліхінічы (цяпер Ракушава) Круглянскага павета. Рэдагаваў газету актыўны селькор Ф.Ракушаў (забіты кулакамі ў 1925 г.).
Да жніўня 1925 г. у вёсках выпускалася больш за 30000 насценных газет, у іх прымалі ўдзел каля 50000 рабселькораў.
Такім чынам, працэс развіцця беларускай журналістыкі ў 20-я гады ХХ стагоддзя быў дынамічным і ў цэлым адпавядаў патрабаванням часу.
2. Журналістыка Беларусі ў гады першых пяцігодак
2.1 Журналістыка Беларусі напярэдадні і ў гады першай пяцігодкі (1926-1932)
Аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі было ў асноўным завершана да пачатку 1926 г. Далей маглі быць толькі два шляхі: або прызнанне аб’ектыўнай дзейнасці законаў рыначнай эканомікі і – адсюль – арганічнае ўдасканаленне гарадской і сельскай кааперацыі, павышэнне вытворчасці працы, паляпшэнне гандлю, чыста эканамічнае пераадоленне супярэчнасцей паміж горадам і вёскай, або зварот да жорсткіх, неэканамічных метадаў часоў грамадзянскай вайны. Мы цяпер ведаем, які шлях выбраў урад савецкай дзяржавы.
Да пачатку першай пяцігодкі сетка беларускіх перыядычных выданняў ужо была дастаткова разгалінаванай. У 1927-28 гг. у рэспубліцы выходзіла 26 газет. У 1927 г. кожны экземпляр газеты прыходзіўся на 25-26 чалавек. Вакол друкаваных органаў гуртавалася каля 9 тыс. рабкораў і селькораў.
Варта адзначыць, што газеце “Звезда” адводзілася кіруючая роля ў барацьбе за генеральную лінію партыі. Амаль у кожным яе нумары друкаваліся артыкулы, карэспандэнцыі, заметкі, якія расказвалі аб XIV з’ездзе партыі і яго рашэннях. У пачатку лютага 1926 г. ЦК КПБ (б)Б заслухаў справаздачу рэдакцыі “Звезды”. Рэдакцыі было ўказана на неабходнасць больш глыбокага падыходу да асвятлення жыцця рэспублікі, прапанавана аддаваць перавагу асвятленню пытанняў вёскі і фабрычна-заводскай тэматыкі перад агульнагарадскімі, унутраным пытанням.
Са жніўня 1927 г. “Звезда” поўнасцю пачала выходзіць на беларускай мове. Гэта дало ёй магчымасць значна пашырыць колькасць чытачоў, даносіць друкаванае слова да самых шырокіх мас. Перабудоўвалася і рэдакцыя газеты. Шырокае далучэнне аўтарскага актыву паляпшала змест гахеты. Паказальныя такія дадзеныя. З 7 верасня па 20 красавіка 1926 г. (7 месяцаў і 10 дзён) толькі ў аддзел “Рабочае жыццё” паступіла 6915 карэспандэнцый (амаль па 1000 ў месяц).
Замест разгорнутых артыкулаў газеты часта змяшчалі невялікія аўтарскія або рэдакцыйныя выступленні, якія заклікалі працоўных вучыцца працаваць эканомна, развіваць кааперацыю так, каб яна дапамагала ўзнімацца бедняку і серадняку, павялічваць колькасць і якасць машын для вёскі. Ад усіх газет і часопісаў патрабавалася ўмелае спалучэнне ў сваіх публікацыях яснай партыйнай лініі з даступнасцю мовы, з яркімі прыкладамі, доказнасцю думак і меркаванняў, і ў той жа час – з прадуманай і разнастайнай формай падачы матэрыялу. Матэрыялы “Звезды”, “Рабочего” (№1 выйшаў 29 ліпеня 1927), “Беларускай вёскі” як правіла пачыналіся з цікавых прыкладаў, вакол якіх потым разгортвалася дзелавая размова. Часта складаныя тэарэтычныя пытанні тлумачыліся з выкарыстаннем блізкіх і зразумелых мясцовых фактаў. Гэта рабіла выступленні газет больш пераканаўчымі і прывабнымі. Найбольш складанымі з’яўляліся пытанні аб будаўніцтве сацыялізма ў нашай краіне, аб значэнні нэпа і кааперацыі, аб метадах барацьбы з кулацкай небяспекай. Друк арыентаваўся на падрабязнае асвятленне гэтых пытанняў, цалкам прытрымліваючыся пункту гледжання афіцыйных улад. Альтэрнатыўныя праграмы (Бухарын) шырокага адлюстравання на старонках друку не атрымалі. Варта сказаць, што менавіта ў гэтыя гады ў краіне пачаўся адыход ад прынцыпаў дэмакратыі. Барацьба большасці ЦК партыі з “іншадумствам” у яе радах нярэдка пераходзіла ў праследаванне тых, хто выступаў з крытыкай афіцыйных партыйных лідэраў. Справа даходзіла да таго, што любое выступленне апанентаў афіцыйнага курсу разглядалася спачатку як антыпартыйнае, а праз некаторы час і як антысавецкае. Журналістам беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, як і іншым іх калегам з Краіны Саветаў, пачынаючы з часоў “вялікага пералому” да хрушчоўскай “адлігі” 60-х давядзецца жыць па двайному стандарту, думаць пра адно, пісаць другое. Скончыўся час спрэчак, пачаўся час “жалезнага” адзінства.
У гады першай пяцігодкі бурна развівалася беларускае радыёвяшчанне. Рашаючы ўплыў на станаўленне айчыннай радыётэхнікі аказалася індустрыялізацыя. Дзякуючы масавай вытворчасці радыёпрыёмнікаў, імкліва пашыралася аўдыторыя слухачоў агульнабеларускай радыёстанцыі. Дзякуючы гэтаму голас радыё гучаў у самых аддаленых кутках Беларусі. Вяшчанне вялося на беларускай і польскай мовах. У ліку першых супрацоўнікаў беларускага радыё былі пыэты А.Звонак і С.Грахоўскі, пісьменнік У.Юрэвіч і інш. Радыё хутка атрымала шырокае распаўсюджанне ў розных галінах дзяржаўнага і культурнага жыцця Беларусі. У 1934 г. кінатэатр “Перамога” ў Мінску быў ператвораны ў радыётэатр.
1928-1929 гг. былі паваротным пунктам у правядзенні і характары савецкага кіраўніцтва. Ясна праследжваўся пераход пераважна адкрытай унутрыпартыйнай палітыкі 20-х гг. да тайнай палітыкі 30-х. Пасля 1929 г. адкрытасць савецкага палітычнага жыцця паступова знікае і на старонках друку.
У партыі, якая ажыццяўляла кіраўніцтва друкам, у гэты час пашыраўся настрой “надзвычайшчыны”, які знайшоў сваё “тэарэтычнае” выражэнне ў сфармуляванай у ліпені 1928 г. тэорыі абвастрэння класавай барацьбы па меры поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва. Метады націску і штурму былі правераны ў грамадзянскай вайне, чаму было не прымяніць іх у мірны час, калі скараціліся хлебанарыхтоўкі? “Надзвычайшчына” і нэп супярэчылі адзін аднаму, па сутнасці надзвычайныя меры абазначалі канец нэпа. Закулісная барацьба паміж Бухарыным і Сталіным закончылася перамогай апошняга, што вызначыла і тэматыку публікацый на партыйныя тэмы. Напр., у маі 1929 г. “Звязда” на працягу многіх дзён друкавала вялікі артыкул “Партыя і правы ўклон”. Газета “Рабочий” заклікала камуністаў і беспартыйных мацаваць шэрагі ў барацьбе за генеральную лінію партыі.
Рэвалюцыя “зверху” ў сельскай гаспадарцы СССР адбылася ў снежні 1929 г. Сталін цяпер бамбардзіраваў сельскія кадры катэгарычнымі дырэктывамі аб паскарэнні тэмпаў калектывізацыі. Сутнасць гэтых дырэктыў зводзілася да наступнага: “Кожны, хто не ідзе ў калгас, з’яўляецца ворагам Савецкай улады”. 27 снежня Сталін аб’явіў аб “ліквідацыі кулацтва як класа”. Падмацаванае паспешліва выпрацаваным паняццем “падкулачнікі” раскулачванне санкцыянавала насільную калектывізацыю 125 мільённага сялянства краіны. З таго часу старонкі газет, у тым ліку і беларускіх, сталі падобныя на баявыя зводкі: “Знішчым кулацтва як клас!”, “Біць па кулацтву, правым і левым апартуністам, якія перашкаджаюць разгортванню калектывізацыі” і г.д. Кампанію па раскулачванню заклікаў праводзіць перадавы артыкул “Правды” ад 11 студзеня 1930 г. “Ліквідацыя кулацтва як класа становіцца ў парадак дня”, у якім прапанавалася “аб’явіць вайну не на жыццё, а на смерць кулаку і ў рэшце рэшт змесці яго з ліца зямлі”.
У 1930 г. былі ліквідаваны акругі. Пастановай ЦК ВКП(б) ад 11 жніўня “Аб рэарганізацыі сеткі газет у сувязі з ліквідацыяй акруг” прадугледжвалася на аснове ліквідуемых акруговых, калгасна-саўгасных, асобных фабрычна-заводскіх газет разгарнуць сетку раённых газет. У 1930-1931 гг. у Беларусі выходзіла 36 раёнак, якія адразу ўключыліся ў актыўную работу па асвятленні мясцовага жыцця, хутка набіралі сілы, заваёўвалі новых чытачоў. Прыкладам імклівага росту папулярнасці новых перыядычных выданняў можа служыць раённая газета “Бальшавік Барысаўшчыны”, якая пачала выходзіць у снежні 1930 года. Спачатку яна выдавалася 1 раз у пяцідзёнку, у 1931 – 5 разоў у дэкаду, з 1932 – штодзённа. У 1934 г. каля газеты гуртавалася 944 рабселькоры.
За часы калектывізацыі ў Беларусі было раскулачана 15629 гаспадарак, з якіх 2293 былі серадняцкімі. Газеты ўсяляк расхвальвалі тых кіраўнікоў калгасаў, якія правялі калектывізацыю датэрмінова, друкавалі станоўчыя карэспандэнцыі нават з тых калгасаў, дзе справа не ішла далей фармальнага аб’яднання сялян. Больш за тое, газеты віталі стварэнне калгасаў-гігантаў, у якія ўваходзілі амаль што цалкам асобныя раёны. Канчаткова супраціўленне сялян было зламана голадам 1932-33 гг.
Калі ўсё гэта скончылася, 25 млн прыватных гаспадарак былі заменены 250 тыс. калгасаў, якія знаходзіліся пад кантролем дзяржавы і прымушаны былі пастаўляць ёй значную частку свайго ўраджаю па вельмі нізкіх цэнах. Насільная калектывізацыя была воссю эканамічнай рэвалюцыі Сталіна і яго буйнейшым новаўвядзеннем. Ніхто з бальшавікоў ніколі не заклікаў да чаго-небудзь хоць аддалена падобнага таму, што адбылося ў 1929-1933 гг. Амаль любая іншая с/г палітыка была б больш прадукцыйнай і прынесла б намнога менш шкоды. Толькі адным дасягненнем мог бы пахваліцца Сталін. Ён паставіў пад дзяржаўны кантроль некалі самастойнае сялянства і зрабіў магчымым нешта накшталт “ваенна-феадальнай эксплуатацыі”. Гэта пацвярджаюць і статыстычныя дадзеныя: хоць у 1933 г. ураджай збожжавых быў на 5 млн тон менш, чым у 1928 г., хлебанарыхтоўкі тым не менш выраслі ў два разы.
2.2 Журналістыка Беларусі ў перыяд другой пяцігодкі (1933-1937)
Да пачатку 1933 года ў Беларусі выдавалася 201 газета гадавым тыражом 113,5 млн экземпляраў, у тым ліку 13 рэспубліканскіх газет, 75 раённых і 113 шматтыражных. З усіх рэспубліканскіх газет 8 выходзіла на беларускай мове, 2 – на яўрэйскай, па 1 – на польскай, літоўскай і рускай. Гадавы тыраж = 58681,6 тыс.экземпляраў. Тыраж раённых газет, якія выдаваліся ў БССР, складаў 46476 тыс.экземпл. 74 газеты выходзілі на бел.мове і 1 на польскай.
Са 113 шматрыражак, што выдаваліся ў рэспубліцы, 77 друкаваліся на беларускай мове, 5 на рускай і 31 – на той і другой. Гадавы тыраж складаў 8386 тыс.экземпляраў.
Значнае развіццё да пачатку 1933 г. набыў рабселькораўскі рух у Беларусі. На 1 студзеня 1933 г. толькі вакол 94 газет рэспублікі аб’ядналіся 37305 рабселькораў, у сярэднім на адну газету прыходзілася каля 400 пастаянна пішучых актывістаў друку. Сюды не ўваходзяць тыя рабочыя і сялянскія карэспандэнты, якія пісалі ў газеты перыядычна.
У канцы чэрвеня 1934 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло пастанову аб скліканні ІІІ Усебеларускага з’езда рабселькораў. Лічачы падрыхтоўчую работу да з’езда найважнейшай справай, Бюро прапанавала гаркамам, райкамам, палітаддзелам МТС і саўгасаў правесці з 2 ліпеня да 1 кастрычніка 1934 г. агляд нізавога друку, мэта якога – далейшая барацьба за павышэнне прадукцыйнасці працы, паляпшэнне якасці прадукцыі, выкананне вытворчых планаў, ахоп рабочых тэхнічнай вучобай і іншыя праблемы развіцця народнай гаспадаркі. Выконваючы пастанову ЦК, многія партарганізацыі наладзілі пры рэдакцыях газет работу семінараў для актыву рабселькораў і рэдактараў насценных і шматтыражных газет. З’езд адкрыўся 25 лютага 1935 г. У яго рабоце прынялі ўдзел 400 дэлегатаў. Былі падведзены вынікі дзейнасці друку Беларусі за перыяд, які прайшоў ад ІІ з’езда (1931 г.) рабселькораў і вызначана канкрэтная праграма барацьбы прэсы за датэрміновае выкананне другога пяцігадовага плана (маецца на ўвазе ў першую чаргу яго прапаганда).
У той час лозунг “Кадры рашаюць усё” не сыходзіў са старонак газет і часопісоў БССР, ён выклікаў да жыцця рух стаханаўцаў, які нарадзіўся ў вугальнай прамысловасці Данбаса. Яго пачынальнікам з’явіўся забойшчык шахты “Цэнтральная Ірміно” Аляксей Стаханаў. За 6 гадзін ён вырубіў 102 тоны вугалю, перавысіўшы норму ў 10 разоў. У хуткім часе рух стаханаўцаў пачаўся ў розных частках прамысловасці па ўсяму Сав.Саюзу.
Друк стаяў каля вытокаў гэтага руху... Рэдактар шматтыражнай газеты шахты “Цэнтральнае Ірміно” “шэсць гадзін знаходзіўся ў шахце побач са Стаханавым для таго, каб лепш расказаць працоўным пра метад работы Аляксея Стаханава. 2 верасня 1935 г., г.зн. на наступны дзень абласная газета “Кадиевский рабочий” перадрукавала матэрыял шматтыражкі аб рэкордзе Стаханава. 6 верасня “Правда” на першай старонцы змясціла рэдакцыйны артыкул “Савецкія асілкі”, у якім расказала аб рэкордах Стаханава і Дзюканава і заклікала шахцёраў Данбаса вучыцца ў піянераў руху наватараў.
Услед за цэнтральным друкам газеты Беларусі шматтыражныя адлюстравалі рух стаханаўцаў вытворчасці. Пачынаючы з №222 (1935) “Звязда” інфармавала чытачу аб уключэнні ў рух наватараў ўсё новых і новых рабочых рэспублікі.
27 лістапада друк Беларусі паведаміў аб новым усесаюзным рэкордзе лесапілавання, пастаўленым 24 лістапада 1935 г. рамшчыкам Бабруйскага лесаапрацоўчага камбіната Рыгорам Рушко. Ён распілаваў за змену 320,4 кубаметры лесаматэрыялаў. 27 лістапада паміж пачынальнікамі стаханаўскага руху ў лясной прамысловасці Васілём Мусінскім і Рыгорам Рушко разгарнулася спаборніцтва. 9 снежня “Звязда” прысвяціла гэтаму пытанню паласу. Праз газету Рыгор Рушко падзяліўся сваім вопытам работы. “Назаўтра (пасля ўстанаўлення ўсесаюзнага рэкорда), – расказвае Р.Рушко, – мне падносяць тэлеграму: “Таварыш Рушко, жму крэпка руку за выдатную работу ў авалоданні тэхнікай. Я на такой жа машыне абашоў цябе, даў 336,7 кубаметры. Мусінскі”. Гэта тэлеграма дала яшчэ больш мне ахвоты апярэдзіць Мусінскага. Папрасіў я начальніка цэха і дырэктара камбіната, каб падрыхтавалі мне сыр’ё. 3 снежня 1935 г. на першай змене я даў новы рэкорд – распілаваў 349,4 кубаметны дрэвясіны. Чакаю адказу ад Мусінскага – і я не памыліўся. 4 снежня прыйшла з Архангельскага радыё тэлеграма. Некалькі слоў: “Таварыш Рушко, у бліжэйшыя дні перакрыю”. Так, змяшчаючы выступленні піянераў стаханаўскага руху, газеты агітавалі фактамі за гэты рух.
У 1936 г. у Беларусі на прадпрыемствах праводзіліся стаханаўскія змены, суткі, трохдзёнкі, пяцідзёнкі і дэкады. Газеты рэспублікі, пачынаючы з першых нумароў 1936 г. шырока прапагандавалі гэтую новую форму сацыялістычнага спаборніцтва, паказвалі вынікі работы змен, сутак, пяцідзёнак.
Наогул, друк Беларусі зрабіў шмат у мабілізацыі працоўных на авалоданне тэхнікай, новымі вытворчымі працэсамі, у разгортванні сац.спаборніцтва і яго новага этапа – стаханаўскага руху.
Шмат рабілася друкам Беларусі і для ўзняцця сельскай гаспадаркі. У перыяд калектывізацыі былі пасланы ў вёску 25 тыс. рабочых, якія адыгралі вялікую ролю ў калектывізацыі. Газеты Беларусі шырока адлюстроўвалі спаборніцтва раёнаў, абласцей, рэспублік. Гэта ж самае рабілі яны і ў час падрыхтоўкі і правядзення ІІ Усесаюзнага з’езда калгаснікаў.
У тыя часы актыўны ўдзел у друку прымалі беларускія пісьменнікі: Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, П.Галавач, П.Броўка, М.Лынькоў, П.Глебка, К.Крапіва і інш. Яны выязджалі ў раёны, прымалі актыўны ўдзел у выязных брыгадах рэдакцый “Звязды”, “Рабочего”, “Чырвонай змены”. У раённых газетах былі створаны літаб’яднанні, якія гуртавалі вакол сябе таленавітую моладзь. Асабліва актыўны ўдзел у друку прымаў К.Крапіва. яго фельетоны змяшчаліся вельмі часта на старонках “Звязды”, “Чырвонай змены”. Пісьменнікі Беларусі ўдзельнічалі ў сусветных кангрэсах і ў сваіх артыкулах, дарожных нататках знаёмілі чытачоў з тым, як жывуць людзі ў іншых краінах. Мастацкае слова пісьменнікаў уздзейнічала не толькі на розум, але і на пачуцці.
Увогуле, друк Беларусі адыграў значную ролю ў мабілізацыі мас на заканчэнне рэканструкцыі народнай гаспадаркі ў 1933-37 гг. Але было і шмат адмоўнага ў яго дзейнасці. Па-першае, многа было палітычнай траскатні. Газеты і часопісы пісалі аб дасягненнях, якіх у некаторых выпадках не было. З дня ў дзень праслаўлялі Вялікага Сталіна, прыпісвалі яму ў заслугу ўсе дасягненні народнай гаспадаркі. У гэты час у краіне адбываліся судовыя працэсы на “ворагамі народа”. На старонках газет друкавалася шмат пісем ад рабочых, калгаснікаў, інтэлігенцыі, пісьменнікаў, артыстаў пра неабходнасць суровага пакарання “здраднікаў Радзімы”.
Шмат матэрыялаў было прысвечана дасягненням у галіне калгаснага будаўніцтва, арганізацыйна-гаспадарчага ўмацавання калгасаў, высокім ураджаям, павелічэнню буйной рагатай жывёлы. І гэта ў час, калі на Украіне вялікая колькасць людзей памірала ад голаду.
З аднаго боку, умацоўвалася сувязь газет з масамі, значна вырас рабселькораўскі рух, узмацнілася яго сувязь з рабселькорамі іншых краін. З другога, нямала было сярод селькораў даносчыкаў, людзей, якія выкарыстоўвалі прэсу ў асабістых справах. Многа чэсных людзей з-за такіх “актывістаў” было знішчана.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Конев А.Г. История журналистики Беларуси / Конев А.Г. – Мн: Выш. Школа, 2005г.
2. Беларуская журналістыка (1917–1941 гг.): Вучэбна-метад. дапаможнік – Мінск, 1993 – Ч. 2.
3. Виноградов А.Н. Истоки белоруской печати и журналистики / Виноградов А.Н. – Мн, 2005г.
4. Булацкі Р.В., Сачанка І.І. Хрэстаматыя па гісторыі беларускай савецкай публіцыстыкі. – Мінск, 1974.
5. Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. – Мінск, 1979.