Cтиль вещания

Сярод даследчыкаў няма адзінства ў пытанні, што ўяўляе сабой рэпартаж. Адны лічаць, што гэта дынамічна напісаная інфармацыя, якая дае слухачу ўяўленне пра тую ці іншую падзею праз непасрэднае ўспыманне журналіста. Іншыя збліжаюць рэпартаж з карэспандэнцыяй. Думкі і ацэнкі розныя, таму што рэпартаж – не кансерватыўная форма. Ён знаходзіцца ў развіцці, і руху. Змяняюцца прыёмы, метады паднясення матэрыялу. Назіранні паказваюць, што рэпартаж здзяйсняе рух ад інфармацыйнасці да сінтэтычнасці. Такім чынам, рэпартаж можна назваць жанрам, які спалучае ў сабе, з аднаго боку, строгую дакументальнасць і аб’ектыўнасць (гэта далучае яго да інфармацыйных жанраў), з другога боку, маляўнічасць і эмацыянальнасць, яркасць вобразаў, а гэта ўжо звязана з самай істотнай прыкметай жанра, якую называюць рэпартажнасцю ва ўласным сэнсе слова. Мэта радыёрэпартажу- перанесці слухача на маесца падзеі. Але падзеі баваюць розныя. Напрыклад, дэпутацкі семінар з’яўляецца падзеяй статычнай. Зрабіць слухача удзельнікам статычнай падзеі – значыць адштурхнуць яго ад радыёпрыёмніку. Гаворачы пра рэпартаж, пад падзеяй трэба разумець дынамічны працэс. Толькі дынамічная падзея можа стаць падставай для стварэння рэпартажу. Жанр патрабуе ад журналіста “акунуцца” у атмасферу падзеі і праз уласныя адчуванні данесці сутнасць таго, што адбываецца. Журналіст вядзе аповяд, ужываючы займеннік я і дзеясловы бачу, чую, знаходжуся. І гэтым усё сказана. Указанне часу, калі адбылася падзея, апісанне яе акалічнасцей, розныя дэталі – усё гэта павінна быць не “прыблізна”, а з абсалютнай дакладнасцю.
У сваёй курсавой я звяртаюся да вывучэння стылю рэпартажу, таму што гэты жанр найбольш прыбліжаны да азначэння “журналістыка”. Ён вымагае заўсёды быць у віры падзей, ён - інфармацыя і адначасова экспрэсія. Тут можна цалкам рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Рэпартажы ствараюць людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якім уласціва заўсёды знаходзіць нешта новае, паведамляць пра гэта так, як не перадасць ніхто іншы. Рэпартаж патрабуе выпрацоўкі індывідуальнага стылю, каб слухач хацеў слухаць менавіта твае рэпартажы.
Для таго, каб слухач мог адчуць усе нюансы журналісцкага твору, рэпартаж павінен быць напісаны зразумелай і яснай мовай. Для выпрацоўкі добрага стылю рэпарцёру небходны інтэлект, здольнасць кампанаваць дэталі і будаваць асацыятыўны шэраг. Акрамя таго, патрэбна практыка і ўменне выкарыстоўваць асноўныя прынцыпы, не кажучы пра любоў да мовы і веданне граматыкі. Гэтыя прынцыпы павінны глыбока ўкараніцца і быць натурал нымі, каб праяўляцца ўжо рэфлектыўна, нават пад уціскам жорсткіх тэрмінаў і абставінаў.
Менавіта адпаведныя журналісцкія хваты дазваляюць найбольш трапна перадаць прысутнасць журналіста на падзеі. Адзін з такіх хватаў – выкарыстанне ў рэпартажы дэталяў і падрабязнасцяў. Дэталь, скарыстаная журналістам, можа надаць рэпартажу нагляднасць. Менавіта праз рэпарцёра слухач атрымлівае магчымасць уявіць сабе рэчы, якія апісваюцца журналістам, адчуць тэмбр і інтанацыі галасоў людзей. Спецыфіка рэпартажу праяўляюцца ў яго стылі. Нагляднасць рэпартажу абумоўлівае выбар стылістычных сродкаў. Эпітэты, параўнанні, матафары даюць журналісту магчымасць перадаць абставіны падзеі, намаляваць вобраз непасрэднага ўдзельніка працэсу, паказаць дэталь, якая журналіста ўразіла. У рэпартажы не трэба асцярожнічаць з выкарыстаннем прыметнікаў, чаго варта пазбягаць ў іншых жанрах. Стылістычныя сродкі рэпартажу павінны несці элементы эмацыйнасці. Журналіст можа дамагчыся эфекта прысутнасці толькі тады, калі здолее правільна абраць стылістычныя сродкі для выказвання сваіх эмоцый, адшукаўшы яркія і дакладныя эпіэты, трапныя параўнанні.
Рэпартаж разнастайны, сінтэтычны. Галоўнае заключаецца не ў вызначэнні жанравай прыналежнасці рэпартажу, а ў вывучэнні рэпартажу ва ўсім багацці яго жанравых разнавіднасцей, індывідуальных стылістычных манер, у даследаванні яго выяўленчых рэсурсаў. Вялікае значэнне для высвятлення прыроды і спецыфікі рэпартажу мае вывучэнне яго стылю. Тэрмін стыль таксама мае даволі шырокае тлумачэнне. Стыль з’яўляецца асноўным паняццем стылістыкі – раздзелу мовазнаўства, у якім вывучаюцца функцыянальныя стылі мовы і асаблівасці ўжывання ў іх моўных сродкаў. Функцыянальны стыль – гэта разнавіднасць маўлення, якая адрозніваецца сістэмай моўных сродкаў і абслугоўвае пэўную сферу дзейнасці чалавека: навуковую, грамадска-палітычную, мастацкую, бытавую. [14]
Калі кіравацца класіфікацыяй В.В.Вінаградава, то ў стылістыцы – “вялікай, мала даследаванай і нават выразна не аддзеленай ад іншых філалагічных дысцыплін”- вылучаецца тры колы даследаванняў: стылістыка мовы, стылістыка маўлення і стылістыка мастацкай літаратуры. Вывучэнне рэпартажнага стылю адносіцца да стылістыкі маўлення. [10]
На долю стылістыкі маўлення выпадае задача разабрацца ў тонкіх адрозненнях семантычнага і экспрэсіўна-стылістычнага характару паміж рознымі жанрамі і відамі вуснага і пісьмовага маўлення.
Такім чынам, стылістыка маўлення вывучае любыя ўстойлівыя формы, спосабы, прыёмы выкарыстання мовы ў вусным і пісьмовым маўленні, іншымі словамі, вывучае маўленчыя жанры, ці маўленчыя стылі, напрыклад, судовую прамову, газетны фельетон, выступленне на мітынгу. Менавіта ў гэтым сэнсе мы говорым пра стыль рэпартажу. У самым агульным плане пад маўленчым стылем разумюць больш ці менш устойлівыя і традыцыйныя спосаб, манера выяўлення, агульнапрынятая маўленчая форма, спосабы аб’яднання маўленчых адзінак, пабудовы мовы. Таму, якімі б рознымі і непадобнымі адзін на аднага ні былі індывідуальныя манеры радыёрэпарцёраў, у жанры рэпартажу абавязкова ёсць агульнае, устойлівае, пастаяннае. Гэтае тыповае і ўстойлівае і вывучае стылістыка маўлення.
Стылістыка маўлення павінна выпрацоўвааець свае метады аналізу. Пры гэтым ужо вылучаецца галоўны накірунак – максімальная ўвага да маўленчай структуры жанра.
Стылістычны аналіз рэпартажу, як і іншых жанраў, павінен таксама ўключаць у сябе вывучэнне кампазіцыі, маўленчай пабудовы твораў, якая мае адносна ўстойлівы характар. Асобныя элементы маўлення часта маюць ярка падкрэсленую стылістычную афарбоўку і прызначэнне.
Наша задача – разгледзець стыль рэпартажу: выявіць агульныя кампазіцыйна стылістычная рысы жанру (незалежна ад індывідуальнай манеры журналіста, тэматыкі, зместу), назіранне за функцыянальным выкарыстаннем моўных адзінак, якія ствараюць жанр, вылучэнне тыповых асаблівасцей ў гэтым выкарыстанні, даследаванне маўленчай структуры рэпартажу.

Рэпартажы бываюць падарожныя, прынагодныя, спартыўныя, ваенныя, судовыя і інш. Трэба памятаць, што калі аўэнтычны матэрыял спалучаееца з белетрыстыкай, а гэта дапушчальна, тады рэпартаж пачынае межаваць з формамі мастацкай літаратуры. Прыёмы апавядальнай прозы ўжываліся і цяпер часта ўжываюцца тымі, хто дасканала валодае інструментарыем рэпарцёра.
Адным з важных фактараў , ўто вызначаюць характар, стылістычную афарбоўку, з’яўляецца пазіцыя вытворцы маўлення. Вядома, што любое маўленне мае свайго вытворцу, але граматычныя формы, спосабы яго выяўлення абмежаваныя. Так, у беларускай мове маўленне можа весціся ад 1-й і 3-й асобы, але фактычна прамоўца выступае заўсёды як 1-я асоба, нават калі фармальна маўленне пабудавана ў 3-й асобе. Форма маўлення ад 1-й асобы больш натуральная, звычайная. І граматычна займеннік я – дамінуючая, зыходная форма. Усе астатнія ўласныя займеннікі функцыяніруюць і існуюць толькі ў сувязі з я і адносна я. Так, уласны займеннік 2-й асобы адзіночнага ліку ты - называнне субяседніка гаворачым; ён – абазначэнне любой 3-й асобы (не я і не ты) пры звяртанні да слухача. Маўленне можа весціся ад любой з трох граматычных асоб. Іх каардынацыя і складае аснову маўлення. Улічваючы дамінуючую ролю я (вытворцыы маўлення) у фарміраванні маўлення, можна пакласці гэтую прыкмету ў аснову класіфікацыі ці тыпалогіі маўлення, і вылучыць наступныя яе тыпы:
* І тып – маўленне вядзецца ад першай асобы. Адбываецца супадзенне
вытворцы маўлення з аўтарскім я. Такі тып выкарыстоўваеца ў размоўным стылі, лістах, дзённіках, часткова ў публіцыстыцы. ІІ тып – маўленне выдзецца ад 3-й асобы: вытворца маўлення фармальна
(але не фактычна) не ўдзельнічае ў маўленні. Вытворца маўлення і граматычная катэгорыя не супадаюць;
* ІІІ тып – змешаны: маўленне адбываецца ад 1-й і 3-й асобы;
* IV тып – апавяданне адбываецца ад імя 2-й асобы.
У публіцыстыцы маўленне стылістычна адносна аднароднае – вядзецца галоўным чынам ад 3-й асобы, але я прысутнічае ў большай ці меншай ступені, у залежнасці ад жанра, тэмы і іншых фактараў. Тая ці іншая ступень падкрэслівання аўтарскага я служыць спосабам зрабіць мову разнастайнай, змяняць яе эмацыянальны тонус, мадальнасць, гэта адзін з галоўных выяўленчых сродкаў. [14]
Рэпартаж належыць да ІІІ тыпу маўлення. Гта азначае, што аповяд у ім вядзецца ад 3-й ці 1-й асобы, але фактычны вытворца маўлення вядомы – гэта аўтар, журналіст. У залежнасці ад характару рэпартажу ён так ці інакш праяўляе сябе ў маўленні.
Сёння раніцай Мінск нагадвае хутчэй не святочны горад, а зону баявых дзеянняў ці стыхійнага бедства. Прспект Ф.Скарыны ад цырка да плошчы Незалежнасці і прылеглыя да яго вуліцы перакрыты міліцэйскімі кардонамі. Прайсці можна толькі па спецыяльным пропуску. У метро на станцыях Купалаўская і Кастрычніцкая цягнікі не спыняюцца. Пасажыры вымушаны падымацца на паверхню, каб дабрацца ў іншы раён гораду. Я сам прабіраўся на плошчу Незалежнасці дварамі. На шляху пераадолеў некалькі платоў. А тым часам на галоўнай плошчы краіны пачынаецца ўрачысты парад. Міністр абароны генерал А.Чумакоў далажыў Прэзідэнту, што яго падначаленыя да параду гатовыя. […] Пасля прамовы перад урадавай трыбунай праязджае баявая тэхніка. (Радыё “Свабода”) У прыведзеным урыўку з рэпартажу пра пачатак святкавання ў горадзе добра падкрэсліваецца, што сам рэпарцёр знаходзіцца на месцы падзеі. Аўтар толькі фіксуе падзеі, не аналізуючы іх. Такі тып рэпартажу – аператыўны: рэпарцёр паслядоўна выкладае факты, убачанае і пачутае.
Сёння я рэпарцёра зрабілася амаль галоўнай стылёвай рысай жанра, вызначае і іншыя яго характарыстыкі. У чым жа спецыфіка рэпарцёрскага я як стылёвай асаблівасці рэпартажу?
Перш за ўсё, у параўнанні з белетрыстыкай, я рэпарцёра-журналіста – не літаратурная маска, не вобраз апавядальніка, не спосаб стылізацыі. Тут я аўтара, складальніка і расказчыка непасрэдна супадаюць, і гэта надае аповяду асаблівы дух публіцыстычнасці, відавочнасці і дакументальнасці таго, што адбываецца і апісваецца. Гэта не мастацкае апісанне, якое дапускае выдумку, зрух у часе, белетрызацыю, а дакладны, дакументальны аповяд. Аднак рэпарцёр не можа быць толькі бясстрасным назіральнікам, які халодным вокам фіксуе падзею. Традыцыйнае аўтарскае я журналіста, не прымаючага удзел у падзеі, саступае месца журналісту-удзельніку. Гэта дазваляе пашыраць рамкі рэпартажу, змяняць пункт гледжання, падаваць панараму падзеі як бы знутры.
Разам з я журналіста ў рэпартаж уварваўся струмень публіцыстычнасці: непасрэдныя пачуцці, ўражанні, пераыванні назіральніка ці ўдзельніка, звязаныя з рэпартажным аповядам, ацэнкі, тлумачэнні, каментарыі – усё тое, што ў выніку стварае так званы эфект прысутнасці.
Аднак і ўдзел я у структуры рэпартажу мае свае межы. Празмернасці ў выяўленні я супрацьстаіць іншая тэндэнцыя- да дакументальнага, строга-факталагічнага выкладання зместу. Нельга адыходзіць убок ад падзеі, не павінна быць чагосьці суб’ектыўнага, эмацыянальнага, прыватнага.
Такім чынам дзве тэндэнцыі, дзве плыні ствараюць у сваёй супярэчлівасці яркі шматпланавы стыль рэпартажу:
1. тэндэнцыя да строгай дакументальнасці, дакладным аднаўленні падзей;
2. тэндэнцыя да маляўнічага, эмацыянальнага выяўлення рэчаіснасці, імкнення
журналіста адлюстраваць не толькі факт, але і ўласныя адносіны да яго.
Кожная з гэтых тэндэнцый вылучаецца з прыроды жанра, і суадносіны іх вельмі важныя. Пры неапраўданай перавазе адной з іх парушаецца гармонія цэлага, і тады мы атрымоўваем ухіл у бок залішняй сухасці ці памылковага прыхарошвання, белетрызацыі. Ідэал заключаецца ў суразмернасці гэтых тэндэнцый. [14]

Межы рэпартажу настолькі шырокія, што ён можа ўтрымліваць у сабе элементы інтэрв’ю, замалёўкі, карэспандэнцыі, выступлення. Гэта не з’яўляецца адхіленнем ад нормы, наадварот, дазваляе стварыць яркі, вобразны і ў той жа час аб’ектыўны матэрыял. На жаль, беларускія журналісты, якія працуюць на нацыянальных каналах радыё, часам злоўжываюць магчымасцю выкарыстання пэўнага жанра як элемента рэпартажу, і выдаюць за рэпартаж цэлую прамову якого-небудзь чыноўніка, папрацаваўшы на самай справе толькі над мантажом. Мы пагутарылі з вядучай інфармацыйных праграм Першага нацыянальнага канала радыё “Радыёфакт” і “Пастфактум” Ганнай Курэйчык. Па яе словах, гэтая тэндэнцыя ўжо запавольваецца, але некалькі год таму звычайнай справай у “Радыёфакце” было наступнае. Вядучы гаворыць: “Пра новы праект дэпутатаў Ніжняй Палаты слухайце ў рэпартажы нашага парламенцкага карэспандэнта ...”. Карэспандэнт прамовіць дзве-тры агульныя фразы, якія складаюцца з лічбаў і дат, пасля чаго ідзе стужка з запісам прамовы чыноўніка. Яна доўжыцца 5-6 хвілін. Рэпарцёр больш нічога не дадае, не каментыруе. А слухач застаецца сам насам з незразумелай яму інфармацыяй на незразумелай сухой канцылярскай мове. У такім выпадку журналіст не імкнуўся прытрымлівацца пэўнага стылю, ён увогуле адышоў убок ад патрэб слухача сваёй праграмы. Варта было б прапусціць пачутае праз прызму сваёй палітычнай і сацыяльнай (ды і прафесійнай, нарэшце) свядомасці і, вылучыўшы галоўнае ў паведамленні парламентарыя, перадаць сваімі словамі складаную для непадрыхтаванага слухача інфармацыю.
Ганна Курэйчык дае слушную параду рэпарцёрам прыцягваць увагу досыць простым сродкам. Чалавека больш за ўсё цікавіць падзея, якая можа адбіцца на яго ўласным жыцці і дабрабыце. Таму важна паказаць, якія наступствы будзе мець асабіста для яго падпісанне важнага дакумента. Напрыклад, калі скасуюцца кантракты з Іракам, то ў Беларусі падаражэе бензін ці Мінскі трактарны завод будзе выпускаць менш прадукцыі, што паўплывае на занятасць і заработную плату працоўных на гэтым прадпрыемстве. Тлумачэнне, менавіта тлумачэнне, а не каментарый павінна прысутнічаць у рэпартажы афіцыяльнага тыпу. Хаця каментарый ці ўласна журналіста, ці высокай асобы ў рэпартажы таксама будзе да месца, тым больш, што журналістыка можа і павінна быць заангажаванай. Гэты факт здымае патрабаванне наконт недапушчэння ўласнай думкі рэпарцёра ў аб’ектыўным матэрыяле.
Характэрныя рысы рэпартажу асабліва падкрэсліваюцца пры супастаўленні яго з іншымі жанрамі журналістыкі. Напрыклад, калі інфармацыйная заметка дае толькі паведамленне пра падзею, то нават самы кароткі рэпартаж - гэта абавязкова цэлая карціна падзеі, афарбаваная аўтарскімі эмоцыямі. Размоўна афарбаваныя словы і абароты ў аўтарскім маўленні – сведчанне прысутнасці аўтарскага я. Бо калі перад намі не простая і не ўскосна-простая мова, то размоўна афарбаваныя словы і выразы могуць належаць толькі апавядальніку. Таму размоўную лексіку, фразеалогію, сінтаксіс ахвотна выкарыстоўваюць рэпарцёры. Гэта адна з найлепшых крыніц выразных сродкаў публіцыстыкі.
Улічваючы вялікую стылествараючую ролю аўтарскага я ў складзе маўлення, варта падрабязней разгледзець формы аўтарскай мадальнасці, сродкі і спосабы выражэння аўтарскага я і іх уплыў на стылістычную манеру журналістаў.
Розныя формы выражэння аўтарскага я ствараюць шматгранныя стылістычныя адценні: большая ці меншая стрыманасць, строгасць выкладу, прастата, эмацыянальнасць, лірычнасць, публіцыстычнасць.
Так, выкарыстанне ўласнага займенніку 1-й асобы адзіночнага ліку звязана з адкрытым, непасрэдным удзелам я ў маўленні, што нараджае звычайна такія якасці слова, як публіцыстычнасць, эмацыянальнасць, але можа мець і нейтральны стылістычны характар звычайнага рэпарцёрскага я.
Форма мы, распаўсюджаная ў многіх жанрах і стылях, пераважна навуковых і афіцыйных, хаця і захоўвае аўтарскую мадальнасць, але значна больш стрыманая, строгая і афіцыёзная, чым я, і сустракаецца ў асноўнам у рэпартажах інфармацыйна-дзелавога характару. [14] Мы знаходзімся ў Авальнай зале.
Аўтарская мадальнасць, нават калі яна ўскосна прысутнічае, іграе вядучую ролю ў фарміраванні стылю рэпартажу і з’яўляецца адной з асноўных прыкмет жанру.
Да форм аўтарскай мадальнасці шчыльна прымыкае і такі граматычны сродак, як “цяперашні рэпартажу”. Ён, аднак, мае і самастойнае значэнне. Гэта таксама адна з рыс рэпартажу. Гэту своеасаблівую форму ўжывання цяперашняга часу дзеяслова трэба адрозніваць ад так званага цяперашняга актуальнага, або цяперашняга гістарычнага. “Цяперашні рэпартажу” – гэта адно са значэнняў, адна з функцый шматпланавага цяперашняга часу. З яго дапамогай рэпарцёр паведамляе аб тым, што непасрэдна адбываецца на яго вачах, сведкам або ўдзельнікам чаго ён з’яўляецца ў гэты момант. Зразумела, што “цяперашні рэпартажу” амаль ва ўсіх рэпартажах чаргуецца з іншымі дзеяслоўнымі часавымі формамі. Так, у адступленні ад галоўнай лініі развіцця тэмы традыцыйна ўжываецца прошлы час дзеяслова, часцей закончанага трывання. Кампазіцыйная роля цяперашняга рэпартажу тлумачыца яго апісальнасцю і мадальнай афарбоўкай. У функцыі цяперашняга рэпартажу часта выступаюць намінатыўныя сказы. [15] Пустая вуліца. Ля перавернутых машын - тры апаленыя целы. Вакол раскіданыя рэчы і пабітае шкло. (Бел радыё)
Да назыўных (намінатыўных) адносяцца аднасастаўныя сказы, якія сцвярджаюць наяўнасць, існаванне прадмета ці з’явы, называемых галоўым членам сказа.
Такі галоўны член часцей за ўсё выражаецца назоўным склонам назоўніка. Радзей у ролі галоўнага члена могуць выступаць займеннікі, лічэбнікі, колькасна-імнныя спалучэнні. Толькі некалькі лічбаў. Восемсот вучняў. Вось і яна.
Сродкам выражэння наяўнасці, існавання прадмета ці з’явы, пра якія гаворыцца ў назыўных сказах, з’яўляецца асобая інтанацыя: сказы звычайна вымаўляюцца запаволена, калі іх некалькі, то паміж імі робіцца працяглая паўза, лагічны націск падае на дзейнік. Назыўныя сказы не маюць спецыяльных слоў ці форм слоў, якія выражаюць значэне часу, але тое, што ім супрацьпастаўляюцца двухсастаўныя сказы са значэннем прошлага ці будучага часу, сведчыць пра характэрны для іх цяперашні час.
Лаканізм, пэўная адцягненасць і ў той жа час вобразнасць, маляўнічасць – гэта складае стылістычную асаблівасць назыўных сказаў. Яны звычайна малююць толькі контуры карціны, даючы тым самым слухачу свабоду ў яе дамалёўцы.

Ці не кожны трэці рэпартаж пачынаецца з замалёўкі (ці мае яе ў сваім складзе), у якой галоўная роля адводзіцца “цяперашняму рэпартажу”. Гэты тэрмін быў уведзены А.В.Ісачэнкам і падкрэлівае цесную сувязь дадзенай часавай формы і жанра рэпартажу: у гэтай форме рэпарцёр, які каментыруе спартыўнае спаборніцтва па радыё, паведамляе пра тое, што адбываецца на яго вачах (“мяч пераходзіць да Х”, “арбітр дае свісток” і г.д.). З “цяперашнім рэпартажу” звязана істотнае стылёвае адценне праўдзівасці аповяду, дакументальнасці, дакладнасці апісання. Неабходна падкрэсліць і тое, што гэты прыём дазваляе наблізіць дзеянне да слухача, перанесці яго ў тыя ж самыя абставіны, дзе быў сам аўтар. Ствараецца ілюзія, быццам слухач таксама прымаў ўдзел у тых падзеях, хаця і пасіўна. Звычайна “цяперашні рэпартажу” выкарыстоўваюць у апісаннях, пейзажных замалёўках. Апісальнасць гэтай формы тлумачыцца тым, што яна ў большай ступені падкрэслівае прыкмету, якасць, чым дзеянне. Кампазіцыйная роля тлумачыцца апісальнасцю і мадальнай афарбоўкай. [14]
Стылю рэпартажу адпавядае і лаканізм канструкцыі “назоўны ўяўлення”. Яна
вылучае ў свядомасці слухача толькі галоўныя дэталі, прыкметы, абставіны падзей. Сінтаксічная блізкасць гэтай канструкцыі “цяперашняму рэпартажу” заключаецца ў агульным функцыянальна блізкім часавым значэнні: “Цэнтральная прахадная маторнага завода” – такі ж самы сэнс фразы “Мы знаходзімся на прахадной маторнага завода”.

Журналістыка цяпер, як і сацыяльна-палітычная сістэма грамадства, знаходзіцца на пераходным этапе. Выпрацоўваюцца новыя прынцыпы і патрабаванні да метадаў, зместу, кампазіцыі, афармлення журналіцкіх матэрыялаў. Замежныя калегі даюць парады журналістам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: стыль матэрыялаў для радыё адрозніваецца ад стылю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Вось некаторыя галоўныя адрозненні:
Тытулы (званні, пасады) звычайна папярэднічаюць імені і большасць з тых, каго згадваюць у эфірных навінах, трэба ідэнтыфікаваць. Калі ў надрукаваным артыкуле можна падаць “Уінстан Чэрчыль, былы прэм’ер-міністр”, то радыёжурналісту трэба казаць “былы прэм’ер-міністр Уінстан Чэрчыль”.
Пазбягайце абрэвіятур нават пры паўторным згадванні. У эфірным вышчанні могуць ужыцца толькі агульнавядомыя абрэвіятуры. Напрыклад, ААН – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.
Па магчымасці пазбягайце прамога цытавання. Калі толькі прамая цытата не з’яўляецца істотнай, лепш за ўсё ўжываць пераказ. Карыстацца прамымі цытатамі ў эфіры вельмі нязручна, бо складана ўказаць слухачу на пачатак і канец цытаты. Калі ж даводзіцца цытаваць, пазбягайце няўклюдных фраз “пачатак цытаты...канец цытаты”, лепш ужывайце выразы “па яго словах”, “як ён сказаў”.
Спасылка на крыніцу павінна папярэднічаць цытаце. Слухач павінен ведаць, хто з’яўляецца аўтарам цытаты, перад тым як яе пачуе.
Не ўжывайце шмат знакаў прыпынку. Празмернае ўжыванне косак, працяжнікаў, косі з кропкай зусім не дапаможа дыктару.
Лічбы трэба акругляць. Журналісту газеты трэба падаваць лічбы як мага дакладней але ў эфіры 4 182 000 рублёў ператвараюцца ў “больш чым чатыры мільёны рублёў”.
Пазбягайце займеннікаў. Калі ўсё ж даводзіцца імі карыстацца, не забывайце патлумачыць, да каго яны маюць дачыненне. Шмат займеннікаў у матэрыяле могуць ускладніць яго яснасць.
Карыстайцеся дзеясловамі ў цяперашнім часе, калі гэта да месца. Выкарастанне цяперашняга часу (“гаворыць” замест”сказаў”) стварае ўражанне імгненнасці дзеяння.
Не стаўце залежныя сказы перад галоўнымі. Напрыклад: “Зрабіўшы сёння першы крок у сваім Еўрапейскім турнэ, Прэзідэнт сказаў...” Такі сказ можа вельмі забытаць слухача. Найлепшы варыянт – просты сказ: дзейнік + выказнік + дапаўненне. Ці можна разбіць складаны сказ на два простыя, калі хранаметраж матэрыяла дазваляе. [7]

У 50-60-я гады ХХ ст. радыё- і тэлежурналісты выдзеліліся ў асобную катэгорыю. С.І.Ожагаў зусім правільна бачыў у іх працаўнікоў, якія займаюца журналістыкай, г.зн. літаратурна-публіцыстычнай дзейнасцю. А дзейнасць гэта шматгранная. Тут трэба не толькі напісаць штосьці і пакласці на стол рэдактара, але і сабраць неабходны матэыял і аформіць яго пераважна як магнітафонны запіс, адрэдагаваць усё як мае быць. Акрамя таго, сучасныя журналісты часта выступаюць у ролі навукоўцаў-даследчыкаў ці следчых-крыміналістаў. Значыць, маўленне журналіста павінна быць найперш правільным і разнастайным, увогуле адпавядаць патрабаванням не толькі ўсіх камунікатыўных якасцей, але і моўнага майстэрства.
Літаратурна-публіцыстычная дзейнасць патрабуе дасканалага валодання публіцыстычным стылем, яго падстылямі і жанрамі. А яны, як вядома, патрабуюць адпаведных моўных сродкаў. Да таго ж, паралельнае суіснаване беларускай і рускай моў набыло ў нашай краіне своеасаблівую сітуацыю. Таму праблемам культуры маўленя журналістаў у апошнія дзесяцігоддзі надаецца пераступеннае значэнне, што адбілася і ў спецыяльным выданні “Культура мовы журналіста”, якое ажыццяўяе выдавецтва “Універсітэцкае” праз кожныя два гады, пачынаючы з 1982 года. [17]
Аснова мовы і сродкаў, з якіх складаецца стыль рэпартажу – публіцыстычны стыль. Даўно заўвжана, што публіцыстычны стыль - гэта сінтэз навуковага і мастацкага стыляў. Таму кожны журналіст павінен усімі сваімі органамі пачуццяў адчуваць і адрозніваць функцыянальна-экспрэсіўную афарбоўку моўных сродкаў , камунікатыўную і эстэтычную, а таксама інфармацыйную і валюнтатыўную функцыі сучаснай беларускай мовы.
Усе літаратурна-публіцыстычныя творы павінны не толькі амаль фатаграфічна перадаваць факты рэчаіснасці, але і выражаць патрэбную думку пра гэтыя факты, г.зн. аказваць уздзеянне на свядомасць слухача як аб’ектыўна, так і суб’ектыўна. Пазіцыя аўтара і так званае аўтарскае “я” не павінны стылізавацца, як у мастацкім стылі, пад штосьці або кагосьці, а выражацца проста і адкрыта даступнымі і зразумелымі і адрасанту, і адрасату сродкамі ўздзеяння, якіх дастаткова мае ў сваім арсенале наша публіцыстыка. [15] Вельмі важна, каб кожны публіцыст, асабліва пачатковец, не заблытаўся ў жанравай стратыфікацыі сучаснай публіцыстыкі, мог разнастайваць і моўнымі, і пазамоўнымі сродкамі свае рэпартажы і інтэрв’ю, карэспандэнцыі і агляды. Сёння ад журналіста патрабуецца выдатнае веданне усіх стыляў беларускай літаратурнай мовы. Значыць, журналіст, акрамя ўсяго, павінен быць выдатным стылістам. Як лічыць М.В.Абабурка, значную дапамогу журналістам могуць аказаць наступныя патрабаванні культуры маўлення:
* вартасць і каштоўнасць інфрмацыі, афармленне яе паводле ўсіх законаў
сучаснага беларускага мыслення і маўлення;
* адпаведнасць зместу маўлення рэчаіснасці, дакументалізм яго;
* аптымальнасць змястоўнай паўнаты і лаканічнасць у адпаведнасці з умовамі
камунікацыі;
* аб’ектыўная абумоўленасць сэнсавых і эмацыянальных сродкаў;
* кампазіцыя ў адпаведнасці з жанрам, асаблівасцямі камунікацыі;
* стылістычна-моўная вытрыманасць. [1]

Своеасаблівасць публіцыстычнага стылю вызначаецца ў першую чаргу спецыфікай
публіцыстычнай формы адлюстравання рэчаіснасці, якая спалучае сістэму разгорнутых доказаў, што дзейнічаюць на розум чытачоў і слухачоў строгай лагічнасцю думкі і на іх пачуцці – эмацыянальнага выкладу. У публіцыстычным стылі, такім чынам, спалучаюцца дзве важныя функцыі мовы – інфармацыйная (перадача грамадскай інфармацыі) і экспрэсіўная (уздзеянне на вядомасць людзей).гэтыя функцыі ўзаемазвязаныя, неаддзельныя адна ад другой. Таму публіцыстычным стылем карытаюцца тады, калі неабходна перадаць пэўную інфармацыю і адначасова аказаць уздзеянне на адрасата, пераканаць яго ў чым-небудзь, выклікаць цікавасць да канкрэтных ідэй, поглядаў, заахвоціць да пэўных дзеянняў і ўчынкаў. Публіцыстыка атрымала назву “летапісу сучаснасці”, таму што яна асвятляе саvыя важныя праблемы грамадства – палітычныя, сацыяльныя, бытавыя, філасофскія і інш. Тэматычны дыяпазон публіцыстыкі вельмі шырокі, ён вызначаецца таксама багаццем жанравых форм адлюстравання рэчаіснасці. Вылучаюцца тры катэгорыі публіцыстычных жанраў:
* інфармацыйныя (заметка, рэпартаж, справаздача, інтэрв’ю, хроніка, агляд);
* аналітычныя (артыкул, карэспандэнцыя, каментарфй, рэцэнзія, агляд);
* мастацка-публіцыстычныя (нарыс, эсэ, фельетон, памфлет).
Наша задача – разгледзець функцыянаванне рэпартажа на радыё, а таксама
вызначыць стылістычныя сродкі і прыёмы, з якіх ён павінен складацца.
Як вышэй ужо адзначана, рэпартаж адносіцца да інфармацыйных жанраў публіцыстычнага стылю. Яго асноўная мэта – аператыўна, дакладна і выразна паведаміць пра што-небудзь значнае і цікавае. Рэпартаж дае магчымасць слухачу як бы самому, на свае ўласныя вочы ўбачыць тое, аб чым расказвае журналіст. Звычайна ў рэпартажы паведамляецца пра тыя падзеі, сведкам якіх быў сам аўтар.
Тыповымі рысамі публіцыстычнага стылю з’яўляюцца эмацыянальнасць, ацэначнасць, вобразнасць, пабуджальнасць.
Яркая эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка публіцыстычных твораў тлумачыцца тым, што аўтар, перадаючы інфармацыю, выражае свае адносіны да яе. Прычым пазіцыя аўтара-публіцыста ў адрозненні, напрыклад, ад пазіцыі аўтара мастацкага твора выражаецца звычайна прама і адкрыта, што часта і абумоўлівае агітацыйны, пабуджальны характар публіцыстыкі.
Асноўныя рысы публіцыстычнага стылю выяўляюцца з дапамогай розных моўных сродкаў. Тут шырока выкарыстоўваецца грамадска-палітычная лексіка і фразеалогія (грамадзянін, канстытуцыя, суверэнітэт, дэпутат, міждзяржаўнае пагадненне, скарачэнне узбраенняў, канферэцыя, парламенцкія выбары і г.д.); словы, якія набываюць прымету публіцыстычнасці толькі пры ўжыванні ў пераносным значэнні (школа выжывання, працоўная вахта, палітычная гульня, атмасфера даверу, сустрэча на ўзроўні паслоў і інш.); стылёва афарбаваныя словы са станоўчай і адмоўнай ацэнкай (працаўнік, перадавік, міласэрнасць, дабрабыт, расіст, экстрэміст, мешчанін і інш.).
Як і ў мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы шырока выкарыстоўваюцца метафары, эпітэты, параўнанні і іншыя тропы. У рамках кожнага стылю метафры трансфармуюцца, відазмяняюцца ў адпаведнасці з унутрыстылявымі фактарамі і патрэбамі. Публіцыстычнай метафары характэрна ярка выражаная ацэначнасць, станоўчая або адмоўная. У рэпартажы метафарызуюцца, як правіла, паняцці, важныя ў ідэалагічных, эканамічных і іншых адносінах: чорнае золата, хлеб прамысловасці, блакітныя артэрыі. У гэтых і аналагічных выпадках замена прамых найменняў экспрэсіўнымі мае пазітыўна-ацэначны характар, падкрэслівае важнасць метафарызуемых паняццяў.
Матэрыялы для метафар у рэпартажы бяруцца звычайна з галін, што карыстаюцца грамадскім аўтарытэтам, напрыклад, актывізацыя ў 60-я гады метафар на касмічныя тэмы. Прадуктыўна метафарызацыя ваенных, спартыўнах тэрмінаў; у апошні час шырока метафарызуюцца навукова-тэхнічныя тэрміны: патэнцыял, інтэграл, дыяпазон і інш.
Сталі актыўна ўжывацца такія словы інтэрнацыянальнай палітычнай лексікі, як парламент, электарат, інаугурацыя, спікер, імпічмент, легітымны, рэйтынг, кансенсус, эксклюзіўны, карупцыя, прэзентацыя. Аднак менавіта такая лексіка патрабуе дакладнасці словаўжывання, адпаведнасці слова значэнню. Некаторыя з такіх слоў з’яўляюцца врварызмамі – словамі, якія ўласцівыя толькі рэаліям той краіны, адкуль яны прыйшлі да нас. Неахайнае выкарыстанне нашымі журналістамі “імпартных” слоў паратварае беларускую мову ў своеасаблівае эсперанта. Напрыклад, слова імпічмент мог бы быць лёгка заменены ў розных выпадках выразамі накшталт: адхіленне ад улады, ініцыяваць працэс недаверу, судовы працэс над прэзідэнтам, абвінавачванне ў злачынстве і г.д.
Калі паглядзець у тлумачальны аднамоўны слоўнік англійскай мовы, то адразу стане зразумела, што паводле азначэння гэтага паняцця пры перадачы адпаведнай журналісцкай інфармацыі не абысціся без узгадкі наступнага:
1. папярэдняе дасудовае абвінавачванне;
2. афіцыйнай асобы, што займае дзяржаўную пасаду;
3. у час выканання афіцыйных абавязкаў;
4. пры далейшым судовым разглядзе ў Кангрэсе ці іншай дзяржаўнай судовай
установе. [11]
Для эканоміі часу і месца мэтазгодна карыстацца тэрмінам імпічмент, гаворачы пра ЗША. Але зусім недапушчальна ўжываць яго ў адносінах да Беларусі ці Расіі. Тут зцсім іншыя рэаліі.
Стыль рэпартажу хутка засвоіў новыя словы і словазлучэнні, якія адлюстроўваюць сацыяльныя і палітычныя працэсы ў грамадстве: фінансавае аздараўленне, альтэрнатыўныя выбары, новае палітычнае мысленне і інш.
Значна папоўніўся слоўнік навуковай тэрміналогіі: Інтэрнэт, прынтэр, віртуальны свет, стагнацыя, холдынг, дылер, інвестыцыя, спонсар і інш. Тут таксама існуе небяспека забруджвання мовы іншамоўнымі словамі, у той час як можна лёгка знайсці адпаведнікі ў беларускай мове. Напрыклад, рэпарцёры асабліва ўпадабалі слова хай-тэк (скарочана ад англ. high technology – “высокая тэхналогія”). Чаму ж і па-беларуску не вымаўляць “высокія тэхналогіі?” Далёка не ўсе слухачы радыё валодаюць англійскай мовай, ды яшчэ на такім узроўні, каб лёгка ўжываць запазычаную лексіку ў кантэсце ўласнага маўлення.
Галоўная ўвага павінна быць скіравана на тое, каб высветліць, наколькі выкарыстаннне тых ці іншых вобразных сродкаў мовы ў рэпартажы апраўдана зместам і разнавіднасцю твора, наколькі гэтыя сродкі арганічна упісваюцца ў моўныю тканіну.
Асаблівай увагі заслугоўвае выкарыстанне ў рэпартажах так званых маўленчых стандартаў і клішэ. Да іх належаць, напрыклад, такія выразы, якія атрымалі ўстойлівы характар: працаўнікі бюджэтнай сферы, служба занятасці, міжнародная гуманітарная дапамога, сілавыя ведамствы і інш.
Ад маўленчых стандартаў, якія замацаваліся ў публіцыстычным стылі, трэба адрозніваць маўленчыя штампы – шаблонныя моўныя звароты, якія надаюць маўленню канцылярскую аарбоўку: на дадзеным этапе, на сёняшні дзень, падкрэсліў з усёй вастрынёй і інш.
Развіццё мовы – працэс дыялектычны. Адначасова са стварэннем моўнага клішэ адбываецца працэс яго зносу, старэння. У выніку частага ўжывання многія клішэ губляюць намінаыўную дакладнасць, выразнасць, здольнасць уздзейнічаць на аудыторыю. Такія клішэ ператвараюцца ў штампы. Штампы, зразумела, - недарэчныя ў мове рэпартажу, увогуле ў публіцыстыцы. Штамп – гэта дыскрэдытаваны грамадскай думкай выраз з аслабленым лексічным значэннем або сцёртай экспрэсіяй. Часцей за ўсё штампам становіцца былы экспрэсіўны выраз або метафара, і не таму, што часта паўтараецц ў эфіры ці ў друку, а таму, што ўжываецца неразборліва, механічна: чорнае золата, атрымаць прапіску, паставіць на лінейку гатоўнасці, даць пуцёўку ў жыццё. У процівагу дакладна выбранаму слову, якое выразна абазначае сутнасць прадмета або з’явы, штамп па прычыне сцёртай семантыкі дазваляе аўтару толькі жангліраваць моўнымі формуламі, маскіруючы адсутнасць жывога мыслення. [15]
Марфалагічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю праяўляюцца ў асноўным у частотнасці ўжывання часцін мовы і іх форм. Напрыклад, у публіцыстычных тэкстах даволі часта сустракаюцца назоўнікі ў родным склоне (пасля эканамічнага крызісу, рэформа цэн, міністр абароны, скарачэнне ўзбраенняў і інш.), назоўнікі з суфіксамі –осць(-асць), -ств- (-цтв-), -нн-, -ізм, -іст, дзеясловы ў цяперашнім і прошлым часе, дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу: Праект праграмы, накіраванай на падтрымку беларускай адукацыі, распрацаваны ў Мінітэрстве адукацыі. (Бел. радыё)
Стыль рэпартажу мае і сінтаксічныя асаблівасці. Тут часта выкарыстоўваюцца сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіўнасцю – сказы з інверсійным парадкам слоў, сказы-звароты, рытарычныя пытанні, паўторы.
У публіцыстычным стылі выдзяляюцца некалькі разнавіднасцей, або падстыляў: газетна-публіцыстычны, агітацыйны, масава-палітычны. Аднак большасць навукоўцаў лічыць, што дакладнай мяжы паміж гэтымі падстылямі не існуе.
У рэпартажы выкарыстоўваюцца стылістычныя (рытарычныя) фігуры – гэта моўныя звароты, якія маюць своеасаблівую сінтаксічную будову і ўзмацняюць выразнасць выказвання. Да іх адносяцца антытэза, эліпсіс, інверсія.
Антытэза (ад грэч. Antithesis - супрацьпастаўленне) – выраз, у якім супраўьпастаўляюцца кантрасныя, процілеглыя паняцці, прыметы. Звычайна антытэза асноўваецца на антонімах. Выкарыстанне антытэзы дае магчымасць засяродзіць увагу слухача на пэўных рысах героя, абстаноўкі, з’явы і такім чынам узмацніць уражанне ад іх.
Інверсія (ад лац. Inversio - перастаноўка) – змяненне ў сказе звычайнага, прамога пардку слоў з мэтай надання пэўнаму слову, члену сказа дадатковай семантычнай і эмацыянальна-экспрэсіўнай нагрузкі. З дапамогай інверсіі падкрэсліваецца важнасць той ці іншай з’явы, апісанню надаецца ўзнятасць, урачыстасць або дынамічнасць. Але непатрэбная інверсія у сказе робіць мову напышлівай, манернай, таму ўжываць яе варта толькі там, дзе адчуваецца ў гэтым сапраўдная неабходнасць. [16]
Эліпсіс (ад грэч. еlleipsis – пропуск) – моўны зварот, у якім свядома апускаецца дзеяслоў-выказнік. Насупраць – будынак з гасцінна адчыненымі вокнамі. (І канал Бел.радыё) Эліптычныя сказы адметныя тым, што з’яўляюцца сэнсава і сінтаксічна самастойнымі адзінкамі, іх змест зразумелы без кантэксту. Выкарыстанне эліпсіса надае мове дынамізм, выразнасць, дапамагае перадаць псіхалагічнае напружанне таго, хто гаворыць: Пад чарнобыльскім небам – журбота. У вачах старых – роспач. Ва ўсмешках дзяцей – надзея і радасць. Ад прыгажосці ў стылі Юрыя Плюшчава балюча шчыміць сэрца. (Радыё “Культура”)

У рэпартажы аператыўнага, афіцыйнага кшталту журналіст абавязкова звяртаецца да афіцыйна-дзелавога стылю – такой функцыянальнай разнавіднасці маўлення, якая выкарыстоўваецца ў сферы афіцыйных дзелавых адносін, г.зн. адносін, што ўзнікаюць паміж дзяржаўнымі органамі, паміж арганізацыямі і прыватнымі асобамі ў прэцэсе вытворчай, гаспадарчай, юрыдычнай дзейнасці. Асноўнымі прыкметамі гэтага стылю з’яўляюцца канстантацыйна-прадпісальны характар дакументаў, неасабовасць выкладу, дакладнасць, высокая ступень стандартызацыі. На ўзроўні лексікі тут назіраееца шырокае ўжыванне спецыяльнай тэрміналогіі, стандартных сродкаў, а таксама складанаскарочаных слоў, пераважна назваў арганізацый і ўстаноў, амаль поўная адсутнасць эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі. У тэкстах афіцыйна-дзелавога стылю часта выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі (пагадненне, невяртанне, выкарыстанне і інш.).
На жаль, на беларускім радыё пераважаюць менавіта такія рэпартажы. Яны хутчэй нагадваюць афіцыйнае паведамленне, карэспандэнцыю. Афіцыйна-справавы стыль найбольш прыдатны да існавання ў ім штампаў і канцылярызмаў. Рэпартажы, створаныя ў такім стылі, здаецца, не адрозніваюцца адзін ад аднаго і гучаць аднолькава суха і нецікава. І цяпер ветэраны, нягледзячы на сталы узрост, прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. (“Радыёфакт”) Аказанне сацыяльна значных паслуг насельніцтву знаходзіцца пад асабістым наглядам Прэзідэнта Беларусі. (“Радыёфакт”) У рэпартажы пра трагічны лёс удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны журналіст кажа: Трасцянецкі лагер з’яўляўся самым вялікім на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Куды прасцей і лёгка для слыху прагучала б тая ж самая фраза ў такім афармленні: Трасцянецкі лагер быў самым вялікім ва ўсёй Усходняй Еўропе. Калі вядецца аповяд пра жыццё, пра лёс, то лексіка павінна быць набліжана да размоўнай, каб веяла ад слоў журналіста шчырасцю і чалавечнасцю.
Для сінтаксісу афіцыйна-дзелавога маўлення характэрныя складаныя сказы, дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя звароты, канструкцыі са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі (у выніку таго што, нягледзячы на тое што, з мэтай, згодна з).

Фразы ў рэпартажы павінны быць кароткія. Варта пазбягаць нагрувашчвання думак у адной фразе. Пры вольным вусным выкладанні магчымы фразы больш распаўсюджаныя, чым пры чытанні. Пад фразай мы разумеем семантыка-фанетычнае адзінства, аб’яднанае прыкметай інтанацыйнай закончанасці. Патрабаванне да невялікага аб’ему фразы абгрунтавана фактарам напружвання увагі слухача. З мэтай разбіўкі доўгіх фраз і набліжэння тэксту да размоўнага характару можна карыстацца некаторымі прыёмамі:
1. Вылучаць у асобныя фразы даданыя сказы, якія ўводзяцца словамі таму што, хаця,
прычым і інш., а таксама фразы, якія далучаюца да папярэдняй фразы пры дапамозе злучнікаў а, і, але і г.д. пры гэтым часам бывае неабходнай перапрацоўка фразы (перастаноўка слоў, змяненне склонавых форм, выкрэсліванне лішніх слоў).
2. Трэба пазбягаць грувасткіх цытат, замяняючы іх пераказам у тых выпадках, дзе
стыль цытуемага аўтара прыкметна адрозніваецца ад агульнага стылю рэпартажу.
3. Пазбягаць трэба і залішняй колькасці фраз аднолькавага абему. Аб’ём неабходна
вар’іраваць, чарадаваць доўгія і кароткія фразы (кіравацца прынцыпам разнастайнасці).
4. Не варта карыстацца аддзеяслоўнаымі назоўнікамі, калі можна дасягнуць больш
простай канструкцыяй з дапамогай дзеяслова. [3]
5. Трэба пазбягаць такіх словазлучэнняў, у якіх цяжка разабраць, чым у сказе
з’яўляецца назоўнік, які стаіць у родным склоне, - суб’ектам ці аб’ектам дзеяння? У словазлучэнні крытыка пісьменніка родны склон назоўніка пісьменніка можна зразумець як родны аб’екта. Тады гэта азначае, што нехта крытыкуе пісьменніка. Калі ж зразумець склон як родны суб’екта, то выраз атрымае адваротны сэнс: пісьменнік сам крытыкуе некага. [16]
6. Выдатным сродкам пыцягнуць увагу з’яўляецца прыём угадвання наперад заўваг,
якія могуць узнікнуць у слухачоў. Пры гэтым карыстаюцца абаротамі Вы можаце мне запярэчыць, што... ці Вы можаце запытаць... і далей магчымае пытанне ў форме прамога маўлення.
Яшчэ адзін спосаб прыцягнуць увагу - задаваць пытанні, на якія ж адразу будзе дадзены адказ ці вуснамі журналіста, ці спецыяліста: На календары – зіма. З яе надыходам мы ўсё часцей чуем словы “грып”, “лекі”, “эпідэмія”. Паклапаціцца пра ўласнае здароўе нас прымушае зменлівы настрой прыроды. Маразы чаргуюцца з адлігамі, і ў выніку ствараеца асяроддзе, спрыяльнае для развіцця вірусных прастудных захворванняў. Першае месца сярод іх па традыцыі займае грып. Што рыхтуе ён нам у гэтым годзе? Якія асаблівасці яго развіцця ў Беларусі прагназуюць нашы медыкі? (“Радыёфакт”)
7. У тэксце трэба пазбягаць выпадковага паўтору адных і тых жа слоў і корней, якія
складаюць уражанне стылістычнай нядбайнасці: Зараз у нас у гасцях маскоўскія госці. (Бел.радыё)

Прыгажосць маўлення – ў яго дакладнасці і прастаце. Дакладна і проста гаворыць і піша той, хто мае вялікі слоўны запас і выкарыстоўвае назвы з тым значэннем, якое замацавалася за імі ў працэсе развіцця мовы і грамадства. Гэта асноўнае правіла словаўжывання, якое забяспечвае паразуменне тых, хто карыстаецца літаратурнай мовай. Выбар, як і спалучэнне, заўсёды вызначаецца не толькі задачай непасрэднай перадачы інфармацыі, але і ў нейкай меры тымі ўмовамі, той сітуацыяй, ў якіх адбываюцца моўныя зносіны. Вуснае маўленне дазваляе наладзіць жывы кантакт паміж тым, хто гаворыць, і тым, хто слухае. У залежнасці ад рэакцыі субяседнікаў час размовы можна нешта ўдакладніць, узмацніць, паўтарыць сказанае, інакш кажучы, можна адразу адрэагаваць на тое, як успрымаюцца асобныя словы або ўсё выказванне ў цэлым.
Здараецца так, што журналіст, імкнучыся паказаць сваю адукаванасць і эрудыцыю, трапляе ў смешнае становішча з-за няведання сапраўднага сэнсу некаторых слоў і выразаў. Як у прымаўцы, чуў звон, а вось адкуль ён... У праграме “Радыёфакт” у рэпартажы пра пазітыўныя дасягненні у барацьбе супраць злачыннасці журналіст паведамляе: “За два месяцы нашы рэчыцкія пінкертоны раскрылі і прыпынілі дзейнасць дзвюх злачынных груповак...”
Даведка: Алан Пінкертон, родам з Шатландыі, у ЗША арганізаваў вельмі паспяховую ахоўную фірму (пачынаў з аховы рэйсавых дыліжансаў, паштовых аўтобусаў). Паступова фірма разраслася, пра яе шмат пісаў друк. З цягам часу працаўнікі фірмы сталі героямі дэтэктыўных бульварных раманаў, прымітыўных серыйных выданняў кішэннага памеру і ператварыліся ў герояў кшталту агента 007 ці Васіля Іванавіча з Пецькам ды Анкай. [11]
Няведанне замежных моў прыводзіць да пашырэння таўталагічных выразаў ў
спалучэннях з запазычанымі словамі, т.зв. плеаназмаў, у якіх слова з роднай мовы часткова паўтарае сэнс паняцця, што перадаецца замежным словам. Рэпарцёры неаднаразова паўтараюць: сервісная служба, прэйскурант цэн, дробны петыт. Тлумачальныя слоўнікі маглі б падказаць аўтарам таўталагічных выразаў, што прэйскурант – гэта “даведнік, спіс цэнаў”, сервіс – “абслугоўванне”, петыт – “малы, дробны”. Прывяду прыклады плеаназмаў, якія час ад часу сустракаюцца ў афіцыйных рэпартажах “Радыёфакта”. Вылучанае слова – лішняе.
сетка Інтэрнэт
планы на будучыню
выпускаемая прадукцыя
кароткі брыфінг
наведаць з візітам
У мове рэпартажу дакладнасць словаўжывання набывае сілу закона. Вельмі часта можна пачуць памылкі, звязаныя з блізкім гучаннем слоў: абагуліць “зрабіць індывідуальнае калектыўным” і абагульніць “выказаць у агульным палажэнні вынікі назіранняў над асобнымі фактамі”, бескарыслівы “які не імкнецца да асабістай выгады, нажывы” і бескарысны “які не прыносіць карысці, марны”, пераўтварыць “змяніць што-н. карэнным чынам, перабудаваць” і ператварыць “перавесці ў другі стан, надаць зусім іншы выгляд; ажыццявіць на справе што-н., увасобіць у чым-н. пэўным, канкрэтным”, кантсруктыўны “які выяўляе сутнасць чаго-небудзь, істотны, важны” і канструкцыйны “звязаны з канструкцыяй”.
У мове рэпартажу асабліва строга вытрымліваецца патрабаванне, каб слова ў кантэксце было адназначнае. Ужыванне мнагазначнага слова з выяўленнем у тым самым кантэксце некалькіх яго значэнняў спараджае непаразуменні.

Задача камунікатыўнасці вырашаецца станоўча, калі субяседнікі добра валодаюць мовай, умеюць правільна і дакладна выказваць свае думкі. Але недастаткова толькі перадаваць думкі, неабходна выражаць іх прыгожа, вобразна, яскрава.
Мова – гэта своеасаблівая “візітная картка” чалавека. Па тым, што і як ён гаворыць, мы мяркуем пра яго культурны ўзровень, эрудыцыю, выхаванне. Мова з’яўляеца паказчыкам інтэлігентнасці, бо ў ёй выяўляецца ступень далучанасці асобы да здабыткаў сусветнай культуры. [17]
Дакладнасць забяспечваецца добрым веданнем прадмета маўлення, аўтарскім кантролем за прымяненнем слова ці фразеалагізма. Гэта – пазамоўныя (экстралінгвістычныя) умовы дакладнасці. Да лінгвістычных умоў, якія садзейнічаюць стварэнню дакладнасці, адносяцца:
* веданне сінінімічных магчымасцей мовы і ўменне выбраць з сінінімічнага рада
найбольш дакладнае для данага выпадку слова;
* веданне і дакладнае размежаванне полісеміі;
* уменне размяжоўваць паронімы і амонімы. [8]
Галоўным выяўленчым сродкам радыёрэпартажу з’яўляецца жывое слова. Яно перадае думкі і эмоцыі аўтара. Змена маўленчых плыняў, выступленне ля мікрафону розных людзей, змена роляў, рытму складаюць поліфанію рэпартажу. Тут дарэчы будуць асацыяцыі, кантрасты, метафары. Цяжкасць работы над рэпартажам заключаецца ў тым, што журналісту трэба пастаянна знаходзіць вобразныя словы, дакладныя эпітэты і параўнанні, падкрэсліваць характэрныя дэталі. Вялікая роля імправізацыі.
Перыфразы-характарыстыкі у мове публіцыстыкі выконваюць розныя семантычна-стылістычныя задачы. Некаторыя перыфразы лаканічна і дакладна раскрываюць сутнасць з’явы і тым самым даюць ёй грамадскую або эстэтычную ацэнку.
Перыфраза – найчасцей вынік індывідуальна-мастацкага бачання свету. У людзей з багатым жыццёвым вопытам, арыгінальным і глыбокім мысленнем яна адлюстроўвае складанасць узаемаадносін паміж рознымі з’явамі рэчаіснасці. Перыфразы структурна арганізуюцца на сінтаксічнай аснове, звычайна гэта словазлучэнні. Свабодныя словазлучэнні абазначаюць прадметы і іх прыметы, дзеянні і іх аб’екты раздзельна, а перыфразы, маючы тую самую структуру, семантычна непадзельныя і называюць з’явы жыцця ўсім слоўным комплексам. Гэта добра відаць, калі параўнаць свабодныя і генетычна звязаныя з імі перыфрастычныя словазлучэнні, адрозніць якія можна толькі ў кантэксце. Такім чынам, перыфраза ўзнікае ў працэсе моўных адносін і характарызуецца паасобнасцю афармлення – мае мадэль свабоднага словазлучэння. Перыфразу мы пачуем у размове, калі нехта замест радзіма скажа прадзедаў зямля, замест унук – сыныў сын. [9]
Перыфраза не толькі называе з’яву жыцця, яна адначасова і характарызуе яе: зямля Заслонава, Купалы, Якуба Коласа зямля – гэта і Беларусь-партызанка, і тая Беларусь, якая дала свету нямала таленавітых людзей; крылатая мудрасць народа – вусна-паэтычныя творы, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне як здабыткі духоўнай культуры народа. Нямала перыфраз сталі традыцыйнымі. Беларускім шоўкам называюць лён, другім хлебам – бульбу, беларускім морам – возера Нарач, блакітным палівам – газ. Традыцыйныя перыфразы зразумелыя і без канэксту.
Перыфраза паводле сваёй структуры менш эканомная, чым асобнае слова. І калі б у яе значэнні не было нічога новага ў параўннні са значэннем і адценнем значэнняў аднаслоўнай назвы, утварэнне і ўжыванне перыфразы было б мала апраўданае: няма патрэбы ўжываць цэлае словазлучэнне, калі тое самае можна выказаць адным словам. Перавага перыфразы над звычайным словам у тым, што яна не толькі называе пэўную з’яву, але і адразу характарызуе яе праз апісанне прымет, уласцівасцей. У перыфразах аўтары не проста занатоўваюць тое, што назіраюць у жыцці, а, скарыстаўшы зрокавае падабенства, сходнасць, набліжанасць слыхавых адчуванняў, спецыяльна паварочваюць прадмет, з’яву да слухача той гранню, якая дапамагае надаць малюнку адчувальную відавочнасць і дазваляе падтрымаць пэўны настрой апісання.
Здольнасць перыфразы даваць ацэнку журналісты часта выкарыстоўваюць пры замене ўласных назваў. Як вядома, уласнае імя не перадае ніякіх эмоцый, экспрэсій, не характарызуе прадмет ці асобу. У працэсе маўлення ўласнае імя выконвае толькі намінатыўную функцыю. Перыфраза ж адразу і называе, і характрызуе. Калі, напрыклад, у хроніцы часопіса “Маладосць” мы чытаем пра краіну старых традыцый – Англію, то заўважаем характарыстычную функцыю перыфраз. [9]
Пачуўчы ад некага таямнічае слова Пенаты, беларускія журналісты сканструявалі замест выразу вярнуцца дадому сінонім вярнуцца у родныя Пенаты. Магчыма, гэта была бяздумная пазыка ў расійскіх калегаў, магчыма, паўплывала асацыяцыя з беларускім “родныя хаты”. Але такі выраз можна пачуць сёння на радыё і прачытаць у газетах.
Даведка: Пенаты, паводле старажытнарымскай міфалогіі, - хатнія сямейныя бажкі, якія ахоўвалі жытло, гаспадарку, сямейныя запасы і скарбы пад зычлівым акрыццём “бога запасаў” Пэна. Лічылася, што ў кожным жытле могуць быць свае адметныя Пенаты (не менш, чым двое). Акрамя таго, кожны край, зямля павінны мець сваіх Пенатаў-апекуноў.
Такім чынам, ідучы дадому, можна вярнуцца толькі да сваіх Пенатаў, а не ў свае
Пенаты. Праўда, быў некалі адзін чалавек, які мог гэта зрабіць, бо Пенатамі называлася яго лецішча, якое месцілася ў фінскім селішчы Куокаля бліз Санкт-Пецярбургу. Гэта быў мастак Ілля Рэпін. У “Пенатах” яго наведвалі шматлікія знакамітасці. Там цяпер музей. [11]
Перыфрастычныя ўласныя назвы звычайна выкарыстоўваюцца ў кантэкстах, дзе ўжываецца і прозвішча, афіцыйная назва або дзе на іх паказвае змест.
Некаторыя прадметы, з’явы і дзеянні лічацца непрыстойнымі, і паводле агульнай згоды іх звычайна называюць не адкрыта, а іншасказальна, часта з дапамогай перыфраз. Перыфраза такім чынам сутыкаецца з другой моўнай з’явай – эўфемізмам. Даследчыкі не раз пакрэслівалі, што перыфраза і эўфемізм – вельмі блізкія стылістычныя сродкі мовы. Сталі фраземамі былыя перыфразы аддаць богу душу, пайсці на той свет, пусціць чырвонага пеўня. Эўфеместычныя выразы мяккае месца, далікатнае становішча, ніжняя адзежына – традыцыйныя перыфразы.
Пры эўфемістычнай замене слоў камунікатыўны план апісання – прынцыпова важны ў грамадскім працэсе зносін – нічога не страчвае, бо “моўная забарона закранае не думку, паняцце, змест слова, таму што іх нельга выключыць з жыццёвага абходку, а тым самым і з моўнай камунікацыя, а толькі некаторыя іх формы, знешнія моўныя маніфестацыя”. І аўтары-публіцысты, прытрымліваючыся моўнага этыкету, у апісаннях выкарыстоўваюць эўфемістыныя перыфразы. [9]
Складанасць праблемы стылістыкі жанраў абумоўліваецца і складанасцю, мнагапланавасцю і ў нейкай меры ўмоўнасцю самога паняцця “жанр”. Сапраўды, жанр – гэта ў значнай меры ўмоўная, абстрактная катэгорыя. Ён адлюсторўвае не столькі саму рэчаіснасць, колькі характар адносін да яе. Жанр- гэта заўсёды ўстаноўка на пэўны тып, сродак адлюстравання рэчаіснасці, на характар і масштаб абагульненняў. Важна адзначыць, што адносіны да рэчаіснасці, якія складаюць спецыфіку любога жанру, выяўляюцца перш за ўсё ў форме вобраза аўтара. Калі ў змястоўным плане вобраз аўтара адлюстроўвае характар адносін да рэчаіснасці, то ў лінгвістычным – выражае моўную форму жанру. Таму некаторыя даследчыкі прапануюць у аснову стылістычнай класіфікацыі жанраў пакласці ступень праявы, удзелу аўтарскага “я” ў маўленні.
Вобраз аўтара, аўтарскія адносіны да прадмета размовы, ступень выражанасці аўтарскага “я” вызначаюць не толькі форму маўлення, але і агульную стылістычную танальнасць матэрыялу, своеасаблівасць адбору лексічных і граматычных сродкаў мовы, наогул усю моўную (маўленчую) кампазіцыю твора. Так, мера ўдзелу аўтарскага “я” ў моўнай структуры рэпартажу, з’яўляючыся асноўнай стылеўтвараючай прыкметай жанру, у той жа час дазваляе вылучаць шэраг яго разнавіднасцей – ад кароткага інфармацыйнага рэпартажу, дзе факты ў асноўным толькі паведамляюцца, да рэпартажу аналітычнага, напоўненага аўтарскім роздумам, аўтарскай экспрэсіяй, публіцыстычнымі каментарыямі, вобразнымі сродкамі. Кожная з гэтых разнавіднасцей рэпартажу, падпарадкуючыся пэўнай форме вобраза аўтара, абумоўлівае характар выбару лексіка-граматычных сродкаў: нейтральная, агульнаўжывальная лексіка, фразеалогія, граматычныя сродкі – у рэпартажах інфармацыйнага тыпу; актыўнае выкарыстанне эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі і фразеалогіі, гутаркковых сродкаў сінтаксісу – у рэпартажах аналітычнага, публіцыстычнага характару. [15]
Рэпартаж – гэта абавязковая карціна падзей, прапушчаная скрозь журналісцкае асабістае ўспрыманне. У гэтам жанры ярка праяўляюцца аўтарскія адносіны, аўтарскія ацэнкі, каметарыі, разважанні – ўсё, што стварае ў выніку эфект прысутнасці , вельмі характэрны для сапраўнага рэпартажу.
Выкарыстанне простай мовы ў рэпартажы мае свае асаблівасці. Калі ў мастацкай літаратуры – гэта толькі адзін са сродкаў аўтарскай характарыстыкі персанажа, то ў рэпартажы простая мова - гэта часцей за ўсё перадача інфармацыі. Гэта жывыя галасы жывых людзей, а не літаратурных персанажаў, вуснамі якіх гаворыць аўтар. Жывая мова ўдзельнікаў падзей у рэпартажы ўзмацняе эфект дакументальнасці, праўдзівасці. Гэта не азначае, вядома, што ў рэпартажы, як і ў нарысе, простая мова не выкарыстоўваецца як характаралагічны сродак, як сродак індывідуальнай характарыстыкі дзейных асоб. Хаця стварэнне вобразаў, моўных партрэтаў – не галоўнае ў рэпартажы, аднак трапна знойдзены штрых у мове персанажа, вострая моўная характарыстыка ўзбагачаюць стыль рэпартажу. Тут трэба адрозніваць і тыпы рэпартажаў: у дзелавых, інфармацыйнага тыпу рэпартжах індывідуалізацыя мовы непажадана, а ў рэпартажах замалёвачнага, нарысавага характару яна натуральная і апраўданая.
Часта ў рэпартажы назіраюцца так званыя стылістычныя змяшэнні – ужыванне ў адным кантэксце слоў і выразаў рознай стылістычнай афарбоўкі. Займеннікі і дзеясловы служаць адным з галоўных сродкаў выражэння аўтарскай мадальнасці, аўтарскага “я”. Акрамя аўтарскай мадальнасці дзеяслоў перадае яшчэ і дынаміку развіцця апісваемай сітуацыі. Вось чаму дзеяслоў можна лічыць адным з арганізуючых звенняў моўнай тканіны рэпартажу.
Важную ролю ў стварэнні моўнай таканіны рэпартажу выконваюць так званыя кампазіцыйна-сэнсавыя (або функцыянальна-сэнсавыя) тыпы маўлення – апісанне, апавяданне і разважанне.
Апісанне звычайна перадае сувязі паміж прадметамі і з’явамі рэчаіснасці. Яно характарызуецца статычнасцю, адзінствам пункту гледжання на апісваемы аб’ект. Аснову вобразнага апісання складае прадметная лексіка. Апісанне таксама часта выкарыстоўваецца як зачын рэпартажу. Апісанні мастацкай літаратуры адрозніваюцца ад апісанняў публіцыстычных тым, што апошнія маюць падкрэслены сацыяльна-ацэначны характар. У рэпартажы апісанне выконвае функцыю дакументальна дакладнай перадачы абстаноўкі такой, як убачыў яе аўтар: Шчаслівы той, хто разумее прыгажосць, але яшчэ больш шчаслівы той, хто гэтую прыгажосць стварае. Калі так, то шчаслівы быў лёс мастака Вячаслава Ражкова.
У залах бібліятэкі імя Пушкіна працягваецца выстава работ Вячаслава і Антаніны Ражковых. Яна прысвечана памяці мастака.
Тэматыка ягоных твораў багатая і разнастайная. Гэта казачныя і былінныя сюжэты, тэмы айчыннай гісторыі. Але больш за ўсё мастак упадабаў малюнкі прыроды. Яна ў яго крохкая і велічная адначасова. І міжволі думаеш, што не чалавек узвышаецца над прыродай, а прырода над чалавекам. Кажуць, каб лепш разумець творы майстра, трэба адчуваць яго думкі і настрой. (Радыё “Культура”)
Апавяданне ў адрозненне аж апісання – дынамічнае, выражае сувязі паміж падзеямі, служыць для выражэння часавай, храналагічнай паслядоўнасці дзеянняў або з’яў. У апавядальных сказах, як правіла, уся актыўная інфармацыя сканцэнтравана ў складзе выказніка. Дзеясловы і акалічнасныя словы – галоўныя кампаненты апавядання: Праграма выстаўкі не абмежавалася паказам экспанатаў. У дзень адкрыцця выступіў ансамбль «Тутэйшая шляхта». У наступныя два дні работы выстаўкі наведвальнікі маглі не толькі захапляцца прыгажосцю, але і ўбачыць яе ў навуковым святле. З лекцыямі выступілі прафесары Брэсцкага педагагічнага і Беларускага дзяржаўнага універсітэтаў. А ў суботу дзяўчыны з мадэльнага агенцтва Сашы Варламава паказалі калекцыю ювелірных упрыгажэнняў. (Бел.радыё, праграма “Радыёфакт”)
Аповяд пра падзеі вядзецца галоўным чынам з дапамогай такога функцыянальна-сэнсавага тыпу маўлення.
Разважанне – важнейшы кампанент аўтарскага маўлення, якое звязвае, цэментуе рэпартаж у адно закончанае цэлае. Гэты тып маўлення прызначаны для тлумачэння пэўнага паняцця або з’явы, для доказу ці абвяржэння пэўнай думкі. Існуюць два асноўныя метады разгортвання матэрыялу ў разважаннях: сінтэтычны і аналітычны. Можна ісці ад агульных палажэняў да прыватных, г.зн. спачатку прывесці агульнае палажэнне, якое трэба даказаць, а потым падаць факты, доказы і ілюстрацыі (аналітыка); можна, наадварот, ад прыватных назіраняў і з’яў ісці да агульных, г.зн. спачатку паведаміць факты і назіранні, а потым зрабіць агульны вывад, змяшчаючы ў сабе галоўную думку, якую хацеў даказаць аўтар (сінтэз). Але часцей за ўсё сустракаюцца разважанні змешанага тыпу, дзе аналіз перакрыжоўваецца з сінтэзам. [10]
Вялікае значэнне мае для рэпартажнага стылю і склад маўлення, які можа разглядацца з некалькіх пазіцый. Адна з найважнейшых – прыналежнасць маўлення (аўтару, герою). Катэгорыі маўлення, якія вылучаюцца па гэтай прыкмеце, вядомыя: аўтарскае маўленне і чужое (простая, ускосная, няўласна-простая мова).
Асноўныя рысы аўтарскага маўлення рэпартажу – жвавасць, рухомасць, гнуткасць, разнастайнасць. Яно неаднароднае па мадальнай афарбоўцы, па стылістычным складзе, па спосабе выкладання матэрыялу і па спосабах перадачы чужой мовы.

Маналог – галоўная форма большасці радыёжанраў. У маналагічнай форме будуецца значная частка рэпартажаў, а таксама каментарыяў, выступленняў ля мікрафона. Нават ў рэпартажах, якія вядуцца дзвюма асобамі, дыялог, як правіла, носіць даволі своеасаблівы характар: невялікія дыялагічныя “мосцікі” – толькі звязваючыя элементы паміж маналогамі кожнага з рэпарцёраў. Аднак на радыё, дзе аб’ект і суб’ект маўлення аддзелены, дзе размова заўсёды накіроўваецца да субяседніка, дзе аўтар ставіць сваёй задачай уздзейнічаць на аўдыторыю, маналог, строга арганізаваны і паслядоўны ў развіцці думкі, быццам насычаецца элементамі дыялога. Вуснае маўленне, яго накіраванасць да рэальнага слухача, імкненне пераканаць гэтага слухача вызываюць неабходнасць выкарыстання некаторых рыс дыялога. [3]
Некаторыя даследчыкі радыйнай мовы прапаноўвалі разглядаць яе як аўтаномную стылёвую адзінку ў агульнай сістэме сучаснай літаратурнай мовы. Так, Э.Г.Рызель сцвярджае: “Праблему класіфікацыі стыляў мовы нельга лічыць поўнасцю вырашанай. Як мне здаецца, галоўным крытэрыем класіфікацыі стыляў мовы трэба лічыць іх мэтавае прызначэнне, ці функцыю, якую яны выконваюць. Такім чынам, трэба адрозніваць ў аноўным стылі; мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, прэсы, навуковай літаратуры, стыль радыёвяшчання, вусных афіцыйных зносін, бытавых зносін і г.д”.
Мне цяжка згадзіцца з такім меркаваннем, таму што творы радыёжурналістыкі, у прыватнасці рэпартажы, не укладваюцца ў такія строгія рамкі, ў якіх знаходзяцца творы, напрыклад, афіцыйна-дзелавога ці навуковага стыляў. Зразумела, тут ўсё залежыць ад тэматыкі твора. Калі рэпартаж вядзецца з парламента ці з’езда дэпутатаў, то і мова рэпарцёра будзе максімальна набліжана да афіцыйнага стылю. Афіцыйна-справавы стыль вылучаецца сярод іншых сваёй стабільнасцю, замкнёнасцю і стандартызаванасцю. Гэты стыль вымагае дакладнасці фармулёвак. Афіцыйна-справавы стыль належыць да кніжных стыляў і функцыяніруе пераважна ў форме пісьмовага маўлення, аднак ў радыёжурналістыцы сустракаецца і яго вусная форма – выступленні дзяржаўных і грамадскіх дзеячоў на сходах, пасяджэннях, прыёмах. Вусная форма характарызуецца дакладным стылем вымаўлення, асаблівай выразнасцю інтанацыі, лагічнымі націскамі. Дапушчаецца нават некаторая эмацыянальная ўзнятасць маўлення, ўжыванне іншастылёвых сродкаў, аднак пры гэтым нельга парушаць літаратурнай нормы, дапушчаць няправільныя націскі, нелітаратурнае вымаўленне.
Да ўсіх форм афіцыйнай мовы абавязкова строгая адпаведнасць літаратурнай норме на ўсіх яе моўных узроўнях: недапушчальнае выкарыстанне лексіка-фразеалагічных сродкаў гутарковага, простамоўнага характару, дыялектных, прафесійна-жаргонных слоў; нелітаратурных варыянтаў словазмянення і словаўтварэня; гутарковых сінтаксічных канструкцый. Афіцыйна-справавы стыль не прымае экспрэсіўных элементаў: ацэначнай лексікі, высокіх або зніжаных слоў (жартаўлівых, іранічных), вобразных выразаў. Важнае патабаванне да такой мовы – аб’етыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў.
Лагічная інтэлектуальная аснова гэтага стылю патрабуе выкарыстання абстрактнай, тэрміналагічнай, спецыяльнай лексікі. Словы тут павінны ўжывацца толькі ў іх прамым значэнні. Назвы людзей даюцца часцей па іх спецыяльнасці або пасадзе: майстар фармавальнага цэху, кліент, пацыент, аўтар, наведвальнік, грамадзянін і інш. Распаўсюджаны дзеяслоўныя назоўнікі з суфіксамі –нне, -ццё, з прэфіксам не- (ня-): выкананне, недагляд, павелічэнне.
Адрозненні паміж функцыянальнымі стылямі назіраюцца на ўсіх узроўнях: лексічным, фразеалагічным, граматычным. Пры гэтым трэба дадаць, што ў агучаным слове паміж функцыянальнымі стылямі ўзнікаюць яшчэ і асаблівыя адрозненні, акрамя тых, што існуюць на пісьме. “Хутчэй заўсё, пэўныя акустычныя прыметы інтанацыі служаць прыкметамі адрознення стылістычных асаблівасцей мовы”, лічыць І.Андронікаў.
Без сумненняў, мова радыёрэпартажу неаднародная. У яе рэчышчы тякуць, узмемадзейнчаюць, але не зліваюцца разнастайныя стылёвыя патокі. З гэтага вынікае, што прызнаць існаванне “стылю радыёвяшчання” і ўключаць яго ў сітэму моўных стыляў – азначае змашваць дзве з’явы – функцыянаванне мовы і і стыль мовы як унармаваную сістэму сродкаў выражэння.
Размоўны стыль маўлення – гэта стыль непасрэдных неафіційных зносін, які найбольш ярка ўвасабляецца ў вуснай форме дыялагічнага маўлення бытавога тыпу. Такое маўленне разгортваецца імгненна і адбываецца ва ўмовах, калі прамоўца не мае часу на папярэдняе абдумванне, да таго ж, тут і не патрэбны педантычны адбор сродкаў выражэня. Грунтоўнасць і дакладнасць выказвання ў размоўным стылі не толькі не абавязковыя, але часам нават лішнія, бо субяседнікі разумеюць адзін аднаго з паўслова. Вуснасць выказвання дапамагае ім выкарыстоўваць такі моцны сродак перадачы сэнсавых і эмацыянальных адценняў выказвання, як інтанацыя, а непасрэднасць зносін – міміку і жэст.
Размоўны стыль маўлення дазваляе выкарыстоўваць побач з нейтральнымі сродкамі размоўнай лексікі, фразеалогіі, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый. Яму ўласцівыя і некаторыя асаблівасці вымаўленчага характару.
Галоўнае ж, што істотна для размоўнага стылю ў цэлым, - непасрэднасць, адсутнасць прадуманага адбору сродкаў выражэння, адсутнасць скурпулёзнасці ў адшліфоўцы мовы. Аднак размоўны стыль у чыстым выглядзе можа існаваць ў рэпартажы вельмі абмежавана.
На радыё субяседнікі аддалены адзін ад аднаго, тут няма непасрэднага кантакта, ту мы маем справу не з прыяцельскай размовай аб жыцёвых дробязях. Слова, якое гучыць ў эфіры і выконвае такую важную функцыю паведамлення, хаця і ўспрымаецца асобнымі людзьмі ці невялікімі групамі і звяртаецца да кожнага слухача, у цэлым належыць шматмільёнай аўдыторыі. Таму слова павінна быць разумела для ўсіх.
Рэпарцер заўсёды імкнецца зацікавіць свайго слухача, пераканаць яго, інакш уся яго журналісцкая праца акажацца марнай. Таму журналіст выкарыстоўвае моўныя сродкі, якія вызываюць ілюзію, быццам размова вядзецца з кожным слухачом асобна і менавіта з ім. Такі эфект ствараецца з дапамогай шэрагу сродкаў дыялагізацыі маўлення. Сярод іх можна назваць звароты да слухачоў, шырокае выкарыстанне няпоўных сказаў, адмоўных і сцвяржджальных слоў-сказаў, інверсій, сінанімічных груп і г.д.
Не трэба лічыць, што пісьмовая мова – гэта тая ж самая вусная мова, перанесеная на паперу і таму больш разгорнутая і ўнармаваная. На пісьме мы выкарыстоўваем спецыфічныя сродкі выражэння, якія не ўласцівыя вуснай мове. Гэта літары алфавіту, пунктуацыйныя знакі, абзац, шрыфт, падкрэсліванне, двукоссе. Галоўная збороя вуснага маўлення – гук. У ім шырока прымяняюцца розныя рытмічныя пабудовы, змяненне вышыні тона, узмацненне і аслабленне сілы гука, паскарэнне і запавольванне тэмпу, паўзы, лагічныя націскі.
Неабходна адзначыць, што цыркуліраванне сродкаў адных стыляў у межах другіх – працэс агульны для сучаснай мовы, цяпер зарактэрна ўзаемадзеянне стыляў, уплыў аднаго на іншы. Гэтая тэндэнцыя становіцца зусім адчувальнай пры вывучэнні мовы рэпартажу.
У вуснай размове межы стыляў быццам змываюцца, у ёй становіцца магчымым суіснаванне сродкаў, здавалася б, несумяшчальных па прынятых стылістычных нормах. Аднак гэта ўзаемапранікненне стыляў стрымліваецца ў сферы масавых зносін тым, што тут, нягледзячы на вуснасць формы, існуе свядомая ўстаноўка на сродкі выражэння і больш ці менш дакладны адбор моўных сродкаў, раней характэрных толькі для пісьмовага маўлення. Пры гэтым нельга забываць, што нас перш за ўсё цікавіць маналог у рамках рэпартажу, а маналагічная мова будуецца па асобых законах, якя не супадаюць з законамі мовя дыялагічнай.
У лексіка-сінтаксічнай сферы рэпартажу ў пэўнай ступені адбываюцца тыя ж самыя працэсы, што і ў мове газеты, - працэсы “штампастварэння”. Аднак экспрэсія ў мове радыё ствараецца ў меншай ступені родкамі лексіка-сінтаксічнымі і ў большай – інтанацыйнымі. Вось што кажа пра інтанацыйнае уздзеянне вядомы лінгвіст А.М.Пяшкоўскі: “Варта толькі прыгадаць колькасць клічнікавых выразаў у нашым штодзённым жыцці, каб прызнаць, што пачуцці нашы мы выражаем не столькі словамі, колькі інтанацыяй”.
Журналісты зацікаўлены ў тым, каб знайсці са слухачом агульную мову“. Гэта праяўляецца не ў прымітыўнай устаноўцы прыстасоўвацца “пад селяніна”, “пад працоўнага”, ці поўнасцю пераходзіць на моўную плынь слухача, а ў патрэбнасці замяняць моўныя сродкі спецыяльнага прызначэння (прафесіяналізмы, тэрміны) – нейтральнымі.
Камернасць абстаноўкі, у якой звычайна ўспрымаецца мова па радыё, вызывае неабходнасць пошуку асобых форм выражэння, асобых сродкаў інтымізацыі, якія прадугледжваюць арыентацыю не на масавую аудыторыю, а на асобнага слухача.
Рэпартаж звычайна разлічаны на пэўны адрэзак часу. Спрактыкаваны рэпарцёр павінен “укласціся” ў 5-8 хвілін. Гэтае патрабаванне звязана, па-першае, са звычайным недахопам эфірнага часу і па-другое, з такім псіхалагічным бар’ерам у слухача, як парог увагі. Справа ў тым, што увага слухача не заўсёды застаецца на адным і тым жа ўзроўні. Найбольш істотная інфармацыя павінна прагучаць у першыя 40 секунд сюжэта. Для большага аб’ёма інфармацыі патрабуецца больш часу, гэта так. Але рэпарцёр павінен абмяжоўваць аб’ём сваёй інфармацыі (у процілеглым выпадку слухач можа стаміцца і ўспрыманне ім тэксту значна знізіцца) і ў той жа час максімальна насычаць яе зместам. Нельга засмечваць свядомасць слухача словамі, якія не нясуць ў дадзеным кантэксце сэнсавай або эмацыянальнай нагрузкі.

Інфарматыўная дакладнасць слова.
Вуснасць мовы радыё, яе прамы зварот да масавага слухача , які ўспрымае маўленне сінхронна з вымаўленнем, патрабуе асаблівых якасцей слова. Калі лексічная ці граматычная памылка з’явіцца на газетнай старонцы, чытач пераадолее яе з адноснай легкасцю, з меншай стратай сэнсу, чым слухач. Вуснае маўленне няспынна разварочваецца ў часавай прасторы, таму яна не дае магчымасці вярнуцца да незразумелага. Кожная недакладнасць вызывае жаданне ўсёж такі зразумець незразумелае, а гэта ў сваю чаргу перашкаджае засвойваць далейшую інфармацыю. У выніку дзейснасць і ўплыў рэпартажу рэзка зніжаецца. Між тым недакладнасці, што адцягваюць ад зместу праграмы, заключаюцца ў розных сферах мовы . вызваны яны рознымі прычынамі. Сярод іх – няўважлівасць прамоўцы да асаблівасцей лексічнай сістэмы беларускай мовы, яе сінтаксічнага ладу, да своеасаблівасці вуснага маўлення.
Нельга у вусным маўленні сказаць: “Дванаццаць крэслаў” пастаўлены на сцэне Рускага драматычнага тэатра.

Праблема псіхалогіі ўспрыняцця гукаў.
У радыёпубліцыстыцы магчымасці гукавога ўздзеяння радзей назіраюцца ў жанрах “чыстай” інфармацыі, часцей – у жанрах “высокай” публіцыстыкі, дзе вельмі моцны эмацыянальны накал, дзе шырока ўжываюцца такія сродкі выразнасці, як асаблівыя сінтаксічныя канструкцыі – фігуры, асаблівая рытмічная арганізацыя мовы і г.д. Акрамя таго, іграе ролю ступень падрыхтаванасці тэксту. Гукапіс часцей можна сустрэць ў тэкстах літаратурна апрацаваных і радзей – у імправізаваных. Гаворачы пра рэпартаж, мы ўжо адзначылі, што гэты жанр таксама можа вар’іравацца стылістычна ад скупога паведамлення пра з’езд дэпутатаў да апісання выдатнай выставы знакамітага мастака. У апошнім выпадку гукапіс прыйдзецца да зместу. Аднак і тут ўсё залежыць ад індывідуальнасці.
Адны журналісты з-за сваіх уласных схільнасцей і ўяўленняў аб эстэтыцы мовы твора аддаюць перавагу надзвычай простай, невыкшталцаванай, нічым не ўпрыгожанай, набліжанай да побытавай мове.
Іншыя, дзякуючы сваўму характару, тэмпераменту, мастацкаму бачанню света, эстэтычнаму густу больш схіляюцца да другой манеры: тут мова нагадвае чароўны будынак, дзе кожны элемент неабходны і значны, дзе часткі кампазіцыйна абумоўлены і падпарадкаваны агульнаму. Гэта вынік стараннай прадуманасці і мэтазгоднай арганізаванасці выкладу.
Існуе паняцце: мілагучнасць мовы. Няма ў свеце мовы, якая б была немілагучнай. Мілагучнасць ствараецца ў выніку гукавой пабудовы выказвання. Так, вядома, што немілагучным становіцца збег шыпячых гукаў. Гук у звычайна асацыіруецца з жахам, пагрозай, небяспекай. Гук л успрымаецца як нешта пяшчотнае, круглае, мяккае; а – адкрыты, радасны. Нібы залітая сонцам крынічка, пераліваюцца словы М.Багдановіча: Лілею млявы плёс люляе...

Вобразнасць і эмацыянальнасць у мове рэпартажу.
Радыё называюць “вялікім сляпым” за няздольнасць аднаўляць візуальныя карціны рэчаіснасці, за абмежаванасць сферы яго ўздзеяння выключна на слых. Даследчыкі мяркуюць, што зрок – біялагічна старэйшы за слых і мае перавагу перад іншымі сродкамі выражэння. Аднак практыкі радыё і слухачы перакананы ў тым што радыё – гэта “слепата чалавека, які прыкрыў павейкі, каб ясна бачыць поглядам уяўлення”.
Радыёжурналісты, якія часта маюць у сваім распараджэнні толькі адзін сродак уздзеяння – слова, добра ўсведамляюць, што іх задача – не ў скаргах наконт непаўнаты магчымасцей радыёвяшчання, а ў пошуках сродкаў выражэння, што дапамогуць ім папоўніць недахоп і – больш таго – ператварыць недахоп у вартасць. Недахоп заключаецца ў тым, што візуальнасць абмяжоўвае выяўленчыя магчымасці мастацтва. Ў прыватнасці, тэлебачанне ўплывае на зніжэнне інтэлектуальнай актыўнасці, фантазія пачынае працаваць не так шырока. А з цягам часу і думка чалавека пачынае ленавацца. Бадай, вышэйшая адзнака магчымасцей радыё у тым, як самі слухачы ахарактызавалі яго: “За апошнія гады радыё нават па зрокавасці перадач здолела перасягнуць блакітны экран”.
У рэпартажы пры апісанні абстаноўкі ці характару прымае удзел вялікая сіла ўздзеяння. Яна кроецца ў вобразнай сістэме мыслення, дапамагае вызываць найярчэйшыя асацыяцыі, дапамагае адчуць жыццё ў яго духоўным і матэрыльнай разнастайнасці, робіць абстактнае рэальна вонкавым. [10]
Часта рэпарцёру ў адным сюжэце даводзіцца гаварыць пра мноства фактаў і з’яў. Усе іх патрэбна бачыць, ва ўсіх прымаць удзел. Тут на дапамогу прыходзіць уяўленне, ці вобразы прадметаў, з’яў, якія былі успрыняты чалавекам раней. Малюнкавасць уяўленняў патрабуе развітай фантазіі.
Здараецца выкладаць факты такога эмацыянальнага напруджання, што увогуле становіцца непатрэбна выкарыстанне дадатковых вобразных сродкаў.
Як дасягнуць лаканічнасці і той жа час вобразнасці мовы? Гаварыць свабодна, цікава, па-дзелавому – гэта дар. Яго маюць не ўсе. Значыць, трэба выпрацоўваць у сабе такую здольнасць. Адзін са спосабаў: напісаць тэкст, потым расказаць яго сваімі словамі, не падглядаючы ў запіс. Так можна дасягнуць ёмістасці літаратурнага тэксту. Заўважаць свае слабыя месцы (няўменне дакладна задаць пытанне, зацягнутасць апісання і г.д.) і працаваць над іх устараненнем. Другі спосаб: запісаць на стужку радыёрэпартаж з эфіру і ўважліва вывучыць яго з пункту гледжання структуры, пастаноўкі пытанняў, сінтаксічнага афармлення сказаў. Заўважыўшы чужыя памылкі, пастарацца пазбавіцца ад іх у сваім трэніровачным пераказе гэтага матэрыялу перад мікрафонам. [13]

Важна ўявіць сабе розніцу ў патрабаваннях да дзюх катэгорый тых, хто удзельнічае ў рэпартажы. Перашая – гэта сам рэпарцёр. Яго маўленне павінна быць прыкладам высокай моўнай культуры. Другая катэгорыя – тыя, хто запрашаецца да мікрафону. Гэтая катэгорыя таксама неаднародная. З аднаго боку, гэта прадстаўнікі інтэлігенцыі: навукоўцы, літаратары, творчая багема, выкладчыкі, каментатары з розных галін грамадскага і палітычнага жыцця. Да іх маўлення выстаўляюцца такія ж патрабаванні, як і да маўлення работнікаў радыё. Калі ля мікрафону выступае эканаміст, гісторык, сацыёлаг і дапушчае пры гэтым арфаэпічныя ці дыялектныя адхіленні ад літаратурнай мовы, то такія нормавыя парушэнні звяртаюць увагу слухача больш, чым змест іх прамовы. Для культурнага чалавека адыход ад моўных і маўленчых патрабаванняў недапушчальны.
І ўсё ж, якія б высокія патрабаванні ні стаялі перад журналістамі радыё, у эфіры даволі часта можна назіраць арфаэпічныя парушэнні нормы. Палітарнае ненатуральнае вымаўленне часам гучыць у мове радыё ў спалучэннях прыназоўніка у са словамі, якія пачынаюцца зз галосных а, о, э, у.: уармію (у армію), уоршу (у Оршу), ууфу ( у Уфу). Больш натуральным, што і павінна быць прызнана нормай, з’яўляецца вымаўленне такіх спалучэнняў з в: увармію, уворшу, ваўфу. Сярод найбольш яастых парушэнняў арфаэпічнай нормы варта назваць адсутнасць ёта. Найбольшая колькасць памылак прападае на вамаўленне гукаў на стыку слоў. Напрыклад, зімі, з іх, з іншымі чста гучыць як зымі, зых, зыншымі. Нярэдкія выпадкі, калі чуецца зусім злітнае вымаўленне: зімі, зіх, зіншымі. Але калі ўважліва прыслухацца да жывой народнай гаворкі, то пачуеш: зьіх, зьімі, зьімншымі. Гэта падрымана і фанетычнай нормай. З выразным ётам трэба вымаўляць і такія словаформы, як партыі, станцыі, Грэцыі. На жаль, у большасці выпадкаў ётавы элемент “з’ядаецца” асабліва часта ў канцы фразы. У вельмі доўгіх сказах у рэпарцёраў не хапае сіл на ёт пры выдыху апошняга слова сінтагмы.
Большасць беларускіх журналістаў, якія ў штодзённым жыцці карыстаюцца пераважна рускай мовай, прагаворваюць спалучэнні шыпячых і свісцячых палітарна, паводле напісанага: цікавішся, сшытак. Падобнае маўленне сустракаецца як дыялектная рыса ў некаторых паўднёва-заходніх гаворках. Палітарнае вымаўленне, відавочна, выклікана ўплывам рускай мовы. Як вядома, у рускай мове вымаўленне cьмеёсься, дразьнісья лічыцца простамоўным . Для беларускай мовы, аснову якой складае жывая народная гаворка, такое вымаўленне натуральнае. [12]
Інакш абстіць справа з маўленнем у эфіры людзей, якія не належаць да інтэлігенцыі. Тут дыяпазон магчымых адхіленняў ад нормы можа вагацца больш істотна, і гэта мае сваё абгрунтаванне. Некаторыя выступленні, здавалася б, досыць шарахаватыя, няўклюдныя, могуць быць вельмі цікавымі па фактах, па думках, па шчырасці гаворачага. І было б недаравальна імкнуцца прывесці іх да нормы. Напрыклад, у рэпартажы пра вясковае жыццё гучаць словы бабулькі: Да мяне часта сын прыязджаіць. Інагда з сельсавета пазвонюць: можа, помашч якая трэба. (Бел. радыё, праграма “Сельская раніца”) Гэтыя дыялектычныя словы не павінны рэзаць слых, а наадварот, прыцягваць увагу сваёй шчырасцю, непасрэднасцю, самабытным каларытам.
Вельмі розныя людзі ў вельмі розных па форме выступленнях нясуць нам каштоўныя факты свайго жыцця, кавалачак сваёй душы. І задача рэпарцёра – дапамагчы данесці ўсё гэта да слухача.
Л.Ц.Выгонная, улічваючы вопыт даследаванняў па бларускай інтанацыі, фармулюе шэраг патрабаванняў да літаратурна правільнага маўлення:
* павольны тэмп маўлення;
* максімальная захаванасць усіх галосных ненаціскных складоў і ў сувязі з гэтым іх
выразная якасць;
* пабочны націсск у шматскладовых словах;
* арыентацыя інтанацыі фразы на акцэнтна выдзеленае слова;
* спакойны тон маўлення без вялікіх рухаў частаты асноўнага тону, без тых “скокаў”
на некалькі тонавых ступеней, якія назіраюцца ў рускім маўленні;
* акрэслены канец фразы;
* вялікая роля працяглых гукаў пры перадачы акцэнтна вылучаных слоў і
эмацыянальнасці маўлення. [5]
Журналіст звяртаецца не толькі да розуму слухача, але і да яго пачуццяў. Ёсць розныя сродкі ўзмацнення экспрэсіўна-эмацыянальнага боку мовы (метафары, параўнанні і інш.). Няшчырае, вялае, трафарэтнае слова расхалоджвае людзей. Нельга, каб журналісты падыходзілі да чалавечага лёсу з гатовымі меркамі, абыякава ці так “распісвалі” чалавека, каб ён сам сябе не мог пазнаць. Стыль рэпартажу залежыць ад таго, што павінен адбыцца паварот да чалавека, да глыбокага ўсебаковага вывучэння жыцця.
Калі журналіст неахайна ставіцца да сваёго матэрыялу, то непазбежнымі будуць штампы, недакладнасць словаўжывання, несуразнасць зместу. Тады ашукваеш і сябе, і мільёны слухачоў. Наконт гэтага бытуе прыклад: Даярка, стомленая, але шчаслівая, вярталася дадому. У небе свяцілі зоркі, і яна з радасцю думала аб тым, што праз некалькі гадзін зноў будзе ісці па гэтай жа дарозе назад на ферму... Ці варта так бессаромна “рамантызаваць” цяжкае працоўнае жыццё на вёсцы? [2]

ЗАКЛЮЧЭННЕ
Рэпартаж складаецца з разнародных стылістычных кампанентаў. Пазамоўныя (экстралінгвістычныя) фактары патрабуюць удзелу ў рэпартажы розных маўленчых стылей, розных форм падачы матэрыялу, розных відаў маўлення. Гэта тлумачыцца разнастайнымі мэтамі жанра (авятленне, апісанне, інфармацыя, каментарый і г.д.). усе гэтыя фактары і ствараюць шматграную ў стылістчных адносінах слоўную тканіну рэпартажу.
Але было б памылкова лічыць, што рэпартаж, як мазаіка, складаецца з розных дрэнна звязаных паміж сабой кускоў тэксту. Розныя ў стылістычных адносінах часткі рэпартажу ўнутрана цесна сплятаюцца дзякуючы я рэпарцёра. Аўтарская мадальнасць пранізвае ўсе часткі рэпартажу, аб’ядноўвае знешне рознародны тэкст унутраны адзінствам. Рэпартаж са стылістычнага пункту гледжання – гэта разнастайнасць, адрозненне ў адзінстве. Аўтарскае я рэпарцёра - гэта і кампазіцыйны, і стылістычны, і сюжэтны цэнтр рэпартажу. Знешняя стракатасць пры ўнутранай цэласнасці праяўляецца таксама пры аналізе лексікі і фразеалогіі твора.
У рэпартажы асутнічае характэрнае ядро найбольш ужывальнай лексікі і фразеалогіі. Яны не ўяўляюць сабой однароднай з’явы. У лексіку, як і ў многія літаратурныя жанры, уваходзіць пераважна нейтральны яе пласт. Гэта слоўная аснова жанра. І яна функцыянальна звязана з камунікатыўнай задачай рэпартажу: аповяд пра падзею, перадача інфармацыі. Нейтральныя словы і выразы – гэта лексічны фон, лексічная аснова жанра. Тым не менш, гэта лексічны пласт не стварае пэўных асаблівасцей, характэрных прыкмет. Апошнія ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні нейтральнай лексікі з іншымі стылістычна афарбаванымі пластамі. Разнастайныя спосабы спалучэння такіх пластоў ствараюць унутраныя жанравыя адрозненні.
Для рэпартажу характэрна перш за ўсё узаемадзеянне нейтральнай лексікі з размоўнай, часам моцна афарбаванай эмацыянальна. Размоўная лексіка - неад’емны атрыбут кожнага рэпартажу. Насычанасць размоўнымі словамі залежыць ад тэматыкі твора, індывідуальнай манеры журналіста.
Функцыя размоўнай лексікі розныя. Галоўная звязана з формамі аўтарскага я, выражэннем эмоцый рэпарцёра. Размоўныя словы і выразы падкрэсліваць элемент асабістага, аўтарскага ў сюжэце. І ўсё ж размоўная лексіка існуе не толькі для ажыўлення аповяду. “Размоўнасць” генетычна ўласціва рэпартажу, матывавана стылем жанра. Размоўная лексіка актыўна ўзельнічае ў стварэнні атмасферы. І ваганні тут даволі шырокія: ад стрыманага, афіцыйнага, строгага рэпартажу (дзе размоўныя словы ужываюцца мінімальна) да рэпартажаў нарысавага характару з багаццем размоўных адзінак, з высокай ступенню самавыражэння журналіста.
Размоўны стыль ўяўляе сабой каштоўнасць яшчэ з аднаго пункту гледжання. Размоўнае выступленне рэдка калі бывае зусім бясстрасным. Звычайна яно нясе ў сабе значны зарад эмацыянальнай энергіі – і не толькі ў сваёй інтанацыйнай афарбоўцы, але і ў рэпарцёрскім тэксце, з якім яно непарыўна звязана. Эмоцыі і энергетыка настрою спрыяюць большай эфектыўнасці рэпартажу.
Спецыяльная лексіка іграе дэфінітыўную і намінатыўную ролю. Тэрміны звычайна выкарыстоўваюцца ў прамым значэнні, не адбываецца іх пераасэнсаванне. Выкарыстанне спецыяльнай лексікі ў рэпартажы таксама мае межы. Крытэрыем адбору выступаюць такія патрабаванні да мовы рэпартажу, як папулярнасць, даступнасць, прастата. Вузкаспецыяльныя тэрміны амаль не сустракаюцца. Стылістычная функцыя спецыяльнай лексікі: яна стварае відавочнасць, дакладнасць, каларыт (у навуковых рэпартажах). Выкарыстанне спецыяльнай лексікі - звычайная справа для дзеючых асоб рэпартажу.
Практыка сведчыць, што рэпартаж – сінтэтычны жанр, які ўвабраў у сябе стылёвыя рысы іншых жанраў, але ўтрымлівае іх не хаатычна, а ў адпаведнасці са сваёй прыродай і патрабаваннямі.
Такім чынам, хаця рэпартаж і адносіцца да інфармацыйных жанраў, ён прадстаўляе вялікія магчымасці для праяўлення індывідуальнай манеры журналіста. Шырокія жанрава-стылістычныя магчымасці не дазваляюць выкарыстоўваць у рэпартажы штампы і канцылярскія выразы. Аказваецца, рэпартаж можа быць створаны зусім не “рэпартажнай” мовай.
Беларускія журналісты, што працуюць на дзяржаўным радыё, на жаль, выкарыстоўваюць не ўвесь арсенал стылествараючых сродкаў рэпартажу. Часцей за ўсё нам даводзіцца слухаць аператыўныя, або афіцыйныя рэпартажы.
З пункту гледжання эстэтычных норм рэпартажу проціпаказаны сухасць, нейтральнась выкладу. Гэта адзін з самых экспрэсіўных жанраў радыёжурналістыкі. Ён патрабуе яркага выражэння аўтарскіх ацэнак, сімпатый і антыпатый.