Этногенез белорусов (белорусский язык)
«Этнагенез беларуса?»
Змест рэферата:
Уступ
«Па слядах беларуса?»
Заключэнне
Лiтаратура
Уступ
Ужо болей, як чвэрць стагоддзя таму ў навуковай літаратуры адбылася значная дыскусiя паміж даследчыкамі розных навук (археолагі В.В. Сядоў, П.М. Траццякоў, В.Ф. Салаўёва, мовазнаўца В.А. Жучкевіч, этнограф М.Я. Грынблат) па пытанню паходжання беларусаў як народнасці. В.В. Сядоў прапанаваў канцэпцыю фарміравання беларусаў як этнасу ў выніку асіміляцыі прышэльцамі-славянамі старажытнага балцкага насельніцтва, якое пражывала на сучаснай тэрыторыі Беларусі. Гэты працэс прывёў да з'яўлення асаблівасцей, што адрозніваюць наш народ ад іншых славянскіх народаў. Астатнія навукоўцы крытыкавалі некаторыя палажэнні канцэпцыі, але, як было падкрэслена пасля завяршэння дыскусіі, "по существу все выступавшие в дискуссии признают участие балтского компонента в формировании белорусской этнической общности" (От редакции, 1969, с. 121). Такім чынам, канцэпцыя В.В. Сядова атрымала прызнанне сярод навукоўцаў. Але спробы развіць і ўдакладніць яе палажэнні на канферэнцыі "Этнагенез беларусаў" (1973 г.) (Этногенез белорусов, 1973) не была ажыццеўлена. Комплекснае вывучэнне гэтай жыццёва важнай праблемы было прыпынена. Толькі ў апошні час, пасля стварэння дзяржавы на Беларусі яна апынулася ў цэнтры інтарэсаў даследчыкаў розных навук (Усебеларуская канферэнцыя..., 1993).
Аднак такі значны час забарон прывёў да значных недахопаў у вырашэнні гэтага пытання. Перш за ўсё, сказваецца адсутнасць комплекснага падыходу з улікам дадзеных усіх навук. Так несумненна, што развіццё і паглыбленне (у значнай ступені і далейшая праверка) канцэпцыі патрабуе ўдакладніць шлях складання насельніцтва Беларусі ў розных гістарычна-этнаграфічных рэгіёнах (Титов, 1983) з улікам арэалаў розных дыялектаў і груп гаворак (Лінгвістычная геаграфія..., 1969), а таксама дадзеных археалогіі.
Зараз толькі ў этнаграфіі існуе канцэпцыя паходжання беларусаў (Піліпенка, 1993). Але след адзначыць, што цэнтр іх фарміравання як этнасу не звязаны з адным з рэгіёнаў Беларусі і нават дакладна не адпавядае групоўцы дыялектаў (Титов, 1983, с. 115).
У археалогіі асноўнай праблемай лічылася толькі пытанне ўдакладнення часу з'яўлення першых славян на Беларусі (Левко, 1990; Митрофанов, 1978, с. 125; Поболь, 1983; Штыхаў, 1992, с. 33–36). Такое перабольшванне значэння толькі аднаго пытання дае магчымасць не займацца абагульненнямі вялікага археалагічнага матэрыяла. Прасцей выдвігаць неабгрунтаваныя матэрыялам думкі (нават і не гiпотэзы, таму што аргументаў на карысць той ці іншай думкі нават не прыводзіцца) у якасці т.зв. "прыярытэтных". Яны маюць толькі адзіны "прыярытэт" – знайсці славян на Беларусі ў як мага старажытнейшыя часы. Таму матэрыяльная культура не аналізуецца ў комплексе і, як правіла, без разгляду шырокага кола аналогій. Усё гэта стварае выдатную глебу для розных "навуковых" спекуляцый.
Калі ж мець на ўвазе вынік этнічных працэсаў на Беларусі (кантакты паміж дзвума этнасамі – славянамі і балтамі, асіміляцыя славянамі балтаў як перадумова фарміравання беларусаў), то трэба вызначыць час, калі славяне асвойваюць большую частку арэала, дзе ў далейшым фарміруецца беларускі народ. След улічваць тую акалічнасць, што дадзеныя археалогіі не даюць магчымасці дакладна вызначыць этнас многіх культур. На сённяшні момант, першай бесспрэчна славянскай культурай можна лічыць толькі пражскую (5 – 7 стст. н.э.) на паўднёвым захадзе Беларусі. Але помнікі вельбарскай культуры, якія знаходзіліся тут, у Заходнім Палессі ў больш ранні час (2 – 4/5 стст.), належаць да готаў (усходніх германцаў). І толькі нашчадкі пражскай культуры (носьбіты культуры тыпу Лукі-Райкавецкай) пранікаюць у 9 ст. на поўнач Беларусі.
Невырашанай для археалогіі Беларусі застаецца і праблема хіатусу паміж старажытнасцямі 5 – 8 стст. і Старажытнай Русі. Не распрацаваны яшчэ і пытанні фарміравання ўсіх славянскіх плямёнаў на Беларусі.
Недастаткова даследуюцца пытанні паходжання беларусаў і ў мовазнаўстве (Вячорка, 1983, с. 8–10; Клiмчук, 1983, с. 25 – 26). Справа ў тым, што балтыйскі моўны арэал падзяляецца на шэраг моў асобных плямён (Мажюлис, 1974) i арэальныя асаблівасці (гідранімія, фанетыка) у балтыстыцы распрацаваны дастаткова грунтоўна. І таму трэба ўлічваць існаванне трох раёнаў на Беларусі, якія адрозніваюцца па гідронімах (т.ч. па мовах балцкага насельніцтва).
Таму ? наступным артыкуле будзе зроблена спроба пры супастаўленні даддзеных археалогіі, мовазнаўства і этнаграфіі вызначыць перадумовы фарміравання беларусаў і на прыкладзе больш даследаванных рэгіёнаў праслядзіць працэс змен у культуры.
«Па слядах беларуса?»
Несумненна, больш старажытным сведчаннем аб балцкім субстраце на Беларусі з'яўляюцца звесткі гідраніміі. Як ужо адзначалася, на Беларусі выдзелены тры раёны. В.В. Сядоў супастаўляў іх з археалагічнымі культурамі ранняга жалезнага веку (I тыс. да н.э. – 5 ст. н.э.) (Седов, 1970, с. 24).
Першы, паўночны раён, які характаразуецца назвамі з канчаткамі -ея, займае паўночную (на поўнач ад р. Заходняя Дзвіна) i паўночна-усходнюю (Верхняе Падняпроўе з бассейнам р. Сож) часткі Беларусі, а таксама працягваецца на захад, у Латгалію і на ўсход, у Смаленскае Падняпроўе з суседнімі раёнамі Волга-Окскага міжрэчча (Седов, 1963, с. 28). Несумненна сувязь гэтага раёну з латгальскай мовай у гідраніміі (Топоров, 1990, с. 372). Сувязь прасляежана нават у сінтаксісу сказаў (у басейне Заходняй Дзвіны) (Прохорова, 1991, с. 31). Поўнага супадзення арэалу з этнаграфічнымі регёнамі ці дыялектамі беларускай мовы цяжка чакаць. Трэба мець на ўвазе і магчымасць некаторага змянення межаў у часе культурнага развіцця. У такім выпадку з гэтым арэалам можна суаднесці рэгіёны Паазёр'я і Падняпроўя і паўночна-усходні дыялект. Па дадзеных археалогіі з гэтым арэалам суадносіцца днепра-дзвінская культура.
Другі, цэнтральны раён, які характаразуецца гідронімамі з канчаткамі -ія (Седов, 1963, с. 28) займае сярэднюю частку паўночна-заходняй Беларусі. Такія гідронімы сустаракаюцца ў Літве, акрамя яе паўночна-усходняй часткі (селоны) (Ванагас, 1981, с. 92) і іх можна аднесці да літоўцаў. З дыялектамі беларускай мовы гэты раён не супадае. Ён месціцца на частках арэалаў двух дыялектаў і сярэднебеларускіх гаворак. Няма дакладнага супадзення з этнаграфічнымі рэгіёнамі (ахоплівае Цэнтральны, часткі Панямоння, Паазёр'я і Усходняга Палесся). Па дадзеных археалогіі гэтаму раёну дакладна адпавядае арэал культуры штрыхаванай керамікі на Беларусі.
Для другога раёну гідраніміі след адзначыць наяўнасць змешаннай паласы з паўночным раёнам і складаная сітуацыя (накладанне арэалаў) з трэцім раёнам. Змешанная паласа гідронімаў на поўначы раёна суадносіцца з абшарамі, на помніках якіх вызначаны элементы абедзвюх культур (днепра-двінскай і штрыхаванай керамікі).
Апошні, трэці раён, які характаразуецца гідронімамі з -да (Седов, 1963, с. 29) і -ва (Непокупный, 1981, с. 109), ахоплівае Панямонне (без р. Віліі). Яго звязваюць з яцвягамі. Гэты раён працягваецца на тэрыторыю Літвы і ахоплівае яе паўднёвую частку, дзе месцяцца паўднёва-аўштайскія, ці дзукскія говары. Яны па фанетычных асаблівасцях адносяцца да яцвягаў, як і востраўныя літоўскія говары на Беларусі (Дзятлава). Такія ж асаблівасці маюць балтызмы ва ўсім гэтым раёне (Вячорка, 1983; Непокупный, 1976). Гэты гідранімічны раён супадае з паўночна-заходняй падгрупай гаворак паўднёва-заходняга дыялекту і знаходзіцца ў межах аднага рэгіёна Панямоння. Гэта вобласць супадае з арэалам культуры каменных курганаў 5 – 12 стст. н.э., носьбіты якой былі яцвягамі.
Па дадзеных мовазнаўства можна датаваць час існавання гэтых раёнаў. Так, балцкі масіў гідраніміі вельмі архаічны і падобны ва ўсім вялікім арэале. Падзел прабалтыйская мовы пачаўся прыблізна каля 5 ст. да н.э., калі аддзяляецца заходнебалцкі дыялект, з якога пазней выйшлі прускі, яцвяжскі і куршскі, а таксама блізкародныя да іх земгальскі і селонскі (Мажюлис, 1981, с. 103), таму i трэці раён можна датаваць часам не раней 5 ст. да н.э. Прыкладна ў гэты час фарміруецца культура заходнебалтыйскіх курганоў, носьбіты якіх пачынаюць пранікаць у заходнюю частку арэала кульутры штрыхаванй керамікі. Аднак у другой палове I тыс. да н.э. – пачатку I тыс. н.э. уплыў заходніх балтаў на ўсход быў слабы. Але ў гэтай частцы Беларускага Панямоння знаходзіцца перыферыя культуры штрыхаванай керамікі (слабазаселеныя абшары). І таму на частцы Панямоння адбылося суіснаванне дзвюх моў (археалагічных культур) і, як вынік, накладанне дзвух гідранімічных раёнаў.
Падзел усходнебалцкай мовы пачаўся на рубяжы н.э. і канчаткова завяршыўся толькі ў 5 – 7 стст. н.э. (Мажюлис, 1974, с. 122). Прычынамі гэтага разыходжання яўляюцца кантакты носьбітаў латышскай (латгальскай) мовы з фіна-вуграмі. Да таго, у 5 – 7 стст. н.э. пачалася іх міграцыя на тэрыторыю фінаў на поўнач ад р. Заходняй Дзвіны (Даугавы) (Мажюлис, 1974, с. 123 – 124). Як адзначалася вышэй, у 5 ст. н.э. у Панямонні з'яўляеца культура каменных курганоў (яцвягі). Каменныя курганы ў Беларускім Панямонні існуюць да 13 ст., а пазней на правабярэжжы іх змяняюць каменныя магілы 12 – 16 стст. (Зверуго, 1989, с. 30 – 42). У 5 ст. н.э. у астатняй частцы Панямоння (басейн р. Віліі) знаходзяцца помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, якія існуюць тут да 12 ст. Гэты абшар адпавядае летапіснай зямле Нальшаны.
Такім чынам, існаванне раёнаў балцкай гідраніміі на Беларусі можна лічыць несумненным на працягу ранняга жалезнага веку, амаль да 5 – 7 стст. н.э. І ў гэтыя часы закладываюцца высновы для фарміравання гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. І з гэтага часу можна сцвярджаць аб вытоках асаблівасцей Панямоння, якое тады складаецца з дзвюх культурных абласцей (яцвягі і Нальшаны).
Можна гаварыць і аб пачатку складання рэгіёна Заходняга Палесся, якой, у асноўным, супадае з палескай групай гаворак і арэалам пражскай культуры 5 – 7 стст. н.э. на Беларусі (Белорусская археология, 1987, с. 75 – 77). Да гэтага часу, уключаючы і 8 – 9 стст. н.э., адносяць і з'яўленне ранніх славізмаў у балцкіх мовах (Топоров, 1991, с. 9). Але немагчыма адносіць Заходняе Палессе да прарадзімы славян. Справа ў тым, што раней тут пражывалі плямёны вельбарскай культуры, якія належалі да готаў (усходнегерманскія плямёны).
Складаней справа для астатняй частцы Беларусі. Справа ў тым, што абедзве асноўныя археалагічныя культуры (днепра-дзвінская і штрыхаванай керамікі) знікаюць у 5 ст. н.э. У гэты час на тэрыторыі паўночнай, цэнтральнай і ўсходняй Беларусі (І – ІІІ регіёны) распаўсюджваюцца помнікі банцараўскай, тушамлянскай і калочынскай культур, а таксама носьбіты культуры пскоўскіх доўгіх курганоў (атокінскі варыянт) (Штыхаў, 1992). Помнікі первых трох культур раней аб'ядноўвалі ў адзіную культурную еднасць тыпа Банцараўшчыны-Тушамлі-Калочына. Але ў апошні час стала відавочна, што яны яўляюцца рознымі культурамі і адрозніваюцца па асаблівасцях узнікнення (розны час і розныя культуры, на выснове якіх яны складаюцца), па рысах матэрыяльнай культуры (асаблівасці пахавальнага абрада, керамічны комплекс). Пра банцараўскую і тушамлянскую культуры можна сцвярджаць, што яны ўзніклі на аснове папярэдніх культур (банцараўская як вынік развіцця культуры штрыхаванай керамікі ў 5 ст. н.э., тушамлянская – з старажытнасцей днепра-дзвінскай культуры Смаленшчыны ў 3 - 4 стст. н.э.(Шмидт, 1996)). Калочынская культура ўзнікае на выснове развіцця насельніцтва кіеўскай культуры ў 5 ст. н.э.
Атокінскі варыянт з'яўляецца часткай вялікага арэалу культуры пскоўскіх доўгіх курганоў. Прыход новага насельніцтва адзначаны толькі для тэрыторыі апошняй культуры (паўночная Віцебшчына).
На гэты час матэрыялы даследаванняў не дазваляюць дакладна вызначыцць межы гэтых чатырох культур. Таму цяжка рабіць супастаўленні з межамі рэгіёнаў і дыялектаў (гаворак). Так, не выключана верагоднасць супадзення арэалу калочынскай кульутры з мозырскай групай гаворак. Але ўдакладняецца паўночная мяжа распаўсюджання помнікаў гэтай культуры (магчыма, яны сустракаюцца і далей на поўнач). Арэал банцараўскай культуры ахоплівае Цэнтральны рэгіён і паўднёвую частку Паазер'я.
Вельмі цікавая сітуацыя назіраецца ў паўночна-усходняй Беларусі, дзе па дадзеных лінгвістыкі бачна налажэнне паўночнай і віцебска-магілёўскай груповак говараў паўночна-усходняга дыялекту. Такая сітуацыя адбываецца і ў гісторыі насельніцтва (змене археалагічных культур). Так, паўночная частка мяжы віцебска-магілёўскай групоўкі адпавядае мяжы паміж дзвюма лакальнымі групамі днепра-дзвінскай культуры (заходняя і смаленская). Пазней, у 3 ? 5 стст. н.э. менавіта на месцы гэтых груп узнікаюць атокінская (заходняя) і тушэмлянская (усходняя) культуры (Шадыро, 1985, с. 108 – 112; Шмидт, 1991, с. 40). З арэалам тушамлянскай культуры можна суаднесці распаўсюджанне віцебска-магілёўскай групы гаворак. Пазней, у 8 ст. н.э. у паўночню частку арэалу тушэмлянскай культуры прыходзяць з захаду носьбіты культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў. Мясцовае насельніцтва значна скарачаецца (Енуков, 1990, с. 127 – 128; Шмидт, 1991, с. 41). Таму да гэтага часу можна аднесці фарміраванне складанай моўнай сітуацыі (накладанне гаворак) на паўночным усходзе Беларусі.
Але ўсё вышэйсказанае можа быць доказам працэса фармiравання розных субстратных традыцый для этнічнай прасторы Беларусі. Але патрэбна некая надбудова над гэтым прасторам (магчыма, адзіны этнічны слой – суперстрат), якая і аб'яднала гэтыя рознакультуровыя і рознаэтнічныя традыцыі ў напрамку фармавання новай этнічнай еднасці – беларусы.
Дадзеныя аб стварэнні такой дастаткова адзінай этнічнай прасторы можна атрымаць пры аналізе карты дыялектаў і груповак гаворак. Для ўсёй Беларусі характэрна наяўнасць дзвух асноўных дыялектаў (паўднёва-заходні і паўночна-усходні) з пераходнымі сярэднебеларускімі гаворкамі і існаваннем ізаглос, якія аб'ядноўваюць абодва дыялекты. У асноўных рысах гэты падзел супадае з племяннымі арэаламі дрыгавічоў і крывічоў (Клiмчук, 1983, с. 26; Лысенка, 1991, Штыхаў, 1992). Тым больш, што ў цэнтральнай частцы Беларусі і было месца церазпалоснага пражывання абодвух плямёнаў.
Наяўнасць адзіных ізаглос прывяло да таго, што Ф.Д. Клімчук прызнаў існаванне балта-славянскай еднасці на Беларусі ў больш ранні час (6 – 8 стст. н.э. – банцараўская культура) (Клiмчук, 1983, с. 26). Да таго ж гэтая канцэпцыя не дазваляе вызначыць вытокі радзімічаў (у адрозненні астатніх славянскіх плямёнаў яе носьбіты не адбыліся на карце дыялектаў асобнай групай).
Але для гэтага часу нельга гаварыць аб кантактах (ці сувязях) паміж носьбітамі пражскай і банцараўскай культур. Продкамі летапісных дрыгавічоў былі носьбіты кульутры тыпу Лука-Райкавецкая (Лысенко, 1991, с. 95; Седов, 1982, с. 116), якая ўзнікае на выснове культуры Прага-Корчак і на Беларусі займае яе арэал.. Дрыгавічы пачалі асвойваць землі на левабярэжжы Прыпяці не раней 9 – 10 стст. (Лысенка, 1991, с. 96), але большасць помнікаў банцараўскай кульутры знікаюць раней, у 8 ст. н.э. (Митрофанов, 1978, с. 153) і толькі малая іх частка існуе ў пачатку 9 ст. Але у гэты час (9 – 10 стст.) дрыгавіцкія могільнікі ў Падняпроўі займалі толькі былы Рэчыцкі павет і ніжняе цячэнне Беразіны (Лысенко, 1991, с. 94), т.ч. па-за арэалам банцараўскай культуры. Поўнае засяленне дрыгавічамі ўсёй сваёй тэрыторыі можна аднесці да 10 – 11 стст. (Заслаўе) (Лысенка, 1991, с. 124), а ў Верхнім Падняпроўі яны з'яўляюцца ў канцы 10 – пачатку 11 стст. (Лысенко, 1991, с. 99). Такім чынам, распаўсюджанне славян на ўсёй Беларусі (як і пачатак працэсу складання беларускай мовы) нельга адносіць раней за 10 стст. (магчыма, у нейкай меры і да 9 ст.). Але гэта час вельмі складаных падзей ва Ўсходняй Еўропе (складанне дзяржавы Старажытная Русь суправаджалася сур'ёзнымі зменамі ў рассяленні розных плямён і нават ва ўсіх галінах жыцця).
Асаблівасці складання паўночна-усходняга дыялекту мовы, як і наяўнасць адіных ізаглос, што аб'ядноўваюць абодва дыялекты, можна звязваць са складаным працэсам фарміравання крывічоў. Так, у матэрыяльнай кульутры (пахавальны абрад і інвентар) смаленска-полацкіх доўгіх курганоў існуюць дзве традцыі. Помнікі з першай традыцыяй (звязаны з балтамі, верагодна, латгаламі) з'яўляюцца ў 7 – 8 стст. у Полацкім Падзвінні і ў сярэдзіне 8 ст. распаўсюджваюцца ў Смаленскім Падняпроўі. У выніку гэтага на Смаленшчыне знікае тушамлянская кульутра. Пазней, у Днепра- Дзвінскім міжрэччы з'яўяюцца помнікі з другой традыцыяй (славяне). Але толькі ў 9 ст. гэтая традыцыя пераважае у культуры. З сярэдзіны 9 ст. носьбіты кульутры (але ўжо са значным уплывам славян) пачынаюць міграцыю на захад, у Віцебскае Падзвінне. І толькі ў канцы 9 – пачатку 10 стст. у Смаленскім Падняпроўі ў выніку прыходу новай хвалі славян культура доўгіх курганоў знікае. Але на захадзе, у Падзвінні яна існуе да канца 10 – пачатку 11 стст. (яе элементы адзначаны і пазней у старажытнарускіх курганах з трупапалажэннем) (Енуков, 1990, с. 126 – 130). Насельніцтва, якое прынесла асаблівасці другой традыцыі культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў, прыйшло з поўдня (курганы з трупаспаленнямі Гомельска-Магілёўскага Падняпроўя) уздоўж Дняпра ў 9 ст. і несла кераміку, якую можна звязваць з культурамі тыпу раменска-боршаўскай і Лукі-Райкавецкай.
Пры такім складаным шляху фарміравання летапісных крывічоў ёсць магчымасць вызначыць спрэчныя пытанні. Так, з'яўленне ізаглос, якія аб'ядноўваюць абодва дыялекты мовы, можна аднесці толькі да 9 ст. і звязаць з існаваннем культуры Лукі-Райкавецкай на поўдні Беларусі (продкі дрыгавічоў) і пранікненне носьбітаў гэтай культуры на поўнач (другая традыцыя ў культуры смаленка-полацкіх доўгіх курганоў). У такім разе, летапісных крывічоў след лічыць у этнічных адносінах балта-славянамі (да канца 9 ст. у Смаленскім Падняпроўі, да канца 10 ст. у Падзвінні) і адзначыць (асабліва для Падзвіння) павольную асіміляцыю славянамі мясцовага насельніцтва. Да таго ж гэты абшар знаходзіцца на вельмі ажыўленых гандлёвых шляхах (з варагаў і грэкі з Ловаці да Дняпра, так і па Заходняй Дзвіне), таму тут ў складаных этнічных працэсах маглі прымаць удзел і іншыя этнасы (варагі і ноўгарадскія словене (па летапісу "Полоцк – город Словеньск")).
Доказам аб павольным характары асіміляцыі мясцовага, балцкага насельніцтва на поўначы Беларусі можа быць і такая асаблівасць мовы як аканне. Яе высновы былі закладзены ў папярэдні час (Седов, 1970, с. 184 – 185) і захаваліся таму, што этнакультурныя і камунікатарныя сувязі засталіся нязменнымі і з прыходам славян (Чекмонас, 1983, с. 67 – 68). Час гэтага прыходу можна праверыць з дапамогай дадзеных з літоўскай і латгальскіх моў. Справа ў тым, што інтэнсіўныя сувязі паміж усходнебалцкімі і ўсходнеславянскімі мовамі пачаліся ў 9 – 10 стст., а з літоўскай – нават з другой паловы 9 ст.
Такім чынам, пачатак фарміравання дыялектаў пачынаецца і 9 – 10 стст. Відавочна, што значную ролю ў этнічных працэсах мелі і знешнепалітычныя ўмовы. Да таго ж з'яўленне дзяржаўных утварэнняў (Полацкае, Тураўскае і іншыя княствы), якія ўключалі ў свой склад значныя часткі Беларусі з арэаламі будучых дыялектаў, стваралі спрыяльныя ўмовы для этнакультурнага развіцця.
Тут след падкрэсліць асаблівасці развіцця тэрыторыі радзімічаў. У адрозненне ад астатніх славянскіх плямёнаў Беларусі яны займалі адносна невялікую тэрыторыю. У іх матэрыяльнай культуры бачны значны балцкі кампанент. Але развіццё гэтай тэрыторыі не прывяло да фарміравання асобнага этнаграфічнага ці лінгвістычнага абшару. Усё гэта было абумоўлена складанай гісторыяй гэтага рэгіёну (Пасожжа).
Так, у трэцыяй чвэрці І тыс. н.э. тут няма адзінай архелагічнай кульутры: на поўначы – тушамлянская (да 9 ст.) (Енуков, 1990, с. 172) і на поўдні – калочынская (Макушников, 1992, с. 74 – 75). Першыя несумненныя славяне з'яўляюцца тут у 8 – 9 стст., але належаць яны да раменска-боршаўскай культуры (Макушников, 1987, с. 15 – 16). Як і на поўначы Беларусі, гэта не прывяло да рэзкай смены культуры. Абшчынна-племянныя центры, што сфарміраваліся раней, працягваюць існаваць (Макушников, 1992, с. 75). Верагодна, што гэты сімбіёз славян (носьбітаў раменска-боршаўскйа культуры) і мясцовага балцкага насельніцтва меў вынікам фарміраванне радзімічаў. Падпарадкаванне радзімічаў Кіеўскаму княству ў канцы 10 ст. таксама не прывяло да змен, верагодна, таму, што залежнасць абмяжоўвалася толькі данінай Кіеву. Знішчэнне пасяленчай структуры адбылося пазней, у канцы 11 – першай трэці 12 стст., калі пачынаецца інтэнсіўнае "адзяржаўленне" гэтай тэрыторыі. У ніжнім Пасожжы як цэнтр кіравання і хрысціянізацыі ўзнікае Гомель. Тэрыторыя радзімічаў у гэты час падзелена паміж дзвума княствамi (Чарнігаўскім і Смаленскім), а гэта таксама не спрыяла стварэнню энаграфічнай еднасці.
Такім чынам, міграцыя славян на тэрыторыі розных балцкіх плямёнаў на большай частцы Беларусі ў 9 – 10 стст. прывяла да стварэння ўмоў для фарміравання будучага беларускага народа. Тут не след перабольшваць этнічную еднасць вялікай дзяржавы Ўсходняй Еўропы – Старажытнай Русі. І таму пачатак працэса, што прывёў да ўзнікнення беларусаў можна адносіць да 10 ст.
Міграцыя славян на абшары Беларусі не мела мэтай поўнае знішчэнне мясцовага насельніцтва і захоп тэрыторыі. Яна ішла ўздоўж гандлёвых шляхоў і мела мэтай падпарадкаванне мясцовага насельніцтва для далейшай эксплуацыі (на пачатку, гэта абмяжоўвалася зборам даніны). Для кантролю за гандлем і суседнімі тэрыторыямі засноўваліся гарады (цэнтры ўлады, гандлю, рамёстваў, а потым духоўнага жыцця). Асноўнымі шляхамі рассялення новага насельніцтва былі рэкі:
1) Заходняя Дзвіна, далей Дзісна
2) Дняпроўская Бярэзіна – вярхоўе Віліі
3) Свіслач – вярхоўя Нёмана
4) Ясельда – Шчара – Нёман.
І таму асноўныя рэшткі (астраўкі) балцкага насельніцтва сустракаюцца ў міжрэччах і вадападзелах рэк.
У 10 ст. славянамі не была падпарадкавана ўся сучасная тэрыторыя Беларусі. Але ў гэты час з'яўляюцца раннедзяржаўныя ўтварэнні (княствы) і яны працягваюць гэтую справу, выконваючы і тыя ж мэты (кантроль за гандлёвымі шляхамі, падпарадкаванне новых тэрыторый з жыхарамі-даннікамі).
Так сярэдняе Падзвінне было замацавана за Полацкам з дапамогай узвядзенне крэпасцей у Браславе, Маскавічах, Дрысвятах, Рацюнках і асноўны прыток насельніцтва (у асноўным крывічы) меў месца ў 11 – 12 стст.
Такім жа шляхам было занята Верхняе Панямонне. Так, могільнікі дрыгавічоў тут з'явіліся ў канцы 10 – пачатку 11 стст. У гэты ж час пабудаваны ўмацаванні Навагрудка і Ваўкавыска (Зверуго, 1989, с. 67, 99). І пад 983 г. маюцца звесткі аб паходзе Уладзіміра на яцвягаў i падпарадкаванні іх сваёй уладзе. Да 12 ст. адносіцца заснаванне ў Панямонні Гродна, Слоніма і Турыйска (Зверуго, 1989, с. 63, 73, 75). Тое, што ў асваенні Панямоння прымалі ўдзел акрамя дрыгавічоў і драўляне, валыняне і крывічы таксама сведчыць на карысць думкі аб асваенні гэтага рэгіёну пад кіраўніцтвам дзяржавы. К 13 ст. мяжа паміж славянамі і балтамі праходзіла па р. Нёман. Распаўсюджанне беларускай мовы ў паўночнай частцы Панямоння і басейне р. Віліі адбылося ўжо ў часы Вялікага княства Літоўскага (з 13 да канца 18 стст.).
Заключэнне
Такім чынам, можна адзначыць, што падпарадкаванне славянамі мясцовага балцкага насельніцтва значнай часткі Беларусі ў 9 – 10 стст. склала перадумы да фарміравання беларускага народу. Наяўнасць на тэрыторыі Беларусі розных балцкіх плямёнаў і іх асіміляцыя прышэльцамі прывяло да стварэння розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў і розных дыялектаў, груп гаворак у складзе беларускага этнасу. Аднак з гэтага часу на Беларусі ствараюцца першыя дзяржаўныя ўтварэнні (старажытнарускія княствы) і на працэс развіцця этнасу пачынаюць уздзейнічаць таксама і новыя, палітычныя фактары. Пазней, на новым гістарычным этапе (ў часы Вялікага княства Літоўскага) працэс стварэння беларускага ("рускага") этнасу завяршаецца.
Літаратура
Этногенез белорусов, 1973. ТД научной конференции. Мн.
Штыхаў Г.В., 1992. Крывічы. Мн.
Белорусская археология. Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987.
Брейдак А.Б., 1988. Западная граница латгальского и селонского племени по данным языка в ХІІІ – XIV вв. // Балто-славянские исследования. 1986. М. С. 219 – 228.
Вячорка В.Р., 1983. Некоторые ареальные особенности фонетического оформления белорусских балтизмов // Балто-славянские этноязыковые отношения в историческом и ареальном плане. ТД ІІ балто-славянской конференции. М. С. 8 – 10.
Дучыц Л.У., 1991. Браслаўскае Паазер'е ў ІХ–XIV стст. Мн.
Енуков В.В., 1990. Ранние этапы формирования смоленско-полоцких кривичей. М.
Зверуго Я.Г., 1989. Верхнее Понеманье в ІХ – ХІІІ вв. Мн.
Климчук Ф.Д., 1981. К истории распространения белорусских говоров в юго-восточной Литве // Балто-славянские исследования. 1980. М. С. 214 – 221.
Климчук Ф.Д., 1983. К вопросу об утверждении славянского лингвистического элемента на территории нынешней Белоруссии // Балто-славянские этноязыковые отношения в историческом и ареальном плане. ТД ІІ балто-славянской конференции. М. С. 25 – 26.
Левко О.Н., 1990. Пути и характер расселения славян на территории Северо-восточной Белоруссии // VI Международный конгресс славянской археологии. ТД советской делегации. М. С. 38 – 41.
Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. 1969. Мн.
Лысенко П.Ф., 1991 Дреговичи. Мн.
Макушников О.А., 1987. Нижнее Посожье во второй половине І тысячелетия н.э.: Автореф. дисс. .. канд.истор. наук. Киев.
Макушников О.А., 1992. К вопросу о поселенческой структуре второй половины І тыс. н.э. в нижнем Посожье // Насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый у эпоху жалеза. Мн. С. 73 – 76.
Медведев А.М., 1996. Беларуское Понеманье в раннем железном веке (І тысячелетие до н.э. – 5 в.н.э.). Мн.
Митрофанов А.Г., 1978. Железный век Средней Белоруссии (VII – VI вв. до н.э. – VIII в. н.э.). Мн.
Непокупный А.П., 1976. Балтийская и балто-славянская географическая терминология Белоруссии и Украины.
Піліпенка М.Ф., 1993. Фарміраванне пачатковай этнічнай тэрыторыі беларускага народа // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. ТД. Мн. Ч. І. С. 24 – 25.
Поболь Л.Д., 1983. Археологические памятники Белоруссии. Железный век. Мн.
Cедов В.В., 1982. Восточные славяне в VI – XIII вв. М.
Титов В.С., 1983. Иторико-этнографическое районирование материальной культуры белорусов XIX – начала XX вв. Мн.
Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. 1993. Мн,. Ч. І, ІІ.
Шмидт Е.А., 1991. Археологические культуры железного века в верховьях р. Сожа. // Гомельщина: археология, история, памятники. Гомель. С. 39 – 41.
Шмидт Е.А., 1996. Об этнической принадлежности племен тушемлинской культуры IV–VIII вв. н.э. в верховьях Днепра // ГАЗ. № 10. С. 33 ? 37.